МІЛЕ́ ((Millet) Жан Франсуа) (4.10.1814, Грушы, каля г. Шэрбур, Францыя — 20.1.1875),

французскі жывапісец і графік. У 1837—38 вучыўся ў Парыжы ў П.​Дэлароша. Працаваў у Парыжы, Шэрбуры, Барбізоне. У 1840-я г. пісаў тонкія па настроі партрэты, міфалагічныя кампазіцыі, галантныя сцэны ў духу Ф.Бушэ. У канцы 1840-х г. зблізіўся з мастакамі барбізонскай школы і звярнуўся да выяўлення паўсядзённага сял. жыцця на фоне пейзажу. Яго творам уласцівы ўрачыстая лапідарнасць манум. кампазіцыі, багаты валёрамі зямлісты каларыт: «Зборшчыцы каласоў» (1857), «Анжэлюс» (1859), «Жанчына стрыжэ авечку» (1860), «Пасадка бульбы» (1861—62), «Чалавек з матыкай» (1863), «Вялікая пастушка» (1863—64). Пасля 1860 звярнуўся да пейзажа («Царква ў Грэвілі», 1871—74). Аўтар шматлікіх малюнкаў, афортаў, пастэляў.

Літ.:

Ж.-Ф. Милле: [Альбом]. М.; Л., 1962.

т. 10, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНГАЛЬФ’Е́ (Montgolfier),

браты Жазеф (26.8.1740, г. Анане, Францыя — 26.6.1810) і Эцьен (7.1.1745, там жа — 2.8.1799), французскія вынаходнікі аэрастата, піянеры паветраплавання. Першы палёт пабудаванага імі паветр. шара («мангальф’ера»), напоўненага гарачым дымам, адбыўся 5.6.1783, а першы палёт людзей на такім шары — 21.11.1783 у Парыжы.

т. 10, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕБЛО́Н ((Leblond) Жан Батыст Александр) (1679—1719),

французскі архітэктар. Працаваў у Парыжы, у 1716—19 па запрашэнні Пятра I — у Расіі. Удзельнічаў у планіроўцы і буд-ве Санкт-Пецярбурга, паркаў Стрэльны і Летні сад, Петрадварца. Перапрацаваў і дапоўніў (1710) «Курс архітэктуры» Ш.​Давіле (1691).

т. 9, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЙ-ЛЮСА́К ((Gay-Lussac) Жазеф Луі) (6.12.1778, г. Сен-Леанар-дэ-Набла, Францыя — 9.5.1850),

французскі хімік і фізік. Чл. Парыжскай АН (1806). Скончыў Політэхн. школу ў Парыжы (1800), дзе і працаваў у 1800—02, з 1809 праф. хіміі гэтай школы і праф. фізікі ў Сарбоне, з 1832 праф. хіміі ў Бат. садзе ў Парыжы. Адкрыў газавыя законы, названыя яго імем (гл. Гей-Люсака законы), хім. элемент бор (1808, разам з Л.​Ж.​Тэнарам). Атрымаў сінільную к-ту і дыцыян (1815). Вынайшаў тэрмаметрограф (1816), ртутны барометр, вежу для ўлоўлівання аксідаў азоту пры прамысл. вытв-сці сернай к-ты (1827). Распрацаваў прамысл. метад атрымання шчаўевай к-ты з драўнянага пілавіння (1829), удасканаліў метады аб’ёмнага аналізу (1824—32).

Літ.:

Макаров В.С., Шамшин Д.Л. Классическая химия и ее творцы. Воронеж, 1989.

Ж.Л.Гей-Люсак.

т. 5, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРНЭ́ (Vernet),

сям’я франц. жывапісцаў 18—19 ст.

Жазеф (Клод Жазеф; 14.8.1714, г. Авіньён, Францыя — 3.12.1789), пейзажыст. Вучыўся ў свайго бацькі Антуана і інш. Працаваў у Італіі і Парыжы. У найб. вядомай серыі яго твораў «Парты Францыі» (1753—63) традыцыі класічнага пейзажа К.Ларэна спалучаюцца з рысамі перадрамантызму. Карл (Антуан Шарль Арас; 14.8.1758, г. Бардо, Францыя — 27.11.1836), сын і вучань Жазефа. Поспех яму прынеслі карыкатуры на моды часоў Дырэкторыі; у гады імперыі — афіцыйны жывапісец-баталіст, гістарыёграф напалеонаўскай арміі. Арас (Эміль Жан Арас; 30.6.1789, Парыж — 17.1.1863), гіст. жывапісец і баталіст. Сын і вучань Карла. Дырэктар Франц. Акадэміі ў Рыме (1829—35), працаваў у Парыжы, Рыме, Пецярбургу (1836, 1842—43). Творы: «Напалеон праводзіць агляд сваіх войск у Цюільры», «Апафеоз Напалеона», «Мамелюк» і інш.

Да арт. Вернэ. Ж.​Вернэ. Бура. 1770-я г.

