Клёмба ’газон кветак’ (Др.-Падб.)· Да клумба (гл.). Пад уплывам польск. kłąb.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЗЛО́БІН Сцяпан Паўлавіч

(24.11.1903, Масква — 15.9.1965),

рускі пісьменнік. Скончыў Вышэйшы літ.-маст. ін-т імя В.Я.Брусава (1924). Настаўнічаў. Першая кніга — казка для дзяцей «Перапалох» (1924). У рамане «Салават Юлаеў» (1929, 4-я рэд. 1962) паказаў нац.-вызв. барацьбу башк. народа ў час сялянскай вайны пад кіраўніцтвам Е.Пугачова. Раман «Востраў Буян» (1948, новая рэд. 1965) пра паўстанне гар. «нізоў» Пскова ў 1650. Сялянскі рух пад кіраўніцтвам С.Разіна адлюстраваў у рамане «Сцяпан Разін» (1951, Дзярж. прэмія СССР 1952). Асабістыя ўражанні, перажытыя ў ням.-фаш. палоне ў Айч. вайну, у аснове рамана «Прапаўшыя без вестак» (т. 1—2, 1962).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1980—81;

Бел. пер. — Салават Юлаеў. Мн., 1933.

Літ.:

Кудряшова Е.И. Степан Злобин как автор исторических романов. Белгород, 1961.

т. 7, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБУХО́ВІЧ Міхал Лявон

(? — 22.10.1668),

дзярж. і ваенны дзеяч ВКЛ, мемуарыст. Сын П.К.Абуховіча. Скончыў філас. ф-т Віленскай акадэміі. Служыў пры двары караля Яна Казіміра Вазы. Палкоўнік войска ВКЛ, падкаморы мазырскі (1662), навагрудскі (1665), стражнік ВКЛ (1668). Каралеўскі дыпламат, ганец у Маскву (1650, 1653). У 1651 удзельнічаў у ваен. паходзе супраць Б.Хмяльніцкага, у 1656 ваяваў са шведамі пад Варшавай. Пасля смерці бацькі (1656) камандаваў яго палком. У 1660 пад час бітвы з рус. войскам І.Хаванскага на Брэстчыне трапіў у палон і вывезены ў Маскву (у 1662 абменены на рус. военачальнікаў у Смаленску). Удзельнічаў у паходзе на Браншчыну (1664). Аўтар панегірыкаў, 2 «Дыярыушаў» на польск. мове пра маскоўскія звычкі і традыцыі, сеймы Рэчы Паспалітай, паліт. атмасферу часу, ваен. акцыі, у якіх сам удзельнічаў.

А.Ф.Коршунаў.

т. 1, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗБОР, кальвінскі збор,

тып культавага збудавання рэфарматарскай царквы. З распаўсюджаннем Рэфармацыі пашыраны ў Полчышчы, Літве і на Беларусі ў 16—1-й пал. 17 ст. Драўляныя ці мураваныя З. строгіх лаканічных форм спалучалі мясц. буд. традыцыі з асаблівасцямі гатычнага і рэнесансавага стыляў: прамавугольны або 8-гранны ў плане аб’ём, завершаны стромкім 2-схільным, вальмавым, шатровым, купальным дахам; на гал. фасадзе меў высокую абарончую вежу-званіцу з вокнамі-байніцамі, пакрытую шатром або купалам. Сцены часта ўмацоўвалі контрфорсамі. Некаторыя З. былі храмамі-крэпасцямі. Пры З. часта будаваліся школы, друкарні, шпіталі. У часы Контррэфармацыі (2-я пал. 17 ст.) многія З. прыстасоўвалі пад касцёлы, у 19 ст.пад праваслаўныя цэрквы. Найб. вядомыя кальвінскія З.: Дзераўноўскі, Клецкі, Койданаўскі, Смаргонскі, Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква.

т. 7, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАКІ́ТНЫ НІЛ,

араб. Бахр-эль-Азрак, рака ў Афрыцы, у Эфіопіі і Судане, правы, самы паўнаводны прыток Ніла. Даўж. 1600 км, пл. бас. 300 тыс. км². Пачынаецца пад назвай М.Абай на Эфіопскім нагор’і (у гарах Чокэ), працякае праз воз. Тана, выцякае з яго пад назвай Абай, на працягу 500 км прабіваецца ў глыбокім каньёне, утварае парогі і вадаспады (Тыс-Эсат, выш. 45 м і інш.), потым цячэ па раўнінах Судана як Блакітны Ніл (назва ад чысціні і празрыстасці вады). Гал. прытокі Рахад і Дындэр. Каля г. Хартум зліваецца з Белым Нілам. Паводка летам. Сярэдні расход вады каля вусця 1650 м³/с. ГЭС у гарадах Эр-Расейрэс і Сенар. Вадасховішчы. Выкарыстоўваецца на арашэнне. Суднаходства за 580 км ад вусця.

