вёска ў Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл., на правым беразе р. Ясельда. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 21 км на Пн ад г. Іванава, 161 км ад Брэста, 23 км ад чыг. ст. Янаў-Палескі. 4413 ж., 1247 двароў (1999). Спажывецкае т-ва, камбінат каап. прам-сці, кааператыў «Моталь». 2 сярэднія школы, навуч.-вытв. камбінат, дзіцячая школа мастацтваў, Дом культуры, Мотальскі музей народнай творчасці, 2 б-кі, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Малітоўны дом хрысціян веры евангельскай. Традыцыйны цэнтр вырабу мотальскіх ручнікоў і мотальскіх кажухоў. Брацкая Магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Праабражэнская царква (1888). Каля вёскі група археал. помнікаў Моталь.
Упершыню ўпамінаецца пад 1422 у актах Літоўскай метрыкі як прыватнае ўладанне. Пазней уваходзіла ў Пінскае княства. У 1520 сяло пінскага кн.Фёдара Іванавіча Яраславіча, пасля смерці якога перайшло да караля польскага і вял.кн.ВКЛ Жыгімонта I Старога. У сярэдзіне 16 ст. мястэчка. Паводле рэвізіі 1555 М. аднесены да гарадоў з самакіраваннем, г.зн. меў магдэбургскае права. З 1795 у Рас. імперыі. У 1886—2294 ж., 239 двароў, 2 царквы, капліца, яўр. малітоўны дом, школа, 13 крам, 7 корчмаў, праводзіўся кірмаш. З 1921 у складзе Польшчы, у Драгічынскім пав. Палескага ваяв. Дзейнічалі мясц. арг-цыі БСРГ, КПЗБ, КСМЗБ. З 1939 у БССР, з 12.19.1940 гар. пасёлак у Іванаўскім раёне. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі ў М. каля 2 тыс.ж., спалілі каля 400 двароў. У М. дзейнічала Мотальскае камсамольска-маладзёжнае падполле. З 1954 вёска, цэнтр сельсавета. У 1962—65 у Драгічынскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЎГАРО́ДСКАЯ ШКО́ЛА ДО́ЙЛІДСТВА,
адна з найб. значных школ стараж.-рус. дойлідства 12—15 ст. Склалася ў г.Ноўгарад і яго ўладаннях у феад.перыяд. Самыя раннія яе помнікі (Наўгародскі Сафійскі сабор, 1045—50; Георгіеўскі сабор Юр’ева манастыра, 1119) па тэхніцы ўзвядзення і кампазіцыі набліжаліся да кіеўскіх храмаў з уласцівымі ім манум. прастатой і кампактнасцю аб’ёмаў. З сярэдзіны 12 ст. будавалі пераважна невял. 4-стаўповыя храмы, якія служылі прыходскай царквой вуліцы або дамавой заможнага баярына. На іх хорах звычайна размяшчалі маленькія прыдзелы, прысвечаныя патрону заказчыка. У якасці буд. матэрыялаў выкарыстоўвалі вапняковыя пліты з цаглянымі праслойкамі, якія звонку заставаліся незацертымі. Гэта абмяжоўвала разнастайнасць дэкар. аздаблення пабудоў. Да помнікаў гэтага перыяду належаць цэрквы Георгіеўская і Успенская ў Старой Ладазе (2-я пал. 12 ст.), Спаса на Нярэдзіцы ў Ноўгарадзе (1198) і інш. З канца 13 ст. дойліды імкнуліся ўзмацніць выразнасць арх. кампазіцыі (цэрквы Міколы на Ліпне, 1292; Успення на Волатавым полі, 1352). У 14—15 ст. склаўся класічны тып багата дэкарыраванага наўгародскага храма. У ліку дэкар. элементаў пераважалі лапаткі, шматлопасцевыя абрысы асн. аб’ёмаў, разнастайныя нішы, броўкі, паўвалікі, дэкар. крыжы і інш. (цэрквы Фёдара Страцілата на Ручаі, 1360—61; Спаса на Ільіне вуліцы ў Ноўгарадзе, 1374; Пятра і Паўла ў Кажэўніках, 1406). З 2-й пал. 15 ст. ў архітэктуры Н.ш.д. праявіліся кансерватыўныя тэндэнцыі, звязаныя з адмаўленнем наўгародскіх баяр уключэння Ноўгарада ў Рус. цэнтралізаваную дзяржаву. З канца 15 ст. школа страціла сваю адметнасць і развівалася ў агульным рэчышчы рус. культуры.
