Фінансава-крэдытная сістэма Беларусі ўключае: дзярж. бюджэт, які складаецца з рэспубліканскага і мясц. бюджэтаў; банкаўскую сістэму; фінансавыя сродкі пазабюджэтных фондаў, сістэмы сац. страхавання, прадпрыемстваў, устаноў, арг-цый і грамадзян. Паводле Канстытуцыі ў Рэспубліцы Беларусь праводзіцца адзіная бюджэтна-фінансавая, падатковая, грашова-крэдытная, валютная палітыка. Кіраўніцтва адпаведнымі звёнамі фінансава-крэдытнай сістэмы ў Беларусі ажыццяўляюць Мін-ва фінансаў і Нац. банк.
Гісторыя фінансава-крэдытнай сістэмы. Асобныя элементы гэтай сістэмы (дзярж. бюджэт, крэдыт, падатковая сістэма) паступова фарміраваліся на тэр. Беларусі з часоў сярэдневякоўя. З 1492 у ВКЛ існаваў адзіны эмісійны цэнтр дзяржавы — Віленскі манетны двор і пачала складвацца адзіная грашовая сістэма. У 1580 утворана адзіная манетная сістэма Рэчы Паспалітай, у склад якой з 1569 уваходзіла ВКЛ. У ролі крэдытораў, паслугамі якіх карысталіся купцы і інш. прадпрымальнікі, у ВКЛ звычайна выступалі іх больш багатыя кампаньёны, феадалы, ліхвяры. У 2-й пал. 18 ст. ў Рэчы Паспалітай функцыянавалі і банкірскія канторы.
Фінансава-крэдытная сістэма, характэрная для капіталіст. рыначнай эканомікі, на Беларусі пачала складвацца ў 2-й пал. 19 ст. Яна з’яўлялася часткай агульнарасійскай, але мела свае асаблівасці. Тут стрымлівалася развіццё мясц. бюджэтаў, былі абмежаваны дзярж. і мясц. расходы на сац. патрэбы насельніцтва і эканам. мерапрыемствы. Акцыянерныя банкі ігнаравалі мясц. інтарэсы і ажыццяўлялі толькі найб. прыбытковыя для іх крэдытныя аперацыі. Бюджэтная сістэма Беларусі пач. 20 ст. складалася з даходаў і расходаў дзярж. бюджэту Расіі, якія ўлічваліся па губернях, з губернскіх (земскіх), павятовых, гарадскіх і грамадскіх (валасных і сельскіх) бюджэтаў. Асноўнымі даходамі дзярж. бюджэту былі ўскосныя падаткі, пошліны і паступленні ад віннай манаполіі. Даходы мясц. бюджэтаў фарміраваліся пераважна з падаткаў на нерухомую маёмасць, у т. л. на зямлю. На Беларусі даходы дзярж. бюджэту значна перавышалі расходы (на 58% у 1913). Амаль 74% бюджэтных сродкаў ішло на ўтрыманне органаў кіравання і духоўнага ведамства. На непасрэдныя патрэбы насельніцтва выдаткоўваліся нязначныя сумы, расходы на ахову здароўя і сац. забеспячэнне працоўных зусім не прадугледжваліся. Выдаткі на асвету ішлі пераважна на ўтрыманне гімназій і царкоўнапрыходскіх школ. Губернскія (земскія) бюджэты больш як 50% сродкаў накіроўвалі на асвету і ахову здароўя, але магчымасці іх былі нязначныя. Значнае месца ў фінансава-крэдытнай сістэме займала маёмаснае страхаванне, якое ажыццяўлялі агульнарасійскія акц. страхавыя т-вы («Расія», «Саламандра», «Надзея» і інш.) і мясц. гарадскія т-вы ўзаемнага страхавання. Абавязковым было страхаванне сял. забудоў. Крэдытаванне на Беларусі ажыццяўлялі: філіялы агульнарасійскіх і рэгіянальных акцыянерных камерцыйных банкаў (Руска-Азіяцкага, Азоўска-Данскога, Аб’яднанага, Маскоўскага, Віленскага, Беластоцкага, Руска-Французскага); мясц. гарадскія грамадскія банкі і таварыствы ўзаемнага крэдыту, установы дробнага крэдыту кааператыўнага тыпу (больш як 500 тыс. членаў); банкірскія дамы і канторы.
У выніку Кастр. рэвалюцыі 1917 фінансава-крэдытная сістэма Расіі была цалкам адзяржаўлена: нацыяналізаваны прыватныя банкі і акцыянерныя капіталы, банкаўская і страхавая справы абвешчаны дзярж. манаполіяй. Адначасова савецкая дзяржава вызваліла сялян ад выплаты даўгоў за купленую зямлю, увяла дзярж.сац. забеспячэнне, бясплатныя адукацыю і мед. абслугоўванне. Фінансава-крэдытная сістэма БССР была састаўной часткай адзінай сістэмы СССР. Яе дзярж. бюджэт і бюджэт мясц. Саветаў вылучаліся ў самаст. звяно адзінай бюджэтнай сістэмы краіны. З 1923—25 у Мінску пачалі дзейнічаць Бел.рэсп. кантора Дзяржбанка СССР, філіялы саюзных банкаў (Прамысловага, Кааператыўнага) і мясц. крэдытныя ўстановы: Гомельскі рабочы банк, т-вы с.-г. крэдыту, Бел.с.-г. банк, Бел. камунальны банк і інш.Нар. камісарыят фінансаў БССР меў статус саюзна-рэсп. органа. Грашовай адзінкай з’яўляўся рубель СССР, эмісію якога ажыццяўляў Дзярж. банк СССР у Маскве. На ўсіх этапах сав. дзяржава фінансавала развіццё эканомікі, сац. сферы і культуры Беларусі, выкарыстоўваючы магчымасці рэсп. і саюзнага бюджэтаў, крэдытных устаноў. Асабліва вял. дапамогу з саюзнага бюджэту Беларусь атрымала на аднаўленне сваёй гаспадаркі пасля вызвалення ад ням.-фаш. акупацыі: толькі ў 1943—45 больш за 122,7 млн.руб. У 1957 ліквідаваны Гандлёвы банк, у 1959 — Прамбанк, Цэкамбанк і іх філіялы, Белкамунбанк, а іх функцыі размеркаваны паміж Дзяржбанкам СССР (Рэсп. кантора ў Мінску) і нанава арганізаваным Будбанкам, філіялы якога адкрыты ў БССР. У 1958 бел. органы маёмаснага страхавання перададзены Мін-ву фінансаў БССР, арганізавана Гал. ўпраўленне дзярж. страхавання БССР. Заканадаўства 1950 — пач. 1970-х г. значна пашырыла бюджэтныя правы рэспублікі і мясц. Саветаў.
Крызіс адм.-каманднай эканомікі СССР у 1980 — пач. 1990-х г. прывёў да дэзінтэграцыі фінансава-крэдытнай сістэмы краіны. Рэзка ўпала пакупніцкая здольнасць савецкага рубля, які пасля распаду СССР яшчэ нейкі час выконваў функцыю грошай у былых саюзных рэспубліках, у т. л. ў Беларусі, дзе ўжо пачалося фарміраванне ўласнай фінансава-крэдытнай сістэмы.
Дзяржаўны бюджэт. Фарміраваннесамаст.дзярж. бюджэту Рэспублікі Беларусь пачалося ў 1991—92. Сучасны яе бюджэт уключае рэспубліканскі і мясцовыя бюджэты, якія ўтвараюць кансалідаваны бюджэт краіны і складаюць яе бюджэтную сістэму. Бюджэтная сістэма грунтуецца на прынцыпах адзінства, паўнаты, рэальнасці, самастойнасці і публічнасці бюджэтаў, забяспечвае эканам. і сац. развіццё рэспублікі і яе адм.-тэр. адзінак. Даходы бюджэту кожнай адм.-тэр. адзінкі фарміруюцца за кошт падаткаў і інш. абавязковых плацяжоў (гл. табліцу 1) у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
У даходах бюджэту 2003 больш за 30% складалі ўскосныя падаткі (на дабаўленую вартасць і акцызы), 19% — прамыя падаткі (на прыбытак, на даходы, падаходны); каля 18% даходнай часткі бюджэту фарміраваліся за кошт даходаў мэтавых бюджэтных фондаў. Аб’ём фінансавання сац.-культ. устаноў і мерапрыемстваў па сац. абароне насельніцтва ў 2003 складаў больш за 38% усіх расходаў кансалідаванага бюджэту. На галіны эканомікі расходавалася каля 15% бюджэту, а таксама сродкі мэтавых галіновых бюджэтных фондаў; расходы на нац. абарону, дзярж. кіраванне і мясц. самакіраванне — 3%. І ў даходнай, і ў расходнай частках бюджэту значнае месца займаюць мэтавыя бюджэтныя фонды (гл.табл. 2).
Падатковая сістэма, уведзеная ў Рэспубліцы Беларусь у пач. 1992, будавалася з улікам найб. прымальных замежных мадэлей падаткаабкладання. Яе аснову склалі Закон «Аб падатках і зборах, што спаганяюцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь» і спец. акты падатковага заканадаўства, што вызначалі канкрэтныя аб’екты абкладання, парадак выплаты, стаўкі і льготы. Першапачатковая падатковая сістэма ўключала 15 асн. падаткаў. Акрамя таго, юрыдычныя асобы плацілі 8 відаў адлічэнняў у розныя пазабюджэтныя фонды, доля якіх у агульнай падатковай нагрузцы складала больш за 1/3. Пазней падатковая сістэма неаднаразова карэкціравалася, змяняліся яе структура, узровень, памяншаліся ўзровень і запазычанасць плацельшчыкаў перад бюджэтам (гл.табл. 3).
Падаткі і інш. абавязковыя плацяжы ў Рэспубліцы Беларусь у залежнасці ад іх функцый і крыніц аплаты падзяляюцца на 3 буйныя групы:
Падаткі і адлічэнні з выручкі ад рэалізацыі прадукцыі (работ, паслуг): мясц. падаткі і зборы; падатак на дабаўленую вартасць; падатак з продажу аўтамабільнага паліва; адлічэнні ў рэсп. фонд падтрымкі вытворцаў с.-г. прадукцыі і харчавання, падтрымкі аграрнай навукі; падатак з карыстальнікаў аўтадарог у дарожны фонд; мэтавыя зборы ў мясц. мэтавыя бюджэтныя жыллёва-інвестыцыйныя фонды і на фінансаванне расходаў, звязаных з утрыманнем і рамонтам жыллёвага фонду; акцызы.
Падаткі, што ўключаюцца суб’ектамі прадпрымальніцтва ў сабекошт прадукцыі (работ, паслуг) і ўлічваюцца пры падаткаабкладанні: надзвычайны падатак і абавязковыя адлічэнні ў дзярж. фонд садзейнічання занятасці, якія плацяцца адзіным плацяжом з фонду заработнай платы; зямельны падатак; экалагічны падатак; плата за праезд па аўтадарозе Брэст—Мінск — граніца Рас. Федэрацыі; плата за праезд па аўтадарогах агульнага карыстання цяжкавагавых і буйнагабарытных трансп. сродкаў; плата за размяшчэнне адходаў вытворчасці і спажывання ў навакольным асяроддзі; плата за драўніну, якая адпускаецца на корані і інш.
Падаткі з прыбытку: на нерухомасць; на даходы і прыбытак, у т. л.: на прыбытак; на дывідэнды і прыраўнаваныя да іх даходы; на даходы з фізічных асоб; на даходы замежных юрыд. асоб, якія не дзейнічаюць у Рэспубліцы Беларусь праз пастаяннае прадстаўніцтва; на даходы, атрыманыя ў асобных сферах дзейнасці (на ігральны бізнес, на даходы ад латэрэйнай дзейнасці і інш.); падаткі і зборы, якія плацяцца за кошт прыбытку, што застаецца ў распараджэнні плацельшчыкаў (на набыццё аўтатрансп. сродкаў, афшорны збор, мясц. падаткі і зборы, на рэкламу і інш.; адзіны падатак пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання для суб’ектаў малога прадпрымальніцтва, адзіны падатак для вытворцаў с.-г. прадукцыі і інш.
Банкаўская сістэма ў адпаведнасці з Банкаўскім кодэксам (2001) выступае састаўной часткай фінансава-крэдытнай сістэмы, уключае ў сябе Нац. банк і інш. банкі. Сучасная банкаўская сістэма пачала стварацца ў 1990 на аснове законаў Вярх. Савета БССР «Аб Нацыянальным банку Беларускай ССР» і «Аб банках і банкаўскай дзейнасці ў Беларускай ССР». На базе былой бел.рэсп. канторы Дзяржбанка СССР быў заснаваны незалежны Нац. банк Рэспублікі Беларусь. Банкі 2-га ўзроўню ствараліся шляхам прыватызацыі былых дзярж. спецыялізаваных банкаў і арганізацый новых банкаў праз прыцягненне фінансавых рэсурсаў прадпрыемстваў, арганізацый, ведамстваў, прыватных фірм і гандлёва-пасрэдніцкіх груп.
Асноўныя мэты дзейнасці Нац. банка Рэспублікі Беларусь: абарона і забеспячэнне ўстойлівасці бел. рубля, у т. л. яго пакупной здольнасці і курсу ў адносінах да замежных валют; развіццё і ўмацаванне банкаўскай сістэмы рэспублікі і забеспячэнне эфектыўнага, надзейнага і бяспечнага функцыянавання плацежнай сістэмы. Нац. банк здзяйсняе эмісію грошай, штогод сумесна з урадам распрацоўвае і праводзіць грашова-крэдытную палітыку, рэгулюе дзейнасць камерцыйных банкаў і выконвае іншыя функцыі, вызначаныя Банкаўскім кодэксам.
2-і ўзровень банкаўскай сістэмы Беларусі складаюць камерцыйныя банкі. На 1.2.2004 у нармальным рэжыме функцыянавала 30 банкаў з 473 філіяламі. З іх 25 банкаў з удзелам замежнага капіталу, у т. л. 6 банкаў са 100-працэнтным замежным капіталам. Валавыя актывы банкаўскай сістэмы Беларусі ў адносінах да валавога ўнутр. прадукту (ВУП) на 1.2.2004 склалі 45,8%, у т. л. чыстыя актывы 28% да ВУП. Крэдыты рэальнаму сектару эканомікі ў адносінах да ВУП склалі 12,2%, а капітал банкаўскай сістэмы — 5,6% да ВУП.
Найважнейшымі кірункамі далейшага развіцця банкаўскай сістэмы Беларусі з’яўляюцца пашырэнне рэсурснай базы, павышэнне капіталізацыі банкаў, паляпшэнне якасці паслуг і пашырэнне аперацый, што выконваюцца банкамі.
Грашова-крэдытная палітыка. Пачатак рэалізацыі самастойнай грашова-крэдытнай палітыкі (ГКП) Беларусі звязаны з увядзеннем у 1992 у абарот бел. рубля, які ў першы час абарачаўся паралельна з рублём былога СССР і выкарыстоўваўся толькі ў наяўных разліках. З сак. 1993 ён пачаў каціравацца на валютнай біржы, а ў жн. 1994 бел. рубель абвешчаны адзіным законным плацежным сродкам на тэр. краіны. З 1996 да вер. 2000 эканоміка і банкаўская сістэма Беларусі дзейнічалі ва ўмовах «множнасці валютных курсаў», калі адхіленні рыначных каціровак ад афіц. курсу складалі ад 20—30 да 100—200% і болей (максімальна ў кастр.—ліст. 1998 — каля 250%). У агульнаэканам. плане такая сістэма курсаўтварэння з’яўлялася па сутнасці своеасаблівай формай схаванага субсідзіравання «крытычнага імпарту» (гал. чынам, энерганосьбітаў, збожжа, некаторых сацыяльна значных тавараў). Такая сістэма абумоўлівала значныя скажэнні эканам. інфармацыі. Яна рэалізоўвалася за кошт дадатковага падатку на экспарцёраў, якіх прымушалі абавязкова прадаваць валюту дзяржаве па заніжаным афіц. курсе; была элементам падтрымання неэфектыўных вытворцаў, суправаджалася вельмі мяккай ГКП.
У 2000 памеры крэдытнай эмісіі Нац. банка былі значна абмежаваны — яна накіроўвалася выключна на крэдытаванне дэфіцыту дзярж. бюджэту. Гэта дазволіла, пачынаючы з крас. 2000, істотна знізіць тэмпы дэвальвацыі рыначных каціровак рубля (з 205% у сярэднім за месяц да 0,5—1,5%), а ў маі пачаць паскораную карэкціроўку яго афіц. курсу. 14.9.2000 здзейснены пераход да адзінага валютнага курсу. Ліквідацыя сістэмы множных валютных курсаў і пашырэнне сферы выкарыстання бел. рубля ў знешнім гандлі сфарміравалі ўмовы для знешнеэканам. дзейнасці бел. прадпрыемстваў. Важнае значэнне мела лібералізацыя валютнага рынку, зняцце мноства абмежаванняў на наяўным і на безнаяўным сегментах, у т. л. ў адносінах нерэзідэнтаў. У кастр. 2001 Беларусь далучылася да арт. XIII Статута Міжнар. валютнага фонду, у якім сфармуляваны крытэрыі канверсоўнасці нац. грашовай адзінкі па бягучых аперацыях.
У наступныя гады працягвалася манетарная палітыка, накіраваная на паглыбленне фінансава-эканам. стабільнасці, падтрыманне павольных і прадказальных тэмпаў дэвальвацыі бел. рубля. Паводле «Канцэпцыі развіцця банкаўскай сістэмы Рэспублікі Беларусь на 2001—10 гады» зніжэнне курсу бел. рубля да 2005 павінна быць даведзена да ўзроўню 5% за год, што адпавядае міжнар. стандартам.
Страхаванне. Страхавая дзейнасць на Беларусі рэгулюецца Законам «Аб страхаванні» ад 3.6.1993, Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь і «Палажэннем аб страхавой дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь». Для правядзення дзярж. палітыкі ў сферы страхавання пры Мін-ве фінансаў створаны Савет па страхаванні.
У 2004 на Беларусі дзейнічалі 6 абавязковых відаў страхавання і каля 30 добраахвотных, якія па галінах страхавання падзяляюцца на асабістае (жыцця і ад няшчасных выпадкаў), маёмаснае (фізічных асоб і юрыд. асоб), страхаванне адказнасці. Да абавязковай формы страхавання адносяцца: асабістае страхаванне ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафзахворванняў (з 1.1.2004); мед. страхаванне замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія часова знаходзяцца на Беларусі (з 1.10.2004); абавязковае страхаванне ад няшчасных выпадкаў асобных катэгорый дзярж. служачых; страхаванне будынкаў грамадзян (з 1.1.1998); страхаванне грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў трансп. сродкаў (з 1.7.1999); страхаванне грамадзянскай адказнасці перавозчыка перад пасажырамі (з 1.4.2002). Добраахвотнымі відамі страхавання з’яўляецца страхаванне: жыцця; дадатковых пенсій; ад няшчасных выпадкаў, што не падлягаюць абавязковаму страхаванню; добраахвотнае страхаванне будынкаў грамадзян; хатняй маёмасці грамадзян; аўтатранспартных сродкаў; жывёлы грамадзян і інш. маёмасці фізічных асоб; маёмасці юрыд. асоб; авіясуднаў юрыд. асоб; будаўніча-мантажных рызык юрыд. асоб; прадпрымальніцкай рызыкі юрыд. асоб; інш. віды маёмаснага страхавання юрыд. асоб; грамадзянскай адказнасці арганізацый, што ствараюць павышаную небяспеку для наваколля; грамадзянскай адказнасці за нанясенне шкоды ў сувязі з ажыццяўленнем прафес. дзейнасці; грамадзянскай адказнасці перавозчыка і экспедытара; грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў паветр. суднаў; інш. віды страхавання адказнасці.
Страхавы рынак Беларусі пачаў фарміравацца ў 1990, калі была адменена дзярж. манаполія на страхаванне. Да сярэдзіны 1990-х г. у дзярж. рэестры зарэгістравана каля 100 страхоўшчыкаў; у пач. 2004 дзейнічалі 33 страхавыя арганізацыі розных арганізацыйна-прававых форм, у т. л. 3 дзяржаўныя: Белдзяржстрах, Белэксімгрант і даччыная кампанія Белдзяржстраха, якая займаецца страхаваннем жыцця — «Стравіта». Самай буйной страхавой кампаніяй Беларусі з’яўляецца Белдзяржстрах (да 1991 — адзіная страхавая арг-цыя ў рэспубліцы), доля якога ў агульнай страхавой прэміі складае 60%. Страхавыя арг-цыі сканцэнтраваны ў асноўным у Мінску, а ў іншых гарадах маюць структурныя падраздзяленні.
Найб. развітым відам страхавання на Беларусі з’яўляецца абавязковае страхаванне грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў трансп. сродкаў, уведзенае 1.7.1999; з 1.7.2002 Бел. бюро па трансп. страхаванні стала транзітным членам міжнар. сістэмы страхавання аўтаграмадзянскай адказнасці «Зялёная карта» (44 краіны-члены).
Заканадаўства краіны забараняе продаж полісаў замежных страхавых кампаній у Рэспубліцы Беларусь. Страхавая дзейнасць замежных кампаній дазваляецца толькі ў сумесных прадпрыемствах з бел. кампаніямі. Максімальная доля замежнага капіталу абмяжоўваецца 49% укладу ва ўстаўны фонд. На бел. страхавым рынку працуе 10 кампаній з удзелам замежнага капіталу. Партнёрамі з’яўляюцца рэзідэнты Германіі, ЗША, Вялікабрытаніі, Расіі, Аўстрыі, Бельгіі і інш.
