ЛЕ́БЕДЗЕЎ-КУМА́Ч (сапр. Лебедзеў) Васіль Іванавіч

(8.8.1898, Масква — 20.2.1949),

расійскі паэт. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1919—21). З 1922 супрацоўнік шэрагу газет, час. «Крокодил». Друкаваўся з 1916. Аўтар сатыр. вершаў, апавяданняў, фельетонаў (зб-кі «Чаінкі ў сподачку», 1925; «Сумныя ўсмешкі», 1927; «Калючыя вершы», 1945, і інш.). Адзін са стваральнікаў сав. масавай песні. Напісаў тэксты песень да кінафільмаў «Вясёлыя хлопцы» (1934), «Цырк» (1936), «Волга-Волга» (1937). Аўтар тэкстаў папулярных песень, у т. л. «Песня пра Радзіму», «Вясёлы вецер», «Спартыўны марш» (усе 1936); яго песня «Свяшчэнная вайна» (апубл. 24.6.1941) стала своеасаблівым гімнам у час Вял. Айч. вайны. Выдаў паэт. зб-кі «Кніга песень» (1938), «У бой за Радзіму» (1941), «Вершы для эстрады» (1948) і інш. Пісаў п’есы («Кірушкава перамога», 1926; «Жонка заўмага», 1940), вершы для дзяцей. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі А.​Астрэйка, А.​Куляшоў. Дзярж. прэмія СССР 1941.

Тв.:

Избранное. М., 1984;

Песня о Родине: Избр. стихотворения. Кемерово, 1983.

т. 9, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯССЦЁКАВЫ БАСЕ́ЙН,

басейн ракі або возера, які не мае сувязі з акіянам. Адносіцца да вобласці ўнутранага сцёку. Бяссцёкавы басейн маюць Волга, Урал, Кура, Амудар’я, Сырдар’я і інш. рэкі, якія належаць да Арала-Каспійскай бяссцёкавай вобл., азёры Ісык-Куль, Балхаш, Лабнор. На Беларусі некаторыя азёры не маюць паверхневага сцёку (воз. Бледнае ў Нарачанскай групе азёр і інш.).

т. 3, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЖСКІ,

горад у Расіі, у Валгаградскай вобл. Узнік у 1951 у сувязі з буд-вам Волжскай ГЭС. 283,3 тыс. ж. (1994). Порт на р. Волга. Нафтаперапр., нафтахім., хім. (шыны, гумава-тэхн. вырабы; мыйныя сродкі), машынабуд. і металаапр. (абсталяванне для сельскай гаспадаркі, падшыпнікі, запасныя часткі да аўтамабіляў; вытв-сць труб; рамонт рачных суднаў і інш.), харч. прам-сць. Краязнаўчы музей.

т. 4, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РКАЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

на р. Волга, у Ніжагародскай, Іванаўскай, Кастрамской і Яраслаўскай абласцях Расіі. Утворана плацінай Горкаўскай ГЭС. Запоўнена ў 1955—57. Пл. 1590 км², аб’ём 8,71 км³, даўж. 427 км, найб. шыр. 14 км, глыб. да 22 м. Буйныя залівы па далінах рэк Кастрама, Унжа, Немда і інш. На берагах Горкаўскага вадасховішча гарады Кастрама, Плёс, Кінешма, Юр’евец.

т. 5, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗВІ́НСКАЯ ЗЯМЛЯ́,

гістарычная вобласць на Русі ў бас. Паўн. Дзвіны ў 11—15 ст. Уключала ч. сучаснай Архангельскай вобл. на Пн ад Волга-Паўночнадзвінскага водападзела — «валокі» (наз. таксама Завалочча). Насельніцтва займалася земляробствам, пушным і рыбным промысламі. З 11 ст. ўладанне Ноўгарада. У 14—15 ст. за валоданне Дз.з. з Ноўгарадам сапернічала Масква. У 1478 далучана да Маскоўскага вял. княства.

т. 6, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛА́ЎНІ,

участкі забалочаных поймаў у ніжнім цячэнні і дэльтах рэк, якія працяглы час заліваюцца паводкавымі водамі. Укрыты цяжкапраходнымі зараснікамі трыснягу, рагозу, асок, лазняку і інш. Выкарыстоўваюцца пераважна як сенажаці, пры асушэнні — пад пасевы рысу і інш. с.-г. культур. З’яўляюцца асноўным месцапражываннем вадаплаўных птушак. Пашыраны ў дэльтах рэк Дунай, Днестр, Дняпро, Дон, Кубань, Волга і інш.

