від бел. фальклору; творы, што суправаджалі абрады, звязаныя з асн. этапамі жыцця чалавека: нараджэннем, шлюбам, смерцю. Адлюстравала нар. ідэал сямейных узаемаадносін, працоўнай дзейнасці селяніна, яго побыт і жыццё. С.-а.п., як і абрады, павінна была ўздзейнічаць на звышнатуральныя сілы, прыроду і грамадства, каб палепшыць лёс чалавека, яго дабрабыт, аберагчы ад бяды і няшчасцяў. Узнікла ў эпоху першабытнаабшчыннага ладу, пазней набыла спецыфічныя нац. рысы, выяўленыя ў жанрава-вобразнай сістэме, ідэйна-тэматычным змесце і маст. форме. Адметнае месца ў С.-а.п. займала радзінная паэзія (гл.Радзінныя песні): песні, прыпеўкі, зычэнні, якімі суправаджаліся пэўныя абрады (найб. поўна захаваліся ў бел. фальклоры). Абрадам і песням прыпісвалася магічная сіла, здольнасць абараніць парадзіху і дзіця ад злых сіл. Вылучаліся велічальныя, жартоўныя і застольна-бяседныя песні. У велічальных услаўляліся парадзіха і бацька дзіцяці, бабка-павітуха, кума і кум. Глыбокай пашанай прасякнуты песні пра маладую маці; клапатлівым і старанным, спагадлівым да жонкі і дзіцяці паказваўся гаспадар. Шмат песень прысвячалася бабцы: шанаванне яе ў песнях спалучалася з дасціпным гумарам. Паступова радзінныя абрады і звязаная з імі паэзія страцілі сакральны, магічны характар і сталі выконваць пераважна эстэтычна-маст. функцыю. Вял. папулярнасць набылі жартоўныя песні, выканаўцы якіх добразычліва пацяшаліся з бабкі і кумоў. У бяседных песнях з лёгкім гумарам абмалёўваліся ўдзельнікі ўрачыстасці, славілася гасціннасць і шчодрасць гаспадароў, выказвалася радасць з нагоды нараджэння новага чалавека. Найб. захаваліся жартоўныя песні, многія з якіх бытуюць і ў наш. час. Асаблівым багаццем і паэтычнасцю вылучалася вясельная паэзія (гл.Вясельныя песні): песні, прыпеўкі, прыгаворы, прамовы, якія гучалі на працягу ўсяго вяселля, пачынаючы з абраду сватання. Выконваліся яны ў пэўным парадку асн. ўдзельнікамі шлюбнай урачыстасці, ролі якіх былі рэгламентаваны традыцыяй. Песні, якія суправаджалі суборную суботу, пасад, выпечку каравая, шлюбавіны, пярэзвы і інш., паэтызавалі вясельныя абрады, стваралі ўрачысты настрой і разам з тым служылі пэўным юрыдычным замацаваннем кожнага этапу вяселля. Багатая нар. сімволіка, персаніфікацыя, антытэза, трапныя параўнанні, яркія эпітэты і інш.маст. сродкі і прыёмы стваралі вобразы надзвычайнай выразнасці. Глыбокай эмац. узрушанасцю вылучаліся сіроцкія песні, у якіх нявеста-сірата прасіла бацькоў устаць з магілы і благаславіць яе шлюб. У час застольнай бяседы спявалі таксама песні, непасрэдна не звязаныя з абрадам: велічальныя, лірычныя, жартоўныя і інш. Песні стваралі ідэальныя вобразы маладых, параўноўваючы іх з сімвалічнымі вобразамі сонца, зорак, месяца, паказвалі ўзаемаадносіны жаніха і нявесты, іх стаўленне да бацькоў. У жартоўных вясельных песнях з дасціпным нар. гумарам абмалёўваліся сват, свацця, дружкі, інш. ўдзельнікі вяселля. Завяршальны цыкл С.-а.п. складалі пахавальныя галашэнні — імправізаваныя песенна-рэчытатыўныя творы, у якіх аплаквалася смерць блізкага чалавека. Галашэнні, вядомыя з глыбокай старажытнасці, грунтаваліся на веры ў бессмяротнасць душы, на ўяўленнях аб тым, што чалавек і пасля смерці можа дапамагаць або шкодзіць жывым. Смутак, бязмернае гора і душэўны боль гучалі ў галашэннях маці па дзіцяці, жонкі па мужу. Цесна звязаныя з вуснай нар. традыцыяй устойлівыя славесныя формулы, кранальныя вобразы ўзмацнялі эмац. ўздзеянне. Звязаная з жыццём і працай чалавека, С.-а.п. адлюстравала сац.-эканам., быт. і культ. ўмовы яго існавання ў розныя гіст. эпохі.
