РУБАНЕ́НКА (Барыс Рафаілавіч) (29.8.1910, г. Самара, Расія — 6.5.1985),

расійскі архітэктар. Нар. архітэктар СССР (1980). Акад. Акадэміі буд-ва і архітэктуры СССР (1956) і АМ СССР (1979). Чл.-кар. Акадэміі буд-ва ГДР (1975). Д-р архітэктуры (1967). Праф. (1970). Вучыўся ў ін-тах грамадз. інжынераў (1927—31) і жывапісу, скульптуры і архітэктуры ў Ленінградзе (1932—34). З 1963 дырэктар Цэнтр. НДІ эксперым. праектавання жылля (Масква). Сярод работ: жылыя дамы ў С.-Пецярбургу (1932—47), Дом урада ў г. Алматы (Казахстан; 1958), забудова гарадоў Тальяці (1967), Набярэжныя Чаўны (1970, усе ў сааўт.) і інш. Работы на Беларусі: ансамбль Прывакзальнай пл. ў Мінску (1948—56), «Эскіз планіроўкі Мінска» (1944, у сааўт.). Аўтар даследавання па праблемах масавага жыллёвага буд-ва ў СССР. Дзярж. прэмія СССР 1973.

Б.​М.​Мяржанаў.

т. 13, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́МБУК (Сусанна Міхайлаўна) (н. 13.12.1924, С.-Пецярбург),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1980). Скончыла Ленінградскі ун-т (1949). З 1953 працавала ў Ленінградскім дзярж. музеі Кастр. рэвалюцыі. У 1957—83 у Ін-це гісторыі АН БССР. Даследуе гісторыю Беларусі 19 — пач. 20 ст.: праблемы с.-д. і рабочага руху, палітыкі царызму, грамадска-паліт. думкі, народніцтва і нац. руху. Адзін з аўтараў 2-томнай «Гісторыі БССР» (т. 1, 1961), 5-томнай «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 2, 1972), «Гісторыі Мінска» (1967).

Тв.:

Революционные народники Белоруссии (70-е — начало 80-х гг. XIX в.). Мн., 1972;

Общественно-политическая мысль Белоруссии во второй половине XIX в. Мн., 1976;

Исторические корни дружбы и единения украинского и белорусского народов. Киев, 1978 (у сааўт.);

Политика царизма в Белоруссии во второй половине XIX в. Мн., 1980.

І.Е.Самбук.

т. 14, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ ПА́РТЫЯ САЦЫЯЛІ́СТАЎ (БНПС),

палітычная партыя праванародніцкага кірунку. Засн. ў Мінску ў маі 1917. У Арганізац. бюро ўваходзілі Я.​Ф.​Сушынскі (старшыня), А.​І.​Лявіцкі (Ядвігін Ш.), С.​Я.​Плаўнік (З.​Бядуля), Ф.​Стульба. Выступала за паступовае ажыццяўленне сацыяліст. пераўтварэнняў у грамадстве. У агр. пытанні падтрымлівала прынцып нацыяналізацыі зямлі і надзяленне ёй беззямельных і малазямельных сялян. Дапускала свабоду прыватнай ініцыятывы ў галіне прам-сці і гандлю, выказвалася за 8-гадзінны рабочы дзень, ахову жаночай і дзіцячай працы, бясплатнае навучанне ў школах на роднай мове. Выступала за аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. федэратыўнай рэспублікі і ўтварэнне Бел. краёвай рады, выбранай на аснове ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права. Удзельнічала ў паліт. жыцці Мінска, у рабоце Усебел. з’езда. Спробы БНПС пашырыць свой уплыў сярод насельніцтва не мелі поспеху, і неўзабаве яна знікла з паліт. арэны.

С.​С.​Рудовіч.