Штогадовы збор страхавых прэмій усімі страхоўшчыкамі Рэспублікі Беларусь да 2000 складаў у эквіваленце 50 млн. долараў ЗША. З 2000 памер паступленняў страхавых прэмій штогод нарастаў і ў 2004 дасягнуў 200,8 млрд. рублёў, ці каля 100 млн. долараў ЗША. Расходы на страхаванне ў Беларусі вельмі нізкія: 0,5—0,7% ад ВУП (у 1990—1,8%).
Літ.:
Очерки развития финансов и кредита в БССР. Мн., 1970;
Шмарловская Г.А. Теория налогов: закономерности формирования и государственного регулирования. Мн., 1996;
Корякина О.А. Финансы в национальной экономике. Мн., 1998;
Совершенствование финансово-кредитного механизма в условиях трансформации экономики Республики Беларусь. Мн., 2000;
Лученок А.И. Актуальные проблемы финансовой политики (респ. и региональный аспекты). Мн., 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЯ МУ́ЗЫКА, музычны фальклор,
песенная і інстр. творчасць народа. Вядома ўсім народам. Творы Н.м. ўзнікаюць на аснове маст. традыцый і адлюстроўваюць калектыўна выпрацаваныя эстэт. прынцыпы. Абагульняючы і зберагаючы вопыт многіх пакаленняў, Н.м. мае вял.эстэт., пазнавальнае і выхаваўчае значэнне. Муз. фальклор — аснова нац.муз. стылю, вызначальная крыніца прафес. кампазітарскай музыкі і канцэртнай творчасці прафес. і самадз.муз. калектываў. Вытокі нар.муз. мастацтва беларусаў у культуры стараж.усх.-слав. плямён: крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў. Вядучае месца ў бел.муз. культуры займае песенная творчасць, якая ахоплівае некалькі вял.гіст. пластоў. Найб. даўні пласт утвараюць песні каляндарна-земляробчага і сямейна-абрадавага цыклаў.
Каляндарна-земляробчыя песні прадстаўлены на Беларусі жанрамі калядных песень і шчадроўскіх, масленічных песень, веснавых песень, валачобных песень, юраўскіх песень, купальскіх песень і пятроўскіх песень, жніўных песень, яравых і льняных, восеньскіх песень (да іх прымыкаюць зімовыя песні, веснавыя і летнія карагоды, гульнявыя песні і інш.), сямейна-абрадавыя — жанрамі радзінных песень, вясельных песень, галашэнняў (да іх далучаюцца калыханкі). Змест песень характарызуецца найперш прац. земляробчай тэматыкай, пераплеценай з тэматыкай побыту і даўніх язычніцкіх святкаванняў, з вобразамі навакольнай прыроды (часта персаніфікаванымі).
Вобразны лад песень вызначаецца маляўнічасцю (веснавыя, калядныя, вясельныя велічальныя) або элегічнасцю, псіхал. паглыбленасцю (восеньскія, вясельныя сіраце); паэт. абагульненасць спалучаецца ў іх з яркасцю быт. замалёвак (жніўныя). Вызначальная рыса песень каляндарна-земляробчага і сямейна-абрадавага цыклаў — строгая прымеркаванасць да пэўнага часу ці абставін, якая раней была абумоўлена дакладнай абрадавасцю, а ў наш час падтрымліваецца традыцыяй і асацыятыўнымі сувязямі. З гэтай рысай звязана фарміраваннет. зв. напеваў групавога прымацавання — графічна сціслых, устойлівых меладычных формул, што характэрны пэўнаму жанру і абагульняюць некалькі тэкстаў (звычайна будуюцца на варыянтным паўтарэнні адной папеўкі). Пры вонкава скупых меладычных сродках яны маюць вял. выразную сілу дзякуючы сэнсавай важкасці кожнай меладычнай дэталі, найтанчэйшаму інтанац. нюансаванню ў межах меладычнай формулы, раўназначнасці ўсіх кампанентаў муз. мовы: уласна меладычных (ладавых і рытмічных), арнаментальных, інтанацыйна-адценневых, тэмбравых. Немалаважную ролю адыгрываюць і манера выканання (гл.Народныя спевакі), якая на працягу стагоддзяў склалася ў своеасаблівую школу галаснога спеву, і так званы «рытуальны шум» — розныя пастукванні, пабразгванні, прытанцоўванні, славесныя выкрыкі (калядныя і вясельныя песні).
Паводле характару мелодыкі напевы гэтых песень падзяляюцца на 2 тыпы. Першаму ўласцівы дэкламацыйнасць, вузкі ці сярэдні гукавы дыяпазон (тэрцыя, часта з захопам ніжняй кварты, кварта, квінта) і перыядычнасць рытмічнай структуры з акрэсленым, дакладна вытрыманым рытмічным малюнкам — рытмаформулай (калядныя, валачобныя, вясельныя, радзінныя, частка веснавых, юраўскіх, купальскіх і пятроўскіх песень). Другі тып пры дыяпазоне, звычайна не большым за квінту, вылучаецца меладычнай шырынёй з прычыны доўга працягнутых апорных гукаў ладу, унутрыскладовага распеву, гібкасці меладычнай лініі з выразнай мелізматыкай і імправіз. рытмікай (напевы жніўных. значнай часткі веснавых і восеньскіх, а таксама некат. часткі купальскіх, пятроўскіх і вясельных). У сваёй аснове песні аднагалосыя, пяюцца і ва унісонна-гетэрафоннай манеры Выконваюць іх пераважна жанчыны (выключэнне — валачобныя песні і частка калядных).
Другі яркі і разгорнуты гісторыка-стылявы пласт нар. песнятворчасці складаюць песні, што ўзніклі ў эпоху фарміравання бел. народнасці (14—16 ст.) і ў часы сял. паўстанняў (16—18 ст.): мужчынская сац. лірыка і эпас (чумацкія песні, бурлацкія песні, казацкія песні, аб ваен. падзеях і важаках сял. паўстанняў, пазней рэкруцкія і салдацкія песні), а таксама песні бытавыя (гл.Бытавая музыка), жартоўныя песні, любоўна-лірычныя (гл.Песні пра каханне). Ад песень стараж. пласта яны адрозніваюцца непрымеркаванасцю выканання (іх спяваюць «абы калі»), прымацаваннем напеву да пэўнага тэксту і яркай індывідуалізацыяй муз.-паэт. вобраза. Песні сял. вольніцы адметныя энергіяй, размахам, любоўна-лірычныя — багаццем псіхал. адценняў; існуюць у мностве хар. і сольных варыянтаў. Асн.муз.-выразную ролю адыгрывае ў іх уласна меладычны пачатак. Шырока распетыя мелодыі (найчасцей у сярэднім і вял. дыяпазоне) вызначаюцца ўнутр. інтанацыйнымі кантрастамі і ладавай пераменнасцю, разнастайнай рытмічнай структурай і развітой песеннай строфікай. З песнямі другога пласта (мужчынскімі і жаночымі) звязана і развітое шматгалосае спяванне (падгалосачна-поліфанічнае, найб. пашыраная форма — спяванне з падводкай). На некат. фалькл. жанры (рэв. гімны, салдацкія і рэкруцкія, бяседна-жартоўныя песні і інш.) паўплывала стылістыка бел.канта. У 19 ст. склаўся новы пласт бел. песнятворчасці, які ўключае батрацкія песні, адыходніцкія, рабочыя, рэв. і «літаратурныя» (на словы прафес. паэтаў) песні, а таксама прыпеўкі-частушкі. Найб. значную ролю адыгрывае рэв. песня ў разнастайных жанравых праявах, у т. л. песня, для якой характэрны сац. завостранасць, дынамічная напружанасць, знітаванасць з фалькл. спадчынай эпохі сял.-казацкіх антыфеад. паўстанняў, драм. маналог-заклік, песня-плакат, патэт. гімн, песня-памфлет, балада пра рэвалюцыянера. Іх стылістыка адзначана ўплывам сял. паўстанцкай лірыкі 16—18 ст., польскай рэв. песні гімнічнага складу (пашырылася з 1863—64), укр. і рус.дэмакр. бытавога раманса.
Песенная творчасць беларусаў адметная разнастайнасцю і багаццем мясц. традыцый. Яны выяўляюцца і ў перавазе пэўных песенных жанраў у пэўных этнагр. зонах (напр., валачобных у паўн., калядных у паўд., гульнявых песень і карагодаў ва ўсх. раёнах) і ў мясц. стылявой афарбоўцы агульнапашыраных жанраў, і ва ўласна меладычных асаблівасцях напеваў. Найб. прыкметныя адрозненні паміж песенным фальклорам паўн. і паўд.этнагр. зон. Меладычны стыль песень паўн. зоны (Паазер’е) вызначаецца лапідарнасцю, тэматычнай сціпласцю, перавагай адзіночнага спявання, а таксама хар. антыфоннага выканання. Паўд. раёнам (Палессе) уласцівы песні больш распеўнага характару, з багата арнаментаванай мелодыкай, спяванне гетэрафоннае і падгалосачнае з падводкай. У сав. час развіццё песеннага фальклору характарызавалася шматграннасцю форм, перапляценнем традыцыі і наватворчасці. Большасць новых песень мае светлы характар, падкрэслены спружыністым танц. ці маршава-гімнічным рытмам, яркасцю кульмінацый («Як крыніца цячэ», «Узышоў свецел месячык», «Вішанька»), У Зах. Беларусі ў 1920—30-я г. гурткі, арганізаваныя Бел. сялянска-рабочай грамадой і Т-вам бел. школы, прапагандавалі бел.традыц. сялянскі фальклор. З разгортваннем сац. і нац.-вызв. руху ствараліся новыя патрыят. і рэв. песні на перапрацаваныя вершы Я.Купалы («За свабоду сваю», «Гэта крык, што жыве Беларусь»), Я.Коласа («Нёман»), К.Буйло («Люблю наш край») і інш. Інтанацыйныя вытокі значнай іх часткі — у меласе міжнар.рэв. песеннай класікі. У Вял.Айч. вайну нарадзіўся багаты і спецыфічны пласт сучаснага бел. фальклору — партызанскія песні. Іх стылістыка побач са стылістыкай песень 1930-х г. моцна паўплывала на развіццё пасляваен бел.нар. песнятворчасці. Асяродкамі ўзнікнення новых патрыят. песень сталі самадз. харавыя калектывы. Многія песні створаны індывід. аўтарамі (П. і А. Шыдлоўскія, Т.Лапаціна, З.Лапаціна-Пацеенка, Р.Галавасцікаў, П.Шаўко, П.Касач, І.Мацін), а потым дапрацоўваліся, шліфаваліся ў калектывах, набліжаючыся да ўзораў безыменнай нар. творчасці.
Стылістыка сучасных напеваў абумоўлена разнастайнасцю пакладзеных у іх аснову песенных жанраў, ад стараж. хаўтурных галашэнняў (яны набылі новае асэнсаванне ў Вял.Айч. вайну і пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС) да святочных велічанняў і лірычных гімнаў.
Інстр. музыка беларусаў характарызуецца багаццем жанраў, што абумоўлена разнастайнасцю яе жыццёва-сац. функцый. У нар. практыцы выкарыстоўваюць розныя тыпы музычных інструментаў. Найб.стараж. пласт — сігнальная музыка (рытмізаваныя меладычныя звароты на адным гуку ці на паслядоўнасці некалькіх гукаў натуральнага гукарада), звязаная з магічнымі абрадамі, пастухоўскім, паляўнічым і ваен. побытам. Аснова рэпертуару нар. інструменталістаў — песенныя і танц. найгрышы, вясельныя маршы. Зафіксаваны інстр. імправізацыі (паводле нар. тэрміналогіі — музыка іграе «сам па сабе»), генетычна звязаныя з песняй і танцам, а таксама п’есы, якія можна аднесці да праграмных, — гукапераймальныя («Пад салаўя», «На птушыным двары») і ілюстрацыйныя (выканаўца ілюструе расказ па ходу дзеяння; пашыраны сюжэт «Цялушачка»), Нар.інстр. выканальніцтва бытуе ў сольнай і ансамблевай формах (гл.Музыка, Народныя музыканты, Народныя інструментальныя ансамблі). У сольным выкананні песенных найгрышаў інстр. версіі песень хар. традыцыі вельмі блізкія да першакрыніцы, а тыя, што вар’іруюць адзіночныя песні (жніўныя, некат. восеньскія, уласна лірычныя), вылучаюцца больш актыўным развіццём. Імправізацыйны пачатак і фантазія музыкі найб. яскрава выяўляюцца пры сольным выкананні танц. мелодый. Ансамблевая іх трактоўка адрозніваецца пэўнай рэгламентаванасцю і спрошчанасцю выкладання.
Літ.:
Цітовіч Г.І. Анталогія беларускай народнай песні. 2 выд.Мн., 1975;
Елатов В.И. Ладовые основы белорусской народной музыки. Мн., 1964;
Яго ж. Ритмические основы белорусской народной музыки. Мн., 1966;
Яго ж. Мелодические основы белорусской народной музыки. Мн., 1970;
Беларускія народныя песні. Т. 1—4. Мн., 1959—76;
Шырма Р.Р. Песня — душа народа. Мн., 1976;
Мухаринская Л.С. Белорусская народная партизанская песня, 1941—1945. Мн., 1968;
Яе ж. Белорусская народная песня: Ист. развитие. Мн., 1977;
Мажэйка З. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;
Яе ж. Песни белорусского Полесья. Вып. 1—2. М., 1983—84;
Яе ж. Календарнопесенная культура Белоруссии. Мн., 1985;
Мухарынская Л.С., Якіменка Т.С. Беларуская народная музычная творчасць. Мн., 1993;
Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Панямоння. Мн., 1998;
М а жэйка З.Я., Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Падняпроўя. Мн., 1999;
Прывалаў Н. Народныя музычныя інструменты Беларусі. Мн., 1928;
Назіна І.Дз. Беларуская народная інструментальная музыка. Мн., 1989;
Благовещенский И.П. К истории белорусской народной инструментальной музыки // Благовещенский И.П. Некоторые вопросы музыкального искусства. Мн., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВАЯ АМЕ́РЫКА,
мацярык у Зах. паўшар’і, разам з Паўночнай Амерыкай утварае частку свету Амерыка. Пл. з астравамі 18,28 млн.км², без астравоў 18,1 млн.км². Паўн. пункт — мыс Гальінас 12°25′паўн. ш., паўд. — мыс Фроўард 53°54′паўд. ш. (мыс Горн на в-ве Горн — 55°59 паўд. ш.), усх. — мыс Кабу-Бранку 34°46 зах. д., зах. — мыс Парыньяс 81°20′зах. д. Працягласць з Пн на Пд 7150 км, з У на З да 5150 км. На Пн Панамскім перашыйкам злучана з Паўн. Амерыкай, абмываецца Карыбскім м., на У — Атлантычным ак., на З — Ціхім ак., на Пд — Магеланавым пралівам. Берагі пераважна прамыя, на ПдЗ значна парэзаны фіёрдамі. Асобныя залівы глыбока ўразаюцца ў сушу: на З — Гуаякіль, на Пн — Венесуэльскі і возера-лагуна Маракайба, на ПдУ — Ла-Плата. Да П.А. адносяць архіпелагі Вогненная Зямля і Чылійскі, а-вы Галапагас, Фалклендскія (Мальвінскія) і інш.
Рэльеф. Сярэдняя вышыня П.А. над узр. м. 580 м. На З — горная сістэма Андаўвыш. да 6960 м (г. Аканкагуа), складаецца з горных ланцугоў і высокіх плато паміж імі. На УБразільскае пласкагор’е і Гвіянскае пласкагор’е. Паміж Андамі і пласкагор’ямі Амазонская нізіна, раўніны і нізіны Гран-Чака, Лаплацкая нізіна і нізіна Арынока; паверхня іх раўнінная, рачныя даліны ўрэзаны слаба. На Пд плато Патагоніі.
Геалагічная будова. У тэктанічных адносінах вылучаюцца 2 асн. структуры: геасінклінальная на 3, платформавая на У. Фарміраванне Андаў пачалося ў познім палеазоі — мезазоі. Гораўтварэнне не закончылася (бываюць землетрасенні і вулканічныя вывяржэнні). На У платформавыя структуры: Паўд.-Амерыканская і Патагонская платформы. Стараж. архейскі фундамент выходзіць на паверхню ў Гвіянскім, Зах.-Бразільскім і Усх.-Бразільскім шчытах. За межамі шчытоў тэр. платформ перакрыты пераважна кантынентальнымі адкладамі. Паміж платформавай і геасінклінальнай абласцямі — тэктанічныя ўпадзіны Арынока, Гран-Чака, Ла-Плата; паміж Андамі, Гвіянскім і Зах.-Бразільскім шчытамі — Амазонская ўпадзіна. Упадзіны запоўнены марскімі адкладамі і прадуктамі разбурэння гор. Платформы пачалі фарміравацца ў дакембрыі, у кембрыі злучыліся ў адзін масіў. У трыясе ў бас.р. Парана ўтварыліся разломы і адбыліся вывяржэнні базальтавых лаў.
Карысныя выкапні. П.А. багата карыснымі выкапнямі. Радовішчы нафты і прыроднага газу ў міжгорных і перадгорных прагінах, у прагінах платформ. Найб. запасы ў Венесуэле, Аргенціне, Бразіліі, Калумбіі, ёсць у Эквадоры, Перу, Чылі, Балівіі. Каменны вугаль у Бразіліі, Калумбіі, Венесуэле, Чылі. Вял. запасы медных (Чылі, Перу), жал. (Бразілія, Перу, Венесуэла), марганцавых, тытанавых і хромавых (Бразілія), ванадыевых (Венесуэла, Бразілія, Чылі), вальфрамавых (Балівія, Перу), залатых (Бразілія, Аргенціна, Чылі, Перу), малібдэнавых (Чылі), нікелевых (Бразілія, Калумбія, Венесуэла), алавяных (Бразілія, Балівія), сурмяных (Балівія), уранавых (Бразілія, Аргенціна, Перу), плацінавых (Калумбія), свінцовых і цынкавых (Перу, Бразілія), сярэбраных (Перу, Балівія) руд; баксітаў (Бразілія, Венесуэла, Сурынам). Ёсць рэдкаметальныя руды (берыліевыя, літыевыя, ніобіевыя, танталавыя, цырконавыя), горнахім. сыравіна (барый, борныя руды, калійныя солі, самародная сера, натрыевая салетра. флюарыт, фасфарыты і інш.), алмазы, каштоўныя і вырабныя камяні і інш.
Клімат П.А. абумоўлены размяшчэннем яе пераважна ў экватарыяльным і паўд. трапічным паясах. Характэрна вял. і амаль раўнамернае (акрамя крайняга Пд) паступленне сонечнага цяпла. Сезонныя кліматычныя адрозненні залежаць ад сонечнай радыяцыі, агульнай цыркуляцыі атмасферы, цэнтраў высокага ціску атмасферы. Пераважае экватарыяльная і мусонна-пасатная цыркуляцыя паветра з Атлантычнага ак. На З Амазонскай нізіны вільготны экватарыяльны гарачы клімат без сухога перыяду, на У Амазонскай нізіны — субэкватарыяльны, на Пд — субтрапічны і ўмераны клімат. У паўн. раўніннай частцы т-ра паветра ўвесь год каля 20—28 °C. Ападкаў 2000—3000 мм за год у бас. рэк Арынока і Амазонка. У студз. на Бразільскім пласкагор’і 20—28 °C, у ліп. 12—25 °C, на Лаплацкай нізіне адпаведна 20—24 і 8—16 °C, у Патагоніі 12—23 і 3 °C. Ападкаў на Бразільскім пласкагор’і ад 500 мм на ПнУ да 2000 мм у большай частцы і да 3000 мм на ПдУ, на Лаплацкай нізіне ад 500 мм да 1000 мм, у Патагоніі каля 250 мм. Снегавая лінія ў гарах экватарыяльнай зоны на выш. каля 5 тыс.м, на Пд на выш. каля 1000—1200 м. Максімум ападкаў — да 10 000 мм у гарах на З Калумбіі, да 7000 мм на Пд Чылі; на ўзбярэжжах Перу і Паўн. Чылі (у пустыні Атакама) менш за 100 мм за год.
Унутраныя воды. Па велічыні гадавога сцёку П.А. займае 2-е месца ў свеце — каля 20% сцёку рэк Зямлі (каля 7900 км³/год), па сярэднім слоі сцёку (440 мм) на 1-м месцы ў свеце. Больш за 90% тэр. мацерыка адносіцца да бас. Атлантычнага ак.Найб. рэкі: Амазонка (самая мнагаводная і вял. па пл. басейна ў свеце), Арынока, Парана з Парагваем, Сан-Франсіску, Магдалена. Пераважае дажджавое жыўленне рэк, на Пд Патагоніі снегавое, у Андах месцамі ледавіковае. У экватарыяльных раёнах летнія дажджавыя паводкі і памяншэнне расходаў зімой. Пастаянна паўнаводныя рэкі на З Амазонскай нізіны і на Пд Бразільскага пласкагор’я. Максімум сцёку рэк позняй вясной і летам у Патагоніі і Сярэднім Чылі. На Пн Чылі ў пустыні Атакама сцёк толькі перыядамі. Буйныя азёры Маракайба (на Пн), Тытыкака (на выш. 3812 м) і інш. У Андах ледавікі (больш за 20 тыс.км²), найб. на Пд і на Вогненнай Зямлі.
