ГО́РАЦКІ ІНТЭРСТАДЫЯ́Л,

міжстадыял, час невял. пацяплення клімату і значнага скарачэння плошчы ледавікоў паміж дзвюма стадыямі на працягу сожскага зледзянення ў антрапагенным перыядзе. Падзяляе максімальную (слаўгарадскую) і постмаксімальную (магілёўскую) стадыі. Адбыўся 120—110 тыс. г. назад. Магутнасць адкладаў Горацкага інтэрстадыяла 5 м (у некат. месцах 20—25 м). Найчасцей трапляюцца азёрна-алювіяльныя ўтварэнні, складзеныя з супескаў і суглінкаў, радзей балотныя адклады (торф, гіціі). У час Горацкага інтэрстадыяла на тэр. Беларусі аднавілася лясная расліннасць.

т. 5, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЁРНЫЯ АДКЛА́ДЫ,

асадкавыя ўтварэнні на дне азёраў сучаснай і мінулых геал. эпох. Прадстаўлены пераважна дробназярністымі тэрыгеннымі асадкамі, сапрапелем і дыятамітам у прэснаводных азёрах, карбанатамі, сульфатамі, хларыдамі, глінай — у салёных. На Беларусі найб. пашыраны пясчана-гліністыя асадкі і стужачныя гліны азёрна-ледавіковых басейнаў антрапагену, сучасныя аргана-мінер. адклады (глеі і сапрапелі), карбанатныя пароды (азёрныя мергелі) і інш. Многія з іх карысныя выкапні; выкарыстоўваюцца на ўгнаенне, як лекавыя гразі, для вытворчасці будматэрыялаў і інш.

т. 1, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЫ́МСКАЯ НІЗІ́НА,

на ПнУ Сібіры, пераважна ў ніжнім цячэнні р. Калыма, у Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. Распасціраецца на 750 км паміж Алазейскім і Юкагірскім пласкагор’ямі. Выш. да 100 м за рэдкімі масівамі сопак выш. 200—300 м. Складзена з азёрна-рачных суглінкаў і супескаў. Пашыраны шматгадовая мерзлата і мярзлотна-тэрмакарставыя формы рэльефу. Клімат субарктычны. Шмат азёр і балот. Забалочаныя лістоўнічныя рэдкалессі змяняюцца на Пн хмызнячкова-травяністай, а потым арктычнай тундрай. Пашы аленяў.

т. 7, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФА́ЛІЦКІ МОХ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Старадарожскім р-не Мінскай вобл. Засн. ў 1979 для захавання прыродных журавіннікаў. Пл. 1,7 тыс. га. Размешчаны на балоце Фаліцкі Мох вярховага і пераходнага тыпаў, урочышча Уліца, вадазбору р. Солан. Пласкахвалістая азёрна-балотная нізіна з астанцамі водна-ледавіковай раўніны Глебы тарфяна-балотныя (глыб. торфу да 5,5 м, у сярэднім 1,7 м) і дзярнова-падзолістыя пясчаныя. Расліннасць пераважна хваёва-сфагнавая і кусцікава-сфагнавая.

П.​І.​Лабанок.

т. 16, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУХАВЕ́ЦКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСКО́Ў У Брэсцкім і Жабінкаўскім р-нах Брэсцкай вобл., каля вёсак Вычулкі, Ямна, Шэбрын, Ваўкі і Булькова. Пластавы паклад складзены з 5 участкаў, звязаны са стараж. і сучаснымі азёрна-алювіяльнымі адкладамі. Пяскі жаўтавата-шэрыя, палевашпатава-кварцавыя дробназярністыя, з рэдкім жвірам, участкамі гліністыя. Разведаныя запасы 24,1 млн. м³, перспектыўныя 14 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 3—19,7 м, ускрышы (торф, пяскі, супескі) 0,1—3 м. Пяскі прыдатныя ў дарожным буд-ве, на выраб буд. раствораў.

А.​П.​Шчураў.

