ДЗЯЛЕ́НДЗІК (Анатоль Андрэевіч) (н. 4.3.1934, в. Кулакі Салігорскага р-на Мінскай вобл.),
бел.драматург. Скончыў Мінскі мед.ін-т (1957), Літ.ін-т імя М.Горкага (1969). У 1943 разведчык у партыз. атрадзе. Працаваў урачом-псіхіятрам. У 1968—80 на кінастудыі «Беларусьфільм». Друкуецца з 1955. Першы зб. гумару і сатыры «Пагібель «Тытаніка» (1963). Аўтар драм «Выклік багам» (паст. 1965), «Грэшная любоў» (паст. 1967), «Начное дзяжурства» (паст. 1970), «Гаспадар» (паст. 1984), камедый «Абы ціха» (1964), «Амазонкі» (паст. 1972), «Аперацыя «Мнагажэнец» (паст. 1974), «Гіпапатам» (1981), «Аўкцыён» (паст. 1988), «Дурнічка» (паст. 1996), «Султан Брунея» (паст. 1997), «Заморскі жаніх» (паст. 1998), шэрагу аднаактовых п’ес. Напісаў сцэнарыі тэлефільмаў «Спазнай сябе» (1972), «Блакітны карбункул» (1979), маст. фільмаў «Заўтра будзе позна» (з М.Крно, 1973), «Нязручны чалавек» (1985), «Ваўкі ў зоне» (1990), радыёп’ес. Асн. тэмы твораў Дз. — маральна-этычныя праблемы, сям’я, дачыненні асобы і калектыву, складанасць чалавечых характараў. Для іх характэрны сцэнічнасць, эмацыянальная і псіхал. напружанасць дзеі, вастрыня драм. калізій.
Тв.:
Аперацыя «Мнагажэнец». Мн., 1981;
П’есы. Мн., 1985;
Дамы покупают кавалеров. Мн., 1998;
Грешница. Мн., 1998.
Літ.:
Орлова Т. Ты и я. Мн., 1969. С. 174—193;
Беларуская драматургія, 1966—1986: Бібліягр.давед.Мн., 1993. С. 97—103.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІХЕ́ЙСТВА,
рэлігійнае вучэнне, якое ўзнікла ў 3 ст. на Б. Усходзе. Заснавальнік Мані (каля 216—277). Мела шмат прыхільнікаў на тэр. ад Кітая да Італіі. Аснова М. — сінтэз халдзейска-вавілонскіх, персідскіх (парсізм, зараастрызм, маздаізм) ідэй з хрысціянствам. Звычайна М. звязваюць з гнастыцызмам, ад якога яно ўзяло канцэпцыю дуалізму душы і цела, святла і цемры, дабра і зла. Паводле вучэння М., у сусвеце суіснуюць царствы святла і цемры, духоўны і матэрыяльны пачаткі. У царстве святла, заснаваным на прынцыпе дабра, пануе Бог з анёламі, а ў царстве цемры, прасякнутым злом, — д’ябал з дэманамі. Барацьба Бога з д’яблам заканчваецца глабальнай катастрофай у выглядзе пажару, які спапяляе ўсё цялеснае і выслабаняе дух. Зямны чалавек, паводле М., створаны д’яблам, але можа зменшыць уплыў зла, калі будзе спрыяць светламу, Боскаму пачатку. Ён павінен клапаціцца аб чысціні душы і цела, засвойваць вучэнне М., якое Бог дае людзям праз свайго сына Ісуса. Але гал. пасланнікам свету з’яўляецца сам Мані. У 8—9 ст. М. праследавалася прыхільнікамі ісламу, у далейшым спыніла існаванне як рэлігія і ў Еўропе, і ў Азіі. Хрысціянства лічыла М. ерассю, якая дала пачатак такім рухам, як паўлікіяне, багамілы, катары і альбігойцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР «ШКО́ЛА СУЧА́СНАЙ П’Е́СЫ».
