По́яс1, пая́с, по́іс, по́ес ’рэмень, шнур і пад., якімі падпяразваюць адзежу на таліі’, ’паясніца, талія’, ’што-небудзь разморанае паласой’, ’брус паміж кроквамі ці слупамі’, ’гарызантальныя планкі ў раме кроснаў’, ’спавівач’ (ТСБМ, Бес., Сцяшк. Сл., Уладз., Шушк., Інстр. 1, Тарн., Маш., П. С., Касп., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., ТС, Бяльк.), ’паясніца’ (жлоб., Мат. Гом.; ТС), петрык. ’падбрушнік’, талач. ’спавівач’, свісл. ’папярочная планка ў лаве’; лун. ’папярочная планка ў кроквах’ (Шатал.), ’вянок у калодзежным зрубе’, поесні́ца ’пояс ў штанах’, поесо́к ’выступ, карніз’ (ТС), ст.-бел.поясъ, поѣс, поесокъ, поясок ’рэмень, шнур’, ’паясніца, талія’, укр.по́яс, рус.по́яс, польск.pas, в.-луж., н.-луж.pas, чэш., славац.pás, славен.pojâs, серб.-харв.по̏јас, па̑с, pȃs, балг.по́яс, ст.-слав.поꙗсъ. Да прасл.*po‑jasъ, якое з’яўляецца адваротным дэрыватам ад *po‑jasati (< і.-е.*jōs‑ ’падпаясаць’ ’апаясаць’; літ.júosti ’апаясваць’, júosta ’пояс’, лат.júôsta ’пояс’, juôzt ’апаясваць’, грэч.ζῶμα ’пояс’, авест.yāsta‑ ’адперазаны’), дзе *ро‑ — дээтымалагізаваны прэфікс (ESSJ, 1, 187), гл. па‑, параўн. бел.апаясаць ’падперазаць’, і *jasati, адкуль ц.-слав.ꙗсало ’пояс’ (Фасмер, 3, 351; Глухак, 429), сюды ж по́вяс, по́вес (гл.).
По́яс2 ’вясёлка’ (іван., стол., ДАБМ, камент., 901–902), пая́с (брасл., шарк., ДАБМ, камент., 901–902), бо́жы паяс ’тс’ (брасл., там жа), укр.бо́жій по́йас, по́йас Бо́жойі матери, балг.поя́с, го́сподʼов по́яс, богородичен пояс, макед.појас, славен.svete Marije pȃsес, серб.-харв.bȏzji pasȉć, božji pȃs, hožji pojas, Marijin pas. Пра геаграфію распаўсюджання значэння по́яс ’вясёлка’ гл. Талстой, ОЛА, Исследов., 1974, 35–38. По́яс ’вясёлка’ на Браслаўшчыне лічаць славянскай калькай літоўска-латышскай назвы, параўн. літ.dievo juosta (літаральна ’божы пояс’), malonės juosta (літаральна ’добры пояс’), лат.dieva josta. Непакупны (Связи, 64–66), насуперак Талстому, палеска-паўночнаславянскую лексіка-семантычную ізаглосу адмяжоўвае ад літоўска-латышскай і лічыць іх прыкладам незалежнага семантычнага развіцця агульнай балта-славянскай лексемы (семантычная універсалія, параўн. франц.дыял.ceinture ’вясёлка’, літаральна — ’пояс’). Лічыцца, што асновай метафары ’пояс’ — ’вясёлка’ разамз формай пояса мог паслужыць звычай насіць шматколерныя паясы ў Латвіі, Літве і Балгарыі (Непакупны, тамсама; Чэкман, Baltistica, 8, 2, 155). Мяркуецца, што існаваў агульны міф на балта-славяна-грэчаскай і заходнееўрапейскай тэрыторыі, у якім вясёлка выступала ў якасці пояса жаночага бажаства (Алінеі, Зб. Івічу, 78).
По́яс3 ’Млечны Шлях’ (Мат. Гом.). Такая назва існуе і ў іншых народаў, параўн. рус.дыял.по́яс ’тс’, лац.Caeli Cingulum ’нябесны пояс’ і лагічна выцякае з гаспадарчай дзейнасці і побытавых рэалій гэтых народаў. У назве по́яс адлюстроўваецца форма Млечнага Шляху, які ўяўляе сабой серабрыстую туманную паласу, што апаясвае нябесную сферу (Карпенка, Назв., 14–23). Пра іншыя назвы і геаграфію іх распаўсюджання гл. таксама Гладышова, Wiedza, 77–89; Купішэўскі, Słown., 106.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
РЭФО́РМЫ МО́ЎНЫЯ,
змены ў графіцы, правапісе і марфалогіі, якія абумоўлены развіццём мовы ў яе вусным і пісьмовым варыянтах, адлюстроўваюць пэўныя сацыяльныя запатрабаванні, неабходнасць якіх вызначаецца спецыялістамі-мовазнаўцамі і потым узаконьваюцца органамі ўлады. Фарміраванне бел. азбукі, норм і правіл правапісу і марфалогіі звязана са станаўленнем літаратурнай мовы. Выпрацоўка грамат. асаблівасцей і моўна-выяўленчых сродкаў новай бел.літ. мовы ў 19 ст. адбывалася ў неспрыяльных грамадска-паліт. умовах. Разамз развіццём лексікі, грамат. ладу ішла і стыхійная выпрацоўка норм і правіл пісьма; спец. Р.м. не праводзіліся. Літ.-маст., публіцыстычныя і фальклорныя творы запісваліся на роднай гаворцы аўтара. У кнігадрукаванні на бел. мове на працягу ўсяго 19 ст. выкарыстоўваліся 2 графічныя сістэмы — грамадзянскі шрыфт і лацінка (гл.Лацінскае пісьмо), што стрымлівала выпрацоўку і замацаванне правапісных норм. Дзвюма графічнымі сістэмамі друкаваліся і першыя бел. легальныя газеты «Наша доля» і «Наша ніва», прычым экзэмпляры зграмадз. шрыфтам распаўсюджваліся пераважна сярод правасл. беларусаў, а на лацініцы — сярод каталіцкага бел. насельніцтва. Аднак значныя матэрыяльныя затраты прымусілі рэдакцыю «Нашай нівы» звярнуцца да чытачоў з прапановай выказаць меркаванне пра тое, якім шрыфтам друкаваць газету ў далейшым. Разнастайныя меркаванні па гэтым пытанні змяшчаліся ў газеце ў 1912, большасць падпісчыкаў выказалася за грамадзянскі шрыфт, які і быў прыняты з канца 1912. Праведзеная рэдакцыяй дыскусія была па сутнасці першым у гісторыі бел. мовазнаўства мерапрыемствам, у якім прынялі ўдзел шырокія колы грамадскасці. Аднак выкарыстанне лацінкі ў некат. выданнях працягвалася і пазней, а ў.Зах. Беларусі ёю карысталіся да 1939. У 1917—18 пачалі з’яўляцца спец. даведнікі па бел.арфаграфіі (А.Луцкевіча, Я.Лёсіка, Б.Пачопкі, Р.Абіхта і Я.Станкевіча), у якіх нярэдка выказваліся супярэчлівыя погляды. Найб. значнай мовазнаўчай працай таго часу была «Беларуская граматыка для школ» Б.Тарашкевіча, выдадзеная ў Вільні ў 1918. Правапіс Тарашкевіча ўзаконіў асн. арфаграфічныя прыёмы, выпрацаваныя ў бел. друку перыяду «Нашай нівы»: галосныя перадаюцца па фанетычным прынцыпе, зычныя — па марфалагічным. У Сав. Беларусі правапіс Тарашкевіча папулярызаваў Лёсік у сваіх падручніках. Аднак у сувязі збеларусізацыяй і павелічэннем колькасці людзей, якія карысталіся бел. пісьмовай мовай, з сярэдзіны 1920-х г. выявіліся недахопы правапісу Тарашкевіча. Таму Навук. рада Інбелкульта прыняла рашэнне правесці навук. канферэнцыю па рэформе бел. правапісу. Канферэнцыі папярэднічала выданне 9 брашур па спрэчных пытаннях правапісу, у якіх шырокія колы грамадскасці мелі магчымасць пазнаёміцца з тагачаснымі правапіснымі праблемамі і шляхамі іх вырашэння. Канферэнцыя адбылася ў Мінску 14—21.11.1926. Па сваіх маштабах і праграме яна выйшла далёка за межы тагачасных навук. канферэнцый і за ёю замацавалася назва акадэмічнай У ёй прынялі ўдзел 69 прадстаўнікоў бел. навукі і культуры, дэлегаты з мовазнаўчых устаноў Масквы, Ленінграда, Кіева і 10 замежных мовазнаўцаў і дзеячаў культуры. Работа канферэнцыі вялася ў 3 камісіях: графічнай, правапіснай і літаратурнай. У правапісную камісію ўваходзіла 30 удзельнікаў канферэнцыі. Па спрэчных пытаннях правапісу выказваліся самыя разнастайныя прапановы і рэкамендацыі, якія, аднак, не лічыліся абавязковымі, паколькі іх рэалізацыю трэба было ўзаконіць. На канферэнцыі прынята рашэнне працягваць работу ў правапіснай камісіі Інбелкульта, якая на працягу 1927—29 падрыхтавала праект новага правапісу, апублікаваны ў 1930 для шырокага абмеркавання. На аснове гэтага праекта СНКБССР 26.8.1933 зацвердзіў пастанову «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу». У адпаведнасці з пастановай у бел. правапіс унесены наступныя змены: чаргаванне гукаў «о»—«а» (аканне) пашыралася на ўсю лексіку («прафесар», «сакратар»), за выключэннем некат. т.зв. інтэрнац. слоў тыпу «совет», «большэвік»; рэкамендавалася не перадаваць на пісьме асіміляцыйнай мяккасці зычных («снег», «ляснік» замест «сьнег», «лясьнік»); скасоўвалася перадача мяккага «л» у запазычанай лексіцы («план», «клас» замест «плян», «кляс»); уводзілася правіла, у адпаведнасці з якім перад галоснымі пярэдняга рада зычныя вымаўляюцца мякка («сістэма», «метад» замест «сыстэма», «мэтад»); чаргаванне гукаў «э»—«а» (яканне) абмяжоўвалася толькі 1-м пераднаціскным складам («землі—зямля», «несці—нясу»); прыназоўнік «без» і адмоўе «не» прапанавана пісаць з літарай «е» («без цябе», «не было»). У галіне марфалогіі праводзілася пашырэнне канчатка «-а» ў родным склоне назоўнікаў мужчынскага роду («завода», «цэха», «правапіса»), адмяняліся паралельныя формы на «-ом», «-ох» у назоўніках мужчынскага і ніякага роду ў давальным і месным склонах мн.л. («братам», «аб братах», «гарадам», «аб гарадах»), выключаліся паралельныя формы дзеясловаў на «-яце», «-іце» 1-га спражэння цяперашняга часу 2-й асобы мн.л. («працуеце», «ідзеце», «нясеце»), уводзіліся дзеепрыметнікі незалежнага стану, асабліва калі яны азначаюць сац. сэнс («пануючы клас» замест «класа, якая пануе»). На аснове пастановы 1933 АН Беларусі ў 1934 выдадзены звод важнейшых арфаграфічных і грамат. правіл «Правапіс беларускай мовы», на якім грунтаваліся падручнікі і дапаможнікі на працягу наступных дзесяцігоддзяў.
У пасляваенны час Арфаграфічная камісія на чале з Я.Коласам, К.Крапівой і П.Глебкам падрыхтавала чарговы праект змен і ўдакладненняў бел. правапісу. У 1950 і 1952 гэты праект абмяркоўваўся ў АН Беларусі і быў зацверджаны 11.5.1957 пастановай СМБССР «Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу». У новым праекце ўдакладняўся правапіс ненаціскных «о» і «е», правапіс «д», «т» і «дз», «ц», раздзяляльных апострафа і мяккага знака, падоўжаных зычных, складаных слоў, а таксама канчаткаў некат. назоўнікаў, дзеясловаў і лічэбнікаў. На аснове гэтай пастановы складзены і выдадзены «Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (1959), якія фармальна захоўваюць сваю сілу і ў наш час. Новы этап рэфармавання бел.літ. мовы пачаўся ў 2-й пал. 1980-х г. У 1993 была створана Дзярж. камісія па ўдакладненні правапісу бел.літ. мовы, якую ўзначаліў Н.Гілевіч. У 1994 камісія рэкамендавала Нац.АН Беларусі і Мін-ву адукацыі падрыхтаваць новую рэдакцыю «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі». У 1999 часовым навук. калектывам з членаў ранейшай Дзярж. камісіі выдадзены «Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі: (Праект новай рэдакцыі)*.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
трыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
1. Узяўшы ў рукі (зубы, рот і пад.), не даваць выпасці. Трымаць лыжку. Каршун трымаў у дзюбе кураня. □ Настаўніца трымала ў руцэ бліскучы цыркуль.Даніленка.Ён кол маланкаю хапае: — Тхор! тхор! Дзяржы яго! — галосіць, Гарачка дзядзьку так і носіць, Бяжыць, тхара ён даганяе, Напагатове кол трымае.Колас.// Браць, атрымліваць што‑н. — Быў Хвядос у нас у атрадзе, дык ён яму [бандыту] вінтоўку ў зубы, трымай, кажа.Галавач.// Мець сілы, магчы рабіць што‑н. [Сымон:] — Дні ўжо мае мін[у]лі. Рукі не так ужо моцна Вёслы трымаюць.Танк.А ўсе, хто мог трымаць у руках рыдлёўку, ад цямна да цямна працавалі на балоце.Паслядовіч.// Умець карыстацца якім‑н. інструментам, прыладай і пад. Васіль таксама ездзіў з маткаю, прывучаўся трымаць плуг, праганяць разору.Кулакоўскі.// Схапіўшы за што‑н., не адпускаць ад сябе або перашкаджаць руху. Воддаль слуга трымаў за павады пару асядланых коней.Крапіва.// Абняўшы рукамі, утрымліваць каго‑, што‑н. Трымаць дзіця на руках. □ Бо гэта вельмі цяжка — трымаць у абдымках маці, гаварыць ёй пяшчотныя словы, што бярог доўгія гады, і бачыць, што яна іх не чуе.Мехаў.
