ГЕШТАЛЬТПСІХАЛО́ГІЯ (ад ням. Gestalt форма, цэласнасць + псіхалогія),

кірунак зах. псіхалогіі, які ўзнік у Германіі ў 1-й трэці 20 ст. і прытрымліваўся прынцыпу цэласнасці пры аналізе складаных псіх. працэсаў. Першаснымі, асн. элементамі псіхікі гештальтпсіхалогія лічыць своеасаблівыя цэласныя структуры, вобразы (гештальты), абапіраючыся на ўяўленні аб «гештальтякасці» як уласцівасці цэлага, якое захоўваецца пры змяненні асобных яго частак (напр., мелодыя, што прайграецца ў розных танальнасцях і інш.). Паводле гештальтпсіхалогіі, аналіз частак не можа прывесці да разумення цэлага, паколькі цэлае вызначаецца не сумай, а ўзаемадзеяннем і ўзаемазалежнасцю яго асобных частак. Заснавальнікамі і гал. прадстаўнікамі гештальтпсіхалогіі з’яўляюцца М.​Вертгаймер, В.​Кёлер, К.​Кофка, К.​Дункер, К.​Левін і інш. Напачатку гештальтпсіхалогія склалася на аснове даследавання зрокавага ўспрымання, потым пашырыла свае ідэі на вывучэнне мыслення, памяці, псіхалогіі развіцця асобы і сац. групы, на даследаванне фіз., фізіял. і нават эканам. праблем. Гештальтпсіхалогія ўнесла ў псіхал. навуку структурны прынцып, а гэта, паводле рас. псіхолага Л.Выгоцкага, «вялікая непахісная заваёва тэарэтычнай думкі».

Літ.:

Коффка К. Основы психического развития: Пер. с нем. М.; Л., 1934;

Вертгеймер М. Продуктивное мышление: Пер. с нем. М., 1987;

Гештальт’94: Сб. материалов Моск. Гештальтин-та за 1994 г. Мн., 1995;

Köhler W. Gestalt-psychology. New York, 1929;

Koffka K. Principles of gestalt psychology. New York, 1935.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 5, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

інтраве́рт

(англ. introvert, ад лац. intro = унутр + vertere = паварочваць)

псіх. чалавек, псіхічны склад якога характарызуецца засяроджанасцю на сваім унутраным свеце, замкнутасцю (проціл. экстраверт).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

kompleks, ~u

м. комплекс;

kompleks architektoniczny — архітэктурны ансамбль;

kompleks witamin — комплекс вітамінаў;

kompleks niższości — псіх. комплекс непаўнавартасці

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

дысацыя́цыя

(лац. dissociatio = раз’яднанне, раздзяленне)

1) хім. распад малекул на некалькі больш простых элементаў (атамы, радыкалы, іоны);

2) псіх. парушэнне звязнасці псіхічных працэсаў (проціл. асацыяцыя 3).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

экстраве́рт

(англ. extravert, ад лац. extra = па-за + vertere = паварочваць)

псіх. чалавек, псіхічны склад якога характарызуецца накіраванасцю на знешні свет, на кантакты з людзьмі (проціл. інтраверт).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

аперцэ́пцыя

(ад лац. ad = да + перцэпцыя)

1) псіх. залежнасць успрыняцця чалавекам прадметаў і з’яў аб’ектыўнага свету ад папярэдняга індывідуальнага вопыту, ранейшых уяўленняў і запасу ведаў;

2) філас. усведамленне самога сябе, пазнанне праз розум уласнага стану.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

аўтаматы́зм

(гр. automatismos = самачынны)

1) псіх. дзеянні, якія выпрацоўваюцца ў выніку трэніроўкі і ажыццяўляюцца амаль без кантролю свядомасці (навыкі, звычкі);

2) фізіял. здольнасць некаторых органаў жывёл (напр. сэрца) выяўляць актыўнасць пад уплывам стымулаў, якія ўзнікаюць у іх саміх.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ажыта́цыя

(фр. agitation, ад лац. agitatio = прывядзенне ў рух)

1) уст. узбуджаны стан, моцнае хваляванне;

2) псіх. ненатуральная рэакцыя чалавека ў адказ на небяспеку для жыцця, аварыйную сітуацыю і інш.; выяўляецца ў форме моцнай трывогі, нярэдка ўспрымаецца як разгубленасць.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ЛЁГКАЯ МУ́ЗЫКА,

