ША́РКАЎШЧЫНСКІ РАЁН Размешчаны на З Віцебскай вобл. Утвораны 15.1.1940, скасаваны 17.4.1962, адноўлены 30.7.1966. Пл. 1,1 тыс.км². Нас. 22,2 тыс.чал. (2003), гарадскога 33,8%. Сярэдняя шчыльн. 20 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п.Шаркаўшчына. Раён уключае 272 сельскія нас. пункты, 8 сельсаветаў: Більдзюжскі, Валожынскі, Германавіцкі, Ёдскі, Лужкоўскі, Радзюкоўскі, Ручайскі, Станіславоўскі.
Тэр. раёна ў межах Дзісенскай нізіны. Паверхня плоскаўвагнутая, значная ч. забалочаная, участкамі вылучаюцца марэнныя ўзгоркі; 80% яе ніжэй за 140 м, 20% на выш. 140—160 м. Найвыш. пункт 172 м (на Пнв. Гарбачэнкі). Карысныя выкапні: торф, гліны і суглінкі, пяскі і пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-растудз. -7 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 564 мм за год. Вегетац. перыяд 185 сут. Найб.р. Дзісна з прытокамі Янка, Маціца, Бярэжа, Бярозаўка, Паловіца, Мнюта. Найб. азёры: Ілава, Карцэя і Княж. Глебы с.-г. угоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя (93,9%). Пад лесам 23,7% плошчы. Пераважаюць хваёвыя, яловыя, бярозавыя, асінавыя і чорнаальховыя лясы; трапляюцца шэраальховыя, дубовыя, ясянёвыя і інш. Штучныя насаджэнні (каля 7%) пераважна хваёвыя. Найб. лясныя масівы на Пн і ПдЗ, вылучаюцца масівы Асвята, Ілава, Журавоўшчына. Пад балотамі 6,5% тэр.Найб. балотныя масівы Даўбенішкі, Лясное. На тэр. раёна заказнікі: рэсп. значэння — гідралагічны Ельня (частка), біял.Забалацце (частка); мясц. значэння — гідралагічны Стрэчна (частка). Помнікі прыроды мясц. значэння: паркі — «Ганова» ў в. Варонка, «Гарадзец» у в. Дзіўнае, «Юзафова» ў в. Юзафова, «Падоршчына» ў в. Падоршчына, геал. — гара Фядотава (в. Красная), града Зянкевіча (в. Парэчча), даліны — Быстрыцкая (в. Мельніца) і Местачковая (в. Лужкі); валуны — Вял. камень (в. Жукі-Ложныя, Лапунова) і Дубоўкаўскі (в. Дубоўка).
Агульная пл.с.-г. угоддзяў каля 71 тыс.га, з іх асушаных 36,6 тыс.га. На 1.1.2003 у раёне 18 калгасаў, 4 саўгасы, 35 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, лёну, бульбы. Прадпрыемствы прам-сці: харч. (мясныя, мяса-расл., агароднінныя кансервы, сокі, віно), буд. матэрыялаў (цэгла, сталярныя вырабы), каап. (хлебабулачныя, макаронныя, кандытарскія, абараначныя вырабы, швейная прадукцыя), каап.-нарыхтоўчай (мясныя і каўбасныя вырабы). Па тэр. раёна праходзяць: чыгунка Крулеўшчызна—Друя і аўтадарогі з Шаркаўшчыны на Браслаў, Міёры, Глыбокае, Дзісну. У раёне 9 сярэдніх, 15 базавых, 9 пач. школ, 11 дзіцячых садкоў, 24 клубы, 28 б-к, 3 бальніцы, паліклініка, амбулаторыя, 19 фельч.-ак. пунктаў. Музеі: імя Язэпа Драздовіча ў в. Германавічы і імя І.П.Сікоры ў в. Алашкі. Помнікі архітэктуры: царква (пач. 20 ст.) у в. Варонка; Благавешчанскі касцёл (1787), царква (пач. 20 ст.) і сядзіба (канец 18 ст.) у в. Германавічы; сядзіба (18—19 ст.) і капліца (канец 18 ст.) у в. Дзіўная; вадзяны млын (19—пач. 20 ст.), Міхайлаўскі касцёл (1744—56, часткова перабудаваны ў 1843) і царква Раства Багародзіцы (1794) у в. Лужкі, Ільінская царква (пабудавана ў 1825 як касцёл, з 2-й пал. 19 ст. царква) у в. Шкунцікі. Выдаецца газ. «Кліч Радзімы».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЧО́ЎСКІ РАЁН.