2.перан. Захоўваць за сабою; утрымліваць у сябе. За добрую работу калектыў .. трымае пераходны Чырвоны сцяг.«Маладосць».Так, нялёгка трымаць званне першага футбаліста ў вёсцы!Гамолка.// Захоўваць некаторы час. Іх [сосен] цёмна-зялёны кажух яшчэ трымае ўчарашняе нагрэтае сонцам паветра.Федасеенка.Пра Хмару нават гутаркі няма, яе слядоў я [Вецер] не пакіну ў небе. А Сонца жар не здолее трымаць, я прахалоду дам людзям і глебе.Дубоўка.// Утрымліваць, абараняць што‑н. ад непрыяцеля. Кустамі, пералескамі прабіралася Настачка да лініі абароны, якую мужна трымалі партызаны.Кавалёў.// Утрымліваць у асадным становішчы. Трымаць ворага ў асадзе.// Стрымліваць, спыняць каго‑, што‑н. Дамба трымае ваду. □ Няспынна, цеснаю сцяною Мяцежнікі ідуць да гор; Шахцёры мужнасцю адною Трымаюць іх круты напор.Глебка.
3. Прымушаць знаходзіцца, пакідаць дзе‑н. супраць волі, не выпускаць. Трымаць пад арыштам. Трымаць у палоне. Трымаць у турме. □ [Салдат:] — Было страшна, калі білі, калі ў пакаранне па цэлых сутках трымалі без яды, калі саджалі ў карцэр — сыры цёмны склеп, дзе вяліся пацукі і кажаны.Васілевіч.
4. Мець у сябе, у сваёй уладзе; кіраваць кім‑, чым. Трымаць у руках дзяржаўную ўладу. □ Трымаюць людзі катоў не так за іх работу, як з ласкі: жывому ж недзе жыць трэба.Калюга.[Паасобныя галасы:] — Тут трэба так, як па статуту належыць, а ты сабе хоць і карову трымай.Скрыган.// Мець у сябе ў якасці работніка. [Бабрук:] — Парабкаў, кажа, ды наймічак трымаў. Час быў такі, не я адзін трымаў.Брыль.
5.перан. Мець у духоўным падпарадкаванні. [Сцёпка:] — Бог, рай, той свет — усё гэта выдумкі, каб трымаць народ у страху і паслушэнстве.Колас.// Мець пад наглядам, пад прыцэлам. Сам прыстаў трымаў .. [Адася Гушку] перад сабою нешта гадзін са тры, а пасля пусціў, загадаўшы сваім людзям не спускаць яго залішне з вока.Чорны.//Разм. Абыходзіцца з кім‑н., адносіцца да каго‑н. нейкім чынам. [Гаспадыня:] — [Трахім] мне што казаў? Тое ж самае: трымай Гараньку ў строгасці.Савіцкі.// Мець пастаянна пры сабе (у якасці паклонніка, сімпатыі і пад.). [Анна Паўлаўна:] Нашто табе наогул трымаць яе [Зёлкіну] каля сябе? [Гарлахвацкі:] Як жа каля сябе? Проста яна працуе ва ўстанове, як і ўсе.Крапіва.
6. Надаўшы чаму‑н. якое‑н. становішча, захоўваць яго на некаторы час. Трымаць дзверы адчыненымі.// Падтрымліваць, захоўваць у якім‑н. становішчы, парадку. Трымаць кватэру ў чысціні. □ Гаспадарлівыя рукі, у меру патрэбы, давалі сценам рамонт і трымалі іх у ашчадзе ад вільгаці.Чорны.// Падтрымліваць, прытрымлівацца, выконваць. Трымай нагу ў паходны такт. Гарніст, іграй, звіні!Броўка.
7. Быць, служыць апорай чаму‑н.; падтрымліваць. Страху трымаюць кроквы і латы. □ Намеснікавы ногі, відаць, трымалі свайго гаспадара не дужа надзейна, бо ён абедзвюма рукамі ўхапіўся за лаўкі.Навуменка.
8. Аддаваць куды‑н. на які‑н. час; захоўваць дзе‑н. Трымаць грошы ў ашчаднай касе. Трымаць сшыткі ў шафе.// Мець пры сабе. [Скіба:] Дакументаў я вам не пакажу, бо пры сабе іх не трымаю.Крапіва.Недарэмна ён [камуніст] дбае, працуе як след, Каля сэрца трымае партыйны білет.Куляшоў.// Пакідаць што‑н. у сябе, не аддаваць. Тварыцкі трымаў у сябе ўкрадзеныя ў банку дзяржаўныя грошы.Чорны.
9. Забяспечваць сродкамі на жыццё. З жалем зірнуў Андрэй на маці і зразумеў, што яна больш не работніца. Ён павінен замяніць яе, каб трымаць сям’ю, а думаць пра вышэйшую адукацыю няма чаго...Чарнышэвіч.Праца чалавека трымае і ўзбагачае, а гультайства псуе.Прыказка.// Мець у рэзерве што‑н. Трымаць канцэнтраваны фураж на пасяўную.// Мець на продаж або для іншага выкарыстання. Трымаць качак і курэй.//Уст. Мець якое‑н. прадпрыемства. [Юрый:] — Мой бацька паравы млын трымаў, быў першым чалавекам на ўсё сяло.Навуменка.[Савулеску:] — Я і Андрыяна пераехалі ў Канстанцу. Там Андрыяніна цётка карчму трымала.Хомчанка.
10.Разм. Здаваць каму‑н. за плату памяшканне. [Старая:] — А .. [падчарыца з мужам] сабе, як панкі, — усё па курортах ездзяць. Дзіва: гэтулькі кватарантаў трымаюць, а ён, яшчэ ў нейкай канторы за начальніка.Вышынскі.
11.Разм. Рухацца ў якім‑н. напрамку. На Варшаву шлях трымалі.Бядуля.Пазняку спадабаўся такі рэцэпт, і ён амаль кожны дзень, скончыўшы службовыя справы, садзіўся на веласіпед і трымаў кірунак за горад, у лес.Дуброўскі.— Трымай, Бажэнка, правым бокам, На ворага ў абход!Броўка.
12. Мець кантакты з кім‑, чым‑н. Загадчыца бібліятэкі Аляксандра Панцюхова трымае цесную сувязь з мясцовай школай.«ЛіМ».
13.перан. Наводзіць сябе адпаведным чынам. Умець трымаць сябе сярод людзей.
14.перан. Не выпускаць з памяці, з думак; не забываць пра каго‑, што‑н. Трымаць у памяці наказ сяброў.
15. Утрымліваць, трымацца (пра мароз і пад.). Лёд трашчыць, але трымае. □ Раніцамі трымаў марозік, днём свяціла сонца.Чарнышэвіч.
16. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі азначае: ажыццяўляць, выконваць, здзяйсняць тое, аб чым гаворыць назоўнік. Трымаць экзамен. Трымаць ініцыятыву. Трымаць адказ.
•••
Ногі не трымаюцьгл. нага.
Так трымаць! — а) каманда рулявому трымаць курс; б) працягваць работу, як і пачалі.
Трымаць банк — паставіўшы грошы на кон, весці гульню супраць партнёраў.
Трымаць вуха востра — не быць вельмі даверлівым, быць асцярожным, пільным.
Трымаць вуха трубкай — пільна прыслухоўвацца да чаго‑н., сачыць за чым‑н., каб не наклікаць бяды на сябе.
Трымаць высока сцяг — з годнасцю прадаўжаць і развіваць што‑н.
Трымаць галаву высока — паводзіць сябе горда, з пачуццём уласнай годнасці.
Трымаць за язык — не дазваляць гаварыць каму‑н.
Трымаць камень за пазухай — тое, што і насіць камень за пазухай (гл. насіць).
Трымаць курс (кірунак) — рухацца ў пэўным напрамку.
Трымаць лейцы ў руках — мець у сваіх руках уладу, кіраўніцтва.
Трымаць (вытрымліваць) марку — падтрымліваць сваю рэпутацыю, годнасць.
Трымаць на аброці — трымаць у пэўных рамках, у паслушэнстве. [Лукавіцын] умеў трымаць сэрца сваё на аброці, прыкрываючы яго .. панцырам практычнага розуму ад небяспечных стрэл амура.Крапіва.
Трымаць на адлегласці — пазбягаць блізкіх адносін, сувязей з кім‑н.
Трымаць на ланцугу; трымаць на прывязікаго — не даваць каму‑н. свабоды ў дзеяннях, учынках і пад.
Трымаць на мушцы — пазіраць, сачыць за кім‑, чым‑н.
Трымаць нос па ветры — прыстасоўвацца да абставін, беспрынцыпова мяняць свае паводзіны, свае погляды.
Трымаць пад замкомкаго-што — а) не выпускаць з памяшкання (арыштаванага, злачынца і пад.); б) не даваць карыстацца чым‑н.
Трымаць пад сваім крыломкаго-што — апекаваць каго‑, што‑н., заступацца за каго‑, што‑н.
Трымаць пад сукном — не даваць ходу чаму‑н.; неаператыўна вырашаць якую‑н. справу.
Трымаць порах сухім — быць заўсёды гатовым да абароны.
Трымаць пры сабе (думкі, погляды) — не выказваць уголас, публічна.
Трымаць рукі па швах — слухаць і не пярэчыць.
Трымаць рукукаго,чыю — заступацца за каго‑н., быць на чыім‑н. баку, адстойваць думку каго‑н. Па судзе я буду трымаць тваю руку.Скрыган.
Трымаць слова — выконваць абяцанне.
Трымаць сябе ў руках — стрымліваць свае пачуцці, падпарадкоўваць іх сваёй волі, валодаць сабой, захоўваць вытрымку.
Трымаць у галаве (у думках, у памяці, наўме) — пастаянна думаць, помніць пра каго‑, што‑н.
Трымаць у кулаку — а) трымаць у поўным падпарадкаванні. Валя таксама засмяялася: вельмі ж непадобна было, што такога чалавека, як Пятро Аляксеевіч, трэба трымаць у кулаку.Шамякін; б) сабраць разам каго‑, што‑н. Было нешта і станоўчае ў тым, што Гаруноў усё [справы, людзей] трымаў у сваім кулаку.Дуброўскі.
Трымаць у полі зроку — наглядаць за кім‑, чым‑н., не спускаць з вачэй каго‑н.
Трымаць у сабе — не выказваць, стрымліваць свае пачуцці.
Трымаць у сакрэце — не выдаваць таго, што павінна захоўвацца ўпотай.
Трымаць у сваіх руках — мець у сваім падпарадкаванні каго‑н., не даваць волі каму‑н.
Трымаць у струне — не распускаць, трымаць вельмі строга. Антон трымаў унука ў струне.Вітка.
Трымаць у шорах — прымушаць паводзіць каго‑н. пэўным чынам; абмяжоўваць свабоду дзеянняў каго‑н.
Трымаць у чорным целе — сурова, строга абыходзіцца з кім‑н.
Трымаць язык за зубамі — маўчаць, не гаварыць лішняга, быць асцярожным у выказваннях.
Трымаць язык на прывязі — маўчаць, не гаварыць лішняга.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ПАЛЯ́КІ (саманазва паляцы),
нацыя, асн. насельніцтва Польшчы, 38,46 млн.чал. (1993). Жывуць таксама на Беларусі (417,7 тыс.чал.), Літве (258 тыс.чал.), Украіне (219,2 тыс.чал.), Расіі (94,6 тыс.чал.), Казахстане, Латвіі (па 60 тыс.чал.), ЗША (5,6 млн.чал.), Германіі (1,5 млн.чал.), Францыі (1 млн.чал.), Канадзе (400 тыс.чал.), Бразіліі (200 тыс.чал.), Чэхіі, Славакіі (па 40 тыс.чал.) і ў інш. краінах. Агульная колькасць больш за 49 млн.чал. Гавораць на польскай мове, вернікі — католікі, ёсць пратэстанты.