Літ.:
История русского искусства. Т. 1. 2 изд. М., 1979;
Попова О.С. Искусство Новгорода и Москвы первой половины XIV в. М., 1982.
Г.А.Лаўрэцкі.
Наўгародская школа дойлідства. Царква са на Ільіне вуліцы. 14 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Крыштоф) (мянушка Пярун; 9.2.1547, Вільня — 20.11.1603),
ваенны і дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Сын М.Радзівіла Рудога. Удзельнік Лівонскай вайны 1558—83, у т. л.Ульскай бітвы 1564. З 1567 ротмістр коннай роты, крайчы ВКЛ у 1567—69, падчашы ВКЛ у 1569—79, гетман польны ў 1572—89, ахоўваў паўн.-ўсх. мяжу дзяржавы. У час кампаніі 1580 узяў замак Усвят і нанёс паражэнне праціўніку каля Вялікіх Лук. У жн. — кастр. 1581 атрады Р. (4 тыс.чал.) разам з атрадамі Ф.С.Кміты-Чарнабыльскага (2 тыс.чал.) зрабілі рэйд да вярхоўяў Волгі, занялі Старыцу і Ржэў. Гэты рэйд і аблога Пскова прымусілі Івана IV падпісаць перамір’е. У 1579—84 кашталян трокскі, адначасова ў 1579—85 падканцлер ВКЛ, з 1584 ваявода віленскі. Пасля смерці Стафана Баторыя падтрымліваў план часткі магнатаў і шляхты ВКЛ абраць каралём рас. цара Фёдара Іванавіча і стварыць дзярж. унію Польшчы, ВКЛ і Расіі на чале з Вял. княствам Літоўскім. Быў прыхільнікам мірных узаемадачыненняў з Расіяй. З 1589 вял. гетман ВКЛ. На чале войск ВКЛ змагаўся супраць Налівайкі паўстання 1594—96. У 1600 дамогся шлюбу Соф’і Алелькаўны (гл. ў арт.Святыя Беларусі) са сваім сынам Янушам, у выніку пасля смерці Соф’і (1612) Слуцкае княства і інш. ўладанні Алелькавічаў перайшлі да Радзівілаў. У час вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 з 1600 Р. камандаваў войскамі ў Інфлянтах. 23.6.1601 нанёс паражэнне шведскаму войску пад Кокенгаўзенам (Кокнесе), у ліп. 1601 заняў Вендэн (Кесь). Як і бацька, Р. вызнаваў кальвінізм, будаваў кальвінскія зборы. Пры яго двары было шмат вучоных, з ім былі звязаны дзеячы бел. культуры А.Рымша, Г.Пельгрымоўскі, С.Рысінскі, А.Волан. Меў адну з найбольшых латыфундый у ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́РЫКАВІЧЫ,
род старажытнарускіх князёў і маскоўскіх цароў, якія лічыліся нашчадкамі Рурыка (гл.Рурык-Сінявус—Трувор). Існуе меркаванне, што сапр. генеалагічнае дрэва Р. уключала ў сябе акрамя варага Рурыка і родавых слав. правадыроў. Бясспрэчным родапачынальнікам Р. быў кіеўскі кн.Ігар (у сканд. сагах Ігар Стары), якога «Аповесць мінулых гадоў» называе сынам Рурыка. Гэта першая рэальная гіст. фігура дынастыі Р. У 11—13 ст. некат. адгалінаванні Р. называліся таксама па імёнах сваіх родапачынальнікаў — Ізяславічы («Рагвалодавы ўнукі»), Манамашычы, Ольгавічы, Расціславічы і інш. Пазней у ВКЛ нашчадкамі Р., верагодна, былі княжацкія роды Адзінцэвічаў, Друцкіх, Астрожскіх, Вішнявецкіх, Гарадзецкіх, Дольскіх, Збаражскіх, Лукомскіх, Нясвіцкіх, Палубінскіх, Парэцкіх, Сцяпанскіх, Талочак, Чацвярцінскіх і інш. З утварэннем вакол Маскоўскага вялікага княстваРус. цэнтралізаванай дзяржавы б. ўдзельныя князі ператвараліся там у вышэйшы пласт маскоўскіх служылых людзей. Вярх. ўлада ў Маскоўскай (Расійскай) дзяржаве да смерці ў 1598 цара Фёдара Іванавіча знаходзілася ў руках уладзіміра-суздальскіх Манамашычаў. З роду ніжагародскіх князёў Р. быў цар Васіль Іванавіч Шуйскі [1606—10]. Аднак «Смута»пач. 17 ст. канчаткова звяла Р. з гіст. сцэны як правіцеляў, і на змену ім прыйшла дынастыя Раманавых (былі ў сваяцтве з Р.). У наступныя стагоддзі частка Р. страціла княжацкі тытул і змяшалася з нетытулаванымі дваранскімі родамі. У той жа час многія Р. (Валконскія, Абаленскія, Гарчаковы, Далгарукія і інш.) займалі ў Расіі важныя дзярж. пасады, але ніколі, як правіла, не прэтэндавалі на царскі (імператарскі) прастол.
