БІЯХО́Р(А) (ад бія... + ...хор),

1) геаграфічнае асяроддзе, у якім вызначаныя пануючыя жыццёвыя формы прыстасаваны да пэўных спалучэнняў метэаралагічных фактараў.

2) Вобласць пашырэння жыцця.

3) Група падобных месцапражыванняў.

4) Кліматычная мяжа фларыстычнага раёна.

5) Буйное падраздзяленне біясферы. Ахоплівае прасторава аб’яднаныя біятопы, якія размешчаны ў аднатыпных кліматычных умовах і характарызуюцца спецыфічным складам жывога насельніцтва. Аб’ядноўваюцца ў біяцыклы. Уяўленне аб біяхоры аналагічнае паняццю «ландшафтная зона» (у экалогіі з-за большай канкрэтнасці яму аддаецца перавага).

т. 3, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАФІ́ЧНЫ ВЕРШ,

вершаваная форма, у якой не захоўваецца падзел на строфы, а звязанасць радкоў дасягаецца сінтаксічнымі спалучэннямі, перыядамі, пераносамі і інш. У астрафічным вершы вылучаюцца аб’яднаныя рыфмамі радковыя пары ці шматрадковыя часткі тэксту. Аднак яны не маюць інтанацыйна-сінтаксічнай і сэнсавай закончанасці і вольна спалучаюцца з інш. радкамі. Астрафічным вершам найчасцей пішуцца творы вял. аб’ёму — паэмы, вершаваныя аповесці («Новая зямля» Я.​Коласа, «Янук Сяліба» М.​Танка, «Нянавісць» П.​Панчанкі).

В.​П.​Рагойша.

т. 2, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕБ Ю́Р’ЕВІЧ (1155? — 7.3.1195),

князь дубровіцкі і тураўскі. Сын кн. Юрыя Яраславіча, унук Яраслава Святаполчыча. Паводле Іпацьеўскага летапісу, у 1183 удзельнічаў у паходзе за Дняпро на полаўцаў, дзе аб’яднаныя дружыны рус. князёў разбілі войска хана Канчака і ўзялі шмат палонных. Гісторык В.М.Тацішчаў памылкова назваў Глеба Юр’евіча князем дабранскім і лічыў яго ўнукам Яраслава Яраполчыча, у якога таксама быў сын Юрый. Тураўскім князем стаў, відаць, пасля смерці брата Святаполка (1190).

А.​В.​Іоў.

т. 5, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАДА́НЧЫК (Сяргей Мікалаевіч) (12.9.1906, в. Майсеевічы Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 15.9.1943),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Кіеўскія аб’яднаныя курсы падрыхтоўкі камандзіраў РСЧА (1932). У Чырв. Арміі з 1928. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўд., Паўд.-Зах., Закаўказскім, Паўн.-Каўказскім франтах. Вызначыўся ў вер. 1943 пры вызваленні Новарасійска: полк пад камандаваннем падпалкоўніка К. штурмам авалодаў умацаваннямі праціўніка і зрабіў пралом у яго абароне. Загінуў у гэтым баі.

С.М.Каданчык.

т. 7, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О’КО́НАР ((O’Connor) Артур) (4.7.1763, г. Мітчэлстаўн, Ірландыя — 25.4.1852),

дзеяч ірл. нац.-вызв. руху. Дзядзька Ф.Э.О’Конара. У 1791—95 чл. ірл. парламента. З 1796 чл. т-ва «Аб’яднаныя ірландцы», у 1798 адзін з кіраўнікоў т-ва ў правінцыях Ольстэр і Ленстэр; выступаў за ўстанаўленне ў Ірландыі дэмакр. рэспублікі з усеагульным выбарчым правам. У 1798—1803 зняволены брыт. ўладамі. Эмігрыраваў у Францыю. У 1804—07 генерал, камандзір франц. дывізіі ў напалеонаўскай арміі. Аўтар памфлетаў пра становішча ў Ірландыі.

т. 11, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГУ́ЛЬКІ (Delphinium),

род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 250 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я і ў гарах трапічнай Афрыкі. На Беларусі 1 від — Р. высокія (D. elatum), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў рэдкалессі, сярод хмызнякоў, па лугах. У культуры вырошчваюць гібрыдныя формы, аб’яднаныя ў групу буйнакветных (D. grandiflorum).