Польская народнасць складвалася ў 10—11 ст. ў перыяд фарміравання Польскай дзяржавы. Яе этнічную аснову склалі паляне, слянзане, вісляне, мазаўшане, памаране. У 11 ст. з’явіўся этнонім «П.». Як нацыя П. сфарміраваліся ў 18—19 ст. Побыт П. меў спецыфічныя рысы: больш, чым у беларусаў, пашыраны планіроўка жылля хата + сенцы + хата. Верхняе адзенне тыпу жупан, кунтуш, сурдут; шэры ці чорны колер.
Першыя пасяленні П. на Беларусі вядомы ў 12—13 ст. Узмацненне польскага ўплыву на Беларусі прыпадае на перыяд пасля Люблінскай уніі 1569, калі была створана федэратыўная дзяржава Рэч Паспалітая. Частка бел. насельніцтва, асабліва прадстаўнікі вышэйшых саслоўяў, прымаючы каталіцкую веру, мяняла сваю нац. прыналежнасць на польскую. Перасяленне на бел. землі груп П. з этнічных польскіх зямель не было масавым, бо Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 уводзіў абмежаванні для польскай шляхты на заняцце дзярж. пасад і надзяленне зямлёй у ВКЛ. Сваю этнічную спецыфіку захоўвалі групы мазурскіх перасяленцаў, т.зв.буднікаў. Многія дзярж. і культ. дзеячы ВКЛ 16—18 ст. былі П. (Кішкі, Кавячынскія, Гасеўскія, Патоцкія, С.Будны, Д.Ланчыцкі, А.Волан, Я.Ласіцкі, П.Скарга і інш.). З 17 ст.паланізацыябел. магнатаў і шляхты набыла вял. маштабы. Аж да пач. 20 ст. паланізаваную бел. шляхту прылічвалі да П. На Беларусі пашыралася польская культура. Паводле рашэння ўсеагульнай канфедэрацыі саслоўяў Рэчы Паспалітай у 1696 бел. мова забаронена для карыстання ў земскіх судах (карысталіся польскай і лац.). Польская мова панавала ў тэатры, на ёй выдавалі перыяд. выданні (з 18 ст.). Сяляне-католікі вызначалі сваю этнічную прыналежнасць як польскую. Узнік і ўздзейнічаў на працэс фарміравання польскай літ. мовы мясцовы дыялект, т.зв. пальшчызна крэсова (літ. дзейнасць А.Міцкевіча, Я.Баршчэўскага, Я.Чачота, Т.Зана, У.Сыракомлі, Я.Ходзькі, В.Каратынскага, Э.Ажэшкі і інш.). Многія мастакі, кампазітары, рэвалюцыянеры 18—19 ст., якія паходзілі з Беларусі, зрабілі вял. ўклад як у бел., так і польскую культуру і гісторыю: Т.Касцюшка, М.Клеафас Агінскі, В.Ваньковіч, С.Манюшка, Н.Орда, Я.Сухадольскі, В.Урублеўскі і інш. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. на Беларусі дзейнічалі аддзяленні шэрагу польскіх паліт. партый. У 1897 на Беларусі жыло больш за 324,2 тыс. П., найб. у Гродзенскай (161,7 тыс.) і найменш у Магілёўскай (17,5 тыс.) губ. Павелічэнне колькасці П. на Беларусі ў 1921—39 адбывалася пераважна на землях Заходняй Беларусі, дзе ва ўмовах сац. і нац. прыгнёту праводзілася палітыка акаталічвання і паланізацыі насельніцтва. Сюды з этнічных польскіх зямель перасяліліся групы асаднікаў, розныя катэгорыі рабочых і чыноўнікі (каля 300 тыс.чал.). Паводле перапісу 1926 у БССР было 97,5 тыс.чал. П. У 1921 ЦВКБССР дэкрэтам замацаваў за польскай мовай статус дзярж.разамзбел., рус. і яўрэйскай. У 1920-я г. пры ЦККП(б)Б існавала Польбюро, якое курыравала парт. работу сярод П. Нізавыя польбюро былі ў Бабруйску, Бачэйкаве, Віцебску, Гомелі, Мазыры, Мінску, Рагачове, Рэчыцы і інш. У 1924 у БССР было 136 польскіх школ, 7 спец. польскіх дзіцячых дамоў. З 1922 у Мінску працавалі польскі пед. тэхнікум, польскае аддз.Бел.дзярж. вышэйшага пед. ін-та. На польскай мове выдаваліся газ.«Млот», «Orka» («Ворыва»), «Gwiazda Młodzieży» («Зорка моладзі»), «Pionier» («Піянер»), «Sztandar Wolności» («Сцяг свабоды»; усе ў Мінску). З 1927 існавала Польскае аддзяленне Бел. асацыяцыі пралет. пісьменнікаў. У 1929 у Мінску і Магілёве працавалі 2 нар. польскія суды. У 1929—37 у Мінску дзейнічаў Польскі дзярж. вандроўны тэатр, у 1932—37 — польскі сектар Усебел. к-та па радыёвяшчанні. У 1926 быў створаны 31 польскі нац. сельсавет. У 1932—37 на Койданаўшчыне існаваў Польскі нацыянальны раёнз 10 нац. сельсаветаў. У 1937 нац.-культ. і нац.-дзярж. будаўніцтва П. у БССР было згорнута, усе адм.-тэр. адзінкі скасаваны. З уз’яднаннем Зах. Беларусі зБССР (вер. 1939) доля П. у рэспубліцы значна павялічылася. У 1939—41 дзейнічалі Дзяржаўны польскі тэатр БССР і Дзяржаўны польскі тэатр лялек БССР. У 1940 значная частка польскага насельніцтва Зах. Беларусі падверглася дэпартацыі. У Вял.Айч. вайну шмат П. удзельнічала ў партыз. руху Арміі Краёвай, частка з іх працягвала дзейнасць, асабліва пасля вайны, супраць сав. дзяржавы. У 1944—48 у рамках абмену насельніцтва паміж СССР і Польшчай зБССР у Польшчу перасялілася 274,2 тыс.чал., у т. л. пэўная колькасць беларусаў-католікаў, якія пры перасяленні падалі сваю нацыянальнасць як польскую. Мігранты з Беларусі былі паселены пераважна на зах. і паўн. землях Польшчы. У 1955—59 адбыўся 2-гі этап рэпатрыяцыі П. ззах. абласцей Беларусі і Украіны. У 1959, паводле перапісу, у БССР было 248,8 тыс. П. У 2-й пал. 1980-х г. пачалося адраджэнне культуры П. Беларусі. Створаны саюзы П. у Ашмянах, Баранавічах, Барысаве, Беразіне, Брэсце, Валожыне, Ваўкавыску, Вілейцы, Віцебску, Вішневе, Воранаве, Гродне, Дзяржынску, Івянцы, Клецку, Лагойску, Лідзе, Ляхавічах, Маладзечне, Мінску, Мядзеле, Навагрудку, Нясвіжы, Рубяжэвічах, Салігорску, Слуцку, Смалявічах, Смаргоні, Стоўбцах, Шчучыне і інш. Дзейнічаюць польскія школы ў Гродне, Ваўкавыску, Сапоцкіне, асобныя польскія класы ў Мінску, Клецку, Рубяжэвічах, Дзяржынску, нядзельныя школы ў Мінску і Нясвіжы. Працуюць польскія маст. калектывы. Выходзяць перыяд. выданні на польскай мове: газ.«Глос знад Немна» (з 1989), квартальны час.«Магазын польскі» (з 1992). З 1991 Гродзенскае абл. радыё і тэлебачанне вядуць штотыднёвыя перадачы на польскай мове. Створаны польскія грамадскія аб’яднанні: «Саюз палякаў на Беларусі» (1988), «Саюз палякаў на Міншчыне» (1994), «Польскае дэмакратычнае аб’яднанне» (1994) і інш. Наладжаны трывалыя сувязі П. Беларусі з Польшчай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНА-ТЭРЫТАРЫЯ́ЛЬНЫ ПАДЗЕ́Л,
падзел тэрыторыі дзяржавы на часткі — адм.-тэр. адзінкі (губерні, акругі, землі, правінцыі, штаты, вобласці, раёны, дэпартаменты і інш.), на аснове якіх ствараюцца і дзейнічаюць органы дзярж.улады, кіравання і самакіравання. Асн. мэта — стварыць аптымальныя ўмовы для эфектыўнай арганізацыі і дзеяння ўсяго дзярж. механізма. Ажыццяўляецца з улікам прыроднагіст., эканам. і геагр. умоў, нац. асаблівасцяў, сац.-культ., паліт. і інш. фактараў.
У 9 ст. на тэр. Беларусі існавалі племянныя саюзы крывічоў (палачан), дрыгавічоў і радзімічаў. У 10—11 ст. склаліся Полацкая і Тураўская землі, якія захоўвалі пэўную самастойнасць пад уладай кіеўскіх князёў. Да сярэдзіны 12 ст. яны адасобіліся ў паўсамаст. дзярж. ўтварэнні — княствы. З Полацкай зямлі вылучыліся Віцебскае, Друцкае, Ізяслаўскае, Лагожскае, Менскае і, магчыма, інш. ўдзельныя княствы; з Тураўскай — Пінскае і, верагодна, Клецкае і Слуцкае. Усх.ч. Беларусі з Мсціславам уваходзіла ў Смаленскае княства, паўд.-зах.з Берасцем і Кобрынам — у Галіцка-Валынскае, паўд.-ўсх.з Гомелем і Рэчыцай — у Чарнігаўскае. У Панямонні існавалі Ваўкавыскае, Гарадзенскае, Новагародскае і Слонімскае княствы, якія разамз племяннымі княствамі Літвы ў сярэдзіне 13 ст. ўтварылі ядро Вялікага княства Літоўскага. Да сярэдзіны 14 ст. ў ВКЛ увайшла ўся Беларусь, якая ў яго складзе падзялялася на судова-адм. акругі (землі, княствы, намесніцтвы), чые межы гістарычна склаліся ў мінулым. Полацкая і Віцебская землі зпач. 16 ст. называліся ваяводствамі. Каля 20 бел. княстваў і намесніцтваў (паветаў) уваходзілі ў Віленскае і Трокскае ваяв., утвораныя ў 1413; Мазырскі пав. да 1569 — у Кіеўскае ваяв. У выніку адм. рэформы 1565—66 тэр.ВКЛ была падзелена на 30 паветаў, з якіх 16 цалкам ці часткова знаходзіліся на Беларусі і ўваходзілі ў Берасцейскае, Віленскае, Віцебскае, Менскае, Мсціслаўскае, Новагародскае, Полацкае і Трокскае ваяв. У 1618—54 да Беларусі адносілася Смаленскае ваяв. са Старадубскім пав. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) на далучаных да Рас. імперыі бел. землях утвораны Полацкае і Магілёўскае намесніцтвы (у 1796 аб’яднаны ў Беларускую губ.), пасля 2-га падзелу (1793) — Мінская губ., пасля 3-га падзелу (1795) — Слонімская і Віленская губ. (у 1797 аб’яднаны ў Літоўскую губ.). У 1802—1917 на Беларусі існавалі 5 губерняў: Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская. Яны падзяляліся на паветы, колькасць якіх мянялася; з 1861 паветы падзяляліся на воласці. У 1917 не занятыя герм. войскамі бел. губерні і паветы аб’яднаны ў Заходнюю вобласцьз цэнтрам у Мінску. У сак. 1918 у сувязі з прасоўваннем герм. войск да яе далучана Смаленская губ., цэнтр перанесены ў Смаленск.
