АКТЫ́ЎНАСЦЬ (ад лац. activus дзейсны, дзейны) у псіхалогіі, уласцівасць псіхікі быць не толькі актам, але і крыніцай паводзін. Праяўляецца ў сувязі з дзейнасцю як дынамічная ўмова яе ўзнікнення, рэалізацыі і відазмянення. Паняццем «актыўнасць» падкрэсліваецца не рэактыўная, а актыўная сутнасць псіхічнага, якая найлепш праяўляецца праз свабоду волі і жадання. Актыўнасць можа быць вонкавая (праяўляецца праз рухі цела і маторыку) або ўнутраная (існуе ў плыні псіхічнага). У ёй вылучаюць паводзіны і дзейнасць. Дзейнасць адрозніваецца ад паводзін тым, што выклікаецца свядома пастаўленымі мэтамі, якія дасягаюцца пры дапамозе прылад працы. Тэрмін «актыўнасць» выкарыстоўваецца псіхолагамі і ў вузкім сэнсе: актыўнасць асобы — магчымасць чалавека быць суб’ектам міжасабовых зносін, дзейнасці і самарэалізацыі; актыўнасць надсітуацыйная звязана з перавышэннем зададзеных мэт дзейнасці, а звышнарматыўная актыўнасць — з перавышэннем звычайных нормаў дзейнасці; актыўнасць пошукавая — перабор розных варыянтаў сітуацыі дзеяння. Тэрмінам «актыўнасць» называюць таксама аспект тэмпераменту, які характарызуецца хуткасцю, тэмпам, энергіяй, магчымасцю пераадольваць цяжкасці.
Літ.:
Хекхаузен Х. Мотивация и деятельность: Пер. с нем. М., 1986. [Т.]1. С. 12—14, 54—55, 70—93, 152—160, 215, 216;
Общая психология. 2 изд. М., 1986. С. 205—215, 415.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСІЁМА (грэч. axiōma),
палажэнне, якое прымаецца без лагічных доказаў на падставе непасрэднай пераканаўчасці; сапраўднае зыходнае палажэнне, на якім грунтуюцца доказы інш. палажэнняў навук. тэорыі. Сістэма аксіёмы не з’яўляецца раз і назаўсёды закончанай і, як і самі аксіёмы, змяняецца з развіццём чалавечага пазнання. Тэрмін «аксіёма» ўпершыню сустракаецца ў Арыстоцеля, потым праз працы паслядоўнікаў і каментатараў Эўкліда трывала ўвайшоў у геаметрыю. У сярэднявеччы пранік ў інш. навукі, а праз іх — у штодзённы побыт, дзе аксіёмай наз. суджэнні, шмат разоў правераныя на практыцы. Доўгі час аксіёма разглядалася як вечная і непарушная ісціна, што не патрабуе доследу і не залежыць ад яго. Лічылася, што спроба абгрунтавання можа толькі падарваць яе відавочнасць. Пераасэнсаванне праблемы абгрунтавання аксіёмы змяніла і змест самога тэрміна, паводле якога аксіёма не зыходны пачатак пазнання, а хутчэй яго прамежкавы вынік. Яна абгрунтоўваецца не сама па сабе, а як неабходны састаўны элемент тэорыі, пацвярджэнне якой ёсць адначасова і пацвярджэнне яе аксіёмай. У сучаснай навуцы пытанне пра ісціннасць аксіёмы вырашаецца ў рамках іншых навук. тэорый або шляхам інтэрпрэтацыі дадзенай тэорыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́НДНЫ ПАДРА́Д,
форма арэндных узаемаадносін унутры прадпрыемства (унутрывытворчая арэнда). Выкарыстоўваецца для павышэння эфектыўнасці вытворчасці на аснове матэрыяльнага стымулявання арэнднага калектыву. Аб’ектам арэнды з’яўляецца падраднае заданне — выпуск прадукцыі пэўнай наменклатуры, адпаведнай якасці і ў вызначаны тэрмін на аснове выкарыстання асноўных сродкаў вытворчасці, якія бяруцца ў арэнду. Дагавор на арэндны падрад заключаецца паміж адміністрацыяй прадпрыемства, з аднаго боку, і калектывамі яго вытворчых падраздзяленняў (брыгад, цэхаў і інш.), з другога. Узаемаадносіны паміж імі будуюцца на прававой і эканамічнай