АДАПТАЦЫЯГЕНЕ́З (ад адаптацыя + ...генез), адаптагенез,

сукупнасць працэсаў узнікнення, развіцця і морфафізіял. пераўтварэнняў, якія забяспечваюць прыстасаванне (адаптацыю) арганізмаў у працэсе эвалюцыі арган. свету. У вузкім сэнсе адаптацыягенез — узнікненне адаптацый, а працэс развіцця і змены прыстасаванняў у працэсе індывід. жыцця арганізмаў і папуляцый наз. адаптацыямарфозам (тэрмін уведзены рус. біёлагам І.​І.​Шмальгаўзенам, 1939). Адаптацыягенез звязаны са спадчыннасцю і зменлівасцю. Новыя прыстасаванні фарміруюцца ў выніку выжывання найб. прыстасаваных да існуючых умоў асяроддзя арганізмаў. У працэсе эвалюцыі адны прыстасаванні трацяць сваё значэнне і знікаюць, другія распаўсюджваюцца і робяцца характэрнымі для дадзенай групы арганізмаў. Вылучаюць 2 асн. шляхі адаптыўных пераўтварэнняў групы: павышэнне (або рэзкія змены) узроўню арганізацыі (арамарфоз) і развіццё без змен узроўню арганізацыі (ідыяадаптацыя, кладагенез, адаптыўная радыяцыя).

А.​С.​Леанцюк.

т. 1, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭАДАПТА́ЦЫЯ (ад лац. prae спераду, перад + адаптацыя),

уласцівасць арганізма (органа), што мае прыстасавальную здольнасць для форм узаемадзеяння арганізма з асяроддзем, якія яшчэ не адбываюцца, ці функцый органа, якія яшчэ не выконваюцца; таксама працэс набыцця прэадаптыўных асаблівасцей. Узнікае на аснове прыстасавальнай эвалюцыі, што ідзе пад кантролем натуральнага адбору, і з’яўляецца пабочным вынікам эвалюц. змен, якія ўдасканальваюць ранейшыя функцыі органа. Напр., сківіцы ў працэсе эвалюцыі пазваночных жывёл узніклі з пярэдняй жабравай дугі пасля яе раздзялення на рухомыя элементы для інтэнсіфікацыі дыхання. Т.ч. набыццё жабравай дугой функцыі сківіц было прэадаптавана ўдасканаленнем «жабравай помпы». Біял. сэнс П. — прыстасаванне арганізма да змен навакольнага асяроддзя, якое магчыма толькі пры наяўнасці ў яго асаблівасцей, што прыяюць выжыванню ў новых умовах. Гл. таксама Постадаптацыя.

А.​С.​Леанцюк.

т. 13, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМАК,

адчуванне, якое ўзнікае пры ўздзеянні раствораў хім. рэчываў на рэцэптары смаку органаў у жывёл і чалавека. Асн. смакавыя адчуванні — кіслае, салёнае, салодкае, горкае. Вызначаюцца канфігурацыяй малекул рэчываў, што адсарбіруюцца на рэцэптарах органаў С., і дзейнасцю смакавай сістэмы. Усе складаныя смакавыя адчуванні утвараюцца камбінацыяй асн. і з’яўляюцца вынікам адначасовага паступлення ў нерв. цэнтры інфармацыі ад смакавых, нюхальных, а таксама болевых, тактыльных, тэмпературных рэцэптараў ротавай поласці (напр., жыгучы і востры С. выклікаецца раздражненнем болевых рэцэптараў). Пры працяглым уздзеянні рэчыва на рэцэптар паніжаецца смакавая адчувальнасць да яго ў выніку адаптацыі. Адаптацыя да салодкага і салёнага адбываецца хутчэй, чым да горкага і кіслага. У ходзе эвалюцыі С. фарміраваўся як механізм, што вызначаў паводзінскія рэакцыі па выбары якаснай ежы.

А.​С.​Леанцюк.

т. 15, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНАДАПТА́ЦЫЯ (ад лац. in не + адаптацыя), інадаптыўная спецыялізацыя,

кірунак эвалюцыі, пры якім прыстасаванне да пэўных умоў жыцця вядзе да ўзнікнення ўнутр. супярэчнасцей у арганізме, якія перашкаджаюць далейшаму ўдасканаленню гэтага прыстасавання, а іншы раз і агульнай эвалюцыі таксона, што прыводзіць да яго вымірання. Прасочваецца ў гіст. развіцці розных груп жывёл і раслін. Апісаў рус. палеантолаг У.​А.​Кавалеўскі (1873) на прыкладзе філагенетычных пераўтварэнняў канечнасцей парнакапытных млекакормячых. У эвалюцыі некат. капытных у сувязі з недасканалымі зменамі ў шкілеце і суставах канечнасцей пры змене спосабу іх руху ад пальцахаджэння да фалангахаджэння ўтваралася механічна нетрывалая канечнасць, што, магчыма, стала адной з прычын вымірання гэтых форм капытных жывёл. Інадаптыўныя формы з’явіліся раней за адаптыўныя, але потым імі выцясняліся. Напр., плацэнтарныя млекакормячыя выцеснілі сумчатых, якія захаваліся толькі ў Аўстраліі і Амерыцы.

