АШАРЫ́,
аль-Ашары Абу-ль-Хасан Алі Ібн Ісмаіл (873, Басра — 935), арабскі багаслоў, адзін з заснавальнікаў каламу—мусульм. артадаксальнай схаласт. тэалогіі. Яго вучэнне — спроба кансалідаваць суніцкае веравучэнне на аснове сінтэзу мутазілізму і ханбазілізму (гл. ў арт. Іслам). Асн. творы — «Вучэнне мусульман» і «Тлумачэнне асноў веры». Сцвярджаў абсалютны характар божай усёмагутнасці, рэальнае існаванне божых атрыбутаў, багатворнасць Карана. Адказнасць чалавека за свае дзеянні імкнуўся абгрунтаваць з дапамогай тэорыі, паводле якой чалавечыя ўчынкі робяцца непасрэдна Богам, а чалавек вольны быццам бы прыпісваць іх сабе.
т. 2, с. 166
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІБН ХАЛЬДУ́Н, Ібн Халдун Абдурахман Абу Зейд ібн Мухамед (27.5.1332, Туніс — 17.3.1406), арабскі гісторык і філосаф. Паслядоўнік Ібн Рушда. Развіў матэрыяліст. тэндэнцыі араб. авераізму і распаўсюдзіў яго прынцыпы на вывучэнне жыцця грамадства. У «Кнізе павучальных прыкладаў па гісторыі арабаў, персаў, бербераў і народаў, якія жылі з імі на зямлі...» выклаў свае погляды на развіццё грамадства (ідэя гіст. цыклаў; адрозненні ў спосабе жыцця людзей звязваў з геагр. асяроддзем), гісторыю народаў мусульм. Усходу, асабліва краін Магрыба.
Літ.:
Игнатенко А.А. Ибн-Хальдун. М., 1980.
т. 7, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
арабе́ска
(іт. arabesco = арабскі)
1) складаны арнамент у выглядзе прыгожа пераплеценых геаметрычных фігур і лісцяў, кветак, раслін, жывёл;
2) невялікі музычны твор з арнаментаваным (гл. арнаментыка 2) меладычным малюнкам.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
АМЕЯ́ДЫ,
дынастыя арабскіх халіфаў, якая правіла ў 661—750. Паходзілі з роду Амея араб. меканскага племені курэйшаў. Заснавальнік Муавія І, які ўзначаліў Арабскі халіфат пасля забойства апошняга з першых чатырох праведных халіфаў Алі ібн Абі Таліба.
Найб. значныя прадстаўнікі Амеядаў: Абд аль-Малік [685—705] і яго сыны Валід І [705—715], Сулейман [715—717], Ясід II [720—724], Хішам ібн Абд аль-Малік [724—743]. Пры Амеядах створана буйная дзяржава — Амеядаў халіфат, працягваліся араб. заваяванні. У 750 скінуты Абасідамі. Адзіны ўцалелы з Амеядаў Абдарахман І уцёк у Іспанію і заснаваў там дынастыю Кардоўскіх Амеядаў (гл. Кардоўскі эмірат).
т. 1, с. 316
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІБН АЛЬ-ХАЙСА́М (Абу Алі аль-Хасан ібн аль-Хасан) (латынізаванае Альгазен; Alhazen; 965, г. Басра, Ірак — каля 1039),
арабскі вучоны. Жыў і працаваў у Каіры (Егіпет). Навук. працы ў галіне фізікі, астраноміі, матэматыкі, медыцыны і філасофіі. У рукапісным трактаце «Скарб оптыкі» (7 кн., перакладзены на лац. мову ў 12 ст., выд. ў 1572) выклаў найб. поўна на той час фізіял. і геам. оптыку, апісаў будову вока, прапанаваў тэорыю зроку, выказаў меркаванне аб тым, што святло распаўсюджваецца з канечнай скорасцю. Правёў грунтоўны аналіз «Асноў» Эўкліда.
Літ.:
Льоцци М. История фиэики: Пер. с итал. М., 1970. С. 28—34.