Літ.:
Творогов О.В. Князья Рюриковичи: Краткие биогр. М., 1992;
Коган В.М. История дома Рюриковичей: (опыт ист.генеалог. исслед.). СПб, 1993;
Шишов А. Русские князья. Ростов н/Д, 1999;
Богуславский В.В., Бурминов В.В. Русь. Рюриковичи: Ил. ист. словарь. М., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДО́ЛІЯ, Падолле, Падольская зямля,
гістарычная вобласць на ПдЗ Украіны ў бас.р.Паўд. Буг і ў левабярэжжы бас.р. Днестр (тэр.б.ч. сучасных Вінніцкай, Хмяльніцкай, паўн.ч. Адэскай і паўд.ч. Цярнопальскай абласцей). Займае асн. частку Падольскага ўзвышша. Вядома з сярэдзіны 14 ст. У 1360-я г. ўвайшла ў склад ВКЛ; вял.кн. Альгерд прызначыў тут намеснікам свайго пляменніка кн.Фёдара Карыятавіча. У 15—17 ст. на тэр. П. шмат разоў нападалі войскі Крымскага ханства і Турцыі. У 1434 зах.ч. П. ўключана ў склад Польшчы, утворана Падольскае ваяв. з цэнтрам у г.Камянец-Падольскі. Пасля Люблінскай уніі 1569 у склад Польшчы ўвайшла і ўсх.ч. П., дзе ўтворана Брацлаўскае ваяв. з цэнтрам у г. Брацлаў (цяпер Вінніцкая вобл.). Насельніцтва П. ўдзельнічала ў паўстаннях Мухі (1490—92), С.Налівайкі (1594—96), вызваленчай вайне ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. 1—2.6.1652 укр. войска Б.Хмяльніцкага разграміла ва ўрочышчы Батог на П. (цяпер Вінніцкая вобл.) войска кароннага гетмана М.Каліноўскага. У 1672 П. захоплена Турцыяй, паводле рашэння Карлавіцкага кангрэса 1698—99 вернута Рэчы Паспалітай. Нас-ва П. ўдзельнічала ў паўстаннях С.Палія (1702—04), Калііўшчына (1768). У 1772 паводле 1-га падзелу Рэчы Паспалітай Аўстрыя захапіла зах.ч. П. з гарадамі Чарткоў і Залешчыкі (цяпер у Цярнопальскай вобл.). У 1793 паводле 2-га падзелу Рэчы Паспалітай П. ўвайшла ў склад Рас. імперыі і падзелена паміж Падольскім і Брацлаўскім намесніцтвамі. У 1797 з падольскіх паветаў утворана Падольская губ. з цэнтрам у г. Камянец-Падольскі. У 1814—35 П. — асн. раён антыфеад. паўстанцкага руху пад кіраўніцтвам У.Я.Кармалюка. З 1917 Падольская губ. ў складзе Украінскай ССР, 3.6.1925 замест яе створаны акругі, у 1930-я г. — вобласці. Пасля далучэння Зах. Украіны да УССР (1.11.1939) зах.ч. П. ўключана ў Цярнопальскую вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЎГАРО́ДСКАЯ ШКО́ЛА І́КАНАПІСУ,
