Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГАРАДЖА́ЛЬНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,
будаўнічыя канструкцыі, якія складаюць вонкавую частку будынкаў ці падзяляюць іх на асобныя памяшканні. Засцерагаюць будынкі ад вільгаці, ветру, шуму, т-ры. Часта адначасова выконваюць функцыі нясучых канструкцый. Адрозніваюць вертыкальныя (сцены, перагародкі) і гарызантальныя (перакрыцці, пакрыцці, дахі).
Паводле канструкцыі агараджальныя канструкцыі бываюць: маналітныя, зборныя і зборна-маналітныя; простыя (аднаслойныя) і комплексныя (мнагаслойныя); з дробных (пліт, шчытоў, насцілаў) і буйнапамерных (буйнаблочныя, буйнапанельныя і каркасна-панельныя) элементаў. Робяць з бетону, жалезабетону, армацэменту, сталі, алюмініевых сплаваў, цэглы, каменю, драўніны, шкла, пластмасаў, паветранепранікальных тканін і плёнак і інш.Асн. патрабаванні да агараджальных канструкцый — мех. трываласць, жорсткасць, вільгаце-, вогне- і марозаўстойлівасць, даўгавечнасць, арх. выразнасць. Удасканаленне агараджальных канструкцый ідзе ў бок змяншэння іх масы і кошту, паляпшэння цеплафіз. уласцівасцяў і канструкцыйных вырашэнняў, павышэння ступені заводскай гатоўнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ЕНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,
канструкцыі, элементы якіх нераздымна злучаны з дапамогай кляёў. Адрозніваюць К.к. будаўнічыя (нясучыя — аркі, бэлькі, калоны, фермы, рамы і агараджальныя — звычайна слаістыя пліты, панэлі, карабы і інш.), суднавыя (напр., карпусы катэраў, шлюпак), авіяцыйныя (карпусы некаторых лятальных апаратаў), мэблевыя і інш.
Робяцца з драўніны, металу, пластмас, бетону, шкла і інш. матэрыялаў у розных спалучэннях. Найб. пашыраны клееныя драўляныя канструкцыі. Вызначаюцца павышанай нясучай здольнасцю, трываласцю, даўгавечнасцю, высокай эфектыўнасцю выкарыстання матэрыялаў (маламерных, рознагатунковых, фанеры). Разнавіднасць К.к. — абалонкі з сінт. тканін на клеявых злучэннях, што выкарыстоўваюцца як пакрыцці часовых збудаванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВАРНЫ́Я КАНСТРУ́КЦЫІ,
металічныя канструкцыі будынкаў і збудаванняў, элементы якіх злучаны зваркай. У параўнанні з кляпанымі канструкцыямі маюць паніжаны расход металу, меншы кошт вырабу, большую герметычнасць швоў (што асабліва важна для трубаправодаў, рэзервуараў і г.д.). Недахопы: наяўнасць унутраных напружанняў і дэфармацый, карабачанне тонкіх элементаў. З.к. робяць пераважна дугавой зваркай, элементы значнай таўшчыні (30—50 мм і больш) — электрашлакавай зваркай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМАКАМЕ́ННЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,
часткі будынкаў ці збудаванняў (сцены, калоны, слупы, прасценкі, перамычкі і інш.), мураваныя з каменю або цэглы і ўзмоцненыя арматурай. Для арміравання выкарыстоўваюць стальныя сеткі, якія ўкладваюцца ў гарыз. швы для павелічэння нясучай здольнасці армакаменных канструкцый пры сцісканні; стрыжні і дрот — укладваюцца ўнутры каменных элементаў і супрацьстаяць у асн. расцягванню. Выкарыстоўваюць таксама ўзмацненне каменнай муроўкі ж.-б. элементамі (комплексныя канструкцыі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Папярэдне напружаныя канструкцыі 8/97—98; 9/344
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮМІ́НІЕВЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІбудаўнічыя,
канструкцыі і вырабы з алюмініевых сплаваў ці тэхн. алюмінію. Лёгкія, трывалыя, даўгавечныя, маюць высокія дэкар. якасці, але складаныя ў выкананні роўнатрывалых злучэнняў, асабліва зварных; патрабуюць уліку зніжанага (прыкладна ў 3 разы ў адносінах да сталі) модуля пругкасці алюм. сплаваў. На выраб алюмініевых канструкцый ідуць тонкі ліставы метал і прасаваныя танкасценныя профілі. Выкарыстоўваюцца як канструкцыйныя і аддзелачныя элементы ў будынках, трансп., спарт. і інш. збудаваннях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАЛІ́ТНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,
будаўнічыя канструкцыі (пераважна бетонныя і жалезабетонныя), асн. часткі якіх зроблены ў выглядзе адзінага цэлага (маналіту) на месцы ўзвядзення будынка ці збудавання.
Адрозніваюцца ад зборных канструкцый, элементы якіх вырабляюцца на з-дзе або палігоне. Выкарыстоўваюцца пераважна для нестандартных будынкаў, пры асабліва вял, нагрузках і ў збудаваннях, якія цяжка паддаюцца чляненню (напр., фундаменты пад пракатнае абсталяванне). Мэтазгодны пры выкананні іх індустрыяльнымі метадамі з выкарыстаннем інвентарнай апалубкі (слізгальнай, перастаўной, перасоўнай і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПНЕЎМАТЫ́ЧНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІбудаўнічыя,
мяккія абалонкі з тэхн. тканін ці арміраваных плёнак, нясучая здольнасць якіх забяспечваецца ўнутр. ціскам паветра. Адрозніваюць П.к. паветраапорныя (сціснутае паветра падаецца непасрэдна пад абалонку збудавання) і паветранясёныя (моцна сціснутае паветра напаўняе толькі нясучыя элементы). Выкарыстоўваюцца ў якасці памяшканняў для складоў, гаражоў, рамонтных майстэрняў, укрыцця аб’ектаў, якія будуюцца.
Да арт.Пнеўматычныя канструкцыі: а — паветраапорная; б — паветранясёная; 1 — паветраны шлюз; 2 — абалонка; 3 — паветрадуўка; 4 — пнеўматычны каркас (трубчастая арка).