ВЕРТЫЦЫЛЁЗ,

хвароба, якая выклікаецца недасканалымі грыбамі з роду Verticillium. Найб. часта пашкоджвае клён, ліпу, дуб, конскі каштан, ільмовыя і многія інш. дрэвавыя пароды, кусты і травяністыя расліны. Асабліва небяспечны для маладых раслін. На Беларусі адзначаны на лісцевых пародах у Брэсцкай і Гомельскай абласцях.

Пры вертыцылёзе закупорваюцца сасуды дрэў, у выніку пашкоджваецца іх водапранікальная сістэма і галінкі або ўсё дрэва засыхаюць. На зрэзах пашкоджаных участкаў бурыя або аліўкавыя суцэльныя ці перарывістыя кольцы. Заражэнне адбываецца спорамі грыба праз мех. пашкоджанні ў вобласці каранёвай шыйкі і ніжняй часткі ствала, а таксама міцэліем пры кантакце хворых і здаровых каранёў. Пашырэнню хваробы спрыяе цёплае вільготнае надвор’е.

Папярочны разрэз ствала клёна, пашкоджанага вертыцылёзам.

т. 4, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЕ́ЦЬ,

старадаўняя гасп. пабудова для сушкі збажыны; тып сушні. Была пашырана ў паўн.-ўсх. раёнах Беларусі да сярэдзіны 20 ст. Квадратны або прамавугольны ў плане будынак вянковай канструкцыі, накрыты саломай, драніцай. Унутраная прастора перакрыццем з жэрдак падзялялася на 2 ярусы. Цёплае паветра ад курнай печы ў ніжнім ярусе праз шчыліны перакрыцця ішло ў верхні ярус, дзе сушылі снапы. У сял. гаспадарках 19—пач. 20 ст. Асеці будавалі паблізу гумна, стадолы, тока. Нярэдка мела «перадасець» каркаснай канструкцыі, дзе абмалочвалі высушанае збожжа. У фальварках існавалі больш складаныя структуры, дзе 2 асеці злучаліся крытым токам.

Літ.:

Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973.

Асець. Чарцёж (папярочны і падоўжны разрэзы).

т. 2, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЭ́ЗЕРНЫ СТАНО́К,

1) у металаапрацоўцы — металарэзны станок для апрацоўкі фрэзераваннем розных паверхняў (плоскасцей, фасонных канавак і інш.). Адрозніваюць Ф.с.: універсальныя — вертыкальна-Ф.с. (кансольныя і бескансольныя), гарызантальна-Ф.с., падоўжна-Ф.с.; спецыялізаваныя — карусельныя, капіравальна-Ф.с., разьба-, зубафрэзерныя (выкарыстоўваюцца пры апрацоўцы аднатыпных дэталей); спец. (робяць адну ці некалькі пэўных фрэзерных аперацый). На Беларусі Ф.с. вырабляюцца на Мінскім станкабудаўнічым заводзе імя Кастрычніцкай рэвалюцыі, Віцебскім заводзе заточных станкоў, Гомельскім станкабуд. з-дзе імя Кірава.

2) У дрэваапрацоўцы — станок для фрэзеравання дэталей крывалінейнай формы, зарэзкі пальцаў, контурнай апрацоўкі шчытоў ці вузлоў вырабаў і г.д.

Універсальны фрэзерны станок (Германія): 1 — папярочны супарт; 2 — паваротная фрэзерная галоўка; 3 — стол; 4 — кансоль; 5 — станіна.

т. 16, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

рэ́я

(рус. рея, ад гал. raa)

рухомы папярочны круглы брус на мачце, да якога мацуецца парус.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

перакла́дзіна, ‑ы, ж.

Папярочны брус, жэрдка, дошка і пад. Ластаўчына гняздо было ў самым гумне, на падстрэшнай перакладзіне. Якімовіч. Ёмкая перакладзіна, прыбітая .. ўпоперак дзвярэй, вартуе цяпер хатку над балотцам. Колас. // Тое, што і турнік. // Спец. Верхняя частка крапяжу ў шахтах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тарэ́ц ’папярочны зрэз; бакавая старана’, ’кароткі брусок для машчэння вуліцы’ (ТСБМ), торц ’папярочны зрэз’, тарцава́ць ’стругаць дрэва ўпоперак слаёў’ (Ласт.). Укр. торе́ць ’тарэц’, рус. торе́ц, торц ’тс’. З італ. torso ’торс, тулава (як частка статуі)’. У такім выпадку італьянскае слова набыло ва ўсходнеславянскіх мовах суфікс ‑ец пад уплывам іншых слоў з гэтым суфіксам. Акрамя таго, дапускаецца сувязь слова з прасл. *terti ’церці’ (ЕСУМ, 5, 604; Фасмер, 4, 88).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

рыф​2

(гал. rif)

мар. папярочны рад прадзетых праз парус вяровак, пры дапамозе якіх можна паменшыць плошчу паруса.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГАБАРЫ́Т (франц. gabarit),

гранічны знешні абрыс (контур) прадмета, збудавання ці ўстройства. З улікам габарыту рухомага саставу вядзецца праектаванне мастоў, ліній электраперадач і сувязі, інш. збудаванняў.

