БРЫ́НЗА (рум. brînzǎ),

расольны сыр з авечага малака або сумесі авечага з казіным. На Беларусі брынза — нарыхтаваны ў запас тварог. У пост, калі малочныя прадукты не спажываліся, добра адціснуты тварог або сыр перамешвалі з соллю (у халодную пару года без солі), складалі ў дзежкі, залівалі або закладалі сметанковым маслам, захоўвалі ў халодным месцы. Была найб. пашырана ў Цэнтр. і Усх. Палессі.

т. 3, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛО́МЛЯ,

традыцыйная бел. рыбалоўная прылада. Мае выгляд трохграннай прызмы, абцягнутай сеткай (апрача адной грані). Рабілі яе на драўляным каркасе ці з прутоў. Рыбу лавілі ўдваіх уброд: тапілі К. ў вадзе, заганялі рыбу ў яе, падцягваючы К. да берага і боўтаючы нагамі. К. была пашырана на Палессі, Гродзеншчыне.

І.​М.​Браім.

Рыбакі з кломляй. Былая вёска Лучынка Слуцкага павета Мінскай губ. Пач. 20 ст.

т. 8, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛІЎКА,

у беларусаў даўняя страва. Спачатку варылі мяса з прыправамі, у посныя дні — грыбы, рыбу. Потым невял. колькасць мукі разводзілі вадой і залівалі ў гаршчок (часам закалочвалі сухую муку), потым далівалі хлебны квас або сыроватку, бурачны расол. У некат. раёнах дадавалі хлебную рошчыну, гатавалі і са свіной крыві. На Магілёўшчыне, у Зах. і Цэнтр. Палессі П. — старая назва заціркі, калатушы.

т. 12, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

*Пасолянка, бяроз. посблянка ’цэлая вараная бульба’ (Сл. Брэс.). Да пасаліць < соль (гл.). На Палессі існуюць і іншыя роднасныя назвы: солонцы, солонікі, салёнкі ’абрэзаная ад лушпіння бульба, якую, варыўшы, соляць’ у адрозненне ад бульбы ў мундзірах, якую не соляць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пацо́паны ’дурнаваты’ (хойн., Мат. Гом.), а таксама ў выразе: мяшком пацопаны ’тс’ (Ян.). Да цопаць ’стукнуць’, ’ударыць плазам, далоняй’ (гл.), якое на Палессі семантычна некалькі адрозніваецца ад бел. літар. цопаць ’хуценька хапаць рукамі і пад.’ (ТСБМ). Гукапераймальнае (ад цоп!).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Маладажэня, молодожэня ’хлопец ці дзяўчына перад вяселлем’ (ТС). Відавочна, з польск. młodożeństwo ’тс’, młodożeniec ’малады’. На Палессі пашыраны назвы малады і маладая ’шлюбная пара ў час вяселля’. Параўн., аднак, серб.-харв. младо́жења ’жаніх’, ’малады (у час вяселля)’. Магчыма, гэта палескі архаізм.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мыхта́йка ’гальштук’ (драг., З нар. сл.). З польск. miktajza ’тс’, якое з англ. necktie ’тс’, якое на Палессі асацыіравалася з дзеясловам мыхтітэ ’мігацець’: колеры на гальштуках звычайна былі яскравыя і мігацелі ў вачах. Гл. таксама міктайза (Глінка, Бел.-польск. ізал., 30).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

басано́ж, прысл.

Босымі нагамі, без абутку. Люблю тыя сцежкі на родным Палессі, Дзе бегала ты па расе басанож. Кірэенка. А як хацелася прайсціся басанож за плугам! Здаецца, акрыяў бы душой, падужэў бы целам. Сачанка. // Разм. Надзеўшы абутак на босыя ногі. — Маўчы ты, назола, — злосна буркнуў Анісім і ўсхапіўся з палацяў, басанож ускочыў у боты, накінуў апашкі кажух і рынуўся з хаты. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хандры́ла

(н.-лац. chondrilla, ад гр. chondrille)

травяністая расліна сям. складанакветных з прадаўгаватым лісцем і мяцёлчатым суквеццем, пашыраная ва ўмераных зонах; на Беларусі, пераважна на Палессі, расце на пясках у далінах рэк, барах і на абочынах дарог.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВЕ́ДРЫЧ, Ведрач,

рака ў Беларусі, у Калінкавіцкім і Рэчыцкім р-нах Гомельскай вобл., правы прыток Дняпра. Даўж. 68 км. Пл. вадазбору 1330 км². Пачынаецца за 2 км на ПдЗ ад в. Уюнішчы Калінкавіцкага р-на. Асн. прытокі: канава Рэбуска (справа), рэкі Днепрык, Дзяражня (злева). Цячэ па Гомельскім Палессі.

Даліна невыразная, шыр. 0,6—0,8 км. Пойма шыр. 0,3—0,5 км, сухая, лугавая. Ад вытоку 49 км рэчышча каналізаванае. У пойме меліярац. каналы.

т. 4, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)