ШАЙН Рыгор Абрамавіч (19.4.1892, г. Адэса, Украіна — 4.8.1956),
савецкі астрафізік. Акад.АНСССР (1939). Скончыў Тартускі ун-т (1919). З 1921 у Пулкаўскай абсерваторыі, з 1925 у яе Сімеізскім аддз., у 1945—52 дырэктар Крымскай астрафіз. абсерваторыі. Навук. працы па зорнай спектраскапіі і фізіцы газавых туманнасцей. Адкрыў каля 150 туманнасцей, камету, анамальную колькасць ізатопа 13C у атмасферы зорак. Устанавіў (з амер. астраномам О.Струвэ) хуткае вярчэнне зорак ранніх спектральных класаў і вызначыў яго скорасць (1929). Даследаваў таксама малыя планеты, метэорныя патокі, сонечную карону. Дзярж. прэмія СССР 1950.
Тв.:
Атлас диффузных газовых туманностей. М., 1952 (разам з В.Ф.Газе).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́ЎНАЎСКІ РУХ, браўнаўскі рух,
хаатычны рух дробных часцінак, завіслых у вадкасці ці газе. Адкрыты Р.Броўнам у 1827, тэарэтычна абгрунтаваны А.Эйнштэйнам і М.Смалухоўскім (1905—06) на падставе малекулярна-кінетычнай тэорыі. Броўнаўскі рух абумоўлены цеплавым рухам малекул і адсутнасцю кампенсацыі ўдараў, якія адчувае часцінка з боку малекул. Інтэнсіўнасць броўнаўскага руху не залежыць ад часу і хім. уласцівасцей асяроддзя, але павялічваецца з ростам т-ры асяроддзя, памяншэннем яго вязкасці і памераў часцінак (незалежна ад іх хім. прыроды). Броўнаўскі рух адыгрывае важную ролю ў некаторых фіз.-хім. працэсах (напр.каагуляцыя), абмяжоўвае дакладнасць высокаадчувальных прылад. Тэорыя броўнаўскага руху займае значнае месца пры абгрунтаванні прынцыпаў статыстычнай фізікі.
Броўнаўскі рух трох розных часцінак гумігуту ў вадзе (паводле Перэна). Кропкамі пазначана месцазнаходжанне часцінак праз кожныя 30 с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГЛЫНА́ННЕ ГУ́КУ,
з’ява неабарачальнага пераходу энергіі гукавой хвалі ў інш. віды энергіі, напр., у цеплату. Залежыць ад прыроды, вязкасці, цеплаправоднасці і шчыльнасці асяроддзя, а таксама ад частаты гукавых ваганняў. Выкарыстоўваецца для даследаванняў унутр. структуры рэчываў, а таксама ў арх. акустыцы.
Калі праходжанне гуку парушае раўнаважны стан асяроддзя, П.г. павялічваецца з-за рэлаксацыйных працэсаў (гл.Рэлаксацыя акустычная) і суправаджаецца дысперсіяй гуку (гл.Дысперсія хваль). П.г. ў газах залежыць ад ціску ў газе; цеплаправоднасць і зрухавая вязкасць даюць прыкладна аднолькавы ўклад. У вадкасцях у асн. вызначаецца вязкасцю, у цвёрдых целах — унутр. трэннем і цеплаправоднасцю, а на высокіх частотах і пры нізкіх т-рах — рознымі працэсамі ўзаемадзеяння гуку з унутр. ўзбурэннямі ў цвёрдых целах (напр., фанонамі, электронамі праводнасці, спінавымі хвалямі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРААРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,
рэчывы, малекулы якіх маюць атамы серы, злучаныя з атамамі вугляроду непасрэдна або праз гетэраатамы, найчасцей атамы кіслароду і азоту. Да С.з. адносяцца тыолы (меркаптаны), сульфакіслоты, сульфіды арганічныя, сульфаты арганічныя, сульфоніевыя злучэнні (гл.Оніевыя злучэнні) і інш., а таксама гетэраараматычныя злучэнні, найважн. з іх — тыяфен і тыазол. Разнастайнасць С.з. абумоўлена спецыфічнымі ўласцівасцямі серы, якая з’яўляецца адным з асн.арганагенаў. С.з. пашыраны ў прыродзе: амінакіслоты — цыстэін, цысцін і метыянін, вітаміны — тыямін, біяцын, ліпоевая кіслата, ёсць у высокасярністай нафце, кам.-вуг. і сланцавых смолах, прыродным газе некат. радовішчаў. Выкарыстоўваюць у прам-сці як фарбавальнікі, экстрагенты, манамеры, антыаксіданты, растваральнікі і інш., многія прыродныя і сінт. як лек. прэпараты (напр., антыбіётыкі пеніцылін і цэфаласпарын, сульфаніламідныя прэпараты). Я.Г.Міляшкевіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУТЫКНЕ́ННІ А́ТАМНЫЯ,
элементарныя акты ўзаемадзеяння паміж часціцамі (атамамі, малекуламі, іонамі ці інш.), пры якіх структура і будова атамных ядраў не змяняюцца. Бываюць пругкія і няпругкія.