аснове. Арэнднаму вытворчаму падраздзяленню перадаецца частка правоў прадпрыемства, напрыклад размеркаванне даходу, арганізацыя працы і яе аплата, вызначэнне колькасці работнікаў, выкарыстанне абсталявання і працоўнага часу, выкананне знешніх паслуг і заказаў і гэтак далей. Такое расшырэнне правоў і гаспадарчай самастойнасці арэнднага калектыву спалучаецца з яго матэрыяльнай адказнасцю за выкананне вытворчых заданняў. Арэндны падрад грунтуецца на дакладным вызначэнні складу і памеру арэнднай платы, парадку размеркавання выручкі ад продажу прадукцыі паміж адміністрацыяй і арэндным калектывам, магчымасцяў ствараць у арэндным вытворчым падраздзяленні фонд развіцця вытворчасці, фонд спажывання і гэтак далей. Пры гэтым асноўныя функцыі прадпрымальніка застаюцца за адміністрацыяй прадпрыемства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФАНА́СЬЕЎ (Аляксандр Мікалаевіч) (23.7.1826, г. Багучар Варонежскай вобл., Расія — 5.10.1871),
рускі фалькларыст, этнограф, гісторык, літаратуразнавец. Скончыў Маскоўскі ун-т (1848). Служыў у Гал. архіве Мін-ва замежных спраў (1849—62). Выключнае значэнне мае яго зб. «Народныя рускія казкі» (вып. 1—8, 1855—63; т. 1—3, 7-е поўнае выд. 1985—86). У ім змешчаны таксама бел. (11) і ўкр. тэксты. Бел. тэксты надрукаваны і ў яго зб. «Народныя рускія легенды» (М., 1859; Лондан, 1860), канфіскаваным па даносе духавенства. Ананімна ім выдадзены ў Швейцарыі зб. «Рускія запаветныя казкі» (1872 і 1878), накіраваны супраць духавенства і памешчыкаў. У рукапісе зб. Афанасьева «Народныя рускія казкі не для друку. 1857—1862» (Ін-трус. л-ры, Спб.) таксама ёсць бел. і ўкр. тэксты. Праца Афанасьева «Паэтычныя погляды славян на прыроду» (т. 1—3, 1865—69) упершыню на матэрыяле фальклору і этнаграфіі раскрыла некаторыя асаблівасці стараж. светапогляду славян, спрыяла станаўленню міфалагічнай школы ў рус. фалькларыстыцы, мела ўплыў на працы некат. бел. фалькларыстаў.
Літ.:
Азадовский М.К. История русской фольклористики. Т. 2. М., 1963;
Савченко С.В. Русская народная сказка. Киев, 1914.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РКЛІ ((Berkeley) Джордж) (12.3.1685, г. Кілкені, Ірландыя — 14.1.1753),
англійскі тэолаг і філосаф. Атрымаў адукацыю ў Дублінскім ун-це. З 1734 епіскап англіканскай царквы ў Клойне (Ірландыя). Паводле яго вучэння, усе прадметы аб’ектыўнай рэальнасці існуюць толькі таму, што ўспрымаюцца суб’ектам; наогул няма нічога, што рэальна існуе, акрамя субстанцыі духу, душы і «майго Я». Выступаў з крытыкай атэізму, уяўлення аб матэрыі як прадметнай аснове (субстанцыі) целаў і іх якасцяў, а таксама вучэння Дж.Лока і Ньютана аб матэрыі і прасторы. Лічыў немагчымым утварыць агульныя ідэі прасторы і матэрыі, абстрагаваўшыся ад уласцівасцяў асобных рэчаў, паколькі ў чалавека няма пачуццёвага ўспрымання матэрыі. Зыходзячы з канцэпцыі суб’ектыўнага ідэалізму сцвярджаў, што нават калі б усе суб’екты ўспрымання зніклі, рэч працягвала б існаваць як сума «ідэй» у розуме Бога — суб’екта, які не можа знікнуць, і таму не можа знікнуць і створаны ім свет зорак, планет і Зямля з усім, што існуе на ёй. Асн.працы: «Спроба новай тэорыі погляду» (1709), «Трактат пра пачаткі чалавечых ведаў» (1710), «Тры размовы паміж Гіласам і Філонусам» (1713), «Алсіфрон, ці Дробны філосаф» (т. 1—2, 1732) і інш.
