БУТАКО́Ў (Аляксей Іванавіч) (19.2.1816, г. Кранштат, Расія — 10.7.1869),
расійскі гідрограф. Контр-адмірал. Член Рус.геагр.т-ва (з 1848), ганаровы чл.Геагр.т-ва ў Берліне (1853). Скончыў Марскі корпус у Пецярбургу. Служыў на Балт. флоце. У 1840—42 удзельнічаў у кругасветным падарожжы на судне «АБА» (апісаў яго ў 1843—44). Выканаў гідраграфічныя даследаванні Аральскага м. (1848—49), адкрыў в-аў Адраджэння і інш. Па матэрыялах даследаванняў у 1850 надрукавана першая карта Аральскага м. Абследаваў нізоўі р. Сырдар’я (1855), дэльту р. Амудар’я (1859), у 1861—63 апісаў сярэднюю ч. Сырдар’і.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
контрвалюцы́йны
(ад контр- + лац. vallum = вал);
к-ая лінія — земляны вал і роў вакол крэпасці, якія рабілі войскі, што яе асаджвалі, каб акружаныя не маглі вырвацца.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
АДЭ́СЫ АБАРО́НА 1941,
вялася войскамі Асобнай Прыморскай арміі (ген.-лейт. Г.П.Сафронаў, з 5 кастр.ген.-м. І.Я.Пятроў), сіламі Адэскай ваенна-марской базы (контр-адм. Г.В.Жукаў) і Чарнаморскага флоту (віцэ-адм. П.С.Акцябрскі) пры актыўным удзеле насельніцтва горада супраць войск 4-й рум. арміі (ген. Н.Чуперка) 5 жн. — 16 кастр. ў Вял. Айч вайну. З 5 жн. адрэзаная ад гал. сіл Паўд. фронту Асобная Прыморская армія (2 стралк. і кав. дывізіі) стрымлівала націск 5 пях., 2 кав. дывізій і матарызаванай брыгады 4-й рум. арміі на подступах да Адэсы. 13 жн. вораг выйшаў да ўзбярэжжа і поўнасцю блакіраваў горад з сушы. 19 жн. створаны Адэскі абарончы раён (узначаліў контр-адм. Жукаў), які меў 4 дывізіі супраць 14 (у вер. 17) дывізій і 2 брыгад праціўніка. З 20 жн. вяліся актыўныя баявыя дзеянні на апорных рубяжах шматпалоснай абарончай сістэмы, створанай насельніцтвам горада і войскамі, якія падтрымліваліся артыл. агнём караблёў Чарнаморскага флоту, 8 берагавых батарэй і авіяцыяй. 22 вер. 2 рум. дывізіі былі разбіты і праціўнік адкінуты на 5—8 км. 30 вер. ў сувязі з пагрозай прарыву ням. войскаў у Крым была арганізавана эвакуацыя войск Адэскага р-на на Крымскі п-аў. Адэсы абарона 1941 скавала 18 дывізій праціўніка, было выведзена са строю 20 самалётаў і каля 100 танкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАРЫ́НСКАЯ БІ́ТВА 1827,
баявыя дзеянні ў Наварынскай бухце (на ПдЗ ад п-ва Пелапанес, Грэцыя) паміж тур.егіп. флотам і аб’яднанымі эскадрамі Вялікабрытаніі, Францыі і Расіі 20 кастр. ў час Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29. Аб’яднаныя эскадры (злучыліся 11 кастр.) былі накіраваны ўрадамі сваіх краін для аказання націску (дэманстрацыяй ваен. караблёў) на Турцыю, якая адмовілася выканаць патрабаванні Лонданскай канвенцыі 1827. Камандуючыя эскадрамі брыт. віцэ-адм. Э.Кодрынгтан, франц.контр-адм. А.Г. дэ Рыньі і рас.контр-адм. Л.Гейдэн вырашылі ўвесці свае сілы ў Наварынскую бухту, дзе знаходзіўся тур.-егіп. флот (62 баявыя караблі, 6 брандэраў і да 126 дапаможных суднаў, каля 2,2 тыс. гармат) пад камандаваннем Ібрахіма-пашы. 20 кастр. саюзны флот (26 баявых караблёў, каля 1,3 тыс. гармат) пад агульным камандаваннем Кодрынгтана ўвайшоў у бухту. Пасля забойства туркамі 2 парламенцёраў і абстрэлу тур. берагавымі батарэямі (165 гармат) саюзных караблёў адбыўся 4-гадзінны бой, у ходзе якога тур.-егіп. флот быў амаль увесь знішчаны (загінула да 7 тыс. туркаў, саюзнікі страцілі каля 800 чал.). У бітве вызначыўся рас. флагманскі карабель «Азоў» (камандзір М.П.Лазараў), які знішчыў 5 суднаў праціўніка. Разгром тур. флоту садзейнічаў нац.-вызв. барацьбе грэкаў і перамозе Расіі ў рус.-тур. вайне 1828—29.