На Пн Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 2,1 тыс.км². Нас. 70 тыс.чал. (2000), гарадскога 51%. Сярэдняя шчыльн. 32 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Рагачоў. Уключае г.п.Беліцк, 211 сельскіх нас. пунктаў, 19 сельсаветаў: Азяранскі, Балатнянскі, Беліцкі, Гадзілавіцкі, Гарадзецкі, Дварэцкі, Доўскі, Журавіцкі, Забалацкі, Запольскі, Збароўскі, Званецкі, Кісцянёўскі, Курганскі, Лучынскі, Побалаўскі, Старасельскі, Стаўпнянскі, Ціхініцкі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, б.ч. тэрыторыі ў зоне з радыяцыйным забруджваннем да 15 Кі/км².
Тэр. раёна размешчана ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны (б.ч.), Чачорскай раўніны, Гомельскага Палесся. Паверхня пераважна пласкахвалістая, з нязначнымі ўчасткамі дэнудаваных марэнных узгоркаў, 90% яе на выш. 125—150 м. Найвыш. пункт 173 м (каля в. Званец). Агульны нахіл з Пн на Пд. Карысныя выкапні: торф, мел, пяскі фармовачныя, буд. і сілікатныя, гліны і суглінкі, сапрапель. Сярэдняя т-растудз. -7 °C, ліп. 18,3 °C. Ападкаў 590 мм за год. Вегетац. перыяд 192 сут. Найб. рэкі Дняпро з прытокамі Друць (з Дабрыцай), Добасна (з Беліцай), Ракатун, Ржаўка, Гутлянка, Вузлянка. Азёры: Крушынаўскае, Святое, Добрае. Меліярац. каналы: Дзяніскавіцкі (частка), Драгунскі, Фалевіцкі, Турскі, Барсукоўскі і інш. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (39%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (37,2%). поймавыя (алювіяльныя, 11,4%). Пад лесам 35% тэр. раёна. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, трапляюцца чорнаальховыя, яловыя, асінавыя, дубовыя, грабавыя і інш.Найб. лясныя масівы на Пн. Штучныя насаджэнні, пераважна хваёвыя, складаюць каля 22%. Пад балотамі 2% тэрыторыі. Найб. балоты Луцкае, Беліцкае, Гарадзецкае. У межах раёна ахоўныя тарфянікі: Бадзеева, Белая, Вял. Балота, Вял. Мох, Гладышы, Доўгія, Друць, Захоцкі Мох, Лужкоўскае, Пожанькі, Прудзішча, Пустыя Баркі, Рогаўскае, Румкаўскае, Рэчкі, Святое возера. Помнік рэсп. значэння — геал. агаленне Збароў каля в. Збароў. Зоны адпачынку: Вярэйскае. Кісцянёўскі парк, Лужкі.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 115,5 тыс.га, з іх асушаных 18,4 тыс.га. На 1.1.2000 у раёне 17 калгасаў, 6 саўгасаў, 45 фермерскіх гаспадарак, эксперым. базы «Доўск» і «Турск», птушкафабрыка «Рагачоўская». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, кукурузы на насенне, бульбы і інш. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (жалезабетонныя вырабы, цэгла, піламатэрыялы і інш.), харч. (цэльнамалочныя вырабы, малочныя кансервы — Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат, пладова-агароднінныя і мясныя кансервы, сокі, напіткі пладовыя моцныя, безалкагольныя, віно, мінер. вада), паліўнай (торфабрыкет), першаснай апрацоўкі воўны, мэблевай прам-сці; з-д «Дыяпраектар» (прадукцыя спец. прызначэння, мед. тэхніка і інш.); лясгас (нарыхтоўка драўніны, дрэваапр.). Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтадарога Санкт-Пецярбург (Расія) — Адэса (Украіна), аўтамагістраль Брэст—Масква. Райцэнтр звязаны аўтадарогамі з гарадамі Быхаў, Магілёў, Гомель, Жлобін, Слаўгарад, Бабруйск. Суднаходства па р. Дняпро. У раёне 31 сярэдняя, 8 базавых, 5 пач., вочна-завочная школы, Гарадзецкая школа-інтэрнат для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, школа тэхнал. профілю, 2 спарт. і 1 муз. школы, 2 школы мастацтваў, пед. вучылішча, ПТВ прыборабудавання, вышэйшае ПТВ будаўнікоў, 41 дашкольная ўстанова, 37 клубаў, 47 б-к, 11 бальніц, тубдыспансер, радзільны дом, 2 паліклінікі, станцыя пералівання крыві, вет. станцыя, Рагачоўскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, санаторый «Прыдняпроўскі». Музеі: народнай славы і «Лёс салдата». Помнікі архітэктуры: касцёл (пач. 19 ст.) у в. Антушы, Троіцкая царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Дварэц, царква (пач. 20 ст.) у в. Доўск, паркі ў в.Забалацце (2-я пал. 19 ст.) і в. Кісцяні (канец 18 — пач. 19 ст.). Выдаецца газ. «Свабоднае слова».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САДО́ВА-ПА́РКАВАЕ МАСТА́ЦТВА,
мастацтва фарміравання садоў, паркаў і інш. азялененых участкаў гарманічным спалучэннем прыродных і арх. элементаў (рэльеф, вадаёмы, дрэвы, кусты, кветкі, пляцоўкі, розныя збудаванні, скульптура). У працэсе яго развіцця пад, эстэт. поглядаў выпрацаваны разнастайныя кампазіцыйныя прыёмы, якія ўмоўна зводзяцца да 2 асн. прынцыпаў — рэгулярнага парку (геам.) і пейзажнага парку (маляўнічага, імітуе прыродны ландшафт). Існуюць паркі і мяшанага тыпу.
Вядома са старажытнасці. Асн. прыёмы С.-п.м. склаліся ў 16—18 ст. у Зах. Еўропе. У эпоху Адраджэння ў Італіі паявіліся рэгулярныя сады, якія ўяўлялі сабой сістэму эфектных перспектыў і размяшчаліся на тэрасах з падпорнымі сценкамі, манум. лесвіцамі, скульптурай, каскадамі, фантанамі. Рацыяналістычныя прынцыпы, якія пераважалі ў мастацтве Францыі 17 ст., увасобіліся ў строга геам. планіроўцы рэгулярных («французскіх») паркаў. У сярэдзіне 18 ст. ў Еўропе ўзніклі свабодна распланаваныя пейзажныя паркі (Вялікабрытанія, Францыя) Першыя стараж.-рус. сады вядомы ў 12 ст. У 17 ст. ў Маскве дэкар. афармленнем вылучаліся т.зв. вярховыя («красныя») сады ў верхніх паверхах будынкаў (сады Крамлёўскага палаца); існавалі рэгулярныя сады ў загарадных сядзібах, для іх характэрна спалучэнне дэкар. якасцей з утылітарнымі (пладовыя насаджэнні). У 18 ст. створаны палацава-паркавыя ансамблі ў гарадах Петрадварэц, Пушкін, Летні сад у Пецярбургу (рэгулярныя паркі), пейзажныя паркі ў Паўлаўску, Кузьмінках (Масква), Уманскі дэндрапарк «Сафіеўка» (Украіна). С.-п.м. канца 19 — пач. 20 ст. характарызуецца эклектызмам (ствараліся садова-паркавыя кампазіцыі тыпу яп. садоў, іспана-маўрытанскага патыо, альпійскай горкі). У 20 ст. з’явіліся новыя віды садоў і паркаў (спарт. паркі, паркі-выстаўкі, нац., прыродныя, гіст., дзіцячыя паркі, «сады на дахах» і інш.). Для масавага адпачынку ствараюцца вял.гар. паркі. Выкарыстоўваюцца новыя кампазіцыйныя прыёмы, заснаваныя на функцыян. заніраванні тэр. паркаў, вылучэнні ў іх аб’ектаў відовішчна-масавага, культ.-асв., спарт. і інш. прызначэння. С.-п.м. развіваецца і ў працэсе спецыялізацыі паркаў і садоў рознага функцыян. прызначэння — дзіцячых, спарт., выставачных, бат., заал., мемар. і інш. Пераважаюць свабодныя пейзажныя кампазіцыі. засн. на маст. інтэрпрэтацыі прыродных ландшафтаў, з уключэннем рэгулярна распланаваных частак.
