АДЭНАКАРЦЫНО́МА (ад адэна... + грэч. karkiōma пухліна),
залозісты рак, злаякасная пухліна, якая можа развівацца з залозістага эпітэлію. Гісталагічна выяўляюцца ўнутрыклетачныя парушэнні ядзерна-плазматычных суадносін (павелічэнне ядра), полімарфізм клетак і інш. Характарызуецца інвазіўным ростам — за межы базальнай мембраны, без пэўнай мяжы. Найб. частыя адэнакарцынома малочнай залозы, страўніка, кішэчніка. Лячэнне камбінаванае: хіміка-прамянёвая тэрапія і хурургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
актына-
(гр. aktis, -inos = прамень)
першая састаўная частка складаных слоў, якая выражае паняцці «праменны», «прамянёвая энергія».
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
кінеско́п
(ад гр. kinesis = рух + skopeo = назіраю)
прыёмная электронна-прамянёвая трубка тэлевізара, якая ператварае электрычныя сігналы ў адлюстраванне.
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
ЛЕЙКАПЛАКІ́Я (ад грэч. leucos белы + plakion плітка, пласцінка),
пашкоджанне слізістай абалонкі чалавека ў выніку працяглага ўздзеяння раздражняльнікаў (алкаголь, тытунь, зубныя пратэзы і інш.). Адносіцца да перадпухлінных хвароб. Найчасцей хварэюць мужчыны. Выяўляецца ачагамі шаравата-белага колеру на слізістых абалонках языка, шчок, геніталіяў з нязначнымі ўшчыльненнямі; пры працяглым існаванні адбываецца патаўшчэнне слізістай абалонкі, сасочкавыя разрастанні, магчымы пераход у плоскаклетачны рак. Лячэнне тэрапеўтычнае, хірургічнае, прамянёвая тэрапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЯЛІ́ВА»,
прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся каля 350 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Абрамовічы, Глябовічы, Дарагастайскія, Забярэзінскія, Манівідавічы, Сяняўскія, Тарноўскія, Тышкевічы, Чапскія. У блакітным полі залаты маладзік рагамі ўгору, над ім залатая 6-прамянёвая зорка. Клейнод — над прылбіцай з каронай на паўлінавых пёрах такія ж маладзік і зорка. Вядомы з пач. 14 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНУЛЯ́РЫІ (Conulata),
група вымерлых беспазваночных жывёл, якіх адносяць да кішачнаполасцевых. Былі пашыраны ў морах ад ранняга кембрыю да ранняга трыясу. Вялі плаваючы або прымацаваны спосаб жыцця. На Беларусі рэдкія знаходкі К. вядомы з адкладаў верхняга ардовіку, сілуру і дэвону.
Даўж. да 40 см. Шкілет пірамідальны або цыгарападобны, з тонкай, магчыма, эластычнай сценкай. Для элементаў шкілета характэрна 4-прамянёвая сіметрыя. Вяршынная ч., якой К. мацаваліся да субстрату, падзелена папярочнымі перагародкамі на камеры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЭЛО́МНАЯ ХВАРО́БА [ад грэч. myelos (касцявы) мозг + ōma канчатак у назвах пухлін],
міэламатоз, плазмацытома, Рустыцкага—Калера хвароба, злаякасная пухлінная хвароба крывятворных органаў чалавека з дыфузным ці вузлаватым разрастаннем плазматычных клетак. Суправаджаецца болямі ў касцях, спантаннымі пераломамі, дэструкцыяй пазванкоў, ключыц, рэбраў і інш., павялічваюцца селязёнка і печань. Пры М.х. парушаецца бялковы і мінер. абмен, адбываюцца змены. ў крывятворнай, мочавыдзяляльнай сістэмах; у крыві павялічваецца колькасць кальцыю. Лячэнне: цыстастатычныя прэпараты, гармоны, прамянёвая тэрапія, пераліванне крыві.