Публ.:
Беларускі фальклор: Хрэстаматыя. 3 выд.Мн., 1985. С. 202—310;
Варфоломеева Т.Б. Северобелорусская свадьба: обряд, песенно-мелодические типы. Мн., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯМЕЙНА-АБРАДАВАЯ ПАЭЗІЯ
звязана з нараджэннем, шлюбам і пахаваннем чалавека, Ахоплівала сферу сямейных адносін, працоўную дзейнасць чалавека, яго побыт і жыццё, сац. і маральна-этычныя ідэалы, абрады і звычаі. Складвалася пад уплывам язычніцтва, пазней — хрысціянства. У беларусаў найлепш захавалася радзінная паэзія са спецыфічна нац. ў ёй хрэсьбіннымі песнямі. Гал. дзеючыя персанажы радзіннай абраднасці: парадзіха, бабка-павітуха, бацька нованароджанага, кум, кума. Засцерагальныя абрады і песні павінны былі ахоўваць здароўе парадзіхі і дзіцяці, а таксама забяспечыць шчаслівую долю нованароджанага, якая паводле нар. перакананняў залежала ад бабкі-павітухі, кумоў. У хрэсьбіннай паэзіі вылучаліся заклінальныя, велічальныя, жартоўныя і бяседныя песні, прыгаворкі, зычэнні, тосты. Хрэсьбінныя жартоўныя песні развейвалі ідэальныя вобразы ўдзельнікаў урачыстага застолля. Найб. старажытныя — заклінальныя і велічальныя песні, якія вызначаліся ўстойлівай традыцыйнасцю вобразаў-персанажаў, паэтыкі, мелодыкі. Велічальныя песні багатыя на эпітэты, параўнанні. Асабліва каларытна абмалёўваўся вобраз бабкі, шанаванне якой падкрэслівалася трапнымі параўнаннямі. Песні пра кума і куму часта мелі жартоўна-эратычны характар. Большасць заклінальных песень звернута да бабкі, раскрываюць яе дзеянні, што скіраваны забяспечыць шчаслівую долю немаўляці; у многіх песнях яна заклінае пра гэта Бога. У застольна-бяседных творах адлюстроўваліся гасціннасць гаспадароў, урачыстасць падзеі, нацыянальна-адметныя традыцыі.
