ЕНГІБА́РАЎ Леанід Георгіевіч (15.3.1935, Масква — 25.7.1972),

расійскі артыст цырка, клоун-мім. Нар. арт. Арменіі (1971). Скончыў вучылішча цыркавога мастацтва ў Маскве (1959). Вобраз-маска артыста — летуценны блазан, дзіця і паэт у душы. Выступаў на эстрадзе з «Вечарамі пантамімы», распрацоўваў ідэю «аўтарскай клаунады». Аўтар сваіх нумароў, кінасцэнарыяў, кароткіх навел і прытчаў. Здымаўся ў кіно: «Шлях на арэну», «Цені забытых продкаў», «На манежы — юнацтва», «Знаёмцеся — Леанід Енгібараў» і інш.

т. 6, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАНЕ́ЦКІ Аляксандр Арсенавіч (н. 12.5.1951, г. Маладзечна),

акцёр цырка, клоун. Засл. арт. Беларусі (1979). Скончыў студыю пры Мінскім дзярж. цырку (1969). Артыст Рас. дзяржцырка. Выступае ў дуэце з Ф.Гулевічам як дывановы клоун (маску прастадушнага, вясёлага хлопца стварыў на аснове бел. фальклору). Артыст яркай індывідуальнасці, пластычна выразны. У нумарах выкарыстоўвае акрабатыку і жангліраванне. Аўтар (з Гулевічам) многіх клаунад і рэпрыз. Зняўся ў тэлефільмах «Дзяніскавы апавяданні», «Навагодні атракцыён», «А таксама цырк».

т. 4, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАЎЧЭ́НКА,

сям’я ўкраінскіх артыстаў цырка (дрэсіроўшчыкі). Нар. арт. СССР (1988). Уладзімір Дзмітрыевіч (н. 31.7.1947, г. Омск, Расія). Нар. арт. Украіны (1979). Скончыў Дзярж. вучылішча цыркавога і эстр. мастацтва ў Маскве (1966). Людміла Аляксееўна (н. 13.7.1945, г. Канаш, Чувашыя). Скончыла Дзярж. вучылішча цыркавога і эстр. мастацтва ў Маскве (1967). Сумесна падрыхтавалі атракцыён «Дрэсіраваныя львы і тыгры», у якім аб’яднаны прыёмы дрэсіроўкі жывёл з паветрана-гімнастычнымі і акрабатычнымі трукамі артыстаў.

т. 17, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУКЛАЧО́Ў Юрый Дзмітрыевіч (н. 12.4.1949, Масква),

расійскі артыст цырка, клоун-дрэсіроўшчык. Нар. арт. Расіі (1983). Скончыў Дзярж. вучылішча цыркавога і эстр. мастацтва (1971) і Ін-т тэатр. мастацтва (1983) у Маскве. Працуе ў многіх жанрах. У 1972 першы ў Расіі пачаў выступаць з катамі, у 1989 адкрыў у Маскве т-р катоў. Праграмам К. ўласцівы пацяшальная лёгкасць, мяккі гумар. Аўтар кніг «Мае сябры — каты» (1981), «120 катоў Юрыя Куклачова» (1997) і інш.

т. 8, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІПЧАРЫ́ЦА Валерый Пятровіч (н. 16.3.1947, г. Уладзівасток, Расія),

бел. трубач. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыў Мінскі ін-т культуры (1986). З 1967 артыст Ансамбля песні і танца Унутр. войск МУС Украіны, з 1970 — Дзярж. эстр. аркестра Арменіі. З 1977 артыст ансамбля «Тоніка» пад муз. кіраўніцтвам А.​Эскіна ў канцэртна-гастрольным аб’яднанні «Мінск-канцэрт» пры Бел. філармоніі, з 1980 — аркестра Мінскага цырка, з 1987 — Дзярж. аркестра сімф. і эстр. музыкі Беларусі пад кіраўніцтвам М.​Фінберга.

