балансірны планёр з гнуткім (мяккім) крылом трохвугольнай (дэльта- або трапецападобнай) формы. Мае трубчасты каркас (звычайна з дзюралюмінію), тросавыя расцяжкі і нясучую паверхню — крыло (з дакрону або лаўсану). Выкарыстоўваецца ў дэльтапланёрным спорце.
Пілот прывязваецца да Д. рамянямі. Узлёт адбываецца ў выніку разбегу з высокага месца, кіраванне палётам — зменай паставы цела з дапамогай ручкі-трапецыі. Абрыс Д. даў Леанарда да Вінчы, патэнт на Д. атрымаў Ф.Рагала ў 1951 (ЗША). Першыя палёты адбыліся ў канцы 1960 — пач. 1970-х г. у ЗША, Аўстраліі, СССР і інш. Створаны Д. «Славуціч» (Кіеў), «Сокал» (Ленінград), «Масквіч» (Масква) і інш.Найб. зафіксаваная працягласць палёту на Д. 28 гадз, далёкасць — каля 165 км (1979).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛЬТАПЛАНЁРНЫ СПОРТ,
від авіяц. спорту, падобны да планёрнага; выкананне планіруючых і лунаючых палётаў на прасцейшых лятальных апаратах. Дэльтаплан — просты па канструкцыі лятальны апарат масай да 35 кг. Старт робіцца са схілаў гор ці ўзвышша або з дапамогай буксіроўкі за катэрам ці аўтамабілем. Кіраванне ажыццяўляецца перамяшчэннем цэнтра цяжару спартсмена адносна канструкцыі. Палёты выконваюцца на скорасць або макс.далёкасць. Вопытныя спартсмены ў спрыяльных умовах пераадольваюць адлегласць у некалькі соцень км на выш. да 3 км. Д.с. узнік у ЗША (1973). Першы чэмпіянат Беларусі адбыўся ў 1977. Бел. федэрацыя звышлёгкай авіяцыі зарэгістравана ў 1995. На 1.1.1997 у Беларусі Д.с. займалася 150 чал., з іх 7 майстроў спорту. Як асобны кірунак інтэнсіўна развіваецца мотадэльтапланёрны спорт (дэльталётны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРАЗНА́Я ЗБРО́Я,
агнястрэльная зброя, паверхня канала ствала якой мае нарэзы (вінтавыя канаўкі) для надання снараду (кулі) вярчальнага руху, што забяспечвае ўстойлівасць траекторыі ў паветры, павышае скарастрэльнасць, далёкасць і кучнасць стральбы. Да Н.з. адносяцца: стралковая зброя (вінтоўкі, карабіны, аўтаматы, кулямёты, пісталеты), артыл. гарматы (пушкі, гаўбіцы, марціры, асобныя ўзоры мінамётаў і безадкатных гармат). Ручная Н.з. з прамымі нарэзамі з’явілася ў канцы 15 ст., гарматы (пішчаль і інш.) з прамымі нарэзамі вядомы з 16 ст. Значнае пашырэнне Н.з. атрымала ў сярэдзіне 19 ст. У сучасных гарматах армій большасці краін прынята правая нарэзка (злева ўверх направа), у франц. гарматах — левая (справа ўверх налева). Адлегласць паміж двума супрацьлеглымі палямі (па дыяметры) наз.калібрам зброі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАШКО́ДЫ РАДЫЁПРЫЁМУ,
знешнія і ўнутраныя эл.-магн. ці эл. ўздзеянні на эл. ланцугі радыёпрыёмнай апаратуры і ўнутраныя ў іх эл. працэсы, якія перашкаджаюць правільнаму прыёму сігналаў. Праяўляюцца ў выглядзе пабочных гукаў у радыёпрыёмніку, скажэнняў відарысаў на экране тэлевізара і інш. Абмяжоўваюць якасць узнаўлення прынятага сігналу і далёкасць яго перадачы.