На чыгунцы адрозніваюць габарыт рухомага саставу (лакаматыва, вагона) і габарыт набліжэння збудавання да чыг. пуці (абрыс прасторы ўздоўж пуці). На рачным транспарце — габарыт судна і габарыт падмаставы (контур свабоднай прасторы пад мостам). На аўтадарогах устанаўліваюць габарыт набліжэння канструкцый мастоў — гранічны папярочны контур, унутр. якога не павінны заходзіць элементы збудавання або размешчаных на ім прыстасаванняў. Габарытныя абмежаванні аўтамабіля: даўжыні — 12 м (аўтапоезда 24 м), шырыні — 2,5 м, вышыні — 3,8 м (для аўтамабіляў з буйнатанажнымі кантэйнерамі 4 м).

Да арт. Габарыт. Габарытныя абмежаванні: 1 — даўжыні цягача з паўпрычэпам; 2 — шырыні і вышыні аўтамабіля; 3 — даўжыні аўтамабіля з двума прычэпамі.

т. 4, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРУ́БАВАЯ МАШЫ́НА,

горная машына для праразання ўруба (шчыліны ў масіве забою) пры падземнай распрацоўцы радовішчаў вугалю, калійнай солі і інш. Уруб забяспечвае эфектыўную выемку пласта і падтрыманне даху ў лаве.

Рабочы орган У.м. — папярочны плоскі бар, які складаецца з рэжучага ланцуга, што рухаецца ў накіравальнай раме. Для атрымання ўрубаў на рознай вышыні сценак штрэкаў, у глебе і ў даху вырабатак існуюць універсальныя У.м. на колава-рэйкавым, гусенічным або пнеўма-колавым хаду (пашыраны на калійных рудніках для нарэзкі кампенсацыйных шчылін пры ахове горных вырабатак). Прататып У.м. створаны ў Вялікабрытаніі ў 1761.

П.​Я.​Антонаў, Б.​А.​Багатаў.

Рабочы орган (бар) урубавай машыны: 1 — двухразцовы кулак; 2 — накіравальная рама для рэжучага ланцуга 4 ; 3 — вядучая зорачка; 5 — разец.

т. 16, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пе́рак, пе́ракам ’поперак, упоперак’ (Нас., Сл. ПЗБ, Бяльк., ушац., Нар. лекс.; Варл.), ’кароткая папярочная баразна’ (докш., Сл. ПЗБ), ’папярочны загон’ (ЛА, 2), смал. пе́рек ’упоперак’; укр. пере́ка ’супрацьдзеянне, супярэчанне’, рус. по‑перёк ’упоперак’, польск. w przek, w przeki, na przek(i) ’упоперак, наадварот, наперакор’, ст.-польск. przek(o) ’поперак’, н.-луж. prjeki ’поперак, наўскос’, в.-луж. prěki ’поперак’, prěčić ’перасякаць; супярэчыць, супраціўляцца’, палаб. pritʼai, pritʼě ’праз, звыш; па той бок’, ст.-чэш. na‑přiek(y), чэш. na‑přík ’насупраць, у параўнай з. насуперак’, na‑příč ’праз, па той бок; поперак’, славац. na‑priеку, na‑priek ’нягледзячы на’, славен. prẹ̑k ’рэзкі, грубы, жорсткі; які супраціўляецца; касы, які стаіць упоперак’, prȇ̥ko, prę̑k, priek, prȇ̥čki ’тс’, vprẹ̑k ’нягледзячы; праз; супраць’, prȇ̥k ’горды чалавек’, серб.-харв. пре̂к, харв. prȉjek ’папярочны; просты, самы кароткі, запальчывы, круты, неадкладны, неабходны’, пре̂ко ’насупраць, па той бок; упоперак, раптоўна, рэзка; празмерна’, чак. priko ’тс’, макед. прек ’папярочны; неадкладны, круты’, балг. пряк. мн. л. пре́ки ’прамы, непасрэдны’, ст.-слав. въпрѣкы глаголати ’супярэчыць’, ц.-слав. прѣкъ ’папярочны; які ляжыць упоперак’, прѣко, прѣкы ’насуперак; супраць; праз’. Прасл. *perkъ ’папярочны, які знаходзіцца на супраць’ (перайшло ў прыслоўе, прыназоўнік *perko/*perkъ/*perky і ў адназоўнікавы дзеяслоў *perčiti ’пярэчыць’) — утварэнне з суф. *‑kǒ (> *‑kъ) ад прыслоўя *per‑ ’праз’ (Мее, Études, 329; Фасмер, 3, 238: Копечны, 1, 129 і 173; Махэк₂, 492; Бязлай, 3, 110–111).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)