ДУНА́ЙСКАЯ ШКО́ЛА ў мастацтве,

кірунак у жывапісе і графіцы паўд. Германіі і Аўстрыі 1-й пал. 16 ст. Да Д.ш. адносяць раннія творы Л.Кранаха Старэйшага, А.Альтдорфера, В.​Губера і інш., якія вылучаюцца свабодай маст. фантазіі, эмацыянальнасцю, пантэістычным, падчас казачным успрыманнем прыроды, цікавасцю да ляснога і рачнога пейзажу, да прасторы і святла, дынамічнай, парывістай манерай пісьма (часам дробнымі мазкамі), вострай выразнасцю малюнка і інтэнсіўнасцю колеру. Познагатычныя традыцыі пераплятаюцца ў Д.ш. з рэнесансавымі тэндэнцыямі.

т. 6, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЛЕ, Хале (Halle),

горад на У Германіі, у зямлі Саксонія-Ангальт, на р. Заале. 295,4 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог, рачны порт. Буйны прамысл. і культ. цэнтр. Вытв-сць пасажырскіх вагонаў, абсталявання для хім. і харч. прам-сці, паравых катлоў; прыладабудаванне, эл.-тэхн., хім., паліграф., швейная, гарбарна-абутковая, харч. (у т. л. цукровая) прам-сць. Ун-т. Акадэмія прыродазнаўчых навук. Дом-музей кампазітара Г.Ф.Гендэля. Арх. помнікі 15—19 ст. Праводзяцца муз. фестывалі.

т. 4, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НАРД (Lenard) Філіп Эдуард Антон [7.6.1862, г. Прэсбург (цяпер Браціслава), Славакія — 20.5.1947], нямецкі фізік. Вучыўся ў Будапешцкім, Венскім, Берлінскім і Гайдэльбергскім ун-тах. У 1894—1930 праф. розных ВНУ Германіі. З 1909 кіраўнік Радыелагічнага ін-та ў Гейдэльбергу. Навук. працы па оптыцы, атамнай і малекулярнай фізіцы. Правёў грунтоўныя даследаванні прыроды катодных прамянёў і іх уласцівасцей (1892), эксперыментальна пацвердзіў асн. заканамернасці фотаэфекту (1902). Нобелеўская прэмія 1905. Выступаў супраць тэорыі адноснасці. Актыўна падтрымліваў нацызм.

т. 9, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́СЕРШМІТ ((Messerschmitt) Вілі) (26.6.1898, г. Франкфург-на-Майне, Германія — 15.9.1978),

нямецкі авіяканструктар і прамысловец. Стварыў шэраг самалётаў, верталётаў, планёраў рознага прызначэння. Найб. вядомыя: Ме-109 — асн. знішчальнік ВПС Германіі ў 1935—45 (гл. іл. да арт. Авіяцыя), Ме-110 — самалёт шматмэтавага прызначэння, Ме-262 — адзін з першых рэактыўных знішчальнікаў. Пасля 2-й сусв. вайны эмігрыраваў у Іспанію; у 1959 вярнуўся ў ФРГ, аднавіў вытв-сць самалётаў і стаў саўладальнікам канцэрна «Месершміт—Бёлькаў—Блом».

т. 10, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІШЧЫКЕ́ВІЧ (Барыс Тарасавіч) (5.8.1899, в. Сасноўка Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 15.1.1974),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Ін-т чырв. прафесуры (1936), курсы палітработнікаў пры Ваен.-паліт. акадэміі (1941). Удзельнік грамадз. вайны 1918—20. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Цэнтр. фронце. Удзельнік вызвалення Беларусі, баёў у Германіі. Агітатар палітаддзела дывізіі маёр П. вызначыўся ў 1943 пры фарсіраванні Дняпра ў Лоеўскім р-не Гомельскай вобл. Пасля вайны да 1957 на прафс. рабоце.

Б.Т.Пішчыкевіч.

т. 12, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЮРА́ЛЬНЫ ВО́ТУМ у канстытуцыйным праве,

наданне аднаму выбаршчыку права галасаваць некалькі разоў. Быў пашыраны ў 19 ст. У краінах Зах. Еўропы, Вялікабрытаніі, Германіі і інш. існаваў парадак, калі побач з уключэннем у выбарчы спіс па месцы жыхарства грамадзянін уключаўся ў спіс той акругі, дзе знаходзілася яго нерухомая маёмасць або універсітэт, дзе ён атрымаў вышэйшую адукацыю. Захаваўся ў Новай Зеландыі, некат. штатах Аўстраліі, дзе ўладальнікі буйной уласнасці на выбарах органаў мясц. самакіравання валодаюць некалькімі галасамі.

