МІЖНАРО́ДНЫЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ пастаянныя аб’яднанні міжурадавага і няўрадавага характару, якія ствараюцца на аснове міжнар. пагаднення (статута або інш. ўстаноўчага дакумента) з мэтай садзейнічання вырашэнню міжнар. праблем і развіццю ўсебаковага супрацоўніцтва дзяржаў. Пачалі ўзнікаць у 19 ст., найб. пашырыліся пасля 2-й сусв. вайны. Маюць устаноўчы дакумент, які рэгламентуе структуру, асн. мэты і кірункі дзейнасці, пастаянны або рэгулярны характар дзейнасці. У якасці асн. метаду дзейнасці выкарыстоўваюць шматбаковыя перагаворы і абмеркаванні праблем. Рашэнні прымаюцца шляхам галасавання або кансенсусу. Іх рашэнні, як правіла, маюць сілу рэкамендацый. Адрозніваюць міжнародныя міжурадавыя арганізацыі і міжнародныя няўрадавыя арганізацыі, а таксама сусветныя і рэгіянальныя арг-цыі.

т. 10, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МОГИЛЁВСКИЕ ЕПАРХИА́ЛЬНЫЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,

штотыднёвае выданне Магілёўскай правасл. духоўнай кансісторыі. Выдаваліся ў 1883—1917 у Магілёве на рус. мове. Прызначаліся для Магілёўскай правасл. епархіі. Мелі афіц. і неафіц. аддзелы. У афіц. аддзеле друкаваліся пастановы і распараджэнні ўрада і мясц. улад па царк. справах, рашэнні і справаздачы Сінода, аб’явы і распараджэнні кансісторыі, у неафіц. — матэрыялы царк.-гіст. характару: пра дзейнасць брацтваў, царк.-прыходскіх школ і інш. навуч. устаноў, гіст. нарысы пра некаторыя манастыры, мемуарныя матэрыялы магілёўскіх святароў і інш. Змяшчалі метадычна-дыдактычныя рэкамендацыі правядзення работы з насельніцтвам. У 1991 «М.е.в.» адноўлены.

В.​І.​Грыгор’ева.

т. 10, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАХІ́Л РАКІ́,

адносіны падзення ракі на якім-н. яе ўчастку да яго даўжыні. Выражаецца ў праміле, радзей у працэнтах. Звычайна Н.р. памяншаецца ад вытоку да вусця; гэта заканамернасць парушаецца пад уплывам рэльефу, характару горных парод і грунтоў, у якіх праходзіць рэчышча. Ад Н.р. залежыць скорасць цячэння ракі. Вызначэнне нахілаў праводзяць на характэрных участках па ўзроўнях вады ў перыяд устойлівай межані. Для ўсёй ракі агульны нахіл знаходзяць шляхам усярэднення нахілаў асобных яе ўчасткаў. У горных рэках ён перавышае 10—20‰, у раўнінных каля 1—2‰; на Беларусі ад 3‰ у асобных малых рэчках на Пн да 0,1‰ У р. Прыпяць.

т. 11, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАБХО́ДНАЯ АБАРО́НА ў крымінальным праве,

насільныя дзеянні супраць асобы, якая ўчыняе небяспечны проціпраўны замах на інтарэсы дзяржавы, грамадства або асобу і правы таго, хто абараняецца, ці інш. асобу. З’яўляецца акалічнасцю, якая выключае злачыннасць дзеяння, і паводле арт. 34 КК Рэспублікі Беларусь не цягне за сабой крымін. адказнасці. Права на Н.а. маюць усе асобы незалежна ад іх прафес. або інш. спец. падрыхтоўкі, службовага становішча і незалежна ад магчымасці пазбегнуць замаху якім-н. інш. шляхам. Шкода, якая прычыняецца ў выніку Н.а., павінна адпавядаць характару і ступені небяспекі і акалічнасцям, пры якіх небяспека ўстаранялася.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 11, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НО́ВАЯ ДАРО́ГА»,