25.3.1918 абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), у склад якой павінны былі ўвайсці б. Гродзенская, Магілёўская, Мінская губ. і паветы Віленскай, Віцебскай, Смаленскай, Чарнігаўскай губ., населеныя пераважна беларусамі. Фактычна Рада БНР дзейнічала толькі на тэр. Беларусі, занятай герм. войскамі, за выключэннем паўд. часткі, часова ўключанай у склад Украіны. 1.1.1919 у Смаленску абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка ў межах, якія амаль супадалі з пракламаванымі межамі БНР. Аднак ва ўмовах польскага наступлення ў лют. 1919 Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ. ўключаны ў склад РСФСР (пры гэтым Магілёўская губ. пераўтворана ў Гомельскую), незанятая палякамі астатняя частка БССР — у склад Літ.-Бел. Сав.Сацыяліст. Рэспублікі, якая пасля ўступлення польскіх войскаў у Мінск у жн. 1919 фактычна спыніла існаванне. У выніку контрнаступлення Чырв. Арміі 31.7.1920 БССР была адноўлена пад назвай Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь, але без усх.ч., якая засталася ў складзе РСФСР. Паводле Рыжскага мірнага дагавору 1921 да Польшчы адышла і зах.ч. Беларусі (гл.Заходняя Беларусь). У складзе БССР засталіся толькі Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі, Мазырскі, Мінскі і Слуцкі пав.б. Мінскай губ. У такіх межах 30.12.1922 БССР увайшла ў склад СССР. У сак. 1924 да БССР далучаны ч. Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губ. (1-е ўзбуйненне). 17.7.1924 у БССР уведзены новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел на 10 акруг, 100 раёнаў, 1202 сельсаветы. У час 2-га ўзбуйнення (снеж. 1924) да БССР далучаны Рэчыцкая і Гомельская акругі (б. паветы) з 18 раёнамі, пасля ўзгадненняў у 1927 усх. граніца набыла сучасны выгляд. Планаванае на пач. 1930-х г. 3-е ўзбуйненне не адбылося. Да 1930 акругі ў БССР скасаваны, захаваўся падзел на 90 раёнаў. У 1935 адноўлены 4 акругі на граніцы з Польшчай (Лепельская, Мазырская, Полацкая і Слуцкая). У студз.—лют. 1938 утвораны 5 абласцей: Віцебская, Гомельская, Магілёўская, Мінская, Палеская. У вер. 1939 да БССР далучана Зах. Беларусь, якая з 1921 у складзе Польшчы падзялялася на Беластоцкае, Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяв.з 26 паветамі, што падзяляліся на гміны. На тэр.б.Зах. Беларусі ўтвораны 5 абласцей: Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская і Пінская (101 раён); Віленскі край у кастр. 1939 перададзены Літве. Ёй жа ў ліст. 1940 перададзена тэр. Гайдуцішскага, Парэцкага і Свянцянскага р-наў. У час ням.-фаш. акупацыі 1941—44 зах.ч. Беларусі (акруга Беласток) далучана да Усх. Прусіі, паўд. раёны — да рэйхскамісарыята «Украіна»; усх.ч. ўваходзіла ў зону армейскага тылу. Астатнія тэр. Беларусі (каля 1/3) утварылі генеральную акругу Беларусь у складзе рэйхскамісарыята «Остланд». Пасля вызвалення Беларусі ў вер. 1944 20 яе раёнаў і г. Беласток перададзены Польшчы, Беластоцкая вобл. скасавана, Вілейская вобл. перайменавана ў Маладзечанскую, утвораны Бабруйская, Гродзенская і Полацкая вобл. У студз. 1954 скасаваны Бабруйская, Баранавіцкая, Палеская, Пінская і Полацкая вобл., у студз. 1960 — Маладзечанская вобл. Колькасць раёнаў неаднаразова мянялася, з 1966 іх было 117; 28.12.1989 адноўлены Дрыбінскі р-н. На 1.10.1994 у Рэспубліцы Беларусь 1088 адм.-тэр. адзінак, у т. л. 6 абласцей (Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская) і сталічны горад Мінск, 118 сельскіх і 25 гар. раёнаў, 101 горад абласнога і раённага падпарадкавання, 109 пасёлкаў гар. тыпу, 1448 сельскіх Саветаў. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел рэспублікі замацаваны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Парадак вырашэння пытанняў адм.-тэр. ўладкавання дзяржавы адносіцца да выключнай кампетэнцыі ВС Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Круталевич В.А. Административно-территориальное устройстве БССР. Мн., 1966;
Административно-территориальное устройство БССР: Справ. Т. 1—2. Мн., 1985—87;
Казлоў Л., Цітоў А. Беларусь на сямі рубяжах. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ ГРАМАДА́ (БСГ),
нацыянальная партыя леванародніцкага кірунку. Створана ў канцы 1902 пад назвай Бел.рэв. грамада (БРГ) на аснове гурткоў бел. студэнцкай і вучнёўскай моладзі ў Мінску, Вільні, Пецярбургу. Стваральнікі і кіраўнікі: браты І.І. і А.Луцкевічы, А.Пашкевіч (Цётка), А.Бурбіс, К.Кастравіцкі (Карусь Каганец), В.Іваноўскі і інш. На 1-м з’ездзе (Вільня, 1903) БРГ прыняла праграму, у якой характарызавала сябе як арганізацыю «беларускага працавітага народа». Сваёй канчатковай мэтай абвясціла знішчэнне капіталіст. ладу і пераход у грамадскую ўласнасць зямлі, сродкаў вытв-сці, бліжэйшай задачай — звяржэнне самадзяржаўя ў Расіі. У нац. пытанні формай забеспячэння нац. свабоды прызнавала незалежную дэмакр. рэспубліку. Выступала за прамое, агульнае, роўнае выбарчае права з тайным галасаваннем, нар. заканадаўства, раўнапраўе ўсіх людзей незалежна ад полу, нацыянальнасці і веравызнання, свабоду слова, друку, сходаў, забастовак, 8-гадзінны рабочы дзень, бясплатную мед. дапамогу. У агр. пытанні праграма прадугледжвала скасаванне прыватнай зямельнай уласнасці, абвяшчала права кожнага чалавека на апрацоўку зямлі сваімі рукамі. У праграме спалучаўся рэв. дэмакратызм з народніцкім (сялянскім) сацыялізмам. Дакладны час перайменавання БРГ у БСГ не высветлены (па адных звестках у 1903, па другіх — у 1906). У 1903—04 БСГ узаемадзейнічала з Польскай партыяй сацыялістычнай (ППС), Партыяй сацыялістаў-рэвалюцыянераў (ПСР), Літоўскай с.-д. партыяй, выдавала разамз імі нелегальную л-ру. З канца 1905 у Мінску дзейнічала падп. друкарня БСГ. На 2-м з’ездзе (студз. 1906, Мінск) прынята новая праграма партыі. У ёй канчатковай мэтай БСГ абвясціла замену капіталіст. ладу сацыялістычным, бліжэйшай задачай — звяржэнне самадзяржаўя і ўтварэнне Расійскай федэратыўнай дэмакр. рэспублікі з свабодным самавызначэннем і культ.-нац. аўтаноміяй народнасцяў. Для Беларусі яна патрабавала аўтаноміі змясц. сеймам у Вільні. У агр. пытанні патрабавала адчужэння памешчыцкай зямлі і надзялення сялян зямлёю на правах пажыццёвай арэнды. Ажыццяўленне ўсіх паліт. і сац. пераўтварэнняў з’езд звязваў са скліканнем Устаноўчага сейма Беларусі.
Першым друкаваным органам БСГ і першым легальным перыяд. выданнем на бел. мове стала газ.«Наша доля» (1-ы нумар выйшаў 14.9.1906). Газета мела рэв.-дэмакр. характар, таму з 6 яе нумароў 5 былі канфіскаваны, а № 7 забаронены і раскіданы ў наборы. У ліст. 1906 БСГ пачала выдаваць новую легальную газету на бел. мове «Наша ніва». Асн. аб’ектам дзейнасці БСГ было бел. сялянства. Яе ўплыў на гар. рабочых, за выключэннем Мінска і Вільні, быў нязначны. У рэвалюцыю 1905—07 БСГ дзейнічала сярод сялян і сельскіх рабочых у паветах Мінскай, Віленскай і Гродзенскай губ., арганізавала шэраг паліт. сходак і мітынгаў у вёсках, удзельнічала ў правядзенні сял. забастовак. Ва ўмовах наступу рэакцыі нелегальная дзейнасць грамады спынена. З 2-й пал. 1907 лідэры БСГ засяродзілі сваю дзейнасць на выданні газ. «Наша ніва», якая стала ідэолагам і арганізатарам бел. нац.-культ. руху, разгарнула на сваіх старонках прапаганду нац. свядомасці, ідэі нац.-культ. адзінства беларусаў, дамагалася прызнання самастойнасці бел. нацыі, змагалася за ўвядзенне бел. мовы ў школе, царкве і касцёле. У 1-ю сусв. вайну на акупіраванай немцамі тэр. дзейнічала створаная членамі БСГБеларуская сацыял-дэмакратычная работніцкая група. На неакупіраванай тэр.БСГ аднавіла дзейнасць пасля Лют. рэвалюцыі 1917. Яе паліт. курс у новай гіст. сітуацыі адлюстроўваў інтарэсы і настроі сярэдніх слаёў насельніцтва, якія былі зацікаўлены ў ажыццяўленні дэмакр. пераўтварэнняў. Канферэнцыя БСГ (сак. 1917, Мінск) выступіла ў падтрымку Часовага ўрада, выставіла патрабаванне аўтаноміі Беларусі ў складзе федэратыўнай Рас. рэспублікі, выказалася за агульнанародную ўласнасць на зямлю, 8-гадзінны рабочы дзень. У сак. 1917 прадстаўнікі БСГ удзельнічалі ў рабоце з’езда беларускіх нацыянальных арганізацый у Мінску, атрымалі 10 месцаў у Беларускім нацыянальным камітэце. Грамада пашырыла свой уплыў сярод інтэлігенцыі, сялян, гараджан, бежанцаў, ваеннаслужачых, рабочых; яе арганізацыі ўзніклі ў Мінску, Бабруйску, Слуцку, Віцебску, Гомелі, Петраградзе, Маскве і інш. Да сярэдзіны 1917 БСГ налічвала каля 5 тыс. членаў і спачуваючых, у маі—чэрв. 1917 выдавала газ.«Грамада», мела прадстаўнікоў у Саветах рабочых і салдацкіх дэпутатаў і гар. думах Мінска, Петраграда, Бабруйска. У чэрв. 1917 канферэнцыя БСГ выбрала часовы ЦК, у які ўвайшлі П.Бадунова, А.Бурбіс, Я.Варонка, К.Душэўскі, З.Жылуновіч, У.Ігнатоўскі, Я.Колас, А.Смоліч. БСГ была ініцыятарам склікання ў ліп. 1917 з’езда беларускіх арганізацый і партый, займала кіруючае становішча ў Цэнтральнай радзе беларускіх арганізацый, Вялікай беларускай радзе, актыўна ўдзельнічала ў скліканні Усебеларускага з’езда 1917. У кастр. 1917 БСГ налічвала каля 10 тыс. членаў. Аднак у ёй нарасталі ўнутр. супярэчнасці паміж прыхільнікамі рэфармісцкага шляху і тымі, хто быў гатовы перайсці на леварадыкальныя пазіцыі, блізкія да бальшавіцкіх. У вер. 1917 частка левага крыла БСГ вылучылася і ўтварыла арганізацыю бальшавіцкага кірунку — Беларускую сацыял-дэмакратычную рабочую партыю. У пач. 1918 адбыўся раскол БСГ. Прыхільнікі стварэння самастойнай бел. дзяржавы прынялі ўдзел у абвяшчэнні Беларускай Народнай Рэспублікі. Петраградская і Маскоўская арг-цыі сталі на шлях утварэння бел. дзяржаўнасці на савецкай аснове. Да лета 1918 БСГ распалася на Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю, Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў і Беларускую партыю сацыялістаў-федэралістаў. Выхадцы з левага крыла БСГ удзельнічалі ў рабоце Беларускага нацыянальнага камісарыята, некаторыя ўступілі ў беларускія секцыі РКП(б). На пач. 1919 у Вільні пэўны час дзейнічала Левая фракцыя Бел.сацыяліст. грамады. Пераемніцай традыцый БСГз 1991 стала Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада.