На Беларусі лепшымі ўзорамі С.-п.м з’яўляюцца Бачэйкаўскі парк, Дубайскі парк, паркі ў вёсках Вял. Мажэйкава Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл., Забалацце Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. і інш. (рэгулярныя), паркі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, Жыліцкага палацава-паркавага ансамбля, Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу, Столінскай сядзібы «Манькавічы», Лагойскага палацава-паркавага ансамбля, Савейкаўскі парк і інш. (пейзажныя). Характэрныя рысы С.-п.м. 2-й пал. 20 ст. — спалучэнне дакладнай планіровачнай схемы са свабоднай формай пасадак і кветкавага афармлення. З развіццём горадабудаўніцтва пашырыліся задачы па фарміраванні водна-зялёных сістэм, арх.-ландшафтнай арг-цыі адкрытых (незабудаваных) прастораў. Гэтыя задачы вырашаюцца галіной арх.-горадабуд. творчасці — ландшафтнай архітэктурай. У галіне С.-п.м. працуюць арх. Л.Белякова, Дз.Герашчанка, М.Жлоба, Л.Калініна, Г.Патаеў, І.Рудэнка, А.Сычова, І.Шпіт, В.Шыльнікоўская, Б.Юрцін і інш.Іл.гл. таксама да арт.Сад.
Літ.:
Памятники природы Белоруссии. Мн., 1970;
Антипов В.Г. Парки Белоруссии. Мн., 1975;
Архитектурная композиция садов и парков. М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРКІ
Як састаўная частка адзінага сац.-культ. комплексу Беларусі, як асн. элементы азелянення і садова-паркавага мастацтва, паркі ствараюцца ў гар. і сельскай мясцовасці сродкамі ландшафтнай архітэктуры. Яны прызначаны для арганізацыі вольнага часу, задавальнення культ.-пазнавальных патрэбнасцей і інтарэсаў людзей праз стварэнне на сваёй тэр. спрыяльных умоў для адпачынку, распаўсюджвання і папулярызацыі культ. каштоўнасцей і ведаў аб прыродзе, фарміравання беражлівых і гуманных адносін да навакольнага асяроддзя. Усе паркі адкрытыя для публічнага наведвання.
Найб. старадаўнія на Беларусі паркі, што захаваліся, адносяцца да 18 ст. Адрозніваюць паркі рэгулярныя, пейзажныя, мемарыяльныя, паркі культуры і адпачынку, гарадскія сады і інш. Для рэгулярных паркаў характэрны строгая геам. планіроўка і радковая пасадка дрэў, падпарадкаваная гал. кампазіцыйнай восі; наяўнасць баскетаў, шырокіх партэраў з кветкавымі газонамі, басейнаў, каналаў, фантанаў, часам — стараж. палаца (замка), ад якога разыходзяцца прамыя алеі Да ліку лепшых узораў такіх паркаў належаць Бачэйкаўскі парк, закладзены ў сярэдзіне 18 ст. ў в. Бачэйкава (Бешанковіцкі р-н Віцебскай вобл.), Дубайскі парк, створаны ў 2-й пал. 18 ст. ў в. Дубай (Пінскі р-н Брэсцкай вобл.), у в. Вялікае Мажэйкава (Шчучынскі р-н Гродзенскай вобл.), у в.Забалацце (Рагачоўскі р-н Гомельскай вобл.) і інш.
