этнаграфія музычная, этнамузыказнаўства, музычная фалькларыстыка, навуковая дысцыпліна, якая вывучае народную музыку. Знаходзіцца на стыку музыказнаўства, этналогіі (гл.Этнаграфія) і фалькларыстыкі. Этнамузыказнаўчыя даследаванні ўключаюць спецыфічны муз. аналіз, выкарыстоўваюць метады семансіялогіі, герменеўтыкі, лінгвістыкі, сацыялогіі. Першаасновай вывучэння нар. музыкі з’яўляецца яе збіранне і занатоўванне на гуказапісвальнай апаратуры (з 1890-х г.), нотная транскрыпцыя, вызначэнне гукавых сістэм і строю муз. інструментаў.
Як спец. дысцыпліна муз. этнаграфія ўзнікла ў канцы 19 ст. (праграмнае яе абгрунтаванне — Г.Адлера, муз. гукарадаў розных народаў даследаванне — А.Эліс). У пач. 20 ст.еўрап. навука пра муз. фальклор складалася з муз. культуры краіны (муз. фалькларыстыка) і муз. культуры нееўрап. народаў — параўнальнае музыказнаўства. Вял. школа параўнальнага музыказнаўства склалася пры Берлінскім фонаграмархіве (Э.М.Хорнбастэль. К.Штумпф, а таксама В.Віёра, К.Закс, Р.Лахман); другі еўрап. цэнтр — пры Венскім фонаграмархіве (Р.Лах). У 1930—40-я г. у ЗША метады абодвух кірункаў сінтэзаваліся пад агульнай назвай Э. У 1930-я г. сфарміраваліся нац.муз.-этналагічныя школы (Б.В.Я.Бартака. З.Кодая ў Венгрыі. І.Крона ў Фінляндыі і інш.). У сав. музыказнаўчай навуцы пры заснаваным у 1927 Я.Гіпіусам фонаграмархіве АНСССР (з 1938 пры Ін-це рус. л-ры Рас.АН — Пушкінскі Дом) склалася Пецярбургская этнамузыкалагічная школа прынцыпова інтанацыйнага кірунку Б.Асаф’ева (Гіпіус, Ф.Рубцоў, З.Эвальд). Фонаграмархіў стаў цэнтрам збірання, вывучэння і публікацыі муз. фальклору розных народаў, садзейнічаў станаўленню і развіццю нац. этнамузыкалагічных школ у сав. рэспубліках.
Станаўленне і развіццё бел. Э. ў сваіх асн. этапах супадае з развіццём Э. ў інш.слав. краінах: ад ілюстратыўна-этнагр. і прыкладнога аматарскага кірунку да ўласна даследчай навукі. Назапашванне муз. матэрыялу інтэнсіўна адбывалася на Беларусі ў 19 — пач. 20 ст. (зб-кі Я.Чачота, М.Доўнар-Запольскага, З.Радчанка, М.Янчука, Б.Раманава, А.Грыневіча і А.Зязюлі, М.Гарэцкага і Я.Ягорава). Уласна навук. дасягненні звязаны з працамі Янчука (функцыян. сувязі напеваў з этапамі вясельнай абраднасці), М.Нікіфароўскага (сац. статус дудара і музыкі, майстэрства дуды і скрыпкі). Асн. этапы развіцця бел. Э. звязаны з дзейнасцю ў пач. 20 ст. маскоўскай Музычна-этнаграфічнай камісіі (засн. Янчуком), з вылучэннем этнамузыказнаўчай навукі ў самаст. дысцыпліну. Развіццю муз. фалькларыстыкі спрыялі дзейнасць у 1920-я г. Інбелкульта, фалькл. камісіі Прэзідыума АНБССР (узначальваў Я.Колас), працы Р.Шырмы, польскіх і чэш. этнамузыколагаў О.Кольберга, Л.Кубы, К.Машынскага, М.Федароўскага, рас. і ўкр. даследчыкаў В.Бяляева, Я.Гіпіуса, К.Квіткі, Ф.Рубцова, З.Эвальд. Сучасная бел. Э. прадстаўлена 2 навук. цэнтрамі: Ін-там мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі і Бел. акадэміяй музыкі, у якіх сканцэнтраваны навук. сілы вядучых бел. этнамузыколагаў. У ліку найб. буйных іх прац: «Беларуская народная музычная творчасць» Л.Мухарынскай і Т.Якіменка (1993), «Беларуская этнамузыкалогія: нарысы гісторыі (XIX—XX ст.)» пад рэд. З.Мажэйка (1997), трылогія пра ладавыя, рытм. і меладычныя асновы бел. музыкі В.Ялатава (1964, 1966, 1970), «Беларускія народныя музычныя інструменты» І.Назінай (кн. 1—2, 1979—82), манаграфіі пра муз. асаблівасці пэўных рэгіёнаў «Песні беларускага Паазер’я» (1981) і «Песні беларускага Палесся» (вып. 1—2; 1983—84) Мажэйка, «Песні беларускага Панямоння» Т.Варфаламеевай (1998), «Песні беларускага Падняпроўя» Мажэйка і Варфаламеевай (1999), даследаванні бел. эпічнай традыцыі Якіменка, кантавай культуры Беларусі Л.Касцюкавец.
Літ.:
Никифоровский Н.Я. Дудар и музыка // Этногр. обозрение. М., 1892. Кн. 13—14, № 2—3;
Янчук Н. Вступительная записка об изучении народной песни и музыки... // Тр. музыкально-этногр. комиссии. М., 1906. Т. 1;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭМА́ТЫКА (грэч. mathēmatikē ад mathēma веды, навука),
навука пра колькасныя адносіны і прасторавыя формы сапраўднага свету. Узнікла ў старажытнасці з практычных патрэб чалавека. У сувязі з развіццём і запатрабаваннямі тэхнікі і прыродазнаўства разнастайнасць колькасных адносін і прасторавых форм пастаянна пашыраецца і вызначэнне М. ўсё больш узбагачаецца. Паняцці М. абстрагаваныя ад якасных асаблівасцей з’яў і аб’ектаў, што надае агульнасць матэм. паняццям, дазваляе ўжываць іх да розных па сваёй прыродзе з’яў, да фіз., біял., тэхн. і інш. працэсаў. У М. шырока выкарыстоўваюцца працэсы абстрагавання розных ступеняў, а метады атрымання вынікаў заснаваны выключна на базе лагічных меркаванняў (законаў). Матэм. метады важныя ў механіцы, фізіцы, нябеснай механіцы. Выкарыстанне іх у біял. і гуманітарных навуках ажыццяўляецца пераважна праз кібернетыку (для гэтых навук істотнае значэнне мае матэматычная статыстыка). Важную ролю ў развіцці многіх галін навукі і тэхнікі адыгралі дыферэнцыяльныя ўраўненні і вылічальная матэматыка.
Пачатак развіцця М. адносяць да 6—5 ст. да н.э., калі сфармуляваны паняцці цэлага ліку, рацыянальнага дробу, адлегласці, плошчы, аб’ёму, створаны правілы дзеянняў з лікамі, вызначэння плошчаў фігур і аб’ёмаў цел (гл.Вавілона-асірыйская культура, Егіпет Старажытны, Грэцыя Старажытная). Назапашаны матэрыял паступова склаўся ў арыфметыку, вымярэнне плошчаў і аб’ёмаў садзейнічала станаўленню геаметрыі, метады арыфметычных вылічэнняў спарадзілі алгебру, а патрэбы астраноміі — трыганаметрыю. М. ў гэты перыяд яшчэ не была дэдуктыўнай навукай, а ўяўляла сабой збор правіл і прыкладаў рашэння асобных задач. Самастойнай навукай са сваім дакладна акрэсленым метадам і сістэмай асн. паняццяў М. становіцца да сярэдзіны 17 ст. Была створана дзесятковая сістэма лічэння (5 ст., Індыя), метад рашэння лінейных ураўненняў з 2 невядомымі. Узорам матэм. дэдуктыўна пабудаванай тэорыі стала эўклідава геаметрыя, з арыфметыкі паступова вылучылася лікаў тэорыя, створана сістэматызаванае вучэнне аб ліках і вымярэннях, фарміруецца паняцце сапраўднага ліку, развіваецца плоская і сферычная трыганаметрыя, уводзіцца паняцце трыганаметрычных функцый (гл. ў арт.Арабская культура). Значны ўплыў на развіццё М. зрабілі працы Піфагора Самоскага, Эўдокса Кнідскага, Эўкліда, Архімеда, Дыяфанта Александрыйскага, Герона Александрыйскага, Арыябхаты, Ф.Віета, Дж.Кардана і інш. У 17—18 ст. у М. ўводзяцца ідэі руху і змены ў форме пераменных велічынь і функцыянальнай залежнасці паміж імі, ствараецца аналітычная геаметрыя, дыферэнцыяльнае злічэнне, інтэгральнае злічэнне. У 18 ст. ўзнікаюць тэорыя дыферэнцыяльных ураўненняў, дыферэнцыяльная геаметрыя, варыяцыйнае злічэнне і інш. У 19 — пач. 20 ст. М. ўзнімаецца на новыя ступені абстракцыі, ствараюцца неэўклідавы геаметрыі. Развіццё М. гэтага перыяду звязана з імёнамі І.Ньютана, Г.В.Лейбніца, Р.Дэкарта, Б.Паскаля, П.Ферма, сям’і Бернулі, Ж.Л.Лагранжа, Н.Г.Абеля, Ж.Б.Ж.Фур’е, Э.Галуа, Я.Больяй, К.Ф.Гаўса, Г.Ф.Б.Рымана, К.Т.В.Веерштраса, Ж.Адамара, Ж.А.Пуанкарэ, Л.Эйлера, М.І.Лабачэўскага, П.Л.Чабышова, А.А.Маркава, М.В.Астраградскага, А.М.Ляпунова, У.А.Сцяклова і інш. У 20 ст. з’явіліся ці былі развіты новыя матэм. дысцыпліны і кірункі М.: праектыўная геаметрыя, мностваў тэорыя, функцыянальны аналіз, матэматычная логіка, груп тэорыя, імавернасцей тэорыя, тапалогія і інш. Лікавыя метады М. склалі яе самастойную галіну — вылічальную М., стымулявалі развіццё вылічальных машын. «Матэматызацыя» навукі, хуткае развіццё выліч. тэхнікі стымулявалі паяўленне такіх матэм. дысцыплін, як гульняў тэорыя, інфармацыі тэорыя, графаў тэорыя, дыскрэтная матэматыка, тэорыя аптымальнага кіравання. Значным укладам у М. былі працы Н.Бурбакі, Г.Кантара, М.У.Келдыша, А.М.Калмагорава, М.М.Крылова, М.М.Багалюбава, М.А.Лаўрэнцьева, Л.С.Пантрагіна і інш.
На Беларусі даследаванні па М. пачаліся ў 1920-я г., праводзіліся ў БДУ, БСГА, АН Беларусі, Віцебскім пед. ін-це і інш.Асн. кірункамі даследаванняў былі: дыферэнцыяльныя ўраўненні; геаметрыя, алгебра; тэорыі функцый рэчаіснай і комплекснай пераменных; лікавыя і графічныя метады, набліжаныя метады ў алгебры; тэорыя імавернасцей і матэм. статыстыка, матэм. апрацоўка вынікаў вымярэнняў; матэм. фізіка, матэм. метады ў механіцы; метадалогія навукі, філас. пытанні М. Ішло стварэнне бел. навуковай тэрміналогіі. У пасляваен. гады цэнтрам матэм. даследаванняў сталі Інстытут матэматыкіНац.АН Беларусі, БДУ. Асн. кірункі даследаванняў: алгебра, выліч. матэматыка, геаметрыя, дыферэнцыяльныя і інтэгральныя ўраўненні, матэм. кібернетыка, тэорыя лікаў, матэм. фізіка, праграмнае забеспячэнне ЭВМ, функцыянальны аналіз. Дасягненні бел. матэматыкаў у гэтых кірунках атрымалі міжнар. прызнанне. Значны ўклад у развіццё М. на Беларусі зрабілі М.П.Яругін, У.І.Крылоў, С.А.Чуніхін, Ф.Дз.Гахаў, Дз.А.Супруненка, Я.А.Барбашын, У.Г.Спрынджук і інш. У Мінску выдаюцца часопісы: «Дифференциальные уравнения» (з 1965), «Весці Нац.АН Беларусі. Сер. фіз.-матэм. навук» (з 1965; гл.«Весці Акадэміі навук Беларусі»), «Веснік БДУ. Сер. 1. Фізіка. Матэматыка. Механіка» (з 1969; гл.«Веснік Беларускага дзяржаўнага універсітэта»), «Труды Института математики Нац.АН Беларуси» (з 1998). Створана Бел.матэм.т-ва (1993).
Літ.:
Математика, ее содержание, методы и значение. Т. 1—3. М., 1956;
Курант Р., Роббинс Г. Что такое математика?: Пер. с англ. 2 изд. М., 1967;
Рыбников К.А. История математики. 2 изд. М., 1974;
Бурбаки Н. Очерки по истории математики: Пер. с фр.М., 1963;
Стройк Д.Я. Краткий очерк истории математики: Пер. с нем. 3 изд. М., 1978;
История математики с древнейших времен до начала XIX столетия. Т. 1—3. М., 1970—72;
История отечественной математики. Т. 1—4. Киев, 1966—70.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУВЯЗЬ І ІНФАРМАТЫЗАЦЫЯ
Сістэма электрычнай і паштовай сувязі на Беларусі з’яўляецца неад’емнай часткай вытворчай і сац. інфраструктуры краіны і функцыянуе для задавальнення патрэбнасцей насельніцтва, органаў дзярж. улады і кіравання, гаспадарніцкіх суб’ектаў у паслугах сувязі. Падзяляецца на тэлефонную, тэлеграфную і паштовую сувязь, радыёвяшчанне і тэлебачанне, перадачу даных па сістэме Інтэрнет і інш.Асн. частка яе структурных падраздзяленняў падпарадкоўваецца Мін-ву сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь, якое ў сваёй дзейнасці кіруецца законамі «Аб сувязі», «Аб паштовай сувязі» і інш.заканад. і нарматыўнымі актамі Рэспублікі Беларусь.