Літ.:
Турук Ф. Белорусское движение: Очерк истории нац. и рев. движения белорусов. М., 1921 (репр. изд. Мн., 1994);
Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928): Успаміны аб працы першых бел.паліт.арг.: Бел.рэв. грамада, Бел.сац. грамада. Вільня, 1928;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕТЫКА
Першыя генетычна-селекцыйныя працы на Беларусі праводзіліся М.В.Рытавым у Горы-Горацкім земляробчым ін-це з сярэдзіны 19 ст. У самастойную навук. дысцыпліну генетыка сфарміравалася ў пач. 20 ст. У 1920—30-я г.навук. цэнтрам па генетыцы і селекцыі была БСГА, дзе даследавалі селекцыю агароднінных і пладовых (М.В.Рытаў), сельскагаспадарчых (У.У.Вінер) і бабовых сідэральных культур (Я.К.Аляксееў), дробныя расавыя прыкметы сельскагаспадарчых і дэкаратыўных раслін, міжвідавую і міжродавую гібрыдызацыю (А.І.Лапо, К.Р.Рэнард), развіццё маладняку буйной рагатай жывёлы і значэнне экстэр’еру ў селекцыі сельскагаспадарчай жывёлы (М.В.Найдзёнаў), распрацоўвалі матэм. падыходы (П.Р.Лепер). Найб. актыўна генетыка і селекцыя развіваліся ў сярэдзіне 20 ст. (працы А.Р.Жэбрака і яго школы, у якіх даследавалася эксперыментальная поліплаідыя сельскагаспадарчых раслін). Жэбрак абгрунтаваў магчымасць утварэння новых відавых форм у межах роду трыцікум, што спрыяла перспектыўнаму развіццю селекцыі пшаніцы. Далейшы этап генетычных даследаванняў звязаны з імем М.В.Турбіна і ўтварэннем аддзела, а потым Ін-та генетыкі і цыталогіі АН Беларусі (1965). З 1955 вяліся даследаванні па генетыцы гетэрозісу, эксперыментальным мутагенезе, антымутагенезе, нехрамасомнай спадчыннасці, радыяцыйнай генетыцы, генетыцы паліплоідных папуляцый. М.В.Турбін сфарміраваў генетычную канцэпцыю гетэрозісу, заснаваную на тэорыі генетычнага балансу, Л.У.Хатылёва з супрацоўнікамі — тэорыю і метады генетычна збалансаваных гетэрозісных папуляцый раслін, навукова абгрунтавала генетычныя прынцыпы біяэнергетычнай канцэпцыі гетэрозісу. Даследаванні ў галіне эксперыментальнай поліплаідыі і гетэрозісу ў цукровых буракоў спрыялі ўтварэнню першай у СССР калекцыі тэтраплоідных форм, эксперыментальнаму вырошчванню паліплоідных гібрыдаў (У.Я.Борматаў, М.В.Турбін і інш.). За працы па статыстычнай генетыцы і выкарыстанні матэматычна-статыстычных метадаў у біялогіі П.Ф.Ракіцкаму ў 1974 прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі. За цыкл прац «Генетыка гетэрозісу і шляхі яго выкарыстання ў селекцыі раслін» у 1984 Дзярж. прэмія Беларусі прысуджана супрацоўнікам Ін-та генетыкі і цыталогіі АН Беларусі У.Я.Борматаву, Я.А.Бычко, Л.М.Камінскай, А.А.Кедраву-Зіхману, Б.Ф.Матросаву, А.І.Палілаву, У.К.Саўчанку, Л.А.Таруцінай, М.В.Турбіну, Л.У.Хатылёвай. Тэарэтычныя распрацоўкі па гетэрозісе сталі асновай стварэння (сумесна з БелНДІ агародніцтва) шэрагу новых сартоў памідораў (Старт і інш.) і перцаў (Залацісты і інш.). Шэраг высокаўрадлівых і высокацукрыстых сартоў цукровых буракоў (Беларускі ПГ-31, МС-27, Белдан, Данібел, Кавебел) створаны разамз супрацоўнікамі Ганусаўскай занальнай доследнай станцыі. У 1970—80-я г. актыўна развіваліся малекулярная генетыка і генетычная інжынерыя. Даследаванні па структурна-функцыянальнай арганізацыі геномаў раслін, малекулярна-генетычным картаванні, генетычнай трансфармацыі праводзяць у Інстытутах генетыкі і цыталогіі (М.А.Картэль), лесу (Р.Р.Ганчарэнка, У.Я.Падутаў), Цэнтр. батанічным садзе АН Беларусі (У.М.Рашэтнікаў), БДУ (А.М.Еўтушэнкаў). Бел. генетыкі А.Г.Давыдзенка, Г.М.Палілава зрабілі ўклад у даследаванні праблем узаемадзеяння ядзернай і цытаплазматычнай генетычных сістэм раслін. Створана тэарэтычная мадэль узаемадзеяння ядзерных генаў і плазмагенаў пры фарміраванні цытаплазматычнай мужчынскай стэрыльнасці. У сельскагаспадарчых культур выяўлена роля ўстойлівасці чужародных цытаплазмаў да біятычных і абіятычных фактараў асяроддзя. За цыкл прац «Распрацоўка фундаментальных і прыкладных праблем узаемадзеяння ядзернай і цытаплазматычнай генетычных сістэм у раслін» супрацоўнікі Ін-та генетыкі і цыталогіі Нац.АН Беларусі П.А.Арлоў, А.А.Валуевіч, Г.М.Палілава ў 2002 адзначаны Дзярж. прэміямі Беларусі.
У Ін-це генетыкі і цыталогіі і Ін-це земляробства і кармоў Нац.АН Беларусі праведзены цыкл даследаванняў па ўтварэнні і генетычным вывучэнні новых форм трыцікале. Створаны і вывучаецца новы тып пшанічна-аржаных гібрыдаў — секалатрыцікум (І.А.Гардзей). Выкананы фундаментальныя даследаванні па праблемах мутацыйнага працэсу, радыяцыйнай генетыцы, генетычных наступствах Чарнобыльскай катастрофы. Сфарміравана канцэпцыя антымутагенезу (Р.І.Ганчарова), выяўлены і вывучаны (І.Б.Масэ) некат. радыеахоўныя злучэнні (меланін). Выкананы даследаванні па генетыцы азотфіксавальных бактэрый і створаны штамы, на аснове якіх распрацавана бактэрыяльнае ўгнаенне (М.А.Троіцкі). Вядуцца даследаванні па механізмах ракавай анергіі (Г.В.Краскоўскі), шэрагу храмасомных і нехрамасомных сіндромаў прыроджаных заган развіцця (Г.І.Лазюк), ролі спадчыннасці ў патагенезе спантанных абортаў і анамалій развіцця (Ю.В.Гулькевіч, В.П.Кулажанка), псіхічных хвароб (Т.Ц.Сарокіна), лейкозаў (А.І.Свірноўскі) і інш. Наладжана сістэма медыка-генетычнага кансультавання насельніцтва на базе рэсп. медыка-генетычнага цэнтра ў Мінску, адпаведных кансультацый і кабінетаў у абласных гарадах. Фундаментальныя і прыкладныя даследаванні па генетыцы мікраарганізмаў вядуцца ў БДУ (Н.П.Максімава, У.А.Пракулевіч, Ю.К.Фамічоў і інш.), па экалагічнай генетыцы (узаемадзеянне генатыпу раслін з асяроддзем) — у БСГА (А.У.Кільчэўскі), па генетыцы збожжавых і зернебабовых — у Ін-це земляробства і кармоў Нац.АН Беларусі, БСГА і БДУ (В.С.Анохіна, А.З.Латыпаў, М.П.Шышлоў і інш.). Даследаванні па розных праблемах генетыкі вядуцца таксама ў НДІ спадчынных і прыроджаных хвароб Мін-ва аховы здароўя, НДІ жывёлагадоўлі Нац.АН Беларусі, Віцебскім і Мінскім медыцынскіх, Брэсцкім пед. ун-тах, Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны і інш.
Літ.:
Гайсинович А.Е. Зарождение и развитие генетики. М., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ПТЫКА (ад грэч. optike навука аб зрокавым успрыманні),
раздзел фізікі, які вывучае заканамернасці выпрамянення, распаўсюджвання і ўзаемадзеяння з рознымі аб’ектамі эл.-магн. выпрамянення бачнага, ультрафіялетавага і інфрачырвонага дыяпазонаў даўжынь хваль.
О. — адна са старажытнейшых навук, цесна звязаная з патрэбамі практыкі на ўсіх этапах развіцця. Прамалінейнасць распаўсюджвання святла была вядома ў Месапатаміі за 5 тыс.г. да н.э. і выкарыстоўвалася ў Стараж. Егіпце пры буд. работах. Піфагор (6 ст. да н.э.) меў блізкі да сучаснага пункт гледжання, што целы становяцца бачнымі з-за выпрамянення імі пэўных часцінак. Арыстоцель (4 ст. да н.э.) меркаваў, што святло ёсць узбуджэнне асяроддзя паміж аб’ектам і вокам, у школе яго сучасніка Платона сфармуляваны важнейшыя законы геаметрычнай оптыкі. Эўклід (3 ст. да н.э.) разглядаў узнікненне аптычных відарысаў пры адбіцці ад люстэркаў. Хвалевая оптыка пачала развівацца ў 17 ст. пасля прац Р.Гука і К.Гюйгенса, якія далі першыя хвалевыя тлумачэнні (аналагічныя тлумачэнням акустычных хваль) многім законам О. Святло разглядалася як імгненная перадача ціску з дапамогай «эфіру». Аднак прамалінейнае распаўсюджванне і палярызацыя святла не знайшлі тлумачэння з пазіцый хвалевых аналогій святла і гуку, што прывяло І.Ньютана да развіцця карпускулярных уяўленняў. Святло разглядалася ім як паток карпускул — часцінак, падобных да пругкіх шарыкаў. Карпускулярныя і хвалевыя тэорыі святла развіваліся і надалей і напераменна дамінавалі ў навуцы. Развіццё сучаснай О. звязана з працамі Т.Юнга, А.Ж.Фрэнеля, Д.Ф.Араго (з’явы інтэрферэнцыі, дыфракцыі і прамалінейнага распаўсюджвання святла растлумачаны з хвалевых пазіцый), М.Фарадэя (выяўлена ўзаемасувязь паміж аптычнымі і эл. з’явамі, 1846), Дж.К.Максвела (устаноўлена эл.-магн. прырода святла, 1865), П.М.Лебедзева (ціск святла, 1899), А.Р.Сталетава (фотаэфект, 1888—90), Х.А.Лорэнца (электронная тэорыя святла і рэчыва, 1896), М.Планка (гіпотэза квантаў, 1900) і інш. Барацьба двух пунктаў гледжання на прыроду святла прывяла да сінтэзу абодвух уяўленняў (гл.Карпускулярна-хвалевы дуалізм). Доследы А.І.Л.Фізо і А.А.Майкельсана прывялі да стварэння спец.адноснасці тэорыі.
Тэарэт. аснова апісання аптычных з’яў — Максвела ўраўненні для вектараў эл. і магн. напружанасцей светлавога поля ў матэрыяльным асяроддзі. Пры рашэнні канкрэтных аптычных задач карыстаюцца рознымі мадэлямі і набліжэннямі, а таксама ўяўленнямі і прынцыпамі, многія з якіх устаноўлены да адкрыцця эл.-магн. прыроды святла. На аснове законаў геам. оптыкі вырашаюцца пытанні асвятлення аб’ектаў і памяшканняў (гл.Святлатэхніка), распаўсюджвання святла ў аптычных прыладах, у т. л. ў воку, пераносу энергіі з дапамогай светлавых патокаў і інш. Шэраг задач фотаметрыі вырашаецца з улікам заканамернасцей успрымання чалавечым вокам святла і яго асобных колеравых складальных. Такія заканамернасці вывучае фізіялагічная О., якая цесна змыкаецца з біяфізікай і псіхалогіяй, даследуе зрокавы аналізатар (ад вока да кары галаўнога мозга) і механізмы зроку. Фізічная оптыка вывучае праблемы, звязаныя з прыродай святла і светлавых з’яў. Папярочнасць эл.-магн. хваль вынікае зэксперым. даследаванняў дыфракцыі святла, інтэрферэнцыі святла, палярызацыі святла і распаўсюджвання яго ў анізатропных асяроддзях (гл.Оптыка анізатропных асяроддзяў, Крышталяоптыка). Хвалевая оптыка вывучае сукупнасць з’яў, дзе выяўляецца хвалевая прырода святла. Паводле яе прынцыпаў светлавое поле ў любым пункце ўяўляе сабой суму хваль, якія прыйшлі зінш. пунктаў, і складанне адбываецца з улікам іх амплітуд, фаз і палярызацый. Уплыў асяроддзя на светлавое поле ўлічваецца з дапамогай паказчыка пераламлення, каэфіцыента паглынання (ці ўзмацнення), а таксама тэнзараў дыэл. і магн. пранікальнасцей. Разамз развіццём атамна-малекулярных уяўленняў аб структуры рэчыва развівалася малекулярная оптыка, у межах якой аптычныя параметры асяроддзя вызначаюцца на аснове ўліку рэакцыі (водгуку) элементаў яго мікраструктуры (атамаў, малекул і інш.) на ўздзеянне светлавога поля. У выніку ўстанаўліваецца іх залежнасць ад частот і сіл асцылятараў квантавых пераходаў часцінак асяроддзя, іх шчыльнасці і характарыстык узаемадзеяння паміж імі, часу рэлаксацыі розных працэсаў і інш. Па выніках аптычных вымярэнняў выяўляецца інфармацыя аб мікраструктуры асяроддзяў і працэсах, што працякаюць у іх (гл.Спектраскапія). Пасля стварэння лазераў працэсы распаўсюджвання светлавых патокаў у асяроддзі разглядаюцца з пазіцый нелінейнай оптыкі. Выпрамяненне святла адбываецца пры пераходах часцінак рэчыва (атамаў, малекул, іонаў і інш.) з узроўняў з больш высокай энергіяй на энергетычна больш нізкія ўзроўні (спантанна ці вымушана; гл.Вымушанае выпрамяненне, Лазерная фізіка). Паглынанне наадварот — з больш нізкіх узроўняў на больш высокія. У гэтых працэсах выяўляецца квантавая прырода святла, яго фатонная структура. У нялазерных крыніцах святла выпрамяненне спантаннае і такія пераходы ў розных часцінках адбываюцца незалежна адзін ад аднаго, што выяўляецца ў малых кагерэнтнасці і монахраматычнасці, а таксама ў адсутнасці рэзка выражанай накіраванасці выпрамянення. Аптычнае выпрамяненне цеплавых крыніц (Сонца, зоркі, полымя, лямпы напальвання і інш.) з’яўляецца часткай іх цеплавога выпрамянення. Свячэнне, выкліканае інш. фактарамі (не цеплавымі), наз.люмінесцэнцыяй. Праходжанне святла праз асяроддзі суправаджаецца яго рассеяннем на неаднастайнасцях і флуктуацыях іх структуры (гл.Оптыка рассейвальных асяроддзяў, Рассеянне святла), выклікае розныя фіз. (напр., награванне, фоталюмінесцэнцыю, фотаэфект, іанізацыю атамаў і малекул), хім. (гл.Фотахімія, Фатаграфія, Фотабіялогія), мех. (напр., тармажэнне ці паскарэнне часцінак, іх захоп) і інш. з’явы і працэсы. Аптычныя з’явы і метады даследаванняў выкарыстоўваюцца для рашэння навук. і практычных задач. Напр., з дапамогай вока чалавек атрымлівае асн. аб’ём інфармацыі аб навакольным свеце, у т. л. запісанай на розных носьбітах (кнігі, фотаздымкі, відэадыскі, касеты). Карэкцыя зроку, павелічэнне яго далёкасці і раздзяляльнай здольнасці праводзяцца з дапамогай розных аптычных прылад (акуляры, біноклі, тэлескопы, мікраскопы). Развіццё тэхнікі асвятлення, удасканаленне крыніц святла, сродкаў запісу, счытвання, перадачы і захоўвання інфармацыі, аптычных метадаў даследаванняў, вывучэння будовы і хім. саставу рэчыва, апрацоўкі матэрыялаў, у т. л.з дапамогай лазернай тэхнікі, і інш. абумоўлена паглыбленнем ведаў аб законах распаўсюджвання святла і яго ўзаемадзеяння з рэчывам, а таксама развіццём і ўдасканаленнем аптычных прылад.