т. 3, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАМПІ́ЛАЎ Аляксандр Валянцінавіч

(19.8.1937, пас. Кутулік Іркуцкай вобл., Расія — 17.8.1972),

рускі драматург. Скончыў Іркуцкі ун-т (1960). Апублікаваў зб. гумарыстычных апавяданняў «Збег абставін» (1961, пад псеўд. А.Санін). У п’есах «Дом вокнамі ў поле» (1964), «Развітанне ў чэрвені» (1966), «Старэйшы сын» (1968), «Паляванне на качак» (1970), «Апошнім летам у Чулімску» (1972) вострыя жыццёвыя сітуацыі прымушаюць герояў па-новаму зірнуць на сябе і свае ўчынкі і зрабіць нялёгкі асабісты выбар. Аўтар сатыр. аднаактовак «Дваццаць мінут з анёлам» і «Гісторыя з метранпажам» (паст. пад агульнай назвай «Правінцыяльныя анекдоты», 1974), п’ес «Варонін гай», «Поспех» (апубл. 1986). Творы Вампілава вызначаюцца псіхалагічна напружаным дзеяннем, якое адбываецца на фоне паўсядзённага жыцця.

Тв.:

Избранное. М., 1984;

Я с вами, люди. М., 1988.

Літ.:

Тендитник Н. Александр Вампилов. Новосибирск, 1979.

С.Ф.Кузьміна.

т. 3, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАПА́ЕЎ Іван Кірылавіч

(20.4.1905, в. Трубільня Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 11.11.1959),

генерал-маёр артылерыі (1944), Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Акад. курсы ўдасканалення камсаставу (1934), Ваен. акадэмію Генштаба (1946). У Чырв. Арміі з 1927. Удзельнік нац.-вызв. вайны ў Іспаніі (1936—39), сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах., Паўд.-Зах., 3-м Укр., 1-м Бел. франтах. Удзельнік баёў пад Масквой, на Бярэзіне ў 1941, Сталінградскай і Курскай бітваў, вызвалення Беларусі, Украіны, Польшчы, баёў на тэр. Германіі. Вызначыўся ў жн. 1944 пры фарсіраванні Віслы. За месяц наступальных баёў артылерыя корпуса пад яго камандаваннем знішчыла 106 танкаў і самаходных гармат, 172 мінамёты і гарматы ворага. Да 1950 у Сав. Арміі.

т. 4, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЛІЦКІ Кузьма Мікітавіч

(24.10.1897, г. Таганрог, Расія — 14.3.1973),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945). Ген. Арміі (1955). Скончыў Вышэйшую стралк.-тактычную школу (1922), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1927). У арміі з крас. 1917, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах., Паўн.-Зах., Калінінскім, 1-м Прыбалт., 3-м Бел. франтах, удзельнік абароны Ліды, Гомеля, бітвы пад Масквой. 11-я гвардз. армія пад яго камандаваннем вызначылася ў Гарадоцкай аперацыі 1943, Беларускай аперацыі 1944, удзельнічала ў вызваленні Оршы, Барысава, Мінска, Маладзечна. Да 1962 на адказных пасадах у Сав. Арміі. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1946—62. Аўтар успамінаў.

т. 4, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАА́ФАЎ ПУЗЫРО́К

(ад прозвішча анатама і фізіёлага Р.Граафа),

спелы яйцавы фалікул з поласцю, што развіўся ў коркавым слоі яечніка млекакормячых і чалавека пад уздзеяннем фалікуластымулюючага гармону. Сценка Граафага пузырка складаецца з вонкавай злучальнатканкавай абалонкі, пад якой знаходзіцца шматслойны фалікулярны эпітэлій, што высцілае поласць Граафава пузырка, запоўненую серознай вадкасцю. Эпітэлій утварае выступ у поласць Граафава пузырка (яйцаносны бугарок), у ім змяшчаецца яйцо. Фалікул выпрацоўвае гармон эстраген, які рыхтуе палавыя шляхі да ўспрымання яйца пасля авуляцыі (вызвалення яго з Граафава пузырка і яечніка). Яйцо пасля авуляцыі трапляе ў яйцавод, дзе можа сустрэцца са сперматазоідам і апладніцца. У жывёл, што нараджаюць многа дзіцянят, адначасова растуць і выспяваюць некалькі Граафавых пузыркоў. Частка фалікулаў (да 95%) не дасягае перадавуляцыйнага стану, што садзейнічае ўзнікненню атрэзіі.

т. 5, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНІ́ЧНАЙ КАРЫ́СНАСЦІ ТЭО́РЫЯ,

эканамічная тэорыя, паводле якой вартасць мае суб’ектыўную ацэнку. Узнікла ў апошняй чвэрці 19 ст. ў процівагу тэорыі прац. вартасці К.Маркса. Распрацоўвалася У.Джэвансам (Вялікабрытанія), Л.Вальрасам (Швейцарыя), К.Менгерам, О.Бём-Баверкам (Аўстрыя) і інш. Паводле гранічнай карыснасці тэорыі каштоўнасць даброт вызначаецца не затратамі грамадска неабходнай працы, а суб’ектыўнымі ацэнкамі пакупніка і прадаўца. Тым агульным, што робіць тавары суразмернымі, яна прызнае карыснасць. Пад гранічнай карыснасцю разумеецца суб’ектыўная карыснасць асобнага экзэмпляра з тых ці інш. даброт, з дапамогай якіх задавальняецца найменш настойлівая патрэбнасць у таварах дадзенага віду. Рыначная цана тавару фарміруецца пад уздзеяннем яго гранічнай карыснасці, а таксама рэдкасці. Штучныя пабудовы гранічнай карыснасці тэорыі не адлюстроўвалі рэальных рыначных працэсаў і мадэлей цэнаўтварэння, таму спарадзілі шэраг новых мадыфікацый гэтай тэорыі.

т. 5, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)