савецкі парт. і дзярж. дзеяч; адзін з гал. арганізатараў і кіраўнікоў рэпрэсій палітычных у СССР у 1930—50-я г. Маршал Сав. Саюза (1945), Ген. камісар дзярж. бяспекі (1941), Герой Сац. Працы (1943). Чл.КПСС з 1917. Скончыў Бакінскае сярэдняе мех.-буд. тэхн. вучылішча (1919). У 1921—31 у органах разведкі і контрразведкі, нам. старшыні Азербайджанскай ЧК, старшыня Грузінскага і Закаўказскага ДПУ, прадстаўнік АДПУ у ЗСФСР. З 1931 1-ы сакратар ЦК КП(б) Грузіі, адначасова з 1932 — Закаўказскага крайкома і Тбіліскага гаркома партыі. У 1938—45 і ў сак.—чэрв. 1953 нарком унутр. спраў СССР. Чл.ЦККПСС у 1934—53, чл. Палітбюро ЦККПСС з 18.3.1946 да 7.7.1953. Дэп. Вярх. СаветаСССР з 1937. 26.6.1953 арыштаваны, на ліпеньскім (1953) Пленуме ЦККПСС выведзены са складу ЦК і выключаны з партыі як вораг Кампартыі і сав. народа. 23.12.1953 прыгавораны за «здраду» да расстрэлу і ў той жа дзень расстраляны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЁНІКА (ад грэч. biōn элемент жыцця, літар. які жыве),
кірунак у кібернетыцы, засяроджаны на вывучэнні асаблівасцяў будовы і жыццядзейнасці арганізмаў з мэтай стварэння больш дасканалых тэхн. сістэм або ўстройстваў. Першай спробай мадэлявання жывога (крыла птушкі) лічаць працы Леанарда да Вінчы (1452—1519). Як самаст. навука вылучылася з кібернетыкі ў 1960 на першым сімпозіуме па біёніцы ў Дайтане (ЗША). Існуюць 3 кірункі біёнікі: біялагічны — вывучэнне з’яў і працэсаў, якія адбываюцца ў жывых арганізмах з мэтай наступнага выкарыстання іх у тэхн. аспектах; тэхнічны — пабудова новых і ўдасканаленне старых тэхн. сістэм на аснове біял. ведаў; тэарэтычны — высвятленне магчымасці стварэння тэхн. ўстройства шляхам папярэдняга выпрабавання яго мадэлі. На Беларусі распрацоўваюцца біятэхн. сістэмы, сукупнасці біял. і тэхн. элементаў, звязаных паміж сабой у адзіным контуры кіравання. Створаны комплекс маніторных дыягнастычных і біятэрапеўтычных сістэм, якія выкарыстоўваюцца ў кардыялогіі (Г.І.Сідарэнка). Прапанавана эксперым. мадэляванне кіруючых сістэм (эмбрыябіёніка), што рэалізуецца ў выглядзе аперацыі органапексіі (Д.М.Голуб).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІРЫ́ЛА (Мікалай Васілевіч) (10.9.1923, в. Скварцы Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 30.9.1992),
бел. мовазнавец. Акад.АН Беларусі (1977, чл.-кар. 1972), д-рфілал.н. (1969), праф. (1971). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1947). З 1947 у Ін-це мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі. У 1956—58 праф. кафедры бел. філалогіі Варшаўскага ун-та. З 1959 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1977 адначасова в.а. акадэміка-сакратара. У 1982—92 акад.-сакратар Аддзялення грамадскіх навук АН Беларусі. Навук.працы ў галіне бел. дыялекталогіі, сучаснай бел.літ. мовы, анамастыкі і лексікаграфіі. Аўтар манаграфій «Беларуская антрапанімія» (т. 1—3, 1966—82), «Націск назоўнікаў у сучаснай беларускай мове» (1986). Сааўтар прац «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963) і «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (1968—69; Дзярж. прэмія СССР 1971), «Беларуская граматыка» (ч. 1—2, 1985—86), «Лексічны атлас беларускай мовы» (т. І, 1992) і інш. Прымаў удзел у падрыхтоўцы і рэдагаванні слоўніка «Славянская анамастычная тэрміналогія» (Скопле, 1983), «Слоўніка беларускай мовы» (1987).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАЦКІ ГІСТО́РЫКА-ЭТНАГРАФІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.
