ваеннае фарміраванне, якое складаецца з некалькіх часцей або злучэнняў меншага складу, звычайна розных родаў войск (сіл), спец. войск (службаў), а таксама часцей (падраздзяленняў) забеспячэння і абслугоўвання. Існуюць З.в. пастаяннай і непастаяннай (часовай) арганізацыі. У залежнасці ад складу і задач, якія належыць вырашаць, адрозніваюць аператыўныя (напр., авіяносныя ўдарныя злучэнні ў ВМС ЗША), аператыўна-тактычныя (армейскія, стралк., механізаваныя, танк., кавалерыйскія і інш. карпусы, часам эскадры надводных караблёў), у гады 2-й сусв. вайны тактычныя (розныя дывізіі, брыгады і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЕ́НЦІК (Дзмітрый Данілавіч) (23.2.1907, в. Райкова Полацкага р-на Віцебскай вобл. — 30.3.1969),
Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў Арэнбургскую ваенна-авіяц. школу (1933). У Чырв. Арміі з 1929. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. Эскадрылля пад камандаваннем капітана Валенціка тройчы лятала ў глыбокі тыл ворага на знішчэнне яго аператыўна-стратэгічнай базы. У Вял.Айч. вайну на Паўд.-Зах., Сталінградскім, Паўд., 4-м Укр. і 3-м Бел. франтах; камандзір палка Валенцік зрабіў 115 баявых вылетаў. Да 1955 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКЕ́ТНЫ КО́МПЛЕКС,
сукупнасць функцыянальна звязаных тэхн. сродкаў і сістэм для пуску ракет і кіравання іх палётам. Уключае ракеты, пускавыя ўстаноўкі і наземнае абсталяванне: сродкі транспартавання ракет, часовага іх захоўвання ў розных ступенях гатоўнасці, перагрузкі, прыцэльвання і пуску, апаратуру знаходжання і суправаджэння цэлей, навядзення на іх ракет.
Бываюць: баявыя (стратэгічныя, аператыўна-тактычныя, тактычныя; зенітныя, процітанкавыя, процілодачныя і інш.; гл.Зенітны ракетны комплекс, Процітанкавы ракетны комплекс), даследчыя (касм., метэаралаг., геафіз. і інш.) і вучэбныя; наземныя (стацыянарныя, паўстацыянарныя, рухомыя), карабельныя (надводныя, падводныя) і авіяц. (самалётныя, верталётныя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННЫЯ ДЗЕ́ЯННІ,
арганізаванае выкарыстанне ўзбр. сіл дзяржавы ў вайне. У залежнасці ад маштабаў узбр. барацьбы, магчымасцяў войск, мэт і характару баявых задач ваенныя дзеянні вядуцца на зямлі, у паветры, на моры ў форме баёў, бітваў, аперацый, удараў, баявых дзеянняў (сістэматычных баявых дзеянняў сіл ППА, ВПС і ВМФ). Сучасныя ваенныя дзеянні маюць вял. прасторавы размах, высокую манеўранасць, дынамічнасць і скарацечнасць, у ваенных дзеяннях удзельнічаюць буйныя групоўкі войск (сіл), шырока выкарыстоўваюцца ўсе віды зброі і баявой тэхнікі. Пад тэрмінам «ваенныя дзеянні» маюцца на ўвазе дзеянні стратэг. маштабу; дзеянні аператыўна-тактычнага маштабу наз. «баявыя дзеянні».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНІ́ДАШ, Гнедаш Кузьма Савельевіч (30.11.1914, в. Салагубаўка Сумскай вобл., Украіна — 19.6.1944), удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Кіеўскае ваен.танк. вучылішча (1940). У Чырв. Арміі з 1936. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну камандзір аператыўна-дыверсійнага цэнтра разведаддзела штаба 1-га Бел. фронту. Групы пад яго камандаваннем у тыле ворага ў 1943—44 вялі разведку і дыверсійную работу ў раёне Слуцка, Баранавіч, Кобрына, Мінска, Асіповіч, Пінска, Лунінца, Брэста, на тэр. Кіеўскай і Чарнігаўскай абл. Каля Слоніма частка групы была акружана карным атрадам, цяжка паранены маёр Гнідаш і радыстка К.Т.Давідзюк, каб не трапіць у палон, падарвалі сябе гранатай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКЕ́ТНЫЯ ВО́ЙСКІ,
вайсковыя фарміраванні, аснашчаныя ракетнай зброяй.
