ПРАТЭІ́НЫ (ад грэч. prōtos першы),

простыя бялкі, якія складаюцца з астаткаў амінакіслот, злучаных паміж сабой пептыднай сувяззю. Тэрмін «П.» ўжываюць і як сінонім бялкоў.

т. 13, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСТЭТЫ́ЧНАЯ ГРУ́ПА,

небялковы кампанент складаных бялкоў (пратэідаў), у т. л. некат. ферментаў (напр., флавінавых). Трывала звязана з бялком і стабілізуе яго структуру. П.г. розных пратэідаў маюць розную хім. прыроду.

т. 13, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕКУЛЯ́РНЫЯ ХВАРО́БЫ,

хваробы, абумоўленыя біяхім. парушэннямі (расстройствы бялковага, вугляводнага і інш. абмену рэчываў). Узнікаюць пры парушэнні паслядоўнасці амінакіслот у поліпептыдным ланцугу. Паняцце ўведзена Л.К.Полінгам. Развіваюцца пры пашкоджванні сінтэзу нуклеінавых к-т і пратэінаў. Абумоўліваюцца мутацыямі генаў і аберацыямі храмасом, што праяўляецца сіндромамі прыроджаных парушэнняў развіцця, спадчыннымі хваробамі, недахопам у арганізме незаменных амінакіслот і інш. малекул, уздзеяннем розных таксінаў, якія пашкоджваюць сінтэз бялкоў; убудоўваннем вірусных генаў і прыёмных бялкоў у геном клетак; недастатковасцю рэцэптарзалежнага эндацытозу, розных ферментаў і інш. Высвятленне малекулярных механізмаў парушэння функцыянавання клетак і арганізма дае магчымасць расшыфраваць патагенез некат. псіхічных (напр., шызафрэнія) і інш. хвароб.

М.​К.​Недзьведзь.

т. 10, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІНАПЕПТЫДА́ЗЫ,

група ферментаў кішачнага соку. Удзельнічаюць у працэсах стрававання. Каталізуюць гідралітычнае расшчапленне поліпептыдаў (прадуктаў расшчаплення бялкоў) з утварэннем свабодных амінакіслот. Расшчапленне ажыццяўляецца толькі з таго канца поліпептыднага ланцуга, дзе ёсць свабодная амінагрупа (NH2).

т. 1, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬЦЫ́,

пашыраная ў Сібіры назва горных вяршынь, якія паднімаюцца вышэй мяжы лесу і найчасцей пазбаўлены расліннасці. Звычайна маюць сплошчаную (платопадобную) форму. Гальцы, у адрозненне ад бялкоў, у цёплы перыяд года вызваляюцца ад снегу.

т. 5, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРТЫЗО́Н,

стэроідны гармон пазваночных, які выпрацоўваецца карой наднырачнікаў. Адносіцца да групы глюкакартыкоідаў, рэгулюе вугляводны абмен, выклікае павелічэнне глюканеагенезу (змяншае распад вугляводаў і стымулюе распад бялкоў). Мае процізапаленчыя, антытаксічныя і антыалергічныя ўласцівасці. Выкарыстоўваецца ў медыцыне.

т. 8, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

бяло́к, ‑лка і ‑лку, м.

1. ‑лка. Празрыстая частка птушынага яйца, якая акружае жаўток.

2. ‑лку. Складанае арганічнае рэчыва, якое з’яўляецца пастаяннай і найбольш важнай састаўной часткай жывога рэчыва, асновай яго структуры і функцыі. Састаў бялкоў. Формы існавання бялку.

3. ‑лка. Белая абалонка вока. Бялкі вачэй.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

РАДЫЕІМУНАДЫЯГНО́СТЫКА,

дыягнастычны метад даследавання, заснаваны на выкарыстанні радыеізатопнага мечання антыгенаў або антыцел. Найб. адчувальны метад вызначэння антыгенаў і антыцел, выкарыстоўваецца таксама для вызначэння гармонаў, лек. рэчываў, для дыягностыкі бактэрыяльных, вірусных, пратазойных захворванняў, даследавання бялкоў крыві, тканкавых антыгенаў.

т. 13, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛКО́ВЫ МІ́НІМУМ,

найменшая колькасць бялку ў ежы, неабходная для захавання азоцістай раўнавагі ў арганізме. Чалавек і жывёла павінны атрымліваць патрэбную колькасць паўнацэнных (якія маюць усе незаменныя амінакіслоты) бялкоў. Калі іх паступае менш, арганізм траціць уласныя. Пры безбялковым харчаванні 8—10 дзён арганізм выдзяляе 23,2 г бялку ў суткі, што характарызуе распад тканкавых бялкоў (каэфіцыент зношвання). Бялкі арганізма здольныя пастаянна абнаўляцца (за суткі да 400 г). Пра гэта сведчыць стан азоцістага балансу (колькасць азоту, які паступае і выводзіцца з арганізма). Для падтрымкі нармальнага стану здаровага дарослага чалавека (стан азоцістай раўнавагі) неабходна 0,7 г бялку ў дзень на 1 кг вагі цела. Сутачная патрэбнасць бялку ў залежнасці ад умоў фіз. і разумовай працы 80—100 г.

т. 3, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАБУЛІ́НЫ (ад лац. globulus шарык),

група глабулярных бялкоў жывёльнага і расліннага паходжання, найб. пашыраных у прыродзе. Раствараюцца ў разбаўленых растворах солей, к-т і шчолачы, слабарастваральныя ў вадзе (акрамя міязіну і некат. інш.). Уваходзяць у састаў раслінных і жывёльных тканак (складаюць амаль палову сываратачных бялкоў крыві, вызначаюць яе буферную ёмістасць). Большасць глабулінаў — простыя бялкі, некат. звязаны з вугляводамі, ліпідамі (асабліва глабуліны плазмы крыві), нуклеінавымі к-тамі (нейраглабулін), ёдам (тырэаглабулін). Вызначаюць імунныя якасці арганізма (антыцела, камплемент), згусанне крыві (пратрамбін, фібрынаген і інш.), удзельнічаюць у пераносе жалеза (трансферын, гаптаглабін), медзі (цэруплазмін), у рэгуляцыі гемапаэзу (эрытрапаэціны) і г.д. Адносіны альбумін/глабулін у плазме крыві маюць дыягнастычнае значэнне (у норме каля 2, пры запаленчых працэсах памяншаецца).

т. 5, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)