На Беларусі даследаванні ў галіне О. пачаты ў канцы 1940-х г. у БДУ, праводзяцца таксама ў Ін-це фізікі, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Ін-це прыкладной оптыкі, Аддзеле аптычных праблем інфарматыкі Нац.АН, БПА, Гомельскім і Гродзенскім ун-тах і інш.Асн. кірункі даследаванняў: распрацоўка і стварэнне новых лазерных сістэм, вывучэнне заканамернасцей узаемадзеяння лазернага выпрамянення з рознымі асяроддзямі, выкарыстанне лазераў у біялогіі, медыцыне і прамысл. тэхналогіях, распрацоўка апаратуры для лазернага зандзіравання і авіякасм. спектраметрыравання і інш. У Мінску выдаецца міжнар. часопіс «Журнал прикладной спектроскопии».
Літ.:
Федоров Ф.И. Оптика анизотропных сред. Мн., 1958;
Ельяшевич М.А. Атомная и молекулярная спектроскопия. М., 1962;
Иванов А.П. Оптика рассеивающих сред. Мн., 1969;
Борн М., Вольф Э. Основы оптики: Пер. с англ. 2 изд. М., 1973;
Ландсберг Г.С. Оптика. 5 изд. М., 1976;
Апанасевич П.А. Основы теории взаимодействия света с веществом. Мн., 1977;
Степанов Б.И. Введение в современную оптику. [Т. 1—4]. Мн., 1989—91.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТАЦТВА 1940—80-х гадоў.
У пасляваенным жывапісе пераважная ўвага аддавалася сюжэтна-тэматычнай карціне, бо менавіта ў ёй знайб. паўнатой можна было ўвасобіць тагачасныя ідэалагічныя рэаліі. Такога плана творы стваралі І.Ахрэмчык, Н.Воранаў, І.Давідовіч, Я.Зайцаў, П.Раманоўскі, В.Цвірка, А.Шыбнёў. На пасляваенны бел. жывапіс моцна ўплывала ваенная тэматыка. Мастакі імкнуліся вырашыць праблему гераічнага ў мастацтве, але на тым этапе пераважалі спрошчаныя жыццёвыя ўражанні, нескладаная апавядальнасць сюжэтаў. Пад лозунгам барацьбы за павышэнне прафес. майстэрства жывапіс паступова траціў умоўнасць, асацыятыўнасць, сімволіку. Большасць палотнаў ілюстратыўна ўзнаўлялі пэўныя бакі рэчаіснасці. Паслядоўна развіваліся традыцыі рэаліст. жывапісу ў творчасці І.Ахрэмчыка, В.Волкава, Я.Зайцава, Х.Ліўшыца, У.Сухаверхава, В.Цвіркі, Я.Ціхановіча, А.Шыбнёва і інш. Да лепшых кампазіцый ваеннай тэматыкі належаць творы «Палонных вядуць» А.Шыбнёва (1947), «За родную Беларусь» У.Сухаверхава, «Партызаны ў разведцы» Я.Ціхановіча (абодва 1948). У тэматычных крыніцах быт. жанру арыентацыя на творчыя здабыткі перасоўнікаў вяла да эпігонскага выкарыстання некат. матываў шляхам іх перапрацоўкі і развіцця ў духу новых паліт. рэалій. Нават пейзаж стаў сферай ідэалагічнай увагі. Таму часта аберагальную функцыю выконвала назва твора. У 1947 радзіму наведаў В.К.Бялыніцкі-Біруля, што натхніла яго на стварэнне работ: «Ізноў расквітнела вясна. Па слядах фашысцкіх варвараў», «Беларусь. Пачатак лета», «Зялёны май» (усе 1947). Яго творчасць моцна паўплывала на бел. мастакоў. У жанры пейзажа працавалі Г.Азгур, П.Гаўрыленка, Б.Звінагродскі, С.Каткоў, У.Кудрэвіч, А.Мазалёў, В.Цвірка, А.Шыбнёў. Характэрным для творчасці мастакоў-дэкаратараў пасляваеннага перыяду было імкненне падпарадкаваць усе выразныя сродкі раскрыццю ідэйнага зместу твора: М.Блішч, А.Грыгар’янц, П.Масленікаў, С.Нікалаеў, Я.Нікалаеў, І.Ушакоў. Бел. скульптары аднаўлялі тыя творы (пераважна манум. скульптуры), якія былі знішчаны ў час вайны, у т. л. помнік У.Леніну і рэльефы для Дома ўрада ў Мінску, помнікі У.Леніну, Ф.Э.Дзяржынскаму, І.В.Сталіну ў розных гарадах Беларусі. Стваралі таксама партрэты камуніст. дзеячаў інш. краін. Значную цікавасць уяўляе і партрэтная скульптура А.Бембеля, А.Глебава, братоў Л. і М. Роберманаў, С.Селіханава і інш., у якой бачна спроба не толькі выявіць індывід. рысы, псіхалагічны і эмацыянальны стан, але і імкненне да тыпізацыі вобраза. У рэчышчы плана манум. прапаганды развівалася манум. скульптура. Вядучае месца ў скульпт. аздабленні бел. гарадоў і пасёлкаў займаў помнік У.Леніну, які быў (як і помнік І.Сталіну) абавязковым атрыбутам цэнтр. плошчы. З мэтамі барацьбы з «буржуазным індывідуалізмам» над помнікамі часта працавалі вялікія групы скульптараў і архітэктараў, што вяло да поўнага абязлічвання твора. Напр., над манум. помнікам І.Сталіну на Цэнтр. плошчы ў Мінску працавала «брыгада» скульптараў у складзе З.Азгура, А.Бембеля, А.Глебава, С.Селіханава, архітэктараў Г.Заборскага і У.Караля. Паводле ўказаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР на тэр. Беларусі былі ўстаноўлены бюсты двойчы Герояў Савецкага Саюза П.Я.Галавачова, С.І.Грыцаўца, С.Ф.Шутава, І.І.Якубоўскага; узведзены помнікі-бюсты Ф.Э.Дзяржынскаму, легендарнаму дзеду Талашу, дзеячу рэв. руху ў Зах. Беларусі, партызанцы В.Харужай, а таксама нар. паэту Беларусі Я.Купалу. Распачаты работы над абеліскам на плошчы Перамогі ў Мінску ў гонар воінаў Сав. Арміі і партызан, што загінулі ў 1941—45. Пры ўсіх сваіх недахопах творы тагачаснай манум. скульптуры мелі адну станоўчую якасць — яны заўсёды былі ў поўнай адпаведнасці з архітэктурным асяроддзем. Ім уласціва тая ж статычнасць, важкасць і пампезнасць.
У 1950-я г. выкананы шэраг скульпт. кампазіцый, прызначаных для аздаблення архітэктурных збудаванняў. Завяршылася стварэнне ансамбля плошчы Перамогі ў Мінску з абеліскам-помнікам воінам Сав. Арміі і партызанам, што загінулі ў баях з фашызмам (скульптары С.Адашкевіч, З.Азгур, А.Бембель, А.Глебаў, С.Селіханаў). Адной згал. у пасляваеннай скульптуры была задача ўшанавання герояў Вял.Айч. вайны. Шматлікія помнікі ўзведзены амаль ва ўсіх населеных пунктах рэспублікі, што служыла важным сродкам патрыят. выхавання. З 1951 З.Азгур, А.Бембель, А.Глебаў і С.Селіханаў прынялі ўдзел у скульпт. афармленні новага будынка Маскоўскага дзярж. ун-та імя М.В.Ламаносава. У кніжнай і станковай графіцы плённа працавалі І.Гембіцкі, С.Герус, С.Раманаў, Л.Ран, А.Тычына, В.Ціхановіч і інш. Адной згал. ліній у развіцці графічнага мастацтва Беларусі ў пасляваенны перыяд стала адлюстраванне падзей вайны: жыццё і побыт партызан, іх партрэтныя выявы, эпізоды ваен. дзеянняў і г.д. Для многіх мастакоў-удзельнікаў барацьбы з фашызмам гэта стала арганічным працягам і абагульненнем тых непасрэдных уражанняў, натурных замалёвак, якія былі зроблены ў гады вайны (С.Раманаў). Аднаўленне Мінска ўвасоблена ў творах Л.Лейтмана, А.Тычыны. Бел. графікі не засталіся ў баку і ад працы над гісторыка-рэв. тэмамі (кампазіцыі А.Волкава). Не менш папулярнымі былі тэмы працы: аднаўленне нар. гаспадаркі, сацыяліст. будаўніцтва, што выяўлялася традыц. іканаграфічнымі сродкамі ў творах Н.Галоўчанкі, І.Гембіцкага, Л.Лейтмана, С.Раманава, Л.Рана, А.Тычыны і інш. Аднак для такіх твораў была характэрна аднастайнасць кампазіцыйных і выяўл. прыёмаў. Маст. традыцыі, закладзеныя ў перадваенныя гады, працягваліся ў кніжнай графіцы. Сюжэтна-апавядальная сістэма маст. ілюстравання засталася вядучай у творчасці бел. графікаў. У іх творах адзначаецца імкненне да дакладнай перадачы сюжэтнай лініі літ. твора, стварэння ў чытача адчування рэальнасці выяўляемага. Ілюстраваліся пераважна кнігі для дзяцей. З 1948 адзначаецца пэўны рост не толькі агульнай колькасці выданняў, але і іх паліграфічнай якасці. Работы мастакоў-графікаў П.Астроўскага, А.Волкава, І.Давідовіча, В.Ціхановіча і інш. да твораў маст. літаратуры сталі пунктам адліку для развіцця і паляпшэння выдавецкай справы і ілюстравання кніг. Асаблівасцю бел. кніжнай графікі гэтага перыяду была яе цесная сувязь з сатырычнай, паколькі шмат мастакоў супрацоўнічала зсатыр.час. «Вожык» (А.Волкаў, М.Гурло, М.Гуціеў, Дз.Красільнікаў, С.Раманаў, В.Ціхановіч). У галіне кніжнай ілюстрацыі ў 1940 — пач. 1950-х г. працавалі таксама І.Давідовіч, Р.Кудрэвіч, М.Манасзон, Д.Парахня, Ю.Пучынскі.
З сярэдзіны 1950-х г. пашыраліся творчыя сувязі мастакоў Беларусі зінш.нац. школамі, наладжваліся міжнар. кантакты. Для мастацтва сталі характэрнымі лаканічнасць і прастата ў выяўленні жыццёвых сітуацый. Нават у вырашэнні ідэалагічнай тэматыкі праглядаецца абагульнена-тыпізаваны падыход. Усё больш праяўлялася імкненне да асабістага выказвання, пазбаўленага псеўдапафасу і апісальнасці ў падыходзе да выяўлення рэчаіснасці. Мінулая абмежаванасць і жорсткая акрэсленасць жанраў паступова саступала месца свабоднаму іх сумяшчэнню. Адбываўся перагляд вобразна-пластычных сродкаў мастацтва, ішла выпрацоўка новага сацыяльна-маральнага ідэалу.
