ДО́МЕННАЯ ПЕЧ, домна,

шахтавая печ для выплаўкі чыгуну з жалезарудных матэрыялаў (афлюсаванага агламерату, акатышаў, жал. руды). Характарызуецца карысным аб’ёмам (бывае да 5000 м³ і больш) і прадукцыйнасцю (да 12 000 т/сут і больш). Працягласць бесперапыннага дзеяння ад пуску да спынення на капітальны рамонт (т.зв. кампанія) 10—15, часам 20 і больш гадоў.

Зверху праз калашнік у печ загружаюць порцыямі (калошамі) зыходную плавільную сыравіну (шыхту), знізу праз фурмы ў горне падаюць нагрэтае і абагачанае кіслародам паветра, вадкае. газа- або пылападобнае паліва. У шахце з жалезаруднай часткі шыхты адбываецца ўзнаўленне жалеза з вокіслаў і насычэнне яго вугляродам, у выніку чаго ўтвараецца чыгун (гл. Доменны працэс). У распары (самая шырокая цыліндрычная ч. печы) і заплечыках (конусная ч.) чыгун і шлак плавяцца (пераходзяць у вадкі стан) і праз спец. адтуліны (ляткі) перыядычна выпускаюцца ў каўшы. Доменны газ, які ўтвараецца ў доменным працэсе, выходзіць з Д.п. праз газаадводы; шлак гранулюецца (выкарыстоўваецца ў буд-ве). Д.п. футэруюць вогнетрывалай муроўкай: верхнюю ч. выкладваюць малагліназёмістым, ніжнюю — высокагліназёмістым шамотам; ч. горна, дзе назапашваецца чыгун. і под — вугляродзістымі блокамі. Звонку печ адзяецца ў стальны кажух, які ахалоджваецца пераважна праточнай вадой. Д.п. абсталёўваецца скіпавымі пад’ёмнікамі з ваганеткамі або канвеерамі, сродкамі механізацыі і аўтаматызацыі вытв. працэсу. Непадалёку ад Д.п. звычайна размяшчаецца агламерацыйная ф-ка (гл. Агламерацыя). Д.п. з’явіліся ў Еўропе ў сярэдзіне 14 ст., у Расіі каля 1630.

Доменная печ 1 — чыгунны ляток; 2 — паветраная фурма; 3 — горан; 4 — шахта; 5 — скіп; 6 — шыхта; 7 — засыпное прыстасаванне; 8 — комін; 9 — паветрападагравальнік; 10 — газаачышчальнікі; 11 — шлакавы ляток.

т. 6, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЎГАЕ ВО́ЗЕРА,

у Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Шоша, за 32 км на ПнУ ад г. Глыбокае. Пл. 2,6 км², даўж. 6 км, найб. шыр. 700 м, найб. глыб. 53,7 м (самае глыбокае на Беларусі), даўж. берагавой лініі каля 15 км. Пл. вадазбору 30,4 км². Катлавіна глыбока (на 70—80 м) урэзана ў тоўшчу марэнных адкладаў, схілы выш. да 30 м (на ПнЗ і ПдУ да 10 м), пераважна пад хмызняком, на асобных участках параслі лесам. Берагі ў асноўным зліваюцца са схіламі, на ПнЗ і ПдУ нізкія, парослыя хмызняком. Падводныя схілы катлавіны вельмі стромкія. У цэнтр. ч. возера некалькі глыбокіх упадзін, раздзеленых падняццямі дна. Зона мелкаводдзя пясчаная і пясчана-галечная, уздоўж усх. і зах. берагоў месцамі выслана валунамі. Пяскі да глыб. 10—15 м, глыбей ложа выслана глінамі, якія ў глыбакаводнай ч. змяняюцца глеямі. У залівах фарміруюцца сапрапелі. Водная Маса адметная вял. колькасцю кіслароду ва ўсёй тоўшчы і нізкімі т-рамі; у летні час паверхневы слой вады да глыб. 7—8 м праграваецца да 18—20 °C, ніжэй за 20 м — да 5—6 °C. У прыбярэжнай зоне паласа надводнай расліннасці шыр. да 25 м, месцамі адсутнічае. Падводная расліннасць пашырана да глыб. 5—7 м. Жывёльны свет багаты, адзначаны пасяленні баброў, ёсць рэлікт ледавіковага перыяду — рачок лімнакалянус, занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Каб захаваць унікальны вадаём, возера і прыбярэжная тэр. аб’яўлены гідралаг. заказнікам Доўгае. На Пн і ПнЗ упадаюць ручаі з азёр Свядава і Псуя, на Пд выцякае ручай у воз. Шо.

