АРАГЕ́Н (ад грэч. oros гара + genos паходжанне),
геалагічны тэрмін, уведзены аўстр. геолагам Л.Коберам (1921) для азначэння заключнай стадыі развіцця тэктанічна рухомых зон зямной кары — геасінкліналяў, складкавае горнае ўтварэнне, што ўзнікае на месцы геасінклінальнай сістэмы на позніх стадыях яе эвалюцыі.
т. 1, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАПТАЦЫЯГЕНЕ́З (ад адаптацыя + ...генез),
адаптагенез, сукупнасць працэсаў узнікнення, развіцця і морфафізіял. пераўтварэнняў, якія забяспечваюць прыстасаванне (адаптацыю) арганізмаў у працэсе эвалюцыі арган. свету. У вузкім сэнсе адаптацыягенез — узнікненне адаптацый, а працэс развіцця і змены прыстасаванняў у працэсе індывід. жыцця арганізмаў і папуляцый наз. адаптацыямарфозам (тэрмін уведзены рус. біёлагам І.І.Шмальгаўзенам, 1939). Адаптацыягенез звязаны са спадчыннасцю і зменлівасцю. Новыя прыстасаванні фарміруюцца ў выніку выжывання найб. прыстасаваных да існуючых умоў асяроддзя арганізмаў. У працэсе эвалюцыі адны прыстасаванні трацяць сваё значэнне і знікаюць, другія распаўсюджваюцца і робяцца характэрнымі для дадзенай групы арганізмаў. Вылучаюць 2 асн. шляхі адаптыўных пераўтварэнняў групы: павышэнне (або рэзкія змены) узроўню арганізацыі (арамарфоз) і развіццё без змен узроўню арганізацыі (ідыяадаптацыя, кладагенез, адаптыўная радыяцыя).
А.С.Леанцюк.
т. 1, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАЛАМАРКІ́ЗМ,
сукупнасць ідэалістычных эвалюц. канцэпцый, заснаваных на асобных палажэннях ламаркізму. Узнік на паслядарвінаўскім этапе развіцця эвалюц. вучэння як проціпастаўленне дарвінізму. Вылучаюць 3 асн. кірункі Н.: орталамаркізм сцвярджае, што накіраванасць эвалюцыі абумоўлена зыходнымі ўласцівасцямі арганізма і па сутнасці ўяўляе сабой аўтагенет. канцэпцыю (гл. Аўтагенез); механаламаркізм тлумачыць эвалюц. пераўтварэнні арганізмаў іх зыходнай уласцівасцю мэтанакіравана рэагаваць зменамі структур і функцый на змены навакольнага асяроддзя (эктагенез), якія і вызначаюць эвалюцыю; псіхаламаркізм устанаўлівае крыніцу эвалюцыі ў свядомых актах волі арганізма, яго частак, у т. л. клетак. Агульнае для ўсіх канцэпцый — прызнанне дзеяння натуральнага адбору абмежаваным і залежным ад зменлівасці зыходнага матэрыялу.
Літ.:
Сковрон С. Развитие теории эволюции. Варшава, 1965;
Оно С. Генетические механизмы прогрессивной эволюции: Пер. с англ. М., 1973.
А.С.Леанцюк.
т. 11, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭАДАПТА́ЦЫЯ (ад лац. prae спераду, перад + адаптацыя),
уласцівасць арганізма (органа), што мае прыстасавальную здольнасць для форм узаемадзеяння арганізма з асяроддзем, якія яшчэ не адбываюцца, ці функцый органа, якія яшчэ не выконваюцца; таксама працэс набыцця прэадаптыўных асаблівасцей. Узнікае на аснове прыстасавальнай эвалюцыі, што ідзе пад кантролем натуральнага адбору, і з’яўляецца пабочным вынікам эвалюц. змен, якія ўдасканальваюць ранейшыя функцыі органа. Напр., сківіцы ў працэсе эвалюцыі пазваночных жывёл узніклі з пярэдняй жабравай дугі пасля яе раздзялення на рухомыя элементы для інтэнсіфікацыі дыхання. Т.ч. набыццё жабравай дугой функцыі сківіц было прэадаптавана ўдасканаленнем «жабравай помпы». Біял. сэнс П. — прыстасаванне арганізма да змен навакольнага асяроддзя, якое магчыма толькі пры наяўнасці ў яго асаблівасцей, што прыяюць выжыванню ў новых умовах. Гл. таксама Постадаптацыя.
