АРЦЫМО́ВІЧ (Леў Андрэевіч) (25.2.1909, Масква — 1.3.1973),
сав. фізік. Акад.АНСССР (1953, чл.-кар. з 1946), праф. (1947). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў БДУ (1928). З 1930 у фізіка-тэхн. ін-це, з 1944 у Ін-це атамнай энергіі, з 1957 акад.-сакратар Аддз. агульнай фізікі і астраноміі АНСССР. Навук. працы ў галіне атамнай і ядз. фізікі, электроннай оптыкі, фізікі плазмы. Даказаў выкананне закону захавання імпульсу пры анігіляцыі электрона і пазітрона, распрацаваў эл.-магн. метад раздзялення ізатопаў, упершыню атрымаў тэрмаядз. рэакцыю ва ўстойлівай квазістацыянарнай плазме (у сааўт.). Ленінская прэмія 1958. Дзярж. прэміі СССР 1953, 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІРА́КА ЎРАЎНЕ́ННЕ,
квантава-механічнае рэлятывісцкае хвалевае ўраўненне руху для свабодных элементарных часціц са спінам 1/2. Уведзена П.Дзіракам (1928) для апісання 1-й элементарнай часціцы — электрона, які падпарадкоўваецца адначасова законам квантавай механікі і спец.адноснасці тэорыі.
На падставе Дз. ў. прадказана 13-я антычасціца — пазітрон і дадзена тэарэт. абгрунтаванне спіна. Дз. ў. дало пачатак агульнай тэорыі рэлятывісцкіх хвалевых ураўненняў 1-га парадку ва універсальнай матрычнай форме (гл.Праектыўных аператараў метад). Выкарыстоўваецца для апісання лептонаў і кваркаў як першасных крыніц узаемадзеяння элементарных часціц (гл.Квантавая электрадынаміка, Квантавая хромадынаміка).
Літ.:
Федоров Ф.И. Группа Лоренца. М., 1979;
Богуш А.А. Введение в калибровочную полевую теорию электрослабых взаимодействий. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЙГЕР, Гайгер (Geiger) Ганс Іаган; 30.9.1882, г. Нойштат-ан-дэр-Вайнштрасэ, Германія — 24.9 1945),
нямецкі фізік-эксперыментатар. Чл. Берлінскай АН (1937). Вучыўся ў Эрлангенскім, Мюнхенскім і Манчэстэрскім ун-тах. З 1907 выкладаў у Манчэстэрскім, Кільскім, Цюбінгенскім, Берлінскім ун-тах. Навук. працы па атамнай і ядз. фізіцы, фізіцы касм. прамянёў. У 1908 вызначыў зарад электрона; разам з Э.Рэзерфардам вынайшаў прыладу для падліку асобных мікрачасціц (гл.Гейгераўскі лічыльнік); разам з англ. фізікам Дж.Неталам прапанаваў эмпірычную формулу сувязі пастаяннай распаду з энергіяй альфа-часціц (1911—12; закон Гейгера—Нетала); разам з В.Ботэ даказаў справядлівасць законаў захавання энергіі і імпульсу пры сутыкненнях элементарных часціц; разам з англ. фізікам Э.Марсдэнам эксперыментальна пацвердзіў формулу Рэзерфарда па рассейванні альфа-часціц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
анігіля́цыя
(лац. annihilatio = знішчэнне)
ператварэнне элементарных часціц і антычасціц пры сутыкненні ў іншыя часціцы, напр.пратона і антыпратона ў некалькі мезонаў або электрона і пазітрона ў два фатоны.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ГАЛАГЕ́НЫ, галоіды,
хімічныя элементы галоўнай падгрупы VII групы перыядычнай сістэмы: фтор F, хлор Cl, бром Br, ёд J і астат At. У прыродзе трапляюцца толькі ў злучэннях (акрамя At).
Малекула галагенаў двухатамная. У звычайных умовах фтор і хлор — газы, бром — вадкасць, ёд і астат — цвёрдыя рэчывы. З павелічэннем ат. масы (ад F да At) павышаюцца т-ры плаўлення і кіпення. Галагены маюць найб. сярод усіх хім. элементаў роднасць да электрона, фтор самы электраадмоўны элемент. Моцныя акісляльнікі, непасрэдна рэагуюць з большасцю хім. элементаў. Рэакцыйная здольнасць у радзе F—Cl—Br—I памяншаецца. З вадародам галагены ўтвараюць галагенавадароды, з металамі і неметаламі — галагеніды, з кіслародам — аксіды (фтор — фтарыды кіслароду). Усе ядавітыя і маюць бактэрыцыдныя ўласцівасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРА́ДУ ЗАХАВА́ННЯ ЗАКО́Н,
адзін з асн. законаў прыроды, паводле якога алгебраічная сума зарадаў электрычных замкнутай (эл. ізаляванай) сістэмы застаецца нязменнай пры любых працэсах унутры гэтай сістэмы. Устаноўлены ў 18 ст.
