ПАПО́Ў Аляксандр Нічыпаравіч (каля 1840, б. Віцебская губ. — 18.8.1881),
расійскі хімік-арганік. Вучань А.М.Бутлерава. Скончыў Казанскі ун-т (1865), працаваў у ім лабарантам. З 1869 праф. Варшаўскага ун-та. У 1872 працаваў у г. Бон (Германія) у лабараторыі Ф.А.Кекуле. Эксперыментальна даказаў, што 4 адзінкі валентнасці вугляроднага атама тоесны. Вывучаючы акісленне арган. злучэнняў хромавай сумессю, П. прапанаваў метады вызначэння хім. будовы кетонаў, кіслот, спіртоў і вуглевадародаў («правілы П.»).
Літ.:
Быков Г.В. Очерк жизни и деятельности А.Н. Попова // Тр. Ин-та истории естествознания и техники. 1956. Т. 12.
т. 12, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
лактатдэгідрагена́за
(ад лактаты + дэгідрагеназа)
фермент, які выклікае ў арганізме чалавека і жывёл акісленне малочнай кіслаты.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
аскарбіна́за
(ад а- + с.-лац. scorbutus = цынга)
фермент, які паскарае акісленне аскарбінавай кіслаты (змяшчаецца ў раслінах).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
КІСЛАРО́Д (лац. Oxygenium),
O, хімічны элемент VI групы перыяд. сістэмы, ат. н. 8, ат. м. 15,9994. Прыродны К. складаецца з 3 стабільных ізатопаў: 16O (99,759% па масе), 17O (0,037%) і 18O (0,204%). Найб. пашыраны на Зямлі элемент. У паветры 23,1% па масе свабоднага К., у вадзе 85,82%, у зямной кары 47% звязанага. Уваходзіць у састаў усіх рэчываў, з якіх пабудаваны жывыя арганізмы (у арганізме чалавека каля 65%К.). У чыстым выглядзе атрыманы швед. вучоным К.Шэеле ў 1771 і незалежна англ. хімікам Дж.Прыстлі ў 1774.
К. — газ без колеру і паху, шчыльн. 1,42897 кг/м³ (0 °C), tпл-218,35 °C, tкіп-182,97 °C. Існуюць 2 алатропныя мадыфікацыі К.: «звычайны» К., малекулы якога двухатамныя O2, і азон O3. Пры т-ры каля 1500 °C малекулы О2 распадаюцца на атамы. Непасрэдна ўзаемадзейнічае амаль з усімі элементамі, утварае аксіды. У рэакцыях з простымі рэчывамі (акрамя фтору) з’яўляецца акісляльнікам. Пры нізкіх т-рах акісленне ідзе павольна, пры павышэнні т-ры яго скорасць узрастае і акісленне можа суправаджацца гарэннем. Узаемадзеянне К. з металамі ў прысутнасці вільгаці выклікае атм. карозію металаў. Змяншэнне К. ў атмасферы ў выніку працэсаў акіслення, у т. л. акіслення біялагічнага, кампенсуецца выдзяленнем яго раслінамі пры фотасінтэзе. У прам-сці К. атрымліваюць звадкаваннем і рэктыфікацыяй паветра. Газападобны К. выкарыстоўваюць у тэхніцы для атрымання высокіх т-р, інтэнсіфікацыі металург. працэсаў, у медыцыне; вадкі — як акісляльнік для ракетнага паліва, холадагент, а таксама ў вырабе выбуховых рэчываў (аксіліквітаў).
Літ.:
Глизманенко Д.Л. Получение кислорода. 5 изд. М., 1972;
Разумовский С.Д. Кислород — элементарные формы и свойства. М., 1979.
В.В.Свірыдаў.
т. 8, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРТЭ́НАЎСКІ ПРАЦЭ́С,
працэс выплаўкі сталі, што адбываецца ў мартэнаўскай печы. Заключаецца ў расплаўленні шыхты (чыгуну, стальнога лому, раскісляльнікаў, жал. руды, агламерату, флюсаў), памяншэння ў ёй вугляроду, крэмнію, марганцу, выдаленні непажаданых дамешкаў (серы, фосфару), пры неабходнасці — увядзенні легіруючых элементаў. Прапанаваны франц. металургам П.Мартэнам.
Пры плаўленні матэрыялаў інтэнсіўна акісляюцца дамешкі і ўтвараецца шлак, а ў перыяд кіпення адбываецца акісленне вугляроду і метал набывае зададзены хім. састаў. Затым метал раскісляюць і легіруюць. Для інтэнсіфікацыі М.п. выкарыстоўваюць кісларод, які ўводзіцца для абагачэння паветра і акіслення дамешкаў. З печаў сталь выпускаюць у каўшы, разліваюць ва ўліўніцы або на ўстаноўках бесперапыннага ліцця. Больш эфектыўны за М.п. кіслародна-канвертарны працэс.