Вясельныя песні, прыпеўкі, прыгаворкі, тосты беларусаў суправаджалі сватанне, заручыны, выпяканне каравая, пасад і інш. этапы вяселля. У многіх выпадках падказвалі наступныя рытуальныя дзеянні. Песні, зычэнні, тосты, што выконвалі асноўныя ўдзельнікі шлюбнай урачыстасці, павінны былі магічна спрыяць шчасцю маладых, іх дабрабыту. У час суборнай суботы (дзявочы вечар) спявалі песні з матывамі адшукання руты, каліны для вяночка, завівання вянка, развітання з сяброўкамі, непазбежнасці расставання з бацькамі. Традыцыйна склаўся каравайны рытуал з песнямі, у якіх гіпербалізуецца колькасць выкарыстаных прадуктаў, персаніфікуюцца каравай (сімвалізаваў жаніха і нявесту), печ, дзяжа, лапата і інш.; каларытна малююцца вобразы каравайніц. Спявалі песні, у якіх гучала скарга нявесты, павянчанай з нялюбым. Сумам прасякнуты песні нявесты-сіраты, якая просіць нябожчыкаў бацькоў блаславіць яе шлюб. Перад ад’ездам маладога да нявесты гучалі песні, у якіх адлюстроўваўся пераход хлопца ў стан жанатага мужчыны. Застольныя песні маглі быць лірычныя, жартоўныя, велічальныя і інш. Багатымі сродкамі маст. выразнасці жартоўныя песні добразычліва высмейвалі сватоў, дружкаў, баяр, маршалкаў і інш. удзельнікаў вяселля. Часам жартоўна супрацьпастаўляліся жаніх і нявеста.
Пахавальны і памінальны рытуал складваўся на Беларусі на працягу многіх стагоддзяў. Асноўныя жанры гэтых абрадаў — галашэнні, псалмы, духоўныя вершы. Уся абраднасць прасякнута верай у замагільнае жыццё, у наяўнасць неўміручай душы ў чалавека. Хаўтурныя галашэнні — імправізаваныя творы, у якіх традыцыйна выкарыстоўваліся стэрэатыпныя нар. формулы, маст. прыёмы і сродкі для аплаквання памерлых. Некат. будуюцца на рытарычных пытаннях, памяншальна-ласкальных формах прыметнікаў і назоўнікаў. З эмацыянальнай узрушанасцю ў галашэннях аплаквалася заўчасная смерць немаўляці, выказваліся любоў і пашана да блізкага чалавека, горыч перажыванняў, раскрывалася нялёгкае жыццё памерлага, бязмерная роспач асірацелых дзяцей, удавы, бацькоў. Песні-псалмы — творы духоўна-маралізатарскага характару. Яны бытавалі як разнавіднасць канта і выконваліся на хаўтурах, трацінах, дзевяцінах, Радаўніцу. Крыніцамі духоўных вершаў была хрысціянская апакрыфічная літаратура. Вершы перадавалі старазапаветныя і новазапаветныя сюжэты, славілі святых, праведнікаў, асуджалі грэшнікаў. Сямейна-абрадавая паэзія, цесна звязаная з жыццём, побытам, узаемаадносінамі ў грамадстве, вызначалася ўстойлівай традыцыйнасцю, жывучасцю, поліфункцыянальнасцю ў найважнейшыя вехі жыцця чалавека. Выдадзены тамы серыі «Беларуская народная творчасць» «Радзінная паэзія» (1971, укладальнікі М.Грынблат, В.Ялатаў), «Вяселле. Абрад» (1978, укладальнік К.Цвірка), «Вяселле. Песні» (т. 1—6, 1980—88, укладальнікі Л.Малаш, З.Мажэйка), «Пахаванне. Памінкі. Галашэнні» (1986, укладальнікі У.Васілевіч, Т.Варфаламеева), «Вяселле. Мелодыі» (1990, укладальнікі З.