Засн. ў 1989. Стваральнікі: І.Райхельгаўз, М.Дружыніна, Л.Палішчук і А.Філозаў і інш. Ставіць п’есы пераважна сучасных аўтараў, спалучае ў спектаклях розныя тэатр. жанры і формы — ад традыцыйнага псіхал.т-ра да балета, оперы і клаунады. Сярод пастановак: «Прыйшоў мужчына да жанчыны» (1989), «Усё будзе добра, як вы хацелі» (1993) і «Сыходзіў стары ад старой» (1995) С.Злотнікава, «А чаго гэта ты ў фраку?» С.Нікіціна (паводле «Прапановы» А.Чэхава, 1992), «Крэслы» Э.Іанескі, «Без люстэркаў» М.Клімантовіча (абодва 1994), «Місіс Леў» С.Какоўкіна, «Антыгона ў Нью-Йорку» Я.Главацкага (абодва 1995), «З прывітаннем, Дон Кіхот!» (паводле М.Сервантэса, Л.Мінкуса, 1997), «Чайка» А.Чэхава, «Каханне Карлаўны» В.Мухінай, «Нічога асаблівага» В.Ветхава (усе 1998), «Нататкі рускага падарожніка» Я.Грышкаўца (1999) і інш.Маст. кіраўнік тэатра Райхельгаўз, гал. мастак Б.Лысікаў. У розныя гады ў трупе працавалі: Т.Васільева, М.Глузскі, У.Качан, Палішчук, У.Сцяклоў, Філозаў і інш. У спектаклях таксама прымалі ўдзел І.Алфёрава, В.Астравумава, Э.Вітарган, Л.Гурчанка, Я.Дваржэцкі, Л.Дураў, М.Міронава, В.Нявінны, А.Пятрэнка, Н.Ценякова, С.Юрскі, В.Якаўлева, М.Яфрэмаў і інш.
Існаваў у 1938—41, 1944—45 у г. Мазыр Гомельскай вобл. Створаны на базе Мазырскага калг.-саўгаснага т-ра. У 1941 прысвоена імя Я.Купалы. Маст. кіраўнікі: В.Пацехін (1938—41), М.Кавязін (1944—45). Спектаклі ставілі таксама рэжысёры Л.Рахленка, Б.Паскевіч, афармляў А.Марыкс. У 1939 гастраляваў у Зах. Беларусі, у г. Бранск (Расія) і інш. Спектаклі ішлі на бел. мове. Сярод пастановак: «Прымакі» Я.Купалы, «Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка, «Партызаны» і «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, «Заложнікі» А.Кучара, «Ваўкі і авечкі» і «Без віны вінаватыя» А.Астроўскага, «Любоў Яравая» К.Транёва, «Мяцеж» Дз.Фурманава і С.Паліванава, «Рускія людзі» і «Так і будзе!» К.Сіманава, «Самадуры» К.Гальдоні, «Каварства і каханне» Ф.Шылера. У розны час у тэатры працавалі акцёры С.Бульчык, Ю.Гальперына, Л.Гамуліна, А.Гваздзёў, А.Даніловіч, Л.Даноўская, М.Захарэвіч, А.Кашына, Г.Лаўроў, П.Масцераў, В.Окалаў, У.Палцеўскі, А.Ротар, Ю.Сурыкаў, Л.Цімафеева, М.Цурбакоў, С.Яворскі, А.Яфрэменка і інш., мастакі В.Акулаў, П.Балабін. У 1946 рэарганізаваны ў Пінскі абласны драматычны тэатр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТАШУ́К (Міхаіл Мікалаевіч) (н. 28.1.1943, в. Федзюкі Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1982). Нар.арт. Беларусі (1990). Скончыў Маскоўскае тэатр. вучылішча імя Б.Шчукіна (1967), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы Дзярж. кіно СССР (1972, майстэрня Г.Данеліі). У 1967—70 працаваў рэжысёрам у т-рах Масквы і Казані. З 1974 на кінастудыі «Беларусьфільм». Першыя фільмы «Пра Віцю, пра Машу і марскую пяхоту» (1973; Гран-пры Міжнар. кінафестывалю ў Іспаніі), «Лясныя арэлі» (1975) адзначаны лірычнасцю вобраза дзяцінства. Зняў шэраг кінафільмаў паводле твораў бел. пісьменнікаў: «Вазьму твой боль» (паводле І.Шамякіна, 1982), «Чорны замак Альшанскі» (2 серыі, паводле У.Караткевіча, 1983), «Знак бяды» (паводле В.Быкава, 1986; Гран-пры Міжнар. кінафестывалю ў Югаславіі). Фарміраванне і выяўленне ў складаных жыццёвых і паліт. умовах тыпаў чалавечага характару адлюстраваны ў гіст.-псіхал. стужках «Наш браняпоезд» (1988), «Кааператыў «Палітбюро», або Будзе доўгім развітанне» (1992; Гран-пры Міжнар. кінафестывалю ў Стакгольме, 1993; прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах, 1995). Сярод інш. фільмаў: «Нас выбраў час» (тэлевізійны, 5 серый, 1978), «Гульня ўяўленняў» (1995), фільм-спектакль Мінскага т-ра «Вольная сцэна» «Макбет» (1997), «У жніўні 1944» (2000). Дзярж. прэмія Беларусі 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́НСу паэзіі,
невялікі напеўны верш лірычнага характару, пераважна пра каханне.
