прыгаво́р, ‑у, м.
1. Рашэнне суда па якой‑н. справе. Па прыгавору ваеннага трыбунала з .. [Жучкова] знялі афіцэрскія пагоны і накіравалі ў штрафны батальён. Корбан. Пакуль чыталі прыгавор, .. [К. Каліноўскі] спакойна і мужна пазіраў на людскі натоўп. С. Александровіч.
2. Рашэнне, пастанова якой‑н. арганізацыі. Партызаны вынеслі смяротны прыгавор каменданту суседняга мястэчка, нейкаму пану фон Губерту. Краўчанка. // Рашэнне, меркаванне па якому‑н. пытанню; ацэнка чаго‑н. Вось і скончана ўсё: Для пачуццяў маіх Прыгавор ты выносіш суровы... Тарас.
3. звычайна мн. (прыгаво́ры, ‑аў). Словы, якімі суправаджаюць якое‑н. дзеянне. [Жанчына] неяк усміхнулася, ажыла.. і пачала свае старыя прыгаворы нанава. — А вы ў Грыні? Ды і я ж у Грыні. Да сястры сваёй, да Раіны... Пташнікаў. Адтуль [з пакоя] чуліся стогны Ніны, прыгаворы Гарпіны. Галавач.
4. Уст. Варажба, чараўніцтва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пара́іцца, ‑ра́юся, ‑ра́ішся, ‑ра́іцца; зак.
1. Папрасіць парады ў каго‑н. Параіцца з доктарам. □ Да Кірылы Арлоўскага прыязджалі камандзіры суседніх партызанскіх атрадаў, каб параіцца, як лепш арганізаваць.. тую ці іншую баявую аперацыю. Паслядовіч. — Трэба ўсё ж з металургам параіцца, — сказаў Міхал. Карпаў. Старога Юстыня ў засценку паважалі, нават параіцца да яго прыходзілі. Чарнышэвіч.
2. Абмяняцца думкамі, парадамі. Мы яшчэ параіліся між сабой, што нам рабіць з нашымі прапыленымі трафеямі, ці браць іх з сабою ці аддаць назад. Лынькоў. Параіліся мужчыны, пагаманілі і пастанавілі: аддаць гэтых дзяцей Тарасу пад апеку. Нікановіч. Хлопцы адпаўзлі метраў на дзвесце ад дарогі ў лес, каб параіцца і падсілкавацца. Краўчанка.
параі́цца, ‑раі́цца; зак.
Утварыць новы рой (пра пчол). У Хілімона на пасецы цяпер асаблівай работы не было: пчолы параіліся. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кацёл, катла, м.
1. Металічная пасудзіна акруглай формы і розных памераў для награвання вады, гатавання ежы і пад. Пад дашчатым навесам гарэў агонь, у катле варылася вячэра. Шчарбатаў. Чвэрць кухні займала нізкая ёмкая печ з двума ўмураванымі катламі для награвання вады і для варкі бульбы. Колас. // Пра харчаванне з агульнай кухні. Партызанскі кацёл. Армейскі кацёл. □ Побач .. спрачаліся дзве кабеціны: рэзаць цяля для агульнага катла на сенакос ці не. Ваданосаў.
2. Закрытая пасудзіна для выпрацоўкі пары. Паравы кацёл. □ А ўжо з катлоў, зноў-такі па трубах, вада, ператвораная ў сухую пару, пойдзе ў турбіну. Краўчанка.
3. Поўнае акружэнне вялікіх варожых групіровак. Папасці ў кацёл. Бабруйскі кацёл.
•••
Як піўны кацёл — вельмі вялікіх памераў (пра галаву чалавека).
Як у катле кіпіць гл. кіпець.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́явіцца, ‑яўлюся, ‑явішся, ‑явіцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Наглядна праявіцца; паказацца (пра што‑н. скрытае). У хлопца выявіліся добрыя арганізатарскія здольнасці, старанне, настойлівасць і акуратнасць у рабоце. Кулакоўскі. // Разм. Паказаць сябе. Макар Лагун ужо не раз казаў Сцёпку, чаму ён не ў ячэйцы, .. і чаму не выявіўся нічым, як бязбожнік. Колас. // Выкрыцца, стаць відавочным. Выявіліся недахопы. Выявілася нястача грошай.