Мажэйка, Т.Варфаламеева), «Радзіны. Абрад. Песні» (1998, укладальнікі Г.Пятроўская, Т.Кухаронак).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ігра́. Рус.игра́ ’ігра’, дыял. ’гулянне моладзі’, ’урачыстасць’, ’вяселле’, ’скокі, танцы’, укр.гра, ігра́, польск.gra, уст.igra ’тс’, в.-луж.hra ’тс’, н.-луж.gra, igra ’тс’, чэш., славац.hra ’ігра, забаўка, пацеха’, ’жарт’, славен.ígra ’ігра’, серб.-харв.и̏гра ’тс’, балг.игра́ ’ігра, пацеха’, макед.игра ’тс’. Ст.-слав., ст.-рус.игра ’пацеха, танец’, ’ігра’, ст.-бел.игра ’ігра, забава’ (Скарына). І.‑е. сувязі не зусім ясныя. Магчыма. прасл.*jьgra мела рытуальнае і сакральнае значэнне. Сінкрэтычнасць семантыкі слав. слова і збліжэнне са ст.-інд.yájati ’шанаваць бажаство’, грэч.ἅγιος ’свяшчэнны’ даюць падставу для такога меркавання (Патабня, РФВ, 6, 1881, 3, 150–153). Тапароў (Этимология, 1977, 15–17), вяртаючыся да этымалогіі Патабні, звязвае *jьg‑ra з ідэяй сакральнай адзначанасці і шанавання, прызнаючы, аднак, фанетычныя цяжкасці ўзвядзення слав. слова да і.-е.*i̯ag‑ ’рэлігійнае шанаванне’. Семантычную і фармальную аргументацыю гл. яшчэ Трубачоў, Эт. сл., 8, 208–210. Іншыя супастаўленні: ст.-інд.éjati, tjati ’рухацца’ (Бернекер, 1, 422; Траўтман, 103), літ.áikštytis ’капрызіць, дурэць’, áikštis ’прыхамаць’, лат.aîstîtiês ’крычаць, шумець’, ст.-ісл.eikinn ’дзікі, люты, моцны’ (Фасмер, 2, 116), ст.-інд.iṅgati ’рухацца’ (Махэк₂, 181). Згодна з найбольш прынятай версіяй, пачатковае значэнне ’рух у танцы, скокі’ (Слаўскі, 1, 331–332). Скок (1, 711) прыводзіць у якасці семантычнай паралелі ст.-в.-ням.spilōn ’жвава рухацца’ — ням.spielen ’іграць’. Прапанова Ланта аб сувязі з гняздом рус.ерзать выклікае пярэчанні семантычнага і фармальнага характару (гл. Трубачоў, Эт. сл., 8, 209).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ЮВЕЛІ́РНАЕ МАСТА́ЦТВА (ад ням. Juwel ці галандскага juweel каштоўны камень),
выраб мастацкіх рэчаў (упрыгожанняў, прадметаў побыту, культу, зброі і інш.) з каштоўных і інш. каляровых металаў у спалучэнні з каштоўнымі і паўкаштоўнымі камянямі, жэмчугам, бурштынам, косцю, перламутрам, шклом і інш.; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У Ю.м. выкарыстоўваюць розныя тэхнікі, ручныя і мех. спосабы апрацоўкі: коўку мастацкую і ліццё мастацкае, чаканку, гравіраванне, чарненне, філігрань, эмалі, разьбу мастацкую, зернь, інкрустацыю, траўленне, паліраванне, штампаванне, вальцоўку і інш.
Найб. стараж. вырабы Ю.м. вядомы з 3-га тыс. да н.э. ў Стараж. Егіпце. Двухрэччы, Індыі. краінах эгейскай культуры. З 14—12 ст. да н.э. Ю.м. развівалася ў Стараж. Кітаі, краінах Стараж. Амерыкі. Японіі. на Б. Усходзе. з 5—4 ст. да н.э. ў Стараж. Грэцыі, з 1 ст. да н.э. — 5 ст.н.э. ў Стараж. Рыме. У раннім еўрап. сярэдневякоўі выдатныя творы Ю.м. вырабляліся ў Візантыі, асабліва вылучаліся прадметы культу. 15—16 ст. — час росквіту італьян., 16—17 ст. — ням., 17—19 ст. — франц. Ю.