снег, ‑у, М снезе; мн. снягі, ‑оў; м.
Атмасферныя ападкі ў выглядзе белых камячкоў, якія складаюцца з крышталікаў, падобных на зорачкі. Падаў першы снег, весела мітусіліся ўвішныя сняжынкі, усцілалі перад .. [Васілём і Лідай] шлях. Мележ. Засвістаў і загуў у камінах зімовы вецер; камякамі пухкімі, мокрымі снег паваліў. Мурашка. // Суцэльная маса такіх ападкаў, што пакрывае якую‑н. прастору. Як толькі згоніць снег,.. [Самабыль] зараз жа выходзіць у свой гародчык, дзе ста[я]ць сліва, ігруша і дзве яблыні, і тут распачынае работу. Колас. Ногі коўзаліся па сухім спрасаваным снезе. Шамякін. Зімой суровыя завеі намяталі высокія гурбы снегу. В. Вольскі.
•••
Зімой снегу не дастаць гл. дастаць.
Снег саломаю тушыць гл. тушыць.
Як леташні снег (патрэбен) — зусім не патрэбен.
Як снег на галаву — зусім нечакана, раптоўна (з’явіцца, прыбыць і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
апо́ра, ‑ы, ж.
1. Тое, на што апіраюцца. на што можна абаперціся. [Мірон і Віктар] чапляліся за кожную ламачыну, за леташні чаротнік, каб толькі знайсці сабе апору. Маўр. // перан. Тое, што бяруць як зыходны пункт; тое, што з’яўляецца асновай чаго‑н. Вопыт папярэднікаў — апора для далейшых даследаванняў. «Полымя».
2. Частка збудавання, на якую апіраюцца іншыя часткі і якая служыць для іх асновай. Плошча апоры.
3. перан. Сіла, якая падтрымлівае каго‑н., садзейнічае ўмацаванню чаго‑н. У працы, ва ўсведамленні сябе галоўнай фігурай жыцця знаходзіць лірычны герой духоўную і матэрыяльную апору свайго існавання. Навуменка. Савецкі Саюз — магутная апора ў барацьбе за далейшае ўмацаванне пазіцый сацыялізма. «Звязда». // Падтрымка, дапамога; той, хто аказвае іх. Галоўнай.. апорай.. былі тыя прадукты, што прывозіў з Курганішча Крушынскі. Бядуля. Ні ў жонцы, ні ў сыне не знаходзіў.. [Пракоп] апоры ў сваіх адносінах да калгаса. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
размалява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., каго-што.
1. Пакрыць рознымі, звычайна яркімі, фарбамі; упрыгожыць, намаляваўшы ўзор, арнамент і пад. Размаляваць вазу. Размаляваць сувенірную талерку. □ Калоны некалі былі белыя. У вайну іх размалявалі зялёнымі і чорнымі пісягамі маскіроўкі. Савіцкі. / у перан. ужыв. Я.. загледзеўся .. на залатыя ўзоры, якімі размалявала сонца ствалы дрэў, кусты і леташні сівец. Ляўданскі. // Разм. Ярка і груба нафарбаваць; нагрыміраваць твар. // Зрабіць сатырычны, карыкатурны малюнак на якую‑н. тэму. Калі яго размалявалі ў газеце, усе мужчыны смяяліся, а Дзіма надзьмуўся, некуды схаваўся і нават абедаць не прыйшоў. Даніленка. // Разм. Нарабіць сінякоў каму‑н. [Міхаіл Пятровіч:] — Ну і размалявалі цябе... Цяпер мне зразумела, чаму жаўтуха. Цябе, хлопча, білі, дык білі, не шкадуючы... С. Александровіч. «Нябось не прызнаецца ёй, хто яго так размаляваў!» — адзначыў сам сабе: мне вельмі хацелася, каб паненка даведалася, што менавіта я аддубасіў так яе прыяцеля!» Карпюк.
2. перан. Паказаць у прыхарошаным выглядзе, перабольшыць значэнне чаго‑н. Кудрынскі мог цікава размаляваць самую [непрыглядную] рэч, яна набывала асаблівае хараство ў слухачоў. Лужанін. Слесар з суседняга ўчастка гаварыў: «Душу мне пячэ гэта паперка. Паўтары нормы даў, размалявалі, распісалі. А мне сорамна людзям у вочы глядзець». Шыцік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)