Доўгае возера ў Глыбоцкім раёне.

т. 6, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБ (Quercus),

род кветкавых раслін сям. букавых. Каля 600 відаў; адна з гал. лесаўтваральных парод. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і і гарах Паўд. Амерыкі. На Беларусі 2 дзікарослыя і 13 інтрадукаваных відаў. Д. звычайны, або летні, ці чарэшчаты (Q. robur), расце ўсюды, асабліва на Пд, утварае дубовыя лясы; асобныя дрэвы ахоўваюцца як помнікі прыроды. Д. скальны, або зімовы, ці сядзячакветны (Q. petraea) — атлантычна-еўрап. рэліктавы від, трапляецца рэдка (вядома адзінае месца росту на тэр. нац. парку «Белавежская пушча», дзе ён утварае чыстыя і мяшаныя з грабам і елкай насаджэнні), занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Сярод інтрадукаваных найб. вядомыя Д. балотны (Q. palustris), паўночны (Q. borealis), каштаналісты (Q. castanefolia), шарлахавы (Q. coccinea), грузінскі (Q. iberica), буйнапыльнікавы (Q. macranthera), аксамітны (Q. velutina), мангольскі (Q. mongolica), Гартвіса (Q. hartwissiana).

Аднадомныя шматгадовазялёныя і лістападныя дрэвы і кусты з шатра- ці калонападобнай, пірамідальнай, ніцай або раскідзістай кронай. Жывуць 400—500, іншы раз да 2000 і больш гадоў. Лісце простае, чаргаванае, перыста-лопасцевае, суцэльнакрайняе, зубчастае, на чаранках. Кветкі дробныя, непрыкметныя, раздзельнаполыя, з зачаткавым калякветнікам. Плады — аднагнездавыя арэхі (жалуды), у ніжняй ч. з чашападобнай плюскай. Драўніна мае высокія фізіка-мех. і тэхн. ўласцівасці, прыгожую тэкстуру (асабліва цэніцца драўніна Д., якая доўга знаходзіцца пад вадой, т. зв. «мораны дуб»); выкарыстоўваецца ў мэблевай і сталярнай вытв-сці, вагона-, авія- і суднабудаванні, буд-ве і інш. Кара мае да 12% танінаў, добры дубільнік і вяжучы сродак, ідзе на выраб коркаў, жалуды — на прыгатаванне сурагату кавы, а таксама на корм жывёле. Дэкар. віды Д. выкарыстоўваюць у зялёным буд-ве.

Г.​У.​Вынаеў.

Дуб звычайны.

т. 6, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСІДЭ́НТЫ [ад лац. dissidens (dissidentis) нязгодны, супярэчлівы],

1) вернікі-хрысціяне, якія не прытрымліваюцца пануючага веравызнання, пераважна ў краінах, дзе дзярж. ці пануючай рэлігіяй з’яўляецца каталіцызм або пратэстантызм. У сярэдневяковых краінах Зах. Еўропы каталіцкая царква праследавала Д., лічыла іх «адступнікамі» ад веры, ерэтыкамі. У 16—17 ст. грамадз. правы Д. парушаліся ў сувязі з рэліг. Рэфармацыяй (напр., гугенотаў у Францыі, анабаптыстаў, квакераў, кальвіністаў, лютэран і інш., а з 1596 і праваслаўных у Рэчы Паспалітай). Улады Рэчы Паспалітай у 1616 пазбавілі праваслаўных доступу на сеймы, у 1718 забаранілі дысідэнцкай шляхце займаць пасады ў трыбуналах, камісіях, мясц. урадах; асабліва варожыя дзеянні да Д. праяўлялі езуіты (у 17—1-й пал. 18 ст. ў праваслаўных адабрана каля 200 цэркваў). Д. часта баранілі свае правы з дапамогай знешніх сіл. У 1767 пад патранажам Прусіі і Расіі ўтвораны Тарунская (пратэстанцкая) і Слуцкая (праваслаўная) канфедэрацыі. У 1768 сейм ураўнаваў у правах Д. з католікамі, аднак гэта праблема ў Рэчы Паспалітай не была поўнасцю вырашана, што давала падставы Расіі для ўмяшання ў справы Рэчы Паспалітай (гл. Варшаўскі дагавор 1768).