Першыя паштовыя ўстановы на Беларусі ўзніклі ў 2-й пал. 16 ст., калі пачалося буд-ва паштовых дарог, станцый (праз кожныя 3—7 км) і корчмаў. З 1558 наладжана пастаянная сувязь паміж Вільняй і Варшавай, у 1669 — паміж Вільняй і Масквой (праз Мінск і Магілёў). У 1707 прайшла першая пошта па тракце Барысаў—Быхаў, у 1708 пабудаваны паштовыя дарогі Віцебск—Копысь, Быхаў—Чарнігаў (праз Гомель). У 18 ст.гал. трактамі былі Вільня—Мінск—Магілёў—Масква, Вільня—Мінск—Навагрудак—Гродна і інш. У 1798 адкрыты паштовыя канторы ў Рагачове, Себежы і Веліжы. Першы мінскі паштовы штэмпель вядомы з 1778, гродзенскі — з 1806, віцебскі — з 1810, пінскі — з 1843. Акрамя дзярж., існавала пошта земстваў і валасных упраўленняў. У 1859 пачала дзейнічаць першая тэлеграфная лінія Мінск—Бабруйск. У пач. 1880-х г. у Магілёўскай губ. дзейнічала 9 тэлеграфных ліній працягласцю 1335 км, у Мінскай губ. даўжыня тэлеграфных ліній у 1900 склала каля 2557 км. Першая тэлефонная станцыя на 100 нумароў пабудавана ў Мінску ў 1896, пазней такія станцыі дзейнічалі яшчэ ў 15 гарадах, у т. л. ў Віцебску, Гродне, Магілёве, Бабруйску. У 1913 было 380 прадпрыемстваў пошты і тэлеграфа, адпраўлена каля 33 млн. пісьмаў. У 1917 тэлеф. станцыі мелі 16 гарадоў Беларусі. У 1925 у БССР дзейнічалі 603 паштова-тэлеграфныя прадпрыемствы, пачалі працаваць радыёстанцыі ў Гомелі і Мінску (магутнасцю па 1,2 кВт). У 1930-я г. пабудаваны першыя аўтам.тэлеф. станцыі (АТС), пачалася тэлефанізацыя сельскай мясцовасці. Да 1940 тэлефанізаваны ўсе 185 гарадоў і раённых цэнтраў. Сельская тэлефонная сувязь ахоплівала 2208 сельсаветаў (амаль 80%), 301 МТС, 822 калгасы і саўгасы. Даўжыня міжгародніх тэлеф. ліній перасягнула 26 тыс.км. У параўнанні з 1922 колькасць паштова-тэлеграфных прадпрыемстваў павялічылася больш як у 7 разоў.
У пасляваенны час сетка разбураных прадпрыемстваў сувязі адноўлена і стала развівацца на новай тэхн. аснове. З сярэдзіны 1960-х г. сетка электрычнай сувязі рэспублікі развівалася як частка Адзінай аўтаматызаванай сувязі СССР. Пачалося выкарыстанне аўтаматызаваных сістэм на тэлегр. станцыях, апаратуры частотна-часавага тэлеграфавання на паўправадніковых прыладах, паштова-касавых машын «Анега», АТС каардынатнай сістэмы і інш. У 1975 капітальныя ўкладанні ў сувязь у параўнанні з 1960 павялічыліся ў 4,3 раза, прадукцыя сувязі — у 3,5 раза. Інтэнсіўна будаваліся кабельныя і радыёрэлейныя лініі, павысіўся ўзровень аўтаматызацыі міжгародняй тэлефоннай сувязі, пачало развівацца каляровае тэлебачанне. У параўнанні з 1940 колькасць прадпрыемстваў сувязі павялічылася ў 1,9 раза, у т. л. ў сельскай мясцовасці больш як у 2 разы. У 1970-я — 1-й пал. 1980-х г. расшырылася сетка тэлеф. і радыёсувязі, а таксама тэлебачання. Калі ў 1970 на тэр. Беларусі працавала 3735 прадпрыемстваў пошты, тэлеграфа і тэлефона, то ў 1985 іх было ўжо 4468; кошт паслуг прадпрыемстваў сувязі павялічыўся з 121,8 млн.руб. да 297,8 млн.руб. Колькасць радыёкропак за гэты час вырасла ў 2,3 раза і склала 9,8 млн. радыёпрыёмнікаў у насельніцтва — з 1400 тыс. да 2617 тыс., тэлевізараў — з 1111 тыс. да 2623 тыс. У сельскай мясцовасці амаль у 4,5 раза павялічылася колькасць тэлефонаў і дасягнула 238,2 тыс.
На Беларусі створана сучасная лічбавая інфраструктура электрасувязі верхняга ўзроўню. Здадзены ў эксплуатацыю магістральныя валаконна-аптычныя лініі сувязі з выкарыстаннем абсталявання сінхроннай лічбавай іерархіі, якія звязалі паміж сабой абл. цэнтры і міжнар. лініі на Латвію, Літву, Польшчу, Расію і Украіну. У 1995 створаны нац. аператар — рэсп. аб’яднанне «Белтэлеком», шэраг сумесных прадпрыемстваў па насычэнні рынку сродкамі тэлефоннай сувязі і рухомай радыёсувязі. У 1996 здадзены ў эксплуатацыю комплекс зямных станцый спадарожнікавай сувязі «Тэлепорт». У 1999 створаны першы аператар сотавай сувязі стандарту GSM 900/1800 — сумеснае бел.-кіпрскае прадпрыемства «Мабільная лічбавая сувязь» (гандл. марка VELCOM). Яно забяспечвае мабільнай сувяззю тэрыторыю, на якой пражывае больш за 95% гар. насельніцтва краіны, карыстальнікамі VELCOM з’яўляюцца каля 1 млн.чал. У 2001 ліцэнзію GSM у Рэспубліцы Беларусь атрымала рас. кампанія «Мабільныя ТэлеСістэмы» (МТС), якая абслугоўвае больш за 1 млн. абанентаў. Паслугі сотавай рухомай электрасувязі аказвае таксама сумеснае бел.-нідэрландскае прадпрыемства «БелСел» (NMT450). Паводле стану на 1.6.2004 аператарамі сотавай рухомай сувязі забяспечана пакрыццё больш за 30% тэр. рэспублікі, на якой пражывае каля 90% гар. насельніцтва. На сетцы рухомай сувязі функцыянуюць радыётэлефонныя сістэмы радыяльнай, радыяльна-зонавай і сотавай сувязі. У сувязі працуюць 63 тыс.чал., у т. л. ў электрасувязі каля 30 тыс., паштовай сувязі — 33 тыс.чал. (2003). Беларусь з’яўляецца членам Міжнар. саюза электрасувязі, Сусв. паштовага саюза (абодва з 1947), Міжнар. арганізацыі марской спадарожнікавай сувязі (з 1979), Міжнар. арганізацыі касм. сувязі (з 1993), Еўрап. арганізацыі касм. сувязі (з 1994), Еўрап. нарады адміністрацый паштовай і электрычнай сувязі (2003) і інш.
Тэлефонная і тэлеграфная сувязь. Сетку міжгар. тэлеграфна-тэлефоннай сувязі складаюць лініі (кабельныя і радыёрэлейныя) і сістэмы шматканальнай высокачастотнай сувязі. Гэта дазваляе стварыць магутныя пучкі каналаў сувязі і ўводзіць неадкладную сістэму злучэння і аўтаматызаваць працэс злучэння абанентаў. З 1970 у Мінску працуе аўтам. міжгар. тэлефонная станцыя (АМТС), пазней такія станцыі здадзены ў эксплуатацыю ў Віцебску, Гродне і Магілёве. У 1972 завершана аўтаматызацыя гар. і сельскай тэлеф. сувязі. На Брэсцкай МТС здадзена ў эксплуатацыю АМТС-3 каардынатнага тыпу на 1714 каналаў (1981), у Мінску — квазіэлектронная «Метаконта-10с» (1983). З 1984, калі ў Мінску была ўведзена АТС-78, пачалося актыўнае ўкараненне электронных тэлеф. станцый. У 1989 арганізаваны першыя міжнар. каналы Мінск—Беласток і Мінск—Варшава. У 1990 здадзена ў эксплуатацыю першая ў СССР лічбавая АМТС тыпу EWSD. Ва ўсіх абл. цэнтрах дзейнічаюць сучасныя лічбавыя АМТС. Колькасць тэлеф. апаратаў сеткі агульнага карыстання або тых, якія маюць на яе выхад, у 2003 складала 3283,1 тыс. (на 87,6% больш, чым у 1990). На 75% павялічылася колькасць тэлеф. апаратаў у сельскай мясцовасці і дасягнула 611,4 тыс. Забяспечанасць насельніцтва кватэрнымі тэлефонамі складае 83 шт. на 100 сямей, у т. л. 97 — у гарадах і 49 — у сельскай мясцовасці (гл.табл.). Для абанентаў тэлеф. сувязі агульнага карыстання адкрыты аўтам. выхад на ўсе краіны свету.
З 1945 дзейнічае пастаянная радыётэлегр. сувязь паміж Мінскам і Масквой. У канцы 1940—50-х г. укаранёны танальная сістэма тэлеграфавання, апаратура прамых злучэнняў і абаненцкага тэлеграфа. З 1966 па кабельных і радыёрэлейных лініях фотатэлеграфным спосабам у Мінску прымаюцца матрыцы газет з Масквы, з 1967 працуе відэатэлефон. У 1979 уведзена міжнар.тэлегр. станцыя «Тэлекс». Створана лічбавая сетка электрасувязі, якая аб’ядноўвае службы для перадачы маўлення, тэксту, даных і выявы ў адзіную сетку з інтэгральным абслугоўваннем.
Радыё і тэлебачанне. Першая перадача Бел. радыё адбылася ў 1925. Сучаснае дзярж. радыёвяшчанне вядзецца па 2 каналах і трох радыёстанцыях у мона- і стэрэаварыянтах. У 1965 у Мінску, ва ўсіх абл. і некаторых раённых цэнтрах укаранёна 3-праграмнае правадное вяшчанне. У 1956 у Мінску пабудаваны рэсп. тэлецэнтр, і пачаліся рэгулярныя тэлевізійныя перадачы. У 1972 уведзены ў дзеянне комплекс тэлебачання ў наваколлі Мінска. З 1974 ажыццяўляецца прыём тэлевізійных перадач на ўсёй тэр. Беларусі з Мінска і Масквы. Працуюць рэсп. студыя тэлебачання, тэлерадыёстудыі ва ўсіх абл. цэнтрах. З 1991 развіваюцца недзярж. эфірныя і кабельныя сеткі тэлебачання. Асн.дзярж. аператарам сеткі вяшчальнага тэлебачання, гукавога праваднога і радыёвяшчання на тэр. Беларусі з’яўляецца рэсп. унітарнае прадпрыемства «Беларускі радыётэлевізійны перадавальны цэнтр». У 2000—04 уведзена ў эксплуатацыю 25 тэлевізійных і 49 радыёвяшчальных перадатчыкаў. Сетку тэлевізійнага вяшчання складаюць 23 магутныя тэлевізійныя станцыі і 19 тэлевізійных станцый магутнасцю да 1 кВт. На гэтых станцыях працуюць 126 тэлевізійных перадатчыкаў рознай магутнасці, якія забяспечваюць распаўсюджанне праграм «Першага нацыянальнага тэлеканала» (БТ-1), «Агульнанацыянальнага тэлебачання» (АНТ, «Другі нацыянальны тэлеканал»), тэлеканалаў «Лад», «Сталічнае тэлебачанне» (СТБ), «Расія», «НТБ», абл. вяшчання і 20 недзярж. праграм. Тэлевізійнымі праграмамі БТ-1 ахоплена 99,4% насельніцтва рэспублікі, дзвюма праграмамі — 97,3%, трыма — 80%, чатырма — 59,2%, пяццю і болей праграмамі — 43,7% і камерцыйнымі праграмамі — 43,5%. Сетка радыёвяшчання Беларусі ўключае 191 перадатчык доўгіх, сярэдніх, кароткіх і ультракароткіх хваль. Яны забяспечваюць трансляцыі праграм 1-га Нац. канала Бел. радыё, каналаў «Культура», «Радыус FM», «Сталіца», абл. радыёаб’яднанняў і 18 камерцыйных праграм. На базе станцый дыяпазону 87,5—108 МГц створана рэсп. сістэма пейджынгавай (бесправадной) сувязі.
Паштовая сувязь. Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі ў 1991 бел. пошта існуе ў складзе Мін-ва сувязі і інфарматызацыі. У 1995 створана дзярж. прадпрыемства «Белпошта»; у ім працуе каля 37 тыс.чал., у т. л. 12,5 тыс. паштальёнаў, дзейнічае каля 4 тыс. аддзяленняў сувязі. У 2003 адпраўлена 153 млн. пісьмаў, картак і бандэролей, 413 млн. сродкаў масавай інфармацыі, 1,3 млн. пасылак, 4,2 млн. грашовых пераводаў, 24,5 млн. пенсіённых выплат і 1,4 млн. тэлеграм (гл.табл.). Авіяцыйным транспартам у 2002 адпраўлена 93,5 т пошты (у 1990—2626, у 1995—10,3).
Паслугі паштовай сувязі аказваюць паштамты ў Мінску (пабудаваны ў 1954), Віцебску (1960), Магілёве (1961), Гродне (1970), прычыгуначны паштамт у Мінску (1977), гар. і раённыя вузлы сувязі. У 1969 створаны Бел. занальны вылічальны цэнтр, аснашчаны ЭВМ, апаратурай перадачы даных па каналах сувязі, перфарацыйнай, лічыльна-клавішнай і інш. відамі вылічальнай тэхнікі. Дзейнічаюць інфарм.-тэхнал. сетка паштовай сувязі, аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі па міжнар. пошце, афармленні падпіскі на перыяд. выданні, уліку і кантролю дзейнасці аддзяленняў сувязі, выплаты пенсіённых і сац. дапамог. Для забеспячэння неабходнага ўзроўню якасці і аператыўнасці абслугоўвання насельніцтва, аўтаматызацыі паштовых тэхнал. працэсаў укаранёны паштова-касавыя тэрміналы, персанальныя камп’ютэры, электронныя вагі, касавыя апараты і інш. Арганізацыі паштовай сувязі аказваюць больш за 50 відаў асн. і нетрадыц. паслуг. Распрацоўваюцца тэхналогіі ўкаранення новых паслуг паштовай сувязі: паскоранага электроннага грашовага пераводу, электроннага гандлю з выкарыстаннем Інтэрнета і інш. З’явіўся новы від дзейнасці пошты — выпуск паштовых марак. Іх тэматыка ўключае творы мастацтва, старадаўнія гербы бел. гарадоў, архітэктурныя помнікі, партрэты выдатных асоб, спорт, гіст. падзеі, фауну, флору, бел.нар. адзенне і інш. З 1998 Беларусь прымае ўдзел у міжнар. філатэлістычных выстаўках.
Распаўсюджваннем перыяд. друку па падпісцы і ў розніцу займаецца гандл.рэсп. унітарнае прадпрыемства «Белсаюздрук». У 2003 разавы тыраж газет па краіне складаў 11,4 млн.экз., у т. л. на бел. мове 1,2 млн., гадавы — адпаведна 578 і 141 млн.экз.; гадавы тыраж часопісаў і інш.перыяд. выданняў склаў 19 млн.экз., у т. л. на бел. мове 3,1 млн. У структуру «Белсаюздруку» ўваходзяць 6 абл. і Мінскае гар. прадпрыемства, гар. і раённыя аддзяленні. Дзейнічала 1898 спецыялізаваных кіёскаў і магазінаў; іх агульны тавараабарот склаў 40 480 тыс.руб., а ў разліку на адну гандл. кропку — 52,3 млн. руб.
