ІЗМАЙЛО́ВІЧ,

сёстры, рэвалюцыянеркі. Нарадзіліся ў Пецярбургу. З дваран, бацька — генерал рас. арміі Аляксандра Адольфаўна (1878—11.9.1941). Чл. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў з 1901. У 1905 падтрымлівала сувязі з Беларускай сацыялістычнай грамадой. 27.1.1906 разам з І.П.Пуліхавым удзельнічала ў няўдалым замаху на мінскага губернатара П.​Р.​Курлова і паліцмайстра Дз.​Дз.​Норава, за што прыгаворана да смяротнага пакарання (заменена пажыццёвай катаргай). З кастр. 1917 чл. ЦК Партыі левых эсэраў, са снеж. 1917 чл. Прэзідыума ВЦВК. У 1918 арыштавана, з 1923 у ссылцы. У 1930 арыштавана ў Ташкенце і выслана на 3 гады ва Уфу. У 1937 асуджана на 10 гадоў. 11.9.1941 расстраляна. Рэабілітавана ў 1957 па справах 1937 і 1941 і ў 1989 па справах 1920—30-х г. Аўтар кнігі «Паслякастрычніцкія памылкі» (1918).

Кацярына Адольфаўна (1881—9.2.1906). У 1905 куратар Мінскай арг-цыі эсэраў, праводзіла рэв. работу ў Магілёве, Маскве. Расстраляна ў Севастопалі за замах на віцэ-адмірала Р.​П.​Чухніна.

Э.​А.​Ліпецкі.

т. 7, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЛЕ́НКА Мікалай Васілевіч (14.5.1885, в. Бяхцееўка Сычоўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 29.7.1938),

савецкі дзярж. дзеяч, юрыст. Д-р дзярж. і прававых н. (1934). Скончыў Пецярбургскі (1909) і Харкаўскі (1914) ун-ты. Чл. Камуніст. партыі (з 1904), яе ЦКК (1927—34). Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. У 1914—15 у эміграцыі. З крас. 1916 у арміі на Паўд.-Зах. фронце, дзе ўдзельнічаў у рэв. руху. Удзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917, ліквідацыі Стаўкі Вярх. галоўнакамандуючага ў Магілёве. Чл. 1-га Сав. ўрада: чл. к-та па ваен. і марскіх справах; нарком па ваен. справах і вярх. галоўнакамандуючы рас. арміяй (ліст. 1917 — сак. 1918). З сак. 1918 у органах сав. юстыцыі; да 1931 дзярж. абвінаваўца на буйных паліт. працэсах. У 1922—31 старшыня Вярх. трыбунала пры ВЦВК, нам. наркома юстыцыі, пам. пракурора, пракурор РСФСР. З 1931 нарком юстыцыі РСФСР, з 1936 — юстыцыі СССР. Працы па суд. ладзе і крымін. праве. Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.

т. 8, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУ́ТАЎ Сцяпан Фёдаравіч (30.1.1902, в. Дварэц Глускага р-на Магілёўскай вобл. — 17.4.1963),

двойчы Герой Сав.

Саюза (студз., вер. 1944). Палкоўнік (1944). Скончыў Аб’яднаную ваен. школу імя ВЦВК (1927), Бранятанк. курсы ўдасканалення камсаставу (1932 і 1933), Акад. курсы ўдасканалення камсаставу (1937 і 1943). Са снеж. 1917 у Гарадоцкім і Асіповіцкім атрадах Чырв. гвардыі, з мая 1918 партызан у Бабруйскім пав., з ліп. 1920 у Чырв. Арміі на Зах. фронце. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Волхаўскім, Варонежскім, 1-м і 2-м Укр. франтах: камандзір танк. батальёна, палка, брыгады, нам. камандзіра механіз. корпуса. Вызначыўся пры фарсіраванні Дняпра і вызваленні Кіева (1943), у Яска-Кішынёўскай аперацыі 1944. У вер. 1944 цяжка паранены. З 1945 у адстаўцы. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1946—50, Вярх. Савета БССР у 1951—55. У г.п. Глуск пастаўлены бронзавы бюст. Яго імем назв. Гарадоцкая сярэдняя школа ў Глускім р-не. Аўтар кн. «Чырвоныя стрэлы» (1963).

