КРЫЛО́Ў (Сямён Мікалаевіч) (крас. 1892, г. Белы Цвярской вобл., Расія — 13.5.1938),

удзельнік Кастр. рэвалюцый і грамадз. вайны ў Беларусі. З 1909 вёў рэв. агітацыю сярод рабочых г. Белы, маскоўскага з-да «Гужон». З 1913 у арміі, у 1917 старшыня палкавога, дывізіённага, нам. старшыні карпуснога к-таў. З 27.10.1917 ваен. камендант і нач. гарнізона Віцебска, старшыня ваен. аддзела (губваенком) губ. выканкома. Арганізаваў разгром часцей Ю.​Р.​Доўбар-Мусніцкага на тэр. губерні, абарону Віцебска ад кайзераўскіх войск.

У пач. 1919 старшыня Віцебскага губ. к-та РКП(б). З сак. 1919 на Паўд. фронце, у 1920—21 старшыня Севастопальскага ВРК, гарсавета. У 1921—23 нам. старшыні, старшыня выканкома Віцебскага губсавета. Пазней на ваен., парт. і сав. рабоце.

т. 8, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛІКО́Ў (Віктар Георгіевіч) (н. 5.7.1921, с. Верхняя Любоўша Новадзеравенькаўскага р-на Арлоўскай вобл., Расія),

савецкі ваен. дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1977). Герой Сав. Саюза (1981). У арміі з 1939. Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1953) і Генштаба (1959). У Вял. Айч. вайну на Паўднёва-Зах., Калінінскім, 1-м Прыбалтыйскім і 2-м Бел. франтах пераважна на камандных пасадах у танк. часцях. Пасля вайны на штабных і камандных пасадах. З 1969 галоўнакамандуючы Групай сав. войск у Германіі. З 1971 нач. Генштаба, 1-ы нам. міністра абароны СССР. У 1977—89 галоўнакамандуючы аб’яднанымі ўзбр. сіламі дзяржаў — удзельніц Варшаўскага дагавора (гл. Варшаўскі дагавор 1955). Дэп. Вярх. Савета СССР з 1968.

В.Г.Кулікоў.

т. 9, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЧЫ́НСКІ БОЙ 1942,

бой партызан атрада 61-й партыз. брыгады супраць карнай экспедыцыі ням.-фаш. войск у Кучынскім лесе на мяжы Быхаўскага і Магілёўскага р-наў 9 жн. ў Вял. Айч. вайну. Група партызан (20 чал.) пад камандаваннем Я.​Ф.​Каўшыркі 26 ліп. разграміла валасную ўправу ў в. Кучын. Блакада карнікамі клічаўскіх і бялыніцкіх лясоў вымусіла партызан спыніцца ў лесе за 3 км на ПнУ ад вёскі. Раніцай 9 жн. гітлераўцы (каля 3 тыс. карнікаў з артылерыяй, танкеткамі і бронемашынамі) занялі навакольныя вёскі і акружылі партызан. У выніку 3-гадзіннага бою партызаны нанеслі вял. страты ворагу ў жывой сіле, збілі самалёт, але самі амаль усе загінулі. На месцы бою пастаўлена стэла.

т. 9, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТЫ́ШСКІЯ СТРАЛКІ́,

ваеннаслужачыя латышскіх фарміраванняў рас. арміі, створаных у 1915 у час 1-й сусв. вайны для абароны Прыбалтыкі ад герм. войск. У 1916 разгорнуты ў стралк. дывізію. З мая 1917 знаходзіліся пад уплывам бальшавікоў. Л.с. актыўна ўдзельнічалі ў Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917, у грамадз. вайне, падаўленні антысав. выступленняў, у т. л. Доўбар-Мусніцкага мяцяжу 1918, ахоўвалі сав. ўрад у Маскоўскім Крамлі. У крас. 1918 з Л.с. сфарміравана 1-я Лат. стралк. дывізія, у пач. 1919 яна разгорнута ў Армію Сав. Латвіі. Пасля паражэнняў улетку 1919 зноў зведзены ў дывізію, якая ў ліст. 1920 расфарміравана.

Літ.:

История латышских стрелков (1915—1920): Пер. с латыш. Рига, 1972;

Революционные латышские стрелки (1917—1920). Рига, 1980.

т. 9, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСО́ЎСКІ (Аляксандр Юзаф) (каля 1575—1616),

военачальнік ВКЛ, стваральнік лёгкай нерэгулярнай кавалерыі — лісоўчыкаў. Вайсковую службу пачаў пад камандаваннем Я.​Патоцкага, удзельнічаў у кампаніі 1599—1600 супраць валашскага гаспадара Міхала, у Кірхгольмскай бітве 1605 са шведамі. У 1607 далучыўся да войска Лжэдзмітрыя II. На чале данскіх казакоў рабіў рэйды па тэр. Расіі, захапіў Разань, Суздаль, Каломну і інш. Пад камандаваннем Я.​П.​Сапегі ўдзельнічаў у аблозе Масквы і Троіца-Сергіевай лаўры. Пасля паражэння Лжэдзмітрыя II на службе ў Жыгімонта III, удзельнічаў у зняцці аблогі рус. войск са Смаленска ў 1614—15, у 1615 арганізаваў паход у Северскія землі. За ўдалыя вайсковыя аперацыі атрымаў чын каралеўскага палкоўніка.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 9, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСО́ЎСКІ (Мікалай Васілевіч) (1.12.1885, г. Баранавічы Брэсцкай вобл. — 1957),