м. Выдатныя маст. якасці вылучаюць залатыя ўпрыгожанні і маст. пасудзіны скіфаў і сарматаў (Паўн. Прычарнамор’е. Прыкубанне. Ніжняе Паволжа). Высокім майстэрствам славіліся ювеліры Кіеўскай Русі (залатыя вырабы з перагародчатай эмаллю. чаканеныя аклады абразоў). У 16 ст. агульнарус. цэнтрам Ю.м. стала Масква. у 18 ст. — Пецярбург. З сярэдзіны 19 ст. пачаўся масавы механізаваны выпуск ювелірных вырабаў. У Ю.м. 20 ст. з’явіліся новыя матэрыялы, творчыя кірункі сталі больш разнастайныя. Побач з арнаментамі, якія імітуюць розныя гіст. стылі. у сярэдзіне 20 ст. сустракаюцца вобразныя вырашэнні, звязаныя з праблематыкай сучаснай культуры (напр., касм. тэма). Вытокі сучаснай арнаментыкі Ю.м. — у сімволіцы язычніцкіх вераванняў, калі магічны змест выяў крыжа, круга, кола, разетак, зорак. надаваў прадметам значэнне засцерагальнікаў. У многіх ювелірных вырабах адлюстроўвалася шанаванне жывёл. Паступова язычніцкая сімволіка была выцеснена геам., расл., тэраталагічным арнаментамі. У сучасным Ю.м. зацвердзіўся кірунак, звязаны з выкарыстаннем дызайнерскіх форм, дзе адсутнічае арнамент. Ювелірныя ўпрыгожанні вырабляюць на ювелірных фабрыках, ствараюць асобныя мастакі.
На Беларусі першыя вырабы з каляровых металаў вядомы з пач. бронзавага веку (мяжа 3-га і 2-га тыс. да н.э.): бранзалеты, дыядэмы, акулярападобныя прывескі, скроневыя кольцы, грыўні і інш. З сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. ў Ю.м. выкарыстоўвалі ліццё, коўку з дроту і спец. загатовак, чаканку і інш. У канцы 1-га тыс. да н.э. з’явіліся фібулы з мясц. арнаментам — плоскім трохвугольным шчытком, у пач. 1-га тыс. — новыя тыпы бранзалетаў і пярсцёнкаў, накладкі для шчытоў, завушніцы, вырабы з выемчатымі эмалямі — лунніцы (гл.Абідзенскія эмалі), ажурныя фібулы, паясы. З 6—8 ст. выраблялі ўпрыгожанні з серабра, арнаментаваныя несапраўднай зерню. У дэкоры пераважаў геам. арнамент. Развіццё Ю.м. ў 9—13 ст. звязана з узнікненнем гарадоў, работай ювелірных майстэрняў у Мінску, Полацку, Навагрудку, Гродне, Брэсце і інш. Засвойваліся новыя тэхнікі (філігрань, чарненне, серабрэнне, агнявое залачэнне чырвоным золатам, гравіраванне, штампоўка, перагародчатыя эмалі), пашырыўся асартымент металу (свінец, волава, серабро, золата, сплавы). Найб. значныя помнікі Ю.м. таго часу — Крыж Ефрасінні Полацкай, залатыя пярсцёнкі з Полацка, скроневае кольца з Барысава, бранзалет з Мінска, колты з Вішчынскага замка (Рагачоўскі р-н), гравіраваны абразок з выявай св. Дзмітрыя з Ваўкавыска (усе 12 ст.). У шэрагу твораў адлюстравалася пераасэнсаванне маст. традыцый Візантыі, Кіеўскай Русі, краін Зах. Еўропы, Міжземнамор’я і Усходу: засваенне новых выяўл. і арнаментальных матываў, з’яўленне новых відаў быт. рэчаў — лыжачак. ключоў, званочкаў, — а таксама энкалпіёнаў, мініяцюрных распяццяў, абразкоў, 2—3-створкавых складанняў. З’явіліся новыя формы падвесак, скроневых кольцаў, шыйных грыўняў, якія адлюстроўвалі этн. прыналежнасць уладальнікаў. Высокімі маст. якасцямі вылучаюцца гравіраваныя накладкі на абклады Мсціжскага і Лаўрышаўскага евангелляў (14 ст.). Развіццю Ю.