ЛО́СІК (Алег Аляксандравіч) (н. 4.12. 1915, г. Ярцава Смаленскай вобл., Расія),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944), маршал бранятанк. войск (1975). Праф. (1972), ганаровы акадэмік Акадэміі ваен. навук Рас. Федэрацыі (1995). Скончыў Ваен. акадэмію Генштаба (1950). У Чырв. Арміі з 1935. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўн.-Зах., Сталінградскім, Данскім, Зах., 3-м Бел. франтах. 2.7.1944 4-я гв. танк. брыгада на чале з палк. Л. зламала супраціўленне праціўніка пад Мінскам (у раёне в. Гарадзішча) і раніцай 3 ліп. адна з першых увайшла ў горад. Пасля вайны на камандных і кіруючых пасадах у Сав. арміі, выкладчык у Ваен. акадэміі Генштаба, у 1969—78 нач. Ваен. акадэміі бранятанк. войск імя Маліноўскага. Ганаровы грамадзянін г. Мінск.

А.А.Лосік.

т. 9, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́ДНІКАЎ (Іван Ільіч) (26.9.1902, г.п. Сядова Новаазоўскага р-на Данецкай вобл., Украіна — 22.4.1976),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1943), ген.-палк. (1945). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1938). У Чырв. гвардыі з 1917, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны. У Вял. Айч. вайну з 1941 на розных франтах, у т. л. 3-м Бел.: камандзір стралк. брыгады, дывізіі, корпуса, камандуючы арміяй. Корпус 39-й арміі на чале з Л. вызначыўся ў бітве за Дняпро 1942, Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944, акружэнні і разгроме віцебскай групоўкі праціўніка (гл. Віцебскі «кацёл»), У 1945—68 на камандных пасадах у Сав. Арміі, на выкладчыцкай рабоце. Ганаровы грамадзянін г. Віцебска. Аўтар кніг «Пад Віцебскам» (1962), «Вогненны востраў» (1971), «Праз навальніцы» (2-е выд. 1973) і інш.

т. 9, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГРАНІ́ЧНЫ,

рабочы пасёлак у Бераставіцкім р-не Гродзенскай вобл.; чыг. станцыя Берастав ша на лініі Ваўкавыск—Бераставіца. Аўтадарогамі злучаны з Беластокам (Польшча), Ваўкавыскам, г.п. Вял. Бераставіца і Свіслач. За 8 км на Пд ад г.п. Вял. Бераставіца, 71 км ад Гродна. 1,5 тыс. ж. (2000). Аўтабаза, пункт мытнага дагляду «Бераставіца 1-я», эл. станцыя, павільён райкамбіната быт. абслугоўвання. Сярэдняя школа, дзіцячы сад, б-ка, аптэка, амбулаторыя, аддз. сувязі.

Узнік як чыг. ст. Бераставіца з буд-вам у 1885 участка чыгункі Ваўкавыск — Беласток. У 1921—39 у складзе Польшчы, чыг. станцыя ў Вяліка-Бераставіцкай гміне Гродзенскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 пасёлак у Хамантоўскім с/с Крынкаўскага раёна, з 20.9.1944 у Цецяроўскім с/с. З 30.12.1975 рабочы пасёлак. 28.3.1978 перайменаваны ў П.

т. 11, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗЫРЫ́КСКІЯ КУРГАНЫ́,

група вял. курганоў (магілы родавых ці племянных правадыроў) ва ўрочышчы Пазырык на правым беразе р. Вял. Улаган у Рэспубліцы Алтай (Расія). Даследаваліся ў 1929, 1947—49. У П.к. выяўлены прамавугольныя ямы глыб. да 4 м і пл. каля 50 м², у якіх стаялі пахавальныя камеры (зрубы з бярвення) выш. да 2 м. Дзякуючы значнай вышыні Пазырыка, асаблівасці клімату і канструкцыі курганоў пад імі ўзнікла шматгадовая мерзлата, якая забяспечыла добрую захаванасць пахавальнага інвентару і бальзаміраваных нябожчыкаў (мужчына мангалоід, мужчына і жанчына еўрапеоіднага тыпу, мужчынскія целы пакрыты татуіроўкай). Захаваліся вырабы з дрэва, тканін, лямцу, футра і скуры, у т. л. ворсавы дыван, танюткія шарсцяныя тканіны, а таксама вышытыя кітайскія шаўковыя тканіны. Шматлікія творы мастацтва выкананы ў т.зв. звярыным стылі.