2) Асобы, якія адкрыта адстойваюць апазіцыйныя ўладам погляды ва ўмовах адсутнасці ў грамадстве рэальнага паліт. плюралізму. Тэрмін замацаваўся ў сярэдзіне 1970-х г. У СССР і інш. сацыяліст. краінах у канцы 1950-х — сярэдзіне 1980-х г. Д. ў розных формах патрабавалі выканання правоў і свабод чалавека і грамадзяніна (праваабаронцы), пратэставалі супраць уводу сав. войск у Чэхаславакію (1968) і Афганістан (1979). Многія з іх былі асуджаны ўладамі, высланы або вымушаны эмігрыраваць. Сярод найб. вядомых Д. былі У.К.Букоўскі, В.Гавел, А.І.Салжаніцын, А.​Дз.Сахараў.

Я.К.Анішчанка (дысідэнты ў Рэчы Паспалітай).

т. 6, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ (англ. Democratic Party),

адна з дзвюх асноўных паліт. партый у ЗША. Утворана ў 1828 прыхільнікамі кандыдата ў прэзідэнты ЗША Э.​Джэксана як пераемніца антыфедэралістаў і Дэмакр.-рэсп. партыі Т.Джэферсана. Да сярэдзіны 19 ст. абапіралася пераважна на саюз дробных фермераў і заможных плантатараў-рабаўладальнікаў, выступала за дэмакратызацыю выбарчай сістэмы, абмежаванне ўлады Нац. банка ЗША, легалізацыю дзейнасці рабочых арг-цый, захаванне сістэмы рабства неграў, актыўную знешнюю палітыку. У грамадз. вайну 1861—65 падтрымлівала мяцежныя паўд. (рабаўладальніцкія) штаты. У 2-й пал. 19—20 ст. эвалюцыя праграмных установак партыі ішла ў кансерватыўна-ліберальным кірунку, пашырылася яе сац. база. Прэзідэнты ЗША ад Д.п. ўзначальвалі ўладу ў 1829—41 (Э.​Джэксан і М.​Ван Бурэн), 1845—49 (Дж.​Н.​Полк), 1853—61 (Ф.​Пірс і Дж.​Б’юкенен), 1885—89 і 1893—97 (С.​Г.​Кліўленд), 1913—21 (Т.​В.​Вільсан), 1933—53 (Ф.Д.Рузвельт і Г.Трумэн), 1961—69 (Дж.Ф.Кенэдзі і Л.Б.Джонсан), 1977—81 (Дж.Э.Картэр) і з 1993 (У.​Дж.Клінтан). Партыя не мае пастаяннага членства, яе лідэр — дзеючы або былы прэзідэнт ЗША ці кандыдат у прэзідэнты. Раз у 4 гады склікаецца парт. з’езд, які прымае праграму, выбірае кандыдатаў на пасады прэзідэнта і віцэ-прэзідэнта ЗША; паміж з’ездамі парт. дзейнасць каардынуе Нац. к-т (штаб-кватэра ў Вашынгтоне). Сімвал Д.п. — выява асла.

Літ.:

Романова Н.Х. Реформы Э.​Джексона, 1829—1837. М., 1988;

Галкин И.В. На пути в Белый дом: из истории дем. партии США (1920-е—1933 rr.). М., 1991;

Маныкин А.С. «Эра демократов»: партийная перегруппировка в США, 1933—1952. М., 1990.