т. 2, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬСКІ (Іосіф Аляксандравіч) (21.9.1903, в. Лошыца 1-я, цяпер у межах Мінска — 25.6.1966),

партыйны і дзяржаўны дзеяч БССР, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. і падп. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Маскоўскую прамысл. акадэмію (1941). З 1921 на гасп., сав. і парт. рабоце. З сак. 1941 сакратар Мінскага абкома КП(б)Б. У Вял. Айч. вайну з 21.7.1941 да ліп. 1944 сакратар Мінскага падп. абкома КП(б)Б, у маі—чэрв. 1943 камандзір, у лют.—ліп. 1944 в.а. камандзіра Мінскага партыз. злучэння, удзельнічаў у стварэнні 63 падп. парт. арг-цый у Мінскай і Палескай абл., у баявых аперацыях партызанаў. З 1944 сакратар Мінскага гаркома КП(б)Б, у 1948—58 старшыня Белсаўпрофа. Чл. ЦК КПБ у 1952—60. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—51, 1955—59.

І.А.Бельскі.

т. 3, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛОНЬ,

вёска ў Беларусі, у Пухавіцкім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 3 км на ПнУ ад г. Мар’іна Горка, 60 км ад Мінска, 3 км ад чыг. ст. Пухавічы. 1874 ж., 370 двароў (1995).

У 19 ст. маёнтак, уласнасць Бонч-Асмалоўскіх. У 1886 у вёсцы 226 ж., 86 двароў; Троіцкая царква, касцёл, школа, млын, 2 разы на год кірмаш. З 1880-х г. дзякуючы дзейнасці А.В.Бонч-Асмалоўскага і яго жонкі В.І.Вахоўскай Блонь стала апорным пунктам рэвалюцыянераў розных кірункаў У 1899—1908 дзейнічала Блонская сялянская арганізацыя. З 1924 цэнтр сельсавета Пухавіцкага р-на. У 1939—54 наз. в. Зарэчча. У 1970 — 1590 ж.

У Блоні сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: Блонская Троіцкая царква, сядзібны дом і парк (2-я пал. 19 ст.). Магіла ахвяраў фашызму.

т. 3, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУЗДО́ВІЧ (Францішак) (1861, в. Бродніца, Іванаўскі р-н Брэсцкай вобл. — 1912),

жывапісец. Вучыўся ў Варшаве (1880—83), у Кракаўскай школе мастацтваў у Я.Матэйкі (1883—87). Працаваў у галіне манум.-дэкар. і станковага жывапісу. Зазнаў моцны ўплыў бел. нар. творчасці. У 1898 удзельнічаў у размалёўцы касцёла ў Кельцах (Польшча). Пераможца конкурсу на праект размалёўкі кафедральнага сабора ў Полацку (1900). Выканаў шэраг насценных размалёвак у касцёлах Нясвіжа і в. Цімкавічы (Капыльскі р-н, 1906—08), Мінска (1911), у якіх выкарыстоўваў нар. матывы ўзорыстага ткацтва, вышыўкі, маст. размалёўкі сял. мэблі. Сярод інш. работ: 7 сюжэтных кампазіцый на біблейскія тэмы (касцёл св. Міхала ў Цімкавічах, не захаваўся), «Касцёл у Карнкове», «Копія партрэта мужчыны» (1883), «Інтэр’ер вясковага касцёла» (усе ў Нац. музеі ў Варшаве). Удзельнік маст. выставак у Мінску (1898, 1911), Львове, Варшаве, Кракаве, Дзюсельдорфе.

М.​Ф.​Раманюк, М.​М.​Яніцкая.