т. 12, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЖАГАРО́ДСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана ў цэнтры еўрап. часткі Расійскай Федэрацыі. Утворана 14.1.1929. У 1932—91 наз. Горкаўская вобл. Пл. 76,9 тыс. км². Нас. 3702,8 тыс. чал. (1998), гарадскога 78%. Цэнтр — г. Ніжні Ноўгарад. Найб. гарады: Дзяржынск, Арзамас, Сароў, Паўлава, Кстова, Бор, Балахна. Рака Волга падзяляе Н.в. на 2 часткі: нізіннае Левабярэжжа (Заволжа) і ўзвышанае Правабярэжжа. Большая ч. Заволжа занята Волжска-Вятлужскай нізінай (выш. 80—100 м), асн. масіў Правабярэжжа — плато Прыволжскага ўзв. (выш. да 247 м), парэзанае ярамі і лагчынамі. Ёсць карставыя формы рэльефу (пячоры, правалы і інш.), вылучаецца Арзамаскі карставы раён. Карысныя выкапні: вапнякі, даламіты, фармовачныя і шкловыя пяскі, мергель, ангідрыты, торф, фасфарыты, жал. руда, мінёр. воды і лекавыя гразі. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -12 °C, ліп. 19 °C. Ападкаў 500—550 мм за год, іх колькасць памяншаецца з ПнЗ на ПдУ, бываюць засухі. Гал. рака Волга і яе прытокі Ака з Цёшай, Сура з П’янай і Алатырам (справа) і Узола, Кержанец, Вятлуга (злева). Каля 3 тыс. азёр пераважна карставага і ледавіковага паходжання. На р. Волга Горкаўскае і Чэбаксарскае вадасховішчы. Глебы ў Заволжы дзярнова-падзолістыя і падзолістыя, на Правабярэжжы — шэрыя лясныя, дэградзіраваныя і вышчалачаныя чарназёмы. Пад лесам каля 40% тэрыторыі: у Заволжы хвойныя (елка, хвоя, піхта) і мяшаныя лясы, на Правабярэжжы дубровы і лугавыя стэпы. Кержанскі запаведнік. Асн. галіны прам-сці — машынабудаванне і металаапрацоўка, дзе вылучаецца аўтамаб. комплекс (грузавыя і легкавыя аўтамабілі, аўтобусы, гусенічныя цягачы, дызельныя рухавікі, вузлы і дэталі, агрэгаты, фургоны), суднабудаванне і суднарамонт (судны на падводных крылах, пасаж. цеплаходы, марскія паромы, сухагрузы), самалётабудаванне, вытв-сць тэлевізараў, прылад, станкоў, інструментаў, абсталявання для хім., харч., лёгкай прам-сці, чыг. транспарту, хім. (прадукты арган. сінтэзу, пластмасы, сінт. смолы, аргшкло, лакі, ядахімікаты) і нафтаперапр. прам-сць. Развіта пераробная чорная і каляровая металургія. Вытв-сць электраэнергіі пераважна на ЦЭЦ, буйная Горкаўская ДРЭС (г. Балахна); Горкаўская ГЭС (на р. Волга). Вылучаюцца цэлюлозна-папяровая і дрэваапр., лёгкая, харч. прам-сць. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Маст. промыслы: гарадзецкая размалёўка, хахламская размалёўка, апрацоўка металаў, строчавышыванне і карункапляценне. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжа, мяса-малочнай жывёлагадоўлі. Пасяўныя пл. займаюць 1663,4 тыс. га. Пасевы збожжавых культур (жыта, ячмень, авёс, грэчка, пшаніца). Вырошчваюць сланечнік, цукр. буракі, лён-даўгунец, бульбу, агародніну, канюшыну, люцэрну. Садоўніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз. Птушкагадоўля. Даўж. чыгунак 1,2 тыс. км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 11,8 тыс. км (1997). Асн. чыгункі Масква—Ніжні Ноўгарад—Вятка, Масква—Арзамас—Казань, Ніжні Ноўгарад—Рузаеўка, аўтадарога Масква—Ніжні Ноўгарад—Казань. Па тэр. Н.в. праходзяць 3 галіны нафтаправода з Альмецьеўска, газаправоды з Паволжа і Зах. Сібіры. Суднаходства па рэках Волга, Ака, Вятлуга, Сура. Ніжагародскі трансп. вузел займае 1-е месца ў Расіі па рачным грузаабароце. З 1991 адноўлены Ніжагародскі кірмаш.

В.​М.​Корзун.

т. 11, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛГАГРА́ДСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

на р. Волга, у Валгаградскай і Саратаўскай абласцях Расійскай Федэрацыі. Утворана плацінай Волжскай ГЭС. Запоўнена ў 1958—61. Пл. 3117 км², аб’ём 31,5 км³, даўж. 540 км, макс. шыр. 17 км, глыб. да 40 м. Буйны заліў па даліне р. Еруслан. Суднаходства. Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння і арашэння, у мэтах адпачынку. На берагах Валгаградскага вадасховішча гарады Волжскі, Камышын, Саратаў.

т. 3, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЯНЕ́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура мезаліту (8,5—7 тыс. г. назад) у міжрэччы р. Волга і Ака. Генетычна звязана з грэнскай культурай паўн. і цэнтр. часткі Верхняга Падняпроўя Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам і збіральніцтвам. Жытлы наземныя або крыху заглыбленыя ў зямлю, акруглай ці авальнай формы. Характэрны крамянёвыя наканечнікі стрэл грэнскага тыпу, адшчэпы, скрабкі, вуглавыя разцы, вастрыі са скошаным краем, нуклеўсы.

У.​П.​Ксяндзоў.

т. 7, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЖЭЎ,

горад, цэнтр раёна ў Цвярской вобл., у Расіі, на р. Волга. Размешчаны на ўскраіне Валдайскага ўзв. Вядомы з 11 ст. 70,4 тыс. ж. (1996). Чыг. вузел. Прам-сць: машынабудаванне, льноперапр., харч.; з-ды: аўтатрактарнага эл. абсталявання, дрэнажных труб, эл.-мех.; камбінаты: мэблевы, нярудны (вытв-сць даламітавай мукі), жакардавага ткацтва; ільночасальная ф-ка. Музеі: краязнаўчы, Вял. Айч. вайны. Арх. помнікі 18 ст.

т. 13, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)