Літ.:

Люди бессмертного подвига. Кн. 2. 4 изд. М., 1975.

С.Ф.Шутаў.

т. 17, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЖО́Ў Мікалай Іванавіч (крас. 1895, С.-Пецярбург — 4.2.1940),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч; адзін з арганізатараў і кіраўнікоў рэпрэсій палітычных у СССР у 1930-я г. Генеральны камісар дзярж. бяспекі (1937). У 1917 працаваў у Віцебску ў артыл. майстэрнях, дэпутат Віцебскага Савета салдацкіх дэпутатаў. Удзельнік грамадз. вайны. З 1922 сакратар Марыйскага абкома, Сяміпалацінскага губкома, Казахскага крайкома ВКП(б). З 1927 у ЦК ВКП(б). З 1934 нам. старшыні, з 1935 — старшыня Камісіі парт. кантролю пры ЦК і адначасова сакратар ЦК ВКП(б). Чл. выканкома Камінтэрна (1935). З 1936 нарком унутр. спраў, з 1938 — воднага транспарту СССР. Член ВЦВК і ЦВК СССР, Дэп. Вярх. савета СССР (з 1937). 10.6.1939 арыштаваны і паводле пастановы Ваен. калегіі Вярх. суда СССР 3.2.1940 прыгавораны да расстрэлу. Не рэабілітаваны.

Літ.:

Кокурин А., Петров Н. Большая чистка. НКВД: структура, функции. кадры, 1938—1941 гг. // Правда. 1997. 30 мая — 6 июня;

Кузняцоў І. Узлёт і падзенне «жалезнага» наркома // Голас Радзімы. 1998. 2 сак.

Э.​А.​Ліпецкі.

т. 18, кн. 1, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЮ́МКІН Якаў Рыгоравіч (1898, Адэса — 3.11.1929),

рэвалюцыянер, сав. ваенны дзеяч. Скончыў 4-класную яўр. школу ў Магілёве. З 1914 чл. партыі эсэраў, з 1917 — левых эсэраў. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 супрацоўнік ВЧК. Праціўнік Брэсцкага міру 1918, адзін з ініцыятараў і непасрэдны ўдзельнік забойства 6.7.1918 герм. пасла В.​Мірбаха, што з’явілася пачаткам леваэсэраўскай спробы дзярж. перавароту. Пасля яе задушэння хаваўся на Украіне, удзельнічаў у падп. барацьбе супраць герм. акупантаў і пятлюраўцаў. 16.5.1919 атрымаў амністыю Прэзідыума ВЦВК. З 1919 на Паўд. фронце (нач. штаба і в.а. камандзіра 79-й брыгады) і ў складзе Каспійскай флатыліі. З 1920 чл. РКП(б). У 1920—21 на спец. курсах у Ваен. акадэміі РСЧА, у сакратарыяце Л.Д.Троцкага. Выконваў спец. заданні АДПУ за мяжой. У крас. 1929 тайна сустракаўся ў Турцыі з высланым з СССР Троцкім і абяцаў яму дапамогу, за што арыштаваны і па прыгаворы судовай калегіі АДПУ расстраляны.

Літ.:

Красная книга ВЧК. 2 изд. М., 1990. Т. 1. С. 310;

Троцкий Л. Портреты революционеров. М., 1991;

Овруцкий Л., Разгон А. Яков Блюмкин: Из жизни террориста // Горизонт. 1991. № 11—12.

Э.​А.​Ліпецкі.