т. 3, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯГО́МЛЬСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942,

баі бел. партызан па вызваленні ад ням.-фаш. захопнікаў тэр. Бягомльскага р-на ў ліст. — снеж. 1942 у Вял. Айч. вайну. Аперацыю праводзілі партыз. брыгады «Жалязняк» (вяла асн. баявыя дзеянні), «Дзядзькі Колі», асобныя атрады з брыгад Чашніцкай «Дубава», імя Даватара, «За Савецкую Беларусь» пад агульным кіраўніцтвам ваен. аператыўнага цэнтра Барысаўскай зоны. Каб паралізаваць рух праціўніка, партызаны разгарнулі баі на далёкіх камунікацыях на шляхах да Бягомля з Лепеля, Барысава, Докшыц, Мінска і інш. чыг. станцый і баз забеспячэння ворага, у выніку выбілі праціўніка з некалькіх апорных пунктаў, спалілі ўсе масты і пераправы, перакрылі шашэйныя дарогі на Плешчаніцы і Барысаў. 5—14 снеж. партызаны двайным рэйдам знішчылі вакол Бягомля невял. гарнізоны, масты, лініі сувязі. Да 20 снеж. раён быў вызвалены, утварылася Барысаўска-Бягомльская партыз. зона. У гонар Бягомльскай аперацыі ў Бягомлі помнік.

т. 3, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛМА,

вёска ў Дзяржынскім р-не Мінскай вобл., на р. Волма. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 30 км на ПнЗ ад г. Дзяржынск, 50 км ад Мінска, 33 км ад чыг. ст. Койданава. 580 ж., 198 двароў (1996).

Вядома з 2-й пал. 15 ст., належала В.​Манівіду, А.​Гаштольду, Валадковічам, Філіповічам, Ваньковічам. У 1472 у Волме існаваў касцёл (не збярогся). У 1581 мястэчка Мінскага пав. У 1861 — 93 ж., 14 двароў, нар. вучылішча. У 1921—39 у складзе Польшчы, з 1926 цэнтр гміны Стаўбцоўскага пав. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Івянецкім, з 1962 — у Стаўбцоўскім, з 1956 — у Валожынскім, з 1970 — у Дзяржынскім р-нах. У 1970 — 277 жыхароў.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — Успенскі касцёл (1751), сядзіба (19 ст.).

т. 4, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́ДЗІЧЫ,

вёска ў Навапольскім с/с Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. Цэнтр калгаса. За 50 км ад райцэнтра г. Мар’іна Горка, 40 км ад Мінска, 20 км ад чыг. ст. Рудзенск. 256 ж., 99 двароў (1997).

Упершыню ўпамінаецца ў 1600 у Мінскім пав. ВКЛ. У 1766 атрымала прывілей на З кірмашы ў год. У 1769 тут пабудаваны палац і парк, у 1780 — уніяцкая Пакроўская царква (з 1839 правасл.). З 1785 уласнасць Ельскіх. З 1793 у складзе Рас. імперыі, у Ігуменскім пав. Мінскай губ. У 1800 у Д. 300 ж., 30 двароў, царква, млын, 3 карчмы, бат. сад, аранжарэя гарбарны з-д. У 1924—31, 1935—62 цэнтр сельсавета ў Самахвалавіцкім, Смілавіцкім, Рудзенскім, Уздзенскім, у 1931—35 і з 1962 у Пухавіцкім раёнах. Каля вёскі Дудзіцкі музей матэрыяльнай культуры.

Базавая школа, б-ка.

т. 6, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТАНЦІ́НАВА,

вёска ў Свірскім пас. савеце Мядзельскага р-на Мінскай вобл. За 40 км на З ад Мядзела, 180 км ад Мінска, 18 км ад чыг. ст. Лынтупы, каля аўтадарогі Вільнюс — Полацк. 270 ж., 112 двароў (1997).

Вядома з 18 ст. як маёнтак у Ашмянскім пав. З 1785 мястэчка Віленскага ваяв. З 1795 у Рас. імперыі ў Вілейскім пав. У 1847 у Свянцянскім пав. Віленскай губ. У 1868 у Свірскай вол., 136 ж. У 1897 у вёсцы К. 64 ж, касцёл, заезны дом, крама, карчма, нар. вучылішча, у фальварку 90 ж. З 1921 у складзе Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Свірскага р-на Вілейскай вобл., з 1959 у Мядзельскім р-не. У 1971 у вёсцы 175 ж., 60 двароў.

Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Канстанцінаўскі касцёл (19 ст.).

т. 7, с. 593

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)