У канцы 18—19 ст. былі пашыраны пейзажныя паркі з уласцівай для іх свабоднай планіроўкай, маляўнічым размяшчэннем кампазіцыйных элементаў, што імітуюць прыродны ландшафт, невялікія збудаванні ў выглядзе гатычнага сабора, замка, грота, розныя віды малых форм архітэктуры, і інш. Адзін з паркаў такога тыпу закладзены ў 1879 на тэр. Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу (засн. ў 1583 кн. М.К.Радзівілам Сіроткам). Яго агульная плошча каля 100 га. На правабярэжнай частцы парку (падзелены р. Уша) знаходзяцца палац і замак з фрагментам парку (Замкавы парк) і Стары, т.зв. англійскі парк з японскім садам; у левабярэжнай частцы — Новы (Марысін) парк з т.зв. іпадромам. У парку ўстаноўлены бюсты кн. Юрыя Нясвіжскага, італьян.арх. Дж.М.Бернардоні, пісьменнікаў У.Сыракомлі, Я.Коласа, картографа Т.Макоўскага, 3 вазы з сімваламі: «1794. За нашу і вашу волю. 1863», «1410. Грунвальд», «Gloria Victoria» і інш. Пасля рэканструкцыі ў 1991 водна-паркавай сістэмы Нясвіжа адноўлены 5 пейзажных паркаў, у т. л. парк «Альба». Найб. захаваным на Беларусі пейзажным паркам з элементамі рамантызму з’яўляецца парк Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, заснаванага ў 2-й пал. 18 ст. на правым беразе р. Сож (даўж. 800 м, пл. 25 га). У ім знаходзіцца пладовы сад з багатай аранжарэяй («Зімовы сад»), ставок «Лебядзінае возера», вял. і мал. гроты, Верхні і Ніжні масты, памятныя камяні, больш за 9 тыс. дрэў мясц. і экзатычных парод; устаноўлены конная статуя кн. І.Панятоўскага, 2 трафейныя гарматы рус.-тур. вайны (1828—29), манумент кн. I Ф.Паскевіча ў адзенні рымскага палкаводца, дэкаратыўныя мармуровыя скульптуры і інш. Да тыпу пейзажных паркаў адносяцца Савейкаўскі парк (Ляхавіцкі р-н Брэсцкай вобл.), паркі Жыліцкага (Кіраўскі р-н Магілёўскай вобл.), Лагойскага. Валожынскага палацава-паркавых ансамбляў і інш.
Мемарыяльныя паркі часцей ствараюцца ў гонар выдатных дзеячаў навукі і культуры, нац. герояў (напр., парк імя Я.Купалы ў Мінску), або прысвячаюцца значным гіст. падзеям ці юбілеям (напр., парк Перамогі ў Мінску). Большасць такога тыпу паркаў з’яўляюцца часткай сядзібна-паркавых ансамбляў. Да нашага часу на Беларусі захаваліся 175 мемарыяльных сядзіб з рэшткамі паркаў. У іх ліку рэшткі парку ў родавым маёнтку Касцюшкаў Сяхновічы (Жабінкаўскі р-н Брэсцкай вобл.), закладзенага ў канцы 17 ст., у гар. сядзібе Ваньковічаў (Мінск), дзе з 1824 жыў і працаваў мастак-рамантык Валенцій Ваньковіч, бывалі Я.Дамель, С.Манюшка, У.Сыракомля, В.Дунін-Марцінкевіч. У Брэсцкім р-не захаваліся мемарыяльныя сядзібы Лышчыцы (радзіма К.Лышчынскага) і Скокі (радзіма Ю.Нямцэвіча). У Баранавіцкім р-не 9 такіх сядзіб, у т. л. музей-сядзіба А.Міцкевіча «Завоссе» і сядзіба ў Ясянцах — радавым маёнтку апошняга канцлера ВКЛ Я.Храптовіча. У 2004 у в. Ракаў Мінскага р-на адкрылася сядзіба-музей, звязаная з імёнамі Ф.Багушэвіча, А.Міцкевіча і М.К.Агінскага; тут экспануюцца мэбля і адзенне 18—19 ст., муз. інструменты, фрагменты слуцкіх паясоў і інш. У 19 ст. склаўся новы тып парку — гарадскі с а д (у Мінску, Віцебску, Магілёве і інш.). Самы старадаўні такі парк — Цэнтр. дзіцячы парк імя М.Горкага (былы Губернатарскі сад; пл. 30 га), у якім дзейнічаюць разнастайныя атракцыёны, планетарый, крыты каток, летняя эстрада. У 1920-я г. пачалі стварацца паркі культуры і адпачынку, дзіцячыя, спартыўныя, заалагічныя і інш.