2. безас. (звычайна ў спалучэнні са злучнікам «што»). Аказацца на самай справе, у выніку чаго‑н. Ужо з першых крокаў выявілася, што такое заданне даць лягчэй, чым яго выканаць. Якімовіч. Калі праверылі людзей, то выявілася, што ўсе былі ў зборы. Мележ. Як выявілася, рыбакі паехалі ў сяло. Краўчанка.
3. Разм. Выпісацца адкуль‑н. Выявіцца з дамавой кнігі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дада́ць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасца, ‑дадуць; зак., каго-што.
1. і чаго. Дабавіць звыш таго, што ёсць ці павінна быць; павялічыць што‑н.; прыбавіць, дабавіць. Да чацвёркі шахцёраў прыйшлося дадаць яшчэ чатырох чалавек. Мікуліч. Калі бульба зварылася, бабка патаўкла яе, дадала пшанічнай мукі ды ўбіла пару яечак. Колас. // Сказаць ці напісаць у дадатак. [Таіса] памаўчала і дадала: — І сама сябе я не ведаю. Скрыган. Вось, бадай, і ўсё. Хіба толькі яшчэ дадам, што немаведама як і завошта зрабілі мяне нейкім ледзь не героем. Краўчанка.
2. і чаго. Аддаць другі раз тую частку чаго‑н., якая не была аддадзена раней. Вазьмі пакуль гэта, астатняе дадам заўтра.
3. Прыкласці, далучыць да чаго‑н. Дадаць характарыстыку да заявы.
4. Скласці лікі. Да пяці дадаць чатыры.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разваро́т, ‑у, М ‑роце, м.
1. Дзеянне і стан паводле дзеясл. развярнуць (у 4 знач.) і развярнуцца (у 2 знач.).
2. Паварот з мэтай змяніць напрамак руху. Падляцеўшы да рачулкі, .. [самалёт] крыху знізіўся і зрабіў разварот. Даніленка. Нечакана перад самым ровам танк зрабіў разварот на дзевяноста градусаў. М. Ткачоў. // Выгіб, паварот, які ўтвараецца чым‑н. (дарогай, вуліцай і пад.). Трамвайныя лініі рабілі разварот і перасякалі асфальт вуліцы ў двух месцах. Пташнікаў.
3. Дзве сумежныя старонкі разгорнутай кнігі, часопіса, сшытка і пад. Разварот газеты. □ Гэта была карта — карта на ўвесь разварот часопіса. Ракітны.
4. Разм. Шырыня, размах у развіцці, у праяўленні чаго‑н. Разварот падзей. // Магчымасць разгарнуцца, праявіць сябе, паказаць сябе. [Баравы:] — Вось і мая такая думка: трэба не даваць .. [варажбітцы] тут ніякага развароту. Краўчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сядло́, ‑а́; мн. сёдлы (з ліч. 2, 3, 4 сядлы́), ‑аў; н.
1. Сядзенне для конніка, якое мацуецца на спіне каня, асла і пад. Сядло на кані пабялела ад снегу: коннік гадзіны тры не сядзеў на ім. Мележ. Набыць адразу так шмат сёдлаў і адпаведных коней было даволі нялёгка. Брыль. Ваяка меў цудоўнага каня. На тым кані ён вецер абганяў. Сядло ўсё пазалочана на ім, вуздэчка ўся ў зіхценні залатым. Дубоўка. // Скураное сядзенне матацыкла, веласіпеда. Рэзка тузануўшы нагою рычаг, Казімір завёў матацыкл, сеў на сядло. Краўчанка.
2. Назва розных дэталей для апоры, насадкі чаго‑н. Сядло клапана.