т. 4, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЛЬТЭР ШАЦІЛЬЁНСКІ (Walter von Châtillon; каля 1135, г. Ліль, Францыя — каля 1200),

французскі лацінскі паэт. Адзін з буйнейшых паэтаў-вагантаў. Вучыўся ў Парыжы і Рэймсе. Займаў пасаду каноніка ў Ам’ене, служыў пры двары Генрыха II. Шмат падарожнічаў. Паводле падання, памёр ад праказы ў Парыжы. У антыклерыкальных вершах «Скарга на своекарыслівасць і злачынствы духавенства», «Я, нядужы між нядужых...», «Выкрыццё Рыма» раскрыў унутр. заганы царквы, стварыў цэласную горка-іранічную карціну свету, які сышоў са шляху ісціны і, прыкрываючыся імем Хрыста, жыве пад уладай антыхрыста. Аўтар паэмы «Александрэіда» (каля 1178—82).

Тв.:

Рус. пер. — Александреида [Стихи] // Памятники средневековой латинской литературы Х — XII вв. М., 1972;

У кн.: Поэзия трубадуров;

Поэзия миннезингеров;

Поэзия вагантов. М., 1974.

Літ.:

Гаспаров М.Л. Поэзия вагантов // Памятники средневековой латинской литературы Х—XII вв. М., 1972.

Г.​В.​Сініла.

т. 3, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІДЛО́ (Didelot) Шарль (Карл) Луі (1767, Стакгольм — 19.11.1837). французскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Вучыўся ў Парыжы. Працаваў з Ж.Ж.Наверам і Ж.Дабервалем. Выкананне Дз.-танцоўшчыка вылучалася чысцінёй рухаў, грацыёзнасцю, пластычнасцю. З 1788 балетмайстар у Лондане, Парыжы, Ліёне, у 1796—1801 і 1812—15 танцоўшчык і балетмайстар Каралеўскага т-ра ў Лондане. У 1801—29 (з перапынкамі) працаваў у Пецярбургу, паставіў больш за 40 балетаў і дывертысментаў (у т. л. «Каўказскі нявольнік, або Цень нявесты» К.​Каваса паводле А.​Пушкіна, 1823). Распрацаваў жанр гісторыка-гераічнага балета. Яго харэаграфічныя драмы эпохі перадрамантызму характарызаваліся драматург. логікай і стылявым адзінствам, узбагачэннем тэхнікі танца. Наватарская дзейнасць Дз. спрыяла вылучэнню рус. балета на адно з першых месцаў у Еўропе. Сярод вучняў А.Істоміна, М.​Данілава, К.​Целяшова, А.​Ліхуціна, М.​Гольц.

Ш.Дзідло. Мастак В.​Баранаў.

т. 6, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КШАСІ́НСКАЯ (Мацільда) (Марыя) Феліксаўна (31.8.1872, С.-Пецярбург — 6.12.1971),

артыстка балета, педагог. Засл. арт. імператарскіх т-раў (1904). Дачка Ф.Л.Кшасінскага. Вучылася ў Пецярбургскім тэатр. вучылішчы. У 1890—1917 выступала ў Марыінскім т-ры ў С.-Пецярбургу, а таксама ў Монтэ-Карла, Варшаве, Вене, Парыжы, антрэпрызе С.​Дзягілева. Яе выкананне вылучалася бравурнасцю, жыццярадаснасцю, пікантнасцю, класічнай завершанасцю. Сярод партый: Млада, Нікія («Млада», «Баядэрка» Л.​Мінкуса), фея Дражэ, Адэта—Адылія, Аўрора («Шчаўкунок», «Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Пахіта («Пахіта» Э.​Дэльдэвеза), Каламбіна («Арлекінада» Р. Дрыга), Ліза («Марная засцярога» Ф.​Герольда), Эсмеральда (аднайм. балет Ц.​Пуні) і інш. З 1920 у Францыі, адкрыла (1929) балетную студыю ў Парыжы. Аўтар «Успамінаў» (1960).

Літ.:

Красовская В.М. Русский балетный театр начала XX в. [Ч.] 2. Танцовщики. Л., 1972;

Бобров В.Д., Кириков Б.М. Особняк Кшесинской. СПб., 1996.

т. 9, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НЬЮ-ЙОРК ТАЙМС»

(«New York Times»),

штодзённая газета ЗША. Выходзіць з 1851 у Нью-Йорку. Належыць да найб. уплывовых і інфармаваных газет ЗША. Фармальна лічыцца незалежнай. Выражае інтарэсы ліберальна настроеных колаў паўн.-ўсх. штатаў. Тыраж (1999) — 1 млн. экз. Мае замежныя выданні ў Парыжы і Ліме (Перу).

т. 11, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

басты́лія

(фр. Bastille, ад ст.фр. bastir = будаваць)

1) умацаваны замак у перыяд сярэдневякоўя;

2) крэпасць і адначасова турма ў Парыжы 14—18 ст.; як сімвал абсалютызму была 14 ліпеня 1789 г. ўзята штурмам народам, што з’явілася пачаткам Французскай рэвалюцыі 1789—1794 гг.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)