спрасава́цца, ‑суецца; зак.

Шчыльна злучыцца, сціснуцца ў выніку прасавання. // Зляжацца, ушчыльніцца пад цяжарам, ціскам. Сціснутая страшэнным цяжарам зямных пластоў, соль, і калійная і спажыўная, — спрасавалася, сплавілася ў суцэльны, без адзінай трэшчынкі, важкі і цвёрды камень. Чаркасаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КО́ЎКАСЦЬ,

здольнасць металаў і сплаваў паддавацца коўцы і інш. відам апрацоўкі ціскам (валачэнню, пракатцы, прасаванню, штампоўцы). Характарызуецца пластычнасцю і супраціўленнем дэфармацыі. У коўкіх металаў адносна высокая пластычнасць спалучаецца з нізкім супраціўленнем дэфармацыі.

т. 8, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРБАТАВА́ННЕ, барбатаж,

прапусканне пад ціскам газу ці пары праз вадкасць у барбацёры. Выкарыстоўваецца ў прам-сці і лабараторнай практыцы для награвання вадкасці перагрэтай парай, перамешвання агрэсіўных вадкасцяў, паглынання газу і парападобных рэчываў растваральнікамі.

т. 2, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

артэзія́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца ў глыбокіх ваданосных слаях пад натуральным ціскам; глыбінны. Артэзіянскія воды. // перан. Вельмі глыбокі, глыбінны. Высокая культура творчасці.. заключаецца ў.. выдатным уменні пранікаць у артэзіянскія глыбіні чалавечых сэрцаў. Адамовіч.

•••

Артэзіянскі калодзеж гл. калодзеж.

[Ад назвы фр. правінцыі Артуа (лац. Artesium).]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АЎТАКЛА́Ў (ад аўта... + лац. clavis ключ),

герметычны апарат для правядзення розных працэсаў пад ціскам (большым за атмасферны) і пры награванні. Выкарыстоўваецца ў хім. прам-сці, гідраметалургіі, вытв-сці буд матэрыялаў, харч. прам-сці, медыцыне.

т. 2, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ННАЯ МАРЭ́НА,

тып адкладаў марэны з грубаабломкавай горнай пароды, моцна ўшчыльненай пад ціскам лёду. Характэрна для покрыўных і горных ледавікоў. Утвараецца ў працэсе намнажэння матэрыялу, які пераносіцца прыдонным слоем ледавіка. Вельмі пашырана на Беларусі.

т. 6, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́БКІН (Сяргей Іванавіч) (27.8.1898, С.-Пецярбург — 8.9.1955),

бел. вучоны ў галіне металургіі. Акад. АН БССР (1947). Д-р хім. н. (1936), праф. (1945). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1954). Сын І.М.Губкіна. Скончыў Маскоўскую горную акадэмію (1928). З 1944 нам. дырэктара Ін-та металургіі АН СССР, у 1948—55 дырэктар Фіз.-тэхн. ін-та АН БССР, адначасова заг. кафедры БПІ. Працы па тэорыі пластычнай дэфармацыі і апрацоўцы металаў ціскам. Распрацаваў матэм. метады вывучэння працэсаў цячэння металу пры пракатцы, коўцы, штампоўцы. Стварыў навукова абгрунтаваную класіфікацыю відаў апрацоўкі металаў ціскам.

Тв.:

Теория обработки металлов давлением. М., 1947;

Фотопластичность. Мн., 1957 (разам з С.​І.​Дабравольскім, Б.​Б.​Бойкам);

Пластическая деформация металлов. Т. 1—3. М., 1961.

С.І.Губкін.

т. 5, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАГЕНЕРА́ТАР,

цеплаабменнік для атрымання вадзяной пары з ціскам, вышэйшым за атмасферны, шляхам нагрэву вады цепланосьбітам, які паступае ад ядз. рэактара. Выкарыстоўваецца на атамнай электрастанцыі з вода-вадзянымі энергет. рэактарамі і інш. Раней П. наз. паравы кацёл.

т. 12, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАЎНЯНАСЛАІ́СТЫЯ ПЛА́СТЫКІ,

матэрыялы, вырабленыя з лістоў лушчанай шпоны, укладзеных у пэўным парадку (па напрамку валокнаў) і склееных пад ціскам пры тэрмічнай апрацоўцы. Вызначаюцца высокай шчыльнасцю (да 1300 кг/м³ і больш). Выкарыстоўваюцца ў машынабудаванні, электратэхніцы, авія- і суднабудаванні.

т. 6, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАЛАКЕРА́МІКА,

устарэлая назва (выкарыстоўвалася да 1980-х г.) цвёрдых сплаваў і спосабаў іх атрымання з парашкоў металаў і неметал. дамешкаў шляхам апрацоўкі пад вял. ціскам і спякання пры высокіх т-рах. Цяпер М. часам называюць спечаныя матэрыялы, якія атрымліваюць метадам парашковай металургіі.

т. 10, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)