адна з найб. значных школ стараж.-рус. мастацтва. Склалася ў 12—15 ст. ў г.Ноўгарад і яго ўладаннях. У жывапісе 12 ст. разам з арыентацыяй на мастацтва Візантыі і Кіева (фрэскі Сафійскага і Мікола-Дварышчанскага сабораў, абразы) сфарміраваўся самабытны стыль з энергічнай манерай пісьма, экспрэсіўнай трактоўкай іканаграфічных тыпаў, лаканічнасцю вобразаў, арнаменталізацыяй маст. формы (размалёўкі цэркваў Георгіеўскай ў Старой Ладазе, каля 1167; Дабравешчанскай у Аркажах, 1189; Спаса на Нярэдзіцы, 1199, і інш.). Ў абразах пераважаў іканаграфічны тып выявы святога, які нерухома стаіць з буйнымі рысамі твару і шырока расплюшчанымі вачамі: «Св. Георгій», «Анёл Залатыя валасы», «Усцюжскае дабравешчанне», двухбаковы абраз з выявамі Спаса Нерукатворнага і Пакланення крыжу. Абразы 13 — пач. 14 ст. вызначаюцца абагульненасцю малюнка, яркім халодным каларытам з перавагай чырвона-кінаварных, белых, вохрыстых і зялёна-аліўкавых фарбаў, унутр. напружанасцю, сувяззю з традыцыямі нар. мастацтва: «Яван, Георгій і Уласій», «Мікола Ліпенскі» (1294, Алекса Пятроў) і інш.Манум. жывапіс 14—15 ст. больш разнастайны. Адухоўленай патэтыкай вобразаў, імклівасцю рухаў, свабоднай і смелай тэхнікай пісьма вызначаюцца фрэскі цэркваў Спаса на Ільіне вуліцы (1378, Феафан Грэк), Фёдара Страцілата на Ручаі (1370—80-я г.). Лінейна-графічныя, блізкія да іканапісу прыёмы, статычнасць кампазіцыі ўласцівы размалёўкам цэркваў Спаса на Кавалёве (1380) і Раства на могілках (1380—90-я г.). У абразах канца 14—15 ст., якія захоўвалі экспрэсіўнасць пісьма, лаканічную выразнасць сілуэтаў і самабытнасць каларыту ў выявах мясц. святых, адлюстраваліся традыц.нар. ўяўленні і вераванні, падзеі гісторыі Ноўгарада («Ілья», «Уласій», «Анастасія», «Фрол і Лаўр», «Бітва наўгародцаў з суздальцамі» і інш.). Высокім узроўнем майстэрства вызначаліся мініяцюры, для якіх характэрны буйны малюнак і дэкар. яркасць каларыту. Пасля ўключэння Ноўгарада ў склад Рус. цэнтралізаванай дзяржавы (1478) яго мастацтва развівалася ў агульным рэчышчы стараж.-рус. культуры.
Літ.:
Лазарев В.Н. Искусство Новгорода. М.; Л., 1947;
Яго ж. Новгородская иконопись. 3 изд. М., 1981;
Попова О.С. Искусство Новгорода и Москвы первой половины XIV в. М., 1982;
Смирнова Э.С., Лаурина В.К., Гордиенко Э.А. Живопись Великого Новгорода XV в. М., 1982.