Глебы і расліннасць. На раўнінах П.А. шыротная занальнасць глеб і расліннасці. У бас.р. Амазонка і на Гвіянскім пласкагор’і вільготныя лясы (гілея) на чырвона-жоўтых латэрытах. Шмат балот. Расліннасць багатая і разнастайная: пальмы, дрэвападобныя папараці, гевея, сейба, фікусы, архідэі. На Пн і Пд ад экватарыяльнай зоны ўмерана вільготныя вечназялёныя лясы і саванны розных тыпаў (льянасы ў бас.р. Арынока, кампас і каатынга на Бразільскім пласкагор’і) на чырвоных, карычнева-чырвоных, чырвона-бурых латэрытных тыпах глеб. Расліннасць у каатынзе — засухаўстойлівыя бутэлечныя і калючыя дрэвы, лісцевыя і сцябловыя сукуленты, у кампасе менш засухаўстойлівыя нізкарослыя дрэвы, кусты і злакі, у льянасах — акацыі, мімозы, кактусы, травы. На Пд Бразільскага пласкагор’я лясы з бразільскай араўкарыі, лісцевых дрэў, кустоў. У бас.р. Парана і на Лаплацкай нізіне на Пн трапічныя лясы і рэдкалессі (кебрача, альгараба і інш.), глебы карычнева-чырвоныя, шэра-карычневыя, шэразёмы, на Пд пампа — злакавае разнатраўе на чарназёмах. У Патагоніі расліннасць паўпустынная, куставая, на бурых, пераважна друзавых, глебах. У Андах выяўляецца верт. пояснасць: у паўд. Андах лясы з паўд. буку, араўкарый, на ўсх. схілах пераважна лясная, на З, Паўн. Чылі і Перу, а таксама ва ўнутр. раёнах — пустынная і паўпустынная расліннасць. П.А. — радзіма бульбы, тытуню, батату, маніёку, гевеі, арахісу і інш.
Жывёльны свет. П.А. ўваходзіць у Неатрапічную біягеаграфічную вобласць. Жывёльны свет багаты і своеасаблівы. Для большай ч. мацерыка характэрны браняносцы, тапіры, пекары, ягуар, грывасты воўк, малпы, яноты, скунсы, дзікабразы; з птушак — туканы, папугаі, калібры, гаацын, кондар; у рэках — ламанціны, рачныя дэльфіны, каля 2 тыс. відаў рыб. Мноства насякомых і павукоў. У саваннах і рэдкалессях алені, грызуны, страус нанду, на Пд у пампе, стэпах і паўпустынях пума, пампасны алень, грызуны. У пустынных высакагор’ях — гуанака і вікунья, рэліктавы мядзведзь-акулярнік. Шмат эндэмікаў: шыраканосыя малпы, ляніўцы, мурашкаеды, апосумы.
Насельніцтва. У П.А. жыве каля 350 млн.чал. (1999). Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 19,1 чал. на 1 км². Найбольшая (больш за 100 чал. на 1 км²) у міжгорных далінах Андаў, у сярэдняй ч. Чылі, найб. асвоеных раёнах Аргенціны і Бразіліі. Найменшая шчыльн. (каля 1 чал. на 1 км²) у асобных раёнах бас.р. Амазонка, самых высакагорных раёнах Андаў, на Пд Патагоніі, на Фалклендскіх а-вах і інш. У краінах П.А. пераважае гарадское насельніцтва, найбольш у Уругваі (91%), Аргенціне (88%), Венесуэле (86%), Чылі (84%), Бразіліі (79%). Карэнныя жыхары П.А. — індзейцы. З канца 15 ст. П.А. пачалі заваёўваць і каланізаваць іспанцы і партугальцы, яны прывозілі як рабоў афр. неграў. У выніку каланізацыі, распаўсюджаныя цяжкіх хвароб мноства абарыгенаў загінула, шмат плямён вымерлі. Сярод сучасных індзейскіх народаў найбольшыя кечуа (14,9 млн.), аймара (2,2 млн.), араўканы (0,9 млн.). Паводле расавага складу насельніцтва П.А. мангалоіды (індзейцы), еўрапеоіды, негроіды, метысы (ад змяшання еўрапейцаў з мясц.нас.), мулаты (еўрапеоідна-негрыцянскага паходжання), самба (змешаны індзейска-негроідны антрапал. тып). Ёсць нядаўнія эмігранты — іспанцы, партугальцы, італьянцы, немцы, яўрэі, палякі, рускія, украінцы, японцы. У Аргенціне жывуць беларусы (каля 5 тыс.) і іх нашчадкі; ёсць звесткі пра групы беларусаў і іх нашчадкаў у Парагваі, Уругваі, на Пд Бразіліі. У П.А. пашыраны раманскія мовы — ісп. (большасць краін), партуг. (Бразілія), франц. (Гвіяна Французская). Англ. (Гаяна і Фалклендскія а-вы) і галандская (Сурынам) мовы адносяцца да германскай групы. У Парагваі гавораць на мовах ісп. і гуарані. Вернікі — пераважна католікі, ёсць пратэстанты і праваслаўныя; выхадцы з Азіі вызнаюць іслам, будызм, сінтаізм і інш., некат. індзейскія плямёны прытрымліваюцца сваіх традыц. вераванняў. Гл. таксама Народы Амерыкі.
Палітычны падзел. На тэр. мацерыка размешчана 12 дзяржаў: Аргенціна, Балівія, Бразілія, Венесуэла, Гаяна, Калумбія, Парагвай, Перу, Сурынам, Уругвай, Чылі, Эквадор. Гвіяна Французская — уладанне Францыі, Фалклендскія а-вы належаць Вялікабрытаніі (аспрэчвае Аргенціна). Пра дзяржавы і ўладанні гл. адпаведныя артыкулы.
Да арт.Паўднёвая Амерыка. Ландшафт цэнтральнай часткі Эквадора.Пласкагор’е Альтыплана ў Балівіі.На беразе Амазонкі.Перадгор’і Андаў у Аргенціне.Узбярэжжа Ціхага акіяна ў Чылі.
вышэйшы орган дзярж. улады БССР з 1.1 да 2.2.1919. Сфарміраваўся ў ходзе нац.-дзярж. самавызначэння Беларусі ў форме суверэннай сав. рэспублікі. Паліт., эканам. і ідэалаг. асновы яго дзейнасці склалі ідэі Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917, Дэкларацыі правоў народаў Расіі, Дэкларацыі правоў працоўнага і эксплуатуемага народа. Яго перадумовай стала пастанова канферэнцыі бел. секцый РКП(б) (21—23.12.1918, Масква) аб неабходнасці абвяшчэння Беларусі рэспублікай і стварэння Рабоча-сял. ўрада. Выбранаму для гэтага канферэнцыяй Цэнтр. бюро бел. секцый было даручана аб’яднаць намаганні камуністаў у справе будаўніцтва нац. дзяржавы.
Пра рашэнні канферэнцыі стала вядома ЦК РКП(б), СНК і ВЦВК РСФСР, якія вылучылі спец. прадстаўнікоў для абмеркавання гэтых праблем з дзеячамі Беларусі. На фарміраваннебел. ўрада ўплывалі абмежаваны час для пошуку неабходных кандыдатур, недаацэнка нац. пытання Аблвыкамзахам (кіруючы орган Заходняй вобласці, у якую ўваходзіла Беларусь), пэўны паліт. недавер з боку Аблвыкамзаха да членаў Беларускіх секцый РКП(б) і Беларускага нацыянальнага камісарыята (Белнацкома). Пытанні колькаснага і персанальнага складу бел. ўрада, яго функцый, структуры 25.12.1918 абмяркоўваліся ў Маскве наркомам па справах нацыянальнасцей І.В.Сталіным з прадстаўнікамі Цэнтр. бюро бел. секцый, к-та Маск. бел. секцыі РКП(б), супрацоўнікамі Белнацкома, 27.12.1918 — з кіруючымі асобамі Аблвыкамзаха А.Ф.Мясніковым і М.І.Калмановічам. На апошняй сустрэчы разглядаліся таксама т.зв. «Шэсць умоў тав. Сталіна па стварэнні БССР і Кампартыі Беларусі», сутнасць якіх — імкненне аўтара да аўтанамізацыі нярускіх нац. рэспублік. VI Паўн.-Зах.абл. канферэнцыя РКП(б) [гл.Першы з’езд КП(б)Б], якая прыняла рашэнне аб утварэнні БССР, даручыла абранаму на ёй Цэнтральнаму БюроКП(б)Б [КП(б)Б] правесці арганізац. работу па зацвярджэнні членаў урада. Яго колькасны склад не раз мяняўся (15, 17 і, нарэшце, 19 чал.). Ад Бел. секцый РКП(б) і Белнацкома ва ўрад увайшло 7 чал., ад Аблвыкамзаха — 12. Старшыня ўрада — З.Х.Жылуновіч (Ц.Гартны), камісары: замежных спраў У.С.Фальскі, нацыянальнасцей Ф.Г.Шантыр, нар. асветы А.Р.Чарвякоў, ваен. спраў Мяснікоў, фінансаў І.І.Рэйнгольд, харчавання Калмановіч, земляробства А.А.Андрэеў, унутр. спраў С.В.Іваноў, працы І.Л.Дыла, сац. забеспячэння Дз.С.Чарнушэвіч, аховы здароўя І.І.Пузыроў, поштаў і тэлеграфаў К.Ф.Разенталь, шляхоў зносін І.П.Савіцкі, юстыцыі А.І.Квачанюк, дзярж. кантролю С.І.Берсан, старшыні Савета нар. гаспадаркі (СНГ) Р.В.Пікель, Цэнтрапленбежа Р.П.Найдзёнкаў, Надзвычкома В.І.Яркін; кіраўнік спраў урада В.Г.Кнорын, сакратары А.М.Антанікоўскі і Г.Д.Антонаў. На пасяджэнні ўрада абраны яго Прэзідыум з 3 чал.: Жылуновіч (старшыня), Мяснікоў, Калмановіч. Упершыню поўны склад урада надрукаваны 15.1.1919 у газ. «Звезда». Друкаваным органам урада стала газ. «Весткі Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўраду Беларусі», якая выдавалася на бел., рус., польск. і яўр. (ідыш) мовах. 1.1.1919 Жылуновіч, Мяснікоў, Рэйнгольд, Чарвякоў, Іваноў падпісалі Маніфест Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі. Гэты дзень стаў днём нараджэння БССР і яе ўрада. Маніфест дэклараваў паліт., эканам. і сац. асновы новай краіны, ануляваў пастановы, дагаворы, загады і распараджэнні акупац. улад, абвясціў па-за законам Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. утвораную 18.3.1918. Адным з гал. кірункаў эканам. палітыкі ўрад абвясціў нацыяналізацыю памешчыцкіх, манастырскіх і царк. зямель, пераход да дзяржавы лясоў, чыгункі, поштаў і тэлеграфаў, фабрык, заводаў, банкаў; устанаўліваў 8-гадзінны рабочы дзень. Маніфест абнародаваны ў газ. «Звезда» (3.1.1919), «Жизнь национальностей» (5.1.1919), «Известия Витебского Совета» (10.1.1919). Усе пасяджэнні ўрада адбываліся ў Мінску: 7, 11, 16, 17, 21 і 27.1.1919. З-за розных поглядаў Жылуновіча і Мяснікова [з 1.1.1919 старшыня ЦБКП(б)Б, з 21.1.1919 старшыня Ваенна-рэв. Савета БССР] на асаблівасці самавызначэння Беларусі, узаемаадносіны ўрада і парт. кіраўніцтва, некат. кадравыя пытанні Масква прызначыла ўпаўнаважаных пры ўрадзе і ЦБКП(б)Б — Д.Ю.Гопнера ад СНК РСФСР і А.А.Іофе ад ЦК РКП(б). З гэтага моманту Сталін адышоў на 2-і план. Інтарэсы ўрада ў СНК РСФСР прадстаўляў Белнацком. Незалежнасць Беларусі як дзяржавы ВЦВК РСФСР прызнаў толькі 31.1.1919. У ліку першых дзярж. актаў урада былі пастановы аб дзейнасці ў пераходны перыяд дэкрэтаў і пастаноў РСФСР (10.1.1919), пераходзе ўлады ў БССР у рукі Часовага ўрада, скасаванні Аблвыкамзаха і Мінскага губрэўкома (19.1.1919).
Значную ўвагу ўрад аддаваў крыніцам фарміравання бюджэту і яго размеркаванню. Крыніцы заставаліся тыя, што існавалі ў губернскіх бюджэтаў: адлічэнні ад усіх відаў падаткаў, пазыкі. Пры ўрадзе дзейнічала спец. бюджэтна-фін. камісія з прадстаўнікоў камісарыятаў фінансаў, унутр. спраў, дзярж. кантролю для дакладнага і справядлівага размеркавання грошай. Для аднаўленчых работ Беларусі патрэбен быў крэдыт у суме 25 млн.руб., але атрымала яна толькі 10 млн. Ажыццявіць значную працу ў агр. сектары ўрад не змог з-за адхілення членамі ЦБКП(б)Б 2.1.1919 тэзісаў Андрэева па зямельным пытанні, у якіх прапаноўваўся план эвалюц. пераходу ад прыватнай да калектыўнай форм зямельнай уласнасці. Камісарыят земляробства арганізаваў закупку насення ў цэнтры Расіі да сяўбы, зацвердзіў цэны на лясныя матэрыялы, што адпускаліся насельніцтву, накіраваў цыркуляр губернскім аддзелам рэспублікі і павятовым зямельным аддзелам Мінскай губ. пра парадак выканання законаў урадаў РСФСР і БССР, распараджэнняў Камісарыята земляробства БССР і абскарджання рашэнняў зямельных органаў. Камісарыят харчавання разгледзеў пытанні аб зняцці перашкод на ўвоз у Мінск і Мінскую губ.харч. прадуктаў, арганізацыі Мінскага харч.к-та і каап. камісіі пры камісарыяце. Камісарыят асветы ўстанавіў сувязі з Наркаматам асветы РСФСР у пазашкольнай адукацыі, прааналізаваў звесткі пра колькасць школ і вучняў у Бабруйскім, Барысаўскім, Ігуменскім, Рэчыцкім, Мазырскім, Пінскім, Слуцкім, Навагрудскім, Слонімскім, Ашмянскім, Вілейскім, Свянцянскім пав., выдаткаваў сродкі на заснаванне ў Мінску і губ. цэнтрах рэспублікі бел.сав.тэатр. устаноў. Камісарыят па справах нацыянальнасцей 30.1.1919 надрукаваў паведамленне аб рэгістрацыі дзярж. і грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць па сваёй сутнасці нац. характар. Камісарыят поштаў, тэлеграфаў і тэлефонаў 16.1.1919 паведаміў пра аднаўленне паштовай і тэлеграфнай сувязі з Баранавічамі і інш. гарадамі зах. часткі Беларусі. СНГ прыняў пастановы аб нацыяналізацыі прам-сці, рэарганізацыі ляснога аддзела СНГ, стварэнні часовай камісіі пры СНГ па абследаванні і арганізацыі вінакурнай прам-сці, перадачы сыраварных і масларобчых устаноў з падпарадкавання Камісарыяту земляробства ў распараджэнне СНГ. Наркамат юстыцыі ажыццяўляў кантроль за нарматворчай дзейнасцю ўрада і яго камісарыятаў, 20.1.1919 ён даслаў у Камісарыят поштаў, тэлеграфаў і тэлефонаў ліст аб неабходнасці накіравання дэкрэтаў і пастаноў прынцыповага характару на папярэдняе рэдагаванне ў аддзел заканадаўчых пастаноў і кадыфікацыі пры Камісарыяце юстыцыі БССР. Урад узначаліў БССР у межах Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай, Гродзенскай і Смаленскай губ.ЦК РКП(б) без папярэдніх кансультацый з прадстаўнікамі Беларусі 16.1.1919 прыняў пастанову пра аддзяленне ад БССР Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губ. У сувязі з гэтым 22.2.1919 Жылуновіч, Квачанюк, Чарнушэвіч, Дыла, Шантыр, Фальскі, Чарвякоў і Пузыроў накіравалі ўпаўнаважанаму ЦК РКП(б) Іофе пісьмо-пратэст. Намаганні ўрада былі падтрыманы членамі ЦБКП(б)Б. Масква ў асобе старшыні ВЦВК Свярдлова пацвердзіла сваё рашэнне і паведаміла пра хуткае аб’яднанне БССР з Літоўскай сав. рэспублікай.
З Часовага рабоча-сял.сав. ўрада Беларусі бяруць пачатак сучасныя рэсп. мін-вы і к-ты: фінансаў, адукацыі, сац. абароны, сельскай гаспадаркі і харчавання, аховы здароўя, працы, юстыцыі, унутр. спраў, па справах нацыянальнасцей, дзярж. кантролю, сувязі і інш. Канфрантацыя ЦБКП(б)Б з урадам вылілася ў намаганні ЦБ прыняць 20.1.1919 новую структуру бел. ўрада. З 18 камісарыятаў павінны былі застацца 7, астатнія пераўтвараліся ў аддзелы, Спробу ЦБКП(б)Б рэстаўрыраваць Аблвыкамзах не падтрымалі ЦК РКП(б) і СНК РСФСР. Часовы рабоча-сял.сав. ўрад спыніў існаванне ў перыяд работы Першага Усебеларускага з’езда Саветаў (2—3.2.1919, Мінск), які прыняў Канстытуцыю Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь 1919 і выбраў Цэнтральны Выканаўчы Камітэт БССР.
Літ.:
Каменская Н.В. Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя і ўтварэнне БССР. Мн., 1954;
Куличенко М.И. Борьба Коммунистической партии за решение национального вопроса в 1918—1920 гг. Харьков, 1963;
Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики. [Т. 2]. Мн., 1979;
Яго ж. История Беларуси: становление нац. державности (1917—1922 гг.). Мн., 1999;
Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;
Ладысеў У.Ф. Брыгадзін П.І. На пераломе эпох: станаўленне бел. дзяржаўнасці (1917—1920 гг.). Мн., 1999;
Круталевіч В.А., Юхо І.А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі (1917—1945 гг.). 2 выд.Мн., 2000;
Сташкевич Н.С. Советская Белоруссия;
история возникновения // К единому государству: о создании рос.-бел. Союзного гос-ва. М., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕДАГОГІКА
Педагагічная навука на Беларусі першапачаткова існавала як састаўная частка філас. або філас.-рэліг. вучэння. Заснавальнікам навук.-асветніцкага і этычна-дыдактычнага кірунку ў філас.-пед. літаратуры быў Ф.Скарына. Ён падкрэсліваў неабходнасць асветы і адукацыі для народа, прапагандаваў любоў да сваёй сям’і і Радзімы, распаўсюджваў хрысц. і рэнесансава-гуманіст. погляды на чалавека і мудрасць яго зямнога быцця на аснове божых запаветаў і высокіх духоўных пачуццяў. С.Будны крытыкаваў царк. сістэму навучання, лічыў, што феадалы павінны клапаціцца пра адукацыю простага народа на яго жывой бел. мове. Ён выдаў (пры садзеянні Л.Крышкоўскага і М.Кавячынскага) у Нясвіжскай друкарні на бел. мове падручнік для школ «Катэхізіс», па якім у пратэстанцкіх школах вывучалі асновы кальвінісцкага вучэння і бел. мову. Пэўны ўклад у развіццё і станаўленне пед. думкі на Беларусі ў 16—17 ст. зрабілі дзеячы брацкіх школ, пед. сістэма якіх фарміравалася пад уплывам гуманіст. і рэфармацыйных ідэй. У брацкіх школах выкладалі Л. і С. Зізаніі, М.Сматрыцкі. У 1596 Л.Зізаній выдаў у Віленскай брацкай друкарні азбуку «Наука ку читаню и розуменю писма словенского» з малюнкамі і «Лексісам» (тлумачальным слоўнікам з 1061 слова), які змяшчаў звесткі па гісторыі, геаграфіі, прыродазнаўстве. Значную ролю ў развіцці пед. думкі бел. і слав. народаў адыграла «Грамматики словенския правильная синтагма...» (1618—19) Сматрыцкага, якую М.В.Ламаносаў разам з «Арифметикой» Л.Ф.Магніцкага называў «вратами своей учености». Яна 2 стагоддзі была самым аўтарытэтным падручнікам па слав. мовазнаўстве, двойчы перавыдавалася ў Маскве (1648, 1721); у 18—1-й пал. 19 ст. стала ўзорам для сербскай, харвацкай, рум. і балг. граматык. У 1631 у Куцейне (каля Оршы) бел. друкар С.Собаль выдаў кнігу для першапачатковага навучання «Букварь сиречь начало учения детем начинающим чтению извыкати» (упершыню ўжыў назву «буквар»), Уклад у развіццё пед. думкі на Беларусі зрабіў Сімяон Полацкі, які лічыў, што ўсё зло ў грамадстве ўзнікае і распаўсюджваецца ад неадукаванасці і невуцтва людзей, а школа і настаўнікі — гал. выхавальнікі, якія павінны дасканала валодаць майстэрствам выхавання і вучыць дзяцей рабіць добрыя ўчынкі. Па ініцыятыве Сімяона Полацкага ў 1687 у Маскве засн. Славяна-грэка-лацінская акадэмія, у створанай ім друкарні выйшлі «Букварь» (1679), «Часослов» (1681). Прыкметны ўплыў на развіццё пед. думкі на Беларусі зрабілі члены Адукацыйнай камісіі — першай у Рэчы Паспалітай і Еўропе дзярж. установы па кіраўніцтве нар. асветай. Асветнікі С.Канарскі, Ян Снядэцкі, прафесары Віленскага ун-та А.Снядэцкі, А.Доўгірд распрацавалі навук. і метадычныя падыходы да вывучэння роднай мовы, школьных прадметаў, фіз. і гігіенічнага выхавання, умацавання здароўя дзяцей. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі на Беларусі атрымалі пашырэнне пед. ідэі А.М.Радзішчава, М.І.Навікова, Дз.С.Анічкава, К.Дз.Ушынскага, В.І.Вадавозава, В.П Вахцерава, У.Я.Стаюніна, Дз.Дз.Сямёнава і інш.Бел. паэты-дэмакраты Ф.Багушэвіч, А.Гурыновіч, Я.Лучына адстойвалі права бел. народа на асвету, родную мову, літаратуру, нар. педагогіку. Бел. этнограф і фалькларыст Е.Р.Раманаў выступаў за развіццё нац. культуры, мовы, навукі і літаратуры, напісаў для дзяцей беларусаў «Падручнік рускай граматыкі» (1881). У 1862 у Варшаве выдадзены на бел. мове буквар-катэхізіс «Элементаж для добрых дзетак...» грамадскага дзеяча ліберальнага кірунку і асветніка А.Аскеркі. У пач. 20 ст. створаны шэраг падручнікаў на бел. мове: «Беларускі лемантар, або Першая навука чытання» К.Каганца (выд. ананімна, 1906), «Першае чытанне для дзетак беларусаў» Цёткі (1906). Я.Колас як вучоны-педагог напісаў падручнікі «Другое чытанне для дзяцей-беларусаў» (1909), «Методыка роднае мовы» (1926), адстойваў права атрымання адукацыі на роднай мове, вялікую ўвагу аддаваў творчай асобе народнага настаўніка як узорнага выхавацеля.