Пры пругкіх С.а. сумарная кінетычная энергія часціц застаецца пастаяннай — яна толькі пераразмяркоўваецца паміж часціцамі, а напрамкі руху часціц змяняюцца. Такія ўзаемадзеянні вызначаюць пераносу з’явы ў газах ці слабаіанізаванай плазме. Каэфіцыенты дыфузіі (перанос часціц), вязкасці (перанос імпульсу), цеплаправоднасці (перанос энергіі) і інш. выражаюцца праз эфектыўнае сячэнне рассеяння атамаў ці малекул (газакінетычнае сячэнне), напр., у газе. Пры няпругкіх С.а. змяняецца ўнутраная энергія ўзаемадзейных часціц і адпаведна іх поўная кінетычная энергія. Пры гэтым змяняецца электронны стан атама, а таксама вагальны ці вярчальны стан малекулы. Імі абумоўлены іанізацыя атамаў, працэсы ў газавых лазерах, хім. рэакцыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХВА́ЛЕВАЕ ЎРАЎНЕ́ННЕ,
лінейнае аднароднае дыферэнцыяльнае ўраўненне з частковымі вытворнымі, якое апісвае распаўсюджванне хваль у асяроддзі.
Дая аднароднага і ізатропнага асяроддзя і малых (гарманічных) узбурэнняў Х.ў. мае выгляд:
, дзе
— Лапласа аператар, x, y, z — прасторавыя дэкартавы каардынаты, u = u (x, y, z, t) — функцыя, якая характарызуе ўзбурэнне асяроддзя ў пункце з каардынатамі x, y, z у момант часу t, c — параметр з размернасцю скорасці. Х.ў. апісвае амаль усе малыя ваганні ў размеркаваных мех. сістэмах (падоўжныя гукавыя ваганні ў газе, вадкасці і цвёрдым целе, папярочныя ваганні струны, хвалі на паверхні вады), а таксама многія эл.-магн. і аптычныя з’явы. У квантавай механіцы Х.ў. наз.Шродынгера ўраўненнем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РНЕЛ (Cornell) Эрык Элі (н. 19.12.1961, г. Пала-Альта, ЗША),
амерыканскі фізік. Чл.Нац.АН ЗПІА (2000). Скончыў Станфардскі ун-т (1985) і Масачусецкі тэхнал.ін-т (1990). З 1992 у Нац. ін-це стандартаў і тэхналогіі (г. Боўлдэр; з 1995 праф.). Навук. працы па атамнай фізіцы, спектраскапіі адзінкавых іонаў, фізіцы нізкіх т-р. Атрымаў новы агрэгатны стан рэчыва — кандэнсат Бозе—Эйнштэйна — ахаладжэннем разрэджанай пары рубідыю да т-ры 20 нК у магн.-аптычнай пастцы і вызначыў яго ўласцівасці (1995; з К.Віманам). Медалі Лорэнца (1998), Франкліна (1999). Нобелеўская прэмія 2001 (з К.Э.Віманам, В.Кетэрле; гл. Дадатак).
Тв.:
Рус.пер. — Бозе-Эйнштейновская конденсация в разреженом газе. Первые 70 лет и несколько последних экспериментов (разам з К.Э.Віманам) // Успехи физ. наук. 2003. Вып. 11.
газаразрадны дэтэктар радыеактыўных і інш. іанізавальных выпрамяненняў. Вынайдзены ў 1908 Г.Гейгерам разам з Э.Рэзерфардам; удасканалены Гейгерам і ням. фізікам В.Мюлерам. Гама-выпрамяненне рэгіструецца па другасных іанізавальных часціцах (напр., фотаэлектронах, комптанаўскіх электронах; гл.Комптана эфект), нейтроны — па ядрах атамаў аддачы і прадуктах ядз. рэакцый у газе лічыльніка. Выкарыстоўваецца ў фізіцы, біялогіі, медыцыне, археалогіі, геалогіі, тэхніцы.
Рабочы аб’ём Гейгераўскага лічыльніка (газаразрадны прамежак з неаднародным эл. полем) запаўняюць інертным газам (у самагасільных лічыльніках з дамешкай пары спірту або галагенаў) пад ціскам 13—26 кПа. Найб. пашыраны лічыльнікі з кааксіяльнымі цыліндрычнымі электродамі: вонкавы цыліндр (катод) і тонкая нітка ўздоўж яго восі (анод). Эл. імпульсы, што выяўляюцца пры эл. разрадах у лічыльніку, узмацняюцца і рэгіструюцца спец. прыстасаваннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
прылады, якія працуюць на цеплавой энергіі, што вылучаецца пры спальванні гаручага газу. Выкарыстоўваюцца ў жылых і грамадскіх будынках для прыгатавання страў, награвання вады, ацяплення памяшканняў і інш.
Складаюцца звычайна з гарэлкі газавай з падвадным цеплаправодам, цеплаабменніка, сродкаў аўтаматызацыі і прыстасавання для выдалення прадуктаў згарання. Падзяляюцца на бытавыя (газавыя кухонныя пліты, праточныя і ёмістасныя воданагравальнікі), ацяпляльныя (ёмістасныя воданагравальнікі, газавыя каміны, ацяпляльныя апараты з вадзяным контурам і ацяпляльна-варачныя, ацяпляльнікі канвекцыйнага і выпраменьвальнага абагрэву; гл.Газавае ацяпленне), газавыя прылады прадпрыемстваў грамадскага харчавання (рэстаранныя пліты, страваварачныя катлы, духавыя шафы, прыстасаванні для смажання, кіпяцільнікі), прылады для спец. мэт (гарэлкі лабараторныя і інфрачырвонага выпрамянення). Характарызуюцца цеплавой нагрузкай, прадукцыйнасцю (колькасцю цеплаты, якая выкарыстоўваецца), ккдз (звычайна 56—83%). Вырабам газавых прылад на Беларусі займаецца брэсцкі з-д «Газаапарат».
В.В.Арціховіч, В.М.Капко.
Да арт.Газавыя прылады. Газавая пліта на прыродным газе з магчымасцю прыстасавання для свяцільнага газу і прапан-бутану.