т. 3, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́НДАР Карл Іванавіч (17.4.1883, Ліепайскі р-н, Латвія — 29.7.1937),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч, удзельнік барацьбы за сав. ўладу ў Беларусі. З 1905 вёў падп. работу ў Маскве, Пецярбургу, Лібаве, Рызе, Самары, Ніжнім Ноўгарадзе. З 1915 на Зах. фронце, чл. латышскай с.-д. групы ў Мінску. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. Мінскага і Паўн.-Зах. к-таў РСДРП(б). Чл. часовага ВРК Зах. фронту па барацьбе з карнілаўшчынай. З вер. 1917 старшыня Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. З 9.11.1917 старшыня ВРК Зах. фронту, у ліст. 1917 — студз. 1918 — СНК Зах. вобласці і фронту. З мая 1918 нарком дзярж. кантролю РСФСР. З 1920 асобаўпаўнаважаны ВЧК на Паўн. Каўказе і ў Данской вобл., нач. асобага аддзела Каўказскага фронту. У 1921 заг. агітац.-прапагандысцкага аддзела Маскоўскага к-та РКП(б). З 1922 упаўнаважаны Сав. ўрада пры замежных місіях дапамогі галадаючым у Расіі, у 1923—25 чл. калегіі Наркамата знешняга гандлю СССР, пазней на навук.-літ. і пед. рабоце ў ВНУ Масквы, Ленінграда, Кіева. Чл. ВЦВК у 1917—18 і яго Прэзідыума.

К.І.Ландар.

т. 9, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАМІ́Н Васіль Васілевіч (2.4.1884, Масква — 1942),

удзельнік рэв. руху, сав. дзярж. дзеяч. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07 у Маскве, Астрахані. За рэв. дзейнасць неаднойчы быў арыштаваны і сасланы. З пач. 1917 у арміі, вёў рэв. работу сярод салдат Зах. фронту, чл. Мінскага Савета (з сак. 1917), франтавога к-та Зах. фронту (з крас. 1917), яго бальшавіцкай фракцыі (з вер. 1917), Мінскага (з чэрв. 1917) і Паўн.-Зах. абл. (з вер. 1917) к-таў РСДРП(б). Адзін з рэдактараў газ. «Звезда». На II Усерас. з’ездзе Саветаў выбраны чл. ВЦВК; працаваў у Петраградскім ВРК. У снеж. 1917 удзельнічаў у падпісанні дагавора аб перамір’і на Зах. фронце. З 1918 у Маскве, кіраўнік розных аддзелаў ВЧК, адначасова камісар Цэнтр. ўпраўлення ваен. зносін, Гал. ўпраўлення шляхоў зносін, з 1922 нам. наркома шляхоў зносін. З 1926 працаваў у Наркамаце ўнутр. спраў, з 1931 нам. наркома воднага транспарту СССР, адначасова ў 1930—35 рэдактар час. «Водный транспорт». З 1938 у Наркамаце ўнутр. гандлю СССР. Чл. ЦКК РКП(б) у 1924—25. Аўтар успамінаў. Рэпрэсіраваны. Памёр у зняволенні.

т. 16, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАТАЕ́ВІЧ Мендэль Маркавіч (22.3.1893. г. Гомель — 1.2.1939),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч. З 1913 чл. Палескага к-та РСДРП. У 1914 арыштаваны і сасланы ў Сібір. У 1917 кіраўнік Гомельскай арг-цыі РСДРП(б), з вер. — чл. Паўн.-Зах. абл. к-та РСДРП(б), чл. выканкома Гомельскага Савета. У 1919 старшыня Гомельскага пав.-гар. к-та РКП(б), чл. Гомельскага рэўкома. У 1920 на Зах. фронце. З 1921 сакратар Гомельскага, з 1923 — Адэскага губкомаў РКП(б). У 1924—25 у апараце ЦК ВКП(б). З 1925 сакратар Татарскага абкома, з 1928 Сярэдняволжскага крайкома ВКП(б). З 1932 сакратар ЦК КП(б)У, адначасова з 1933 Днепрапятроўскага абкома КП(б)У. З 1937 2-і сакратар ЦК КП(б)У. У 1932—37 чл. Палітбюро ЦК КП(б)У. Чл. Цэнтр. рэвіз. камісіі ВКП(б) у 1925—27, канд. у чл. ЦК ВКП(б) у 1927—30, чл. ЦК у 1930—37. Чл. ВЦВК (з 1922), з 1930 чл. ЦВК СССР. У 1937 рэпрэсіраваны, 27.10.1937 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1956.