У 1920—30-я г. педагогіка на Беларусі развівалася як састаўная частка сав.пед. навукі. Даследаванні ў галіне педагогікі ў першыя гады сав. улады праводзілі Ін-тбел. культуры і кафедра педагогікі БДУ, НДІкамуніст. выхавання. У 1918 выдадзена «Беларуская граматыка для школ» Б.А.Тарашкевіча — першае навук. абагульненне асн. заканамернасцей жывой бел. мовы, літ. мовы беларусаў. Выдадзены працы І.І.Замоціна «Мастацкая літаратура ў школьным выкладанні» (вып. 1—2, 1927—28), П.Я.Панкевіча «Політэхнічная школа ў сувязі з развіццём сучаснай буйной індустрыі» (1928), падручнікі «Граматыка і сінтаксіс» і «Беларуская мова» І.Пратасевіча і І.Самковіча, (1933), «Граматыка» А.С.Саломеніна і Н.І.Шэўчыка (1934). Шмат разоў перавыдаваліся падручнікі па бел. мове для 5—10-х класаў Ю.Шакаля. У пасляваенныя гады бел. вучоныя сумесна з настаўнікамі распрацоўвалі тэарэт. праблемы педагогікі і прыватных методык. Ствараліся падручнікі і метадычныя дапаможнікі для настаўнікаў бел. мовы і літаратуры, працы па педагогіцы, гісторыі нар. асветы і пед. думкі на Беларусі. У 1979 у Маскве выйшаў навуч. дапаможнік І.Ф.Харламава «Педагогіка» (2-е выд. 1990). У канцы 1990-х г. вучоныя-педагогі Д.І.Вадзінскі, А.А.Грымаць, А.І.Жук, В.Л.Жук, І.І.Казімірская, В.А.Капранава, Р.С.Піёнава. С.А.Пуйман, М.К.Сцепаненкаў і інш. выдалі ў Беларусі і за яе межамі шэраг дапаможнікаў па педагогіцы і гісторыі педагогікі. У сувязі з укараненнем у сістэму адукацыі Беларусі нац. падручнікаў бел. педагогі і метадысты стварылі арыгінальныя падручнікі, навуч.-метадычныя дапаможнікі, вучэбна-метадычныя комплексы для вучняў і педагогаў (У.К.Андрэенка, Ц.С.Бародзіч, Г.М.Валочка, А.А.Ганчарова, І.Р.Гікалава, А.Ф.Журба, В.У.Івашын, А.К.Клышка, Б.М.Крайко, М.А.Лазарук, А.Я.Ленсу, П.І.Лявонава, Л.А.Мурына, І.І.Паўлоўскі, В.У.Протчанка, А.У.Рагуля, У.Н.Сідарцоў, Р.Р.Цітова, Р.Р.Чэчат, М.Г.Яленскі, М.С.Яўневіч і інш.).
У 2-й пал. 20 — пач. 21 ст. даследаваліся і даследуюцца: гісторыя асветы. школы, пед. думкі і навукі Беларусі, выкарыстанне вопыту еўрап. і сусв. сістэмы адукацыі (Е.Г.Андрэева, У.І.Андрэеў, А.М.Анікіевіч, В.С.Болбас, В.У.Буткевіч, С.В.Снапкоўская, С.А.Умрэйка і інш.); тэорыя і метадалогія даследаванняў у галіне пед. навук, пед. інаватыка (Б.В.Пальчэўскі, І.І.Цыркун, І.Ф.Харламаў і інш.); тэарэтыка-метадалагічныя асновы творчасці, выхаванне творчай асобы (І.А.Малахава, В.М.Навумчык, У.П.Пархоменка, Я.С.Рапацэвіч і інш.); тэорыя, метадалогія, методыкі і тэхналогіі навучання бел. і рус. мовам у школах і ва ўстановах нац. сістэмы адукацыі (М.Б.Анціпава, Н.С.Віслабокава, А.А.Гулецкая, Г.І.Нікалаенка і інш.); тэорыя, метадалогія, змест, методыкі і тэхналогіі выкладання і навучання розным прадметам ва ўстановах адукацыі Беларусі (В.Л.Жук, С.С.Кашлёў, К.У.Лаўрыновіч, Н.А.Масюкова, Н.М.Ніжнёва, І.А.Новік, А.М.Радзькоў, А.П.Сманцар, А.С.Шылава і інш.); тэорыя, метадалогія, методыкі, тэхналогіі сямейнага, дашкольнага і грамадскага выхавання (М.Г.Агурцоў, Г.П.Арлова, Г.А.Бутрым, У.Ф.Валадзько, К.У.Гаўрылавец, Я.Д.Грыгаровіч, У.Т.Кабуш, Ф.У.Кадол, І.І.Калачова, Н.К.Катовіч, В.В.Мартынава, І.І.Рыданава, М.А.Станчыц, М.М.Ярмалінская і інш.); выхаванне, навучанне, развіццё дзяцей-сірот, дзяцей, пазбаўленых бацькоўскай апекі, дзяцей-інвалідаў і дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (С.С.Бубен, С.Я.Гайдукевіч, Т.А.Грыгор’ева, У.П.Грыханаў, Л.А.Зайцава, А.М.Змушко, А.М.Калініна, А.М.Канаплёва, М.Я.Кобрынскі, Т.Л.Ляшчынская, А.С.Сляповіч, Л.І.Смагіна і інш.); тэорыя, метадалогія, змест, методыкі фіз. выхавання, фіз. культуры, спорту і спарт. трэніроўкі, здаровага ладу жыцця і фіз. рэабілітацыі дзяцей, моладзі і ўсіх катэгорый насельніцтва (В.А.Баркоў, І.У.Бельскі, С.Дз.Бойчанка, А.І.Бондар, Л.Дз.Глазырына, А.А.Гужалоўскі, В.А.Каляда, А.Р.Фурманаў, Т.П.Юшкевіч і інш.); прафес., прафес.-тэхн. адукацыя, падрыхтоўка рабочых кадраў (М.В.Ільін, Э.М.Каліцкі, Ю.З.Кушнер, А.В.Лук’яновіч, Л.С.Сматрыцкі, Г.В.Сяркуццеў, М.А.Цыральчук, А.Х.Шкляр і інш.); сістэма паслядыпломнай адукацыі (А.І.Андарала, А.І.Жук, М.І.Запрудскі, Н.М.Кошэль, М.І.Міцкевіч і інш.); фарміраванне асобы настаўніка (М.В.Кухараў, В.П.Таранцей, Г.В.Торхава, Л.Н.Ціханаў і інш.).
Пытанні тэорыі і практыкі педагогікі распрацоўваюць супрацоўнікі Нац. ін-та адукацыі, кафедраў педагогікі ВНУ, адпаведных кафедраў Рэсп. ін-та прафес. адукацыі. Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, абл. ін-таў павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі, аддзялення псіхолага-пед.навук.Бел. акадэміі адукацыі і інш.
Літ.:
Пинкевич А.П. Советская педагогика за десять лет. М. 1927;
Из истории школы Белоруссии и Литвы. М., 1964;
Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968;
Антология педагогической мысли Белорусской ССР. М., 1986;
Валадзько У.Ф. Канцэпцыя выхавання ў нацыянальнай школе Беларусі. Мн., 1993;
Паўлоўскі II. Моўная адукацыя малодшых школьнікаў: Тэарэтыка-дыдактыч. даслед. Мн., 1998;
Кабуш В.Т. Гуманистическая воспитательная система: Теория и практика. Мн., 2001;
Снапкоўская С.В. Гісторыя адукацыі і педагагічнай думкі Беларусі (60-я гг. XIX — пачатак XX ст.). Мн., 2001;
Формирование индивидуального стиля деятельности будущего учителя: теоретический аспект. Мн., 2004;
Чечет В.В. Педагогика семейного воспитания. Мозырь, 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРАДЖЭ́ННЕ, Рэнесанс,
эпоха станаўлення ў Еўропе духоўнай культуры Новага часу (14—1-я пал. 17 ст.). Абумовіла прагрэс. змены ў эканам. і сац.-паліт. жыцці еўрап. краін: развіццё гарадоў, зараджэнне элементаў бурж. адносін і таварна-грашовай гаспадаркі, фарміраванненац. дзяржаў і абсалютных манархій, актывізацыю антыфеад. рухаў і рэліг. барацьбы, секулярызацыю духоўнага жыцця грамадства. У паняцце «Адраджэнне» ўключаюць таксама грамадска-культ. рух у еўрапейскіх, у т. л. славянскіх, народаў, знітаваных агульным духоўна-культ. уздымам, вызв. барацьбой, абуджэннем нац. свядомасці і станаўленнем дзяржаўнасці (каралінгскае Адраджэнне, балгарскае Адраджэнне і інш.). М.Багдановіч, аўтар паняцця «беларускае Адраджэнне», уключаў у гэты працэс і нац.-культ. развіццё бел. народа ў 16 — пач. 20 ст. (гл.Адраджэнне нацыянальнае). Характэрная асаблівасць Адраджэння — зварот да культуры антычнасці як зыходнага пункта для фарміравання новай, пераважна свецкай, еўрап. культуры, апорай якой станавіліся гарады, двары і маёнткі феадалаў, багатых мяшчан, а выразнікамі — прадстаўнікі новай інтэлігенцыі, перадавыя грамадскія і паліт. дзеячы і інш. У іх асяроддзі фарміраваўся рэнесансава-гуманіст. светапогляд, аснову якога складалі тры вядучыя прынцыпы: вучэнне пра абсалютную свабоду (неабмежаваныя магчымасці чалавека ў яго адносінах да свету, самога сябе, пазнання і творчасці); уяўленне пра самакаштоўнасць чалавечага жыцця, або рэнесансавы антрапацэнтрызм; натуралізм як пераважны спосаб інтэрпрэтацыі прыродна-сац. рэчаіснасці і чалавека. У культуры і светапоглядзе рэнесансавых гуманістаў побач з раннебурж., саслоўна-класавымі сцвярджаліся вечныя, агульначалавечыя каштоўнасці; свецкія элементы цесна перапляталіся з рэліг., хрысціянскія — з язычніцкімі, натуралістычныя і навук. — з містычнымі і астралагічнымі, ідэі «агульнага дабра» — з гранічным індывідуалізмам і амаралізмам; вучэнне пра высокую годнасць чалавека. — з усведамленнем яго бяссілля ў існуючых грамадскіх умовах. Эпоха Адраджэння адметная вял.геагр. адкрыццямі, буйнымі дасягненнямі ў развіцці тэхнікі, навукі і мастацтва, узнікненнем кнігадрукавання.
У розных краінах Адраджэнне не супадала храналагічна і тыпалагічна. У адрозненне ад класічнага італьян. Адраджэння, рэнесансавую культуру ў некаторых краінах Зах. і Цэнтр. Еўропы (Германія, Скандынаўскія краіны, Англія і г.д.) называюць Паўночным Адраджэннем, асаблівасці якога: кампраміс з сярэдневяковымі традыцыямі, сувязь з рэліг. і нац.-культ. рухамі, Рэфармацыяй і інш. Да такога тыпу належыць і ўсходнееўрап. Адраджэнне (Беларусь, Украіна, Літва), дзе інтэнсіўна развіваліся нац. самасвядомасць, навука і культура, значных поспехаў дасягнулі л-ра і мастацтва.
Навука і тэхніка. Адной з адметных рысаў эпохі Адраджэння было ўзнікненне навук. прыродазнаўства. Гэтаму спрыялі практычныя патрэбы грамадства (гандаль, мараплаванне, буд-ва, ваен. справа), а таксама ўзнікненне новага, антыдагматычнага светапогляду.
Найб. значныя адкрыцці ў астраноміі, геаграфіі, тэхніцы, Вялікія геаграфічныя адкрыцці (Х.Калумба, Васка да Гамы і інш.) пацвердзілі шарападобнасць Зямлі і стымулявалі станаўленне геалогіі, батанікі, заалогіі і этнаграфіі. Адкрыццё М.Капернікам геліяцэнтрычнай сістэмы свету дало новы імпульс развіццю дакладнага прыродазнаўства, што прывяло да стварэння ў канцы 17 ст. механікі І.Ньютана. Італьян. вучоны А.Везалій працай «Пра будову чалавечага цела» (1543) заклаў асновы анатоміі. Ісп. вучоны М.Сервет блізка падышоў да адкрыцця кругавароту крыві ў арганізме. Хім. даследаванні ўласцівасцяў розных мінералаў (Ф.Парацэльс і інш.) далі пачатак навук. фармакалогіі, садзейнічалі ўзнікненню клінічнай медыцыны і новых метадаў лячэння хваробаў. У выніку адкрыццяў у матэматыцы, механіцы і астраноміі знойдзены спосабы рашэння агульных ураўненняў 3-й і 4-й ступеняў (італьян. матэматыкі Дж.Кардана, Н.Тарталья, Л.Ферары), распрацавана сучасная літарная сімволіка (франц. матэматык Ф.Віет), уведзены дзесятковыя дробы і адкрыты закон раўнавагі сіл на нахільнай плоскасці (галандскі вучоны С.Стэвін). Эксперыментальна вывучаліся законы падзення целаў (Г.Галілей), руху планет (І.Кеплер), стваралася тэорыя простых механізмаў. Леанарда да Вінчы сканструяваў ткацкі станок, прадзільную і землечарпальную машыны, прапанаваў праекты лятальнага апарата, парашута і вял. гідратэхн. збудаванняў. Дасягненні матэматыкі і механікі спрыялі развіццю буд. справы, архітэктуры і караблебудавання. Вырабляліся машыны і механізмы для падымання грузаў і інш. работ, гідраўлічныя рухавікі, такарныя станкі, агнястрэльная зброя, удасканальваліся працэсы выплаўкі металаў і шліфавання шкла. Вынаходства падзорнай трубы і мікраскопа ўзбагаціла эксперым. метады даследаванняў. Усё гэта спрыяла аб’ектыўнаму пазнанню рэчаіснасці, развіццю філас. думкі, пашырэнню асветы і адукацыі.
Філасофія Адраджэння процістаяла схаластыцы, хоць і не парывала з сярэдневяковай традыцыяй. Вылучаліся яе этыка-гуманіст., неаплатанічная і натурфілас. лініі. Першая (Калуна Салютацы, Леанарда Бруні, Ларэнца Вала, Піка дэла Мірандала, Эразм Ратэрдамскі, Ф.Скарына, М.Мантэнь) вылучалася цікавасцю да чалавека, яго прызначэння, унутр. свету, магчымасцяў і свабоды, выкарыстаннем сац.-этычных ідэй памяркоўнага стаіцызму (у духу «грамадзянскага гуманізму») і эпікурэізму (у духу раннебурж. індывідуалізму). Для прадстаўнікоў Паўночнага Адраджэння характэрна спроба гуманіст. перапрацоўкі хрысц. этыкі (Эразм Ратэрдамскі, Скарына і інш.). Неаплатанічная лінія Адраджэння (М.Кузанскі, Марсіліо Фічына) знітавана з пастаноўкай радыкальных анталагічных праблем, стварэннем пантэістычнай карціны свету, распрацоўкай дыялектычных ідэй. Прадстаўнікі натурфілас. лініі (Ф.Парацэльс, Дж.Кардана, Б.Тэлезіо, А.Доні, Ф.Патрыцы, Дж.Бруна, Т.Кампанела) разглядалі свет і чалавека, зыходзячы пераважна з «уласных пачаткаў», абапіраючыся на вопыт, навук. дасягненні, гіст. практыку і нар. мудрасць. Найб. значны вынік філасофіі Адраджэння — натураліст. пантэізм (Бруна), і яго аналаг — містычны пантэізм (Т.Мюнцэр, Я.Бёме). У эпоху Адраджэння ўзнікла і новае прыродазнаўства (Леанарда да Вінчы, М.Капернік). Геліяцэнтрычнае вучэнне абумовіла радыкальны перагляд філас. уяўленняў пра сусвет. На яго падставе Бруна распрацаваў касмалагічнае вучэнне пра бясконцасць Сусвету. У той жа час рабілася намаганне аднавіць аўтэнтычнае вучэнне Арыстоцеля, скажонае схаластыкай і натуралістычнай інтэрпрэтацыяй арыстоцелізму (П.Пампанацы). Узнікла сац. утопія (Т.Мор, Кампанела, развівалася новая паліт. думка (Н.Макіявелі, Ж.Бадэн, А.Маджэўскі, А.Волан), у якой гісторыя трактавалася як вынік мэтанакіраванай дзейнасці людзей, дзярж. палітыка аддзялялася ад рэлігіі і маралі (Макіявелі) або шчыльна звязвалася з імі (Ж.Кальвін, Волан). Сац.-паліт. філасофія Адраджэння зыходзіла з перакананняў неабходнасці ўдасканальваць існуючае грамадства, дзяржаву, царкву, норавы. Рэнесансавыя ідэі адлюстраваліся ў рэфармац. вучэннях, у якіх сцвярджалася суверэннасць індывід.рэліг.-маральнай свядомасці чалавека (М.Лютэр, Скарына).
На Беларусі ў 15 — 1-й пал. 17 ст. ўжо існавалі пэўныя перадумовы для развіцця культуры Адраджэння: эканам. і сац.-паліт. ўзмацненне гарадоў, актывізацыя прагрэс. рэфармісцкага руху (агр., адм., суд., ваен. рэформы 1550—80-х г.), у выніку якіх адбывалася паліт. цэнтралізацыя і дзярж.-прававая стабілізацыя бел.-літоўскага грамадства. Сведчаннем Адраджэння на Беларусі было фарміраваннебел. народнасці і рост яе самасвядомасці, пашырэнне міжнар.культ. сувязяў, гуманіст. і рэфармацыйны рух. Секулярызацыя духоўнага жыцця тут выявілася ў развіцці адукацыі, кнігадрукавання, прытоку разнастайнай кніжнай прадукцыі з-за мяжы і камплектаванні айч. бібліятэк, мецэнацтва і ўзнікнення гуманіст. цэнтраў пры дварах буйных феадалаў (Слуцкіх, Радзівілаў, Хадкевічаў, Кішкаў, Глябовічаў і інш.), захапленні ант. культурай, станаўленні бел. л-ры і літ. мовы, развіцці гістарыяграфіі, філас. і грамадска-паліт. думкі, прававой тэорыі і практыкі, выяўл. мастацтва, архітэктуры, музыкі. На Беларусі Адраджэнне адбывалася ў спецыфічных умовах узаемадзеяння ўсх. і зах.рэліг.-царк. і духоўна-культ. тэндэнцый, станаўлення бел. культуры ў складзе поліэтн. і рознарэліг. дзярж. ўтварэння (ВКЛ, Рэчы Паспалітай), незавершанасці працэсаў нац. і дзярж. дыферэнцыяцыі бел., укр. і літ. народаў. Характэрнымі рысамі айч. Адраджэння была наяўнасць у ВКЛ адноснай рэліг. талерантнасці, узаемадзеянне і ўзаемапранікненне бел., укр., літ., польскай і рус. культур, развіццё і функцыянаванне рэнесансавай культуры ва ўмовах каталіцкай экспансіі і Контррэфармацыі. Рэнесансавы гуманізм тут часцей выяўляўся як «хрысціянскі гуманізм»: захоўваліся асн. прынцыпы хрысціянства і рэвізаваліся некаторыя яго традыцыйна-сярэдневяковыя ўяўленні і паняцці: фарміраваўся бел. менталітэт — спецыфічны спосаб светаўспрымання і светаадчування, які вызначаў нац. характар і своеасаблівасць духоўнай культуры Беларусі; развівалася айч.філас. і грамадска-паліт. думка, л-ра, архітэктура, выяўл. мастацтва, музыка, тэатр.