Інфарматызацыя. У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12.2.2004 Мін-ву сувязі былі перададзены функцыі дзярж. кіравання ў сферы інфарматызацыі. Дзярж. праграма інфарматызацыі ўключае 99 праектаў па 9 раздзелах. Асн. з іх з’яўляюцца праекты, якія выконваюцца па заказах дзярж. органаў улады і кіравання, праекты стварэння агульнадзярж. аўтаматызаванай сістэмы, фарміравання дзярж. рэгістраў інфарм. рэсурсаў. У перыяд 2000—04 колькасць бел. Інтэрнет-рэсурсаў павялічылася ў 5,5 раза. Актыўна ўкараняюцца ў практыку пластыкавыя карткі для аплаты розных плацяжоў праз Інтэрнет, пашыраецца аплата па факце дастаўкі тавараў заказчыку (у рэжыме off-line). Развіваецца Інтэрнет-рэклама; у Інтэрнеце прадстаўлена каля 5 бел. банерных сетак. У адзіную навук.-інфарм. камп’ютэрную сетку аб’яднаны існуючыя сеткі BASNET (Нац.АН Беларусі), UNIBEL (Мін-ва адукацыі Рэспублікі Беларусь) і BSUNET (Цэнтр інфарм. рэсурсаў і камунікацый БДУ). Яны ўключаюць каля 260 устаноў навук. сферы, вядучыя ун-ты, ін-ты, бібліятэкі, шэраг інш. арганізацый навукі і адукацыі (250 устаноў адукац. сферы). У 2002 Мін-ва адукацыі Рэспублікі Беларусь выдала 1-ю ў рэспубліцы ліцэнзію на дыстанцыйную форму навучання праз Інтэрнет Бел. ун-ту інфарматыкі і радыёэлектронікі. Развіццю інфарматызацыі садзейнічае павелічэнне колькасці персанальных камп’ютэраў. Агульны камп’ютэрны парк рэспублікі на пач. 2003 склаў 775 тыс. камп’ютэраў, з іх 318 тыс. у прамысл. сектары, 250 тыс. — у насельніцтва.
Літ.:
Связь Белоруссии. Мн., 1972;
Почтовые дороги Белоруссии. Мн., 1982;
Экономика Белоруссии в период послевоенного возрождения. Мн., 1.988;
Алишев Я.В., Урядов В.Н. Перспективные пути информационных технологий в волоконно-оптических сетях телекоммуникаций. Мн., 2003;
Экономическая история Беларуси. 3 изд. Мн., 2004.
С.Ф.Дубянецкі.
Асноўныя паказчыкі сувязі агульнага карыстання Беларусі
1990
1995
2000
2002
2003
Адпраўлена, млн.
пісьмаў і бандэролей
302
134
132
152
153
друкаваных сродкаў масавай інфармацыі
2201
568
531
472
413
пасылак
8,2
0,6
0,7
1,3
1,6
тэлеграм
10,6
2,4
1,5
1,4
1,4
грашовых пераводаў
12,2
3,9
3,9
4,0
4,2
пенсіённых выплат
24,8
28,9
26,1
25,1
24,5
Колькасць міжгародніх тэлефонных размоў, млн.
193,5
248,3
528,6
732,2
929,2
Колькасць тэлефонных апаратаў, шт.
1749,8
2159,6
2962,0
3183,2
3283,1
у т. л. гарадской сеткі
1400,6
1745,1
2422,2
2597,2
2671,7
сельскай сеткі
349,2
414,5
539,8
586,0
611,4
Забяспечанасць насельніцтва хатнімі тэлефоннымі апаратамі на 100 сем’яў
37
49
73
79
83
Колькасць таксафонаў, якія дазваляюць забяспечваць паслугамі міжгародняй тэлефоннай сувязі
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФАРМАТЫКА
Работы па праблемах інфарматыкі на Беларусі пачаты ў 1960-я г. ў працэсе стварэння на Мінскім з-дзе ЭВМ сям’і вылічальных машын «Мінск». Сістэмнае праграмнае забеспячэнне і пакеты навук. праграм агульнага прызначэння распрацоўваліся ў НДІЭВМ і АН Беларусі. Асн. работы вядуцца па праблемах дыскрэтнай аптымізацыі ў Ін-це матэматыкі (ІМ) і Аб’яднаным ін-це праблем інфарматыкі (АІПІ) Нац.АН Беларусі, БДУ; тэорыі аўтам. кіравання — у ІМ, АІПІ, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР), Бел.нац.тэхн. ун-це (БНТУ), Ваен. акадэміі (ВА); лагічнага праектавання — у НДІЭВМ, АІПІ, БДУІР, БДУ; аўтаматызацыі праектавання — у АІПІ, Мінскім вытв. аб’яднанні аўтам. ліній, БДУІР, БНТУ; тэорыі і метадах апрацоўкі сігналаў і відарысаў — у АІПІ, БДУ, БДУІР, НВА «Інтэграл», ВА; праграмнага забеспячэння — у НДІЭВМ, АІПІ, ІМ, БДУ, Цэнтр.НДІ арганізацыі і тэхнікі кіравання, НВА «Агат»; аховы інфармацыі — у АІПІ, БДУ, НДІтэхн. аховы інфармацыі, НДІ сродкаў аўтаматызацыі, НДІЭВМ, НВА «Агат»; тэорыі і метадах геаінфармацыйных сістэм — у АІПІ, Рэсп. унітарным прадпрыемстве «Геаінфармацыйныя сістэмы», Рэсп.навук.-тэхн. цэнтры «Экамір»; інфарм. тэхналогій у медыцыне — у АІПІ, Бел. цэнтры мед. тэхналогій, інфарматыкі, кіравання і эканомікі аховы здароўя. (Гл. таксама Інфарматыка).
Сеткавыя і тэлекамунікацыйныя тэхналогіі і размеркаваная апрацоўка інфармацыі ў рэжыме аддаленага доступу развіваюцца з 1970-х г., калі ствараліся рэгіянальныя і лакальныя камп’ютэрныя сеткі на базе лакальных і аддаленых дысплейных комплексаў для Адзінай сістэмы ЭВМ (ЕСЭВМ). Рэгіянальныя сеткі ствараліся на аснове персанальных ЭВМ з аддаленым доступам з выкарыстаннем мадэмаў па вызначаных тэлеф., валаконна-аптычных і спадарожнікавых каналах сувязі. З 2001 на Беларусі працуе лічбавая сетка з інтэграцыяй абслугоўвання, што спалучае магчымасці агульнай тэлеф. сеткі і сеткі перадачы даных. Глабальная сусветная сетка Інтэрнет забяспечвае доступ да аддаленых інфарм. рэсурсаў з дапамогай Вэбтэхналогіі. Асн. правайдэрам, які забяспечвае паслугі доступу да сеткі, з’яўляецца Рэсп. аб’яднанне «Белтэлеком». У навук. і агульнаадук. галінах створана навук.-інфарм. камп’ютэрная сетка, якая аб’ядноўвае камп’ютэрныя сеткі ў Нац.АН Беларусі (BASNET), БДУ (карпаратыўная сетка БДУ), Мін-ва адукацыі (UNIBEL).
Аўтаматызацыя праектавання як самастойны навук. кірунак сфарміравалася з пачаткам серыйнага выпуску ЭВМ. На базе лабараторый Ін-та матэматыкі і выліч. тэхнікі створаны Ін-ттэхн. кібернетыкі (1965; з 2002 — Аб’яднаны ін-т праблем інфарматыкі Нац.АН Беларусі). У ін-це вядуцца даследаванні працэсаў тэхн. падрыхтоўкі па тэорыі аўтаматызацыі праектавання, а таксама эксперым. і доследна-канструктарскія распрацоўкі ў машына-, авія- і суднабудаванні, радыётэхн., электроннай прам-сці і інш. Прапанаваны класіфікацыя і кадзіраванне інфармацыі, метады рашэння тыповых праектных задач, пабудавання інфарм. мадэлей, фармалізацыі тыповых тэхнал. маршрутаў (Г.К.Гаранскі). Даследаваны працэсы тэхнал. падрыхтоўкі вытв-сці, прапанаваны дэдуктыўная тэорыя сістэмна-структурнага мадэліравання працэсаў (В.Дз.Цвяткоў), тэорыя аўтаматызаванага сінтэзу канструкцый спец.тэхнал. аснасткі (А.Г.Раковіч). Распрацаваны метады г праграмныя сродкі аўтаматызацыі складана-рэзальных інструментаў, інструментальных наладак спец. агрэгатных станкоў і аўтам. ліній, станкоў-аўтаматаў (Л.М.Ламбін, Б.І.Сініцын). Даследаваны праблемы інфарм. забеспячэння працэсаў тэхн. падрыхтоўкі вытв-сці (М.А.Ярмаш), аспекты эрганамічнага праектавання складаных тэхн. сістэм (Г.Р.Маньшын). Прапанаваны падыходы фармалізацыі працэсаў прыняцця рацыянальных рашэнняў складаных праектных задач (Г.М.Левін, В.С.Танаеў). Развіта тэорыя праектавання складаных тэхн. аб’ектаў (А.І.Семянкоў). Праведзены даследаванні па мадэліраванні і аптымізацыі шматпераходных тэхнал. працэсаў (У.І.Махнач), інфарм. працэсаў тэхн. падрыхтоўкі вытв-сці нерэгулярных канструкцый (С.В.Мядзведзеў), скразных тэхналогій праектавання і вытв-сці складаных вырабаў у машына- і прыладабудаванні (Л.В.Губіч). Даследуюцца метады праектавання сістэм кіравання тэхнал. абсталяваннем (А.І.Дабралюбаў), дыягностыкі складаных сістэм кіравання. Прапанаваны прынцыпы пабудавання аўтаматызаваных сістэм кіравання эксперыментам, інфарм.-вымяральных сістэм (Р.Х.Садыхаў, П.М.Чаголін). Распрацаваны метады і тэорыя аналізу выпадковых працэсаў (А.М.Крот), падыходы да стварэння праграмных комплексаў на базе выліч. сістэм і сетак (Г.В.Рымскі). Даследаваны прынцыпы стварэння праграмна-апаратных сродкаў і распрацаваны эксперым. ўзоры чарцёжна-графічных аўтаматаў (Я.В.Дняпроўскі, В.К.Ерахавец), планшэтных прылад уводу-вываду графічнай інфармацыі (Г.І.Аляксееў). Распрацаваны комплекс дзяржстандартаў і кіруючых дакументаў, якія рэгламентуюць стварэнне аўтаматызаваных сістэм (У.І.Махнач, І.С.Міцяеў, А.І.Семянкоў). Вынікі н.-д. і доследна-канструктарскіх работ укаранёны на мінскіх трактарным і аўтамаб. з-дах, ААТ «Гарызонт», «Віцязь» і інш.
Штучны інтэлект як навук. кірунак сфарміраваўся ў 1970-я г. на аснове дасягненняў псіхалогіі, біялогіі, медыцыны, нейрафізіялогіі, лінгвістыкі, семіётыкі, матэм. логікі, праграмавання, выліч. тэхнікі і інш.Асн. кірункі даследаванняў: сінтэз і распазнаванне мовы, апрацоўка і распазнаванне відарысаў і картаграфічнай інфармацыі, пытанні рэалізацыі сістэм аўтам. аналізу тэкстаў натуральнай мовы (вядуцца ў БДУ і Мінскім лінгвістычным ун-це), распрацоўка нейракамп’ютэраў і нейрасеткавых мадэлей (у Цэнтры інфарм. тэхналогій, БДУІР, Брэсцкім тэхн. ун-це) і інш. У БДУІР з 1995 рыхтуюць спецыялістаў па спецыяльнасці «Штучны інтэлект» і яе спецыялізацыях; вядуцца работы па развіцці і давядзенні да практ. рэалізацыі графадынамічнай парадыгмы прадстаўлення і перапрацоўкі ведаў.
Лагічнае праектаванне — пачатковы этап праектавання дыскрэтных выліч. і кіравальных устройстваў з выкарыстаннем апарата лагічнай алгебры, тэорыі аўтаматаў і лагічных схем, графаў і інш. раздзелаў дыскрэтнай матэматыкі. З 1960-х г. вядуцца работы па стварэнні новых ЭВМ і сістэм аўтаматызаванага праектавання (Г.М.Лапато і інш.). Распрацаваны кананічны метад сінтэзу лагічных схем (А.Ш.Блох), прапанаваны метады аўтам. аналізу і сінтэзу лагічных схем кіравання тэхнал. машынамі (С.І.Акуновіч, А.І.Дабралюбаў). З пач. 1970-х г. у АІПІ пад кіраўніцтвам А.Дз.Закрэўскага развіваецца тэорыя аўтаматызаванага лагічнага праектавання, што прывяло да стварэння сям’і моў і сістэм праграмавання ЛЯПАС (П.М.Бібіла і інш.). Распрацаваны эфектыўныя метады і алгарытмы рашэнняў шэрагу задач лагічнага праектавання, а на іх базе — метады сінтэзу асінхронных аўтаматаў і лагічных схем у канкрэтных элементных базісах, а таксама атрымання правяральных і дыягнастычных тэстаў для іх.
Апрацоўка сігналаў, відарысаў, мовы. У сярэдзіне 1960-х г. у АІПІ, БДУ, БДУІР, ВА пачаліся даследаванні па стварэнні і дастасаваннях аўтаматызаваных сістэм для перадачы, апрацоўкі і захоўвання сігналаў рознай фіз. прыроды (радыёлакацыйных, акустычных, вібрацыйных). У АІШ развіты метады фарміравання выпадковых сігналаў з зададзенымі характарыстыкамі, іх аналізу і ідэнтыфікацыі (А.М.Крот, Р.Х.Садыхаў, П.М.Чаголін), распрацаваны апарат тэарэтыка-полінаміяльнага прадстаўлення дыскрэтных сігналаў (А.М.Крот). З 1970-х г. вядуцца даследаванні ў галіне апрацоўкі відарысаў з дастасаваннямі да апрацоўкі картаграфічнай інфармацыі; закладзены асновы тэорыі апрацоўкі відарысаў (С.У.Абламейка); метады аналізу і распазнавання асн. класаў аб’ектаў відарысаў (С.У.Абламейка, В.В.Старавойтаў), эфектыўныя метады і алгарытмы інварыянтнага параўнання і аналізу геам. аб’ектаў (А.В.Тузікаў), створана тэхналогія складання лічбавых карт (А.М.Кручкоў).
У АІПІ створаны новы навук. кірунак — моўная інфарматыка (Б.М.Лабанаў), распрацаваны метады распазнавання слоў у моўным патоку і сінтэзу моўных сігналаў на аснове тэкставай інфармацыі (Б.М.Лабанаў), новы падыход да распазнавання сігналаў моўных фанем (А.М.Крот, П.П.Ткачова), метады аналізу атрактараў складаных дынамічных сістэм і хаатычных сігналаў (А.М.Крот), метады апрацоўкі і аналізу мед.-біял. сігналаў і відарысаў (С.У.Абламейка, У.В.Анішчанка, А.М.Крот, А.В.Тузікаў).
У 1950—70-я г. ў ВА праведзены тэарэт. і эксперым. даследаванні па стварэнні разнесеных радыёлакацыйных станцый і сістэм. Пазней развіта тэорыя сінтэзу структуры сістэмы аптымальнай апрацоўкі сігналаў на фоне карэляваных перашкод (А.Я.Ахрыменка), развіты асновы тэорыі радыёлакацыйнага распазнавання (А.Я.Ахрыменка, В.І.Курловіч, Т.І.Шаломенцаў). У канцы 1960-х г. у БДУІР распачаты работы па стварэнні касм. спалучаных сістэм перадачы інфармацыі, у сувязі з чым распрацаваны алгарытмы фільтрацыі стахастычных працэсаў і метады супольнай нелінейнай фільтрацыі дыскрэтных і неперарыўных маркаўскіх працэсаў (В.А.Чардынцаў), алгарытмы сінхранізацыі па інфарм. сукупнасцях (У.В.Лосеў). У канцы 1970-х г. у БДУ пачаты даследаванні па мадулярных выліч. структурах для лічбавай апрацоўкі сігналаў (А.Ф.Чарняўскі), для яе створаны высокаскарасныя мадэлі базавых працэдур (А.Ф.Чарняўскі, А.А.Каляда і інш.).