штотыднёвая газета, выдавалася ў 1942—44 у Беластоку на бел. мове з дазволу герм. улад. Выдавец — беластоцкае Бел. нац. згуртаванне. Гал. рэдактар Х.​Ільяшэвіч. Публікавала ваен. зводкі, артыкулы на міжнар. тэмы, агляды сац.-эканам. сітуацыі на Беларусі, матэрыялы антырус., антыпольск. і антысеміцкага характару. Змяшчала артыкулы пра падзеі мінулага і гіст. асоб (Міндоўга, Л.​Сапегу, П.​Крачэўскага і інш.), пра стараж. каштоўнасці, успаміны пра Ф.​Аляхновіча і А.​Цвікевіча, звесткі па геаграфіі Беларусі, творы бел. пісьменнікаў, рэцэнзіі, хроніку культ. жыцця, дапаможны вучэбны матэрыял, с.-г. парады. Выйшла больш за 100 нумароў.

С.​У.​Жумар.

т. 11, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАКЛІ́МАКС (ад пара... + клімакс),

адносна ўстойлівае супольніцтва арганізмаў; экасістэма, якая ўзнікае пасля разбурэння клімаксу — апошняй стабільнай сукцэсійнай стадыі развіцця біягеацэнозаў. Разам з інш. супольніцтвамі, што развіваюцца да стану раўнавагі ў дадзеным асяроддзі (эдафічныя клімаксы), П. — найб. характэрная праява адносна найб. устойлівых экасістэм у прыродзе, якія змяняюцца дзейнасцю чалавека (напр., супольніцтва пашы, якое пастаянна падтрымліваецца выпасам жывёлы на месцы зведзенага лесу). Як і клімакс, П. — экасістэма, якая знаходзіцца ў стане раўнавагі і ўзаемазлучэння са знешнім асяроддзем у дадзеных умовах існавання. Ступень устойлівасці антрапагеннага П. залежыць ад частаты і характару ўздзеяння чалавека.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭ́РЫЯ (франц. prairie ад лац. pratum луг),

1) прыродная падзона лесастэпу са значным увільгатненнем ў Паўн. Амерыцы. Працягваецца ўздоўж усх. падножжаў Скалістых гор у ЗША і Канадзе. П. былі пашамі, дзе пасвіліся бізоны; цяпер б.ч. іх пад ворывам (вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, бавоўнік). Пашырана эрозія глеб. Падобныя ландшафты характэрны для тропікаў усх. раёнаў Паўд. Амерыкі і Усх. Азіі.

2) Група фармацый травяністай (высакатраўнай) расліннасці ўнутраных ч. Паўн. Амерыкі (ЗША і Канада) стэпавага або радзей лесастэпавага тыпу з перавагай дзернавінных злакаў (кавыль, танканог, барадач, вейнік, бізонава трава і інш.). Таксама — травяністая расліннасць мезафільнага характару з перавагай двухдольных (разнатраўе).

т. 13, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

бурле́ска

(фр. burlesque, ад іт. burlesco = жартаўлівы)

1) жанр камічнай, парадыйнай паэзіі;

2) музыкальная п’еса жартоўнага, часам грубавата-камічнага або вычварнага, капрызнага характару, звычайна вытрыманая ў хуткім тэмпе.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

парафра́за

(гр. paraphrasis = апісанне, выклад)

1) пераказ сваімі словамі літаратурнага твора, а таксама адаптацыя вялікіх мастацкіх твораў;

2) інструментальная п’еса віртуознага характару на оперныя тэмы або народныя мелодыі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

антыпо́ды

(гр. antipodes = размешчаныя нагамі да ног)

1) насельнікі двух дыяметральна процілеглых пунктаў зямнога шара;

2) людзі з процілеглымі поглядамі, густамі, рысамі характару.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)