У развіцці айч. грамадскай думкі эпохі Адраджэння вылучаюць 3 перыяды: 1-ы (пач. 16 ст. — 1550-я г.; ад Скарыны да Рэфармацыі) звязаны з пранікненнем у грамадскую свядомасць ідэі аднаўлення; 2-і (сярэдзіна — канец 16 ст.) — з сінтэзам рэфармацыйна-гуманіст. тэорыі і сац.-дзярж. практыкі; 3-і (канец 16 ст. — 1-я пал. 17 ст.) — з рацыяналізацыяй рэнесансава-гуманіст. думкі і выхадам яе на агульнаеўрап. арэну (сацыніянства), акумуляцый рэнесансавых ідэй дзеячамі грамадска-рэліг. барацьбы, якая разгарнулася пасля Брэсцкай уніі 1596, культурай айч. барока. У галіне анталогіі, гнасеалогіі і метадалогіі ідэі Адраджэння выяўляліся пераважна ў рэліг.-тэалагічнай форме (рацыяналізм С.Буднага і інш.). Існаваў і ўласна філас. спосаб фармулёўкі асн. уяўленняў (С.Лован, К.Лышчынскі), у якіх аналізаваліся пытанні сутнасці Бога, натуры Хрыста, паходжання свету (Брэсцкая біблія, «Хроніка» М.Стрыйкоўскага), разуменне цудаў, несмяротнасці душы, замагільнага жыцця, суадносін ідэальнага і матэрыяльнага, пазнання, веры і розуму, багаслоўя і філасофіі і інш. Вучэнне айч. мысліцеляў пра мараль было заснавана на прызнанні натуральнай прыроды чалавека, перакананні ў магчымасці яе ўдасканалення праз індывід. намаганні. Гуманізаваліся і набліжаліся да рэальнага жыцця ідэі хрысц. этыкі, адраджаліся філас.-этычныя вучэнні стоікаў, Цыцэрона, эпікурэйцаў, па-новаму інтэрпрэтавалася платонаўскае і арыстоцелеўскае вучэнне пра мараль. У рамках праблемы чалавека, яго адносін да Бога, навакольнага асяроддзя, грамадства ўзнімаліся пытанні шчасця, сэнсу жыцця, агульнага і індывід. дабра, свабоды выбару, адказнасці, маральнага і інтэлектуальнага ўдасканалення, грамадз. абавязку і інш. (Скарына, М.Гусоўскі, М.Літвін, С.Кашуцкі, Волан, Якуб з Калінаўкі, М.Чаховіц, Сімяон Полацкі). Асн. праблема сац.-паліт. і прававой думкі айч. Адраджэння — удасканаленне грамадства і дзяржавы (Скарына, С.Будны, А.Валовіч, Л.Сапега, Волан). Геніяльным прадбачаннем Гусоўскага сталі ідэі экалагічнага выхавання чалавека. У працэсе станаўлення нац. самасвядомасці на 1-м этапе (16 ст.) пераважалі этнакульт. кампанент і секулярызаваная канцэпцыя нац. каштоўнасцяў (Скарына, С.Будны, В.Цяпінскі); на 2-м этапе (канец 16 — 1-я пал. 17 ст.) нац. свядомасць выяўлялася пераважна ў працэсе рэліг.-канфесіянальнага самавызначэння (С.Зізаній, М.Сматрыцкі, І.Пацей і інш.). Праблемы нац.-культ. суверынітэту бел. народа вырашаліся ў барацьбе за сцвярджэнне ў грамадстве і дзяржаве прынцыпу талерантнасці, верацярпімасці (С.Будны, Сапега, Сматрыцкі).
Літаратура. У адрозненне ад саслоўнай л-ры сярэднявечча, якая стваралася на мясц. дыялектах або на латыні, у эпоху Адраджэння ўзніклі першыя нацыянальныя (паводле мовы і значэння) літаратуры.
Росквіт італьян. л-ры ў 14—16 ст. (лірыка Ф.Петраркі, навелы Дж.Бакачыо, этычныя і паліт. трактаты палемістаў ад Петраркі да Н.Макіявелі, паэмы Л.Арыёста і Т.Таса) вылучылі італьян. культуру як трэцюю (побач з дзвюма антычнымі) класічную для інш. краін. У Германіі і Нідэрландах л-ра Адраджэння развівалася паралельна з Рэфармацыяй і знайшла ўвасабленне ў публіцыстыцы і антыклерыкальнай сатыры («Карабель дурняў» С.Бранта, «Пахвала дурасці» Эразма Ратэрдамскага, «Пісьмы цёмных людзей» У. фон Гутэна). Рэнесансавая л-ра Францыі акрамя антычнай і італьян. культуры абапіралася і на нар. «гальскую» традыцыю вальнадумства (лірыка Ф.Віёна, К.Маро); яе вяршыня — раман Ф.Рабле «Гарганцюа і Пантагруэль», лірыка П.Рансара. Помнікам позняга Адраджэння (перыяду рэліг. войнаў 2-й пал. 16 ст.) сталі «Вопыты» М.Мантэня. Са слав. л-р Адраджэнне найб. яскрава праявілася ў паўд.-славянскай (т.зв. далмацінска-дуброўнідкае Адраджэнне) і ў польскай. У Дуброўніку і інш. вольных гарадах з канца 15 ст. развівалася далмацінская л-ра, блізкая да суседняй італьянскай. У Польшчы Адраджэнне звязана пераважна з узвышэннем шляхты ў 16 ст. і з Рэфармацыяй (абаронца шляхецкай дэмакратыі М.Рэй — аўтар першых твораў на польск. мове). У Англіі росквіт гуманіст. л-ры канца 16 ст. звязаны з творчасцю Ф.Сідні, Э.Спенсера, Дж.Лілі. Сусв. славу англ. Адраджэнню прынёс тэатр канца 16 — пач. 17 ст. Цікавасць да «тытанічнай» асобы, паэтызацыя нац. мінулага, народнасць ідэй, вольная форма драмы характэрныя драматургіі У.Шэкспіра. Фінальнай з’явай ісп. і ўсяго еўрап. Адраджэння стала творчасць М.Сервантэса, асабліва яго раман пра Дон Кіхота, заснаваны на трагікамічным канфлікце паміж гераічнай асобай і варожай яму сістэмай грамадскага жыцця.
Характэрная рыса літ. працэсу Беларусі эпохі Адраджэння — узаемадзеянне ўсх., візантыйска-праваслаўных і зах., лаціна-каталіцкіх традыцый, сярэдневяковых і рэнесансавых тэндэнцый. Побач з царк.-рэліг. л-рай у 15—16 ст. Усё больш выкарыстоўвалася жывая нар. мова, якая падрывала манаполію царк.-слав. мовы. З’явіліся бел. пераклады свецкіх твораў замежнай л-ры («Жыціе Аляксея, чалавека Божага», «Аповесць пра трох каралёў»), кніг Бібліі. Вял. ролю ў станаўленні нац. л-ры Беларусі адыграла свецкае дзелавое пісьменства на старабел. мове (матэрыялы велікакняжацкай і інш. канцылярый, дзярж. прывілеі, граматы, Статуты ВКЛ і інш.), новыя бел. летапісы («Беларуска-літоўскі летапіс 1446», «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», «Хроніка Быхаўца» і інш.), якія адначасова былі і гіст. аповесцямі. Высокімі літ.-маст. якасцямі вызначаліся «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» М.Стрыйкоўскага, Баркулабаўскі летапіс. Здабыткам бел. л-ры эпохі Адраджэння стала творчая спадчына паэтаў-лаціністаў пач. 16 ст. М.Гусоўскага («Песня пра зубра») і Я.Вісліцкага («Пруская вайна»). Важным этапам у развіцці айч. л-ры эпохі Адраджэння была дзейнасць Ф.Скарыны, заснавальніка ўсходнеслав. кнігадрукавання. Яго прадмовы і пасляслоўі да біблейскіх кніг — высокамаст. і арыгінальныя творы бел. л-ры пач. 16 ст. Яны сведчаць пра талент Скарыны як пісьменніка, паэта, гімнографа, рытара, мастака. На працягу 15 — пач. 17 ст. ў ВКЛ утварыўся шэраг культ.-асв. цэнтраў з буйнымі сховішчамі рукапісных і друкаваных кніг, скрыпторыямі, друкарнямі, школамі (Заблудаў, Брэст, Нясвіж, Заслаўе, Лоск, Вільня, Полацк, Слуцк, Любча і інш.), дзе працавалі кнігавыдаўцы, перакладчыкі, паэты, публіцысты. Тут выдаваліся тэалагічныя і літургічныя творы розных канфесій, гіст., філас., паліт. трактаты, творы ант. пісьменнікаў, падручнікі па граматыцы, рыторыцы, паэтыцы. Рэфармацыйна-гуманіст. рух, рэліг.-грамадская барацьба 16 — 1-й пал. 17 ст. спрыялі дзейнасці многіх таленавітых літаратараў, якія пісалі на бел., польск., лац. мовах (С.Будны, В.Цяпінскі, С.Кашуцкі, А.Волан, Л.Сапега, С. і Л.Зізаніі, І.Пацей, Л.Карповіч, М.Сматрыцкі, Я.Пашкевіч, І.Руцкі, Афанасій Філіповіч, Б.Будны, А.Рымша, Я.Радван, С.Грахоўскі, Я.Казаковіч, Л.Мамоніч, Г.Пельгжымоўскі, Ф.Іяўлевіч, Я.Пратасевіч, М.Сарбеўскі, Сімяон Полацкі і інш.). Росквіту дасягнула публіцыстыка — палемічная л-ра розных жанраў: ліст (пасланне), адказ (водпаведзь), слова (казанне), лямант (плач), прадмова. У паэзіі дамінаваў жанр эпіграмы, якой надавалася актуальнае маральнае і грамадскае гучанне, а таксама вершаваныя звароты да чытача, эпітафіі і інш. З’явіліся вершаваныя паэмы Рымшы «Дзесяцігадовая аповесць пра ваенныя справы... Крыштофа Радзівіла», Пельгрымоўскага «Пасольства да вялікага князя маскоўскага», Іяўлевіча «Лабірынт, або Заблытаная дарога», парадыйна-сатыр. творы, напісаныя сакавітай нар. мовай («Прамова Мялешкі»). Цікавасць да прыватнага жыцця чалавека абумовіла развіццё мемуарнай л-ры (Ф.Еўлашоўскі, Ф.Кміта-Чарнабыльскі, А.Каменскі-Длужык, Я.Цадроўскі і інш.). Разам са школьным тэатрам узнікла драма (Сімяон Полацкі). Зараджалася тэорыя вершаскладання (Л.Зізаній, Сматрыцкі). Помнікамі айч. прозы сталі трактаты па паэтыцы, рыторыцы, тэорыі л-ры выкладчыкаў бел. калегіумаў, віленскай акадэміі («Пра дасканалую паэзію» Сарбеўскага, «Практычнае красамоўства» С.Лаўксміна і інш.).
Выяўленчае мастацтва і архітэктура. Народжанае адмаўленнем сярэдневяковай умоўнасці і сімволікі, мастацтва Адраджэння несла ідэі гуманізму, узвышала чалавека-мысліцеля. У цэнтры яго — гарманічна развіты чалавек.
У перыяд ранняга Адраджэння (15 ст.) мастацтва Італіі развівалася ў рамках Фларэнційскай, Умбрыйскай, Падуанскай і Венецыянскай школ жывапісу. Мастакі гэтых школ у сваёй творчасці спалучалі ідэі ант. гуманізму і рэалізму, заснаваныя на вывучэнні натуры, уяўленні пра фіз. хараство і духоўную веліч чалавека. Яны ўзбагацілі мастацтва дакладным веданнем будовы чалавечага цела, перадачай перспектывы, ракурсаў, святлаценяў і г.д. Гэта найб. яскрава выявілася ў разнастайнай па характары творчасці жывапісцаў Мазачыо, Д.Гірландайо, А.Мантэнья, П’ера дэла Франчэска, С.Батычэлі, Анджэліка, П.Перуджына, сем’яў Беліні, Ліпі, скульптараў Л.Гіберці, Данатэла, Якопа дэла Кверча, Лука дэла Робія, А.Верок’ё. Апрача станковага жывапісу шырока развівалася мастацтва фрэскі. Рэалізм высокага Адраджэння (канец 15 — 1-я чвэрць 16 ст.) дасягнуў класічнай яснасці, манументальнасці вобразаў і абагульнення (Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Мікеланджэла, А.Карэджа, Тыцыян, Джарджоне, П.Веранезе, Я.Тынтарэта, Джуліо Рамана і інш.). У перыяд феад. рэакцыі і Контррэфармацыі (з пач. 16 ст.) у Італіі ўзнікла мастацтва маньерызму, якое вызначалася суб’ектывізмам, манернасцю, вытанчанасцю формы (Я.Панторма, А.Бранзіна, Ф.Парміджаніна, Б.Чэліні). У дэкар. мастацтве створаны ўзоры тканін, эмаляў, шкла, маёлікі, вырабаў з металу, кашт. камянёў і інш. З 15 ст. развіваецца мастацтва залочанай разьбы, «чартазіянская мазаіка». На новай аснове фарміравалася і архітэктура. Распрацоўваліся і ажыццяўляліся прынцыпы рэгулярнай забудовы гарадоў, у якіх акрамя культавых збудаванняў ствараліся характэрныя для італьян. Адраджэння манум. палацца, вілы, шпіталі, фантаны і інш.Ант. ордэрная сістэма ўзбагаціла тэктоніку будынкаў, унесла ў дойлідства лагічную суразмернасць і гарманічную яснасць (Ф.Брунелескі, Л.Б.Альберці і інш.). На пач. 16 ст. ў Рыме пачаў складвацца агульна-італьян.арх. стыль (Д.Брамантэ, Дж. да Віньёла, Дж.Вазары). У Венецыі працавалі арх. М.Санмікелі, Я.Сансавіна, А.Паладыо. У Нідэрландах мастацтва Адраджэння супала з росквітам позняй готыкі, узнікла грамадз. архітэктура.З сярэдзіны 16 ст. тут фарміраваўся арх. стыль, які арыентаваўся на ант. і італьян. дойлідства эпохі Адраджэння. У жывапісе развіваецца пераважна партрэт і пейзаж, асаблівая ўвага звяртаецца на перадачу навакольнага асяроддзя (Рагір ван дэр Вейдэн, Хуга ван дэр Гус, Г.Мемлінг, Лука Лейдэнскі, Х.Босх, К.Масейс). Ян ван Эйк залажыў асновы, на якіх пасля развівалася нідэрл. мастацтва. У Германіі мастацтва Адраджэння высокага росквіту дасягнула ў канцы 15 — пач. 16 ст., асабліва ў жывапісе і гравюры (А.Дзюрэр, А.Альтдорфер, Г.Гольбейн Малодшы і інш.). У франц. мастацтве Адраджэння адметна творчасць мастакоў Ж.Фуке, Клуэ, скульптараў Ж.Гужона, Ж.Пілона; для архітэктуры каралеўскіх і дваранскіх замкаў характэрны вытанчаны стыль (замак Шамбор). Своеасаблівыя рысы набыло мастацтва Іспаніі, Чэхіі, Славакіі, Польшчы, Венгрыі.
Пад уплывам рэнесансавай культуры Зах. Еўропы ў выяўл. мастацтве Беларусі 16 — сярэдзіны 17 ст. склаліся асяродкі гуманіст. культуры (двары Жыгімонта Аўгуста ў Вільні, Радзівілаў у Нясвіжы, Алелькавічаў у Слуцку), развіваліся новыя віды і жанры мастацтва. У жывапісе пашыраўся партрэт, у якім праявілася рэнесансавае разуменне асобы чалавека. На аснове сінтэзу зах.-еўрап. формаў і візант.маст. спадчыны ўзнік нац. варыянт параднага партрэта (партрэт Міхаіла Барысавіча). Пэўны час ён існаваў побач з рэпрэзентатыўным (партрэт Ю.Радзівіла) і надзеленым рысамі псіхалагізму паўфігурным (партрэт К.Слуцкай-Радзівіл). Складваўся жанравы і батальны жывапіс (А.Вейдэ). Рэлігійнае мастацтва развівалася ў некалькіх кірунках. Алтарная карціна вызначалася пластычнасцю формаў, яркасцю палітры, элементамі лінейнай перспектывы, атрыбутамі гіст. моды («Пакланенне вешчуноў», пасля 1514). У іканапісе з яго поствізантыйскай традыцыяй з’явілася наватарская плынь: у сюжэтную канву ўводзіліся быт. і этнагр. дэталі, арх. краявіды («Тройца» з Дастоева, «Нараджэнне Марыі» з Маларыцкага р-на), узбагачаўся эмац. каларыт, арнаментыка фонаў («Параскева Пятніца», Слуцкі р-н; «Лука і Сымон», Лунінецкі р-н). Высокага ўзроўню дасягнула паліхромная драўляная скульптура і разьба алтароў (Іакім і Ганна, Жабінкаўскі р-н; Праабражэнскі касцёл у в. Новая Мыш, Баранавіцкі р-н). Пашыралася партрэтная пластыка надмагілляў (А.Гаштольда ў Вільні, М.К.Радзівіла ў Нясвіжы). Складалася медальерная школа (Я.Энгельгарт і інш.). Дасягнуў росквіту дрэварыт, з канца 16 ст. — медзярыт. Дасканаласцю выканання вылучаліся тытульныя лісты, застаўкі, ініцыялы, канцоўкі і ілюстрацыі ў выданнях Ф.Скарыны (Біблія, 1517—19), у Брэсцкай бібліі (1563), Статуце ВКЛ 1588. Узніклі графічныя партрэты (Скарыны, Жыгімонта III, М.Р.Радзівіла, В.Цяпінскага), геральдычныя кампазіцыі. Т.Макоўскі і інш. выконвалі арх. пейзажы, карты, ілюстрацыі да навук. трактатаў. З 16 — 1-й пал. 17 ст. дайшлі творы жывапісу, у якіх адлюстраваны тыповыя рысы еўрап. Адраджэння, асабліва ў пашыраным на бел. землях парадным (сармацкім) партрэце (Грызельда Сапега, Юрыя Радзівіла, Софіі Алелькаўны Радзівіл і інш.). У дэкар.-прыкладным мастацтве стылістыка Адраджэння выявілася ў арнаментацыі абкладаў абразоў (Будслаўская шата), царк. начыння і параднай зброі эмалямі, кашт. камянямі, літымі і чаканенымі накладкамі. З’явілася кафля з сюжэтнымі, гербавымі і партрэтнымі выявамі (Лагойск, Заслаўе), з каляровым глазураваным пакрыццём. З заснаваннем мануфактур (15 ст.) пашыраўся асартымент вырабаў са шкла. У бел. мастацтве 1-й пал. 17 ст. формы Адраджэння працягвалі суіснаваць з рысамі маньерызму, але ўсё больш саступалі месца стылістыцы барока.
У архітэктуры і горадабудаўніцтве Беларусі з эпохай Адраджэння звязаны спробы комплекснай рэканструкцыі гарадоў на аснове рэгулярнага плана, які формамі набліжаўся да прамавугольніка, авала, паўавала (Нясвіж, Быхаў, Слуцк). Цэнтрам яго кампазіцыі звычайна была плошча з ратушай і храмамі. Будаваліся таксама палацы, шпіталі, дамы цэхавых брацтваў і інш. Напачатку рысы рэнесансу спалучаліся з элементамі готыкі, але гатычныя формы збудаванняў пач. 17 ст. набывалі пластычны дэкор (Мірскі замак, Сынковіцкая царква-крэпасць, Мураванкаўская царква-крэпасць). Свецкая і культавая архітэктура паступова траціла суровыя абарончыя рысы: палацы афармляліся аркаднымі галерэямі (палац у Рагачове), з’явіліся храмы на ўзор ратонды з купалам (Смаргонскі кальвінскі збор), вежы некаторых храмаў аздабляліся дэкар. элементамі (Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква). Інтэр’ер узбагачаўся разнымі алтарамі, скляпенні — ляпнымі нервюрамі, якія ўтваралі дэкар. ўзор (Чарнаўчыцкі Троіцкі касцёл, Вішнеўскі касцёл Марыі).
Тэатр. У еўрап. т-ры 2-й пал. 15—16 ст. адбываўся паступовы пераход ад аматарскіх тэатр. формаў, звязаных з патрэбамі каталіцкай царквы, да прафес.т-ра, які існаваў як самастойная эстэт. і эканам. сістэма і абапіраўся на здабыткі ант.тэатр. мастацтва і тэорыю драмы.
Першыя спробы аднаўлення тэатра на ант. ўзор (напачатку стараж.-рымскі) зрабілі італьян. гуманісты. З канца 15 ст. ў Рыме, Ферары, Фларэнцыі на лац., потым і на італьян. мове ставілі творы П.Тэрэнцыя, Ц.М.Плаўта, Л.А.Сенекі; на пач. 16 ст. — творы нац. драматургіі («Куфэрак» Л.Арыёста, «Каляндра» Б.Давіцы, «Мандрагора» Н.Макіявелі), якія былі першай формай арыгінальнага рэнесансавага т-ра — італьян. вучонай камедыяй. Потым у рэпертуары з’явіліся трагедыя і пастараль. Пры дварах арыстакратаў, дзе звычайна адбываліся тэатр. паказы, пачыналі ўзводзіць і першыя тэатр. будынкі, арыентаваныя на рэстаўрацыю рымскай традыцыі. Пад уплывам рэнесансавага жывапісу развіваліся перспектыўныя дэкарацыі. З канца 16 ст. фарміруецца прынцыпова новы тып сцэны — сцэна-скрыня, які развіўся ў тэатры барока. Ант. мастацтва паўплывала на традыцыйныя нар.тэатр. формы многіх краін Еўропы, найперш на т-р Італіі, дзе створана камедыя дэль артэ, якая, не маючы сваёй сталай драматургіі, абапіралася на стараж.-рымскія традыцыі імправізацыйнага т-ра масак. У Англіі і Іспаніі ўздым познарэнесансавага еўрап.т-ра звязаны з драматургіяй У.Шэкспіра, М.Сервантэса, Лопэ дэ Вэгі. Працэс стварэння нац.т-ра ў Францыі і на ням. землях ішоў запаволена. У эпоху Адраджэння (да пач. 17 ст.) склаліся асн. прынцыпы драматургіі, арганізацыі тэатр. прасторы, акцёрскага майстэрства, функцыянавання тэатр. труп, якія надоўга вызначылі еўрап.тэатр. традыцыі і ў многім захаваліся да сучаснасці.
