далуча́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Прызначаны для далучэння. Далучальны ланцуг.

2. У граматыцы — які з’яўляецца дапаўненнем, дадаткам да чаго‑н. Далучальныя сказы. // Які служыць для далучэння. Далучальны злучнік. // Заснаваны на спосабе далучэння, прыбаўлення. Далучальная сувязь сказаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

СКАЗ,

1) у мовазнаўстве — камунікатыўна-сінтаксічная адзінка, якая складаецца са спалучэння слоў ці асобнага слова і служыць для выражэння думкі або пачуцця.

Гал. асаблівасці С. — камунікатыўнасць, прэдыкатыўнасць, грамат. аформленасць, сэнсавая і інтанацыйная закончанасць. Камунікатыўнасць заключаецца ў тым, што С. служыць асн. сродкам моўных зносін, прызначаны для паведамлення пра з’явы і падзеі аб’ектыўнай рэчаіснасці. Прэдыкатыўнасць выражае ацэнку рэчаіснасці, паказвае, што сцвярджаецца або адмаўляецца ў С. Яна рэалізуецца пры дапамозе сінтакс. мадальнасці і сінтакс. часу, якія вызначаюць адносіны таго, пра што паведамляецца, да рэчаіснасці і канкрэтнага часу (цяперашняга, прошлага, будучага) і выражаюцца дзеяслоўнымі катэгорыямі ладу, часу і асобы, а пры іх недастатковасці або адсутнасці — мадальнымі словамі, часціцамі, інтанацыяй.

Словы і спалучэнні слоў у С. заўсёды граматычна арганізаваны сінтакс. сувязямі і адносінамі ў цэласнае адзінства, якое змяшчае асобную думку, пачуццё і вызначаецца адноснай сэнсавай і інтанацыйнай закончанасцю: «Лёгкі ветрык чуць прыкметна збажыну калыша» (Я.​Купала). У залежнасці ад колькасці прэдыкатыўных асноў (адна ці болей) дзеляцца на простыя сказы і складаныя сказы. Пэўным чынам арганізаваная паслядоўнасць С. стварае звязны тэкст, які ляжыць у аснове твораў маст., публіцыстычнай і інш. л-ры.

2) У музыцы — найбольшая частка перыяду, якая заканчваецца кадэнцыяй. Звычайна існуе як частка цэлага, зрэдку набывае самаст. значэнне (у незамкнутай гал. партыі санатнай формы). У простай 3-часткавай форме С. можа выконваць функцыю перыяду як формы яе частак. Паводле канцэпцыі класічнай ням. муз.-тэарэт. школы (Г.​Рыман), усякая 1-часткавая пабудова без кадэнцыі ў сярэдзіне яе з’яўляецца С., у гэтым выпадку перыяд, што не падзяляецца на С., трактуецца як С.

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986;

Гл. да арт. Форма музычная.

Л.​І.​Бурак (мовазнаўства).

т. 14, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сі́нтаксіс, -а і -у, м.

1. -у. Уласцівыя пэўнай мове спосабы спалучэння слоў у словазлучэнні і сказы, а таксама раздзел граматыкі, які вывучае сістэму моўных катэгорый, звязаных са спалучэннем слоў і будовай сказаў.

С. беларускага простага сказа.

2. -а. Падручнік, кніга, прысвечаныя вывучэнню такога раздзела граматыкі (разм.).

Купіць «Сінтаксіс беларускай мовы».

|| прым. сінтаксі́чны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

чаму́¹, прысл.

1. пыт. 3 якой прычыны.

Ч. ты спазніўся?

2. адноснае. Ужыв. ў якасці злучальнага слова ў дапаўняльных сказах і адпавядае словам: па якой прычыне.

Маці даведалася, ч. сын спазніўся.

3. у знач. злуч. Далучае сказы са знач. выніку і адпавядае словам: таму, у выніку гэтага.

Бацька захварэў.

Вось ч. не паехаў у горад.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ПУБЛІЦЫСТЫ́ЧНЫ СТЫЛЬ,

адзін з кніжных стыляў мовы, які выкарыстоўваецца ў газетах, грамадска-паліт. і літаратурна-мастацкіх часопісах, у агітацыйна-прапагандысцкіх выступленнях, на радыё і тэлебачанні. Асн. жанры: рэпартаж, нарыс, нататка, інтэрв’ю, памфлет, хроніка, фельетон. Выконвае 2 асн. функцыі: інфарматыўную і ўплывовую. Яму ўласцівы: дакументальна-факталагічная дакладнасць, лагічнасць, накіраванасць на чытача (слухача), вобразнасць, экспрэсіўнасць, выразнасць. Тэматычна неабмежаваны, таму ў ім выкарыстоўваюцца разнастайныя моўныя адзінкі: грамадска-паліт. лексіка і фразеалогія, ацэначныя словы, прыказкі, прымаўкі, крылатыя словы, сінтакс. канструкцыі з ярка выражанай экспрэсіяй (рытарычныя пытанні, звароты, паўторы, сказы-заклікі) і інш. У П.с. могуць быць выкарыстаны моўныя сродкі інш. стыляў.

Літ.:

Каўрус А.А. Стылістыка беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1992;

Костомаров В.Г. Языковой вкус эпохи. М., 1994;

Плещенко Т.П., Федотова Н.В., Чечет Р.Г. Основы стилистики и культуры речи. Мн., 1999.

Р.​Р.​Чэчат.

т. 13, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

прасвятлі́ць, ‑святлю, ‑светліш, ‑светліць; зак., што.