Да. арт. Пазырыкскія курганы. Наверша з дрэва. 5 ст. да н.э.

т. 11, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКАЕ КНЯ́СТВА, Новагародскае княства,

удзельнае княства ў Панямонні ў 13—14 ст. Цэнтр — Навагрудак (Новагародак). Новагародскі кн. Ізяслаў упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1237 (1236?), калі галіцка-валынскі кн. Даніла Раманавіч «наведе... Литву Миндога Изяслава Новогородьского» на кн. Конрада Мазавецкага. На падставе гэтага запісу лічыцца, што побач з Міндоўгам у барацьбе з мазавецкім князем удзельнічаў і Ізяслаў, які быў у саюзных або васальных адносінах з Данілам Раманавічам. Пазней Н.к. ўваходзіла ў склад уладанняў М шдоўга, Рамана Данілавіча, Войшалка, у 1-й пал. 14 ст. — удзел сына Гедзіміна Карыята (разам са Слонімам і Мсцібавам). Нейкі ўдзел меў у Н.к. сын Карыята Фёдар. У канцы 14 ст. вял. кн. Вітаўт зняволіў, а пасля выгнаў Фёдара з ВКЛ. З гэтага часу Н.к. канчаткова перайшло да велікакняжацкага дамена, у Навагрудку сядзелі намеснікі вял. князёў.

т. 11, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХАІ́Л ЯРАСЛА́ВІЧ (1271—2.11.1318),

цвярскі князь [1285—1318], вял. князь уладзімірскі [1305—17]. У выніку працяглай барацьбы ў 1305 заняў вялікакняжацкі прастол і першым з рус. князёў стаў насіць тытул «вялікі князь усяе Русі». За паліт. ўплыў на Русі вёў упартае змаганне супраць маскоўскага кн. Юрыя Данілавіча [1303—25], які ў 1317 здолеў атрымаць ад Залатой Арды ярлык на вял. ўладзімірскае княжанне. 22.12.1317 М.Я. у бітве каля с. Барценева (40 км ад Цверы) разбіў аб’яднаныя войскі Юрыя Данілавіча і ардынскага пасла Каўгадыя (першае буйное паражэнне мангола-татар у палявым баі ў Паўн.-Усх. Русі). Быў выкліканы на суд у Арду і паводле загаду хана Узбека забіты слугамі кн. Юрыя. Кананізаваны Рус. правасл. царквой. Выява М.Я. ў шматфігурным помніку «Тысячагоддзе Расіі» ў Ноўгарадзе.

Літ.:

Кучкин В.А. Повести о Михаиле Тверском. М., 1974.

т. 10, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРМАМЫ́Т,

плато на паўн. схіле Вял. Каўказа, за 35 км на ПдЗ ад г. Кіславодск, у Расійскай Федэрацыі. Асноўнае плато Вялікі Бермамыт выш. да 2591 м. Малы Бермамыт выш. да 2643 м. Належыць да сістэмы куэсты Скалістага хрыбта. Паверхня вяршыні складзена з верхняюрскіх вапнякоў. Развіты карст.

т. 3, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАШКЕ́ВІЧ (Фёдар Кузьміч) (1922, в. Казігорка Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 4.3.1945),

Герой Сав. Саюза (1945). У Вял. Айч. вайну на фронце з кастр. 1941. Камандзір гарматы ст. сяржант Анташкевіч вызначыўся ў баях за г. Губен (Германія); разлік гарматы Анташкевіча адбіў 8 варожых контратак. Загінуў у баі.

т. 1, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЛЕ́Я (ад грэч. hylē лес),

вільготныя трапічныя лясы Цэнтр. і Паўд. Амерыкі, Цэнтр. Афрыкі і Паўд.-Усх. Азіі. Фарміруюцца ва ўмовах пастаяннага гарачага і вільготнага клімату. Характарызуюцца гушчынёй, шмат’яруснасцю, вял. відавой разнастайнасцю, мноствам ліян і эпіфітаў. У гілеі растуць каштоўныя пароды дрэў (напр., какава, гевея і інш.).

т. 5, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ШПІЛЬ (галанд. braadspil),

лябёдка з гарыз. валам для пад’ёму якара, падцягвання судна з дапамогай тросаў да прычала (пірса, сценкі) пры яго швартоўцы. Бываюць ручныя, паравыя, эл. і гідраўлічныя. На вял. ваен. караблях замест брашпіля ўстанаўліваецца шпіль — механізм лябёдачнага тыпу з верт. валам і пераважна эл. прыводам.

Брашпіль.

т. 3, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)