Вядомы з 11—12 ст. (парахавыя ракеты выкарыстоўваліся ў Індыі і Кітаі ў час аблогі крэпасцей), у Еўропе — з канца 13 ст., у Расіі з 18—19 ст. Шырокае развіццё атрымалі ў 2-ю сусв. вайну (у СССР з’явіліся гвардз. мінамётныя часці, аснашчаныя «Кацюшамі», у Германіі падраздзяленні, на ўзбраенні якіх былі кіроўныя ракеты). У 2-й пал. 20 ст. Р.в. створаны ў СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і інш. краінах.
Падзяляюцца на Р.в. стратэг. прызначэння, Р.в. сухап. войск, зенітныя ракетныя часці ВПС і ВМС. У СССР у канцы 1950-х г. створаны Р.в. стратэгічнага прызначэння (значная іх ч. дыслацыравалася на тэр. Беларусі; выведзены ў 1-й пал. 1990). Для іх уласцівы высокая боегатоўнасць, дакладнасць нанясення ўдараў, неабмежаваная далёкасць дзеяння, незалежнасць ад умоў надвор’я, часу і інш. Р.в. сухапутных войск — часці і падраздзяленні тактычнага і аператыўна-тактычнага прызначэння, здольныя наносіць масіраваныя, групавыя і адзіночныя ўдары па аб’ектах, недасягальных для артылерыі (першая ракетная часць у складзе сухап. войск створана ў 1946 на базе гвардз. палка рэактыўнай артылерыі). Зенітныя Р.в. прызначаны для проціпаветранай абароны адм.-паліт. цэнтраў, прамысл.-эканам. раёнаў, груповак войск і інш. аб’ектаў. Складаюцца з часцей і злучэнняў, якія маюць на ўзбраенні зенітныя ракетныя комплексы. Ва Узбр. Сілах Беларусі зенітныя ракетныя войскі і ракетныя войскі і артылерыя з’яўляюцца адпаведна родамі войск проціпаветранай абароны і сухап. войск Беларусі.
Літ.:
Гл. пры арт.Ракета.
А.У.Аляхновіч.
Да арт.Ракетныя войскі. На маршы пускавыя ўстаноўкі РС-12 М «Топаль» з ракетай РТ-2П (Расія).Да арт.Ракетныя войскі. Ракетная сістэма аператыўна-тактычнага прызначэння «Плутон» (Францыя).Да арт.Ракетныя войскі. Ракетны комплекс (зенітны) С-125 на стартавай пазіцыі (Беларусь).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛКАВО́ДЗЕЦ,
ваенны дзеяч, военачальнік, які ўмела кіруе ўзбр. сіламі дзяржавы або буйнымі вайсковымі фарміраваннямі (аператыўна-стратэг.) у час вайны. Гэта таленавітыя, з творчым мысленнем асобы, якія валодаюць майстэрствам падрыхтоўкі і вядзення ваен. дзеянняў, воляй і рашучасцю, арганізатарскімі і інш. якасцямі, што дазваляюць ім з найб. эфектыўнасцю выкарыстоўваць наяўныя сілы і сродкі для дасягнення перамогі. Кожная гіст. эпоха, вял. вайна вылучаюць сваіх П. У час 2-й сусв. вайны ў СССРнайб. таленавітымі П. былі Г.К.Жукаў, А.М.Васілеўскі, К.К.Ракасоўскі, І.Д.Чарняхоўскі, сярод саюзнікаў — Б.Мантгомеры, Д.Эйзенхаўэр і інш. Сярод беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі асобай адзнакі П. — «Маршальскай зоркі» ўдастоены 12 чал., у т. л. А.І.Антонаў, В.Д.Сакалоўскі, І.І.Якубоўскі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛІСТЫ́ЧНАЯ РАКЕ́ТА,
ракета, траекторыя палёту якой складаецца з актыўнага і пасіўнага адрэзкаў шляху. На актыўным участку ракета рухаецца з дапамогай рухавіка і накіроўваецца спец. сістэмай кіравання, на пасіўным — па балістычнай крывой, як свабодна кінутае цела.