Наўгародская школа іканапісу. Бітва наўгародцаў з суздальцамі. Сярэдзіна 15 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ТАЎТ (1350—27.19.1430),
князь гродзенскі, трокскі, вял.кн.ВКЛ [1392—1430]. Сын Кейстута. Адзін з самых выдатных дзярж. дзеячаў ВКЛ. Актыўную паліт. дзейнасць пачаў у 1382 пасля забойства Ягайлам яго бацькі. Каб адпомсціць Ягайлу, Вітаўт уцёк да крыжакоў, заключыў з імі саюз, прыняў каталіцтва (пасля хрышчэння імя Віганд), абавязаўся стаць васалам Тэўтонскага ордэна і аддаў ордэну Жамойцію (1384). У ходзе барацьбы з Ягайлам пераканаўся ў яе бесперспектыўнасці і згадзіўся на мір. Атрымаў ад Ягайлы Берасце (Брэст) і Гародню (Гродна), большасць насельніцтва якіх складалі праваслаўныя, і перайшоў у праваслаўе (атрымаў імя Аляксандр). Аднак у час заключэння Крэўскай уніі 1385 разам з Ягайлам і інш. князямі зноў прыняў каталіцтва. У 1388, упэўніўшыся ў небяспецы гэтай уніі для ВКЛ, незадаволены тым, што Ягайла прызначыў сваім намеснікам у ВКЛСкіргайлу, а не яго, Вітаўт узначаліў барацьбу феадалаў ВКЛ супраць Ягайлы. Заключыў саюзы з вял.кн. маскоўскім Васілём I, аддаўшы за яго сваю дачку Соф’ю, і з Тэўтонскім ордэнам; зноў аддаў крыжакам Жамойцію (у 1389). У выніку 2-гадовай упартай і жорсткай барацьбы было заключана Востраўскае пагадненне 1392 і Вітаўт стаў вял. князем ВКЛ. Ён умацаваў трываласць дзяржавы, задушыўшы змову князёў Карыбута, Фёдара Карыятавіча і Свідрыгайлы, у 1395, выкарыстаўшы міжусобіцу смаленскіх князёў, падпарадкаваў ВКЛ Смаленск. У 1399 выступіў саюзнікам беглага татарскага хана Тахтамыша ў міжусобнай барацьбе і пацярпеў паражэнне ў бітве на Ворскле 1399. Скарыстаўшы цяжкае становішча ВКЛ, кіруючыя колы Польшчы вымусілі Вітаўта заключыць Віленска-Радамскую унію 1401. У 1404 Вітаўт з дапамогай палякаў задушыў паўстанне ў Смаленску. Імкнучыся падпарадкаваць ВКЛ Ноўгарад, Вітаўт некалькі разоў хадзіў на Наўгародскую зямлю (апошні раз у 1428), што прывяло да вайны з Масквой, якая таксама прэтэндавала на горад. Тры разы хадзіў на Маскву (апошні раз у 1408). Войскі ВКЛ і Маскоўскага вял. княства сышліся на р. Угра, але Вітаўт і Васіль I, не пачынаючы бітвы, заключылі мір і вызначылі мяжу паміж дзвюма дзяржавамі па р. Угра. Маючы на мэце разграміць Тэўтонскі ордэн, які рабіў напады на ВКЛ, і вярнуць пад сваю уладу Жамойцію, Вітаўт у цеснай садружнасці з Ягайлам рыхтаваў супраць крыжакоў паход аб’яднанага войска ВКЛ і Польшчы. У выніку перамогі ў Грунвальдскай бітве 1410 і заключэння Тарунскага міру 1411 Жамойція была вернута ў ВКЛ. Саюз Польшчы з ВКЛ быў умацаваны Гарадзельскай уніяй 1413, якая дала паліт. прывілеі каталіцкай шляхце ВКЛ. Разумеючы значную ролю правасл. насельніцтва ў дзяржаве, Вітаўт стварыў самастойную правасл. мітраполію на чале з Цамблакам з цэнтрам у Навагрудку. У 1429 і 1430 Вітаўт спрабаваў атрымаць ад папы рымскага тытул караля і каралеўскую карону. У выніку польскіх інтрыг мэты не дасягнуў. Пры Вітаўце ВКЛ стала самай магутнай дзяржавай у Цэнтр. і Усх. Еўропе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОВАДЗЯВО́ЧЫ МАНАСТЫ́Р, Багародзіца-Смаленскі манастыр, манастыр Прачыстай Маці Божай Адзігітрыі,
архітэктурны комплекс 16—17 ст. у Маскве. Засн. ў 1524 як жаночы вял.кн. маскоўскім Васілём III у гонар захопу Смаленска ў 1514. Размяшчаўся на шляху з Масквы ў ВКЛ і быў часткай абарончага пояса маскоўскіх манастыроў — Данскога, Данілава, Сіманава і інш. У 16—17 ст. у манастыр пастрыгаліся жанчыны з царскай і знатных баярскіх сем’яў; у ім жылі ўдава сына Івана IV Грознага царэвіча Івана, сястра Пятра I царэўна Соф’я і яго першая жонка Еўдакія Лапухіна, удава цара Фёдара Іванавіча Ірына Фёдараўна Гадунова. У 1610—12 Н.м. абрабаваны і захоплены войскамі Рэчы Паспалітай. У 1655 сюды пераведзены манашкі Аршанскага Куцеінскага Успенскага манастыра. Найб. росквіт Н.м. прыпадае на часы праўлення царэўны Соф’і Аляксееўны (1682—89; пазней яна была зняволена ў манастыр Пятром I). У 1724 тут абсталяваны шпіталь для салдат і афіцэраў рус. арміі, прытулак для падкідышаў жан. полу. Н.м. быў адным з найб. буйных землеўласнікаў: у канцы 17 ст. валодаў 36 сёламі, у 1744 меў каля 15 тыс. прыгонных сялян мужчынскага полу. У 1763 у ім 136 манашак, у канцы 19 ст. — больш за 200.
