ПСКО́ЎСКАЯ ШКО́ЛА ЖЫ́ВАПІСУ,

адна са школ стараж.-рус. мастацтва. Склалася ў г. Пскоў; росквіту дасягнула ў 14—15 ст. Творы вылучаюцца павышанай экспрэсіяй вобразаў, падкрэсленасцю блікаў, выразнасцю мазка: фрэскі сабора Раства Багародзіцы Снетагорскага манастыра (1313) і царква Успення ў Мялётаве (1465), абразы «Сабор Маці Божай» і «Параскева Пятніца, Варвара і Ульяна» (2-я пал. 14 ст.). На мяжы 15—16 ст. заняпала.

Пскоўская школа жывапісу. Параскева Пятніца, Варвара і Ульяна. 2-я пал. 14 ст.

т. 13, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДУЭ́Н-МАНСА́Р ((Hardouin-Mansart; уласнае Ардуэн) Жуль) (16.4.1646, Парыж — 11.5.1708),

французскі архітэктар. Вучань Ф.Мансара. Кіраваў перабудовай каралеўскага палаца ў Версалі (1678—89), стварыў (з Ш.​Лебрэнам) шэраг інтэр’ераў, у т. л. Люстраную галерэю з заламі Міру і Вайны (1678—86), пабудаваў замак Кланьі (1676—83), палац Вялікі Трыанон (1687). Аўтар планіроўкі і забудовы Вандамскай пл. (1685—1701), пл. Перамогі (1685—86), Сабора інвалідаў (1680—1706, усе ў Парыжы). У творчасці Ардуэна-Мансара архітэктура франц. класіцызму дасягнула вышэйшага росквіту.

т. 1, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЗМІН (Іван Арцёмавіч) (? — каля 1696),

рускі жывапісец. Вучыўся ў Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля (1662—67), з 1685 узначальваў яе жывапісную майстэрню. Ствараў жывапіс «па тафтах» (абразы, адзенне на якіх выканана аплікацыяй з шоўку), размалёўваў пячную кафлю, браціны, падсвечнікі, сцягі-харугвы, вялікі ліхтар Успенскага сабора (1672). Аўтар абразоў: «Страшны суд» (1682—83), «Распяцкая царква Маскоўскага Крамля», «Зняцце з крыжа» і «Уваскрэсенне» (разам з Б.​Салтанавым), парсуны «Патрыярха Нікана» (каля 1683). Як узнагароду за мастацтва атрымаў дваранскі тытул (1679).

т. 2, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДЭ́РНА ((Maderna) Карла) (1556, Капалаго, каля г. Лугана, Швейцарыя — 30.1.1629),

італьянскі архітэктар; прадстаўнік стылю барока. Працаваў у Рыме (з 1588). Творы М. адметныя пышнасцю дэкору і прасторавай пабудовы інтэр’ераў: царква Санта-Сусана (1596—1603), палацца Матэа ды Джове (1606—16) і Барберыні (з 1625, завяршылі Л.​Берніні і Ф.​Бараміні). Кіраваў буд-вам сабора св. Пятра (з 1603), змяніў план Мікеланджэла — падоўжыў гал. неф і збудаваў гал. фасад.

К.Мадэрна. Фасад царквы Санта-Сусана ў Рыме. 1596—1603.

т. 9, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́СНІК,

імя рускіх дойлідаў (ці дойліда) сярэдзіны 16 ст. Поснік Якаўлеў, «царкоўны і гарадавы майстар» у Пскове. Работы: праслы паўд. сцен і шэраг вежаў (у т. л. Спаская) крамля (1556—62) і Дабравешчанскі сабор (1562) у Казані (абедзве пабудовы з І.​Шыраем). Яму прыпісваецца таксама буд-ва Успенскага сабора (1560) Успенскага манастыра ў г. Свіяжск. Другі П. — будаўнік (разам з Бармам) Васіля Блажэннага храма (1555—60) у Маскве. Ёсць меркаванні пра ідэнтычнасць абодвух П., а таксама П. і Бармы.