У залежнасці ад прычын узнікнення і відаў крыніц адрозніваюць касм., атм., індустр., а таксама перашкоды, абумоўленыя асаблівасцямі распаўсюджвання радыёхваль, работай інш. радыёстанцый, у т. л.спец. радыёперадатчыкаў, створаных для парушэння нармальнага дзеяння радыёпрыёмнікаў. Унутраныя П.р. абумоўлены ўнутранымі шумамі радыёапаратаў. Знешнія П.р. аслабляюць з дапамогай эл. фільтраў, экранавання ўстановак і інш., унутраныя — рацыянальным канструяваннем апаратаў і інш. сродкамі павышэння перашкодаўстойлівасці ў сістэмах сувязі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАБІ́Н (франц. carabine ад араб. караб — зброя),
1) укарочаная і аблегчаная вінтоўка. З’явілася ў 15 ст., выкарыстоўвалася асабовым складам кавалерыі і артылерыі. Бываюць гладкаствольныя і наразныя, магазінныя і аўтаматычныя. У Сав. Арміі выкарыстоўваўся К. узору 1938 і 1944, а таксама самазарадны К. сістэмы С.Г.Сіманава ўзору 1945 (з магазінам на 10 патронаў, прыцэльная далёкасць стральбы 1 км, скарастрэльнасць 35—40 стрэлаў за мінуту). К. наз. таксама паляўнічую вінтоўку, з якой палююць на буйнога звера.
2) Кручок (зашчапка) з спружыновай часткай, якая адкрываецца ў сярэдзіну. Выкарыстоўваецца для падвешвання (замацавання) вяровак, такелажных рамянёў, у дарожных сумках, ланцужках, павадках і інш.
Карабіны: 1 — з калясцовым замком (Германія, 1540); 2 — карабін Генры (ЗША, 1892); 3 — самазарадны С.Г.Сіманава (СССР, 1945).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЯНЁВАЯ ЗБРО́Я, лазерная зброя,
від зброі, заснаваны на выкарыстанні лазернага выпрамянення з мэтай паражэння людзей, узбраення і ваен. тэхнікі. Асн. характарыстыкі: імгненнае паражэнне цэлі, вялікая далёкасць паражэння (200—2 тыс.км), колькасць энергіі пры адным выстрале каля 200 МДж (эквівалентна 50 кг зараду трынітраталуолу). Асн. паражальныя фактары: цеплавое ўздзеянне, дынамічны ўдар, светлавое і эл.-магн. выпрамяненне. Найб. эфектыўная П.з. для паражэння паліўных бакаў міжкантынент. балістычных ракет, лятальных апаратаў і інш. Адрозніваюць непасрэднае паражэнне П.з. (за кошт награвання, плаўлення і выпарэння) і функцыян. (уздзеянне на асобныя сістэмы аб’ектаў). Асн. тыпы лазераў, якія могуць выкарыстоўвацца ў П.з.: хімічныя на фторыстым вадародзе і фторыстым дэйтэрыі, кіслародна-ёдзістыя на свабодных электронах, рэнтгенаўскія з напампоўкай ад ядз. выбуху і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ШКА (ад англ. push штурхаць),
тып гарматы для стральбы па наземных, надводных і паветраных цэлях. П. перасягаюць усе інш. тыпы артыл. гармат (гаўбіцы, марціры, мінамёты) па далёкасці стральбы (звычайна насцільнай).
Вядома з 14—15 ст. П. наз. таксама інш. гарматы, якія паводле характарыстык з’яўляліся марцірамі, напр., «Цар-пушка» (1586; рус. майстар А.Чохаў). Бываюць агульнага і спец. прызначэння (зенітныя, процітанкавыя і інш.). Маюць доўгі ствол (40—80 калібраў), пач. скорасць снарада да 1,5 км/с, далёкасць стральбы больш за 40 км. Для павелічэння далёкасці стральбы выкарыстоўваюць актыўна-рэактыўныя снарады. Паводле спосабу перамяшчэння адрозніваюць буксіравальныя, самарухальныя, самаходныя; могуць размяшчацца на танку, самалёце, караблі. Уваходзяць у склад танк., авіяцыйнай, карабельнай і берагавой артылерыі. Іл.гл. да арт.Артылерыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРААКУ́СТЫКА (ад гідра... + акустыка),
раздзел акустыкі, які вывучае распаўсюджванне гуку ў водным асяроддзі. Гідраакустыка ўключае тэарэт. даследаванні па прагназаванні структуры акустычных палёў, вывучэнне заканамернасцей распаўсюджвання гуку ў воднай прасторы для розных раёнаў Сусветнага акіяна, распрацоўку метадаў і сродкаў вымярэння параметраў гукавых палёў, эксперым. натурныя даследаванні.