т. 6, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПАЗЫ́ЧАННІ ў мове,

лексічныя, марфалагічныя, фанетычныя і інш. сродкі пэўнай мовы, што перайшлі з інш. моў у выніку моўнага ўзаемадзеяння. Абумоўлены сац.-эканам., дзярж.-паліт. і культ. зносінамі паміж народамі. Пранікаюць непасрэдна з моў-крыніц і праз пасрэдніцтва інш. моў вусным (размоўныя кантакты) і пісьмовым (кнігі, афіц. дакументы, перапіска) шляхам. Найб. актыўна праяўляюцца ў галіне слоўнікавага складу. Падпарадкоўваюцца законам фанетыкі, граматыкі, правілам словаўтварэння і семантычнай сістэмы мовы-рэцэптара. Паводле ступені асіміляцыі падзяляюцца на цалкам асвоеныя (словы, у фанетыка-марфал. афармленні і семантыцы якіх не застаецца нічога, што паказвала б на іх іншамоўнае паходжанне: бел. «блакітны», «булка», «дзірван», «салата», «школа» і інш.) і часткова асвоеныя (экзатызмы). Асобны разрад З. складаюць варварызмы, якія ў адрозненне ад экзатызмаў амаль заўсёды знаходзяцца па-за літ. мовай і не адлюстроўваюцца ў слоўніках.

У 14—18 ст. у бел. мову трапілі многія паланізмы («відэлец», «маёнтак») і пераважна праз польск. пасрэдніцтва — германізмы («дах», «ланцуг») і лацінізмы («градус», «апарат»). Ад старажытнасці бел. мове вядомы літуанізмы («клуня», «свіран»), цюркізмы («аркан», «торба»), грэцызмы («астраномія», «эпіграма»), чэшскія («праца», «мешчанін»), франц. («марш», «тарыф»), італьян. («канцэрт», «лютня») і інш. З. У наш час іншамоўная лексіка трапляе ў бел. ў асноўным праз рус. мову. Значную частку слоўнікавага складу бел. мовы ўтвараюць інтэрнацыяналізмы. У сваю чаргу бел. мова таксама паўплывала на суседнія: польскую (krynica — крыніца), літоўскую (kroupa — «крупы») і інш. У меншай ступені З. характэрны для граматыкі і фанетыкі. Асаблівая інтэнсіфікацыя З. назіраецца пры двухмоўі.

Літ.:

Булыка А.М. Лексічныя запазычанні ў беларускай мове XIV—XVIII стст. Мн., 1980.

А.​М.​Булыка.

т. 6, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІ ФРОНТ 1919—24,

аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне войск Чырв. Арміі. Створаны 12—19.2.1919 Гал. камандаваннем Узбр. сіл РСФСР для абароны паўн.-зах. і зах. граніц. Штаб сфарміраваны з ліквідаванага штаба Паўн. фронту і размяшчаўся ў пач. 1919 у Старой Русе, потым у Маладзечне, Дзвінску, Смаленску, Мінску. У розны час у З.ф. уваходзілі 3, 4, 7, 12, 15-я (да 7.6.1919 армія Сав. Латвіі), 16-я (да 13.3.1919 — Зах., да 9.6.1919 Бел.-Літоўская), Запасная, Эстляндская, 1-я конная арміі і Мазырская група войск; у аператыўным узаемадзеянні з войскамі З.ф. знаходзіліся Дняпроўская ваенная флатылія і Заходнядзвінская ваенная флатылія. Камандуючыя фронтам: Дз.​М.​Надзёжны (люты—ліп. 1919), У.​М.​Гіціс (ліп. 1919—крас. 1920), М.​М.​Тухачэўскі (крас. 1920—сак. 1921, студз. 1922—сак. 1924), І.​М.​Захараў (в.а. сак. — вер. 1921), А.​І.​Ягораў (вер. 1921—студз. 1922), А.​І.​Корк (в.а. сак.—крас. 1924), АІ.​Кук (в.а. крас. 1924). У 1919 войскі З.ф. разам з Балт. флотам пераважна трымалі абарону на лініі ад ПнЗ Расіі да Беларусі (тут стаяла Зах. армія) супраць т. зв. белых і інтэрвентаў (англійскіх, фінскіх, польскіх і інш.). З.ф. налічваў (люты 1919) 90 тыс. штыкоў і шабляў, 1941 кулямёт і 677 гармат (пра дзеянні З.ф. ў 1920 гл. ў арт. Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22, Савецка-польская вайна 1920). Пасля спынення 18.10.1920 баявых дзеянняў на фронце войскі З.ф. (часці 7-й і 16-й армій) дзейнічалі супраць Булак-Балаховіча паходу 1920, інш. антысавецкіх выступленняў. 8.4.1924 пераўтвораны ў Зах. ваен. акругу (гл. Беларуская ваенная акруга).