На Беларусі першыя еўрап.тэатр. формы (літургічная драма, школьны тэатр) з’явіліся ў 16 ст. праз дзейнасць каталіцкай царквы. Пазней, у эпоху барока, яны разам з прыдворным т-рам сталі важнымі кампанентамі бел.тэатр. культуры.
Музыка. У 14 — 1-й пал. 17 ст. ў муз. мастацтве адбыліся істотныя змены.
З’явілася нотадрукаванне, павялічылася роля свецкіх жанраў (шансон, мадрыгал, мадрыгальная камедыя, у канцы 16 ст. — опера, балет), пашырылася аматарскае музіцыраванне, самастойнай стала інстр. музыка (харальныя апрацоўкі, рычэркары, канцоны, прэлюдыі, такаты, фантазіі); адрадзілася цікавасць да танц. мастацтва. У традыцыйных царк. жанрах месе і матэце побач з грыгарыянскімі сталі выкарыстоўваць свецкія мелодыі. З пашырэннем храматызму, фарміраваннем мажору і мінору, гарманічнай функцыянальнасці, устанаўленнем новай трохгучнай канцэпцыі вертыкалі зазнала істотныя змены тэхніка кампазіцыі. На аснове агульнастыліст. заканамернасцяў адбывалася актыўнае фарміраванненац. школ — нідэрландскай (Г.Дзюфаі, І.Окегем, Я.Обрэхт, Жаскен Дэпрэ), італьян. (Палестрына, К.Джэзуальда ды Веноза, Л.Марэнцыо), франц. (К.Жанекен), ням. (Г.Фінк, Б.Рэзінарыус), англ. (Дж.Данстэйбл, У.Бёрд), ісп. (К. дэ Маралес, Т.Л. дэ Вікторыя), чэш. (Я.Т.Турноўскі, К.Гарант), польск. (Вацлаў з Шамотул, М.Гамулка). Тэорыю музыкі развівалі ў Італіі І.Тынкторыс, у Швейцарыі Гларэан, у Іспаніі Ф.Салінас і інш.
На Беларусі асн. асяродкамі муз. Адраджэння з’яўляліся брацкія школы, каталіцкія калегіумы, дзе была добра пастаўлена муз. адукацыя, практыкаваліся шматгалосыя харавыя спевы па 5-лінейнай нотнай сістэме. Асн. узорам новага нотнага запісу стаў псалтыр Яна Гуса, які засведчыў з’яўленне нотадрукавання. Пратэстанцкія канцыяналы, выдадзеныя ў Брэсце (зб. «Песні хвал боскіх», 1558), Нясвіжы і Любчы, побач з духоўнымі творамі змяшчалі свецкія песні. Сярод муз. дзеячаў Адраджэння на Беларусі — Вацлаў з Шамотул, Ц.Базылік, В.Бакфарк. У гэты час зарадзілася самабытная культура бел.канта, што стала значнай з’явай у прафес. свецкім і царк. мастацтве.
Літ.:
Культура эпохи Возрождения и Реформация. Л., 1981;
Лосев А.Ф. Эстетика Возрождения. М., 1978;
Баткин Л.М. Итальянские гуманисты: Стиль жизни и стиль мышления. М., 1978;
Культурные связи народов Восточной Европы в XVI в.: Проблемы взаимоотношений Польши, России, Украины, Белоруссии и Литвы в эпоху Возрождения. М., 1976;
Горфункель А.Х. Философия эпохи Возрождения. М., 1980;
Падокшын С.А. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1990;
Конон В.М. От Ренессанса к классицизму: (Становление эстет. мысли Белоруссии в XVI—XVIII вв.). Мн., 1978;
Сокол С.Ф. Политическая и правовая мысль в Белоруссии XVI — первой половины XVII в. Мн., 1984;
Галенчанка Г.Я. Францыск Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар. Мн., 1993;
Голенищев-Кутузов И.Н. Итальянское Возрождение и славянские литературы XV—XVI веков. М., 1963;
Саверчанка І.В. Старажытная паэзія Беларусі, XVI — першая палова XVII ст.Мн., 1992;
Дорошкевич В.И. Новолатинская поэзия Белоруссии и Литвы: Первая половина XVI в. Мн., 1979;
Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925. Мн., 1926;
Помнікі старажытнай беларускай пісьменнасці. Мн., 1975;
Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII ст.Мн., 1984;
Шрамкова Г. Искусство Возрождения: Италия, Нидерланды, Германия, Франция: [Альбом]. М., 1977;
Бенеш О. Искусство Северного Возрождения: Пер. с англ.М., 1973;
Шчакаціхін М. Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва. Мн., 1928;
Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 1. Мн., 1987;
Чантурыя В.А. История архитектуры Белоруссии. 2 изд. Мн., 1977;
Трусов О.А. Памятники монументального зодчества Белоруссии XI—XVII вв. Мн., 1988;
Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978;
Бернсон Б. Живописцы итальянского Возрождения: Пер. с англ.М., 1965;
Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. М., 1975;
Евдокимова Ю.К., Симакова Н.А. Музыка эпохи Возрождения. М., 1982.
С.А.Падокшын (агульная частка, філасофія, літаратура), А.Ю.Хадыка (выяўл. мастацтва і арх.), В.М.Арэшка (тэатр).
Да арт.Адраджэнне. С.Батычэлі. Вясна. Каля 1477-78.Да арт.Адраджэнне. Мікеланджэла. П’ета. 1498-1500.Да арт.Адраджэнне. Леанарда да Вінчы. Мадонна ў скалах. Каля 1497—1511.Да арт.Адраджэнне. Рафаэль. Мадонна з шчыглянём. 1507.Да арт.Адраджэнне. Джарджоне. Навальніца. 1506—07.Да арт.Адраджэнне. П.Перуджына. Мадонна з дзіцем і святымі. 1496.Да арт.Адраджэнне. Замак Шамбор у Францыі. Арх. Ж. і Д.Сурдо, П.Нево і інш. 1519—40.Да арт.Адраджэнне. Сабор Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ ў Фларэнцыі. Купал арх. Ф.Брунелескі. 1420—36.Да арт.Адраджэнне. Палац Дукале ва Урбіна (Італія). Унутраны двор. Каля 1470—1653.Да арт.Адраджэнне. Г.Гольбейн Малодшы. Партрэт Ш.Марэта. 1536.Да арт.Адраджэнне. А.Дзюрэр. Чатыры коннікі. «Апакаліпсіс». Гравюра на дрэве. 1498.Да арт.Адраджэнне. Апостал. Дрэва. Канец 16 ст. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.Да арт.Адраджэнне. Фрагмент арната з Пінска. Канец 15—16 ст.Да арт.Адраджэнне. Партрэт Грызельды Сапега. Невядомы мастак. 1630-я г. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.Да арт.Адраджэнне. Партрэт Юрыя Радзівіла. Мастак невядомы. 1590-я г. Нацыянальны мастацкі музей.Да арт.Адраджэнне. Тройца. Гравюра Ф.Скарыны з кнігі «Быццё». 1519.Да арт.Адраджэнне. Тэатральны паказ на плошчы ў Лувене (Бельгія). З гравюры 1594.Да арт.Адраджэнне. Кальвінскі збор у г. Смаргонь Гродзенскай вобласці. 16 ст. (злева); Спаса-Праабражэнская царква ў г. Заслаўе. 2-я пал. 16 ст.Да арт.Адраджэнне. Пацір. Канец 15 — пач. 16 ст. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі (злева); заслаўская кафля. Сярэдзіна 16 ст.Да арт.Адраджэнне. Майсей перад народам. Гравюра Ф.Скарыны з тытульнага ліста кнігі «Другі закон». 1519.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕЗНЫ ВЕК
Трэцім, завяршальным перыядам гісторыі першабытнага грамадства з’яўляецца жалезны век, або эпоха жалеза. Назва паходзіць ад асн. матэрыялу для вырабу прылад працы і зброі замест ранейшых каменю і бронзы. Жалеза пачалі шырока выкарыстоўваць адносна позна таму, што ў чыстым выглядзе яно амаль не сустракаецца, а руды яго вельмі тугаплаўкія. У 2-й пал. 2-га тыс. да н.э. металургія жалеза была асвоена ў Егіпце. Месапатаміі, Міжземнамор’і, Малой Азіі, Закаўказзі і Індыі, на мяжы 2-га і 1-га тыс. да н.э. — у Зах., Цэнтр. і Усх. Еўропе.
Перыяд жалезнага веку на тэр. Беларусі датуецца 8—7 ст. да н.э. — 4 ст.н.э. Узровень развіцця прадукц. сіл грамадства і суседства з кельцкімі і скіфскімі плямёнамі, якія добра асвоілі тэхніку металургіі і апрацоўкі жалеза, садзейнічалі пашырэнню яго і на тэр. Беларусі. На Пд Беларусі металургія жалеза зафіксавана на некалькі стагоддзяў раней, чым на Пн. Развіццё вытв-сці жалеза было забяспечана наяўнасцю мясц. сыравіны — бурых жалезнякоў, драўніны для вуглевыпальвання, гліны для пабудовы пячэй-домніц паўшарападобнай формы. Найб. раннія печы-домніцы выяўлены пры раскопках гарадзішчаў Лабеншчына (Мінскі р-н), Цербахунь (Віцебскі р-н), Свідна (Лагойскі р-н), Клішына (Крупскі р-н) і інш. Практычна на ўсіх паселішчах-гарадзішчах эпохі жалеза сустракаецца металургічны шлак — доказ выпрацоўкі тут жалеза. На буйных гарадзішчах існавалі спец. жалезаробчыя майстэрні, у якіх выраблялі прылады працы і зброю. У працэсе ўтварэння зыходнага металу напачатку атрымлівалі крыцу. Каб атрымаць з яе больш трывалыя вырабы, неабходны былі дадатковыя спосабы апрацоўкі — разнастайныя прыёмы кавання, зваркі, цэментацыі, а пазней і тэрмічнай апрацоўкі — гартавання. Найб. пашыранымі кавальскімі вырабамі былі нажы, сярпы, сякеры. Зробленыя з жалеза прылады працы былі значна мацнейшыя за каменныя і бронзавыя. Жалеза адыграла вял. ролю ў развіцці прадукцыйных сіл грамадства, што садзейнічала ўзнікненню ўмоў для накаплення матэрыяльных каштоўнасцей. З паяўленнем маёмаснай няроўнасці і абвастрэннем супярэчнасцей паміж родамі і плямёнамі паглыбіўся распад першабытнаабшчынных адносін, што спрыяла ўзнікненню прыватнай уласнасці, класаў і дзяржавы.
Найб. старажытныя жал. вырабы на тэр. Беларусі знойдзены на помніках мілаградскай культуры, плямёны якой пазнаёміліся з жалезам праз скіфаў. Нажы мілаградскай культуры напачатку тыпалагічна былі вельмі падобныя да скіфскіх. Трапляюцца і латэнскія тыпы прылад працы. Раннія вырабы з жалеза характэрны і для плямён паморскай культуры, што насялялі цэнтр. раёны Польшчы, бас.Зах. Буга і верхняй Прыпяці. На тэр.цэнтр. і паўн. Беларусі жал. вырабы з’явіліся ў сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. і належалі носьбітам культуры штрыхаванай керамікі, а таксама плямёнам днепра-дзвінскай культуры, што насялялі паўн. Беларусь, Смаленскую і Пд Пскоўскай абласцей. Росквіт чорнай металургіі і металаапрацоўкі ў гэтых плямён прыпадае на канец 1-га тыс. да н.э. — пач.н.э. У 3—2 ст. да н.э. — 2—5 ст.н.э. на тэр. пашырэння мілаградскай і ва ўсх. частцы арэала паморскай культур рассяляліся плямёны зарубінецкай культуры. У 2-м ст.н.э. на тэр.Бел. Падняпроўя і прылеглых да яго раёнаў вядомы помнікі тыпу Абідні (Адаменка), верхняя храналагічная мяжа якіх дасягае 5 ст.н.э. Некаторыя даследчыкі адносяць іх да верхнедняпроўскага варыянта кіеўскай культуры і лічаць, што асн. кампанентамі фарміравання гэтай культуры быў зарубінецкі субстрат. У зах. Палессі жал. век на завяршальнай стадыі прадстаўлены вельбарскай культурай, якая датуецца 2—4 ст.н.э.Найб. паказальны помнік гэтай культуры на Беларусі — могільнік Брэст-Трышын. На думку некаторых археолагаў, у фарміраванні вельбарскай культуры разам з мясц. насельніцтвам прымалі ўдзел вядомыя па пісьмовых крыніцах герм. плямёны готаў і гепідаў. Этнічныя характарыстыкі плямён жал. веку дакладна не вызначаны. Носьбітаў культур штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскай адносяць да балтаў. Этнічная прыналежнасць мілаградскіх, паморскіх і зарубінецкіх плямён з’яўляецца дыскусійнай. Адны даследчыкі лічаць іх праславянамі, другія — балтамі ці змешаным этнасам. Помнікі кіеўскай культуры большасць археолагаў адносяць да ранніх славян.
Распад першабытнаабшчынных адносін, сутыкненні паміж плямёнамі адбіліся на характары паселішчаў таго часу. Для вял. патрыярхальнай сям’і ці роду ствараліся ўмацаваныя паселішчы-гарадзішчы. якія мелі абарончую сістэму з валоў і равоў. На Пд Беларусі жыццё на гарадзішчах, размешчаных у цяжкадаступных месцах, працягвалася да першых стагоддзяў н.э.; на Пн — амаль да сярэдзіны 1-га тыс.н.э. У далейшым асн. формай паселішчаў станавіліся неўмацаваныя адкрытыя селішчы, а былыя гарадзішчы выкарыстоўваліся толькі ў часы небяспекі як сховішчы.
З пашырэннем ворнага земляробства ўзнікла асобная гаспадарка малой сям’і, у аснове аб’яднання якой не кроўныя сувязі, а агульнасць гасп. жыцця. Такія сем’і ўтваралі сельскую (суседскую, земляробчую) абшчыну, члены якой былі звязаны кругавой парукай, адказнасцю за вынікі гасп. дзейнасці, размеркаванне і захаванасць абшчыннай уласнасці, падтрыманне норм традыц. права і рэліг. вераванняў. Узнікла неабходнасць фарміравання пастаяннай дружыны. Распад родавага ладу адбіўся на рэлігіі насельніцтва. Побач з пакланеннем заступнікам роду пашыраўся культ прыродных стыхій. У перыяд ранняга сярэдневякоўя 5—8 ст. на тэр. Беларусі адбываўся пераход да класавага грамадства. Гэты перыяд адпавядаў ваен. дэмакратыі, якая паступова вяла грамадства да феад. адносін і ўтварэння дзяржавы.
У 5—6 ст.н.э. ва Усх. Еўропе пашырыліся помнікі пражскай культуры, якія належалі раннеслав. плямёнам. На тэр. Беларусі яны сустракаюцца з канца 4 ст.н.э. і аб’ядноўваюцца ў мясц. варыянт, вядомы як помнікі культуры тыпу Карчак. Яны прадстаўлены пераважна селішчамі (Петрыкаў, Снядзін) і грунтавымі пахаваннямі (Хорск, Хотамель, Снядзін і інш.). Насельніцтва гэтай культуры жыло ў зрубных паўзямлянках квадратнай формы. Пахавальны інвентар вельмі бедны і абмежаваны. Храналогія помнікаў пражскай культуры на тэр. Беларусі грунтуецца на тэхналогіі керамічнага комплексу і на невял. колькасці метал. і шкляных вырабаў (фібулы, спражкі, пацеркі), якія датуюцца 5—7 ст.н.э. (найб. ранняе селішча каля в. Востраў Пінскага р-на і ў г. Петрыкаў). Узнікненне гарадзішчаў-сховішчаў адносіцца да канца 6—7 ст. н.э.
Да інш. раннесярэдневяковых культур на тэр. Беларусі адносяцца калочынская, банцараўская, ранніх доўгіх і ўсходнелітоўскіх курганоў. Калочынская культура была пашырана ў паўд. частцы Бел. Падзвіння, басейнах сярэдняй Дзясны, Сейма, вярхоўяў рэк Сула і Псёл на Украіне і Расіі. Асн. тып яе пасяленняў — селішчы плошчай 0,5—1 га. Насельніцтва жыло ў дамах (6—24 м²) з драўлянымі сценамі, паглыбленымі ў грунт. Пахавальныя яго помнікі — грунтавыя могільнікі з крэмацыяй. Помнікі гэтай культуры ў Бел. Падняпроўі датуюцца 5—8 ст. Этнічная прыналежнасць культуры дыскусійная. На думку адных даследчыкаў (П.М.Траццякоў, Л.Д.Побаль і інш.) — гэта помнікі раннесярэдневяковых славян, іншыя (В.В.Сядоў, А.Р.Мітрафанаў) звязваюць культуру з балцкім насельніцтвам.
Банцараўская культура, ці культура тыпу верхняга пласта гарадзішча Банцараўшчына (каля Мінска), належала плямёнам, якія ў 5—8 ст.н.э. жылі ў цэнтр. і паўн. Беларусі. Асн. тыпам яе пасяленняў на раннім этапе былі селішчы, якія пазней размяшчаліся каля ранніх гарадзішчаў, што ў часы небяспекі ператвараліся ў сховішчы. Жытлы мелі наземны і паўзямлянкавы характар слупавой і зрубнай канструкцыі. Пахавальны абрад — трупаспаленне, рэшткі якога змяшчаліся ў грунтавых ямках у гаршках-урнах і без іх. Большасць даследчыкаў адносяць носьбітаў банцараўскай культуры да балцкага насельніцтва. Культура ўзнікла ў выніку ўплыву кіеўскай культуры на культуры штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскую.
У 5—7 ст.н.э. на Пн Беларусі, гал. чынам на правабярэжжы Зах. Дзвіны, склалася культура доўгіх курганоў (ранні этап). Доўгія курганы — валападобныя насыпы (даўж. ад 20 да 100 м і болей) з пахаваннямі паводле абраду трупаспалення (Янкавічы, Дарахі, Субаўшчына і інш.). Пахавальны інвентар нешматлікі: бляшкі-шкарлупінкі, шпоры з кручкамі, жал. спражкі, кераміка гладкасценная, падобная да пасудзін банцараўскай культуры. Адзінкавыя селішчы культуры вядомы на Пд Пскоўскай вобл. і вярхоўях р. Вялікая. Дакладна этнічная прывязка невядома. Найверагодней культура ранніх доўгіх курганоў адлюстроўвае складаныя этнакультурныя ўзаемаадносіны славянскага (пракрывічы), балцкага і фінамоўнага насельніцтва.
Помнікі культуры ўсходнелітоўскіх курганоў Беларусі (найчасцей курганныя могільнікі) сустракаюцца ў вярхоўях Віліі і на правабярэжжы Нёмана ўздоўж мяжы з Літвой. У найб. ранніх курганах (4—5 ст.н.э.) трупапалажэнне ў падкурганнай яме. З 5 ст.н.э. пашырыўся звычай крэмацыі памерлага і пахаванне рэшткаў у кургане на ўзроўні дзённай паверхні, у ямках, зрэдку ў насыпе. Пры ямкавых пахаваннях сустракаюцца канструкцыі ў выглядзе каменных вымастак ці асобных камянёў. Пахавальны інвентар — зброя, жан. ўпрыгожанні, прылады працы. Фарміраванне насельніцтва культуры звязана з прыходам новых плямён і змешваннем іх з насельніцтвам культуры штрыхаванай керамікі. Большасць даследчыкаў адносіць носьбітаў гэтай культуры да продкаў літоўцаў (аўкштайты).
Вывучэнне жал. веку на Беларусі пачалося ў канцы 19 ст. Напачатку яно абмяжоўвалася фіксацыяй археал. помнікаў і іх картаграфаваннем. Першыя канцэпцыі аб гісторыі плямён эпохі жалеза з’явіліся ў 1920-я г. ў выніку палявых даследаванняў С.А.Дубінскага, А.Дз.Кавалені, А.М.Ляўданскага, А.А.Рынейскага, І.А.Сербава, В.Р.Тарасенкі і інш. Ляўданскі правёў даследаванні па гісторыі чорнай металургіі і металаапрацоўкі. Сістэматычныя даследаванні па вывучэнні жал. веку ў 1950—60-я г. аднавілі супрацоўнікі Ін-та гісторыі Нац.АН Беларусі В.Б.Караткевіч, А.Р.Мітрафанаў, Л.Д.Побаль, Г.В.Штыхаў, К.П.Шут і інш.Жал. век даследуюць таксама В.І.Шадыра, з 1980-х г. В.С.Вяргей, М.Ф.Гурын, А.І.Драбушэўскі, А.А.Егарэйчанка, М.І.Лашанкоў, Ю.У.Каласоўскі, А.М.Мядзведзеў, з 1990-х г. В.Г.Белявец, А.М.Бяліцкая, Н.М.Дубіцкая, А.У.Ільюцік, П.М.Падгурскі, А.А.Седзін. Даследаванні жал. веку на Беларусі ў розныя часы вялі рас. археолагі Л.В.Аляксееў, К.В.Каспарава, Ю.У.Кухарэнка.