Адкрыты ў 1988 у г. Горкі Магілёўскай вобл. Мае 8 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 484 м²), каля тыс. экспанатаў асн. фонду (1997). Аддзелы: археалагічны, гісторыі краю дасав. перыяду, сав. перыяду, Вял.Айч. вайны, этнаграфічны, мастацкі. Сярод экспанатаў стараж. кераміка, прылады працы, жаночыя ўпрыгожанні з археал. помнікаў Горацкага і суседніх раёнаў, карта сял. хваляванняў 1655, матэрыялы пра Горацкі маёнтак, Горы-Горацкія земляробчую школу і інстытут. Шматлікія крыніцы і ўспаміны расказваюць пра падзеі ў Горках у час паўстання 1863—64, пра старшыню першага рэўкома на Чукотцы М.С.Мандрыкава, лёсы землякоў, якія ў час калектывізацыі былі беспадстаўна рэпрэсіраваны. У экспазіцыі, прысвечанай Вял.Айч. вайне, матэрыялы пра дзейнасць Горацкага патрыятычнага падполля, воінаў-землякоў — Герояў Сав. Саюза, пра баявыя дзеянні на тэр. раёна польск. дывізіі імя Т.Касцюшкі, лётчыкаў з авіяэскадрыллі «Нармандыя—Нёман» і інш. У аддзеле этнаграфіі экспануюцца землеапрацоўчыя прылады, адзенне 2-й пал. 19 — пач. 20 ст., вырабы ткацтва, ганчарства і інш. рамёстваў. Мастацкі аддзел аформлены як карцінная галерэя твораў землякоў-жывапісцаў. Філіялы музея працуюць у вёсках Аўсянка, Копцеўка, Леніна і Маслякі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАДО́ЎСКІ (Аляксандр Дзмітрыевіч) (25.12.1841, б. Валуйскі пав. Варонежскай губ., Расія — 18.11.1889),
расійскі вучоны-прававед, публіцыст. Скончыў Харкаўскі ун-т (1862). З 1867 дацэнт, з 1869 праф. Пецярбургскага ун-та. У сваёй асн.працы «Пачаткі рускага дзяржаўнага права» (т. 1 — «Пра дзяржаўны лад», 1875; т. 2 — «Органы кіравання», 1876; т. 3 — «Органы мясцовага кіравання», 1883) імкнуўся сумясціць два падыходы: дзяржаўнай школы, якая зыходзіла з вядучай ролі дзяржавы і ўладных структур у грамадскім развіцці, і гіст. школы, якая рашаючае значэнне надавала эканам. і сац.-культ. фактарам. У кн. «Дзяржаўнае права важнейшых еўрапейскіх дзяржаў» (1886) і інш. аналізаваў паліт. і дзярж. вопыт Зах. Еўропы, раскрываў змест важнейшых атрыбутаў паліт. працэсу — парламентарызму, канстытуцыяналізму, сістэмы падзелу ўлад на заканадаўчую, выканаўчую і судовую, лічыў, што гэты вопыт дастасоўны да рас. грамадства. Супрацоўнічаў у ліберальным перыяд. друку.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—9. СПб., 1899—1904;
Политика, история и администрация: Крит. и полит. статьи. СПб., 1871;
Государство и народность: Опыт постановки нац. вопр. М., 1873;
Трудные годы (1876—1880): Очерки и опыты. СПб., 1880.