АЛЬФАНСІ́Н ((Alfonsin) Рауль Рыкарда) (н. 13.3.1926, г. Часкамус, Аргенціна),

дзярж. і паліт. дзеяч Аргенціны. Скончыў Нац. ун-т у г. Ла-Плата (1950). Адвакат, д-р права. З 1945 чл. Грамадз. радыкальнага саюза (ГРС). У 1958—62 дэп. заканад. сходу правінцыі Буэнас-Айрэс, у 1963—66 і 1973—76 дэп. Нац. кангрэса. У перыяд праўлення ваенных (1966—73 і 1976—83) у апазіцыі. З 1983 старшыня Нац. к-та ГРС. У 1983—89 прэзідэнт Аргенціны. Аўтар кніг па паліт. і сац.-эканам. праблемах. Ганаровы д-р шэрагу замежных ун-таў.

т. 1, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«І́СКРЫ СКАРЫ́НЫ»,

гісторыка-публіцыстычны часопіс. Выдаваўся ў 1931—35 у Празе на бел. мове Бел. (Крывіцкім) культ. т-вам імя Ф.​Скарыны. У аснове выдання ідэі пераемнасці духоўнай спадчыны Скарыны з сучаснымі праблемамі паліт.-дзярж. і культ. развіцця, імкнення бел. народа да ўласнага і самабытнага шляху развіцця. Надаваў вял. значэнне нац. культуры як першааснове культуры агульначалавечай, развіццю нац. самасвядомасці беларусаў, асабліва ва ўмовах асіміляцыйнага ўздзеяння інш. этнасаў, падкрэсліваў важную ролю інтэлігенцыі як выразніка і гаранта духоўнай жыццяздольнасці нацыі. Асвятляў пытанні бел. гістарыяграфіі, геральдыкі, нац. традыцый.

А.​К.​Каўка.

т. 7, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІВА́НСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1944,

міжгрэчаскае паліт. пагадненне, падпісанае 20 мая ў Ліване ў 2-ю сусв. вайну прадстаўнікамі эмігранцкага ўрада, паліт. партый, Паліт. к-та нац. вызвалення, Нац.-вызв. фронту, Грэч. нар.-вызв. арміі, ваен.-паліт. нацыяналіст. арг-цый. Прадугледжвала роспуск усіх ўзбр. атрадаў і стварэнне адзінай арміі, правядзенне плебісцыту аб будучым дзярж. ладзе краіны, фарміраванне ўрада нац. адзінства. Л.п. не ліквідавала прынцыповых рознагалоссяў паміж левымі і правымі паліт. сіламі, што пасля вызвалення Грэцыі (кастр. 1944) прывяло да вострай барацьбы за ўладу і грамадз. вайны 1946—49.

т. 9, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПАВЕ́ДНЫ РЭЖЫ́М,

метад аховы прыродных тэрыторый, комплексаў і аб’ектаў шляхам поўнага ці абмежаванага неўмяшання людзей у прыродныя працэсы. Адрозніваюць абсалютна-запаведны (напр., у зонах абсалютнай запаведнасці ў запаведніках, нац. парках) або адносна-запаведны (напр., у зонах рэкрэацыйнага карыстання, кіроўных прыродных зонах нац. паркаў, заказніках) рэжым. Агульнае патрабаванне З.р. — недапушчальнасць атрымання эканам. выгады (выпас, касьба і інш.). Уводзіцца З.р. для захавання генафонду жывёл, раслін, дасягнення інш. мэт аховы прыроды на аснове падтрымання экалагічнай раўнавагі. На Беларусі З.р. ахоплены тэр. агульнай пл. каля 1,4 млн. га (заказнікі, запаведнікі, нац. паркі, помнікі прыроды).

т. 6, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДЗЯННІ́ЦА»,

грамадская і літ. газета. Выдавалася з 14.11.1916 да 13.1.1917 у Петраградзе штодзённа на бел. мове. Рэдактар-выдавец З.​Х.​Жылуновіч (Ц.​Гартны). Асвятляла гіст. мінулае, культ. здабыткі Беларусі, эканам. і паліт. становішча ў 1-ю сусв. вайну. Выступала за права народаў нац. меншасцей Расіі на свабоду і самастойнасць, за развіццё нац. культуры, асветы, друку. Адстойвала правы бел. народа на нац. адраджэнне, навучанне на роднай мове, заснаванне нац. навуч. устаноў (арт. Ц.​Гартнага «Аб беларускім універсітэце», «Яшчэ раз аб беларускім універсітэце»), выступала за ўнармаванне бел. правапісу (нарыс Э.​Будзькі «Думкі да граматыкі»). Змяшчала маст. і публіцыстычныя творы Ц.​Гартнага, К.​Буйло, М.​Гарэцкага, Я.​Дылы, А.​Паўловіча, Х.​Чарнышэвіча, Ф.​Шантыра і інш. Спыніла існаванне з-за фінансавых і цэнзурных цяжкасцей. Выйшла 7 нумароў.