Адкрыццё электрона ў канцы 19 ст. і пратона ў пач. 20 ст. даказала, што эл. зарад звязаны з часціцамі (з’яўляецца іх унутранай уласцівасцю) і ёсць цэлы лік, кратны зараду элементарнаму. З.з.з. — вынік захавання колькасці часціц у тых працэсах, дзе няма іх узаемапераўтварэнняў. Напр., пры электрызацыі макраскапічных цел зараджаныя часціцы пераносяцца з аднаго цела на другое. У фізіцы элементарных часціц, для якой характэрна ўзаемапераўтварэнне часціц, нараджэнне «новай» часціцы суправаджаецца знікненнем «старой» з такім жа зарадам або нараджэннем яшчэ адной часціцы з зарадам процілеглага знака (напр., працэс нараджэння пары часціца—антычасціца).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТА́КТНАЯ РО́ЗНАСЦЬ ПАТЭНЦЫЯ́ЛАЎ,
рознасць патэнцыялаў паміж праваднікамі з рознай работай выхаду, якія знаходзяцца ў электрычным кантакце, ва ўмовах раўнавагі тэрмадынамічнай.
Пры кантакце двух праваднікоў паміж імі адбываецца абмен электронамі праводнасці. У выніку праваднік з меншай работай выхаду зараджаецца дадатна, з большай — адмоўна. У вобласці кантакту ўзнікае эл. поле, накіраванае так, што патокі электронаў у абодвух напрамках ураўнаважваюцца, і ўстанаўліваецца пастаянная К.р.п. Яна роўная рознасці работ выхаду праваднікоў. аднесенай да зараду электрона. К.р.п. залежыць ад прыроды правадніка, стану яго паверхні і можа дасягаць некалькіх вольт. На існаванні К.р.п. грунтуецца работа важнейшых элементаў паўправадніковай электронікі: p—n пераходаў і кантактаў метал—паўправаднік; яна выкарыстоўваецца для прамога пераўтварэння цеплавой энергіі ў электрычную; яе трэба ўлічваць пры канструяванні электравакуумных прылад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТАМЕХАНІ́ЧНЫЯ З’Я́ВЫ.
гірамагнітныя з’явы, з’явы, абумоўленыя ўзаемасувяззю магнітнага моманту мікрачасціц з іх момантам імпульсу (спінавым або арбітальным).
Спінуэлектрона, пратона і інш. часціц адпавядае пэўны магн. момант. Мех. момант атама (іона) складваецца з спінавага і арбітальнага момантаў мікрачасціц, што ўтвараюць атам (іон). Змена макраскапічнага моманту імпульсу сістэмы мікрачасціц (фіз. цела) вядзе да змены магн. моманту гэтай сістэмы, і наадварот, пры змене магн. моманту зменьваецца момант імпульсу сістэмы. Адна з М.з. — Барнета эфект, адкрыты ў 1909 амер. фізікам С.Барнетам. Заключаецца ва ўзнікненні дадатковага магн. моманту ў ферамагнетыка, прыведзенага ў вярчэнне (намагнічванне стрыжня пры хуткім вярчэнні без знешняга магн. поля). Адваротны эфект — Эйнштэйна — дэ Хааза эфект (адкрыты ў 1915). М.з. дазваляюць вызначыць магнітамеханічныя адносіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ЛІКЕН ((Millikan) Роберт Эндрус) (22.3.1868, г. Морысан, штат Ілінойс, ЗША — 19.12.1953),
амерыканскі фізік-эксперыментатар. Чл.Нац.АН ЗША (1915). Замежны чл.-кар.АНСССР (1924). Вучыўся ў Калумбійскім і Чыкагскім ун-тах (д-р філасофіі, 1895). З 1896 у Чыкагскім ун-це (з 1910 праф.), у 1921—45 у Каліфарнійскім тэхнал. ін-це. Навук. працы па атамнай фізіцы, спектраскапіі і фізіцы касм. прамянёў. З вял. дакладнасцю вызначыў зарад электрона (1910—13), эксперыментальна праверыў квантавую тэорыю фотаэфекту і ўпершыню вызначыў пастаянную Планка (1914). Выканаў грунтоўныя даследаванні па высвятленні прыроды касм. прамянёў (1921—22). Адкрыў незалежна ад С.М.Вярнова шыротны эфект касм. прамянёў у стратасферы. Нобелеўская прэмія 1923.
Тв.:
Рус.пер. — Электроны (+ и -), протоны, фотоны, нейтроны и космические лучи. М.; Л., 1939.
Літ.:
Кудрявцев П.С. История физики. 2 изд. М., 1971. Т. 3. С. 121—126.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯРЫЗА́ЦЫЯў электрахіміі,
адхіленне значэння электроднага патэнцыялу ад раўнаважнага пры праходжанні праз электрод знешняга эл. току. Велічыня П. можа мяняцца ад долей мілівольт да некалькіх вольт, залежыць ад матэрыялу электрода, характару электродных працэсаў, саставу раствору, т-ры і звычайна тым большая, чым большая шчыльнасць эл. току.
Адрозніваюць П. канцэнтрацыйную і электрахімічную. Канцэнтрацыйная П. абумоўлена адрозненнем, прыэлектроднай канцэнтрацыі рэчыва, што ўдзельнічае ў электродным працэсе, ад яго канцэнтрацыі ў аб’ёме, выкліканым малой скорасцю дыфузіі кампанентаў раствору. Электрахімічная П., ці перанапружанне, абумоўлена канечнай скорасцю працэсаў, што адбываюцца непасрэдна на паверхні электродаў: перанос электрона праз мяжу электрод/раствор, гетэрагенныя хім. рэакцыі, утварэнне новай фазы і інш. Звычайна П. непажаданая (павышае расход эл. энергіі пры электролізе, зніжае карыснае напружанне гальванічных элементаў), аднак у некаторых выпадках карысная: прыпыняе працяканне непажаданых пабочных працэсаў (напр., выклікае тармажэнне карозіі металаў).