т. 16, с. 560

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМІТЭ́ТЫ БЕДНАТЫ́, камбеды,

органы вясковай беднаты, надзвычайныя органы сав. улады на вёсцы ў 1918—19. Ствараліся паводле дэкрэта ВЦВК і СНК РСФСР ад 11.6.1918 «Аб арганізацыі і забеспячэнні сялянскай беднаты». На Беларусі К.б. пачалі стварацца ў канцы чэрв. 1918 на неакупіраванай герм. войскамі тэр. Віцебскай (6 паветаў), Магілёўскай (11) і Мінскай (6) губ. Да ліст. 1918 тут створана больш за 7 тыс. К.б. Асн. іх задачы: размеркаванне хлеба, прадметаў першай неабходнасці, с.-г. інвентару; садзеянне харчовым атрадам у канфіскацыі лішкаў збожжа ў заможных сялян. Пазней К.б. сталі займацца мабілізацыяй сялян, аказаннем дапамогі Чырв. Арміі, барацьбой з дэзерцірамі. Яны арганізоўвалі таксама школы, хаты-чытальні, б-кі, распаўсюджвалі сав. перыядычныя выданні. 6—9.11.1918 6-ы Усерас. з’езд Саветаў прыняў Пастанову «Аб ліквідацыі камітэтаў беднаты і перавыбарах валасных і сельскіх Саветаў». У неакупіраваных паветах Магілёўскай і Віцебскай губ. пачаліся перавыбары; на вызваленай да гэтага часу тэр. Магілёўскай, Віцебскай і Мінскай губ. ствараліся рэўкомы, адначасова на працягу 1919 тут арганізоўваліся і камбеды. Вынікам дзейнасці К.б. было ўмацаванне на вёсцы бяднейшых і серадняцкіх гаспадарак, аслабленне пазіцый заможных сялян, змена парт. складу Саветаў на карысць РКП(б).

С.​Дз.​Жмуроўскі.

т. 7, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТАЯ́ННАЕ ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА САВЕ́ТА МІНІ́СТРАЎ БССР ПРЫ САВЕ́ЦЕ МІНІ́СТРАЎ СССР (Пастпрэдства БССР),

орган сувязі БССР з урадам СССР. Знаходзілася ў Маскве. Створана паводле пастановы ВЦВК РСФСР у ліп. 1923. Палажэнне аб Пастпрэдстве БССР прынята ЦВК і СНК БССР у кастр. 1924 (новае Палажэнне — у 1948). Асн. задачы Пастпрэдства — правядзенне ў вышэйшых органах СССР прапаноў БССР, забеспячэнне ўдзелу БССР у дзейнасці органаў Саюза, абарона інтарэсаў рэспублікі ў складзе СССР, расшырэнне і ўмацаванне сувязей БССР з саюзнымі рэспублікамі і інш. Функцыі органа абмяжоўваліся пытаннямі, якія ў адпаведнасці з Канстытуцыямі СССР і БССР знаходзіліся ў распараджэнні БССР ці ў сумесным распараджэнні Саюза і рэспублікі (з 1924 т.зв. аб’яднаныя, з 1936 саюзна-рэсп. галіны кіравання). Аб’ём паўнамоцтваў Пастпрэдства ў розныя гады мяняўся ў залежнасці ад аб’ёму правоў БССР як саюзнай рэспублікі (іх звужэння або пашырэння). Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі (27.7.1990) прадстаўніцтва стала называцца Пастаянным прадстаўніцтвам СМ БССР (з вер. 1991 Рэспублікі Беларусь) пры Кабінеце Міністраў СССР. Спыніла існаванне ў снеж. 1991 у сувязі з распадам СССР.

Літ.:

Крохоткин А.М. Постоянные представительства — органы связи Советов Министров союзных республик с Советом Министров СССР // Сов. государство и право. 1962. № 11.

А.​У.​Лібезін.

т. 12, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)