Літ.:
Археалогія Беларусі. Т. 2. Мн., 1999;
Кухаренко Ю.В. Памятники железного века на территории Полесья. М., 1961;
Мельниковская О.Н. Племена Южной Белоруссии в раннем железном веке М., 1967;
Поболь Л.Д. Славянские древности Белоруссии. Т. 1—3. Мн., 1971—1974;
Митрофанов А.Г. Железный век средней Белоруссии (VII—VI вв. до н.э. — VIII в. н.э.). Мн., 1978;
Шадыро В.И. Ранний железный век северной Белоруссии. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭАТРАЗНАЎСТВА
Першыя звесткі пра з’явы паратэатральнай культуры, а таксама дзейнасць стваральніцы Нясвіжскага т-ра Ф.У.Радзівіл занатаваны ў «Дыярыушы князя Міхала Казіміра Радзівіла, ваяводы віленскага, гетмана Вялікага княства Літоўскага» (1720—61). Вядомы на Беларусі і рукапісныя працы 17—18 ст., прысвечаныя аналізу драматургіі і тэатра; найб. значная з іх — трактат «Паэтыка» М.К.Сарбеўскага, у раздзеле якога «Пра трагедыю і камедыю, або Сенека і Тэрэнцый» абагульнена паэтыка школьнага тэатра. Асобныя пытанні тэатр. мастацтва разглядаліся ў працах Ф.Галянскага, Г.Каніскага, Я.Фалькоўскага. Актывізацыя працэсаў станаўлення бел.нац. культуры ў 1-й пал. 19 ст. абумовіла развіццё і тэатразнаўчай думкі. У перыяд. друку А.Багдановіч, І.Гольц-Мілер (бацька), У.Сыракомля, П.Шпілеўскі разглядалі пытанні рэпертуару, выканальніцка-акцёрскага мастацтва, выступалі за дэмакратызацыю тэатра. Значным навук. падмуркам для развіцця тэатразнаўства з’явіліся запісы нар. форм тэатра, зробленыя ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. К.Гукоўскім, Дз.Даўгялам, Я.Карскім, А.Кіркорам, Е.Раманавым, К.Харламповічам, П.Шэйнам. У гіст. плане асвятлялася культурнае жыццё, у т. л.тэатр., Мінска, Віцебска, Гродна, Нясвіжа, Навагрудка і інш. У пач. 20 ст. дзеячы культуры востра ставілі пытанне пра бел.нац. тэатр; ідэю яго стварэння прапагандавала газета «Наша ніва» (1906—15). Па пытаннях тэатр. мастацтва на яе старонках выступалі Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, Цётка (А.Пашкевіч), Ц.Гартны, А.Бульба, З.Бядуля. Своеасаблівую праграму развіцця бел. тэатра распрацаваў М.Гарэцкі ў артыкуле «Наш тэатр» («Калядная пісанка: 1913 год»), дзе вызначыў грамадскую функцыю тэатра, яго асветніцка-выхаваўчую ролю, эстэтычныя і маст. задачы. Паступова тэатразнаўства вылучылася ў самастойную галіну навукі. Яго прыярытэтным кірункам стала даследаванне гісторыі нац. сцэнічнай культуры. Апублікаваны працы: «Беларускі тэатр» Ф.Аляхновіча (1924), «Аб тэатры» С.Грынкевіча (1927), «Беларускі першы дзяржаўны тэатр, 1920—1930» А.Некрашэвіча (1930), «Тэатр Савецкай Беларусі» С.Геца (1931), «Тэатр юнага гледача БССР імя Н.К.Крупскай» (1940). Выдадзены метадычны падручнік для аматараў «Сялянскі тэатр» А.Ляжневіча (1928). Пачалася распрацоўка праблем бел. драматургіі. У кн. «Драматургія: Першы дыскусійны зборнік аўтаномнай секцыі драматургаў...» (1934) змешчаны выступленні Я.Коласа, К.Чорнага, В.Вольскага, У.Галубка, І.Гурскага, М.Клімковіча, Б.Мікуліча, Я.Рамановіча і інш. Драматургічная творчасць К.Чорнага, А.Александровіча, Р.Кобеца, Е.Міровіча, Я.Рамановіча аналізавалася ў працы «Сучасныя праблемы беларускай савецкай драматургіі» В.Вольскага (1934). Узаемасувязям тэатра і драматургіі прысвечана кніга «Тэатр і драматургія: Крытычныя артыкулы» М.Модэля (1935). У 1940 да Дэкады бел. мастацтва ў Маскве выдадзены зб. «Мастацтва Савецкай Беларусі» В.Вольскага, Я.Рамановіча і А.Сегедзі. У пасляваенны перыяд бел. тэатразнаўства паступова пераадольвала вульгарна-сацыялагізатарскія тэндэнцыі, выпрацоўвала метадалогію, гіст. падыход да з’яў мастацтва. У Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі арганізаваны сектар тэатра і кіно (з 1986 аддзел тэатра), дзе распрацоўваюцца пытанні гісторыі, тэорыі і практыкі тэатра. У 1959 выдадзена абагульняльная праца па гісторыі драм. сцэнічнага мастацтва Беларусі «Беларускі тэатр: Нарыс гісторыі» У.Няфёда. Вывучэнне мінулага і сучаснай практыкі бел. тэатра пашырана ў яго даследаваннях «Тэатр у вогненныя гады» (1959), «Сучасны беларускі тэатр (1946—1959)» (1961), «Станаўленне беларускага савецкага тэатра» (1965). Шляхі развіцця бел. тэатра ад старажытнасці да сярэдзіны 1980-х г. прааналізаваны ў калектыўнай працы «Гісторыя беларускага тэатра» (т. 1—3, 1983—87). Далейшая распрацоўка гісторыі і сучасных праблем бел. тэатра ў манаграфіях «У тэатр іду як у храм» І.Ліснеўскага (1997), «На скрыжаванні» Р.Смольскага (1999), «На мяжы стагоддзяў: Сучасны беларускі драматычны тэатр» Т.Гаробчанкі (2002). Стварэнне навук. фундаменту ў вывучэнні гісторыі развіцця тэатр. справы на Беларусі дазволіла тэатразнаўцам засяродзіць увагу на даследаванні канкрэтных праблем. У шэрагу тэарэтычных прац разглядаюцца пытанні драматургічнага канфлікту (У.Няфёд), сцэнічнай інтэрпрэтацыі прозы (У.Халіп), узаемадзеяння і ўзбагачэння тэатр. культур розных народаў (П.Ахрыменка, А.Сабалеўскі, У.Стэльмах), эвалюцыі канцэпцыі гераічнага (Р.Смольскі), сучаснай бел. рэжысуры («Рэжысура Беларусі: Праблемы канцэптуальнасці спектакляў» Р.Баравіка, 2000), гісторыя бел.тэатр. ленініяны (А.Сабалеўскі). У тэатразнаўчых і літаратуразнаўчых манаграфіях даследуецца драматургія і шляхі яе развіцця (П.Васючэнка, С.Лаўшук, Л.Пятрова, А.Сабалеўскі, А.Саннікаў, А.Семяновіч, Я.Усікаў), аналізуецца драматургічная творчасць Я.Купалы (П.Васючэнка, У.Карпаў, А.Макарэвіч, М.Ярош), К.Крапівы (У.Карабан, С.Лаўшук, А.Макарэвіч, А.Сабалеўскі, Я.Усікаў), У.Галубка (Л.Карабанава), А.Макаёнка (Г.Колас, Я.Усікаў). Выдадзена «Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі» (т. 1—3, 2-е выд., 1997—2000; склад. А.Сабалеўскі), навучальныя дапаможнікі па гісторыі бел. тэатра (У.Няфёд), батлейкі, каляндарных і абрадавых гульняў (А.Лозка), школьнага тэатра (С.Міско), тэатра лялек (Ан.Ляляўскі). Вывучаецца сцэнічнае ўвасабленне твораў бел., рус. і зарубежных драматургаў, творчасць якіх паўплывала на фарміраванненац. акцёрскай і рэжысёрскай школы, на станаўленне і развіццё бел. тэатра: Я.Купалы (Т.Гаробчанка, А.Есакоў), Я.Коласа (С.Пятровіч), А.Макаёнка (Ю.Сохар), А.Астроўскага (А.Лабовіч), У.Шэкспіра, Мальера (Т.Барысава). Выдадзены манаграфіі і брашуры, прысвечаныя асобным тэатр. калектывам Беларусі: тэатру імя Я.Купалы (А.Бутакоў, У.Няфёд, Я.Рамановіч), тэатру імя Я.Коласа (У.Няфёд, А.Сабалеўскі), тэатру юнага гледача (С.Пятровіч), Дзярж. яўрэйскаму тэатру Беларусі (А.Герштэйн), Дзярж.рус.драм. тэатру Беларусі (Б.Бур’ян, І.Ліснеўскі), Магілёўскаму абл.драм. тэатру (В.Грыбайла), тэатру лялек (М.Каладзінскі). Працягваецца паглыбленае вывучэнне гіст. мінулага бел. тэатра ў працах «Рускі драматычны тэатр у Беларусі XIX стагоддзя» Ю.Пашкіна (1980), «Тэатральная культура Беларусі XVIII стагоддзя» (1992) і «Батлейка» (2000) Г.Барышава, аналізуюцца нар. формы бел. тэатра (У.Іскрык, М.Каладзінскі). Творчасць найб. буйных акцёраў, рэжысёраў, мастакоў асвятляецца ў манаграфіях «Глеб Глебаў: Жыццё і творчасць вялікага беларускага камедыйнага акцёра» (1994) і «Барыс Платонаў: Асоба і ролі» (2004) А.Сабалеўскага, у крытыка-біяграфічных нарысах пра Г.Глебава (С.Дуніна, У.Стэльмах), Ф.Аляхновіча, І.Буйніцкага, М.Кавязіна, П.Малчанава, У.Уладамірскага (У.Няфёд), Б.Платонава (Я.Рамановіч), А.Ільінскага (А.Скібнеўскі), У.Крыловіча (А.Есакоў), І.Ждановіч і Г.Грыгоніса (К.Кузняцова), В.Галіну і З.Канапельку (Т.Гаробчанка), А.Кістава (Б.Бур’ян, І.Ліснеўскі), А.Клімаву (Б.Бур’ян), С.Станюту (А.Станюта), Г.Макараву і З.Стому (А.Астапенка), В.Тарасава (В.Ярмалінская), М.Яроменку (Т.Арлова, Л.Екель), І.Ушакова (Г.Барышаў), В.Дуніна-Марцінкевіча (Г.Кісялёў, С.Майхровіч, І.Навуменка, Ф.Янушкевіч), Е.Міровіча (С.Пятровіч), У.Галубка і Ф.Ждановіча (А.Атрошчанка), К.Саннікава (К.Кандрашына); пра акцёраў купалаўскага тэатра (Т.Арлова), а таксама ў зборніках, прысвечаных тэатр. дзеячам. У гіст. і сучасных аспектах тэатразнаўства даследаваліся аматарскі тэатр Беларусі (А.Лабовіч, С.Пятровіч, Ю.Сохар і інш.), нар. тэатралізаваныя святы (Я.Адамовіч, М.Макарцоў). Выдадзены кнігі мемуарнага характару дзеячаў тэатра Г.Абуховіч, С.Акружной, Ф.Алер, З.Браварскай, Л.Валчэцкага, Н.Карнеевай, К.Кулакова, І.Ліснеўскага, П.Малчанава, П.Мядзёлкі, Я.Рамановіча, А.Слесарэнкі, У.Стэльмаха, Ц.Сяргейчыка, М.Шчансновіча. Сведчаннем сталасці навукі пра тэатр з’яўляецца нараджэнне новых раздзелаў тэатразнаўства. У працах «Тэатральны эксперымент: Праблемы, пошукі, рашэнні» В.Навуменкі, «Тэатральныя далягляды» Р.Бузука (абедзве 1990), «Тэатр і глядач» В.Навуменкі, А.Ракава, Р.Смольскага, С.Шавеля (1993), «Дзяржава, культура, рынак» (1996, сумесна з Ін-там імя Гётэ), «Сучасны беларускі тэатр: Сацыялагічны замер» Г.Юдчыц (1998), «Сучасная тэатральная адукацыя» (1999) разглядаюцца пытанні фінансавання тэатр. справы, аналізуюцца тэатр. рэформы, рэпертуар і спажывецкі рынак, вынікі сацыялаг. даследаванняў аўдыторыі. Каштоўнасць для распрацоўкі праблем развіцця нац.тэатр. культуры маюць публікацыі дакумент. матэрыялаў па гісторыі бел. мастацтва: «Мастацтва Савецкай Беларусі: Зборнік дакументаў і матэрыялаў» (т. 1—2, 1976—86), бібліяграфічныя даведнікі «Беларуская савецкая драматургія: 1917—1965» (1966) і «Беларуская савецкая драматургія: 1966—1986» (1993, склад. Н.Ватацы), «Станаўленне і развіццё рэжысуры ў беларускіх драматычных тэатрах, 1941—1970 гг.» (1989, склад. С.Кавязіна), «Слоўнік акцёра і рэжысёра» А.Каляды (1995). З 1993 рэгулярна друкуюцца «Вынікі тэатральных сезонаў», у 1998—2000 — «Агляд тэатральнага года», а таксама «Лялечны куфэрак: Сезон 1998—99» (1999). Развіццё тэатра Беларусі ад старажытнасці да нашых дзён адлюстроўвае энцыклапедыя «Тэатральная Беларусь» (т. 1—2, 2002—03). Бел. тэатразнаўства эвалюцыяніравала ад інфармацыйнай фіксацыі тэатр. з’яў да праблемнага аналізу драматургіі, рэжысуры і акцёрскага майстэрства, абагульнення і тэарэтычнага асэнсавання мінулага і сучасных працэсаў нац. сцэнічнага мастацтва, яго месца і значэння ў сістэме духоўнай культуры бел. народа, яго ролі ў фарміраванні беларусаў як нацыі. Вывучэнне гісторыі і тэорыі тэатра вядзецца ў Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы Нац.АН Беларусі, Бел.АМ (з 1962 працуе тэатразнаўчае аддзяленне) і інш. установах.
Літ.:
Глебка П.Ф. Мастацтвазнаўства Савецкай Беларусі // Навука БССР за 50 год. Мн., 1968;
Дорошевич Э, Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;
Горобченко Т. Белорусский театр // История театроведения народов СССР: Очерки. 1917—1941 М., 1985;
Яе ж. Театральная критика // Очерки истории науки и культуры Беларуси IX — начала XX в. Мн., 1996;
Інстытут беларускай культуры. Мн., 1983;
Беларускае сучаснае мастацтвазнаўства і крытыка: Праблемы адаптацыі да новых рэальнасцей. Мн., 1998;
Клімовіч Л. Развіццё тэатральнай крытычнай думкі ў Беларусі 40—60-х гадоў XX ст. // Весці Нац.АН Беларусі. Сер грамад. навук. 2004. №2.
Т.Я.Гаробчанка.
Працы па гісторыі беларускага тэатра.Манаграфічныя выданні на тэатразнаўстве 1980—2000-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЫКА 16-18 ст.
У эпоху Адраджэння ўзмацнілася роля свецкага кампанента ў муз. культуры Беларусі. Гал. асяродкам развіцця прафес.муз. мастацтва заставаўся храм. На Беларусі, дзе гістарычна адбылося перакрыжаванне канфесіянальных плыней, у 16—18 ст. склалася спецыфічнае поліканфесіянальнае асяроддзе, у якім правасл. музыка суіснавала з каталіцкай, пратэстанцкай і уніяцкай, а таксама з музыкай нехрысціянскіх канфесій. З канца 16 ст. з традыц.правасл. спевамі суіснавалі супрасльскі і кіеўска-літоўскі і бел. спевы, а таксама рэгіянальныя: віцебскі, куцеінскі, магілёўскі, мірскі, нясвіжскі, слуцкі і інш. З 2-й пал. 16—17 ст. характэрны ўплывы каталіцызму. Некаторыя бел. манастыры былі перавезены ў Расію, у т. л. Куцеінскі з-пад Оршы, які стаў асновай аднаго з культурных цэнтраў Расіі — Новаіерусалімскага манастыра, дзе склалася новаіерусалімская школа стваральнікаў тэкстаў і мелодый, кантаў і псальм. Бел. распеўшчыкі (васпевакі) уваходзілі ў склад хароў патрыяршых гасударавых пеўчых дзякоў. Бел. тэарэтыкі разам з укр. і рас. пад кіраўніцтвам наўгародца І.Шайдура распрацавалі сістэму кінаварных памет, тэарэтычна замацавалі і абгрунтавалі пашыраны ў той час у пеўчай практыцы гукарад (з чатырох сугалоссяў). Значны ўклад у развіццё правасл.царк. спеву зрабілі маскоўскія Іверскі і Новадзявочы манастыры, якія цалкам складаліся з беларусаў. Імі створаны новыя рукапісы, песнапенні і бел. (літоўскія) спевы, у т. л. вяцкі, іверскі, старасіманаўскі і інш. У маскоўскіх харах спявалі бел. «васпевакі» Я.Канюхоўскі, Я.Календа, І.Дзякоўскі, І.Кокля з Полацка, дзяк Тызенгауз з Вільні, А.Беражанскі і інш. Беларусы А.Мезянец стварыў адзіную тэарэтычную працу (выконвала ролю падручніка) па знаменным спеве: «Извещение о согласнейших пометах» (1668), Ц.Макар’еўскі з-пад Оршы — «Ключ разумення» (канец 17 ст.). Бел. пеўчае мастацтва і кантавая культура паўплывалі на ўсю рас. літургічную музыку. З сярэдзіны 17 ст. ўвесь царк. спеў у Маскве знаходзіўся цалкам у руках «выхадцаў з Польшчы і Літвы», якія былі і настаўнікамі. Херувімскія бел. спевы ўвайшлі ў літургію Іаана Златавуста, розныя рэдакцыі ўкр. і рус. ірмалояў, рус. ўстаўныя пеўчыя кнігі. Мелодыя канта беларуса Е.Славінецкага «Радуйся радасць» стала асновай рас. херувімскай. Са знаёмствам бел. і ўкр. кантавай культуры ў расійскую прыйшоў шматгалосы, партэсны спеў, што садзейнічала пераходу ўсёй рас. пеўчай культуры на новы зах.-еўрап. ўзровень. У канцы 16 ст. вылучаліся бел. хары Віленскага, Нясвіжскага, Слуцкага, Мінскага, Магілёўскага, Аршанскага, Куцеінскага і інш. брацтваў, якія выконвалі духоўныя і свецкія творы на 4—6, 8 і 12 галасоў. Бел. манастыры (Супрасльскі, Благавешчанскі, Жыровіцкі, Магілёўскі і інш.) і цэрквы былі культурна-асветніцкімі цэнтрамі і апорай праваслаўя. У Супрасльскім манастыры быў запісаны ўвесь корпус правасл. песнапенняў (складальнік Б.Анісімовіч), выйшлі антыкаталіцкія і антыуніяцкія рукапісныя палемічныя артыкулы. Правасл. асновы набажэнства і спеваў захаваліся ва уніяцкіх, асабліва базыльянскіх, манастырах (у 17 ст. ў Жыровіцкім манастыры створана некалькі рукапісных ірмалояў). У канцы 18 ст. ствараліся новыя рукапісныя пеўчыя зборнікі з квадратнай лінейнай і неўменнай натацыямі, а таксама спісы з больш стараж. рукапісаў, пашыраліся гуманіст. і дэмакр. духоўныя канты, развівалася багатая бел. народнапесенная і інстр. творчасць. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы 18 ст.бел.царк. музыка, захоўваючы свае лакальныя асаблівасці, развівалася ў рэчышчы рас. богаслужэбнага (літургічнага) спеву. У цэрквах гучалі кананічныя ўстаўныя песнапенні, зацверджаныя Сінодам.
На Беларусі з канца 14 ст. з’явілася каталіцкая музыка як неад’емны кампанент лацінскага абраду. Муз. афармленне каталіцкіх набажэнстваў складалася з стылістычна розных кампанентаў: архаічнага грыгарыянскага харала, вакальна-харавых твораў a cappella з інстр. суправаджэннем, інстр., у т. л. арганных кампазіцый, рэлігійных песень. Пранікненне каталіцызму садзейнічала культываванню на Беларусі арганнай музыкі: цыклы месы-ардынарыя, рэквіема, асобныя інтроіты, градуалы, секвенцыі, камуніо і інш., спевы афіцыя. З 16 ст. характэрны росквіт каталіцкай муз. традыцыі на Беларусі. Музыка, у т. л.інстр., была абавязковым прадметам у навук. каталіцкіх установах усіх узроўняў. Вядучая роля ў муз.-адукац. дзейнасці належала ордэну езуітаў. Каталіцкая царква на Беларусі развівалася ў цесных сувязях з еўрап. каталіцкімі ўстановамі ў рэчышчы агульнаеўрап. тэндэнцый і з’яўлялася інтэгральнай часткай еўрап.муз. традыцыі. На Беларусі суіснавалі розныя традыцыі муз. афармлення каталіцкіх набажэнстваў: высокапрафес. езуіцкая (арыентаваная на апошнія еўрап. навацыі), дамініканская (кансерватыўна-ахоўная), францысканская (разлічаная на дапасаванне да густаў простых вернікаў) і інш. Віленская езуіцкая акадэмія была цэнтрам каталіцкай музыкі, у ёй працавалі еўрап. адукаваныя кампазітары і музыканты (Я.Брант, С.Лаўксмін, М.Радаў, Ш.Берант, М.Крэчмер і інш.). У 17 ст. на Беларусі пашырылася нотадрукаванне: «Песні» Я.Бранта (1601), «Спеўнік» В.Барташэўскага (1613), «Літаніі» Ш.Беранта (1638, 1639), харальныя «Градуал» (1667, 1693, 1742) і «Антыфанарый» (1667, 1694, 1742; складзены С.Лаўксмінам). Першы ў ВКЛ падручнік па тэорыі харальных спеваў на лац. мове «Тэорыя і практыка музыкі» С.Лаўксміна (1667, 1669, 1693). Большасць твораў каталіцкай музыкі 18 ст. францысканскага паходжання. У літургічных жанрах у 2-й пал. 18 ст. працавалі манах-францысканец Шымкевіч, музыканты са Слонімскай капэлы М.К.Агінскага (Ён, Л.Грабенбаўэр).
