АНТРАХІНО́НАВЫЯ ФАРБАВА́ЛЬНІКІ,

клас арганічных фарбавальнікаў, вытворных антрахінону. Адметныя хім. устойлівасцю, яркасцю колеру, устойлівасцю да святла і мокрай апрацоўкі. Неабходны колер і адценне Антрахінонавыя фарбавальнікі атрымліваюць дзякуючы ўвядзенню ў будову антрахінону розных замяшчальнікаў. Падзяляюцца на пратраўныя фарбавальнікі (напр., алізарын), якія ўтвараюць на валакне ўстойлівыя нерастваральныя комплексы з іонамі алюмінію, хрому, жалеза; водарастваральныя кіслотныя фарбавальнікі (напр., антрацэн сіні) для воўны і шоўку; асноўныя фарбавальнікі, растваральныя ў вадзе для капрону, нейлону і нерастваральныя для ацэтатнага шоўку і поліэфірных валокнаў; кубавыя фарбавальнікі (напр., 1,5-дыамінаантрахінон). Выкарыстоўваюцца таксама для фарбавання каўчуку, гумы, мінер. масла, у паліграф. і лакафарбавай вытв-сці.

т. 1, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ДКА,

1) малое судна (вёславае, ветразевае або маторнае). Вядомая з неаліту. На Беларусі здаўна бытавалі Л., выдзеўбаныя са ствала дрэва (камяга, човен, дуб), з 2-й пал. 19 ст. дашчаныя з прамымі і разагнутымі бартамі. Спараныя Л. з дашчаным насцілам служылі паромам. Многія народы вырабляюць Л. з кары дрэў («веткі», «амарочкі» народаў Сібіры, «пірогі» лясных індзейцаў Паўн. Амерыкі і інш.), са скур марскіх жывёл («байдаркі» алеутаў, «каякі» эскімосаў). У наш час Л. пашыраны ў вяслярным спорце і турызме. Іх вырабляюць з лёгкіх метал. сплаваў, пластмас, гумы.

2) Судны спец. прызначэння (падводная Л., кананерская Л.).

І.​М.​Браім.

Дашчаныя лодкі.

т. 9, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСАВА́ННЕ,

1) тэхналагічны працэс апрацоўкі розных матэрыялаў ціскам з мэтай ушчыльнення, змены формы, аддзялення вадкай фазы ад цвёрдай, змены мех. і інш. уласцівасцей. П. атрымліваюць загатоўкі і вырабы з металаў, пластмас, драўняных матэрыялаў і інш. 2) Спосаб апрацоўкі металаў ціскам, пры якім метал выціскаецца з замкнёнай поласці кантэйнера праз канал матрыцы, форма і памеры якога вызначаюць сячэнне прасаванага профілю.

3) Спосаб атрымання вырабаў з пластмас і гумы ў прэс-формах, пры якім размякчаюць матэрыял награваннем і фіксуюць форму вырабу вытрымкай пад ціскам.

4) Разгладжванне бялізны, адзення, тканін і інш. прасам. Для П. карысталіся духавымі, наплітнымі, пазней эл. прасамі.

т. 13, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́МАВЫЯ КЛЯІ́,

растворы каўчукоў у арган. растваральніках (бензіне, аліфатычных, араматычных, хларыраваных вуглевадародах і інш.).

Падзяляюць на 2 асн. групы: гумавыя кляі, якія не вулканізуюцца (растворы каўчуку натуральнага, каўчукоў сінтэтычных, гутаперчы), утвараюць клеявыя злучэнні ў выніку выпарэння растваральніку; гумавыя кляі, што вулканізуюцца (у іх састаў уваходзяць вулканізуючыя рэчывы), утвараюць больш трывалыя клеявыя злучэнні, чым гумавыя кляі першай групы. У залежнасці ад т-ры ўтварэння клеявога злучэння адрозніваюць гумавыя кляі гарачай (пры 140—150 °C) ці халоднай (пры 25—30 °C) вулканізацыі. Выкарыстоўваюць пры зборцы і рамонце гумавых вырабаў, у вытв-сці прагумаваных тканін, для мацавання гумы да металу, дрэва, шкла і інш.

т. 5, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖО́РСТКАСЦЬ канструкцыі,

уласцівасць канструкцыі (цела) супраціўляцца дэфармацыі. Залежыць ад геам. характарыстык папярочнага сячэння элементаў канструкцыі і фіз. уласцівасцей матэрыялу (модуляў пругкасці).