А.С.Леанцюк.
т. 13, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
кайнафі́т
(ад гр. kainos = новы + -фіты)
этап эвалюцыі расліннага покрыва Зямлі, які змяніў мезафіт.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
антрапало́гія
(ад антрапа- + -логія)
навука аб паходжанні і эвалюцыі чалавека і ўтварэнні чалавечых рас.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ВЫЖЫВА́ЛЬНАСЦЬ у біялогіі,
1) ступень захавання папуляцыі або віду ва ўмовах навакольнага асяроддзя ў гіст. аспекце.
2) Колькасць асобін, якія дажылі ў папуляцыі да пэўнага ўзросту. Вызначаецца ў працэнтах. Часта выжывальнасць вымяраюць адносінамі колькасці дарослых асобін, якія размнажаліся, да колькасці тых, што нарадзіліся ў кожным пакаленні. Кожны від мае сваю характэрную крывую выжывальнасці. Звычайна выжывальнасць адваротна прапарцыянальная плоднасці, але яна можа зведваць значныя ваганні пад уплывам прыродных (кліматычныя ўмовы, кормнасць угоддзяў, канкурэнцыя з інш. відамі і г.д.), а таксама генетычных і інш. фактараў. На працягу эвалюцыі выжывальнасць вырасла з сярэдняй у бактэрый 10−7—10−8 % да 10—30% у вышэйшых жывёл. Рост сярэдняй выжывальнасці ў ходзе эвалюцыі звязаны з удасканаленнем самарэгуляцыі і гамеастазу, павелічэннем колькасці назапашаных рэчываў у яйцы, пераходам да ўнутр. асемянення, жыванараджэннем, клопатам аб патомстве і інш.
т. 4, с. 307
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЯЦЫЯЛО́ГІЯ (ад лац. glacies лёд + ...логія),
навука, якая вывучае гляцыясферу: прыродныя льды на паверхні Зямлі, у атмасферы, гідрасферы і літасферы, рэжым і дынаміку іх развіцця, узаемадзеянне з навакольным асяроддзем, месца лёду ў эвалюцыі Зямлі. Разам з геакрыялогіяй аб’ядноўваецца ў крыялогію Зямлі.
Як самаст. галіна навукі пачала фарміравацца ў канцы 18 — пач. 19 ст. Вял. ўклад зрабілі рус. вучоныя П.А.Крапоткін, У.І.Вярнадскі, А.І.Ваейкаў, С.В.Калеснік, М.У.Тронаў, П.А.Шумскі і інш. Падзяляецца на некалькі раздзелаў, аб’ектамі вывучэння якіх з’яўляюцца ледавікі, снег, лавіны, ільды вадаёмаў і вадацёкаў і інш. Вызначае ролю льдоў і снегавога покрыва ў эвалюцыі прыроднага асяроддзя, ацэнцы і рэгуляванні водных рэсурсаў, распрацоўвае шляхі штучнага ўздзеяння на снегавое покрыва і розныя віды льдоў.
А.К.Карабанаў.
т. 5, с. 311
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
мезафі́т
(ад меза- + -фіты)
этап эвалюцыі расліннага покрыву Зямлі, які замяніў палеафіт і папярэднічаў кайнафіту.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
БІЯСПЕЛЕАЛО́ГІЯ (ад бія... + спелеалогія),
навука, якая вывучае жыццё ў пячорах, трэшчынах горных парод і інш. Асновы біяспелеалогіі створаны рум. біёлагам Э.Ракавіцэ (1907), які даследаваў асаблівасці экалагічных умоў пячор, трэшчын і іх уплыў на жывыя арганізмы, заканамернасці эвалюцыі падземных біёт, размнажэнне, геагр. пашырэнне іх жыхароў і інш.
т. 3, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)