нахілі́цца, ‑хілюся, ‑хілішся, ‑хіліцца; зак.

Прыняць нахільнае становішча, пахіліцца набок; нагнуцца. Шулы ў варотах абселі і нахіліліся. Галавач. Дзяўчына раптам нахілілася да бацькі, узяла за руку і заглянула ў вочы. Шамякін. На пагорках і паўднёвых схілах пабялела жыта, нахілілася долу важкімі калоссямі. Асіпенка. // Прыгнуць, нагнуць верхнюю частку тулава ўперад. Камандзір ступіў да дзвярэй, нахіліўся і нырнуў у цемру. Новікаў. Бацюня нахіліўся над чалавекам, які стагнаў. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неабды́мны, ‑ая, ‑ае.

Вялізны памерамі; бязмежны, бяскрайні. Сусвет неабдымны Ловіць кожнае слова Крамля. Вітка. Усё заззяла, і прасторы сталі неабдымнымі. Чорны. Грузавік крануўся і мякка пакаціўся па дарозе сярод неабдымнага мора жыта. Лупсякоў. // Надзвычайны па сіле, ступені праяўлення. Жыццё ішло, поўнае сваёй глыбокай і неабдымнай чароўнасці і прыгажосці. Кавалёў. Паўночныя нашыя шыры, Тайгі неабдымны спакой Змяняў на падманшчыцу-ліру, На ўтульны і ціхі пакой?! Звонак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саспе́ць, ‑ее; зак.

Разм.

1. Паспець, стаць спелым (пра плады і пад.). Не сядзець жа, склаўшы рукі, на прызбе ды чакаць, пакуль жыта саспее. Хадановіч.

2. перан. Скласціся, набыць завершаную форму. У штабе саспеў новы план. Колас. У .. [Ганны] саспела рашэнне, якое яна не хацела прымаць адна. Кавалёў.

3. Спец. Набыць у працэсе вытрымкі найлепшыя для выкарыстання якасці. Як толькі саспелі сыры,.. [Пятрок] павёз іх прадаваць. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сенажа́ць, ‑і, ж.

1. Травастой; месца, дзе расце трава на сена; луг. Касіць сенажаці. □ Жанкі жалі сярпамі жыта, а мужчыны дакошвалі купістую сенажаць. Чорны. Пахнуць сенажаці звялаю травою. Астрэйка. Па абодва бакі дарогі ляжала скошаная сенажаць. Чарнышэвіч. // Месца касьбы. [Алег] разам з.. [хлопчыкамі] ездзіў на сенажаць, наглядаў, як працавалі трактарныя сенакасілкі, ганяў на начлег калгасных коней, хадзіў на рыбалку. Гамолка.

2. Пара, калі пачынаюць касіць. Рыхтаваліся да сенажаці. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стымуля́тар, ‑а, м.

1. Рэчыва, якое стымулюе развіццё раслін і жывёл. Аказваецца, што калі з .. [кук[о]лю] дастаць тую атруту і ў самым малым памеры даць яе на палеткі, дык яна робіцца стымулятарам і павялічвае ўраджай жыта ці пшаніцы напалову. Дубоўка.

2. Лекавы прэпарат, які выкарыстоўваецца для павышэння разумовай і фізічнай працаздольнасці, для паляпшэння самаадчування. // перан. Пра ўсё, што стымулюе творчую актыўнасць.

3. Тое, што і допінг.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчырэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.

1. Станавіцца, рабіцца больш шчырым (у 1–3 знач.). Дзень за днём адносіны .. [Рыгора] з імі [рабочымі] шчырэлі. Гартны.