Тэр. Н.м. абкружана цаглянымі сценамі (канец 17 ст.) з 12 вежамі. Асн. будынкі (сабор, званіца, трапезная) пастаўлены ў адну лінію і ўтвараюць маляўнічую панараму. Ансамбль пачаў фарміравацца з буд-вам Смаленскага сабора (1524—25, размалёўкі 16 і 17 ст.). Выдатны помнік дэкар.-прыкладнога мастацтва — 5-ярусны разны іканастас сабора (1683—85) з 84 калонкамі з расл. і геам. арнаментам, выкананы 50 рэзчыкамі-беларусамі пад кіраўніцтвам В.Андрэева і 13 «станочнікамі» на чале з К.Міхайлавым і С.Зіноўевым. Залачэнне выканана 16 бел. майстрамі на чале з Д.Залатаровым. Астатнія пабудовы (пераважна 17 ст.) — у стылі нарышкінскага барока: трапезная з царквой Ушэсця (1685—87), 6-ярусная васьмівугольная званіца (1689—90), Праабражэнская і Пакроўская надбрамныя цэрквы і прылеглыя да іх Лапухінскія і Марыінскія палаты (усе 1683—88). У 1922 Н.м. закрыты, у ім створаны «Музей разняволення жанчыны», з 1934 — філіял Гіст. музея. Частка памяшканняў была адведзена пад кватэры. У 1943 у Н.м. адкрыты Маскоўскія багаслоўскія курсы, у 1944 — багаслоўскі ін-т. З 1980 у ім знаходзілася рэзідэнцыя мітрапаліта круціцкага і каломенскага. У саборы пахаваны жанчыны царскага роду, княгіні (Галіцыны, Адоеўскія і інш.), баярыні (Дашкавы і інш.). На тэр. Н.м. знаходзіцца некропаль; у 1927 было 2811 пахаванняў з надмагільнымі плітамі ці помнікамі. У 1930-я г. большасць магіл разбурана. Захавалася каля 100 помнікаў, у т. л. паэту Дз.Давыдаву, пісьменнікам М.Загоскіну, І.Лажэчнікаву, гісторыкам М.Пагодзіну, С.Салаўёву і інш. З 1994 манастыр дзейнічае як жаночы. Іл.гл. таксама да арт.Беларуская рэзь.