м. 15—17 ст. спрыяла стварэнне рамесных цэхаў у Мінску, Вільні, Полацку, Слуцку, Гродне, Брэсце і інш., якія аб’ядноўвалі меднікаў, злотнікаў, сярэбранікаў, збройнікаў і інш. майстроў ювелірнай справы (усяго на Беларусі ў 15—16 ст. працавала 105 такіх майстроў, у 17 ст. — 665, у 18 ст. — 909). Пераважаў выраб культавых рэчаў, а таксама побытавага посуду. Шмат майстроў-ювеліраў — выхадцаў з Беларусі — працавала ў 17 ст. ў Аружэйнай палаце ў Маскве, сярод іх Ларыён Афанасьеў, Іван Андрэеў, Фёдар Пракоп’еў, Іван Юр’еў, Гаўрыла Аўдакімаў, творы якіх зберагліся да нашага часу. У Ю.м. 15—18 ст. рысы зах.-еўрап.маст. стыляў (готыка, рэнесанс, барока, ракако) спалучаны з мясц.маст. традыцыямі. Для тагачаснай бел. школы Ю.м. характэрны спалучэнне ў адным творы розных тэхнік апрацоўкі металу, рэаліст. характар трактоўкі расл. матываў, наіўна-рэаліст. трактоўка кананічных іканаграфічных зводаў, плоскаснасць дэкору — асабліва выразныя ў дэкоры літургічнага посуду, крыжах, абкладах евангелляў і інш.царк. начыння, рэчах свецкага прызначэння (паясы, шкатулкі, кубкі і інш.). На Ю.м. 1-й пал. 19 ст. паўплываў стыль ампір, з 2-й пал. 19 ст. ў многіх вырабах назіраюцца эклектычныя рысы. Ю.м. 20 ст. актыўна развівалася з 1960-х г. Ювелірныя ўпрыгожанні, дэкар. пластыку, сувеніры, посуд стваралі ў майстэрнях Маст. фонду Беларусі і Мін-вабыт. абслугоўвання насельніцтва Беларусі; сучасныя ювелірныя вырабы — у індывідуальных майстэрнях, на прадпрыемствах (гл.Ювелірная прамысловасць). Бел. мастакі выкарыстоўваюць традыц. ювелірныя тэхнікі (скань, эмалі, ліццё, зернь і інш.), эксперыментуюць з новымі матэрыяламі. Сярод майстроў Г.Асташонак, Ю.Гудзіновіч, Б.Дрозд, Р.Іваноў, Ю.Калістратаў, А.Карніенка, М.Кузьміч, Ю.Любімаў, В.Фёдараў, А.Шостак і інш.
Літ.:
Штыхаў Г.В., Захаранка П.М. Старажытныя скарбы Беларусі. Мн., 1971;
Кацер М.С. Народно-прикладное искусство Белоруссии (от первобытного общества до 1917 г.). Мн., 1972;
Постникова-Лосева М.М. Русское ювелирное искусство, его центры и мастера. XVI—XIX вв. М., 1974;
Высоцкая Н.Ф. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стагоддзяў. Мн., 1984.
М.М.Яніцкая, Л.Ф.Салавей.
Да арт.Ювелірнае мастацтва. Завушніцы. Золата. Стараж. Егіпет. Каля 3 ст. да н. э.Да арт.Ювелірнае мастацтва. Скроневае кольца Бронза. Гарадзішча Баронікі. Віцебская вобл. 5—4 ст. да н. э.Да арт.Ювелірнае мастацтва. Фібула вікінгаў у форме шкатулкі. Пазалочаная і пасярэбраная бронза. Мартэнс, в-аў Готланд. 11 ст.Да арт.Ювелірнае мастацтва. Крыж-мошчахавальнік. Майстэрні Маскоўскага Крамля. 17 ст.Да арт.Ювелірнае мастацтва. А.Шостак. Бранзалет. Серабро, ізумруд, брыльянты, мохавы агат, перламутр. 1992.