Л.​А.​Селіванаў.

т. 7, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́НЫ ГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ, зоны прыродныя,

буйныя часткі геаграфічнай абалонкі, часткі паясоў геаграфічных, якія маюць агульныя ўмовы тэрмічныя і ўвільгатнення; утвараюць адну з найбольшых адзінак фізіка-геагр. падзелу зямной паверхні. З’явы геагр. занальнасці былі вядомы яшчэ ў Стараж. Грэцыі. Падзел паверхні Зямлі на зоны і фармуляванне закону занальнасці распрацаваны В.В.Дакучаевым (1898).

Вылучаюцца на сушы і на акіянічных прасторах (апошнія менш выразныя). Па суадносінах цяпла і вільгаці З.г. заканамерна змяняюцца ад экватара да полюсаў і ад акіянаў у глыб мацерыкоў. З.г. найчасцей выцягнутыя ў шыротным або субшыротным напрамку. Адначасова з занальнымі фактарамі на фарміраванне З.г. вял. ўплыў аказваюць азанальныя: палярная асіметрыя ландшафтнай абалонкі Зямлі (вял. акіянічнасць Паўд. паўшар’я і інш.), канфігурацыя і велічыня плошчы сушы, наяўнасць і характар размяшчэння буйных форм рэльефу (напр., Гімалаі садзейнічаюць непасрэднаму суседству высакагорных пустынь Тыбета і вільготных лясоў паўд. схілаў). Пад уздзеяннем рэльефу і залежнасці ад канфігурацыі мацерыкоў Г.з. могуць мець мерыдыянальны або субмерыдыянальны напрамак (напр., стэпавая зона ўздоўж Скалістых гор Паўн. Амерыкі). На паверхні Зямлі вылучаюць 20 геагр. зон, якія аб’ядноўваюцца ў 13 геагр. паясоў. Назвы З.г. пераважна даюцца па асн. тыпе расліннасці, які адлюстроўвае гал. асаблівасці ландшафту дадзенай тэр., напр., зоны лясныя, стэпавыя, саваннаў і інш. Ў З.г. адсутнічаюць выразныя межы, але яны адрозніваюцца асаблівым тыпам ландшафту (адпавядаюць зонам ландшафтным) з перавагай пэўнага клімату, глеб, расліннасці і рэльефаўтваральных працэсаў. У гарах, дзе праяўляецца вышынная пояснасць, блізкімі да З.г. з’яўляюцца тыпы вышыннай пояснасці. З.г. падзяляюцца на геагр. падзоны (лясная зона — на тайгу, змешаныя і шыракалістыя лясы).

Тэр. Беларусі знаходзіцца ў лясной зоне, падзонах змешаных і шыракалістых лясоў.

В.​С.​Аношка.

т. 7, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯНЬКЕ́ВІЧ (Рамуальд Сымонавіч) (1.2.1811, Завілейскі пав. Віленскай губ. — 11.9.1868),