Літ.:
Абецедарский Л. Белорусы в Москве XVII в.: Из истории рус.-бел. связей. Мн.. 1957;
Новодевичий монастырь: [Путеводитель]. М., 1988;
Бураков Ю.Н. Под сенью монастырей московских. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЁТР IАляксеевіч
(9.6.1672, Масква — 8.2.1725),
расійскі цар з 1682, імператар з 1721. З дынастыі Раманавых. Сын цара Аляксея Міхайлавіча ад шлюбу з Н.К.Нарышкінай, бацька царэвіча Аляксея Пятровіча і імператрыцы Лізаветы Пятроўны. Абвешчаны царом пасля смерці брата Фёдара Аляксеевіча (7.5.1682), але ў выніку інспірыраванага інспіраванага сваякамі першай жонкі Аляксея Міхайлавіча М.І.Міласлаўскай паўстання стральцоў (май 1682) разам з ім абвешчаны царом брат Іван (Іван V, а рэгенткай пры іх — старэйшая сястра царэўна Соф’я Аляксееўна. Пасля няўдалай спробы Соф’і ўчыніць пераварот (1689) і смерці Івана V (1696) П. I стаў правіць аднаасобна. Вызначаўся розумам, энергіяй, жорсткасцю і дэспатызмам. У 1697—98 у складзе Вялікага пасольства быў у Рызе, Кёнігсбергу, Лондане, Вене, Галандыі, вывучаў караблебудаўніцтва, артыл. справу і інш. Жорстка пакараў удзельнікаў стралецкага паўстання 1698, расфарміраваў стралецкія палкі. Абапіраючыся на прыхільнікаў новаўвядзенняў (А.Д.Меншыкаў, Б.П.Шарамецеў, Ф.М.Апраксін і інш.), вёў актыўную ўнутр. і знешнюю палітыку. Правёў сац.-эканам., паліт., ваен. рэформы ў інтарэсах дваран, купецтва, буржуазіі. У 1699 створана Бурмістарская палата — цэнтр.фін. ўстанова і адначасова выбарны орган самакіравання гар. насельніцтва; у 1708 краіна падзелена на губерні, у 1719 — на правінцыі; у 1711 ліквідавана Баярская дума, створаны правячы Сенат; у 1717—21 прыказы заменены калегіямі, у 1722 Табель аб рангах упарадкаваў праходжанне службы ў арміі і ўрадавым апараце; пачалося стварэнне пракуратуры; у 1721 Расія абвешчана імперыяй. Паводле закону 1722 імператар сам прызначаў сабе пераемніка. Узмацніўся прыгон, памесці з сялянамі абвешчаны спадчыннай уласнасцю (1714), уведзены падушны падатак (1724). П. I жорстка распраўляўся з удзельнікамі нар. паўстанняў (Астраханскае паўстанне 1705—06, Булавінскае паўстанне 1707—09 і інш.) і праціўнікамі рэформ з ліку знаці, у т. л. свайго сына Аляксея за ўдзел у змове аддаў вярх. суду, які асудзіў царэвіча на смяротнае пакаранне. Пры П. I развіваліся прам-сць і гандаль. Пабудаваныя на казённыя грошы металургічныя, зброевыя, суконныя і інш. мануфактуры перадаваліся прамыслоўцам. У 1696 закладзены асновы рас. флоту, пазней створаны Балтыйскі ваен. флот. З 1699 на аснове рэкруцкай сістэмы стваралася рэгулярная армія. Для падрыхтоўкі афіцэраў засн.спец. школы, у 1715 — Марская акадэмія. Уведзены новы каляндар (1700), засн. першая рас. газета «Ведомости» (1702), уведзены грамадз. шрыфт (1710), адкрыты арыфм. школы для дзяцей дваран (1714), засн. Пецярбургская АН (1724). У час праўлення П. I Расія заваявала выхад да Балт. мора, далучыла зах. і паўд. ўзбярэжжы Каспійскага м. П. I. узначальваў рас. войскі ў Азоўскіх паходах 1695—96 і Пруцкім паходзе 1711 супраць туркаў, у многіх бітвах Паўночнай вайны 1700—21 са шведамі, у час якой быў на тэр. Беларусі ў Полацку, Гродне (1705), Оршы, Мінску (1706), каля в.Лясная на Магілёўшчыне (1708). Ён удзельнічаў у найважнейшых дыпламат. перагаворах, у падрыхтоўцы Ніштацкага мірнага дагавора 1721.