Распазнаванне вобразаў. Сістэматычныя даследаванні ў гэтай галіне на Беларусі праводзяцца з канца 1970-х г.Найб. буйнымі навук. кірункамі даследаванняў з’яўляюцца метады распазнавання вобразаў, якія грунтуюцца на імавернасна-стат. падыходзе, на лагічным падыходзе і на алг. і лагічным пашырэнні эўрыстычных алгарытмаў.
У АІПІ Нац.АН Беларусі пад кіраўніцтвам А.Дз.Закрэўскага распрацаваны лагічны падыход да распазнавання вобразаў у прасторы булевых і мнагазначных прыкмет, прапанаваны камбінаторныя метады выяўлення імплікатыўных заканамернасцей у патоку даных з ацэньваннем іх дакладнасці і пабудавання на іх аснове базы даных, распрацаваны шэраг алгарытмаў рашэння лагічных ураўненняў.
У межах імавернасна-стат. падыходу ў БДУ распрацаваны: тэорыя рабаснага стат. распазнавання вобразаў (Ю.С.Харын), асновы тэорыі ўстойлівай стат. класіфікацыі мнагамерных назіранняў (Я.Я.Жук, Ю.С.Харын); пабудаваны новыя рабасныя ўстойлівыя алгарытмы дыскрымінантнага аналізу (К.А.Дучынскас, У.І.Малюгін, А.Г.Мядзведзеў), кластэр-аналізу (Я.Я.Жук, Ю.С.Харын), распазнавання «разладак» (М.С.Абрамовіч, А.М.Мельнікава, П.П.Рогач), імавернасна-стат. мадэліравання складаных сістэм (С.В.Агіевіч, В.А.Галінскі, С.М.Сталеўская). У БДУ праводзіліся даследаванні ў межах дэтэрміністычнага падыходу да рашэння задач распазнавання вобразаў (В.У.Краснапрошын, М.А.Лепяшынскі, Ю.В.Плотнікаў), распрацаваны алг. і лагічныя пашырэнні эўрыстычных алгарытмаў (У.А.Абразцоў, С.І.Кашкевіч, В.У.Краснапрошын), вывучаліся ўласцівасці карэктнасці, манатоннасці, устойлівасці, пытанні складанасці рэалізацыі пабудаваных сем’яў алгарытмаў (У.А.Абразцоў, А.Л.Канавалаў, С.І.Кашкевіч, В.У.Краснапрошын), даследаваліся невыразныя распазнавальныя сістэмы з семантычнымі ўласцівасцямі (У.А.Абразцоў, С.І.Ватлін, І.П.Кавалёў, В.У.Краснапрошын). Даследаванні па распазнаванні вобразаў у дастасаванні да апрацоўкі відарысаў вядуць навук. школы С.У.Абламейкі і Р.Х.Садыхава.
Геаінфармацыйныя сістэмы. Гэты навук. кірунак, звязаны з геагр.інфарм. сістэмамі (ПС) і ГІС-тэхналогіямі, інтэнсіўна развіваецца з канца 1970-х г., калі пад кіраўніцтвам А.І.Семянкова быў выкананы шэраг работ у галіне лічбавай картаграфіі. Атрыманы тэарэт. і практычныя вынікі па аўтаматызаваным распазнаванні картаграфічных відарысаў і стварэнні лічбавых мадэлей мясцовасці (С.У.Абламейка, А.М.Кручкоў, А.Г.Пратапопаў, А.В.Старцаў), стварэнні банкаў картаграфічнай інфармацыі (А.К.Сутурын, М.А.Ярмаш), стварэнні і абнаўленні марскіх карт (С.П.Борычаў, С.А.Шаўроў), апрацоўкі касм. здымкаў (Б.С.Берагаў і інш.). У АІПІ створана сям’я прылад уводу-вываду графічнай інфармацыі (Г.І.Аляксееў, Я.В.Дняпроўскі, В.К.Ерахавец і інш.). У Рэсп. унітарным прадпрыемстве «Геаінфармацыйныя сістэмы» распрацаваны тэхналогіі выяўлення лясных пажараў і маніторынгу стану лясоў паводле даных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, мадэліравання надзвычайных сітуацый на хімічна небяспечных аб’ектах. Дастасаванні ГІС-тэхналогій да лясной гаспадаркі Беларусі развіваюцца ў Бел.тэхнал. ун-це, унітарным прадпрыемстве «Белдзяржлес» і НДІ прыкладных фіз. праблем імя А.Н.Сеўчанкі. У ААТ «Пеленг» вядуцца работы па стварэнні метадаў і тэхналогій атрымання высокадакладных лічбавых мадэлей мясцовасці. Метады і сродкі арганізацыі экалагічнага маніторынгу навакольнага асяроддзя распрацоўваюцца ў Рэсп.навук.-тэхн. цэнтры «Экамір», Рэсп. цэнтры радыяцыйнага кантролю і маніторынгу навакольнага асяроддзя, Бел.НДІ меліярацыі і лугаводства. Распрацоўкай ГІС-тэхналогій для аператыўнага кантролю катастрафічных паводак займаюцца ў БДУ і УП «Белдзіправадгас». Ваенныя дастасаванні ГІС-тэхналогій вядуцца ў ВА.
Прылады ўводувідарысаў. Даследаванні па аўтаматызацыі ўводу графічнай інфармацыі пачаліся ў сярэдзіне 1960-х г. У АІПІ пад кіраўніцтвам П.М.Чаголіна быў выкананы шэраг работ па аналізе эксперым. графікаў і пераўтварэнні складаных форм графічных даных. У 1968 была сфармулявана (А.Расказаў) ідэя пабудавання індукцыйных вымяральнікаў каардынат. Канструктарскім бюро дакладнага электроннага машынабудавання (Мінск) распрацавана сям’я дыгітайзераў серыі ЭМ (У.П.Зуеў, Г.П.Шадурскі). У 1984 гэтая тэматыка перададзена Доследна-канструктарскаму бюро машынабудавання (ДКБМ) пры з-дзе «Эвістар» (г. Віцебск). З 1983 наладжана супрацоўніцтва АІПІ і ДКБМ, у выніку якога распрацаваны тэарэт. асновы дыгітайзераў разгортвальнага пераўтварэння, элементы тэорыі дыгітайзераў неперарыўнага дзеяння і інш.
З 1979 у АІПІ разам з Цэнтр.КБАН Беларусі разгорнуты работы па стварэнні спецыялізаванай аўтаматызаванай картаграфічнай вытв-сці, створана сям’я высокадакладных (з хібнасцю да 0,1 мм) дыгітайзераў «ПЛАНШЭТ» (Г.І.Аляксееў, М.С.Люкевіч). У 1989—90 група спецыялістаў з АІПІ і Цэнтр.КБАН Беларусі і ГППЗ «Аптрон» пад кіраўніцтвам Г.І.Аляксеева распрацавала тэорыю і методыку праектавання ноніусных дыгітайзераў (Г.І.Аляксееў, А.І.Грэкаў) і зрабіла канструктарскую дакументацыю на дыгітайзеры серыі УВГ1. З 2000 у АІПІ вядуцца даследаванні па пафрагментным растравым уводзе відарысаў малафарматнымі планшэтнымі сканерамі. Распрацаваны спосаб камплексавання дыгітайзераў і планшэтных сканераў, што забяспечвае аўтам. вызначэнне становішча і арыентацыі сканера ў каардынатнай сетцы дыгітайзера (Г.І.Аляксееў, В.А.Мільман і інш.) з захаваннем аўтаномнай работы дыгітайзера і сканера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУСЬ У ПЕРЫЯД ЛЮТАЎСКАЙ І КАСТРЫЧНІЦКАЙ РЭВАЛЮЦЫЙ 1917
Абвастрэнне ў ходзе 1-й сусв. вайны праблем і супярэчнасцей, якімі было абцяжарана рас. грамадства, прывяло ў 1917 да выбуху новай рэвалюцыі. 23.2(8.3). 1917 у сталіцы Рас. імперыі Петраградзе з-за перабояў у гандлі хлебам пачаліся пагромы булачных, узніклі стыхійныя мітынгі і дэманстрацыі. 25 лют. сталіца была паралізавана ўсеагульнай паліт. забастоўкай. 27 лют. рух перарос ва ўзбр. паўстанне з удзелам салдат Петраградскага гарнізона, што забяспечыла перамогу рэвалюцыі ў сталіцы імперыі. У час паўстання прадстаўнікі ліберальнай думскай апазіцыі (акцябрысты і кадэты) сфарміравалі Часовы камітэт Дзярж. думы, які абвясціў аб узяцці ўлады ў краіне. Але адначасова ў ходзе паўстання ўтварыўся Петраградскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў на чале з меншавікамі і эсэрамі. Савет здолеў устанавіць кантроль над часцямі Петраградскага гарнізона. Гэта прымусіла кіраўнікоў думскага Часовага к-та пайсці на перагаворы з лідэрамі Савета, у выніку чаго быў сфарміраваны Часовы ўрад Расіі на чале з кн. Г.Я.Львовым. Дамінуючыя пазіцыі ва ўрадзе занялі кадэты. Часовы ўрад абавязваўся забяспечыць дэмакратызацыю краіны і склікаць Устаноўчы сход, якому належала канчаткова вызначыць дзярж. лад Расіі.
Цара Мікалая II рэвалюцыя заспела ў Стаўцы Вярх. галоўнакамандуючага ў Магілёве. Яго спроба падавіць паўстанне ў Петраградзе з дапамогай карнай экспедыцыі правалілася, і 2(15).3.1917 Мікалай II падпісаў адрачэнне ад трона.
Насельніцтва Беларусі і салдаты Зах. фронту ў большасці з энтузіязмам сустрэлі факт перамогі рэвалюцыі. Паліцыя і жандармерыя былі раззброены, царскі дзярж. апарат паралізаваны. Каб забяспечыць парадак і бяспеку насельніцтва, па ініцыятыве гар. дум і земстваў, палітычна актыўных груп інтэлігенцыі на месцах ствараліся камітэты грамадскай бяспекі — часовыя калегіяльныя органы кіравання. На працягу сакавіка 1917 яны ўзніклі ва ўсіх губ. і павятовых гарадах, многіх мястэчках усх. (неакупіраванай) Беларусі. Аднак, з’яўляючыся паводле спосабу ўтварэння грамадскімі арганізацыямі, к-ты не атрымалі ўсёй паўнаты ўлады на месцах. Паступова іх роля звялася да грамадскай падтрымкі губ. і павятовых камісараў Часовага ўрада, якія перанялі функцыі ранейшых губернатараў, павятовых спраўнікаў і земскіх начальнікаў.
Поруч з агульнадэмакр. органамі кіравання па прыкладу Петраграда на месцах ствараліся класавыя арганізацыі працоўных — Саветы рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў. Адным з першых на Беларусі ў сак. 1917 утварыўся Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, затым — Гомельскі, Віцебскі, Магілёўскі, Бабруйскі, Полацкі, Слуцкі і інш. Саветы сял. дэпутатаў арганізоўваліся ў крас.—ліп. 1917 у ходзе правядзення губ. і павятовых сял. з’ездаў. З сакавіка па ліпень 1917 на Беларусі ўзнікла каля 150 Саветаў розных назваў. Партыйны склад Саветаў вызначаўся абсалютнай перавагай у іх меншавікоў, бундаўцаў, эсэраў. Адносна ўплывовая бальшавіцкая група склалася толькі ў Мінскім Савеце. Саветы Беларусі па прыкладу Петраградскага падтрымлівалі Часовы ўрад і яго органы на месцах пры ўмове, што іх дзейнасць не супярэчыць усталяванню дэмакр. ладу. Для каардынацыі працы Саветаў у агульнарас. маштабе ў Петраградзе былі скліканы 1 Усерас. з’езд Саветаў сял. дэпутатаў (май 1917) і Усерас. з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў (чэрв. 1917), якія сфарміравалі адпаведныя цэнтр. выканаўчыя к-ты (ЦВК).
Ва ўмовах небывалай для Расіі дэмакратыі, што ўсталявалася ў ходзе Лютаўскай рэвалюцыі, актывізавалася дзейнасць шматлікіх паліт. партый — агульнарасійскіх і нацыянальных. На Беларусі, у адрозненне ад іншых нац. рэгіёнаў, з прычыны невысокай нац. самасвядомасці беларусаў і змяншэння на працягу вайны іх долі ў складзе насельніцтва пераважным уплывам на паліт. арэне завалодалі агульнарас. партыі. У першыя месяцы рэвалюцыі вядучую ролю спрабавала адыгрываць партыя кадэтаў (Партыя народнай свабоды, ПНС), якая выступала за мадэрнізацыю Расіі на зах.-еўрап. ўзор (прававая дзяржава, рыначная эканоміка, грамадзянская супольнасць). Разам з тым кадэты былі праціўнікамі ўтварэння дзяржаўнасці нярускіх народаў (нават у форме аўтаноміі), настойвалі на працягу вайны да поўнай перамогі Расіі, што супярэчыла настроям асн. часткі насельніцтва. Таму яны не атрымалі масавай падтрымкі; на Беларусі ўлетку 1917 функцыянавала не больш за 10 іх парт. арг-цый.
Найб. сугучнай спантанным памкненням народа да справядлівага ладу аказалася ідэалогія сацыяліст. партый, самай шматлікай сярод іх стала Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (ПСР, эсэры). Яна выступала за сацыялізацыю зямлі і ўраўняльнае размеркаванне яе паміж сялянамі, за пераўтварэнне Расіі ў федэратыўную рэспубліку з тэр. і нац.-культ. аўтаноміяй народаў. У бел. губернях дзейнічалі не менш чым 22 эсэраўскія арганізацыі, на Зах. фронце ў арг-цыях ПСР налічвалася больш за 30 тыс.чал. Эсэры дамінавалі ў Саветах сял. дэпутатаў, займалі моцныя пазіцыі ў Саветах рабочых і салдацкіх дэпутатаў, гар. думах, зямельных і харчовых к-тах.
Шырокай папулярнасцю карысталіся таксама сацыял-дэмакраты (меншавікі-абаронцы, меншавікі-інтэрнацыяналісты, бальшавікі-ленінцы). На Беларусі моцную сац. апору меў Бунд, які прымыкаў да меншавіцкага крыла РСДРП. Усе сацыял-дэмакраты, за выключэннем бальшавікоў, лічылі немагчымым непасрэдны пераход краіны да сацыяліст. рэвалюцыі, выступалі за паступовае рэфармаванне грамадскіх адносін пры захаванні асноў капіталістычнай эканомікі і прынцыпаў парламенцкай дэмакратыі. Таму яны былі прыхільнікамі кааліцыі з ліберальна-бурж. партыямі і падтрымлівалі Часовы ўрад. У процівагу гэтаму бальшавікі ўзялі курс на перарастанне бурж.-дэмакратычнай рэвалюцыі ў сацыялістычную. Яны адмовіліся падтрымліваць Часовы ўрад і абвясцілі лозунг «Уся ўлада Саветам!». На Беларусі і Зах. фронце ўлетку 1917 лінію бальшавіцкага кіраўніцтва падтрымлівалі каля 4 тыс. сацыял-дэмакратаў, супраць яе выступалі 14 тыс. членаў с.-д. арг-цый.