3. Прадаўгаватая ўпадзіна між дзвюма вышынямі ў горным хрыбце. Сядло Эльбруса.
•••
Выбіць з сядла гл. выбіць.
Як свінні сядло (падыходзіць) — зусім не пасуе (не падыходзіць).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тэлегра́фны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да тэлеграфа; прызначаны для тэлеграфа. Па правай руцэ ўздымалася высокая града гасцінца, па левай час ад часу блізка гулі тэлеграфныя слупы. Брыль. На стале аператыўнага дзяжурнага цікаў самалёты гадзіннік, а з суседняга пакоя ўрываўся нервовы, з частымі перапынкамі, стук тэлеграфнага ключа. Алешка. Новікаву часта даводзілася адносіць Леніну па кватэру тэлеграфныя стужкі парагавораў. Мяжэвіч. // Які займаецца перадачай паведамленняў на тэлеграфе. Тэлеграфная служба.
2. Які ажыццяўляецца пры дапамозе тэлеграфа; перададзены па талеграфе. Аднойчы на вялікай глыбіні акіяна адбылася аварыя — пашкоджанне кабеля тэлеграфнай сувязі. Матрунёнак. Гэта дні, калі .. [Рыгорка], па асабістаму тэлеграфнаму распараджэнню начальніка метэаралагічнай станцыі інжынера Пятра Захаравіча Лося, зусім самастойна выконваў важную навуковую работу. Краўчанка.
3. перан. Вельмі сціслы, падобны па паведамленне, перададзенае па тэлеграфе. Тэлеграфны стыль пісьма.
•••
Тэлеграфнае агенцтва гл. агенцтва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упра́ва 1, прысл.
У правы бок; проціл. улева. Дарога паварочвала то ўправа, то ўлева. Краўчанка. Стрэлка манометра пасоўвалася ўправа, набліжаючыся да чырвонай рыскі. Васілёнак.
упра́ва 2, ‑ы, ж.
1. Установа, якая ведала грамадскімі, саслоўнымі і адміністрацыйнымі справамі ў дарэвалюцыйнай Расіі, а таксама будынак, дзе яна размяшчалася. Земская ўправа. Валасная ўправа. Гарадская ўправа.
2. Сіла, якая абмяжоўвае чыё‑н. самавольства, дэспатызм; мера ўздзеяння на каго‑н. Людзі голасам галасілі ад панскай ласкі. Шукалі дзе якую ўправу на яснавяльможнага. Сабаленка. Нашто зямля іх, катаў, носіць? Ой, хто ж ад іх не загалосіць? А дзе на іх шукаць управы, Бо суд «праўдзівы», суд «ласкавы» Паноў за здзекі не карае? Колас. — На п’янства, нябось, ёсць управа, а чаму ж гэтых курцоў не караюць, — сказала .. [жанчына] з нейкай крыўдай і змоўкла. Адамчык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
усця́ж, прысл. і прыназ.
Абл.
1. прысл. На ўсёй прасторы, ва ўсіх напрамках; скрозь. Неба, усцяж засланае бялесымі воблакамі, пазірала непрыветна і холадна. Колас. / З прыназ. «па» ўтварае спалучэнне з М. Паставіўшы ля варот вядро, .. [Алёша] паімчаўся ўсцяж па вуліцы далей. Краўчанка. Няхай гудзе, як першы гром вясною, Усцяж па ўсёй зямлі, па ўсіх марах Жывая слава пераможцам бою, Паборнікам і праўды і дабра. Астрэйка.
2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «усцяж» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца пры ўказанні на прадмет, уздоўж па лініі якога што‑н. размяшчаецца, рухаецца. Хуткая плынь ракі адразу панесла пантон з танкам усцяж берага. Мележ. Ніна неўзабаве выйшла на ўскрай лесу і недалёка ўбачыла вёску, што раскінулася ўсцяж дубровы. Шчарбатаў. Усцяж дарогі цвілі буйныя белыя рамонкі. Арабей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)