т. 12, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРО́ПАЎ (Аляксей Пятровіч) (25.3.1716, С.-Пецярбург — 23.6.1795),

рускі жывапісец-партрэтыст. Вучыўся ў «Канцылярыі ад будаўніцтва» ў Пецярбургу (з 1732) у А.М.Мацвеева, з 1739 працаваў там у «жывапіснай камандзе» ў І.​Я.​Вішнякова. Удзельнічаў у размалёўцы палацаў у Пецярбургу (1744—50), яго прыгарадах і ў Маскве, Андрэеўскага сабора ў Кіеве (1752—55). Партрэты Антропава часткова звязаны з традыцыямі парсуны, жывапіснымі прыёмамі барока, адметныя праўдзівасцю характарыстык (А.​Ізмайлавай, 1759, атамана Ф.​І.​Краснашчокава, 1761, Пятра III, 1762, і інш.).

А.Антропаў. Партрэт А.​Ізмайлавай. 1759.

т. 1, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНІІ́Л ЧО́РНЫ (каля 1360—1430),

рускі жывапісец. Разам са сваім сябрам А.Рублёвым і інш. майстрамі працаваў ва Уладзімірскім Успенскім саборы (1408) і Троіцкім саборы Троіца-Сергіевай лаўры ў Загорску (1420-я г.). Яму прыпісваецца ўдзел у выкананні часткі размалёвак і некат. абразоў для гэтых сабораў.

Літ.:

Грабарь И.Э. О древнерусском искусстве. М., 1966;

Лазарев В.Н. Андрей Рублев и его школа. М., 1966.

Данііл Чорны і А.​Рублёў. Апосталы Павел і Пётр з групай святых. Фрагмент фрэскі Успенскага сабора ва Уладзіміры. 1408.

т. 6, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРНО́ЛЬД БРЭШЫЯ́НСКІ, Арнальда Брэшыянскі (лац. Arnoldus de Brixia, італьян. Arnaldo da Brescia; каля 1100, г. Брэша, Італія — 18.6.1155),

італьянскі паліт. і царкоўны рэфарматар. Вучань П.Абеляра. У 1137 узначаліў барацьбу жыхароў Брэшы супраць епіскапа — сеньёра горада. Рашэннем Усяленскага сабора 1139 выдвараны з Італіі. За крытыку духавенства выгнаны з Францыі, Цюрыха. Вярнуўшыся ў Рым (1145), удзельнічаў у кіраванні Рымскай рэспублікай (1143—55), створанай у выніку антыпапскага паўстання, выступіў як ідэолаг барацьбы рымлян за захаванне рэспублікі, пазбаўленне духавенства ўласнасці і свецкай улады. Паводле распараджэння папы пакараны смерцю.

т. 1, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́РДУНГ, Фірдунг (Virdung) Себасцьян (вядомы таксама як Гроп; Grop; 19 ці 20.1.1465 — ?), нямецкі муз. тэарэтык, кампазітар, спявак. Вучыўся ў Гейдэльбергскім ун-це (відаць, з 1483). З 1506 спявак пры двары герцага Вюртэмбергскага, з 1507 кантар сабора ў Канстанцы. У 1511 (верагодна) служыў у Базелі. Аўтар аднаго з першых трактатаў на ням. мове «Музыка, вывучаная і сцісла выкладзеная Себасцьянам Фірдунгам...» (Базель, 1511; перакладзены на некалькі моў), у якім сабраны і сістэматызаваны звесткі пра муз. інструменты, выкладзены прынцыпы натацыі і муз. выканальніцтва. Захаваліся «Гімн дзеве Марыі» на 4 галасы, чатыры 4-галосыя песні.

т. 4, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАКУ́М (Пятровіч) (1620 або 1621—14.4.1682),

пратапоп, адзін з заснавальнікаў рус. стараверства (гл. Раскол), пісьменнік. У 1646—47 чл. «Гуртка рупліўцаў набожнасці». У 1652 пратапоп у г. Юр’евец Павольскі, потым святар Казанскага сабора ў Маскве. Выступаў супраць рэформаў патрыярха Нікана, за што неаднаразова быў сасланы ў Табольск, Даурыю, Мезень. У 1667 асуджаны на царк. саборы і сасланы ў Пустазерскі астрог. Аўтар «Жыція пратапопа Авакума» (1672—75), «Кнігі гутарак» (1669—75), «Кнігі тлумачэнняў» (1673—76), «Кнігі выкрыванняў» (1679), «Слоў плачэўных» (1676) і інш. Паводле царскага ўказа спалены.

т. 1, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)