т. 17, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКУ́ЛІН Юрый Уладзіміравіч (18.12.1921, г. Дзямідаў Смаленскай вобл., Расія — 21.8.1997),

расійскі артыст цырка і кіно. Нар. арт. СССР (1973). Герой Сац. Працы (1990). Скончыў Студыю размоўных жанраў і клаунады пры Маскоўскім цырку (1950) і працаваў у гэтым цырку як клоун-дывановы пад кіраўніцтвам Карандаша, з 1951 у дуэце з М.​Шуйдзіным. З 1983 маст. кіраўнік, дырэктар Маскоўскага цырка на Цвятным бульвары. У масцы клоуна прадстаўляў флегматычнага, знешне праставатага, але хітрага чалавека. З гэтай маскай у вобразе Балбеса зняўся ў эксцэнтрычных кінакамедыях «Пёс Барбос і незвычайны крос» (1961), «Самагоншчыкі» (1962), «Аперацыя «Ы» і іншыя прыгоды Шурыка» (1965), «Каўказская палонніца» (1967). У фільмах «Калі дрэвы былі вялікімі» (1962), «Ка мне, Мухтар!» (1965) праявіліся драм. дараванне артыста, уменне раскрыць у ролі складаную гаму псіхал. станаў. Прастатой і стрыманасцю манеры вылучаюцца ролі ў фільмах «Дваццаць дзён без вайны» (1977), «Пудзіла» (1984), лірычнай і чалавечай непасрэднасцю — знешне камедыйна-гратэскныя ролі ў фільмах «Брыльянтавая рука» (1969), «Старыя-разбойнікі» (1972). Зняўся таксама ў фільмах «Андрэй Рублёў» (1971), «Яны змагаліся за Радзіму» (1975), «Цырк для маіх унукаў» (1990). Дзярж. прэмія Расіі 1970.

Тв.:

Почти серьезно... М., 1994.

Літ.:

Дунина С. Ю.​Никулин. М., 1982.

Т.​В.​Пешына.

Ю.У.Нікулін.
Ю.Нікулін у адной з цыркавых рэпрыз.

т. 11, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

арты́ст, -а, М -сце, мн. -ы, -аў, м.

1. Той, хто займаецца публічным выкананнем твораў мастацтва (акцёр, спявак, музыкант і пад.).

Эстрадны а.

Артысты цырка.

Оперны а.

Заслужаны а.

2. перан. Пра таго, хто валодае высокім майстэрствам у якой-н. галіне (разм.).

Гэта ж а. у сваёй справе.

|| ж. арты́стка, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так (да 1 знач.).

|| прым. артысты́чны, -ая, -ае.

Артыстычнае фае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

бар’е́р, -а, мн. -ы, -аў, м.

1. Перагародка, якая ставіцца як перашкода на бегавой дарожцы, арэне цырка і інш.

2. Наогул перашкода для чаго-н.

Супрацьапоўзневы б.

3. Рыса перад кожным з удзельнікаў дуэлі, якую яны не павінны пераступаць пры стральбе (уст.).

4. перан. Тое, што перашкаджае ажыццяўленню чаго-н., затрымлівае развіццё адпаведнай дзейнасці.

Гукавы б.

|| прым. бар’е́рны, -ая, -ае (да 1 і 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

АНТРЭПРЭНЁР (ад франц. entrepreneur прадпрымальнік),

уладальнік, арандатар, гаспадар прыватнага відовішчнага прадпрыемства (т-ра, цырка і інш.) — антрэпрызы або арганізатар гастрольных турнэ труп і асобных акцёраў. У Зах. Еўропе вядомыя з сярэдзіны 16 ст., на Беларусі — з 1770-х г. Апрача камерцыйных існавалі антрэпрэнёры, звязаныя з т-рам творчымі адносінамі: антрэпрэнёр-акцёр (Р.​Бёрбедж, Англія), антрэпрэнёр-рэжысёр (М.​Райнгарт, Германія), антрэпрэнёр-драматург (Ж.​Б.​Мальер, Францыя) і інш. Першым бел. антрэпрэнёрам быў І.Буйніцкі. Функцыі антрэпрэнёра выконвалі Ф.Ждановіч і У.Галубок.

т. 1, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАНДА́Ш (сапр. Румянцаў Міхаіл Мікалаевіч; 10.12.1901, С.-Пецярбург — 31.3.1983),

расійскі артыст цырка, комік. Нар. арт. СССР (1969). Герой Сац. Працы (1979). Скончыў тэхнікум цыркавога мастацтва (1930). Дэбютаваў у Маскоўскім цырку-шапіто як клоун-дывановы. Упершыню ў вобразе К. пачаў выступаць у 1934—35 у Ленінградскім цырку (узяў псеўданім франц. мастака-карыкатурыста). Выступаў з пантамімічнымі рэпрызамі, камічнымі мініяцюрамі, сатыр. нумарамі на актуальныя грамадска-паліт. тэмы. Стварыў вобраз-маску наіўнага і цікаўнага дзівака. З 1946 маст. кіраўнік групы клоунаў. Здымаўся ў кіно.

т. 8, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)