Пратэстанцкая канфесія таксама значна паўплывала на фарміраваннемуз.-прафес. мастацтва Беларусі. Яе пранікненне на бел. землі і развіццё прыйшліся на сярэдзіну 16 ст. пад уплывам ідэй Рэфармацыі, якія ахапілі значную частку тутэйшай арыстакратыі. Наймацней уплыў на муз. мастацтва выявіўся ў выдавецкай дзейнасці пратэстантаў: выданнем першага на Беларусі нотнага выдання «Берасцейскі канцыянал» (1558), «Нясвіжскага канцыянала» (1563) і інш.
У канцы 15 — пач. 16 ст. на Беларусі пачала фарміравацца уніяцкая муз. традыцыя. Яна звязана з прынцыповымі зменамі ў правасл. музыцы, з моцным уплывам зах.-еўрап.муз. культуры, прыняццем зах. сістэмы ноталінейнага запісу муз. кампазіцый, спевамі шматгалосых партэсных твораў, арыентаваных на заходнееўрап. канцэртны стыль. Муз.-літургічная практыка уніятаў, пабудаваная паводле каталіцкай мадэлі, складалася з традыц.бел.-ўкр. знаменнага спеву, шматгалосых харавых кампазіцый поліфанічнага ці гамафонна-гарманічнага складу (a cappella з інстр. суправаджэннем), простых напаўфальклорных песень у выкананні вернікаў. Мэтанакіраванае і паслядоўнае выкананне уніятамі стараж. пеўчых традыцый бел.-ўкр. знаменнага спеву захаваліся ў рукапісных ірмалоях 17—18 ст. з Супрасля, Жыровічаў, Смаленска, а таксама ў першых слав. нотных друках, прызначаных для уніяцкіх цэркваў: Львоўскія (1700, 1709) і Пачаеўскія (1766, 1793) ірмалоі, Асмагласнікі (1776, 1793). Для уніяцкай музыкі характэрна шырокае выкарыстанне аргана і інстр. капэл. Арган Жыровіцкага базыльянскага кляштара лічыўся адным з найлепшых інструментаў 17 ст. У Супраслі быў выдадзены першы збор рэліг. песень усх. славян — «Багагласнік» (1790). Сярод цэнтраў уніяцкай муз. культуры Супрасльскі, Жыровіцкі, Віленскі базыльянскія манастыры. З 16 ст. на Беларусі побач з хрысціянскімі дзейнічалі і нехрысціянскія канфесіі — іудаізм і іслам са сваімі муз. традыцыямі.
Свецкая вак. і інстр. музыка звязана з княжацкім замкавым, ваен., гар. побытам. З 16 ст. пры каралеўскіх, велікакняжацкіх і магнацкіх дварах ствараліся муз. асяродкі, у якіх працавалі таленавітыя мясц. і замежныя музыканты. У Гродне з 1543 для абслугоўвання ўрачыстасцей знаці дзейнічала «Літоўская капэла» (у складзе 15 музыкантаў, відаць, мясц. паходжання), пры двары Стафана Баторыя ў 1580-я г. існавала капэла, пры якой працавалі аўтары вак. і інстр. (пераважна лютневых) твораў Крыштоф Клабан і Войцех Длугорай. Пры дварах магнатаў і вял. князёў у 16 ст. працавалі таксама: славянскія кампазітары Цыпрыян Базылік і Вацлаў з Шамотул, Мікалай Гамулка і Ян Брант, венгерскі лютніст і кампазітар Валянцін Бакфарк, многія італьян. музыканты, у іх ліку вядомыя кампазітары Лука Марэнцыё, Джавані Баціста Качола, лютніст і кампазітар Дыямед Като, арганіст Антоній Мафон. Пры дварах мясц. арыстакратыі выконваліся аўтарскія і ананімныя творы, узоры якіх захаваліся ў «Віленскім сшытку» і Астрамечаўскім рукапісе (т.зв. «Полацкім сшытку»; абодва 17 ст.). У 16—18 ст.муз. афармленне характэрна для тэатральных пастановак навучальных устаноў розных канфесій у гарадах і мястэчках Беларусі, у т. л. Брэсце, Гродне, Жыровічах, Магілёве, Мінску, Оршы, Полацку, Слоніме. У школьных спектаклях, прымеркаваных да рэлігійных і свецкіх свят, выконвалася вак. (канты, псальмы, гімны, песні) і інстр. (муз. найгрышы, танцы) музыка, адпаведная зместу і характару п’ес. У інтэрмедыях і інтэрлюдыях, што разыгрываліся паміж асноўнымі часткамі дзеі, часам выкарыстоўвалі нар. мелодыі. Па меры развіцця школьнага т-ра роля музыкі ў пастаноўках вырасла, пачалі выконваць оперныя творы. Захавалася рукапісная партытура аднаго з іх — «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» Р.Вардоцкага і М.Цяцерскага (Забельскі дамініканскі калегіум, 1789), які арганічна яднае рысы школьнай пастаноўкі і ўласна оперы. З 2-й пал. 18 ст. пры магнацкіх дварах узнікалі і пашыраліся муз. асяродкі, якія ядналі муз. т-ры, аркестры-капэлы і муз.-тэатр. школы. Сярод найб.муз. цэнтраў: Нясвіж і Слуцк (Радзівілаў), Слонім (М.Казіміра Агінскага), Гродна (А.Тызенгаўза), Шклоў (С.Зорыча) і Дзярэчын (Сапегаў). На сцэнах магнацкіх т-раў ставіліся сусветная оперная класіка, а таксама першыя мясц. оперы, у т. л. «Агатка, або Прыезд пана» Я.Голанда і М.Радзівіла. На канцэртах гучалі сімфанічныя і камерныя творы італьян., франц., аўстра-ням. кампазітараў, а таксама кампазіцыі мясц. аўтараў. У магнацкія цэнтры запрашалі кампазітараў і выканаўцаў з розных краін. Працавалі таленавітыя мясц. музыканты Ежы Бакановіч, Лявон Сітанскі, Ян Ценціловіч, будучыя вядомыя кампазітары (В.Казлоўскі). Развівалася таксама аматарскае выканальніцтва і творчасць (М.Радзівіл, М.Казімір Агінскі). У канцы 18 ст. ў сувязі з сац.-паліт. падзеямі і разбурэннем ранейшай інфраструктуры магнацка-арыстакратычнай культуры большасць магнацкіх муз. асяродкаў спыніла сваё існаванне і саступіла месца новым формам муз. жыцця. Дзейнасць магнацкіх «музычных сядзіб» спрыяла развіццю на Беларусі розных форм муз. творчасці, выканальніцтва і адукацыі, росту муз. прафесіяналізму, станаўленню тэатр.-канцэртных жанраў, творчаму засваенню норм еўрап.муз. класіцызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛІ́ВІЯ (Bolivia), Рэспубліка Балівія (República de Bolivia),
дзяржава ў цэнтр.ч.Паўд. Амерыкі. Мяжуе на З з Перу і Чылі, на Пд з Аргенцінай і Парагваем, на У і Пн з Бразіліяй. Пл. 1098,6 тыс.км². Нас. 8,2 млн.чал. (1994). Афіц. сталіца — г.Сукрэ, фактычная — г.Ла-Пас. Падзяляецца на 9 дэпартаментаў. Дзярж. мовы іспанская, кечуа і аймара. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (6 жн.).
Дзяржаўны лад. Балівія — рэспубліка. Дзейнічае Канстытуцыя 1967. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 4 гады, узначальвае урад, адказвае за замежную палітыку і абарону краіны, мае права заканадаўчай ініцыятывы, выдае дэкрэты. Заканадаўчая ўлада належыць 2-палатнаму Нац. кангрэсу, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе прэзідэнт і прызначаны ім урад.
Прырода. Балівія займае ўсх. частку Цэнтр. Андаў на З і вял. алювіяльныя раўніны на У. Паміж хрыбтамі Андаў — пласкагор’е Пуна (каля 4 тыс.м над узр. м.), якое абмяжоўваюць Зах. Кардыльера (г. Сахама, 6780 м) на З, Кардыльера-Рэаль і Цэнтр. Кардыльера на У. Карысныя выкапні: волава, свінец, цынк, медзь, серабро, вальфрам, берылій, сурма, вісмут, золата, сера, жал. руда; на ўсх. раўнінах радовішчы прыроднага газу і нафты. Клімат Пуны і Зах. Кардыльеры высакагорны, паўпустынны на З (ападкаў менш як 150 мм за год) і менш засушлівы на У (500—600 мм за год). Т-растудз. 9—11 °C, чэрв. 3—7 °C. На ўсх. схілах Андаў вышынная пояснасць клімату (ападкаў 1500—2000 мм за год). На ўсх. раўнінах клімат субэкватарыяльны (т-ра ад 17 да 28 °C, ападкаў каля 1000 мм за год). Рэкі на У належаць да бас. Амазонкі (Бені—Мамарэ). Пуна — замкнёны з усіх бакоў, пазбаўлены сцёку ў акіян міжгорны басейн з высакагорнымі азёрамі Тытыкака і Паапо, саланчакамі Кайпаса і Уюні. Расліннасць Пуны пераважна паўпустынная. У гарах вертыкальная пояснасць ландшафтаў. На раўнінах трапічныя лясы (на Пн) і саванны, зараснікі калючых хмызнякоў, рэдкалессі (на Пд). Жывёльны свет асабліва багаты і разнастайны ў трапічных лясах на Пн; на пласкагор’і Пуна водзяцца ламы, гуанака, альпака, грызуны, вадаплаўныя птушкі.
Насельніцтва. Каля 63% — індзейцы, пераважна народы кечуа і аймара (у горнай ч. краіны). Трэцюю частку насельніцтва складаюць іспанамоўныя метысы і крэолы, якія жывуць пераважна ў гарадах. Ёсць невял. групы еўрапейцаў, ураджэнцаў суседніх краін. Паводле веравызнання 95% католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 7,5 чал. на 1 км². Каля 90% яго сканцэнтравана ў Пуне, дзе шчыльнасць дасягае 20—30 чал. На 1 км². У гарадах жыве 51% насельніцтва. Найбольшыя гарады (тыс.ж., 1992): Ла-Пас — 711, Санта-Крус — 695, Качабамба — 404, Арура — 183. Сярэдняя працягласць жыцця не перавышае 55 гадоў.
Гісторыя. У старажытнасці тэр. Балівіі насялялі індзейскія плямёны. У 14 ст. іх заваявалі інкі, у 1535—39 — іспанцы, якія далі краіне назву Верхняе Перу і далучылі ў 1542 да віцэ-каралеўства Перу, з 1776 — віцэ-каралеўства Рыо-дэ-Ла-Плата. Здабыча серабра (з 1545) прыносіла вял. даходы ісп. каланізатарам, што выкарыстоўвалі рабскую працу індзейцаў. Самае вял. паўстанне супраць жорсткай эксплуатацыі адбылося ў 1780—81 пад кіраўніцтвам Тупак-Амару II. У ходзе вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 краіна вызвалена ад калан. прыгнёту войскамі С.Балівара, у гонар якога атрымала назву, у жн. 1825 абвешчана незалежнай. У 1836—39 у складзе канфедэрацыі Перу і Балівіі. Пасля абвяшчэння незалежнасці ў горназдабыўную прам-сць краіны стаў пранікаць замежны капітал. У выніку войнаў Балівіі з Чылі (1879—83) і Парагваем (1932—35) Балівія страціла выхад да Ціхага ак. і амаль 2/3 першапач. яе тэрыторыі, багатай волавам і салетрай. У 2-ю сусв. вайну Балівія — чл.антыгітлераўскай кааліцыі, але ў вайне не ўдзельнічала. У 1952 у краіне адбылася бурж.-дэмакр. рэвалюцыя, нацыяналізаваны алавяныя руднікі, праведзена агр. рэформа. Прэзідэнтам у 1952—56 і 1960—64 быў лідэр Нацыяналіст.рэв. руху В. Пас Эстэнсора. Пасля дзярж. перавароту 1964 у 1965 у краіне двойчы ўводзілася надзвычайнае становішча. У некаторых раёнах разгарнуўся партыз. рух (лідэр Э.Гевара), які быў разгромлены восенню 1967 з дапамогай ЗША. У 1967 прынята Канстытуцыя. На працягу ўсёй далейшай гісторыі становішча ў краіне вызначалася нестабільнасцю і барацьбой за ўладу розных ваен.-эканам. груповак. У 1980-я г. зроблены спробы пераходу краіны ад ваен. да грамадз. праўлення. На прэзідэнцкіх выбарах 1993 перамог лідэр Нацыяналіст.рэв. руху Г.Санчэс дэ Ласада, які заявіў пра намер працягваць удасканаленне ўведзенай у 1985 рыначнай мадэлі эканомікі краіны.
Балівія — чл.ААН з 1945, чл. Арг-цыі амер. дзяржаў, Лацінаамер. асацыяцыі інтэграцыі, інш.міжнар. арг-цый; з 1979 чл. Руху недалучэння. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў 1994. Дзейнічаюць паліт. партыі і рухі: Левы рэв. рух, Нацыяналіст.рэв. рух, Нацыяналіст.дэмакр. дзеянне, Хрысціянска-дэмакр. партыя і інш. Буйнейшыя прафсаюзы — Балівійскі рабочы цэнтр і Нац. канфедэрацыя сялян.
Гаспадарка. Аснова гаспадаркі — гарнарудная прам-сць экспартнага кірунку. Валавы нац. прадукт за год на душу насельніцтва складае каля 750 дол. ЗША. Доля ў валавым унутр. прадукце (у %): прам-сці каля 25 (у т. л. гарнаруднай 15), сельскай гаспадаркі 20, транспарту і сувязі 6, унутр. гандлю 11. Дзярж. сектар кантралюе 60% нафтаздабыўной, 100% нафтаперапр. і 70% гарнаруднай прам-сці. Каля 60% экспарту прыпадае на руды каляровых металаў. Вывозяцца канцэнтраты волава (4-е месца ў свеце), сурмы, вальфраму, медзі, свінцу, цынку, а таксама серабро і золата. Прыроднага газу здабываецца каля 6 млрд.м³ штогод, нафты — каля 1—2 млн.т. Невялікія з-ды для выплаўкі медзі ў Аруры і Качабамбе. Выпрацоўваецца 1,8 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі (1993). Аснову апрацоўчай прам-сці складаюць тэкст., харчасмакавая, метала- і нафтаперапр. галіны; развіваюцца каляровая металургія і нафтахім. прам-сць. Асн.прамысл. цэнтры: Ла-Пас, Санта-Крус, Сукрэ, Качабамба. У сельскай мясцовасці саматужныя і рамесніцкія харч., тэкст. і гарбарныя прадпрыемствы. Сельская гаспадарка не забяспечвае патрэб краіны, хоць у ёй занята палавіна працаздольнага насельніцтва. Агр. рэформа 1953—65 абмежавала буйное землеўладанне. Апрацоўваецца 3,25 млн.га (каля 3% тэр. краіны), лугі і паша займаюць 25%. Таварнае земляробства (рыс, цукр. трыснёг, бавоўнік, бананы, кава) на ўсх. схілах Андаў і на раўнінах, спажывецкае (кукуруза, пшаніца, бульба, ячмень, авёс, кінаа — мясц. проса) — на пласкагор’і Пуна. Жывёлагадоўля пашавая, разводзяць ламаў, альпака, авечак, козаў, буйн. раг. жывёлу, мулаў. У лясах нарыхтоўка драўніны, соку гевеі, кары хіннага дрэва, лісця кокі. Рыбалоўства на рэках і воз. Тытыкака. Транспарт чыгуначны і аўтамабільны. Даўж. (1992) чыгунак 3,9 тыс.км, аўтадарог — 38,9 тыс.км. Экспарт складае 705,4 млн.дол. ЗША, імпарт — 864,2 млн.дол. ЗША (1992). Вывозяцца пераважна канцэнтраты рудаў каляровых металаў, прыродны газ (трубаправоды ў Аргенціну і Чылі), драўніна, цукар, бавоўна. У імпарце пераважаюць харч. прадукты, бензін, трансп. сродкі, тавары нар. ўжытку. Гал.гандл. партнёры — ЗША і Аргенціна. Грашовая адзінка — балівійскае песа (балівіяна).
Літаратура. Развіваецца на ісп. мове, а таксама на мовах індзейцаў кечуа і аймара (пераважна фалькл. жанры). Асн.літ. помнік даісп. эпохі — балівійска-перуанская драма «Апу-Альянтай» (на кечуа; апубл. 1853). У калан. перыяд (пач. 16 ст. — 1825) пераважалі гісторыка-быт. хронікі. У канцы 18 — пач. 19 ст. на фарміраванне л-ры паўплывалі патрыят. публіцыстыка В.Пасаса Канкі, паэзія Х.І. дэ Санхінеса і паэта-індзейца Х.Уальпарымачы Майты. У 19 ст. панаваў рамантызм (паэты Р.Х.Бустамантэ, Н.Галінда, М.Х.Мухія, раманісты Н.Агірэ, М.С.Кабальера, С.Вака Гусман, драматургі Ф.Рэес Ортыс, Х.Расенда Гуцьерэс і інш.). У канцы 19 ст. ўзнік «кастумбрызм» — бытапісальныя аповесці і апавяданні Л.Ансаатэгі дэ Кампера, А.Самудыо, Х.Лукаса Хаймеса і інш.; у паэзіі пераважаў мадэрнізм, які арыентаваўся на франц. сімвалістаў, але захоўваў цікавасць да нац. тэмы (Р.Хаймес Фрэйрэ, Ф.Тамаё, Г.Рэйнальдс, Х.Э.Гера і інш.). На пач. 20 ст. з’явіліся рэалістычныя («Крэольскае жыццё» і «Бронзавая раса» А.Аргедаса, «У нетрах Патасі» і «Варварскія старонкі» Х.Мендосы) і сатыр. (А.Чырвечэса) раманы, сац. паэзія. З 1930-х г. у прозе ўзнікла т.зв. індыянісцкая л-ра пра жыццё індзейцаў (Аргедас, Р.Батэльё Гасальвес, А.Гільен Пінта, Н.Парда Валье і інш.). Асобнае месца ў л-ры 1950—60-х г. займае творчасць Х.Лары, стваральніка раманаў пра барацьбу індзейцаў за сац. справядлівасць. У 1960—70-я г. набылі вядомасць празаік Р.Прада Аропес (раман «Хто запальвае золак»), паэт П.Шымосе і інш.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. У 5—8 ст.тэр. Балівіі — адзін з цэнтраў культуры стараж. Амерыкі. У Тыяуанака (бераг воз. Тытыкака) захаваліся помнікі архітэктуры 1-га тыс. да нашай эры — 1-га тыс. нашай эры (узгорак-піраміда Акапана, комплекс Каласасая, «Палац саркафагаў»), скульптура (рэльефы «Варотаў Сонца»), маст. кераміка, тканіны, ювелірныя вырабы. Спалучэнне еўрап. узораў і мясц. традыцый прывяло да стварэння цікавай барочнай архітэктуры 18 ст. (Манетны двор і царква Сан-Ларэнса ў Патасі, палацы Вільявердэ і царква Сан-Франсіска ў Ла-Пасе і інш.), твораў выяўл. мастацтва (С. дэ ла Крус). З 18 ст. жывапіс прытрымліваўся еўрап. канонаў і меў пераважна рэліг. характар (М.Перэс дэ Альгуін). У канцы 19 — пач. 20 ст. ў архітэктуры быў пашыраны эклектызм і мадэрн, з сярэдзіны 20 ст. ўзводзяцца грамадскія будынкі сучаснай архітэктуры. З 1920-х г. фарміравалася нац. школа выяўл. мастацтва. Мастакі С.Гусман дэ Рохас, Р.Бердэсіо, М.Эхіда, А.Рэке Мерувія, скульптары М.Нуньес дэль Прада, У.Альмарас, Э.Лухан звярталіся да гісторыі і сучаснага жыцця свайго народа, прыгажосці роднай прыроды. На ПдЗ краіны захаваліся традыцыі індзейцаў кечуа (ткацтва, ювелірныя вырабы), на ПнЗ — аймара (кераміка, разьба па камені, ткацтва).
Літ.:
Сашин Г.З. Боливия: Очерк новейшей истории. М., 1976;
Боливия: тенденции экон. и соц.-полит. развития. М., 1990;
Кириченко Е.И. Три века искусства Латинской Америки. М., 1972.
П.І.Рогач (прырода, гаспадарка).
Герб і сцяг Балівіі.Да арт.Балівія. Рэльеф калоны царквы Сан-Франсіска ў Ла-Пасе. 1743—84.Да арт.Балівія. Пласкагор’е Альтыплана ў раёне г. Ла-Пас і возера Тытыкака.Да арт.Балівія. Фрагмент партала царквы Сан-Ларэнса ў Патасі. 1728—44.