умоўная назва шырокай сферы муз. жанраў, прызначаных пераважна для развесялення. Лёгкадаступная для ўспрымання шырокімі масамі слухачоў. Для яе характэрны дэмакр. інтанацыйная мова, прастата муз. формы, рэльефнасць вобразна-эмацыянальнага зместу. Л.м. звычайна проціпастаўляюць «сур’ёзнай», класічна арыентаванай музыцы. Узоры Л.м. ў розны час стварылі І.​Ланер, бацька і сын Штраусы, Ж.​Афенбах, І.​Дунаеўскі і інш. Са сферай Л.м. перакрыжоўваюцца традыц. муз. жанры: ад масава-быт. песні да аркестравых сюіт, фантазій, папуры, аперэт і нават опер («Маленькая начная серэнада» В.​А.​Моцарта, фп. рапсодыі Ф.​Ліста, вальсы з балетаў і арыі з опер П.​Чайкоўскага, «Рэгтайм» І.​Стравінскага, «Пушкінскія вальсы» С.​Пракоф’ева, «Святочная уверцюра» Дз.​Шастаковіча, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў Г.​Свірыдава і інш.). У муз. культуры 2-й пал. 20 ст. Л.м. цесна ўзаемадзейнічае з эстраднай музыкай (джаз, рок, біт і інш.), часам яе атаясамліваюць з поп-музыкай. Л.м. выкарыстоўваецца як аптымізуючы псіхал. фактар у вытворчасці (функцыян. музыка) і ў мед. мэтах (псіх. рэлаксацыя, муз. тэрапія). У апошні час сфера Л.м. імкліва пашыраецца, істотна ўплывае на фарміраванне муз.-эстэт. густаў слухачоў. На Беларусі ў галіне Л.м. працуюць кампазітары У.​Буднік, Э.​Зарыцкі, Л.​Захлеўны, В.​Іваноў, І.​Лучанок, У.​Мулявін, В.​Раінчык, Э.​Ханок і інш. Да Л.м. можна аднесці шэраг п’ес бел. кампазітараў, якія не задуманы як масавыя, але сталі імі дзякуючы яркай вобразнасці, меладызму, рэльефнасці муз. формы (сімф. мініяцюры «Мушкецёры» і «Сувеніры», фрагменты з балетаў Я.​Глебава, вальсы і мазурка з музыкі А.​Багатырова да драмы М.​Лермантава «Маскарад», фрагменты з балетаў Г.​Вагнера, праграмныя п’есы, у т. л. для аркестра нар. інструментаў А.​Мдывані і інш.).

Літ.:

Сохор А.Н. О массовой музыке // Сохор АН. Вопросы социологии и эстетики музыки. Л., 1980.

т. 9, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСІХАЛІНГВІ́СТЫКА (ад псіха... + лінгвістыка),

навука пра маўленчую дзейнасць, працэсы спараджэння і ўспрымання маўлення. Даследуе прычыны паталогіі маўленчай дзейнасці, дзіцячае маўленне, займаецца мадэліраваннем працэсаў спараджэння і ўспрымання маўлення, пытаннямі двухмоўя, вывучэння роднай і замежных моў і інш. Маўленчая дзейнасць цесна і арганічна спалучаецца з усімі інш. відамі разумовай, духоўнай, псіх., біял. дзейнасці чалавека. Кіраванне імі ажыццяўляецца нервовай сістэмай, у прыватнасці, карой галаўнога мозга; звязвальным ланцугом выступае маўленне, псіхал. механізмы якога знаходзяцца ў найб. важных і развітых зонах гэтай кары. Найб. істотны сродак ператварэння думкі ў выказванне і выказвання ў думку — унутр. маўленне. Пры пашкоджанні (кровазліццё, страсенне, раненне) участкаў мозга, дзе знаходзяцца моўныя механізмы, у чалавека адзначаюцца розныя віды афазіі: ад лёгкага заікання да поўнай страты мовы. Рэакцыі чалавека, які ўспрымае мову, могуць быць фізіял. (змена частаты пульсу, пашырэнне зрэнак вачэй і інш.) і моўнымі. Улік і вывучэнне гэтых рэакцый дазваляе даследаваць будову мовы і свядомасці, што аперыруе ёй. П. займаецца таксама прыкладнымі праблемамі: распрацоўка эфектыўных прыёмаў моўнага ўздзеяння на адрасатаў (аптымальная арганізацыя сродкаў масавай інфармацыі, рэкламы, прапаганды і інш.), лячэнне афазіі, распрацоўка пытанняў, звязаных са зносінамі людзей, людзей з машынамі, прыняцце правільных каманд і рашэнняў у сістэме кіравання.

П. бярэ пачатак ад вучэння В.​Гумбальта, яго паслядоўнікаў Г.​Штайнталя і А.​Патабні пра мову як псіхал. з’яву. На Беларусі псіхалінгвістычныя даследаванні мовы звязаны з дзейнасцю Л.​Выгоцкага, Л.​Шчэрбы. Псіхал. аспекты мовы вывучаліся і вывучаюцца ў БДУ (А.​Супрун, А.​Цітова і інш.), Мінскім лінгвістычным ун-це (Г.​Кліменка і інш.).

Літ.:

Щерба Л.В. Языковая система и речевая деятельность. Л., 1974;

Слобин Д., Грин Дж. Психолингвистика: Пер. с англ. М., 1976;

Выготский Л.С. Мышление и речь // Собр. соч. М., 1982. Т. 2;

Цітова А.І. Асацыятыўны слоўнік беларускай мовы. Мн., 1981;

Клименко А.П. Психолингвистика. Мн., 1982;

Супрун А.Е. Лекции по теории речевой деятельности. Мн., 1996.

Б.​А.​Плотнікаў.

т. 13, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)