узго́рысты, ‑ая, ‑ае.

Пакрыты ўзгоркамі, з вялікай колькасцю ўзгоркаў. Узгорысты востраў. Узгорысты рэльеф. □ Праскочылі Прыпяць, праскочылі ўтульны ўзгорысты Мазыр. Караткевіч. Хочацца вось так, дыхаючы на ўсе грудзі, ісці прасёлкавай дарогай, глядзець на лес, па ўзгорыстае шэрае поле. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГІПСАМЕТРЫ́ЧНЫЯ КА́РТЫ,

карты, на якіх адлюстраваны рэльеф у выглядзе гарызанталей з расфарбоўкай па вышынных ступенях. Рэльеф паказваецца спосабам умоўных сячэнняў лініямі роўных вышынь (гарызанталямі або ізагіпсамі). Яны праводзяцца праз розныя вышынныя інтэрвалы ў залежнасці ад характару рэльефу, маштабу і прызначэння карты. Найб. пашырана шкала афарбоўкі, дзе выкарыстоўваецца карычневы колер, які згушчаецца з нарастаннем вышыні. Упершыню рэльеф тэр. Беларусі паказаны на гіпсаметрычнай карце Еўрап. Расіі, складзенай рус. Картографам А.​А.​Ціло ў 1889 у маштабе 1: 2 520 000.

т. 5, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

рэлье́фны

(ад рэльеф)

1) які выступае над паверхняй, выпуклы;

2) перан. выразны, ясны.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

КРЫЯГЕ́ННАЯ МОРФАСКУЛЬПТУ́РА,

гл. Мярзлотны рэльеф.

т. 8, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

арагра́фія

(ад гр. oros = гара + -графія)

раздзел фізічнай геаграфіі, які вывучае рэльеф зямной паверхні.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

палеагеамарфало́гія

(ад палеа- + геамарфалогія)

раздзел геамарфалогіі, які вывучае рэльеф Зямлі ў мінулыя геалагічныя эпохі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

МАРСКІ́Я КА́РТЫ.

Адлюстроўваюць рэльеф марскога дна і адзнакі глыбінь, склад грунтоў, берагавую лінію, рэльеф і прыкметныя прадметы на беразе, марскія шляхі, навігацыйныя небяспечнасці (водмелі, рыфы, скалы, буруны і інш.), навігацыйнае абсталяванне (маякі, створныя знакі і інш.), звесткі пра магнітнае схіленне, элементы гідралогіі (цячэнні, прылівы, граніцы льдоў і інш.). Прызначаны для забеспячэння суднаходства, вывучэння і выкарыстання рэсурсаў Сусветнага акіяна.

т. 10, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАНАРЭЛЬЕ́Ф (ад нана... + рэльеф),

дробныя формы рэльефу (выш. да некалькіх дзесяткаў сантыметраў), якія ўзнікаюць у выніку экзагенных (суфазійна-карставых, тэрмакарставых, эразійных, эолавых і інш.) і глебаўтваральных працэсаў, а таксама ў выніку дзейнасці жывёл-землярыяў і антрапагенных уздзеянняў на рэльеф (буд-ва, узорванне зямель і інш.). Характэрны кароткачасовасць такіх форм рэльефу (сезон, радзей некалькі гадоў), іх перабудова. Гл. таксама Мікрарэльеф.

т. 11, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

геамарфало́гія

(ад геа- + марфалогія)

навука, якая вывучае рэльеф паверхні Зямлі, яго паходжанне, гісторыю развіцця і гаспадарчае выкарыстанне.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

МУСАЛА́,

вяршыня ў гарах Рьыа, у Балгарыі, найб. высокая на Балканскім п-ве (2925 м). Горналедавіковы рэльеф. Складзена з гранітаў. Метэастанцыя. Турызм, альпінізм.

т. 11, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)