С.​В.​Говін.

т. 6, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БА́НКАЎСКІ ВЕ́СНІК»,

інфармацыйнае выданне Нац. банка Рэспублікі Беларусь. Выходзіць з крас. 1992 у Мінску на бел. і рус. мовах. Публікуе законы, пастановы, указы і інш. дакументы Прэзідэнта, Вярх. Савета і Кабінета Міністраў Беларусі, нарматыўныя акты Нац. банка па пытаннях фінансава-банкаўскай дзейнасці, агляды, кансультацыі спецыялістаў і інш.

т. 2, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫФАШЫ́СЦКАЯ ЛІ́ГА НАРО́ДНАЙ СВАБО́ДЫ,

палітычная арг-цыя ў Бірме (цяпер М’янма) у 1944—64. Створана ў жн. 1944 як арг-цыя нац. фронту супраць яп. акупацыі краіны. Заснавальнікі — Камуніст., Нац. рэв. (з 1945 Сацыяліст.) партыі, Нац. армія і інш. Ліга ўзначальвала антыяпонскае паўстанне 1945, барацьбу за дзярж. незалежнасць Бірмы пасля вяртання ў краіну англічан (1945—47). У 1948—62 была кіруючай. Праграма Лігі прадугледжвала пабудову марксісцкай мадэлі сацыялізму ў спалучэнні з будызмам. У канцы 2-й сусв. вайны Ліга налічвала больш за 200 тыс. чал. Яе старшынямі былі Аун Сан (1944—47), У Ну (1947—62). У 1958 Ліга падзялілася на 2 фракцыі, адна з якіх у 1960 стала Саюзнай партыяй, а другая захавала старую назву; абедзве распушчаны ў 1964. Пераемніцай Лігі стала створаная ў 1988 Нац. ліга за дэмакратыю на чале з Су Чжы, дачкой Аун Сана.

т. 1, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛІЕ́СКУ ((Iliescu) Іон) (н. 3.3.1930, г. Алтэніца, Румынія),

палітычны і дзярж. дзеяч Румыніі. Скончыў Бухарэсцкі політэхн. і Маскоўскі энергет. (1954) ін-ты. У 1946—60 займаў пасады ў ЦК Саюза камуніст. моладзі (СКМ). З 1957 дэп. Вял. нац. сходу (ВНС). У 1967—71 1-ы сакратар ЦК Саюза камуніст. моладзі і міністр па справах моладзі. З 1968 чл., з 1971 сакратар ЦК Рум. КП. У 1979—84 старшыня Нац. савета воднай гаспадаркі, чл. урада, у 1979—80 чл. Дзярж. савета Румыніі. За выступленні супраць палітыкі Н.Чаўшэску ў 1984 выведзены з ЦК Рум. КП і ўрада, пазбаўлены статуса дэп. ВНС. Працаваў дырэктарам Бухарэсцкага выд-ва навук.-тэхн. л-ры. З 26.12.1989 старшыня Савета Фронту нац. выратавання, створанага пасля звяржэння Чаўшэску. З 1990 старшыня Часовага савета нац. згоды. У 1990—96 прэзідэнт Румыніі.

М.​С.​Даўгяла.

т. 7, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНА́РЫС ((Kanaris) Канстанцінас) (каля 1790, в-аў Псара, Грэцыя — 14.9.1877),

грэчаскі ваенны, паліт. і дзярж. дзеяч. Адмірал. Вызначыўся ў час. грэч. нац.-вызв. рэвалюцыі 1821—29. З 1826 дэп. Нац. сходу. У 1843—44 і 1854 міністр марскога флоту. Узначальваў канстытуцыйную партыю. У 1864—65 і 1877 кіраўнік урада Грэцыі.

т. 7, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАВІ́НЫ АКАДЭ́МІІ НАВУ́К БЕЛАРУ́СІ»,

штотыднёвая газета Нац. АН Беларусі. Выдавалася з кастр. 1979 да ліст. 1997, да 1990 наз. «За передовую науку». Выходзіла на бел. і рус. мовах, з 1994 — на бел. мове. Асн. кірункі публікацый: навук. дасягненні, нац. праблемы, экалогія, пошук рэсурсаў, сац. праблемы навукі. З 28.11.1997 наз. «Веды».

т. 11, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)