Да балістычных ракет адносяцца баявыя ракеты (у т. л. міжкантынентальныя), касмічныя (у т. л. ракеты-носьбіты), доследныя ракеты і інш. Бываюць адна- і шматступеньчатыя, кіроўныя і некіроўныя. Баявыя ракеты паводле прызначэння падзяляюцца на тактычныя, аператыўна-тактычныя і стратэгічныя. Аснашчаюцца ядз. або няядз. боегалоўкамі і рознымі сродкамі пераадолення проціракетнай абароны. Першыя баявыя балістычныя ракеты Фау-2 выкарыстаны Германіяй у 1944 у 2-ю сусв. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКЕ́ТНАЯ ЗБРО́Я,
зброя, у якой сродкі паражэння дастаўляюцца да цэлі з дапамогай ракет. Прызначана для паражэння наземных, марскіх, паветр. і касм. цэлей. Падзяляецца на стратэгічную, аператыўна-тактычную, тактычную; у залежнасці ад далёкасці дзеяння бывае блізкага, сярэдняга і далёкага дзеяння. На Беларусі Р.з. маюць сухап. войскі, войскі ППА і ВПС.
Вядома з 11—12 ст. (парахавыя ракеты ў Індыі і Кітаі), у Еўропе — з канца 13 ст., у Расіі з 17—18 ст. Выкарыстоўвалася ў 2-й сусв. вайне. У 1950—60-я г. створаны ракетныя комплексы, якія знаходзяцца на ўзбраенні розных відаў і родаў войск. Выкарыстанне ракет у якасці носьбітаў ядз. боепрыпасаў прывяло да стварэння ракетна-ядзернай зброі. Гл. таксама Ракетныя войскі, Ракетныя войскі і артылерыя.
В.У.Макрынскі.
Да арт.Ракетная зброя. Міжкантынентальная балістычная ракета МХ «Піскіпер» (ЗША).Да арт.Ракетная зброя. Ракетны комплекс (зенітны) С-300 (Расія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ КАМІТЭ́Т АБАРО́НЫ,
дзяржаўны орган, створаны 30.6.1941 паводле рашэння Прэзідыума Вярх. Савета СССР, ЦКВКП(б) і СНКСССР у сувязі з надзвычайным становішчам у Вял.Айч. вайну, каб мабілізаваць сілы для адпору фаш. Германіі. Старшыня І.В.Сталін. Камітэт кіраваў дзейнасцю ўсіх дзярж. ведамстваў і ўстаноў, накіроўваў іх намаганні на больш поўнае выкарыстанне матэрыяльных, духоўных і ваен. магчымасцей краіны для дасягнення перамогі над ворагам. Ён вырашаў пытанні пераводу эканомікі краіны на патрэбы вайны, мабілізацыі людскіх рэсурсаў на патрэбы фронту, падрыхтоўкі рэзерваў і кадраў для ўзбр. сіл і прам-сці, эвакуацыі прам-сці з прыфрантавых раёнаў, пераводу прамысл. прадпрыемстваў у вызваленыя раёны і аднаўлення разбуранай вайной нар. гаспадаркі ў зах. абласцях краіны, устанаўліваў аб’ёмы і тэрміны паставак прам-сцю ваен. прадукцыі і інш. Вышэйшым выканаўчым органам камітэта па аператыўна-стратэгічным кіраўніцтве ўзбр. барацьбой з’яўлялася Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандавання. Распараджэнні к-та былі абавязковыя для сав., дзярж., парт., ваен., гасп., прафсаюзных органаў і ўсіх грамадзян. Скасаваны 4.9.1945.