т. 7, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУ́ НУВА́С (паміж 747 і 762, г. Ахваз, Іран — паміж 813—815),
арабскі паэт. Жыў пры двары абасідскіх халіфаў у Багдадзе. Адзін з герояў кн. «Тысяча і адна ноч». Пісаў хвалебныя прыдворныя касыды, пародыі на традыц. жанры араб. паэзіі і багаслоўскія хадысы. Праціўнік бедуінскага «псеўдакласіцызму», распрацоўваў новыя тэмы і сюжэты (гарадское жыццё, забароненае ісламам віно, паляванне і інш.). Аўтар лірычных імправізацый, што апяваюць каханне і пачуццёвыя ўцехі (цыкл «Хамрыят»), богазневажальных і прасякнутых духам аскетызму вершаў (цыкл «Зухдзіят»), сатыраў, пяшчотных вытанчаных песень, прысвечаных нявольніцы Джынане. У яго вершах сустракаюцца імёны іранскіх гіст. і фальклорных герояў, апісанне звычаяў і традыцый зараастрызму.
Літ.:
Шидфар Б.Я. Абу Нувас. М., 1978.
т. 1, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІБН БАТУ́ТА (Абу Абдалах Мухамед ібн Абдалах аль-Лаваці ат-Танджы) (24.2.1304, г. Танжэр, Марока — 1377),
арабскі падарожнік, купец. У 1325—49 вандраваў па Егіпце, Аравіі, Іране, Месапатаміі, Сірыі, М. Азіі, Крыме і паўд. абласцях Расіі, некалькі гадоў пражыў у Індыі, потым наведаў Інданезію і Кітай. Паміж 1349 і 1352 пабываў у мусульм. Іспаніі, у 1352—53 падарожнічаў па Зах. і Цэнтр. Судане. За 30 гадоў прайшоў шлях амаль у 120 тыс. км, пабываў ва ўсіх мусульм. краінах. Апісаў свае падарожжы з указаннем звестак аб прыродзе, грамадскім жыцці і гісторыі краін. Яго твор перакладзены на шматлікія мовы і лічыцца адным з шэдэўраў араб. літаратуры.
т. 7, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДРЫ́СІ, аль-Ідрысі Абу Абдалах Мухамед ібн Мухамед (1100, г. Сеута, Марока — 1161 або 1165), арабскі географ і падарожнік. Адукацыю атрымаў у Кордаве. Вандраваў па Партугаліі, Францыі, Англіі, М. Азіі. З 1138 жыў у Палерма. На аснове сваіх назіранняў і звестак, атрыманых ад падарожнікаў, купцоў, паломнікаў, у 1154 склаў вял. каляровую карту свету на 70 аркушах (падзяліў Зямлю на 7 кліматаў, 10 частак у кожным клімаце) з суправаджальным тэкстам пад назвай «Забава таго, хто сумуе аб вандроўках па абласцях». Тэр. Беларусі на карце прадстаўлена ў асноўным на аркушы 65-м (паводле класіфікацыі аўтара, 5-я секцыя VII клімату). Пазначаны г. Мінск («Муніска») — першая выява горада на карце. Праца І. з’явілася вяршыняй класічнай араб. картаграфіі.
т. 7, с. 166
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Мухамед (арабскі рэліг. і паліт. дзеяч) 1/403; 2/628; 5/156, 430, 601; 7/323; 10/548
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БУІ́ДАЎ ДЗЯРЖА́ВА,
сярэдневяковая дзяржава на тэр. Ірака і Зах. Ірана ў 935—1055. Назва ад кіруючай дынастыі (родапачынальнік Абу Ш. Буях ці Бувейх). Браты Алі, Ахмед і Хасан Буіды (Бувейхіды) на чале атрадаў наёмнікаў падпарадкавалі сваёй уладзе Зах. Іран, пасля заваявання Багдада (945) пазбавілі Абасідаў свецкай улады, прысвоілі сабе тытул «эмір эміраў». Цэнтрамі Буідаў дзяржавы. былі гарады Багдад, Рэй (каля Тэгерана) і Шыраз. Найб. значны прадстаўнік дынастыі Адуд ад-Даула [949—983] аб’яднаў усе заваяваныя Буідамі тэрыторыі (Арабскі Ірак з гарадамі Багдад і Басра, вобласці Хузістан і Фарс, вакол г. Керман, раёны гарадоў Хамадан, Ісфахан і Рэй). У 1029 дзяржава страціла ўсх. землі (тэр. вакол Рэя і Ісфахана), якія захапіў султан Махмуд Газневі (гл. ў арт. Газневіды). У 1055 Буідаў дзяржаву заваявалі сельджукі.
т. 3, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)