Літ.:
М.П.Лазарев: Док. Т. 1. М., 1952;
Русские и советские моряки на Средиземном море. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАЙ ((Bligh) Уільям) (9.9.1754, г. Плімут, Вялікабрытанія — 7.12.1817),
брытанскі мараплавец, удзельнік другога кругасветнага падарожжа пад камандаваннем Джэймса Кука (1772—74). Контр-адмірал (1811), віцэ-адмірал (1814). У 1787 быў пасланы як камандзір шлюпа «Баўнці» на Таіці па саджанцы хлебнага дрэва. На зваротным шляху ў крас. 1789 экіпаж падняў мяцеж супраць жорсткага абыходжання і высадзіў Блая разам з 18 прыхільнікамі ў лодку без картаў. У чэрв. пасля цяжкага плавання Блай дасягнуў в-ва Тымор, праплыўшы 3618 міль. У 1805 прызначаны губернатарам Новага Паўд. Уэльса ў Аўстраліі, дзе яго жорсткае праўленне ў 1808 прывяло да мяцяжу і турэмнага зняволення. Вызвалены праз 2 гады, выйшаў у адстаўку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́РЫН (Антон Іосіфавіч) (28.9.1910, в. Шпількі Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 22.10.1962),
Герой Сав. Саюза (1954), контр-адмірал (1951). Скончыў ваенна-марское вучылішча імя Фрунзе (1932), Ваенна-марскую акадэмію імя Варашылава (1948). У ВМФ з 1928. У 1935—40 штурман дывізіёна падводных лодак, камандзір падводнай лодкі, эскадранага мінаносца. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўн. флоце, камандзір дывізіёна эскадраных мінаносцаў; толькі з 1944 удзельнічаў у 18 баявых аперацыях, суправаджаў 95 транспартаў, камандаваў 10 аперацыямі па канваіраванні саюзных транспартаў і аперацыямі па пошуку падводных лодак ворага. З 1949 нач. штаба і камандзір злучэння караблёў, нач. кафедры Ваенна-марской акадэміі імя Варашылава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ТЛАНДСКІ БОЙ 1915,
баявыя дзеянні ў Балтыйскім м. каля в-ва Готланд паміж 1-й брыгадай крэйсераў рас.Балт. флоту (каманд.контр-адм. М.К.Бахіраў) і атрадам герм.ваен. караблёў (камадор Карф) 2.7.1915 у 1-ю сусв. вайну. Атрад Бахірава (5 крэйсераў і 9 эсмінцаў) 1.7.1915 накіраваўся да порта Мемель (цяпер Клайпеда, Літва) з задачай абстраляць яго. У густым тумане ён размінуўся з ням. флотам (3 крэйсеры, 7 эсмінцаў і мінны загараджальнік), аднак у выніку радыёперахопу і дэшыфроўкі данясення Карфа быў наведзены па радыё на праціўніка. У выніку артыл. перастрэлкі 2 ліп. на У ад Готланда са строю выведзены ням. мінны загараджальнік, пашкоджана ч. караблёў абодвух бакоў; больш хуткія ням. караблі выйшлі з бою.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУСТО́ ((Cousteau) Жак Іў) (11.6.1910, г. Сент-Андрэ-дэ-Кюбзак, Францыя — 25.6.1997),
французскі даследчык, акіянограф. Контр-адмірал. Чл.Франц.АН (1989). З 1952 кіраўнік падводнымі даследаваннямі на судне «Каліпсо», з 1985 — на турбапарусным судне «Алкіёна». З 1957 дырэктар Акіянаграфічнага музея ў Манака. Кіраўнік праграмы «Каншэльф» (даследаванні кантынентальнага шэльфа: умоў жыцця і працы людзей у падводным асяроддзі). Вынаходнік (разам з Э.Ганьянам) акваланга (1943), падводных дамоў, апарата «ныраючы сподак»; прыстасаваў кінакамеру для падводных кіназдымак. Займаўся пытаннямі аховы падводнага асяроддзя. Аўтар кніг і каля 90 дакументальных фільмаў, сярод якіх «Свет маўчання» (1956), «Залатая рыба» (прэмія «Оскар» 1960) і «Свет без сонца» (прэмія «Оскар» 1965).
Тв.:
Рус.пер. — В мире безмолвия. Живое море. М., 1976 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖОНС ((Jones) Джон Пол) (6.7.1747, Кіркбін, каля г. Дамфрыс, Вялікабрытанія — 18.7.1792),
ваенна-марскі дзеяч, нац. герой ЗША. Каля 1773 перасяліўся ў амер. калоніі Вялікабрытаніі. У вайну за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 адзін з арганізатараў і кіраўнік флоту каланістаў, на чале невял. флатыліі здзейсніў нападзенне на англ. порт Уітхавен і спаліў яго (1778), на чале пашкоджанага фрэгата ўзяў на абардаж 44-пушачны брыт. фрэгат (22.9.1779). Па запрашэнні Кацярыны II у 1788—89 служыў у рас.ВМФ, контр-адмірал. У рус.-тур. вайну 1787—91 на чале паруснай эскадры Дняпроўскага лімана ва ўзаемадзеянні з вёславай флатыліяй К.Насаў-Зігена і войскамі А.В.Суворава ў чэрв. 1788 разбіў тур. флот каля Ачакава. Памёр у Парыжы. Прах Дж. ў 1905 перавезены ў ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВАРА́Г»,
расійскі браняпалубны крэйсер 1-й Ціхаакіянскай эскадры, які вызначыўся на пач.рус.-японскай вайны 1904—05. Пабудаваны ў 1899 у Філадэльфіі (ЗША), дзейнічаў з 1901. Блакіраваны ў нейтральным карэйскім порце Чэмульпо (Інчхон), «Вараг» (камандзір — капітан 1-га рангу У.Ф.Руднеў) разам з кананерскай лодкай «Карэец» 9.2.1904 спрабаваў прарвацца ў Порт-Артур; у баі з эскадрай яп.контр-адмірала С.Урыу (6 крэйсераў, 8 мінаносцаў) патапіў мінаносец і пашкодзіў 2 крэйсеры. Затоплены экіпажам (з 570 маракоў загінулі 34 і паранены 188). У 1905 падняты і залічаны ў яп. флот як «Соя». У 1916 выкуплены рас. урадам і ўключаны ў склад Флатыліі Паўн. Ледавітага ак. У 1918 патануў у Ірландскім м. Імем «Вараг» ў 1965 названы ракетны крэйсер сав. Ціхаакіянскага флоту.