ПАРЭ́ЧЧА,

вёска ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл., на правым беразе р. Ясельда.

Цэнтр сельсавета і калгаса. За 35 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Пінск, 205 км ад Брэста. 640 ж., 277 двароў (2000). Крухмальны з-д, лясніцтва. Базавая школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнікі архітэктуры: царква Раства Багародзіцы (1912), Парэцкі парк. У 19 ст. ў вёсцы дзейнічалі Парэцкая суконная фабрыка і Парэцкі цукровы завод.

т. 12, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЫ́НІЧЫ,

гарадскі пасёлак у Беларусі, цэнтр Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл., на р. Друць. За 44 км ад Магілёва, на аўтадарозе Мінск—Магілёў. 10,7 тыс. ж. (1995).

Паводле пісьмовых крыніц Бялынічы вядомы з сярэдзіны 16 ст. як сяло ў Аршанскім пав. Віцебскага ваяв. ВКЛ. У 1577 кн. С.​А.​Збаражскі заснаваў тут замак і мястэчка. З пач. 17 ст. ўласнасць Сапегаў, якія заснавалі ў Бялынічах кляштар кармелітаў і пры ім друкарню і касцёл (гл. Бялыніцкі касцёл і кляштар кармелітаў). З 1685 належалі Радзівілам, Агінскім. З 1772 у Магілёўскім пав. Расійскай імперыі. У 1785 у Бялынічах 831 ж., 108 двароў, млын, 4 кірмашы на год. Пасля 1861 цэнтр воласці Магілёўскага пав. У 1897 — 2215 ж. З 1924 цэнтр раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. З 6.7.1941 да 29.6.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія разбурылі Бялынічы, загубілі ў гар. пасёлку і раёне каля 2 тыс. чал. Дзейнічала Бялыніцкае патрыятычнае падполле. У вер. 1943 партызаны разграмілі ў Бялынічах варожы гарнізон (гл. Бялыніцкія аперацыі 1943). У 1977 — 6,6 тыс. жыхароў.

Прадпрыемствы харч. прам-сці. З сярэднія і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнік В.​К.​Бялыніцкаму-Бірулю, Бялыніцкі мастацкі музей імя Бялыніцкага-Бірулі.

т. 3, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ТКА,

горад, цэнтр Веткаўскага раёна Гомельскай вобл., прыстань на р. Сож. За 22 км ад Гомеля. Аўтадарогамі злучана з Гомелем і Добрушам. 6,3 тыс. ж. (1995).

Засн. ў 1685 (паводле інш. звестак у 1682) стараверамі — бежанцамі з цэнтр. Расіі (гл. Стараверства). У 17—18 ст Ветка з навакольнымі слабодамі, манастырамі і скітамі з’яўлялася цэнтрам расколу, у 1730-я г. тут жыло каля 40 тыс. чал. У 18 ст. ў Ветцы сфарміраваліся мясц. асаблівасці іканапісу і афармлення рукапіснай кнігі, склалася самабытная школа веткаўскай разьбы. Карныя войскі царскага ўрада двойчы (у 1735 і 1764) палілі Ветку, большасць жыхароў прымусова выселена ва ўсх. губерні Расіі. З 1772 у Рас. імперыі, з 1784 мястэчка Беліцкага, з 1852 Гомельскага пав. Належала Станевічам. У 1868 адкрыта жаночае, у 1874 мужчынскае нар. вучылішчы. У 1897 — 7,2 тыс. ж. З 1919 у Гомельскім пав. РСФСР, з 1925 горад, з 1926 у БССР, з 8.12.1926 цэнтр раёна. У 1939 — 6 тыс ж. З 18.8.1941 да 28.9.1943 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Ветцы і раёне 656 чал. У 1969 — 6,2 тыс. жыхароў. Знаходзіцца ў зоне радыеактыўнай забруджанасці.

Прадпрыемствы лёгкай (Веткаўская бавоўнапрадзільная фабрыка), буд. матэрыялаў, харч. прам-сці. Веткаўскі музей народнай творчасці. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму.

Горад Ветка.

т. 4, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕГАРЭ́ЛАЕ,

гарадскі пасёлак у Дзяржынскім р-не Мінскай вобл.. на р. Ператуць, чыг. ст. на лініі Мінск—Баранавічы. За 10 км на ПдЗ ад Дзяржынска, 48 км ад Мінска. Аўтадарогамі злучана з Мінскам, Дзяржынскам, Баранавічамі, Уздой, Стоўбцамі. 1,1 тыс. ж. (2000).

Вядома з 16 ст. як перасадачная і паштовая станцыя на конным тракце Мінск—Навагрудак у Мінскім пав. ВКЛ. У 1588 у складзе Койданаўскага графства, уласнасць Радзівілаў. У 1620 вёска, 41 двор. З 1793 у Рас. імперыі ў Койданаўскай вол. У 1831 уласнасць Ю.​Абрамовіча, з 1879 — Э.​Чапскага. У 1871 праз Н. прайшла Маскоўска-Брэсцкая чыгунка, адкрыта станцыя. З 1908 працавала нар. вучылішча. У 1921—39 сав. пагранічная станцыя. мела заставу, мытню. З 1924 у Койданаўскім р-не, з 1932 цэнтр сельсавета Дзяржынскага р-на. З 1938 гар. пасёлак у Мінскім, з 1939 — Дзяржынскім р-нах. З 29.6.1941 да 6.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў 1941—43 стварылі тут канцлагер, філіял Масюкоўшчынскага лагера смерці, дзейнічала група Дзяржынскага патрыятычнага падполля. З 1988 працуе музей гісторыі ст. Н.