Літ.:
Павленко Н.И. Петр Великий. М., 1990;
Тарасаў К. Пятроўскія мясціны // ЛіМ. 1990. 14 верас.;
Масси Р.К. Петр Великий: Пер. с англ.Т. 1—3. Смоленск, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІ́ШЧАЎ (Аляксандр Мікалаевіч) (31.8.1749, Масква — 24.9.1802),
рускі пісьменнік, мысліцель. Вучыўся ў Пецярбургскім пажскім корпусе (1762—66), Лейпцыгскім ун-це (1766—71). У 1771—75 працаваў ў Сенаце, у штабе фінл. дывізіі, з 1777 у Камерц-калегіі (з 1790 кіраўнік Пецярбургскай мытні). У 1790 за выпуск у свет свайго філас.-публіцыст. трактата «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» зняволены ў Петрапаўлаўскай крэпасці і прыгавораны да смяротнага пакарання, замененага ссылкай на 10 гадоў ва ўсх.-сібірскі Ілімскі астрог. У 1797 пераведзены пад нагляд паліцыі ў маёнтак бацькі Нямцова Калужскай губ. У 1801 вярнуўся ў Пецярбург, удзельнічаў у рабоце Імператарскай камісіі па складанні законаў, але яго праекты былі адхілены як небяспечныя для дзяржавы. Як пратэст на пагрозу новай ссылкі скончыў самагубствам. На светапогляд Р. паўплывалі паўстанне Е.Пугачова, погляды Г.Лейбніца, І.Гердэра, К.Гельвецыя, Д.Дзідро, І.Канта, Ж.Ж.Русо і інш. У ім арганічна спалучаліся ідэі зах.-еўрап. асветніцтва з айч. духоўнай традыцыяй. Р. сцвярджаў новую свецкую ідэалогію, гуманізм, вальнадумства, каштоўнасць розуму, свабоды асобы, прагрэсу, нар. дабрабыту. Гэта выявілася ў яго творах: «Слова пра Ламаносава» (1780), «Ліст да сябра...» (1782), ода «Вольнасць» (1783, распаўсюджвалася ў спісах, выд. 1906), аповесць «Жыціе Фёдара Васілевіча Ушакова» (1789). Гал. праца — кн. «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» (забаронена, б.ч. тыражу знішчана, распаўсюджвалася ў спісах; выд. 1858 у Лондане, у Расіі з цэнзурнымі папраўкамі ў 1868, поўн. выд. 1905). У ёй узнята шырокае кола ідэй рас. асветніцтва, паказана жыццё народа, рэзкае выкрыццё прыгонніцтва і самадзяржаўя, тэмы нар. бунту і неабходнасці грамадскіх пераўтварэнняў. Аўтар паэм «Бава» (нясконч., канец 1790-х г.), «Песні, што праспяваны на спаборніцтвах у гонар старажытным славянскім бажаствам» (не завершана), «Песня гістарычная» (усе выд. 1807), твораў філас.-публіцыст. «Гутарка пра тое, што ёсць сын айчыны» (1789), «Пра чалавека, пра яго смяротнасць і бессмяротнасць» (1792, выд. 1809), літ.-крыт. «Помнік дактылахарэічнаму віцязю...» (1801, выд. 1811), дзённікаў («Запіскі падарожжа ў Сібір», выд. 1906; «Запіскі падарожжа з Сібіры», выд. 1907) і інш. Як філосаф Р. прызнаваў рэальнасць матэрыяльнага, рэчыўнага. У яго разуменні, калі Бог — духоўны абсалют, усёмагутны ўладкавальнік свету, тады Бог — гэта Прырода, якая ўсёмагутная, абсалютная. Людзі — блізкія ўсяму прыроднаму. Адначасова падкрэсліваў асаблівасці чалавека — розум, распазнавальнасць дабра і зла, бязмежная здольнасць да ўдасканалення, мова, здольнасць да прац. дзейнасці; чалавек фарміруецца ў грамадстве пад уплывам выхавання, прыроды, рэчаў. Грамадскі дабрабыт, паводле Р., звязаны з рэалізацыяй натуральных правоў, у якіх адлюстраваны натуральныя імкненні чалавека, а шлях прагрэсу ён бачыў праз радыкальнае пераўтварэнне грамадства. Ідэі Р. значна паўплывалі на А.Пушкіна, дзекабрыстаў, рус. паэзію і развіццё рэалізму ў рус. л-ры.
Тв.:
Полное собр. соч. Т. 1—3. М.; Л., 1938—52;
Стихотворения. Л., 1975;
Избр. Куйбышев, 1982.
Літ.:
Шторм Г. Потаенный Радищев. М., 1974;
Кулакова Л.И., Западов В.А. А.Н.Радищев «Путешествие из Петербурга в Москву»;
Коммент. Л., 1974;
А.Н.Радищев и литература его времени: Сб. ст.Л., 1977;
Шкуринов П.С. А.Н.Радищев: Философия человека. М., 1988;
Зеньковский В.В. История русской философии. Л., 1991. Т. 1, ч. 1. С. 96—104.