Гукавыя хвалі ў водным асяроддзі распаўсюджваюцца на значныя адлегласці (напр., у дыяпазоне частот 500—2000 Гцдалёкасць распаўсюджвання пад вадой гуку сярэдняй інтэнсіўнасці дасягае 15—20 км, у дыяпазоне ультрагуку — 3—5 км). Далёкасць распаўсюджвання акустычных імпульсаў у моры і акіяне абмяжоўваецца рэфракцыяй гуку (скрыўленнем шляху гукавога праменя) і наяўнасцю лакальных неаднароднасцей (часцінак, бурбалачак паветра і інш.), на якіх яны рассейваюцца і паглынаюцца. Скорасць гуку залежыць у асноўным ад гідрастатычнага ціску і слаістасці, абумоўленай размеркаваннем т-ры і салёнасці вады па глыбіні (мяняецца ў межах 1450—1540 м/с). З гэтай прычыны акустычныя хвалі могуць пераламляцца, а ў асобных выпадках на пэўнай глыбіні з’яўляюцца каналы звышдалёкага распаўсюджвання гуку (да тысяч км). Зменлівасць асяроддзя, яго неаднароднасць, наяўнасць межаў з непрадказальнымі характарыстыкамі, разнастайнасць фіз. працэсаў у водным асяроддзі — аб’ектыўныя фактары, якія ўскладняюць карэктнае апісанне працэсу распаўсюджвання гуку ў вадзе і стварэнне адэкватнай яму мадэлі. Прыкладная гідраакустыка займаецца распрацоўкай гідраакустычных прылад. Найб. пашыраны рэхалоты, гідралакатары, шумапеленгатары і інш. Яны выкарыстоўваюцца для даследавання акіяна, у навігацыйных мэтах, для рыбапрамысловай разведкі, пошукавых работ, вырашэння ваенных задач (пошукі падводных лодак праціўніка, бесперыскопная тарпедная атака і інш.). Распрацаваны і створаны мнагамэтавыя вымяральна-вылічальныя комплексы (вымярэнне часавых параметраў акустычных сігналаў, аналіз структуры шматпрамянёвых сігналаў і часавай стабільнасці характарыстык трас распаўсюджвання гуку працягласцю да некалькіх соцень кіламетраў).
На Беларусі даследаванні па гідраакустыцы вядуцца з 1971 у НДІ прыкладных фіз. праблем пры БДУ.
Літ.:
Урик Р.Д. Основы гидроакустики: Пер. с англ.Л., 1978;
Клей К., Медвин Г. Акустическая океанография: Пер. с англ.М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУШКЕ́Т (ісп. mosquete, франц. mousquet ад лац. musca муха),
дульназараднае ружжо; ручная агнястрэльная зброя з кнотавым замком. М. з’явіўся ў пач. 16 ст. ў Іспаніі, пазней у інш. краінах Еўропы, у т. л.ВКЛ. Прызначаўся для паражэння ў блізкім баі воінаў праціўніка, якія мелі на сабе засцерагальнае ўзбраенне (кальчуга, панцыр і інш.). Калібр да 23 мм, маса 8—10 кг, далёкасць стральбы да 250 м. Для зручнасці вядзення з М. агню выкарыстоўваліся сошкі (падпоркі). М. ўзбройваліся адборныя салдаты — мушкецёры. Больш лёгкі і кароткі М., які страляў шротам і быў на ўзбраенні кавалерыі, называўся мушкетонам. З канца 17 ст. М. заменены крамянёвым ружжом (гл.Крамянёвая зброя).
Мушкет: 1 — лёгкі аўстрыйскі з кнотавым замком. 1600; 2 — лёгкі французскі з прыкладам для ўпору ў грудзі. 1575; 3 — наразны дацкі мадэлі 1763, калібру 27 мм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЯ́К,
збудаванне вежавага тыпу, прызначанае для вызначэння месцазнаходжання суднаў і забеспячэння бяспекі плавання. Будуюцца на высунутай у мора ч. берага, у вусцях рэк, на водмелях, скалах, часам устанаўліваюць на якарах (плывучыя М.). Акрамя агульных бываюць М. для ВМФ (у закрытых для плавання раёнах); гідраакустычныя М.-адказчыкі, якія ўстанаўліваюцца на перыяд баявых дзеянняў і інш.
Абсталёўваюцца святлоаптычнай сістэмай (далёкасць бачнасці святла больш за 10 міль — 18,5 км), акустычнымі і гідраакустычнымі ўстаноўкамі (для падачы сігналаў у тумане, вадзе), радыётэхн. прыстасаваннямі (гл.Радыёмаяк, Радыёлакацыйны маяк), выратавальнымі станцыямі. М. на паветр. лініях, якія забяспечваюць арыентаванне лятальных апаратаў, наз. аэрамаякамі.