У 2002 на Беларусі дзейнічалі 24 паркі культуры і адпачынку, у т. л. ў Брэсцкай, Віцебскай і Гродзенскай абл. — па 4, у Гомельскай вобл. і г. Мінск — па 3, Магілёўскай вобл. — 1 і Мінскай вобл. — 5. Дзейнічаюць 4 заапаркі (Віцебск, Гомель, Гродна, Мінск). Найб. паркі культуры і адпачынку ў Гомелі (280 га, з філіяламі), Віцебску (190 га), Гродне (92 га), Кобрыне (60 га), Брэсце (40 га). У Мінску працуюць парк культуры і адпачынку імя Чэлюскінцаў (50 га) і імя 50-годдзя Кастрычніка (110 га), а таксама парк Я.Купалы і парк Перамогі (у раёне Камсамольскага возера). У парках культуры і адпачынку праводзяцца тэатралізаваныя канцэрты, выстаўкі, нар. святы, творчыя конкурсы, гульнёва-забаўляльныя праграмы, дыскатэкі, танцавальныя вечары, спарт. мерапрыемствы. У 2002 у іх дзейнічала 14 гурткоў маст. самадзейнасці, 16 спарт. гурткоў і 8 дзіцячых аб’яднанняў. У 2003 у Мінску адкрыты адзіны ў Беларусі сучасны парк забаў «Dream Land» (Краіна мары), у якім дзейнічаюць разнастайныя італьян. атракцыёны (экстрэмальныя, сямейныя, дзіцячыя), лічбавая фотастудыя і інш.
Паркавая прастора выкарыстоўваецца і як месца актыўных зносін людзей з прыродай, чаму садзейнічае стварэнне ў іх рэкрэацыйна-аздараўленчых зон і аб’ектаў, спрыяльных умоў для фіз. і маральна-псіхал. адпачынку і аднаўлення сіл чалавека. Першы батанічны сад на Беларусі засн. Ж.Э.Жыліберам у Гродне на месцы старога гарадзішча; у 1778 у садзе было больш за 2000 відаў экзотаў (большасць экзатычных насаджэнняў у 1781 перанесена ў Віленскі батанічны сад, цяпер на яго месцы гар. парк культуры і адпачынку). У пач. 20 ст. існаваў (да 1924) Вялікалятчанскі батанічны сад каля Віцебска. Працуюць батанічныя сады БСГА (з 1847), Віцебскага ун-та (закладзены ў 1919), БДУ (арганізаваны ў 1933), Бел.тэхнал. ун-та (арганізаваны ў 1969). У Цэнтр. батанічным садзе Нац.АН Беларусі (створаны ў 1932, пл. больш за 80 га) сабрана больш за 9 тыс. відаў раслін. У яго экспазіцыі: дэндрарый з сектарамі Беларусі, Д.Усходу, Усх. Азіі, Паўн, Амерыкі, Еўропы, Сібіры, Каўказа, Сярэдняй Азіі, альпінарый, ружоўнік, цюльпаннік, вяргіннік, бэзавы сад, сад бесперапыннага цвіцення, ландшафтны. З 1985 у Мінску дзейнічае парк камянёў — геалагічны музей пад адкрытым небам. У ім больш за 2 тыс. экспанатаў, пл. экспазіцыі 6,5 га, з іх 4,5 га займае рэльефная мадэль геагр. карты Беларусі. Парк з’яўляецца эксперыментальнай базай Ін-та геалагічных навук Нац.АН Беларусі па вывучэнні ледавіковых валуноў, вырашэнні шэрагу актуальных праблем геалогіі, а таксама своеасаблівым сродкам папулярызацыі і пашырэння прыродазнаўчых і гісторыка-краязнаўчых ведаў.
Літ.:
Антипов В.Г. Парки Белоруссии. Мн., 1974;
Яго ж. Старинные усадьбы Минского края. Мн., 2000;
Федорук А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. Мн., 1989;
Смолік А.І. Культура Беларусі XI—XIX стст.: Навук.давед.Мн., 1998;
Каштоўнасці мінуўшчыны, 5: Рэстаўрацыя і выкарыстанне помнікау гісторыі і культуры: Матэрыялы канф., Мінск, 17 крас. 2001 г.Мн., 2001.
С.Ф.Дубянецкі, Э.С.Дубянецкі.
Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс.Сноўскі палацава-паркавы ансамбль.Мірскі садова-паркавы комплекс.У парку камянёў.Фрагмент парку Я.Купалы ў Мінску.У Гродзенскім заалагічным парку.