Поруч з агульнарасійскімі на Беларусі і Зах. фронце дзейнічалі польскія, яўрэйскія, латышскія, літоўскія, украінскія і інш.нац. партыі і арг-цыі. Значна актывізаваўся ў ходзе рэвалюцыі і бел.нац. рух. З’езд бел. дзеячаў у Мінску [25—27.3(7—9.4). 1917] выпрацаваў асн.праграмнае палажэнне бел. руху ў новых умовах — дасягненне дзярж.-тэр. аўтаноміі Беларусі ў складзе Рас. федэратыўнай дэмакр. рэспублікі. Для ажыццяўлення гэтай ідэі з’езд утварыў Бел.нац. камітэт на чале з Р.Скірмунтам. Пра неабходнасць для Беларусі аўтаноміі ў складзе агульнарас. федэрацыі заявілі адноўленая Бел. сацыялістычная грамада (БСГ), новаўтвораныя Бел. народная партыя сацыялістаў, Бел. народная грамада, Хрысціянска-дэмакратычная злучнасць беларусаў. Аднак Часовы ўрад, зыходзячы з эканам. і геапаліт. інтарэсаў Расіі, не падтрымаў аўтанамісцкай платформы. На Беларусі супраць яе выступілі арганізацыі агульнарас. партый, а таксама мясц. групоўкі, што кіраваліся дактрынай заходнерусізму. Пад іх уплывам некаторыя сял. і настаўніцкія з’езды бел. губерняў прынялі ў 1917 рэзалюцыі супраць аўтаноміі Беларусі і развіцця самабытнай бел. культуры.
Выразнай дамінантай на паліт. ландшафце Беларусі выступаў Зах. фронт рас. армій, у якіх у 1917 налічвалася больш за 1,6 млн. вайскоўцаў. Паводзіны гэтай масы ўзброеных людзей сур’ёзна ўплывалі на перспектывы рас. рэвалюцыі ў цэлым і на далейшы лёс Беларусі. Гал. тэндэнцыяй вайсковага жыцця ў час рэвалюцыі стала яго імклівая палітызацыя. Паводле загада № 1 Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў ад 1(14).3.1917 ва ўсіх падраздзяленнях (ротах, батальёнах, палках, дывізіях, карпусах і арміях) выбраны органы салдацкага самакіравання — вайсковыя камітэты. Стварэнне агульнафрантавой сістэмы салдацкіх арг-цый завершана на 1 з’ездзе ваенных і рабочых дэпутатаў Зах. фронту (крас. 1917, Мінск). З’езд выбраў Выканаўчы к-тЗах. фронту (Франтавы к-т), які размясціўся ў Мінску і, дзякуючы наяўнасці ўзбр. апоры ў асобе салдат, атрымаў вял. магчымасці ўплываць на ход падзей на Беларусі. Фарміраванне на фронце сістэмы салдацкага самакіравання не стасавалася з прынцыпам адзінаначалля ў войску. Вайсковыя к-ты ўмешваліся ў дзейнасць камандзіраў, часта выказвалі ім недавер па паліт. матывах і дамагаліся адхілення ад пасад. Палітызацыя фронту няўхільна вяла да зніжэння кіруемасці, развалу дысцыпліны і баяздольнасці вайск. часцей.
Тым не менш Часовы ўрад, захоўваючы вернасць саюзнікам па Антанце, трымаўся курсу на працяг вайны, хоць яна выклікала ўсё большую незадаволенасць сярод насельніцтва. Улетку 1917 урад і камандаванне арганізавалі наступленне супраць немцаў, спадзеючыся пераламаць ход вайны на карысць Расіі. Аднак першы і гал. ўдар па праціўніку ў чэрв. 1917 сіламі Паўд.-Зах. фронту на Украіне скончыўся няўдачай. Гэта, аднак, не адмяніла прызначанага наступлення Зах. фронту на тэр. Беларусі. Асн. ўдар 9—10 ліп. наносіла тут 10-я армія ў напрамках на Слонім і Вільню. Амаль не сустрэўшы супраціўлення, часці 10-й арміі прайшлі 2—3 лініі ням. акопаў, пабывалі на непрыяцельскіх батарэях, знялі прыцэлы з гармат і вярнуліся назад. Нежаданне салдат працягваць вайну, масавае дэзерцірства, братанне з праціўнікам прывяло да поўнага правалу наступлення.
Няўдачы на фронце, а таксама канфлікт з нац.-вызв. рухамі нярускіх народаў выклікалі ліпеньскі крызіс Часовага ўрада. 3—4 ліп. сотні тыс. салдат, матросаў і ўзбр. рабочых, узбуджаныя антыўрадавай прапагандай бальшавікоў і анархістаў, выйшлі на вуліцы Петраграда з патрабаваннямі адхілення Часовага ўрада і перадачы ўсёй улады Саветам. Сутычкі з вернымі ўраду часцямі прывялі да чалавечых ахвяр. З мэтай прадухіліць паўтарэнне на месцах петраградскіх эксцэсаў, палітычна актыўныя сілы ў Беларусі і на Зах. фронце (Саветы, вайсковыя к-ты, парт. і нац. арг-цыі) не дапусцілі тут масавых выступленняў. Часовы ўрад, які ўзначаліў сацыяліст А.Ф.Керанскі, 9 ліп. быў абвешчаны цэнтральнымі органамі Саветаў «урадам выратавання рэвалюцыі» з шырокімі прэрагатывамі. На фронце ўводзіліся смяротная кара і ваенна-рэв. суды. Узмацніўся адм. націск у адносінах да нац. рухаў.
Адзін са шляхоў стабілізацыі ўнутрыпаліт. становішча кіруючыя колы бачылі ў правядзенні дэмакр. выбараў органаў гар. і земскага самакіравання, якія адбыліся ў 2-й пал. 1917. Упершыню ў Беларусі, як і ва ўсёй імперыі, уводзілася ўсеагульнае, роўнае, прамое і тайнае галасаванне. Большасць месцаў у гар. думах Беларусі заваявалі агульнарасійскія сацыялістычныя партыі. Пэўнае прадстаўніцтва атрымалі нац. арг-цыі: бел., яўрэйскія, польскія. Адначасова пацвердзіўся невысокі рэйтынг ліберальнай Партыі нар. свабоды. У адрозненне ад гараджан, большасць вяскоўцаў фактычна праігнаравала выбары ў земствы. Сяляне з падазронасцю ставіліся да тайнай працэдуры галасавання, выявілі неразуменне дэмакр. механізмаў.
З мэтай спынення дэструктыўных працэсаў кансерватыўныя і ліберальныя сілы (генералітэт, дваранства, частка буржуазіі) патрабавалі згортвання рэвалюцыі, ліквідацыі Саветаў і вайсковых к-таў, задушэння нац.-вызв. рухаў і ўсталявання цвёрдай улады. У якасці правадніка такой лініі і магчымага будучага дыктатара разглядаўся Вярх. галоўнакамандуючы ген. Л.Г.Карнілаў, які 25—31.8(7—13.9).1917 узняў мяцеж. Сумеснымі дзеяннямі левых сіл (эсэраў, меншавікоў, бальшавікоў) мяцеж быў хутка і практычна бяскроўна ліквідаваны. Пасля гэтага ў грамадстве адбыўся яшчэ большы зрух улева. Кадэты, замешаныя ў падрыхтоўцы мяцяжу, цалкам страцілі аўтарытэт і адышлі ў цень. Гал. роля на паліт. сцэне перайшла да сацыяліст. партый. Але сярод іх адсутнічала адзінства поглядаў на далейшыя шляхі развіцця краіны. Большасць эсэраў і меншавікоў лічылі, што ўлада павінна абапірацца не толькі на рабочых і сялян, але на ўсе пласты насельніцтва, у т. л. на буржуазію, без падтрымкі якой немагчыма справіцца з эканам. праблемамі. Фарміраванне агульнанар. улады бачылася ім праз дэмакр. выбранне Устаноўчага сходу, які разглядаўся як вяршыня рэвалюцыі.
Бальшавікі працягвалі кіравацца пастулатам аб дыктатуры пралетарыяту і шлях да яе ўсталявання бачылі праз пераход усёй улады ў рукі Саветаў. Рабочыя, сяляне, салдаты, якія страцілі надзею дачакацца ад Часовага ўрада сацыяльных рэформ, вырашэння пытанняў аб міры і зямлі, усё больш траплялі пад уплыў бальшавікоў. Пра гэта сведчыць хуткі рост бальшавіцкіх арг-цый, асабліва на фронце. Калі на I Паўн.-Зах. абласной канферэнцыі РСДРП(б) у Мінску [15—18.9(28.9—1.10).1917] было прадстаўлена 9,2 тыс. членаў партыі і спачувальнікаў (з іх 69% — у франтавых арганізацыях), то на II канферэнцыі [5—7(18—20). 10.1917] — ужо 56,4 тыс. бальшавікоў (з іх 94% — франтавікі). Па патрабаванні бальшавікоў на канец кастр. 1917 у Петраградзе быў прызначаны II Усерас. з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў, які ў адпаведнасці з ленінскай задумай павінен быў легітымізаваць вынікі запланаванага на тыя ж дні бальшавіцкага ўзброенага паўстання.
Паглыбленне агульнарасійскага сац.-паліт. крызісу ўзмацняла сярод нярускіх народаў краіны цягу да стварэння ўласнай нац. дзяржаўнасці. Гэтая тэндэнцыя ўсё больш выразна праяўлялася і на Беларусі. Паколькі Бел.нац. камітэт не змог дамагчыся аўтаноміі Беларусі, на з’ездзе нац. арганізацый і партый у Мінску [8—10(21—23).7.1917] ён быў скасаваны і заменены Цэнтральнай радай бел. арг-цый, у якой дамінуючая роля належала БСГ. Кола ўдзельнікаў бел.нац. руху паступова пашыралася: да яго далучалася вучнёўская моладзь, рабочыя, бежанцы. Асабліва важнае значэнне мела падтрымка нац. лозунгаў беларусамі-вайскоўцамі. 18—24.10(31.10—6.11).1917 у Мінску адбыўся з’езд воінаў-беларусаў Зах. фронту з удзелам прадстаўнікоў ад інш. франтоў і Балтыйскага флоту. З’езд выказаўся за аўтаномію Беларусі і прызнаў неабходным стварэнне бел. войска. Для арганізацыі нац. войска была выбрана Цэнтр.бел. вайсковая рада (ЦБВР) на чале з С.Рак-Міхайлоўскім. Адначасова Цэнтр. рада бел. арг-цый была рэарганізавана ў Вялікую Беларускую раду (ВБР) пад старшынствам В.Адамовіча, у склад якой увайшоў і выканаўчы камітэт ЦБВР. ВБР разглядалася як зародак вышэйшага органа дзярж. улады аўтаномнай Беларусі. Аднак у канкрэтна-гіст. абставінах тагачаснай Беларусі з яе размытай этнакультурнай ідэнтычнасцю і глыбокай інтэграванасцю ў агульнарас. арганізм гэтыя нац.-дзяржаўніцкія памкненні выглядалі досыць лакальна, яны патаналі ў агульным супрацьстаянні сацыяльна-паліт. сіл і інтарэсаў у маштабах усёй ахопленай крызісам Рас. дзяржавы.
Скарыстаўшы няздольнасць дэмакр. сіл сфарміраваць устойлівыя ўладныя структуры, што змаглі б давесці краіну да Устаноўчага сходу, бальшавікі арганізавалі 24—26.10(6—8.11). 1917 у Петраградзе новае ўзбр. паўстанне і дамагліся звяржэння кааліцыйнага Часовага ўрада. II Усерас. з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў [25—27.10(7—9.11).1917, Петраград], на якім бальшавікі мелі колькасную перавагу, зацвердзіў вынікі паўстання. Не з’яўляючыся органам агульнанар. прадстаўніцтва (дэлегатаў ад самай шматлікай часткі насельніцтва — сялянства — амаль не было), з’езд тым не менш прыняў рашэнне канстытуцыйнага ўзроўню: абвясціў аб пераходзе ўсёй улады ў краіне ў рукі Саветаў рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў. Для атрымання лаяльнасці з боку салдацкіх і сял. мас вял. палітычна-прапагандысцкае значэнне мелі зацверджаныя з’ездам Дэкрэт аб міры (утрымліваў прапанову да ўсіх дзяржаў—удзельніц сусв. вайны неадкладна пачаць перагаворы аб міры на ўмовах адмаўлення ад анексій і кантрыбуцый) і Дэкрэт аб зямлі (абвяшчаў зямлю «ўсенародным набыткам» і абяцаў размеркаванне яе паміж сялянамі на прынцыпах ураўняльнага землекарыстання). З’езд утварыў новы, «рабоча-сялянскі» ўрад Расіі — Савет Народных Камісараў (старшыня У.І.Ленін). 2(15).11.1917 СНК прыняў «Дэкларацыю правоў народаў Расіі», у якой абвяшчалася роўнасць і суверэннасць народаў і іх права на самавызначэнне аж да аддзялення і ўтварэння самастойных дзяржаў.
На Беларусі і Зах. фронце адным з найважнейшых цэнтраў барацьбы за ўладу з’яўляўся Мінск. 26.10(8.11).1917 бальшавікі — члены прэзідыума Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў ад імя яго выканкома выдалі загад № 1 «Да насельніцтва горада Мінска і яго ваколіц», у якім абвясцілі пра пераход улады да Саветаў. У той жа дзень яны прынялі рашэнне аб арганізацыі надзвычайнага органа па правядзенні ўзбр. паўстання — Ваенна-рэвалюцыйнага к-та (ВРК) Зах. фронту (старшыня К.І.Ландар). Абапіраючыся на вызваленых з турмы і гаўптвахт салдат, сабраных у І-ы Рэвалюцыйны імя Мінскага Савета полк, і інш. часці гарнізона, бальшавікі Мінска накіравалі свае патрулі на чыгунку, пошту, тэлеграф і ў штаб Зах. фронту. Спроба захопу ўлады выклікала процідзеянне з боку іншых паліт. сіл. 25—27.10(7—9.11).1917 у Мінску прадстаўнікамі Выканаўчага к-таЗах. фронту, гар. думы, сялянскіх, прафесійных, нац. арг-цый быў створаны надзвычайны кааліцыйны орган улады — Камітэт выратавання рэвалюцыі Заходняга фронту, у якім пераважалі эсэры, правыя і левыя меншавікі, бундаўцы. Камітэт не прызнаў вынікаў Петраградскага ўзбр. паўстання і выказаўся за фарміраванне ўлады на аснове шырокага левага блока. Вайсковыя сілы К-та выратавання рэвалюцыі напачатку шматразова пераўзыходзілі сілы бальшавікоў Мінска, што прымусіла апошніх заявіць аб падпарадкаванні камітэту. Але адначасова яны, выкарыстоўваючы дэкрэты аб міры і зямлі, разгарнулі ў часцях Зах. фронту інтэнсіўную агітацыю і здолелі дамагчыся падтрымкі з боку значнай колькасці салдат. Гэта дазволіла падцягнуць да Мінска ўзбр. падмогу, у т. л. браніраваны цягнік, і змяніць суадносіны сіл у горадзе на карысць бальшавікоў. 2(15).11.1917 на пашыраным пасяджэнні Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў было абвешчана аб поўным пераходзе ўлады ў яго рукі.
У Віцебску мясц. Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў не падтрымаў Петраградскае ўзбр. паўстанне і не прызнаў створаных у выніку яго перамогі цэнтр. органаў улады. У адказ бальшавікі Віцебска выйшлі з кіраўніцтва Савета і з апорай на салдат гарнізона стварылі Ваенна-рэвалюцыйны камітэт. ВРК ануляваў паўнамоцтвы дзеючага Савета і адміністрацыйна-сілавым шляхам скамплектаваў новы, т.зв. Рэвалюцыйны Савет салдацкіх дэпутатаў. У канцы ліст. 1917 было абвешчана аб усталяванні ў Віцебску і павеце сав. улады, аднак найвышэйшым уладным органам заставаўся ВРК.
Вынікі барацьбы за ўладу ў Магілёве, дзе знаходзілася Стаўка Вярх. галоўнакамандуючага, мелі не толькі мясцовае, але і агульнарас. значэнне. Паліт. і грамадскія арг-цыі Магілёва адмоўна паставіліся да Кастрычніцкага ўзбр. паўстання ў Петраградзе. Пасля звестак аб звяржэнні Часовага ўрада прадстаўнікі гар. думы, паліт. партый, нац., прафесійных арг-цый Магілёва ўтварылі Камітэт грамадскай бяспекі, які заклікаў да захавання парадку і падрыхтоўкі да выбараў ва Устаноўчы сход. Магілёўскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў 28.10(10.11).1917 асудзіў выступленне бальшавікоў і выказаўся за ўтварэнне «аднароднага сацыялістычнага ўрада» (ад бальшавікоў да народных сацыялістаў). 9(22). 11.1917 петраградскі СНК адхіліў ад пасады в.а. Вярх. галоўнакамандуючага ген. М.М.Духоніна і накіраваў для заняцця Стаўкі экспедыцыйныя атрады салдат і матросаў на чале з бальшавіком прапаршчыкам М.В.Крыленкам. З набліжэннем іх да Магілёва выканком Магілёўскага Савета прыняў 18 ліст. (1 снеж.) рэзалюцыю аб прызнанні бальшавіцкага ўрада і ўтварыў Ваенна-рэв. камітэт, да якога перайшла ўлада ў горадзе і павеце. Паводле яго загаду Духонін быў узяты пад хатні арышт, а ў час заняцця Стаўкі сав. войскамі загінуў у выніку матроскага самасуду.
Выступаючы пад лозунгам «Уся ўлада Саветамі», бальшавікі ў большасці выпадкаў не дапускалі пераходу ўлады да рэальна існаваўшых Саветаў, паколькі ў іх мелі перавагу эсэры, меншавікі, бундаўцы і інш. памяркоўныя сацыялісты. Як у губернскіх, так і ў павятовых цэнтрах, інш. гарадах і мястэчках Беларусі захоп улады ажыццяўляўся, як правіла, праз ваенна-рэв. к-ты, якія фарміраваліся бальшавікамі пераважна з вайскоўцаў, што перайшлі на бальшавіцкія пазіцыі. ВРК займалі стратэгічна важныя аб’екты (арсеналы, тэлеграф, чыг. станцыі, штабы), затым дамагаліся перавыбараў эсэра-меншавіцкіх Саветаў з тым, каб большасць у іх атрымалі бальшавікі і левыя эсэры. Пасля гэтага Саветы ў новым складзе зацвярджалі меры, фактычна ўжо ажыццёўленыя ваенна-рэв. камітэтамі. Дзейнасць апошніх у кастр.—ліст. 1917 каардынаваў ВРКЗах. фронту ў Мінску.
Устанаўленне сав. улады на Беларусі і Зах. фронце было аформлена скліканымі ў Мінску III з’ездам Саветаў сял. дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ. [18—20.11(1—3.12).1917], з’ездам Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Зах. вобласці (19—21.11(2—4.12).1917] і II з’ездам армій Зах. фронту [20—25.11(3—8.12).1917], З’езды выбралі свае выканаўчыя органы, якія 26.11 (9.12). 1917 аб’ядналіся і разам з прадстаўнікамі прафсаюзаў сфарміравалі вышэйшы орган улады — Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў Зах. вобласці і фронту (Аблвыкамзах; старшыня М.У.Рагазінскі, са студз. 1918 А.Ф.Мяснікоў), у якім абсалютная большасць месц (100 са 187) належала прадстаўнікам фронту. Органам выканаўчай улады стаў Савет народных камісараў Зах. вобласці і фронту (старшыня К.І.Ландар). Паводле спосабу фарміравання і асабовага складу гэта былі пераважна франтавыя органы, укамплектаваныя вайскоўцамі розных нацыянальнасцей Расіі, але пры амаль поўнай адсутнасці беларусаў. Кампетэнцыя Аблвыкамзаха не распаўсюджвалася на Віцебскую і Магілёўскую губ., там дзейнічалі Віцебскі губ. Савет сял., салдацкіх, рабочых і батрацкіх дэпутатаў і Магілёўскі губ. Савет рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў. Кіраўніцтва Аблвыкамзаха і СНКЗах. вобласці і фронту фактычна адмаўляла права бел. народа на самавызначэнне і стварэнне сваёй нац. дзяржаўнасці.
Для вырашэння пытання аб самавызначэнні па ініцыятыве Вял.Бел. рады (Мінск) і Бел. абласнога к-та (Петраград) 5—18(18—31).12.1917 у Мінску адбыўся першы ў гісторыі агульнанац. форум бел. народа — Усебеларускі з’езд. У ім удзельнічалі 1872 дэлегаты ад земстваў, гар. дум, Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў, Саветаў сял. дэпутатаў Беларусі, бел.паліт. партый, бежанскіх, прафесійных і інш. арг-цый. Выпрацаваная з’ездам канцэпцыя дэмакр. шляху да бел. дзяржаўнасці прадугледжвала ўтварэнне Усебеларускага Савета сял., салдацкіх і рабочых дэпутатаў, якому даручалася скліканне Бел. Устаноўчага сходу для канчатковага вызначэння дзяржаўна-палітычнага статусу Беларусі і фарміравання легітымных органаў улады. Такая перспектыва супярэчыла імкненням бальшавікоў Зах. фронту да ўстанаўлення сваёй манаполіі на ўладу на Беларусі. Паводле загаду СНКЗах. вобласці і фронту ў ноч на 18(31) снежня Усебел. з’езд быў разагнаны ўзбр. салдатамі.
З паліт. курсам бальшавікоў на ўсталяванне ў краіне класавай пралетарскай дыктатуры не стасавалася і скліканне Усерас. Устаноўчага сходу як агульнанароднага дэмакр. прадстаўнічага органа. На выбарах ва Устаноўчы сход (ліст.—снеж. 1917) у бел. губернях і на Зах. фронце 50,7% галасоў атрымалі бальшавікі, 32,2% — эсэры, астатнія галасы размеркаваліся паміж інш. партыямі. Аднак у цэлым па Расіі 62% выбаршчыкаў прагаласавалі за эсэраў і меншавікоў, 25% — за бальшавікоў, 5% — за кадэтаў. За адмову на пасяджэнні 5.1.1918 прыняць ультыматыўнае патрабаванне бальшавікоў аб прызнанні дэкрэтаў сав. улады Устаноўчы сход быў разагнаны, а дэманстрацыя ў Петраградзе ў яго падтрымку расстраляна. Працэс станаўлення ў Расіі парламентарызму быў гвалтоўна перапынены.
Лінія бальшавіцкага ўрада Расіі на падаўленне паліт. апазіцыі выявілася таксама ў прыняцці 27.10(9.11). 1917 Дэкрэта аб друку, паводле якога быў закрыты шэраг небальшавіцкіх газет; у забароне 28.11(11.12).1917 дзейнасці партыі кадэтаў; у разгоне ў студз. 1918 Усерасійскага Устаноўчага сходу; у паступовай ліквідацыі органаў мясц. самакіравання — земстваў і гар. дум. Фактычна была знішчана ранейшая судовая і праваахоўная сістэма, замененая партыйна-класавымі «рэвалюцыйнымі трыбуналамі». Новай сістэме ўлады былі ўласцівы цэнтралізацыя, аўтарытарызм, выкарыстанне дыктатарскіх метадаў кіравання. Пачалі ажыццяўляцца захады па стварэнні новай мадэлі эканомікі, заснаванай на «грамадскай», фактычна — дзяржаўнай уласнасці на сродкі вытворчасці. У ліст. 1917 пачалося ўвядзенне рабочага кантролю над вытворчасцю, размеркаваннем і фінансавай дзейнасцю. Да лют. 1918 рабочы кантроль устаноўлены на 67 найбуйнейшых прадпрыемствах Беларусі. Гэту меру бальшавікі разглядалі як важны крок да нацыяналізацыі прадпрыемстваў. У снеж. 1917 сав. ўлада нацыяналізавала ўсе прыватныя банкі, канфіскавала грашовыя сродкі насельніцтва, набытыя «непрацоўным шляхам». Нацыяналізацыі падлягалі чыгункі, чыг. майстэрні, пошта і тэлеграф, лесапільныя заводы, млыны, торфапрадпрыемствы. У лют. 1918 пачалася нацыяналізацыя кніжных кіёскаў, аптэк, кафэ, рэстаранаў і інш. У адпаведнасці з Дэкрэтам аб зямлі сав. ўлада пачала аграрныя пераўтварэнні. У канцы 1917—пач. 1918 у бел. вёсцы было экспрапрыіравана каля 13 тыс. прыватнаўласніцкіх гаспадарак.
Радыкальныя паліт. і сац.-эканам. эксперыменты бальшавіцкай улады на большай частцы Беларусі перапыніла наступленне германскай арміі ў лютым 1918.
Літ.:
Великая Октябрьская социалистическая революция в Белоруссии: Док. и материалы. Т. 1—2. Мн., 1957;
Победа советской власти в Белоруссии. Мн., 1957;
Игнатенко И.М. Беднейшее крестьянство — союзник пролетариата в борьбе за победу Октябрьской революции в Белоруссии (1917—1918). Мн., 1962;
Яго ж. Февральская буржуазно-демократическая революция в Белоруссии. Мн., 1986;
Яго ж. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;
Башко П.К. Советы рабочих, солдатских и крестьянских депутатов Белоруссии (март—октябрь 1917 г). Мн., 1987;
Смольянинов М.М. Революционное сознание солдат Западного фронта в 1917 г.Мн., 1991;
Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Ч. 1—3. Гомель, 1993;
Сяменчык М.Я. Грамадска-палітычнае жыццё на Беларусі ў перыяд Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый (сакавік 1917 — сакавік 1918 гг.). Ч. 1—2. Мн., 2001;
Рудовіч С. Час выбару: Праблема самавызначэння Беларусі ў 1917 г.Мн., 2001.
С.С.Рудовіч.
Маніфестацыя ў Мінску ў час Лютаўскай рэвалюцыі 1917.Беларускія дэлегаты на 1-м Усерасійскім з’ездзе сялянскіх дэпутатаў. 1917.Мітынг у Лунінцы. Лістапад 1917.Выканком Магілёўскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Лістапад 1917.Загад №1 выканкома Мінскага Савета ад 25.10.1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁВЯШЧАННЕ
Гісторыя развіцця. У адпаведнасці з сацыяльна-паліт. і творчым характарам вылучаюць наступныя асноўныя перыяды развіцця і дзейнасці радыёвяшчання на Беларусі: 1925—32 — стварэнне тэхнічных сродкаў, фарміраванне арганізацыйных і ідэйна-творчых прынцыпаў вяшчання; 1932—41 — развіццё масавага радыёвяшчання; 1941—45 — радыёвяшчанне ў Вял.Айч. вайну; 1945—60 — этап пасляваеннага аднаўлення; 1961—75 — развіццё тэхнічнай аснашчанасці радыёвяшчання, яго форм і жанраў; 1975—85 — радыёвяшчанне ва ўмовах застою ў сац. жыцці і эканоміцы; 1985—91 — радыёвяшчанне ў перыяд перабудовы; з 1991 — развіццё на сучасным этапе.
Развіццё радыёвяшчання на Беларусі непарыўна звязана са станаўленнем і развіццём яго на ўсесаюзным узроўні. Першыя пробныя радыёвяшчальныя перадачы ў СССР адбыліся ў 1919 (г. Ніжні Ноўгарад). У 1921 у Маскве пачала працаваць цэнтр. радыётэлефонная станцыя вялікага радыуса. Адначасова расла і ўдасканальвалася радыёпрымальная і радыётрансляцыйная сетка, канструяваліся радыёвяшчальныя прыёмнікі, гучнагаварыцелі, будаваліся радыёвузлы. На Беларусі стварэнне радыёперадавальнай сеткі пачалося ў 1925. У Мінску і Гомелі былі ўстаноўлены радыёперадатчыкі тыпу «Малы Камінтэрн» магутнасцю 1,2 кВт. Першай уступіла ў строй радыёстанцыя ў Гомелі, якая трансліравала перадачы, што прымаліся па правадах з Масквы. Для мясц. вяшчання абсталявана невялікая студыя, для аб’яў выкарыстоўваліся тэлефонныя трубкі гар. тэлефона і вугальныя мікрафоны. Першая перадача Бел. радыё ў Мінску адбылася 15.11.1925 на радыёстанцыі РВ-10 імя Саўнаркома БССР; трансліраваліся перадачы ў радыусе да 300 км, іх працягласць 30 мін у суткі. Адкрыццё радыёстанцыі спрыяла шырокаму развіццю прымальнай радыёсеткі. У 25 раёнах Беларусі ўстанаўліваліся радыёпрыёмнікі калектыўнага карыстання «Радыёліна». Пабудавана 75-метровая драўляная мачта, побач з якой абсталявалі і студыю. У сак. 1926 ЦКВКП(б) прыняў пастанову аб выпуску 2 радыёгазет: рабочай (штодзённай) і сялянскай (3—4 разы на тыдзень). Пачаўся выхад у эфір «Беларускай радыёгазеты», якая мела рубрыкі «Перадавы артыкул», «Жыццё вёскі», «Рабочае жыццё», «Хроніка Мінска» і інш. У ліп. 1926 радыёстанцыя РБ-10 імя Саўнаркома БССР перайшла ў распараджэнне акцыянернага таварыства «Радыёперадача». Выходзілі спецыялізаваныя перадачы для розных груп насельніцтва: радыёгазеты «Беларуская вёска», «Чырвоная змена», «Піянер Беларусі» і інш., перадаваліся выступленні членаў літаратурнага аб’яднання «Маладняк». У 1927 Мінскі радыёперадатчык «Малы Камінтэрн» заменены на больш магутны (4 кВт). З дапамогай узмацняльніка ТБ-3/0, які па паветраных правадных лініях сілкаваў рупарныя гучнагаварыцелі тыпу «Акорд», радыёфікавана каля 25 месцаў калектыўнага радыёслухання. У жніўні 1927 Таварыства сяброў радыё правяло першы Усебел. дзень радыё. З 1928 пачало развівацца правадное вяшчанне. Трансляцыйны вузел быў абсталяваны магутным узмацняльнікам на базе перадатчыка «Малы Камінтэрн»; падвешана каля 45 км трансляцыйных ліній і ўстаноўлена каля 4 тыс. радыёкропак. Побач з перадачамі са студыі Белрадыёцэнтра пачаліся трансляцыі перадач з тэатраў і клубаў. Створаны сімфанічны аркестр Белрадыёцэнтра, які забяспечваў муз. праграмы, і першы радыёуніверсітэт з тэхн., сельскагаспадарчым і агульнапаліт. факультэтамі. У ліст. 1928 уведзена тыпавая тыднёвая сетка вяшчання, закладзена адраснасць перадач паводле прафесійнай і ўзроставай прыналежнасці слухачоў, праведзена першая ў краіне радыёпераклічка гарадоў СССР з удзелам Мінска. У 1929 работнікі Белрадыёцэнтра распрацавалі 10-ватны ўзмацняльнік БРЦ-10 для радыёфікацыі раёнаў Беларусі. Першы радыёвузел абсталяваны на шклозаводзе «Кастрычнік» Бабруйскага раёна. У ліст. 1931 пабудавана радыёстанцыя магутнасцю 30 кВт у Калодзішчах пад Мінскам. Выходзілі радыёгазеты «За бальшавіцкія тэмпы», «У рабочы поўдзень», «Калгасны заклік», «Камсамолец Беларусі», «Чырвонаармейская радыёгазета» і інш.
У 1932 створаны Усебел. камітэт радыёвяшчання пры Наркамаце поштаў і тэлеграфаў, які арганізоўваў радыёвяшчальныя праграмы па ўсіх радыёстанцыях і радыёвузлах Беларусі. Замест ліквідаваных некаторых радыёгазет створаны новыя формы вяшчання, адкрыты сектары: «Апошнія паведамленні», грамадска-палітычны, мастацкі, дзіцячы, нізавога вяшчання, «У дапамогу самаадукацыі» і інш. З 1933 шырока практыкаваліся прамыя эфірныя перадачы: «Нестудыйная перадача з Аршанскага льнокамбіната», «Нестудыйная перадача з калгаса імя Леніна» і інш., рэпартажы з сустрэч, мітынгаў, сходаў, дэманстрацый. У 1936 на Бел. радыё ўпершыню выкарыстаны апараты гуказапісу тыпу «Шорынафон». У якасці носьбіта гуку выкарыстоўвалася звычайная кінастужка. Большасць драматычных і муз. перадач ішлі пад рубрыкай «Радыётэатр», маст. перадачы вяліся на бел., рус., польскай і яўр. мовах. У 1938 у Белрадыёцэнтры абсталяваны 3 новыя студыі, цэх механічнага вяшчання і гуказапісу, пры будаўніцтве якіх упершыню выкарыстаны акустычныя гукапаглынальныя матэрыялы. У 1939 Радыёкамітэт наладзіў выпуск штодэкаднай газеты «Радыёпраграмы». Пасля вызвалення Зах. Беларусі пачала работу радыёстанцыя РБ-95 у г. Баранавічы магутнасцю 50 кВт; у абл. і раённых цэнтрах будаваліся трансляцыйныя радыёвузлы, стваралася мясц. вяшчанне на фабрыках і заводах, саўгасах і калгасах. У 1940 у Белрадыёцэнтры ўведзены ў дзеянне 100-кілаватны лямпавы перадатчык, вялося будаўніцтва радыёпрымальнага цэнтра ў Прылуках (Мінскі раён).
У сувязі з акупацыяй Беларусі ням. фашыстамі ў чэрвені 1941 радыёстанцыя РБ-10 імя Саўнаркома БССР спыніла сваю работу. У Маскве на радыёстанцыі імя Камінтэрна працягвала працаваць даваенная рэдакцыя вяшчання на бел. мове. У снежні 1941 кіраўніцтва Усесаюзнага радыё выдзеліла для радыёстанцыі «Савецкая Беларусь» радыёстанцыю на кароткіх хвалях, якая выйшла ў эфір 1.1.1942. Перадачы вяліся на бел. і рус. мовах напачатку 3 разы ў суткі (аб’ём вяшчання 2 гадз 30 мін), потым 5 разоў. Пазыўнымі служылі бел. музыка (апрацоўка М.Жальвінскага) і верш Я.Купалы «Беларускім партызанам». Аснову вяшчання складалі інфарм. перадачы, якія пачыналіся са зводак Саўінфармбюро, выпускі «Апошніх паведамленняў» для партызан і падпольшчыкаў з аглядам газеты «Савецкая Беларусь» і газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», спецыяльныя перадачы важнейшых паведамленняў для рэдакцый падп. газет, штодзённыя агляды цэнтр. газет, інфарм. праграмы «Партызанскія навіны» і «Дапамога фронту». Аснову контрпрапагандысцкіх праграм складалі выступленні вядомых парт. кіраўнікоў, дзеячаў навукі і культуры. Радыёстанцыя правяла 15 трансляцый антыфаш. мітынгаў, у т. л. радыёмітынгу з Казані ў студз. 1942 прадстаўнікоў бел. народа. Вядучае месца ў прапагандысцкіх перадачах займалі выступленні перад мікрафонам, публіцыстычныя радыёпрамовы, нарысы, паліт. памфлеты і фельетоны бел. пісьменнікаў і паэтаў. Бел. літаратары рыхтавалі перадачы для сатырычнай рубрыкі «Партызанская сатыра»: «Сатырычныя хвілінкі партызанскага гумару», «Зарадка», «Саветы бывалага партызана» і інш. У эфіры гучалі штодзённыя 30-мінутныя канцэрты з удзелам бел. артыстаў, радыёп’есы. Са снежня 1942 радыёстанцыя пачала рэгулярныя перадачы для камсамольцаў і моладзі акупіраванай тэр. Беларусі. Пастаяннымі рубрыкамі маладзёжных праграм былі «Беларускі народ змагаецца», «Лісты з партызанскіх атрадаў», «Партызанскія аперацыі», рэгулярна перадаваліся агляды пошты. У 1943 сутачны аб’ём вяшчання радыёстанцыі складаў 7 гадз. За перыяд яе існавання (да 20.9.1944) адбылося 3270 перадач, у т. л. 505 маладзёжных. У 1944 у вызваленым ад фашыстаў Гомелі, а потым у Мінску аднавіла свае перадачы радыёстанцыя РБ-10 імя Саўнаркома БССР. У «Апошніх паведамленнях» (выйшла больш за 1200), рубрыках «На франтах Айчыннай вайны», «Па гарадах нашай рэспублікі», «На вызваленай беларускай зямлі» і інш. шырока асвятляліся падзеі на франтах, аднаўленне нар. гаспадаркі, адраджэнне навукі і культуры, работа 6-й сесіі Вярхоўнага Савета БССР, трансліраваліся з Мінска сход бел. інтэлігенцыі, свята маст. самадзейнасці ў адноўленым Доме радыё. Пасля вызвалення Беларусі ўведзены ў дзеянне радыёвузлы ва ўсіх абл. цэнтрах, наладжвалася іх радыёсувязь з раённымі цэнтрамі, у дамах устаноўлена 40 тыс. радыёкропак (27% ад даваеннага ўзроўню).
У 1945 Бел. радыё атрымала адноўленыя студыі Дома радыё і новае абсталяванне, што дазволіла пашырыць дыяпазон перадач. У праграмах значнае месца аддавалася прапагандзе нар. мастацтва, твораў тэатральнай і муз. класікі, часцей гучалі бел.нар. песні і песні інш. народаў у выкананні аматарскіх хароў і спевакоў. Падзеяй стала трансляцыя свята нар. мастацтва ў Мінску (ад Беларусі выступілі 1300 чал.). З 1946 на Бел. радыё пачалося тэхн. пераабсталяванне студыі гуказапісу, перасоўных рэпарцёрскіх станцый, удасканальваліся апараты для запісу студыйных і пазастудыйных перадач. Спецыяльныя выпускі «Апошніх паведамленняў» прысвячаліся новабудоўлям: аўтамабільнаму і трактарнаму заводам, тонкасуконнаму камбінату; павялічылася ўвага да праблем выхавання дзяцей і моладзі. Са студз. 1949 рэдакцыя літ.-драм. вяшчання сумесна з праўленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі выпускала штомесячны радыёальманах «Беларусь літаратурная». З пашырэннем у 1951 у Доме радыё аддзела гуказапісу т.зв. жывыя выступленні сталі выключэннем. Вядучае месца заняў магнітны запіс з дапамогай айч. магнітафонаў «МЭЗ-2». Пераабсталявана мантажная апаратная, для запісу пазастудыйных перадач выкарыстоўвалі айч. рэпартажныя магнітафоны тыпу «Рэпарцёр». Устарэлае абсталяванне Дома радыё ў 1952—59 заменена на больш дасканалае, што дазволіла палепшыць якасць запісу муз. твораў і моўных перадач, рабіць запісы пазастудыйных перадач з выкарыстаннем 5 мікрафонных і 2 лінейных уваходаў або 6 мікрафонаў з індывідуальным рэгуляваннем узроўню. З пачаткам дзейнасці ў 1955 Мінскага тэлевізійнага цэнтра на Беларусі пачала працаваць 2-праграмная радыёвяшчальная станцыя на ультракароткіх хвалях. Паляпшэнне тэхн. базы дазволіла адкрыць новыя рубрыкі, весці прамыя эфірныя трансляцыі з тэатраў і клубаў, спарт. пляцовак. Са студзеня 1956 пачалі выходзіць у эфір аналітычная праграма «На прамысловыя тэмы», маладзёжная перадача «Беларусь фізкультурная», «Радыёчасопіс для жанчын». Склаліся спецыфічныя для радыёжурналістыкі жанры: радыёнарыс, радыёрэпартаж, радыёкаментарый. Да 1959 на Беларусі дзейнічалі каля 1,2 тыс. радыёвузлоў, 212 тыс. радыёпрыёмнікаў, больш за 1 млн. радыётрансляцыйных кропак, працягласць ліній радыёфікацыі дасягнула 55 тыс.км.
З 1963 перадачы Бел. радыё вяліся з новага будынка Дома радыё, дзе былі абсталяваны вялікая і малая канцэртныя студыі, блок літ.-драм. вяшчання, цэнтр. апаратная на 10 каналаў, 7 моўных студый з апаратнымі, 5 мантажных апаратных, пакой рэха і інш., што дало магчымасць ствараць новыя праграмы. У лютым 1963 распачалі дзейнасць радыёстанцыя «Беларуская маладзёжная» з яе папулярнымі перадачамі «Зорная эстафета», «Твой замежны равеснік», «Шчырая размова», «Я вам пішу», дыскусійны клуб «Субяседнік». Папулярнасцю карысталіся пастаянныя цыклы перадач «У абедзенны перапынак» і «Для веруючых і няверуючых». Пра людзей цікавага лёсу, таленавітых кіраўнікоў вытворчасці інфармавала «Рабочая радыёгазета». У красавіку 1964 выйшлі ў эфір радыёстанцыя «Сельскае жыццё» з яе праграмамі «Сельская раніца» і «Вячэрнія зарніцы», інфарм. праграма «Дзень нашага жыцця» і перадача для старшакласнікаў «Рамантыкі». У 1967 завершана поўная радыёфікацыя Беларусі. Бел. радыё вяло перадачы па 2 нац. праграмах. Трансліраваліся таксама праграмы маскоўскіх радыёстанцый «Маяк» і «Юнацтва». З мэтай паляпшэння падрыхтоўкі кадраў для радыё і тэлебачання на факультэце журналістыкі БДУ створана кафедра тэорыі і практыкі радыёвяшчання і тэлебачання. У 1970 у Доме радыё ўстаноўлена 20 рэжысёрскіх пультаў з шырокімі тэхн. магчымасцямі і больш за 100 навейшых стацыянарных магнітафонаў. Група пазастудыйных запісаў мела некалькі аўтамашын з гуказапісвальнай і перадавальнай апаратурай, больш за 150 партатыўных рэпартажных магнітафонаў. У 1972 пачалося стэрэавяшчанне на ультракароткіх хвалях. Сведчаннем творчай сталасці Бел. радыё стала адкрыццё арыгінальных праграм. У кастрычніку 1972 выйшла ў эфір інфармацыйна-паліт. і муз. праграма «Крыніца». Яна вылучалася надзённасцю тэм і аператыўнасцю. Асноўныя перадачы: «Навука — вытворчасці», «Любімыя мелодыі», «Спектр», «Для тых, хто ў дарозе», «Маладыя галасы» і інш. Асабліва папулярнымі былі інфарм. выпускі «Навіны рэспублікі» і «Мінскія навіны». У 1970-я г. на Беларусі працавалі 22 радыёвяшчальныя станцыі, укаранялася 3-праграмнае правадное вяшчанне. У 1975 налічвалася больш за 2,2 млн. радыёкропак, 2 млн. радыёпрыёмнікаў. Бел. радыё вяло перадачы па 4 праграмах: 1-я (9 гадз у суткі), 2-я (8 гадз, з іх 6 займалі перадачы праграмы «Крыніца»), 3-я (5 гадз, рэтрансляцыя 1-, 3-, 4-, 5-, 6-й праграм радыё «Маяк», Масква), 4-я (1 гадз, на замежжа). У яго структуру ўваходзілі: дырэкцыя праграм, 6 вяшчальных рэдакцый, інфарм. служба, дырэкцыя вяшчання на 2-й праграме і рэдакцыя вяшчання на Мінск і Мінскую вобласць. У Доме радыё размяшчалася 13 студый, з іх 5 вяшчальных, 10 мантажных апаратных, цэнтр. апаратная. У выніку канцэптуальных змен у падрыхтоўцы і праграмнай сістэматызацыі перадач палепшылася змястоўнасць праграм. Адбылася прэм’ера публіцыстычнай праграмы «Спытаем сябе, таварышы!», якая выклікала палемічную размову па праблеме навукова-тэхн. прагрэсу. Цыкл перадач «Наватар» дапамагаў распаўсюджваць вопыт лепшых вынаходнікаў, канструктараў і інжынераў. Перадача «Актуальны мікрафон» асвятляла складаныя пытанні жыцця, узнятыя радыёслухачамі. Развівалася мясц. радыёвяшчанне Беларусі. У 1980 працавалі 6 рэдакцый абласнога, 115 раённага, 12 гарадскога і 32 фабрычна-завадскога радыё. З 1982 вялося рэгулярнае вяшчанне на кароткіх хвалях на замежныя краіны. Радыёстанцыю «Беларусь» слухалі на бел., рус., англ. і ням. мовах у ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Індыі, а таксама ў 20 краінах Зах. Еўропы і Паўн.-Зах. Афрыкі.
У 1985—91 з’яўленне галоснасці і плюралізму выклікала працэс глыбокага рэфармавання ўсіх бакоў дзейнасці бел. радыёвяшчання: арганізацыйнай структуры, праграмнай, ідэалагічнай і творчай установак, адносін да аўдыторыі. Значнае месца ў інфарм. і аналітычных перадачах заняла Чарнобыльская трагедыя 1986, якую адлюстроўвалі ў радыёрэпартажах, выступленнях вучоных і палітыкаў, праблемных радыёсходах і пераклічках. З’явіліся радыёнарысы новага зместу: «Аднаўленне», «Круглянскі вузел», «Высокае званне — настаўнік», «Дарога ў заўтра», «Голас дэмакратыі». У аналітычным вяшчанні сталае месца занялі палемічныя выступленні па пытаннях нац. гісторыі, адраджэння бел. мовы і культуры, стану навакольнага асяроддзя, маральна-этычная тэматыка, праблемы маральнага аблічча людзей.
Сучасны стан радыёвяшчання. Пасля распаду СССР у пач. 1990-х г. перастала існаваць сістэма Усесаюзнага радыёвяшчання. У новых сац.-паліт. умовах Бел. радыё захавала сваё традыцыйнае месца ў сістэме Белдзяржтэлерадыё, а яго развіццё насіла паступовы характар. Асноўнымі яго рысамі заставаліся высокі ўзровень цэнтралізацыі, кантроль за трансляцыйнай сеткай і інфарм. патокам. Значна знізілася колькасць праграм раённага (рэгіянальнага) радыё (у 1991 засталося 40 радыёпраграм). Распрацаваная ў пач. 1990-х г. доўгатэрміновая творчая праграма дазваляла аператыўна інфармаваць радыёслухачоў пра актуальныя і надзённыя пытанні, якія цікавілі грамадзян Беларусі. Цэнтр. тэмамі сталі пытанні сац.-эканам. развіцця краіны, дзярж. будаўніцтва, праблемы Чарнобыльскай катастрофы, мед. абслугоўвання насельніцтва, сац. абароны ўсіх катэгорый грамадзян, найперш ветэранаў вайны, пенсіянераў, інвалідаў і інш. У 1991 у эфір выйшлі інфармацыйна-аналітычныя перадачы «Радыёфакт» і «Пастфактум». Шырэй выкарыстоўваліся магчымасці прамога эфіру. З кастр. 1992 радыёстанцыя «Беларуская маладзёжная» на 2-й праграме атрымала 2 гадз прамога эфіру. Загучалі маладзёжныя выпускі «Музыка тоўстых», «Квадракола», «Сусветная служба «Беларускай маладзёжнай». Рэарганізавана Мінскае абл. радыё. Рэдакцыя вяшчання на Мінск і Мінскую вобласць атрымала назву радыёстанцыя «Сталіца». У маі 1994 радыёстанцыі «Крыніца» і «Беларуская маладзёжная» аб’яднаны ў новую праграму «Радыё-2» (вяшчанне на сярэдніх хвалях 5 гадз у будныя дні і 2 — у выхадныя). Папулярнымі былі яе рубрыкі «Жыццяпіс» (пра гісторыю краіны), «Мястэчка» (расказы пра малыя гарады Беларусі), «Сто пытанняў і адказаў, як стаць здаровым і шчаслівым», «Эдэльвейс» (турыстычная праграма), «Слова для душы» (перадача для вернікаў).
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28.9.1994 зацверджана Палажэнне аб Нацыянальнай дзярж. тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь, якая пачала ажыццяўляць кіраўніцтва ўсім працэсам ад стварэння да выхаду ў эфір тэлерадыёпраграм. Распрацавана новая структура і канцэпцыя эвалюцыйнага рэфармавання нац. тэлебачання і радыё. З прыняццем Закона Рэспублікі Беларусь «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» ад 13.1.1995 і Указа Прэзідэнта «Аб дзяржаўнай камісіі па радыёчастотах» ад 17.11.1995 на Беларусі пачало развівацца і камерцыйнае радыёвяшчанне.
Аснова вяшчальнай палітыкі Бел. радыё ў пач. 2000-х г. — масавасць, даступнасць, вялікі аб’ём інфармацыі, аператыўнасць і актуальнасць. У 2003 яно перайшло на лічбавае вяшчанне. Праведзена камп’ютэрызацыя рабочых месцаў журналістаў. Эфір стаў больш дынамічным і «жывым». Скарацілася колькасць запісаных праграм. Створаны неабходныя ўмовы для падрыхтоўкі праграм на конкурснай аснове. У радыёэфіры дамінуюць прамыя кантакты са слухачамі, інтэрактыўныя перадачы, кароткія жанравыя формы: рэпартажы, апытанні насельніцтва, каментарыі экспертаў і інш.
У 2004 Бел. радыё вядзе перадачы па 2 агульнанац. каналах: «Першы нацыянальны канал» і «Культура», 3 радыёстанцыях: «Радыус-FM», «Беларусь» і «Сталіца». Агульны аб’ём вяшчання — 80 гадз у суткі.
Адзін з галоўных прыярытэтаў «Першага нацыянальнага канала» (аб’ём вяшчання 19 гадз у суткі) — аператыўнае асвятленне найважнейшых падзей у краіне і за яе межамі. У 2 разы павялічана інфарм. вяшчанне: выпускі «Навін» выходзяць у рэжыме рэальнага часу ў пачатку кожнай гадзіны. Аналіз асноўных навін, інфармацыю для дзелавых людзей, агляды газет і інш. дае ранішні «Радыёфакт», а вынікі дня падводзіць «Пастфактум-радыё». Аналітычныя праекты «Тэма дня», «Тэма тыдня», «Дыялог», «Палітычны вектар», «Без бар’ераў», «Прававы канал» закранаюць актуальныя праблемы грамадска-паліт. жыцця Беларусі. У эфір выходзяць публіцыстычныя праграмы «Беларусь—Расія», «Супольнасць», «Мая краіна — Беларусь», «Час і моладзь». Жыццё і духоўнае адраджэнне вёскі, аграрныя праблемы асвятляюць тэматычныя блокі «Сельская раніца», «Падворак», «Аграрнае пытанне». Культурнае і муз. жыццё краіны адлюстравана ў інфармацыйна-асветным, культуралагічным праекце «Культурная прастора». Праграма ўключае аўтарскія праекты асветнага характару, сустрэчы з пісьменнікамі, кампазітарамі, выкарыстоўваюцца новыя формы вяшчання з забаўляльнымі элементамі і інш. У ранішнім блоку — скразны канцэптуальны праект «Будзем разам», у вячэрнім — самая рэйтынгавая праграма «Вітаем, віншуем, жадаем!», сац. перадача «Зваротная сувязь». Сваю пастаянную слухацкую аўдыторыю маюць аўтарскія праграмы «Музычны сшытак», «Брама», «Палітра», «Сентыментальнае паляванне» (новыя імёны ў літаратуры, навамодныя літ. пошукі), «Авансцэна» (тэатральнае жыццё). Муз. гадзінныя праекты «Новае рэтра», «Варыяцыі на тэму», «Класіка-экспрэс» ахопліваюць усе стылі і кірункі сучаснай музыкі. Духоўна-адукацыйны характар мае асветніцкая праграма «Святло душы». З багаццем нац. культуры знаёміць слухачоў «Беларускі альбом». Папулярнымі сталі суботні «Музычны партал» (прамая эфірная інтэлектуальная гульня), нядзельны забаўляльна-пазнавальны «Радыёпарк» (сустрэчы з цікавымі суразмоўцамі), «Экалагічны маніторынг», вячэрні нядзельны праект «Канцэртная зала» (для аматараў класічнай музыкі), «Адкрытая пляцоўка» (праграма для моладзі), эксперыментальны праект «Кароткія гісторыі» і інш.
Канал «Культура» вядзе перадачы са студз. 2002 (аб’ём вяшчання 17 гадз у суткі). Яго ідэя сфармулявана ў слогане «Мы выбіраем вечныя каштоўнасці». На канале створана свая інфарм. служба, якая асвятляе падзеі культурнага жыцця Беларусі, творчыя пошукі бел. інтэлігенцыі і дасягненні сусв. літаратуры і мастацтва. Класічную музыку, літ. і публіцыст. матэрыялы, сабраныя за паўстагоддзя, прадстаўляе рубрыка «З фондаў радыё». Перадачы «Падарожжа творчага чалавека», «Гасцінец» «Бестселер», «Летапіс», «Гаспода», «Дыялогі пра культуру», «Тэатральны пад’езд», «Беларускія музычныя сезоны», «Гадзіна з крытыкам» складаюць 3 блокі эфіру: ранішні — «Дэбют», дзённы — «Імпрэза» і вячэрні — «Бенефіс». Сярод творчых удач канала — удзел у Дні еўрап. культуры (па ініцыятыве Еўрапейскага вяшчальнага саюза) і стварэнне цыкла перадач «Сучаснае беларускае апавяданне», які папаўняе фонд Бел. радыё.
Радыёстанцыя «Радыус-FM» працуе з ліп. 2003 (аб’ём вяшчання 20 гадз у суткі). Прыярытэтны кірунак — музычна-інфармацыйны, ахоплівае слухацкую аўдыторыю розных узроставых і сац. груп. Муз. вяшчанне фарміруецца на парытэтных суадносінах бел., расійскай і замежнай музыкі. Эфірная вяшчальная сетка радыёстанцыі ўключае музычна-забаўляльныя шоу — ранішняе «Максімальная раніца», дзённае «Гарачыя мінскія хлопцы» і вячэрняе «Шок і хваляванне», муз. праграму па заяўках слухачоў «Візітніца», аўтарскія праграмы «Ой, мамачкі» (для маладых мам), «Каробка перадач» (для аўтамабілістаў), «Усё ўключана» (для турыстаў), гумарыст. радыёсерыялы, выніковы муз. хіт-парад нядзелі (працягласць 3—4 гадз), запісаныя праграмы, муз. нон-стоп, выпускі навін (выходзяць у эфір у пачатку кожнай гадзіны).
Радыёстанцыя «Сталіца» вядзе перадачы з верасня 1998 (аб’ём вяшчання 20 гадз у суткі). Адзін з галоўных яе прыярытэтаў — музычнае вяшчанне. Штодзённа выходзіць інфармацыйна-аналітычная праграма «Сёння і заўтра», якая асвятляе жыццё Мінска, Мінскай вобласці і ўсёй рэспублікі. Найб. папулярная штодзённая праграма — «Свята кожны дзень», дзякуючы якой непасрэдна ў эфіры слухачы могуць адправіць прывітанне і найлепшыя пажаданні сваім блізкім, сябрам і знаёмым. У прамым эфіры выходзяць праграмы «Давайце пазнаёмімся», «Аднойчы з песняй» (падборка інфармацыі з музычнага жыцця, шоу-бізнесу і пра маладых выканаўцаў), нядзельны «Народны хіт» (слухачы могуць выканаць у эфіры сваю любімую песню), сямейная праграма «Шоу ў пясочніцы» (5—7-гадовыя дзеці разважаюць аб праблемах дарослых). Штотыднёвая тэматычная праграма «Краіна футбола» расказвае пра спарт. падзеі ў краіне і свеце.
Радыёстанцыя «Беларусь» — адзіны ў краіне радыёканал, які працуе на замежную аўдыторыю (70 краін свету) на бел., рус., ням., англ. мовах (аб’ём вяшчання 4 гадз у суткі). Кожныя паўгадзіны выходзяць выпускі «Навін». Інфарм. выпуск «Беларусь дзень за днём» і інфармацыйна-аналітычная праграма «Беларусь у люстэрку падзей» асвятляюць найбольш важныя падзеі ў жыцці краіны. Праграма ўключае радыёсустрэчы з дзярж. дзеячамі, вучонымі, пісьменнікамі, музыкантамі, спартсменамі і інш. Найбольш папулярныя перадачы прысвечаны адраджэнню нац. культуры, духоўным каштоўнасцям бел. народа: «Весткі з бацькаўшчыны», «Скарбы беларускай літаратуры», «Скарбы беларускай мовы», «Славутыя імёны бацькаўшчыны», «Беларусь у асобах», «Сябрына» і «Калейдаскоп» (абедзве на ням. мове), «Спадчына» (на англ. мове). Выходзіць праграма для моладзі «Беларусь маладая». Прыярытэтны кірунак муз. палітыкі радыёстанцыі — папулярызацыя лепшых узораў нар., класічнай і сучаснай бел. музыкі.
Агульны аб’ём вяшчання Бел. радыё складае каля 590 гадз у месяц, з іх арыгінальнага — 442 гадз. З 1998 у дыяпазоне сярэдніх і кароткіх хваль рэтрансліруюцца перадачы на рэгіёны Расіі. Праграмы Бел. радыё прымаюць таксама жыхары Латвіі, Літвы, Польшчы і Украіны. Бел. радыё мае разгалінаваную карэспандэнцкую сетку. Яна сфарміравана з супрацоўнікаў Бел. радыё і абл. тэлерадыёкампаній, падтрымлівае сувязі з блізкім і далёкім замежжам. Штодзённа ўласныя карэспандэнты ва ўсіх абласцях і буйнейшых раёнах рыхтуюць каля 50 падзейных і тэматычных матэрыялаў.
У склад Бел. радыё ўваходзяць Генеральная дырэкцыя і падпарадкаваныя ёй 5 дырэкцый: каардынацыйная (ажыццяўляе тэматычнае перспектыўнае і бягучае планаванне вяшчання); дырэкцыя канала «Культура»; дырэкцыя маст. і музычна-забаўляльнага вяшчання; дырэкцыя інфарм. і грамадска-паліт. вяшчання; дырэкцыя эфірнага дня (ажыццяўляе аператыўнае планаванне і кантроль за вытворчасцю і выхадам праграм у эфір). У структуры Бел. радыё працуе «Аб’яднанне музычных калектываў»: акадэмічны хор, сімфанічны аркестр, дзіцячы хор «Галасы дзяцінства», ансамбль нар. музыкі «Бяседа», ансамбль камернай музыкі «Сімфаньета».
На Беларусі функцыянуюць абл. тэлерадыёкампаніі, якія вядуць перадачы ва УКВ- і FM-дыяпазонах 17 гадз у суткі і ахопліваюць радыёвяшчаннем 63,8% насельніцтва краіны. Існуе правадная сетка, якая трансліруе ўласныя перадачы і перадачы «Першага нацыянальнага канала». У раёнах пры райвыканкомах працуюць рэдакцыі радыёвяшчання. У буйных гарадах і на многіх прадпрыемствах краіны дзейнічае аўтаномнае радыёвяшчанне. Асноўная форма перадачы радыёвузлоў у гарадах, раёнах і на прадпрыемствах — выпускі апошніх навін і тэматычныя перадачы па найважнейшых пытаннях сац.-эканам. жыцця.
На інфарм. прасторы Беларусі прыкметнае месца займаюць недзярж. (камерцыйныя) радыёстанцыі. Бел. шкала дыяпазону FM-станцый мае 19 станцый, у т. л. «Радыё—Бі-Эй», «Альфа радыё», «Радыё Рокс-М», «Новы стыль», «Стыль», «Юністар-Радыё БДУ», «Радыёстанцыя «Аўтарадыё». Яны далі пачатак развіццю размоўна-муз. вяшчання ў музычна-забаўляльным жанры (напр., радыёінтэрмедыі з вядучым дзі-джэем) і складаюць канкурэнцыю 4 сеткавым каналам («Рускае радыё», «Мелодыі стагоддзя», «Еўропа плюс» і «Хіт-FM»), што рэтрансліруюцца з Масквы. Адметная рыса бел. FM-станцый — іх апалітычнасць. Функцыянуюць таксама камерцыйныя радыёстанцыі ў гарадах абл. падпарадкавання і раённых цэнтрах: «Арбіта плюс» (Гродна), «Вясёлка плюс» (Магілёў), «Буг ТВ» (Брэст), «Нелі-Інфа» (Мазыр), «Салтэк» (Салігорск), «Гефест» (Пружаны), «Нюанс» (Жлобін), «Сваё радыё» (Пінскі раён), «Наш час» (Маладзечанскі раён) і інш.
На 1.1.2004 на Беларусі 132 праграмы радыёвяшчання, у т. л. 113 дзярж. праграм, 19 радыёпраграм недзярж. формы ўласнасці.
Літ.:
Лебедзеў А.П. Бітва нябачнага фронту. Мн., 1972;
Гаворыць і паказвае Беларусь. Мн., 1975;
Радио в дни войны. М., 1975;
Радкевіч Я.Р. Беларускае радыё: Гісторыя, перспектывы развіцця. Мн., 1983;
Дубовік С.В. СМІ постсацыялістычнай Беларусі: пошук новай рацыянальнасці. Мн., 2003;
Шеин В.Н. Информационные и аналитические жанры радиожурналистики. Мн., 2003.