2. Упарта, старанна, з запалам рабіць што‑н. І шчырэе з рання да цямна Дружная скрыпачая капэла. Барадулін.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Хутка, імкліва расці, буяць. Шчырэе жыта ў палях. Зенітны чэрвень. Найдоўгі дзень, найлепшы шлях. Дымок вячэрні. Семашкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АСІПЕ́НКА (Алесь) (Аляксандр Харытонавіч; 7.9.1919, в. Пушкары Віцебскага р-на — 6.8.1994),

бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры БССР (1979). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1955). У Айч. вайну партызан. З 1966 гал. рэдактар час. «Маладосць», з 1972 гал. рэдактар сцэнарнага аддзела кінастудыі «Беларусьфільм», у 1976—80 гал. рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва». Першы зб. апавяданняў «Лёд растае» (1958). Асн. тэмы твораў — гераізм народа ў барацьбе з фашызмам, партыз. рух, пасляваен. аднаўленне (раман «Вогненны азімут», 1965; аповесці «Жыта», 1966; «Два дні і дзве ночы», 1976; апавяданні), жыццё вёскі і горада, сац. і маральна-этычныя праблемы (раманы «Непрыкаяны маладзік», 1971—80, Літ. прэмія імя І.​Мележа 1981; «Лабірынты страху», 1992; аповесці «Дысертацыя», «Няроўнай дарогай», абедзве 1957; «Паплавы», 1958; «Абжыты кут», 1963; апавяданні). Па сцэнарыях Асіпенкі пастаўлены маст. фільмы «Пяцёра адважных» (1971), «Надзейны чалавек» (1975), «Кожны трэці» (1980, з Н.​Сафаравым), тэлефільм «Ясь і Яніна» (1974, з С.​Паляковым), дакумент. фільм «Трывогі першых птушак» (1986) і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1979;

Зб. твораў. Т. 1—3. Мн., 1989—90.

Літ.:

Быкаў В. Таленавітая аповесць // Полымя. 1964. №7;

Кухараў С. Акрыленасць душы // Полымя. 1979. № 9;

Савік Л. Падзеі, час, людзі // Полымя. 1981. № 1;

Грамадчанка Т. З увагай да звычайнага // Полымя. 1983. № 6.

І.​У.​Саламевіч.

А.Асіпенка.

т. 2, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГО́НЬ,

з’ява, звязаная з працэсам гарэння; уключае вонкавае і сенсорнае ўспрыманне яго чалавекам. Сляды агню археолагі знаходзяць пры раскопках паселішчаў сінантрапаў і неандэртальцаў.

Доўгі час людзі карысталіся прыродным агнём, які ўзнікаў пры самазагаранні дрэў і раслін ад маланкі, вывяржэння вулканаў, загарання прыроднага газу і інш., і падтрымлівалі гарэнне ў ямах і агнішчах. У пач. верхняга палеаліту людзі навучыліся здабываць агонь ад трэння кавалкаў дрэва. Пазней (у пач. жал. веку) агонь высякалі з крэменю пры дапамозе жал. крэсіва, з 19 ст. сталі выкарыстоўваць запалкі, запальнічкі. Авалоданне агнём спрыяла канчатковаму аддзяленню першабытнага чалавека ад жывёльнага свету і зрабіла вызначальны ўплыў на развіццё агульначалавечай культуры і ўзаемаадносін паміж людзьмі. У стараж. беларусаў агонь лічыўся радавым і хатнім бажаством, абаронцам хатняга ачага і лек. сродкам. Уяўленні пра яго надпрыродную сілу захаваліся ў рытуальных звычаях раскладваць купальскія вогнішчы, скакаць цераз іх парамі для «ачышчэння» і інш. Да канца 19 ст. на Беларусі існавалі ахвяраванні ў гонар агню (спальвалі першы сноп жыта перад тым як сушыць у асеці); «жывым агнём», г. зн. здабытым ад трэння кавалкаў дрэва, абносіліся паселішчы ў час эпідэміі і эпізаотыі, пасевы ў час засухі ці вымакання. Багамі агню ва ўсіх славян лічыліся Сварожыч і Жыжаль. Некаторыя народы Індыі, Ірана і цяпер пакланяюцца агню.