Новае пакаленне мастакоў, што прыйшло ў 1960-я г., узбагачала вобразныя і выразныя сродкі ўсіх відаў і жанраў, актыўна перабудоўвала выяўл. мовы жывапісу, графікі, скульптуры. Усё выразней праяўлялася тэндэнцыя да індывідуалізаванага прачытвання гіст. і сучасных падзей. Мастакі, што працавалі ў гэтыя гады ў розных відах і жанрах мастацтва, імкнуліся да трактоўкі вобраза ў героіка-ўзвышаным, манум. плане. Назіраўся шырокі зварот да драм. і лірычных тэм, якія маюць рамант. афарбоўку. Маладыя мастакі ўзбагачалі мастацтва новымі ідэямі, пашыралі кола тэм, сюжэтаў, вобразаў. Адлюстраванне канкрэтных фактаў, выяўленчы пераказ падзей саступалі месца абагульненню. Мінулае імкненне да шматслоўнасці, дэталёвай акрэсленасці прасторы, месца і часу змяніліся лаканізмам выразных сродкаў, двухмернасцю разгорнутай на карціннай плоскасці прасторы. Манументалізм і статычнасць форм, графічнасць у абмалёўцы контураў сталі досыць распаўсюджанымі прыёмамі. Шахцёры, мантажнікі, будаўнікі, геолагі і людзі інш. прафесій выяўляліся рашучымі, поўнымі энергіі, грамадз. адказнасці ў творах М.Данцыга, Ф.Дарашэвіча, М.Савіцкага, І.Стасевіча, В.Сумарава, І.Фяцісава. Па-ранейшаму гал. ўвага аддавалася героіка-рэв. тэматыцы. Але ў вырашэнні гэтых тэм ужо адзначаліся спробы псіхалагічнага даследавання, філас. разважанняў аб сэнсе жыцця, цвярозы рэалізм і рамант. ўзнёсласць. Паказальным у гэтых адносінах з’яўляецца трыпціх К.Касмачова «Незабыўнае» (1962). Разамз тым у гэты перыяд прадаўжалі працаваць мастакі, якія прытрымліваліся былых асноў станкавізму. Канкрэтнасць падзеі, псіхалагізм у абмалёўцы вобразаў, захаванне традыц. аб’ёмна-пластычнай выяўленчасці ўласцівы творам Я.Зайцава, Я.Красоўскага, Р.Кудрэвіч, Э.Куфко, М.Манасзона, Я.Ціхановіча, А.Шыбнёва. Лірыка-паэт. ўспрыманне рэчаіснасці, акцэнт на жывапісных якасцях твора, тонкіх каларыстычных спалучэннях пры захаванні асноў рэалістычнай карціны характэрна для В.Грамыкі, В.Жолтак, Р.Кудрэвіч, В.Цвіркі.
Больш выразна і паслядоўна новыя тэндэнцыі жывапісу праявіліся з 2-й пал. 1960-х г., калі асоба мастака вызначала вобразны лад карціны. Публіцыстычны пафас і пэўная рыторыка палотнаў пач. 1960-х г. змянялася пошукам паглыблена-псіхалагічнага падыходу да выяўлення («Партызанская мадонна» М.Савіцкага, 1967). Падзеі Вял.Айч. вайны заставаліся па-ранейшаму ў цэнтры ўвагі бел. мастакоў, але іх трактоўка набыла інш.выяўл. і сэнсавае адценне. Ад простага фабульнага пераказу эпізоду мастакі перайшлі да апасродкаванага, філас. асэнсавання адной знайб. трагічных старонак у гісторыі 20 ст.: кампазіцыі М.Данцыга («Беларусь — маці партызанская»), Л.Шчамялёва («Маё нараджэнне», абедзве 1967), М.Залознага («Салдаткі», 1969), В.Грамыкі («1941 год. Над Прыпяццю», 1970; «Жанчынам Вялікай Айчыннай прысвячаецца», 1972), М.Савіцкага («Віцебскія вароты», 1967; «Поле», 1974), Г.Вашчанкі («Балада аб мужнасці», 1974) і інш. Значнай з’явай у маст. адлюстраванні тэмы вайны стаў цыкл твораў М.Савіцкага «Лічбы на сэрцы» (1974—80). Не толькі чалавек, але і прырода, рэчы набываюць у творах рысы індывід. прачытання. Гэта вяло да большай разнастайнасці стылістычных і вобразна-пластычных вырашэнняў. Бел. мастакі звярталіся да заваёў нац. жывапісу 1920-х г., да скарбаў нар. творчасці, сусв. мастацтва: творы І.Басава, А.Малішэўскага. Зварот да фальклору бачны ў творах У.Стальмашонка, В.Сумарава. Рэмінісцэнцыі жывапісу франц. пуантэлістаў адчувальныя ў палотнах Н.Шчаснай. Шырокія, панарамныя, эпічныя па характары пейзажы дэманстраваў В.Цвірка.
З 2-й пал. 1970-х г. у бел. жывапісе ўзрасла цікавасць да нац. гісторыі. Назіралася парушэнне былой жанравай акрэсленасці: цяжка аддзяліць партрэт ад тэматычнай карціны, пейзажа. Жывапісная мова ўзбагачалася складанымі вобразнымі асацыяцыямі, сімволікай, метафарай: творы Г.Вашчанкі, А.Марачкіна, М.Селешчука, Л.Шчамялёва, Ф.Янушкевіча і інш. Прыкметнае месца ў тэматычным спектры бел. жывапісу па-ранейшаму належыць адлюстраванню сучаснага жыцця ў розных яго праяўленнях. Метафарычныя, насычаныя сімволікай творы Г.Вашчанкі, А.Кішчанкі, А.Марачкіна, У.Тоўсціка, Л.Шчамялёва і інш. даюць уяўленне аб шырокім дыяпазоне кампазіцыйных і пластычных пошукаў бел. жывапісцаў. Шырокі зварот да традыцый старых майстроў (у прыватнасці, да малых галандцаў) прасочваецца ў творах Б.Казакова. Выразнасць і вытанчанасць колеру, выкарыстанне яго сэнсавых і сімвалічных якасцей увасоблены ў творах М.Бушчыка, А.Кузняцова, Л.Хобатава і інш. У той жа час адзначаецца пэўная страта цікавасці да тэматычнай карціны ў яе мінулым разуменні. Тэндэнцыя да раўназначнасці ўсіх жанраў жывапісу стала характэрнай для многіх мастакоў. У творах мастакоў бачна больш жывапіснай свабоды, фантазіі, пошуку новых выразных сродкаў.
У канцы 1950 — пач. 1960-х г. прыйшло маладое пакаленне мастакоў і ў графіку, кадры якіх пачаў рыхтаваць Бел.тэатр.-маст.ін-т. Сярод яго першых выпускнікоў Л.Асецкі, А.Кашкурэвіч, Н.Паплаўская, Г.Паплаўскі, В.Шаранговіч і інш. Творча працавалі і выхаванцы інш. устаноў СССР: С.Герус, А.Лось, А.Паслядовіч. Пошук новых сродкаў выразнасці графікі найперш звязаны са станковай гравюрай. Абагульненасць і лаканізм гравюрнай мовы адпавядалі тагачаснай маст. стылістыцы. Пад лозунгам «Эстамп у кожны дом» адбывалася адкрыццё эстампных майстэрань па ўсёй краіне. У 1961 эстампныя друкарні створаны і пры Маст. фондзе Беларусі. На змену ілюстрацыйна-сюжэтнаму кірунку прыйшлі больш складаныя вобразныя рашэнні. Традыц. кірунак у графіцы развівалі мастакі старэйшага пакалення: Л.Ран, А.Волкаў, А.Тычына і інш. Адной з вядучых тэндэнцый у графіцы 1960-х г. стала этнаграфічна-фальклорная. Шырокі зварот да нар. традыцый у цеснай сувязі з сучаснай выяўл. мовай характэрны для творчасці А.Лось, Н.Паплаўскай, А.Паслядовіч. У 1970-я г. да іх далучыліся У. і М. Басалыгі, В.Мікіта, У.Савіч, М.Селяшчук, В.Славук і інш. Сучасная выяўл. эстэтыка ў сукупнасці знар. пластычнымі традыцыямі найб. ярка ўвасобілася ў творчасці А.Паслядовіч і А.Лось. Больш шырокія творчыя сувязі, магчымасць знаёмства з дасягненнямі зах. мастацтва станоўча паўплывалі на развіццё бел. графікі. Імкненне да абвостранай экспрэсіі, эмацыянальна выразнай выяўленчай формы характэрна для твораў А.Кашкурэвіча. У 1960-я г. ўзніклі шматлікія разнавіднасці эстампа: рэпартажныя, ілюстратыўныя, дэкаратыўныя і інш. Характэрнымі сталі змены ў маст. успрыманні навакольнай рэчаіснасці. Лаканізм маст. сродкаў, экспрэсія і дынамічнасць кампазіцыі ў сукупнасці з рамантызацыяй і гераізацыяй вобразаў уласцівы творчасці Г.Паплаўскага. Змены ў развіцці бел. графікі адзначаюцца з 2-й пал. 1970-х г. Грамадскі пафас 1960-х г., эпічнасць светаадчування змяняецца лірызмам, індывідуальным успрыманнем і адлюстраваннем жыцця. Усё больш увагі мастакі аддавалі тэхн. майстэрству, вытанчанасці графічнай мовы, удасканаленню мастацка-пластычнай формы, ускладненню кампазіцыі. Мантажныя прынцыпы пабудовы кампазіцыі, элементы сюррэалізму і інш.маст. плыней 20 ст. ўвасобіліся ў творах У.Савіча, М.Селешчука, Г.Скрыпнічэнкі, В.Славука. Па-ранейшаму плённа развівалася і этнагр. тэндэнцыя ў бел. графіцы. У творах У.Басалыгі, М.Купавы, А.Лапіцкай, Р.Сітніцы зварот да нар. каранёў дапамагае паўней выявіць нац. стылявыя асаблівасці. Прыкметнай адметнасцю графічных твораў стала іх «вясковая» накіраванасць. Мастакі адыходзілі ад мітусні горада ў ціхі патрыярхальны быт. правінцыі з яе маляўнічымі краявідамі, жыццём чалавека, якое неаддзельна ад прыроды і напоўнена значнасцю і сэнсам: серыі Л.Асецкага, Г.Паплаўскага, творы Э.Агуновіча, А.Лапіцкай, В.Мікіты, Н.Паплаўскай, А.Паслядовіч, У.Савіча. Не пакінута па-за ўвагай і традыц. для бел. мастацтва тэма вайны: творы Л.Асецкага, Г.Паплаўскага, ілюстрацыі Ю.Герасіменкі-Жызнеўскага, А.Кашкурэвіча, у якіх выяўленчы рад не просты пераказ фабулы, а глыбіннае спасціжэнне сутнасці падзей, іх філас. асэнсаванне сродкамі графікі.
У кніжнай графіцы пашыраўся дыяпазон тэхн. сродкаў, удасканальвалася выканальніцкае майстэрства. Тыповай з’явай стала выкарыстанне змешанай тэхнікі, мантаж, аплікацыя. Пад уплывам еўрап. кніжнага дызайну графічная мова і маст. структура выданняў набывала большую дынаміку. У галіне кніжнай графікі працавалі Б.Забораў, Я.Кулік, А.Кашкурэвіч, Г.Паплаўскі, В.Шаранговіч і інш. На мяжы 1970—80-х г. у бел. кніжную графіку прыйшла новая генерацыя мастакоў: Т.Беразенская, М.Казлоў, І.Кліменка, І.Лобан і інш.Найб. значныя дасягненні ў галіне кніжнай ілюстрацыі — работы А.Кашкурэвіча, Г.Паплаўскага, В.Славука, В.Шаранговіча. Значныя поспехі дасягнуты мастакамі ў афармленні дзіцячай літаратуры. Эксперыменты з кампазіцыяй, прасторай, колерам, свядомае адмаўленне ад мінулай апавядальнасці дазвалялі графікам выйсці на новы ўзровень маст. трактоўкі літ. тэксту. Адзін з кірункаў у ілюстраванні звязаны з асацыятыўным падыходам, са свабодным палётам фантазіі мастака, калі выяўленчы рад не разлічаны на непасрэдную адпаведнасць тэксту, а з’яўляецца абуджальным штуршком для яго вобразнага асэнсавання (М.Селяшчук). Другі кірунак звязаны зтрадыц. пераказам ключавых момантаў сюжэта, з раздзяленнем тэксту і яго маст. інтэрпрэтацыі (В.Славук, В.Шаранговіч). Для 1970 — сярэдзіны 1980-х г. характэрна пільная ўвага і цікавасць мастакоў-графікаў да нац. традыцый. Яна ішла ўжо не па шляху цытавання асобных элементаў нар. мастацтва, а на больш высокім узроўні яго творчага пераасэнсавання. Значна павысіўся прафес. ўзровень мастакоў, іх валоданне рознымі тэхнікамі і сакрэтамі графічнага мастацтва. Шырока выкарыстоўваліся інш. віды мастацтва: кіно, фатаграфія, сцэнаграфія.