т. 12, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭС (Міхаіл Ісакавіч) (22.9.1871, Вільня — 22.12.1938),

скрыпач-віртуоз. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1900). Канцэртаваў як саліст і ансамбліст. У 1906—14 жыў у Берліне, дзе разам з братам, віяланчэлістам Іосіфам і жонкай, піяністкай В.​Маурынай, стварыў рускае трыо з выкананнем твораў рус. кампазітараў. З 1915 праф. Маскоўскай кансерваторыі. З 1918 жыў у Германіі і Швецыі, ЗША. Выступаў як дырыжор, выкладаў у Муз. ін-це Кёртыс (Філадэльфія). Аўтар шматлікіх транскрыпцый для скрыпкі і фп.

т. 13, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУР (Ruhr),

рака ў Германіі, правы прыток р. Рэйн. Даўж. 235 км, пл. басейна 4,5 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Заўэрланд, у нізоўях цячэ па паўд. ускраіне Паўн.-Герм. нізіны. Зімовае разводдзе, летняя межань, асеннія дажджавыя паводкі. Сярэдні гадавы расход вады каля вусця 70 м³/с. На Р. вадасховішча, ГЭС. Суднаходны ад г. Вітэн, злучаны каналам з р. Эмс. Уздоўж Р. — Рурскі вугальны басейн. На Р. — гарады Эсэн, Мюльгайм, у вусці порт Дуйсбург-Рурарт.

т. 13, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РЫНГ ((Göring) Герман) (12.1.1893, г. Розенгайм, Германія — 15.10.1946),

адзін з кіраўнікоў фаш. Германіі. Рэйхсмаршал (1940). Прафесійны ваенны. Удзельнік 1-й сусв. вайны, лётчык. Чл. нацыянал-сацыялісцкай партыі з 1922. Кіраўнік штурмавых атрадаў (1922—23). У час нацысцкага путчу 1923 у Мюнхене цяжка паранены. Дэп. (з 1928) і старшыня (1932—45) рэйхстага, садзейнічаў прызначэнню А.​Гітлера рэйхсканцлерам. Міністр унутр. спраў Прусіі (1933—34), прэм’ер-міністр (1933—45); ініцыятар стварэння гестапа і канцлагераў, гал. сведка абвінавачвання на Лейпцыгскім працэсе 1933. Рэйхсміністр авіяцыі (з 1933) і галоўнакаманд. ВПС (з 1935). Кіраваў (з 1936) рэалізацыяй 4-гадовага плана (1934—38) падрыхтоўкі Германіі да вайны і ажыццяўленнем аншлюса (сак. 1938). Наведваў з дыпламат. візітамі Італію, Венгрыю, Югаславію, Польшчу. У 2-ю сусв. вайну прызначаны пераемнікам Гітлера, адказваў за дзеянні ВПС; падпісаў 30.7.1941 загад аб знішчэнні 11 млн. еўрап. яўрэяў; рабаваў музеі і калекцыі твораў мастацтва і інш. 7.5.1945 здаўся ў палон амерыканцам. На Нюрнбергскім працэсе як адзін з гал. нацысцкіх ваен. злачынцаў прыгавораны да пакарання смерцю; скончыў самагубствам.

Літ.:

Черная Л.Б. Коричневые диктаторы: Гитлер, Геринг, Гиммлер, Геббельс, Борман, Риббентроп. М., 1992;

Гаранин Л.И. «Второй человек» в рейхе // Вопр. истории. 1992. № 1.

т. 5, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНА́РЫС ((Canaris) Вільгельм) (1.1. 1887, г. Дортмунд, Германія — 9.4.1945),

германскі ваен. дзеяч. Адмірал (1940). З 1905 у герм. ВМФ. Удзельнік 1-й сусв. вайны, з 1916 займаўся развед. дзейнасцю ў Іспаніі, арганізоўваў забеспячэнне герм. падводных лодак з тэр. Іспаніі і Партугаліі. У 1919—20 ад’ютант ваен. міністра Г.Носке. Спачуваў нацыстам, удзельнік Капаўскага путчу 1920. У 1924—28 курыраваў пытанні падводнага флоту. З 1935 нач. упраўлення разведкі і контрразведкі (абвера) пры ваен. мін-ве, а з 1938 пры вярх. камандаванні ўзбр. сіл. Ведамства К. сапернічала са службай бяспекі (СД) СС на чале з Р.Гайдрыхам. потым Э.​Кальтэнбрунерам. Арганізатар міжнар. ваен. правакацый і дыверсій пры захопе Аўстрыі (1938), Чэхаславакіі (1939), нападзе на Польшчу (1939) і інш.; ствараў шпіёнска-дыверсійныя сеткі ў краінах Еўропы, Азіі, Афрыкі і Амерыкі. Засумняваўшыся ў перамозе фаш. Германіі ў 2-й сусв. вайне, у снеж. 1940 перасцерагаў ісп. дыктатара Ф.​Франка ад уступлення Іспаніі ў вайну на баку Германіі. З лют. 1944 у адстаўцы. За ўдзел у змове генералаў супраць А.​Гітлера (20.7.1944) арыштаваны і пакараны смерцю.

Літ.:

Сергеев Ф. Тайные операции нацистской разведки, 1933—1945. М., 1991.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 7, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)