Лісце чаргаванае, шматрассечанае. Кветкі няправільныя, буйныя, сінія, блакітныя, фіялетавыя, сабраныя ў гронку ці мяцёлчатае суквецце. Плод — лістоўка. Лек., інсектыцыдныя, дэкар. расліны.

В.​М.​Прохараў.

Рагулькі высокія.

т. 13, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́ФІТ ((Griffith) Артур) (31.3.1872, Дублін — 12.8.1922),

дзеяч ірл. нац.-вызв. руху, журналіст. У 1899 заснаваў газ. «The United Irishman» («Аб’яднаныя ірландцы»), у якой прапагандаваў ідэю незалежнасці Ірландыі. Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў паліт. руху Шын фейн. У 1914—20 неаднаразова быў арыштаваны брыт. ўладамі. З 1919 чл. нелегальнага ірл. парламента (Дойла). У 1919—21 кіраўнік урада самаабвешчанай Ірл. рэспублікі, разам з М.​Колінзам падпісаў кампрамісны англа-ірландскі дагавор 1921. Са студз. 1922 прэм’ер-міністр Ірл. дамініёна, т.зв. Ірл. свабоднай дзяржавы.

А.Грыфіт.

т. 5, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫ́ПЦІХ (ад грэч. diptychos падвойны, складзены ў дзве столкі),

два творы выяўл. мастацтва, аб’яднаныя адзінай задумай. У Стараж. Грэцыі і Стараж. Рыме Д. называлі 2 пакрытыя воскам дошчачкі для пісьма, у мастацтве сярэдневякоўя — двухстворкавы складзень з рэльефнымі або жывапіснымі выявамі. Сярод Д., створаных бел. мастакамі: творы «Бетон» Г.​Вашчанкі (1970), «Маці» і «Урачы» А.​Малішэўскага (абодва 1975), «І кветкі, і хлеб — паэтам» А.​Марачкіна (1982), «Плач Яраслаўны» Г.​Паплаўскага (1984) і інш.

Да арт. Дыпціх. Плач Яраслаўны. Маст. Г.​Паплаўскі. 1984.

т. 6, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНАСТУ́ДЫЯ (ад кіна... + студыя),

прадпрыемства па вытв-сці кіна- і тэлефільмаў, якое аб’ядноўвае мастацка-творчыя і вытв.-тэхнал. працэсы. Бываюць К. мастацкіх, хранікальна-дакументальных, навук.-папулярных, мультыплікацыйных фільмаў, а таксама аб’яднаныя К., якія выпускаюць фільмы розных жанраў (напр., «Беларусьфільм», «Масфільм»).

Пры К. звычайна працуюць маст. саветы, розныя аддзелы (сцэнарны, акцёрскі і інш.), цэхі і майстэрні (дэкаратыўна-тэхн. збудаванняў, здымачнай тэхнікі, апрацоўкі кінаплёнак, кінамантажу, гукатэхнічны і інш.). Асн. вытв. памяшканні К. — кіназдымачныя павільёны са спец. абсталяваннем і апаратурай. Гл. таксама Кінамастацтва, Кінатэхніка.

т. 8, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ КРАІ́Н—ЭКСПАРЦЁРАЎ НА́ФТЫ (Organization of Petroleum Exporting countries; ОПЭК). Засн. ў 1960. Члены — 13 краін: Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Алжыр, Венесуэла, Габон, Інданезія, Ірак, Іран, Катар, Кувейт, Лівія, Нігерыя, Саудаўская Аравія, Эквадор. Мэты: каардынацыя і уніфікацыя нафтавай палітыкі краін-удзельніц; забеспячэнне стабільнасці цэн на міжнар. нафтавых рынках для атрымання ўстойлівых даходаў краін — чл. АПЭК, эфектыўных і рэгулярных паставак нафты краінам-спажыўцам. Кантралюе каля 85% сусв. аб’ёму гандлю нафтай, устанаўлівае афіц. цану на сырую нафту, што ў многім вызначае Сусв. ўзровень цэнаў на нафту. Штаб-кватэра ў Вене.

т. 1, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)