т. 7, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНЕРВА́ЦЫЯ (ад лац. in у, унутры + нервы),

забяспечанне органаў і тканак нервамі, якія ажыццяўляюць іх сувязь з цэнтральнай нервовай сістэмай. Адрозніваюць І. аферэнтную (цэнтраімклівую) і эферэнтную (цэнтрабежную). Сігналы аб стане органаў успрымаюцца чуллівымі нерв. канчаткамі (рэцэптарамі) і перадаюцца ў ц. н. с. па цэнтраімклівых валокнах, па цэнтрабежных ідуць у адказ імпульсы ад ц. н. с., якія каардынуюць дзейнасць органаў. Роля ц. н. с. ў рэгуляцыі розная. Напр., калі перарэзаць нерв. валокны, якія ідуць да мышцы (дэнервацыя), без сігналаў жыццезабеспячэння настае атрафія органа. Іншыя органы (сэрца, кішэчнік) маюць здольнасць часткова дзейнічаць пад уплывам імпульсаў у самім органе (аўтаматызм). З дапамогай І. ажыццяўляюцца рэакцыі арганізма на змену навакольнага і ўнутр. асяроддзя, забяспечваюцца рэгуляцыя і каардынацыя дзейнасці органаў, сістэм і адаптацыя мнагаклетачных арганізмаў да ўмоў існавання.

А.​С.​Леанцюк.

т. 7, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ідыяадапта́цыя

(ад ідыя- + адаптацыя)

прыстасаванне арганізмаў да пэўнага вузкага кола ўмоў існавання, якія выпрацаваліся ў працэсе эвалюцыі (параўн. арамарфоз).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

САЛІВО́Н Інеса Іванаўна (н. 24.12.1937, г. Барысаў Мінскай вобл.),

бел. антраполаг. Канд. гіст. н. (1970). Д-р біял. н. (1996). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1960). З 1968 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Вывучае асн. заканамернасці фарміравання фіз. тыпу стараж. і сучаснага насельніцтва Беларусі ў святле этнагенетычных умоў. У выніку даследавання могільнікаў 18 — пач. 19 ст. ёй складзена буйная краніялагічная калекцыя па бел. насельніцтве. Адзін з аўтараў прац «Нарысы па антрапалогіі Беларусі» (1976, з Л.​І.​Цягака, А.​І.​Мікулічам), «Антрапалогія Беларускага Палесся» (1978, з імі ж), «Асновы сучаснай антрапалогіі» (1989, з Цягака), «Асновы антрапалогіі і экалогіі чалавека» (1997, з ёй жа) і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1998 за цыкл прац па антрапалогіі «Чалавек і яго біякультурная адаптацыя».

Тв.:

Фізічны тып беларусаў: Узроставая тыпал. і экал. зменлівасць. Мн., 1994.

т. 14, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

постадапта́цыя

(ад пост- + адаптацыя)

працэс удасканалення існуючых прыстасаванняў будовы і функцый у раслінных і жывёльных арганізмаў да ўмоў знешняга асяроддзя.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

эмбрыяадапта́цыя

(ад эмбрыён + адаптацыя)

прыстасаванне зародка або лічынкі да ўмоў іх існавання, якія не праяўляюцца ў асаблівасцях будовы дарослага арганізма.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АКЛІМАТЫЗА́ЦЫЯ (ад лац. ad да, для + клімат),

працэс прыстасавання арганізмаў да новых умоў існавання. Акліматызацыя жывёл і раслін ажыццяўляецца праз няспадчынную змену абмену рэчываў у межах нормы рэакцыі арганізма (гл. Натуралізацыя) або пад уплывам натуральнага адбору праз змену генетычнай структуры віду (гл. Адаптацыя). Акліматызаванымі лічацца віды, здольныя даваць у прыродных умовах паўнацэннае патомства і самастойна падтрымліваць сваю колькасць. Акліматызацыю выкарыстоўваюць як метад эксперым. даследаванняў або разглядаюць як комплекс мерапрыемстваў па мэтанакіраваным усяленні віду ў новыя месцы жыхарства для ўзбагачэння мясц. флоры і фауны, увядзення ў культуру і развядзення (гл. Інтрадукцыя) ці аднаўлення ў раёнах былога пашырэння (гл. Рэакліматызацыя). На Беларусі акліматызаваны некаторыя віды раслін (конскі каштан, клён амерыканскі, псеўдаакацыя, лубін шматлісты і інш.) і жывёл (андатра, янотападобны сабака, амер. норка, фазан, сярэбраны карась, амер. сомік, чудскі сіг, сырок і інш.).

Акліматызацыя чалавека — складаны сац.-біял. працэс, у якім вял. ролю адыгрывае актыўны працэс стварэння сацыяльна арганізаванага асяроддзя працы і побыту, прыстасавання да кліматычных умоў.

т. 1, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)