савецкі ваен. дзеяч, ген.-лейтэнант. Скончыў Акадэмію Генштаба (1914). Удзельнік 1-й сусв. вайны. З лют. 1918 у Чырв. Арміі: нач. аператыўнага аддзела штаба Беламорскай ваен. акругі; нач. штаба, каманд. войскамі Котласкага р-на, адначасова камандзір асобнай брыгады. У 1919 каманд. войскамі Дзвінска-Мезенскага р-на, Пінега-Пячорскага краю, камандзір брыгады, нач стралк. дывізіі. З кастр. 1919 нач. штаба 6-й і 3-й армій, каманд. 12-й арміяй. Удзельнік савецка-польскай вайны 1920 на Зах. фронце. З 1921 каманд. арміяй Самаркандскай вобл., Бухарскай групы войск, на інш. камандных пасадах. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1956.

Э.​А.​Карніловіч.

т. 9, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮБЧА́НСКІЯ БАІ́ 1944.

Адбыліся паміж партызанамі брыгады імя Дзяржынскага і ням.-фаш. захопнікамі ў г.п. Любча Вілейскага р-на Мінскай вобл. 3 і 6—8 ліп. ў Вял. Айч. вайну. Гарнізон у Любчы (каля 450 гітлераўцаў) прыкрываў адступленне гітлераўскіх войск. Партызаны спланавалі яго ліквідацыю. 3 ліп. штурмам авалодалі гар. пасёлкам, захапілі шмат варожага ўзбраення. Выбітыя з пасёлка гітлераўцы пачалі канцэнтраваць сілы ў в. Нягневічы, каб знішчыць партызан і авалодаць пасёлкам. 6 ліп. пры падтрымцы танкаў і артылерыі яны пачалі наступленне. 3-за пагрозы акружэння брыгада вымушана была пакінуць Любчу. Але пасля 2 дзён жорсткіх баёў 8 ліп. партызаны зноў захапілі пасёлак і ўтрымлівалі яго да падыходу Чырв. Арміі.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 9, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКАЯ ГРУ́ПА ВОЙСК Заходняга фронту, аператыўнае аб’яднанне часцей і злучэнняў Чырв. Арміі ў савецка-польскую вайну 1920. Сфарміравана 20.5.1920 у складзе: 57-й стралк. дывізіі, 72-й і 139-й стралк. брыгад (адпаведна з 24-й і 47-й дывізій), Дняпроўскай ваеннай флатыліі, 17-й кав. дывізіі (з жн. 1920). Камандуючы Ц.​С.​Хвесін. Дзейнічала на левым флангу Зах. фронту. У чэрв. 1920 фарсіравала Дняпро каля г. Рэчыца, заняла Мазыр і Калінкавічы, наступала ўздоўж чыг. палатна Мазыр—Брэст, удзельнічала ў баях за Лунінец, Пінск, Кобрын, Варшаву. У выніку контрнаступлення польск. арміі 16.8.1920 пачала адыход на тэр. Беларусі. 2.9.1920 расфарміравана. Войскі і штаб М.г.в. увайшлі ў склад 4-й арміі (2-га фарміравання) Зах. фронту.

т. 9, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХАЛЁНАК (Іван Адамавіч) (6.6.1891, г. Маладзечна Мінскай вобл. — 24.7.1967),

удзельнік устанаўлення сав. улады на Беларусі, камбрыг (1935). Чл. РСДРП(б) з 1917. Скончыў Ваен. акадэмію РСЧА (1927). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1917 старшыня палкавога і чл. карпуснога к-таў 10-й арміі Зах. фронту, чл. Паўн.-Зах. абл. к-та РСДРП(б). У час ням. акупацыі ў 1918 на падп. рабоце ў Маладзечне, потым старшыня рэўкома. З 1919 у паліт. аддзелах 17-й і 54-й дывізій, 4-й арміі, Мазырскай групы войск Чырв. Арміі, чл. Віцебскага пав. рэўкома. З 1921 камісар 4, 8, 7-й Самарскіх дывізій, 5-га стралк. корпуса. У 1927—34 у штабе РСЧА.

т. 10, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНАЙ БЯСПЕ́КІ ІНСТЫТУ́Т, Інстытут нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь,

вышэйшая спец. навуч. ўстанова па падрыхтоўцы аператыўнага складу КДБ, а таксама Пагранічных войск і мытных органаў. Засн. ў 1946 у г. Львове як школа па падрыхтоўцы аператыўнага складу КДБ. З 1952 сярэдняя спец. навуч. ўстанова. У 1954 пераведзена ў Магілёў; рыхтавала спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй (з 1956). З 1961 у Мінску. У 1964 ператворана ў Вышэйшыя курсы КДБ пры СМ СССР. З 1992 пад юрысдыкцыяй КДБ Рэспублікі Беларусь. У 1994 на базе курсаў створаны ін-т нац. бяспекі. Мае 3 факультэты, 11 спец. кафедраў (1999); ад’юнктура з 1994, дактарантура з 1999.

Літ.:

Шаров В.И., Князев С.Н. Фрагменты большого пути. Мн., 1996.

С.​Н.​Князеў.

т. 11, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)