т. 10, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЛІЎНЫ ЭЛЕМЕ́НТ,
хімічная крыніца току, у якой адбываецца непасрэднае пераўтварэнне хім. энергіі паліва ў электрычную; асн. частка электрахімічнага генератара.
Складаецца з 2 электродаў, раздзеленых цвёрдым (ці вадкім) электралітам. Паліва і акісляльнік падаюцца ў поласці, што мяжуюць з электродамі, і на паверхні раздзелу электрод — электраліт у прысутнасці каталізатараў (напр., плаціны) адбываюцца акісляльна-аднаўляльныя хім. рэакцыі (гл. Акісленне-аднаўленне). Электраліт забяспечвае прасторавае раздзяленне рэакцый акіслення і аднаўлення. У выніку рэакцый утвараюцца рознайменныя іоны, якія рэкамбінуюць у канчатковы прадукт рэакцыі, а на адпаведных электродах утвараецца лішкавы эл. зарад. Выкарыстоўваюцца як аўтаномныя крыніцы току ў сістэмах энергасілкавання касм. апаратаў, электрамабіляў, радыёапаратуры, радыёлакацыйных станцый і інш.
т. 12, с. 12
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФОТАСЕНСІБІЛІЗАВА́НЫЯ РЭА́КЦЬП,
віды фотахімічных рэакцый, якія адбываюцца пры паглынанні святла фотасенсібілізавальнымі рэчывамі, здольнымі выклікаць хім. пераўтварэнні інш. рэчываў.
Большасць Ф.р. адбываецца з удзелам кіслароду (гл. Фотадынамічны эфект), некат. без кіслароду (напр., фотадалучэнне псараленаў да пірымідзінавых асноў ДНК). Прыродныя Ф.р. — фотасінтэз, пігментацыя скуры пры ўздзеянні ультрафіялетавых прамянёў. Многія Ф.р. небяспечныя для жывых тканак (напр., фатоліз цыстыну ў бялках і перакіснае акісленне ліпідаў пры ўздзеянні ультрафіялетавага святла з даўжынёй хвалі больш за 280 нм). Выкарыстоўваюцца ў фотахім. тэрапіі некат. захворванняў (напр., асвятленнем скуры ультрафіялетам пасля ўвядзення псараленаў лечаць псарыяз, вітыліга і інш.).
Літ.:
Молекулярные механизмы биологического действия оптического излучения. М., 1988;
The Science of photobiology. New York, 1989.
А.В.Варабей.
т. 16, с. 446
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФОТАХІМІ́ЧНЫЯ РЭА́КЦЫІ,
хімічныя рэакцыі, што адбываюцца пад уздзеяннем святла. Паглынанне фатона з даўжынёй хвалі 200—1000 нм выклікае квантавы пераход малекулы рэчыва з асн. электроннага стану ва ўзбуджаны ці фотаіанізацыю (адшчапленне электронаў і ўтварэнне радыкалаў, іон-радыкалаў).
Малекулы ва ўзбуджаным стане больш рэакцыяздольныя, актыўна ўступаюць у хім. рэакцыі, першасныя прадукты якіх (іоны. радыкалы, ізамеры) нестабільныя і пераўтвараюцца ў канчатковыя прадукты Ф.р. у выніку звычайных тэрмічных хім. рэакцый. Тыпы Ф.р.: раскладанне (фотадысацыяцыя), замяшчэнне, ізамерызацыя, акісленне, аднаўленне, полімерызацыя, фотасінтэз і інш. Ф.р. адыгрываюць важную ролю ў прыродзе (гл. Фотабіялогія). Выкарыстоўваюцца ў працэсах запісу і апрацоўкі інфармацыі (фатаграфія, фоталітаграфія), сінтэзу арган. і неарган. рэчываў (атрыманне капралактаму, вітамінаў D і інш.), сінтэзу і мадыфікацыі палімераў (фотаполімерызацыя, фотамадыфікацыя і фотадэструкцыя), у квантавай электроніцы (фотахім. лазеры, мадулятары), мікраэлектроніцы (фотарэзістары) і інш.
Т.М.Вараб’ёва.
т. 16, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
кулонаме́трыя
(ад кулон2 + -метрыя)
электрахімічны метад аналізу, які грунтуецца на вымярэнні колькасці электрычнасці, што траціцца на электралітычнае аднаўленне або акісленне.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
пераксіда́зы
(ад лац. per = панад + аксідазы)
ферменты, якія каталізуюць у жывых клетках акісленне розных арганічных злучэнняў, нітратаў і іадыдаў перакісам вадароду.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)