т. 11, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́МУЛЬ (Coregonus autumnalis),

прахадная рыба роду сігаў сям. ласасёвых. Пашыраны ў бас. Паўн. Ледавітага акіяна (акрамя р. Об). У воз. Байкал — эндэмічны азёрна-рачны падвід О. байкальскі (C.a. migratorius), які мае 3 расы: ангарскую, селенгінскую і чывыркуйскую (па назвах рэк).

Даўж. да 64 см, маса да 3 кг (у О. байкальскага даўж. да 45 см, маса да 1,5 кг). Корміцца ракападобнымі, інш. беспазваночнымі, маляўкамі і ікрой рыб. Аб’ект промыслу і развядзення.

Омуль: 1 — прахадны; 2 — байкальскі.

т. 11, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЗЯМЕ́НСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГЛІН.

У Кобрынскім р-не Брэсцкай вобл., каля в. Падзяменне. Пластавы паклад звязаны з азёрна-алювіяльнымі адкладамі паазерскага зледзянення. Гліны буравата- і жаўтавата-шэрыя, шчыльныя, пластычныя, дысперсныя. Радовішча складзена з 3 асобных участкаў: Паўн., Цэнтр. і Паўднёвага. Агульныя разведаныя запасы 15,2 млн. м³, перспектыўныя 0,26 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2,5—15,4 м, ускрышы (пяскі, супескі, торф) 0,4—6,5 м. Гліны прыдатныя на выраб цэглы, чарапіцы, керамзітавага жвіру і дрэнажных труб.

А.​П.​Шчураў.

т. 11, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

У́ЗДЗЕНСКІ ІНТЭРСТАДЫЯ́Л (ад назвы г. Узда),

перыяд міжледавіковага пацяплення, які раздзяляе столінскі стадыял і мазырскі стадыял дняпроўскага зледзянення. Існаваў у інтэрвале 280—290 тыс. г. назад. Намножыліся азёрныя і азёрна-алювіяльныя адклады магутнасцю да 10—14 м (гліны, суглінкі, супескі, пяскі). У іх трапляюцца расл. рэшткі, абломкі выкапнёвых малюскаў. У цяжкай фракцыі пяску вял. колькасць гідраксідаў жалеза, пірыту, у лёгкай — кальцыту. Былі пашыраны хваёва-бярозавыя лясы; з травяністых раслін — палыновыя, лебядовыя, асаковыя. Клімат халаднейшы за сучасны.

т. 16, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫ́СЦІК,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Віцебскім р-не. Засн. ў 1979 для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін. Пл. 300 га. Размешчаны на балотным масіве пераходнага тыпу Жукоўскае. Узгорыста-хвалістая азёрна-ледавіковая нізіна з камамі і забалочанымі азёрнымі катлавінамі. Глебы дзярнова-падзолістыя забалочаныя і тарфяна-балотныя, глыб. торфу да 5 м, у сярэднім 1,94 м. Хваёва-кусцікава-сфагнавыя фітацэнозы з перавагай журавін. У Чырв. кнізе рагулькі высокія, тафільдыя чашачкавая, марошка прысадзістая, гарычка крыжападобная.

П.​І.​Лабанок.

т. 17, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУ́НЬ ЗВЫЧА́ЙНЫ (Perca fluviatilis),

азёрна-рачная рыба атр. акунепадобных. Пашыраны ў прэсных і саленаватых вадаёмах Еўразіі. На Беларусі трапляецца амаль ва ўсіх вадаёмах. Малыя акуні звычайныя жывуць у затоках, буйныя — на глыбіні.

Даўж. да 55 см, маса да 3 кг. Цела адносна высокае, у буйных — гарбатае, галава вялікая. Трымаецца чародамі. Нерастуе ранняй вясной пры т-ры вады 5—8 °C. Плоднасць да 300 тыс. ікрынак. Моладзь корміцца планктонам, бентасам і маляўкамі рыб. Дарослы акунь звычайны — драпежнік. Аб’ект прамысл. і аматарскага рыбалоўства.

Акунь звычайны.

т. 1, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)