т. 1, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖНІ́ВЕНЬ (ад слова «жніво»),

восьмы месяц каляндарнага года (31 дзень), апошні месяц лета на Беларусі. 15 Ж. працягласць дня ў Мінску 14 гадз 56 мін, сярэдняя выш. Сонца над гарызонтам 50,3°, сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 478 МДж/м², радыяц. баланс дадатны (252 МДж/м²). На тэр. Беларусі сярэдняя т-ра паветра 15,5—18 °C, у 2-й пал. Ж. магчымы замаразкі на глебе (часам і ў паветры). Звычайна Ж. халаднейшы за ліпень, але прыкладна раз у 5 гадоў бывае наадварот. Адносная вільготнасць паветра ў Ж. не ніжэй за 70%, ападкаў 60—85 мм, у асобныя гады можа быць і больш (149 мм, Бабруйск, Жыткавічы, 1970) ці ападкі зусім не выпадаюць (Лепель, 1939). У сярэднім з ападкамі бывае 14—16 дзён. Частыя ліўневыя дажджы з моцнымі вятрамі выклікаюць паляганне збожжавых культур. У Ж. канчаецца жніво азімых, убіраюць яравыя, лён. З сярэдзіны месяца пачынаецца сяўба азімых жыта і пшаніцы. Даспявае садавіна, у разгары збор брусніц, касцяніц, чаромхі, ажыны. Ж. самы багаты месяц на грыбы. Паступова пачынаюць адлятаць у вырай птушкі: стрыжы, ластаўкі, зязюлі, івалгі, мухалоўкі, валасянкі, пліскі. Збіраюцца ў чароды шпакі, гракі. У канцы Ж. размнажаюцца змеі, яшчаркі, пачынаецца гон у казуль, нараджаюцца зайчаняты (другі прыплод).

т. 6, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ДЗІНСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Lódzkie),

адм.-тэр. адзінка ў цэнтр. ч. Польшчы. У сучасных межах утворана 1.1.1999. Пл. 17,9 тыс. км². Нас. 2,7 млн. чал. (1999), гарадскога 65%. Адм. цэнтр — г. Лодзь. Найб. гарады: Пётркаў-Трыбунальскі, Паб’яніцы, Тамашаў-Мазавецкі, Згеж, Бялхатаў. Паўн. ч. ваяводства размешчана ў межах Сярэдняпольскай нізіны, у цэнтры і на Пд — Лодзінскае ўзв. Карысныя выкапні: буры вугаль, жал. руда, буд. матэрыялы. Клімат умераны. Сярэдняя т-ра студз. -3 °C, ліп. 18 °C, ападкаў 450—550 мм за год. Глебы пераважна падзолістыя, ёсць бурыя, чарназёмныя (на Пн). Пад лесам каля 20% тэрыторыі (хвоя, дуб, бук). Гаспадарка прамысл.-агр. тыпу. Лодзінская прамысл. акруга — адна з найб. развітых у Польшчы. Вылучаюцца тэкст. (баваўняная, шарсцяная, шаўковая), швейная, трыкат., абутковая галіны. Развіты маш.-буд. (электратэхн., вытв-сць абсталявання для тэкст. прам-сці), хім. (вытв-сць лакаў, фарбаў, гумава-тэхн. вырабаў), фармацэўтычная, харч., дрэваапр. (мэблевая, папяровая) прам-сць. Вытв-сць буд. матэрыялаў (цэмент, шкло і інш.). Здабыча бурага вугалю і жал. руды. Найб. у краіне ЦЭС (каля г. Бялхатаў). Пад. с.-г. ўгоддзямі каля 70% тэрыторыі, у т. л. пад ворнымі землямі каля 60%. Вырошчваюць жыта, пшаніцу (на Пн), бульбу, цукр. буракі, алейныя расліны, агародніну. Садоўніцтва. Гадуюць авечак, птушку.

Л.​В.​Лоўчая.

т. 9, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)