Бел. скульптура ў 1960—80-я г. таксама перажыла якасныя змены. Творчае аблічча бел. пластыкі пачалі вызначаць выпускнікі Бел.тэатр.-маст. ін-та. Гал. іх кірунак звязаны з развіццём манум. форм скульптуры. Разамз майстрамі старэйшага пакалення плённа працавалі маладыя мастакі — А.Анікейчык, С.Вакар, Л.Гумілеўскі, М.Рыжанкоў, А.Шатэрнік і інш. Вайна па-ранейшаму моцна ўплывала на развіццё манум. скульптуры. Узводзіліся помнікі, мемарыяльныя ансамблі і комплексы, якія мелі шматпланавую прасторавую кампазіцыю, дзе спецыфіка розных відаў мастацтва выкарыстоўвалася для рэалізацыі значных грамадзянскіх ідэй. Гэта мемарыяльныя комплексы «Хатынь» (1969, скульптар С.Селіханаў, арх. Ю.Градаў, Л.Левін, В.Занковіч), «Брэсцкая крэпасць-герой» (1971, скульптары А.Кібальнікаў, А.Бембель, У.Бабыль, арх. У.Кароль, В.Волчак, В.Занковіч, Ю.Казакоў, А.Стаховіч, Г.Сысоеў) і інш. У канцы 1960—70-х г. ішло масавае ўзвядзенне курганоў славы і памяці, якія дапаўняліся архітэктурна-пластычнымі аб’ёмамі, выкарыстаннем магчымасцей ландшафту. Прыклад такой кампазіцыі — Курган Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі (1969, скульптары А.Бембель, А.Арцімовіч, арх. Л.Міцкевіч, А.Стаховіч). Канструктыўнасць станавілася важнейшым кампанентам вобразнай выразнасці. Развівалася манументальна-дэкар. скульптура, звязаная з фарміраваннем сучаснага гар. асяроддзя. Такія творы ў меншай ступені залежалі ад ідэалагічных догмаў, былі больш свабодныя ў стылістычных і пластычных адносінах. Іх адрознівае і тэматычная разнастайнасць, дзе сучаснасць суседнічае згіст. і фалькл. рэмінісцэнцыямі: манументальна-дэкар. скульптуры А.Анікейчыка, Л.Гумілеўскага, В.Занковіча, А.Заспіцкага, Л.Зільбера, Ю.Палякова, А.Шатэрніка і інш. Сучаснае прачытванне традыц. класічных сімвалаў у дэкар. скульптурах В.Занковіча, Б.Маркава. Засяроджанне ўвагі на псіхал., маральных і гуманістычных аспектах манум. пластыкі, адыход ад прапагандысцкай зададзенасці ўласцівы творам А.Анікейчыка (помнік Я.Купалу ў Мінску і ў в. Ляўкі Аршанскага р-на), А.Заспіцкага, М.Рыжанкова і І.Міско (помнік М.Горкаму ў Мінску), С.Гарбуновай (помнік Сымону Буднаму ў Нясвіжы) і інш. У станковай скульптуры разамз ваеннай тэмай развівалася тэндэнцыя гісторыка-рамант. адлюстравання мінулага, асабліва звязанага знац. спецыфікай: творы У.Церабуна, С.Ларчанкі, Ю.Платонава, А.Хараберуш, А.Шатэрніка і інш.
Актуальнай станавілася праблема відавой спецыфікі і для скульптуры малых форм. Для мастакоў на першы план пачала выходзіць не выяўленчасць, а пераасэнсаванне форм натуры, трансфармацыя звыклага ў гратэскна-фантастычнае з акцэнтам на пластычную выразнасць. У скульптуры малых форм арганічна развіваліся манументальнасць і дэкаратыўнасць (пластыка А.Мятліцкага). Манументальна-дэкар. характар уласцівы творам А.Кузняцова, У.Слабодчыкава, А.Фінскага. Пашыраліся змены ў вобразна-пластычнай структуры твораў, смелае парушэнне мінулай акрэсленасці жанраў, імкненне да выяўлення выразнасці і прыгажосці пластыкі і матэрыялу. У 1960—70-я г. ў тэатральна-дэкарацыйным мастацтве пераважалі рысы «суровага стылю» з адзінай дэкарацыяй і мінімумам дэталей. З 2-й пал. 1970-х г. адначасова зтрадыц. прынцыпамі афармлення спектакляў узбагачаліся сродкі выразнасці сцэн. прасторы. Выкарыстанне новых відаў прасторавых канструкцый, маст. метафары, каляровага асвятлення ўласціва творчасці М.Апіёка, М.Волахава, В.Галубовіча, Э.Гейдэбрэхта, Б.Герлавана, Я.Ждана, Т.Карвяковай, А.Кляўзера, В.Лесіна, Я.Лысіка, З.Марголіна, У.Матросава, Дз.Мохава, Л.Рулёвай, А.Салаўёва, Ю.Тура, В.Цімафеева, Я.Чамадурава, У.Чарнышова, М.Якуніна і інш. ў драм. і муз. тэатрах.
М.Савіцкі. Танец з факеламі. З цыкла «Лічбы на сэрцы». 1978.Г.Вашчанка. Мір зямлі маёй. 1982.А.Марачкін. У калядную ноч. Заслаўе. 1982.В.Шаранговіч. Ілюстрацыя да паэмы А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш». 1985.У.Басалыга. Царква ў Малым Мажэйкаве. З серыі «Помнікі дойлідства Беларусі». 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛІЯРАЦЫЯ
Ва ўмовах Беларусі меліярацыя — адзін з найважнейшых сродкаў інтэнсіфікацыі с.-г. вытв-сці. Тэрыторыя краіны адносіцца да зоны залішняга ўвільгатнення: 2,5 млн.га (больш за 12%) займаюць балоты; меліярацыі (гідратэх., хім., супрацьэразійнай, тэхн., глебаахоўнай) і культуртэхн. мерапрыемстваў патрабуюць амаль усе с.-г. ўгоддзі.
Першыя асушальныя работы на Беларусі праведзены ў 1856—62 на землях Горы-Горацкага земляробчага ін-та з выкарыстаннем ганчарнага дрэнажу. У 1873—98 Зах. экспедыцыя па асушэнні балот пад кіраўніцтвам ген. І.І.Жылінскага праклала на Палессі каналы праз вялікія балотныя масівы. Мэтай экспедыцыі было паляпшэнне прыродных сенажацей і лясных угоддзяў, стварэнне шляхоў для сплаву лесу. Аб’ектамі асушэння былі пераважна казённыя лясныя дачы, землі памешчыкаў і царскіх чыноўнікаў, у нязначнай колькасці і толькі ў выпадках неабходнасці — землі сялян. Паводле ацэнак І.І.Жылінскага, у сферу дзейнасці Зах. экспедыцыі ўваходзілі больш за 3,2 млн.га зямель. Было асушана цалкам або часткова 26 казённых дач у Мінскай, 7 у Гродзенскай і 17 у Валынскай губ., пракладзена каля 5 тыс.км каналаў. Асушаныя плошчы адводзіліся пад сенажаці або заставаліся пад лесам, пад ворыва землі асушаліся толькі ў якасці спробы. У савецкі час меліярацыя вялася з мэтай выкарыстання асушаных зямель пад пасевы с.-г. культур, у якасці культурнай пашы і сенажацей. У 1920—30 праведзены работы па асушэнні Мар’інскіх балот у Любанскім р-не Мінскай вобл., пераважна сіламі працоўных камун і меліярацыйнымі т-вамі. Камуна імя БВА, створаная ў 1929, стала адной з лепшых калект. гаспадарак рэспублікі. У даваенны перыяд асушалі пераважна буйныя балотныя масівы на Пд Беларусі. Да 1941 асушана 240 тыс.га пераўвільготненых зямель, з іх 170 тыс.га асвоена; каналізавана і палепшана 300 тыс.га. Разбураная ў Вял.Айч. вайну меліярацыйная сетка да 1950 адноўлена. Пазней вяліся работы па меліярацыі балот у бас. рэк Іпа, Вузлянка, Трэмля, Вісліца, Волма, Дзвінскага канала і інш. Да 1965 плошча зямель з асушальнай сеткай павялічылася да 1,1 млн.га. З 1958 выкарыстоўваўся пераважна закрыты дрэнаж, да 1966 гэтым спосабам асушана 158 тыс.га. З 1960-х г. маштабы меліярацыйных работ рэзка пашырыліся, асабліва на Бел. Палессі. Паводле рашэння майскага (1966) пленума ЦККПСС аб развіцці меліярацыі ў СССР былі створаны будаўнічыя і эксплуатацыйныя меліярацыйныя арганізацыі, перасоўныя механізаваныя калоны па асушэнні зямель, на патрэбы меліяратараў выдзелены вялікія грашовыя сродкі. Для каардынацыі і развіцця меліярацыйных работ у Пінску арганізавана Гал. ўпраўленне «Галоўпалессеводбуд». У 1970 вызначаны прынцыповыя пазіцыі развіцця меліярацыі зямель на Беларусі: зберажэнне арганічнага рэчыва і павышэнне ўрадлівасці глеб, захаванне і назапашванне водных рэсурсаў, рацыянальнае і эфектыўнае выкарыстанне меліярацыйных зямель, будаўніцтва асушальна-ўвільгатняльных сістэм, прагрэсіўныя спосабы меліярацыі (арашэнне, польдэрныя сістэмы, рэгуляванне воднага рэжыму і інш.), удасканаленне арганізацыі меліярацыйнага будаўніцтва, распрацоўка навук. праблем уплыву меліярацыі на навакольнае асяроддзе. З 1970 павялічылася доля закрытага дрэнажу, сістэм 2-баковага рэгулявання воднага рэжыму, арашэння, вырасла капітальнасць меліярацыйных сістэм. Рэгуляваліся сцёкі рэк, ствараліся сажалкі, вадасховішчы для назапашвання вады і арганізацыі рыбнай гаспадаркі (Любанскае, Салігорскае, Пагосцкае вадасховішчы, рыбакамбінаты «Любань», «Чырвоная Слабада» ў Мінскай вобл., «Сялец», «Навасёлкі» ў Брэсцкай вобл. і інш.). Будаўніцтва ажыццяўлялася на падставе схем комплекснага выкарыстання і аховы водна-зямельных рэсурсаў на водазаборах рэк. Распрацаваны схемы меліярацыі тэр. Палесся, для водазабораў Зах. Буга, Бярэзіны, Свіслачы, Ушы і інш. (агульная іх плошча каля 11 млн.га). Складзена схема работ па ахове асушаных зямель ад эрозіі. На меліяраваных землях пракладзены дарогі, створаны новыя дзярж. гаспадаркі. Шырока ўкараняўся новы від меліярацыі — арашэнне і абвадненне. Для навук. абгрунтавання і кіравання меліярацыяй створаны шэраг устаноў (Белдзіправадгас, Бел.НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі, Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання і аховы водных рэсурсаў), для эксплуатацыі меліярацыйных сістэм — міжраённыя ўпраўленні. Асн.навук. дасягненні ў галіне меліярацыі змяшчаліся ў міжведамасных зборніках «Праблемы Палесся». У 1980-я г. распрацоўваліся планы шырокай меліярацыі Бел. Паазер’я на аснове метадаў, што выкарыстоўваліся ў Бел. Палессі, але навук. грамадства, экалагічныя арганізацыі выступілі супраць такога падыходу. Пасля ўтварэння незалежнай Рэспублікі Беларусь аб’ёмы меліярацыйных работ значна скараціліся, частка меліярацыйных асушальна-абвадняльных сістэм патрабуе рэканструкцыі.
Шырокамаштабная меліярацыя дала штуршок развіццю сельскай гаспадаркі краіны, на меліяраваных землях у першыя гады іх выкарыстання атрымлівалі высокія ўраджаі с.-г. культур. Але разам са станоўчымі вынікамі ў вытв-сці праявіліся негатыўныя працэсы. Асушэнне тарфяна-балотных глеб парадзіла шэраг экалагічных праблем, у іх ліку мінералізацыю торфу, паскарэнне дэградацыі глеб, павелічэнне частаты засух і замаразкаў, парушэнне воднага рэжыму. Буйная і дагэтуль нявырашаная праблема — дэградацыя тарфяна-балотных глеб з-за паскоранага разбурэння іх арганічнага рэчыва. У наш час на Беларусі дэградзіравалі каля 223 тыс.га тарфянікаў, на якіх слой торфу разбураны поўнасцю або складае менш за 30 см. Пры меліярацыі ў сувязі з будаўніцтвам каналаў і інш. гідратэхн. збудаванняў адбываецца карэннае змяненне рэльефу, істотна мяняецца водны рэжым не толькі на аб’екце асушэння, але і на сумежных землях (на адлегласці 7—10 км). Пры с.-г. асваенні меліяраваных зямель адбываецца знішчэнне дзікай балотнай расліннасці і замяшчэнне яе культурнай расліннасцю ці пустазеллем, карэнным чынам мяняецца жывёльны свет балот. Для захавання прыродных комплексаў ствараюцца асабліва ахоўваемыя тэрыторыі (запаведнікі і заказнікі), нац. паркі, дзе правядзенне меліярацыі цалкам забараняецца або істотна абмяжоўваецца.
На Беларусі асушана 3,4 млн.га (16,4% тэрыторыі), у т. л. больш за 1 млн.га балот. Меліяравана 40% ворыва, 28% сенажацей, 27% пашы і інш. (5%) с.-г. зямель. На Бел. Палессі асушана больш за 40% забалочаных тэрыторый. Вырашэннем навук. праблем меліярацыі ў наш час займаецца БелНДІ меліярацыі і лугаводства (б.Бел.НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі), канцэрн Белдзіправадгас і інш.
Літ.:
Науменко В.Я., Жмойдяк Р.А. Сельское хозяйство Белоруссии. Мн., 1988;
Клюня В.Л. Агропромышленный комплекс в условиях переходной экономики. Мн., 1999;
Нацыянальны атлас Беларусі. Мн., 2003.
Г.С.Смалякоў.
Меліярацыйная сістэма ў Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці.