АРДЫ́Н-НАШЧО́КІН Афанасій Лаўрэнцьевіч (каля 1605, Пскоў — 1680),

расійскі дзярж. і ваенны дзеяч, дыпламат. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 удзельнічаў у штурме Віцебска (1654), кіраваў штурмам Дрысы (1655). Ваявода Друі (1654), Кокнеса (1656—61). Заснаваў на Зах. Дзвіне суднаверф. У 1658 у Валіесары заключыў на 3 гады перамір’е са Швецыяй, паводле якога за Расіяй заставаліся заваяваныя ў Лівоніі землі. Прыхільнік саюзу з Рэччу Паспалітай для барацьбы супраць Швецыі. Падпісаў Андросаўскае перамір’е 1667. У 1671 пастрыгся ў манахі. У 1679 вёў перагаворы з Рэччу Паспалітай, каб прадоўжыць Андросаўскае перамір’е. Ініцыятар стварэння паштовай сувязі паміж Масквою, Рыгай і Вільняй.

Літ.:

«Око всей великой России»: Об истории рус. дипломатич. службы XVI—XVII веков. М., 1989. С. 108—146.

т. 1, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАВАБЯРЭ́ЖНАЯ УКРАІ́НА,

гісторыка-геаграфічная назва укр. зямель на правым беразе р. Дняпро (без Галіцыі), што паводле Андросаўскага перамір ’я 1667 засталіся ў складзе Рэчы Паспалітай. Ахоплівала тэр. сучасных Кіеўскай (без Кіева), Чаркаскай, Кіраваградскай, Жытомірскай, Вінніцкай, Хмяльніцкай, Ровенскай і Валынскай абласцей. У 1663—1704 існавала правабярэжнае ўкр. казацкае гетманства. Пасля няўдалай вайны Рэчы Паспалітай з Турцыяй, у 1672—99 частка П.У. (Падолія і прылеглыя землі) належала Турцыі. На П.У. адбываліся буйныя казацка-сял. нац.-вызв. і антыфеад. паўстанні, у т. л. рух С.П.Палія (1702—04) і Калііўшчына (1768). Паводле другога (1793) і трэцяга (1795) падзелаў Рэчы Паспалітай (1793) П.У. адышла да Рас. імперыі. З 1917 у складзе Украіны. У наш час назва «П.У.» ўжываецца як геагр. тэрмін.

т. 12, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́СЛАЎСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА.

Існавала ў ВКЛ у канцы 18 ст. Утворана ў 1793 у час 2-га падзелу Рэчы Паспалітай. Паводле рашэння надзвычайнага Гродзенскага сойма 1793 Браслаўскі павет Віленскага ваяв. вылучаны ў асобнае ваяводства з цэнтрам у г. Браслаў (з 1794 — Відзы). Падзелу на паветы не было. Скасавана ў 1795 у час 3-га падзелу Рэчы Паспалітай. Яго тэр. ўвайшла як павет у Віленскую губ. Рас. Імперыі.

т. 3, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЖЫ́НСКІ Станіслаў Антоні (27.4.1701—15.5.1775),

дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай. Скарбнік смаленскі, з 1732 інстыгатар (пракурор) ВКЛ, пісар Трыбунала ВКЛ, пасол на сеймы. З 1750 кашталян брэсцкі, у 1752—63 кашталян смаленскі, староста краснасельскі. Падтрымліваў Чартарыйскіх. Пасля смерці жонкі адмовіўся ад грамадскай дзейнасці, уступіў у ордэн езуітаў. Сабраў для апублікавання важнейшыя пастановы сеймаў Польшчы і Рэчы Паспалітай да сярэдзіны 18 ст. (выдадзены ў 1765 яго сынам Т.Бужынскім).

т. 3, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯ́НАЎСКІ МІР 1634,

мірны дагавор паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай, падпісаны ў чэрвені ў в. Сямлёва на р. Палянаўка паміж Вязьмай і Дарагабужам. Завяршыў вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. Паводле міру Расія атрымала г. Сярпейск, крэпасці Трубчэўск, Ахтырку і Лебядзін. Уладзіслаў IV афіцыйна адмовіўся ад прэтэнзій на рас. трон. Бакі дамовіліся вывесці войскі з захопленых тэрыторый і абмяняцца палоннымі без выкупу і затрымкі.

т. 12, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСПЫ́ННАЯ РА́ДА,

вышэйшы орган дзярж. улады Рэчы Паспалітай, гл. Пастаянная Рада.

т. 11, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІ́ЎСКІ МІР 1660,

мірны дагавор паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай з яе саюзнікамі Аўстрыяй і Брандэнбургам. Падпісаны 3.5.1660 у Аліўскім манастыры паблізу Гданьска пры пасрэдніцтве Францыі. Завяршыў (разам з Капенгагенскім мірам 1660) Паўночную вайну 1655—60. Паводле Аліўскага міру кароль Рэчы Паспалітай Ян II Казімір адмовіўся ад прэтэнзій на швед. карону. Швецыя замацавала за сабой Эстляндыю з в-вам Эзель і амаль усю Ліфляндыю, захопленыя ёй у 16 — пач. 17 ст.

т. 1, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРОШ (польск. grosz, ням. Groschen ад лац. denarius grossus цяжкая манета),

1) буйная сярэбраная манета. Выраблялася з 1172 у Італіі, з 1266 у Францыі, стала метралагічным і якасным эталонам для гроша некат. дзяржаў Паўн. і цэнтр. Еўропы. Каля 1300 выраб пачаты ў Багеміі, каля 1337 — у Польшчы, каля 1339 — у Саксоніі, з 1329 — у Венгрыі, з 1535 — у ВКЛ (гл. Грош літоўскі). З 18 ст. біліся і медныя грошы.

2) Лікава-грашовае паняцце ў ВКЛ і Польшчы ў 14—16 ст., Рэчы Паспалітай у 16—18 ст. 3) Манета і элемент грашовай сістэмы каралеўства Польскага ў складзе Рас. імперыі (1815—50), міжваеннай Рэчы Паспалітай (1924—39), Генеральнай губ. (1939—44).

4) Сучасная разменная манета Польшчы (1/100 злотага) і Аўстрыі (1/100 шылінга).

Грош Рэчы Паспалітай (Стафан Баторый, 1579).

т. 5, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРА́ШКА Дзяніс (? — пасля 1671),

кіраўнік атрада бел. сялян у вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, наказны бел. палкоўнік. Арганізаваны ім у 1656—57 атрад дзейнічаў у Мінскім і Аршанскім пав., рабіў рэйды па шляхецкіх маёнтках. Яго рэзідэнцыямі былі Ігумен (1656) і Камень (з 1657) у Мінскім пав. У вер. 1658 перайшоў на бок Рэчы Паспалітай, вёў баявыя дзеянні супраць рас. войск ва ўзаемадзеянні з І.Нячаем і С.​Аскеркам (гл. Аскеркі). 22.5.1659 сейм Рэчы Паспалітай надаў М. шляхецтва. У снеж. 1664 здзейсніў рэйд у Ноўгарад-Северскі пав., у студз. 1665 — у ваколіцы Чарнігава. У маі 1665 на шляху паміж Старадубам і Гомелем яго атрад (400 чал.) разбіты і сам ён паранены. Пазней служыў у войску гетмана ВКЛ П.Сапегі.

Літ.:

Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995.

т. 11, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХАІ́Л ФЁДАРАВІЧ Раманаў

(22.7.1596, Масква — 23.7.1645),

расійскі цар [1613—45], першы з дынастыі Раманавых. Сын баярына Ф.​М.​Раманава (у 1619—33 патрыярх пад імем Філарэта). Выбранне М.Ф. на прастол Земскім саборам (3.3.1613) завяршыла працяглы перыяд паліт. нестабільнасці, які наступіў у Расіі пасля спынення дынастыі Рурыкавічаў (1598). Фактычна краінай правілі сваякі М.Ф., а ў 1619—33 — яго бацька. Урад М.Ф. завяршыў няўдалыя для Расіі войны з Рэччу Паспалітай (1609—18) і Швецыяй (1610—17), заключыў з імі, адпаведна, Дэулінскае перамір’е 1618 і Сталбоўскі мір 1617. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 таксама была няўдалай для Расіі, але паводле Палянаўскага міру 1634 кароль Рэчы Паспалітай Уладзіслаў IV адмовіўся ад прэтэнзій на рас. прастол. Пры М.Ф. аднаўляліся дзярж. апарат і гаспадарка краіны, будаваліся засечныя межы супраць крымскіх татар, працягвалася каланізацыя Сібіры.

т. 10, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)