З-д па вырабе вулляў, камбінат быт. абслугоўвання. Сярэдняя і муз. школы, кінатэатр, б-ка, музей гісторыі станцыі Негарэлае, паліклініка, аддз. сувязі, гандл. цэнтр. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла сав. ваеннапалонных, помнік землякам, што загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 11, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Роў 1 ’доўгае паглыбленне ў зямлі, канава’ (ТСБМ, Гарэц., Нас., Шат., Бяльк., Стан., ТС, Сл. ПЗБ), ’яр, лагчына’ (Байк. і Некр.), ’баразна’ (Куч.), ’трэшчыны на пятах’ (паст., ігн., Сл. ПЗБ), рове́ц ’раўчак’, ’разора’, ’паз у вушаку’, ’прабор у валасах’ (ТС), ро́вам, рава́мі ’моцным струменем’ (шум., навагр., Сл. ПЗБ), роў ’невялікі прыродны вадаём’ (ганц., ЛА, 2), рів ’мачулішча’ (драг., кобр., ЛА, 4), ров, роў, рӥв ’ручай, прамыіна, мелкае месца на рацэ’ (зах.-палес., ЛА, 5), ’доўгі, мелкі капец бульбы’ (кобр., Нар. сл.), ’круглая яма на высокім месцы для захоўвання бульбы зімою’ (віл., ст.-дар., Яшк.). Укр. рів ’роў, канава’, рус. ров ’канава’, карэл. ’баразна паміж градамі’, пск. ’палонка’, ро́вы ’ямы’; польск. rów ’канава’, ’акоп’, ’западзіна’, в.-луж., н.-луж. row ’магіла’, чэш. row ’тс’, славен. rȍv, ròv, rovíšče ’роў, канава’, ’акоп’, ’капальня, яма’, серб. ро̏в, ро̑в ’роў, глыбокая канава’, ’акоп’, харв. rȏv ’тс’, макед. ров ’роў’, балг. ров, дыял. ро́вът ’тс’, ст.-слав. ровъ ’яма’, ’роў’, ’магіла’. Прасл. *rovъ — утварэнне з суф. ‑vъ (як *kovъ < *kovati) ад *rovati < ryti (Міклашыч, 285; ESJSt, 13, 778) < *reu̯o‑ < і.-е. *reuH‑ ’рыць, капаць, вырываць, дзерці’ (Сной–Бязлай, 3, 199–200), з якога выйшлі: ст.-грэч. οὐρός ’роў’ (Фасмер, 3, 488), лац. ob‑ruere ’засыпаць, закопваць’, ē‑ruere ’выкопваць, вырываць, выграбаць’ (Махэк₂, 520).

Роў 2 ’моцны працяглы крык некаторых жывёл’, ’гукі, што напамінаюць такі крык’, ’моцны плач’ (ТСБМ). Да раўці́ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЛІЦВІ́НАВІЧЫ,

вёска ў Кармянскім р-не Гомельскай вобл., каля р. Касалянка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на ПнУ ад г.п. Карма, 99 км ад Гомеля, 61 км ад чыг. ст. Рагачоў. 1789 ж., 723 двары (1999). Птушкафабрыка «Сож», лясніцтва. Сярэдняя школа, Палац культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік і мемар. дошка П.М.Лепяшынскаму, які заснаваў Ліцвінавіцкую школу-камуну. Каля вёскі паселішча эпохі неаліту і бронзавага веку.

т. 9, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ПАЛЬ,

вёска ў Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 28 км на ПнЗ ад г. Іванава, 145 км ад Брэста, 31 км ад чыг. ст. Янаў-Палескі. 785 ж., 350 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Курган Памяці на ўшанаванне памяці землякоў, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Опальская царква Параскевы Пятніцы. Каля вёскі археал. помнік Опаль. У вёсцы ў час рэв. выступлення сялян адбыўся Опальскі расстрэл 1905.

т. 11, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРШАМА́ЙСКАЯ,

вёска ў Бярозаўскім р-не Брэсцкай вобл.; чыг. ст. Бяроза-Картузская на лініі Брэст—Баранавічы. Да 1964 наз. Блудзень. Цэнтр сельсавета. За 5 км на З ад г. Бяроза, 96 км ад Брэста. 1842 ж., 832 двары (2000). Бярозаўскі камбікормавы з-д, Бярозаагразабеспячэнне, хлебапякарня, база сельгасхіміі, 6-ы акалодак Жабінкаўскай дыстанцыі пуці, прыёмны пункт Жабінкаўскага цукр. з-да. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 12, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКАЛІ́ШЧА,

вёска ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., каля р. Нішча, на аўтадарозе Полацк—Клясціцы. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 26 км на ПдЗ ад г.п. Расоны, 133 км ад Віцебска, 23 км ад чыг. ст. Боркавічы. 324 ж., 132 двары (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры. б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік Я.​П.​Кульневу. У вёсцы ў Вял. Айч. вайну дзейнічала адна з груп Сакалішчанскага патрыятычнага падполля.

т. 14, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІНТО́РФ,

рабочы пасёлак у Беларусі, у Дубровенскім р-не Віцебскай вобласці. За 16 км ад г. Дуброўна, 7 км ад чыг. ст. Асінаўка на лініі Орша—Смаленск. 1,7 тыс. ж. (1995). Прадпрыемствы па здабычы торфу. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў.

Узнік у 1927 у сувязі з буд-вам торфапрадпрыемства па нарыхтоўцы паліва для БелДРЭС. З 27.9.1938 рабочы пасёлак. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі; дзейнічала Асінторфскае камсамольска-маладзёжнае падполле. З 1946 у Арэхаўскім, з 1956 у Аршанскім, з 1965 у Дубровенскім р-нах.

т. 2, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)