1. Спец. Зрабіць светлым ці больш светлым. Прасвятліць вадкасць рзактывамі.

2. перан. Зрабіць ясным, зразумелым; высветліць. [Рыгор Данілавіч:] — Ён прасвятліў сюжэт, выраўняў стыль, павыкідаў усе падсобныя сказы. Хведаровіч. Але прасвятліць што-небудзь не ўдалося і .. [хлопцам]. Сяргей Бярозка знік бясследна... Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хаця́ (разм.).

1. злуч. уступальны. Падпарадкоўвае даданыя ўступальныя сказы, выступаючы са знач.: нягледзячы на тое, што.

Сонца грэла моцна, х. была ўжо восень.

2. часц. узмацн.-вылуч. Ужыв. са знач.: самае меншае, ва ўсякім выпадку.

Вы ж х. не спазняйцеся.

3. часц. ўзмацн.-абмежавальная (звычайна ў спалучэнні з часціцай «б»). Ужыв. са знач.: нічога больш, акрамя гэтага, усяго толькі.

Х. б глыточак вады глынуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ЕГІ́ПЕЦКАЯ МО́ВА,

асобная галіна семіта-хаміцкіх моў (разам з копцкай мовай). З 5 ст. — мёртвая. Была пашырана на тэр. сучаснага Егіпта, выцеснена егіпецкім дыялектам арабскай мовы. Падзяляецца на стараж.-егіпецкую (32—22 ст. да н.э.), сярэднеегіпецкую і класічную (22—14 ст. да н.э.), новаегіпецкую (14—7 ст. да н.э.), дэматычную (7 ст. да н.э. — 5 ст. н.э.). Усе звесткі пра Е.м. прыблізныя, што тлумачыцца складанасцю пісьма.

У фанетыцы вядомы зычныя і галосныя (на пісьме не абазначаліся) гукі. Націск — на апошнім ці перадапошнім складзе. У марфалогіі назоўнік меў мужч. і жан. род, адз., парны і мн. лік; склоны выражаліся аналітычна. Прыметнікі падзяляліся на якасныя і адносныя (нісбі), лічэбнікі — на колькасныя і парадкавыя. Дзеясловы мелі незалежны і залежны стан, загадны і неазначальны лад; катэгорыя часу ў ранні перыяд Е.м. адсутнічала. У сінтаксісе асновай класіфікацыі сказаў быў выказнік; адрозніваліся дзеяслоўныя і недзеяслоўныя сказы. Першыя пісьмовыя помнікі, напісаныя егіпецкім пісьмом, датуюцца канцом 4 — пач. 3-га тыс. да н.э.

т. 6, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛУ́ЧНІК,

службовае слова ці спалучэнне слоў, якое злучае члены сказа, часткі складанага сказа ці цэлыя сказы; не мае самаст. лексічнага значэння.

У сучаснай бел. мове паводле марфалаг. складу З. падзяляюцца на простыя (невытворныя «а», «і», «ды», «бо», «ці», вытворныя «што», «толькі», «бо», «аж», «дый») і састаўныя («таму што», «як быццам», «для таго каб»); паводле сінтакс. функцыі — на злучальныя (звязваюць раўнапраўныя сінтакс. адзінкі) і падпарадкавальныя (звязваюць сінтакс. адзінкі, з якіх адна паясняе другую). Сярод злучальных вылучаюцца спалучальныя («і», «ды», «дый», «таксама»), супастаўляльныя («а», «але», «ды», «аднак») і пералічальна-размеркавальныя («ці-ці», «ні-ні», «то-то»); сярод падпарадкавальных — часавыя («калі», «пакуль», «як толькі»), умоўныя («калі 6», «каб», «раз»), прычынныя («бо», «таму што»), мэтавыя («каб», «абы», «для таго каб»), уступальныя («хоць», «няхай»), выніковыя («так што») і параўнальныя («як», «бы», «нібыта»), У ролі З. бываюць і злучальныя словы — займеннікі і прыслоўі («які», «дзе», «што»).

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

П.​П.​Шуба.

т. 7, с. 93

т. 7, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАМАРФІ́ЗМ у мовазнаўстве,

падабенства ў арганізацыі плана выражэння і плана зместу мовы або паралелізм у кампанентнай будове знешняй гукавой формы мовы і семантыкі. Найперш гэтае падабенства праяўляецца ў суадносных структурах, якімі аб’ядноўваюцца адзінкі плана выражэння (гукі — у склады) і адзінкі плана зместу (словы — у словазлучэнні і сказы). Паралелізм назіраецца і ў вылучэнні гал. і залежных кампанентаў у вызначаных спалучэннях. Напр., у складзе гал. з’яўляюцца галосныя (па іх колькасці вызначаецца колькасць складоў у слове), а залежнымі — зычныя гукі. У словазлучэннях гал. тыя лексемы, якія граматычна падпарадкоўваюць інш.; у сказе гал. кампанентам з’яўляецца выказнік, або структурнае ядро сказа. І. адзначаецца і ў суадноснасці абстрактных адзінак плана выражэння і плана зместу. Паслядоўнасць адцягненых адзінак плана выражэння (дыферэнцыяльная прыкмета, фанема, склад, фаналагічнае слова) адпавядае паслядоўнасці адзінак плана зместу (сема, семема, значэнне слова, сказ). Вывучэнню І. прысвечаны працы дацкага лінгвіста Л.​Ельмслева, польск. мовазнаўца Е.​Курыловіча і інш.

Літ.:

Курилович Е. Понятие изоморфизма...: Пер. с пол. // Общее языкознание. 2 изд. Мн., 1987.

т. 7, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)