бел. фалькларыст і этнограф, археолаг, педагог. Скончыў Віленскі ун-т (1830). Настаўнічаў у прыватных дамах, Росенскай пав. школе, у доме кн. Друцкіх-Любецкіх у Луніне на Піншчыне, дзе карыстаўся іх багатай б-кай. Даследаваў матэрыяльную і духоўную культуру народа — запісваў песні, казкі, паданні, легенды, абрады і звычаі. У нарысе «Народныя песні, сабраныя на Піншчыне і перакладзеныя Р.​Зянькевічам» (1847) апублікаваў і класіфікаваў паводле нар. календара творы калядныя, вясновага і летняга цыклаў. У зб. «Народныя песні Піншчыны» (Коўна, 1851) змясціў 219 песень пераважна вясельных, калядных, купальскіх, жніўных і інш. Зрабіў апісанне некат. абрадаў (упершыню шырока абрад «Куста»), вераванняў, гульняў, а таксама некат. відаў вясковай працы. На агульнаслав. фоне даследаваў побыт, норавы, звычаі, фальклор, закранаў пытанне генезісу нар. песень у працы «Пра ўрочышчы і звычаі жыхароў Піншчыны, а таксама пра характар іх песень» (1852—53). У Ашмянскім пав. рабіў абмеры курганоў і гарадзішчаў, апісваў іх выгляд, прывёў мясц. назвы, нар. паданні пра іх у працы «Пра курганы і гарадзішчы Ашмянскага павета» (1848). Стварыў археал. карту Ашмянскага пав. Вывучаў Крэўскі замак, легенды пра яго. Пісаў вершы (зб. «Рыфмаваныя спробы», Вільня, 1856), даследаваў польскую л-ру, праблемы педагогікі. Паасобныя рукапісы З. ў аддзеле рукапісаў Б-кі АН Літвы ў Вільнюсе.

Літ.:

Каратынскі В. Рамуальд Зянькевіч // Творы. 2 выд. Мн., 1994;

Каханоўскі Г. Пінская барва ў славянскай вясёлцы // Мастацтва Беларусі. 1986. № 6;

Саламевіч І.У. Р.​С.​Зянькевіч // Полымя. 1968. № 9;

Каханоўскі Г.А., Малаш Л.А., Цвірка К.А. Беларуская фалькларыстыка: Эпоха феадалізму. Мн., 1989. С. 172—183.

У.​Саламевіч.

Р.С.Зянькевіч.

т. 7, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬНЯНА́Я ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна тэкстыльнай прамысловасці, якая спецыялізуецца на выпуску бытавых (касцюмных, бялізнавых, парцьерных і інш.), тэхн. і тарных тканін, дывановай пражы. З адходаў асн. вытв-сці вырабляецца пакулле для ўпакоўкі, з кастрыцы — пліты, з самых нізкіх нумароў ільновалакна — радно, вяроўкі, шпагат. Прадпрыемствы размяшчаюцца ў раёнах вырошчвання лёну-даўгунцу і звязаны з ільнаводствам, ільноапрацоўкай. Працуе на мясц. і прывазной сыравіне: ільняным валакне, баваўнянай пражы, хім. валокнах. Найб. развіта І.п. у Расіі, Францыі, Нідэрландах, Бельгіі, Польшчы, Германіі, Румыніі, Вялікабрытаніі, Японіі, на Украіне, Беларусі.

Вытв-сць ільновалакна і ручное ткацтва на Беларусі пашыраны з даўніх часоў. Першыя палатняна-парусінавыя мануфактуры засн. ў канцы 18 ст. ў Крычаве, Шклове, Горках, Добрушы і інш. Канкурэнцыя суседніх раёнаў Расіі і краін Зах. Еўропы прывяла да заняпаду галіны. У канцы 19 ст. — пач. 20 ст. З пранікненнем на Беларусь замежнага капіталу пачалося аднаўленне І.п. У 1900 руска-бельгійскае акц. т-ва пабудавала Віцебскую лёнапрадзільную фабрыку «Дзвіна». У 1902 аўстр. прадпрымальнікі заснавалі Высачанскую лёнапрадзільную фабрыку. На долю 8 заснаваных у 1900—13 прадпрыемстваў прыпадала 78% валавой прадукцыі тэкст. прам-сці Беларусі. Пераважна выраблялася пража, якую вывозілі на адпаведныя прадпрыемствы Расіі і Зах. Еўропы.

Значнае развіццё І.п. адбылося ў пач. 1930-х г., калі быў пабудаваны Аршанскі льнокамбінат. Стварэнне на гэтым камбінаце ў пасляваенны час новых вытв-сцей значна змяніла асартымент прадукцыі і павысіла яе якасныя характарыстыкі, што дазволіла выйсці на міжнар. рынак. У 1990-я г. І.п. Беларусі перажывае эканам. цяжкасці. У 1995 выраблена 41 млн. м² тканін (у 1990—94 млн. м²).

Г.​С.​Смалякоў.

Да арт. Ільняная прамысловасць. Асартыментны кабінет Аршанскага льнокамбіната.

т. 7, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)