У абсалютна цвёрдага цела (ідэальны выпадак) Ж. бясконца вялікая, у гумы — вельмі малая. Большасць канструкцыйных матэрыялаў па Ж. займаюць прамежкавае становішча. Пры простых дэфармацыях у межах Гука закону Ж. вызначаецца як здабытак модуля пругкасці на тую ці іншую характарыстыку папярочнага сячэння элемента (плошчу, восевы момант інерцыі і інш.). Паняцце Ж. шырока выкарыстоўваецца пры рашэнні задач супраціўлення матэрыялаў. У авіяцыі і ракетнай тэхніцы часта ўлічваюць удзельную Ж. — адносіны Ж. да шчыльнасці матэрыялу. Велічыня, адваротная Ж., наз. падатлівасцю.

І.​І.​Леановіч.

т. 6, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КСІЛАФО́Н [ад ксіла... + ...фон(ы)],

самагучальны ўдарны муз. інструмент. Складаецца з храматычна настроеных драўляных брусочкаў рознай даўжыні, размешчаных вертыкальна ў 4 рады на жгутах з саломы (рагожы, гумы). Іграюць на К. драўлянымі палачкамі з патаўшчэннямі на канцах. Шырока вядомы ў многіх народаў свету. У еўрап. сольную канцэртную практыку ўведзены ў 1830-я г. М.Гузікавым, у сімф. аркестр — у канцы 19 ст. Сучасны аркестравы К. мае да 49 брусочкаў, размешчаных звычайна ў 2 рады (накшталт фп. клавіятуры) і прымацаваных да спец. рамы. Асн. разнавіднасці — марымба (з рэзанатарамі — меднымі гільзамі, прымацаванымі пад брусочкамі) і тубафон (з трубкамі замест брусочкаў). Дыяпазон да 4 актаў (ад с​1).

І.​Дз.​Назіна.

Ксілафон аркестравы.

т. 8, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́БЕДЗЕЎ (Сяргей Васілевіч) (25.7.1874, г. Люблін, Польшча — 2.5.1934),

савецкі хімік, распрацоўшчык прамысл. спосабу атрымання сінт. каўчуку. Акад. АН СССР (1932, чл.-кар. 1928). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1900) і працаваў у ім (з 1902), адначасова (з 1916) праф. Ваенна-мед. акадэміі. Навук. працы па даследаванні полімерызацыі, ізамерызацыі і гідрагенізацыі ненасычаных вуглевадародаў раду дывінілу і алену (1908—13). Распрацаваў прамысл. спосаб атрымання бутадыену з этылавага спірту, першы ў свеце метад атрымання сінт. каўчуку (1926—28), гумы і гумава-тэхн. вырабаў на яго аснове (укаранёны з 1932).

Літ.:

Академик С.​В.​Лебедев: К 80-летию со дня рождения. М., 1954;

Пиотровский К.Б. Сергей Лебедев. М., 1960.

С.В.Лебедзеў.

т. 9, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКАПЧУ́К (Мікалай Раманавіч) (н. 7.2.1948, г. Магілёў),

бел. фізікахімік, стваральнік бел. навук. школы па прагназіраванні ўласцівасцей палімерных матэрыялаў. Д-р хім. н. (1990), праф. (1992). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1971). З 1971 у Ін-це фізіка-арган. хіміі АН Беларусі. З 1992 у Бел. тэхнал. ун-це (з 1995 заг. кафедры). Навук. працы па хіміі высокамалекулярных злучэнняў, хім. тэхналогіі і тэхналогіі перапрацоўкі палімераў. Распрацаваў асновы новага кірунку ў прагназіраванні ўласцівасцей палімерных матэрыялаў, метады сінтэзу поліамідакіслот. Прапанаваў спосаб атрымання поліімідных супервалокнаў, экспрэс-метады прагназіравання даўгавечнасці гумы і пластмас.

Літ.:

Салдатаў У.С. Хімія высокамалекулярных злучэнняў // Весці Нац. АН Беларусі. Сер. хім. навук. 1998. №4.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 12, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

каўчу́к

(англ. caoutchouc, ад індз. kahuczuc)

рэчыва з соку некаторых раслін або штучнага паходжання, якое ўжываюць для вырабу гумы (напр. натуральны к., сінтэтычны к.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

со́ска, ‑і, ДМ со́сцы; Р мн. ‑сак; ж.

Тое, з чаго або тое, што даюць ссаць дзіцяці (трубка з гумы ў выглядзе саска). Плача ў калысцы з соскай пустой дзіця. Танк. — Біць вас трэба, такіх матак. Дзіця галоднае, а яна сядзіць і чырванее, як дзяўчынка. Пара ўжо кінуць саромецца, мілая мая. Соску трэба .. Дзе соска? Няма? Эх, ты! — завіхалася спрытная мачыха. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)