У сярэдневяковай Іспаніі Р. называлі быт. песні на нар. (ісп.) мове (у адрозненне ад царкоўных песень на лац. мове). У 16 ст. ў франц. паэзіі Р. называлі лірычную песню пра каханне. У такім значэнні тэрмін ужываўся і ва ўсх.-слав., у т. л.бел. л-рах. У зах.-еўрап. паэзіі былі папулярныя рамансы Ш.Мільвуа, Э.Парні. «Рамансы без слоў» назваў свой зб. П.Верлен. Падзагаловак «Р.» ёсць у вершах В.Жукоўскага «Жаданне», А.Пушкіна «Пад вечар, восенню пахмурнай» і інш.
У бел. л-ры вершы рамансавага тыпу сустракаюцца ў Я.Баршчэўскага («Дзеванька»), Я.Лучыны (Р. з паэмы «Гануся»), В.Дуніна-Марцінкевіча (два Р. з камедыі «Пінская шляхта») і інш. Часам паэты пісалі Р. у разліку, што ён будзе пакладзены на музыку: «Раманс» («Зорка Венера ўзышла над Зямлёю») М.Багдановіча, «Раманс» Ю.Гаўрука. У сучаснай бел. паэзіі тэматычныя і жанравыя межы Р. пашырыліся, узніклі сатыр. і гумарыстычны Р. («Раманс» і «Выхаваўчы раманс» М.Танка).
Літ.:
Васина-Гроссман В.А. Музыка и поэтическое слово. Ч. 1—3. М., 1972—78;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАЛІСТЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ПРА́ВА,
адзін з кірункаў правазнаўства ў ЗША у 1920-я г. Прадстаўнікі школы Дж.Грэй, О.Холмс, Д.Франк, К.Левелін, Е.Патэрсан і інш., канстатуючы кансерватызм, нягнуткасць, звернуты ў мінулае традыцыйнай прававой сістэмы ЗША, патрабавалі яе мадыфікацыі і прыйшлі да адмаўлення прынцыпу стабільнасці права і падпарадкоўвання суддзі закону. З пункту гледжання Р.ш.п. норма права — гэта ўсяго толькі думка заканадаўца аб праве, якую суддзя можа прыняць або не прыняць пад ўвагу. На думку «рэалістаў» усякая прававая норма, выказаная ў законе ці ў прэцэдэнце, непазбежна ператвараецца ў нешта застылае і адсталае ад жыцця. Таму права павінна змяняцца бесперапынна, што магчыма толькі ў тым выпадку, калі праватворчай сілай будзесуд. У адказе на пытанне, чым кіруецца суд пры вынясенні рашэння, прыхільнікі гэтай плыні падзяляліся на 2 групы: адна з іх схілялася да біхевіярызму (уздзеянне знешніх фактараў на паводзіны суддзі), другая — да фрэйдызму (пошукі ўздзеяння фактараў у глыбіннай псіхалогіі). У абодвух выпадках асновай паводзін суддзі і створанага ім права выступалі выключна псіхал. фактары. Такім чынам Р.ш.п. прыйшла да вульгарнага разумення права, а яе нігілістычнае стаўленне да стабільных норм права і патрабаванне неабмежаванай свабоды суд. меркавання па сутнасці зводзілі на нішто прынцып законнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ле́таваць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак.
Разм. Жыць дзе‑н. летам, заставацца дзе‑н. на лета. У карэннях травы .. летавалі мурашкі.Чорны.Мы ўжо так і думалі, што бабуля з намі не толькі перазімуе, але і будзе летаваць.Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзічэ́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Пераходзіць у дзікі стан, рабіцца дзікім (у 1 знач.). [Бык] стаяў адзін у пустой аборы і дзічэў.Паўлаў.
2. Станавіцца нелюдзімым, дзіклівым. — Не будзе гэтага, мы не хочам дзічэць у хутарской адзіноце.Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нямко́, ‑а, м.
Разм. Тое, што і нямы (у 1 знач.). Маці мяне папярэдзіла, што дзядзька Піліп будзе ў нас жыць і што ён — нямко. — Як нямко? — доўга не разумеў я. — Не чуе нічога і не гаворыць.Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)