размяшчэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. размяшчаць — размясціць і стан паводле знач. дзеясл. размяшчацца — размясціцца.
2. Спец. Месца, якое займае пэўнае вайсковае злучэнне. Брыгада прарвала варожую абарону, глыбока ўклінілася ў размяшчэнне немцаў. Мележ.
3. Парадак, сістэма месцазнаходжання каго‑, чаго‑н. Размяшчэнне атамаў у малекулах. □ Разам з настаўнікамі аглядаем старэнькі школьны будынак, сцены якога нямала пабачылі на сваім вяку. Тут захавалася ранейшае размяшчэнне: доўгі калідор, паабапал якога два пакоі. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ро́сквіт, ‑у, М ‑віце, м.
1. З’яўленне кветак на раслінах; цвіценне. Росквіт ніў святкуе лета, Час жніва не за гарой. Па астачу мёду ў кветках Прыляцеў пчаліны рой. А. Александровіч. Было іх жыццё, як росквіт каліны, як быць маладосць толькі можа адна. Машара.
2. перан. Найвышэйшая ступень развіцця, уздыму чаго‑н., лепшая пара ў развіцці каго‑, чаго‑н. Росквіт эканомікі краіны. Росквіт таленту. □ Росквіт беларускай мастацкай прозы пачаўся ў савецкі час. Пшыркоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узбуджэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. узбуджаць — узбудзіць (у 2–4 знач.).
2. Стан актыўнай, напружанай нервовай дзейнасці; хваляванне. Першае нервовае ўзбуджэнне прайшло, але мае сябры паводзяць сябе трывожна. С. Александровіч. Турсевіч прыйшоў у рух і ўзбуджэнне, трос сябра за плечы,.. смяяўся. Колас. — Ага, папаўся! — пераможна махаючы рукамі ад узбуджэння, крычаў пажылы чалавек. Карпюк.
3. Спец. Рэакцыя клеткі, яе частак, тканкі, органа ў адказ на раздражненне з вонкавага ці ўнутранага асяроддзя.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
успаро́цца, успаруся, успорашся, успорацца; зак.
Разм.
1. Нечакана наткнуцца на каго‑, што‑н. Седзячы за рулём, .. [Каваль] мала аглядаўся па баках, быў заняты дарогай, увага канцэнтравалася на тым, каб не ўспароцца на стрэчныя машыны. Савіцкі.
2. Рана ўстаць, прачнуцца. — От жа ранняя птушка... — паківала галавою маці. — Спаць ды спаць бы яшчэ, а ён успорацца ні свет ні зара. С. Александровіч. Панця ўспароўся недзе каля першых пеўняў, пакрактаў, пастагнаў на ложку і пачаў марудна, нехаця збірацца... Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хо́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
Разм.
1. Паездка або паход для дастаўкі чаго‑н. Віхлястая дарога ляжала перад Раяй, дарога, па якой яна мусіла рабіць сваю, як казалі партызаны, першую ходку. Новікаў. [Дзядзька:] — Я і кажу Пятру: «На другую ходку шукай сабе, браце, другога напарніка...» С. Александровіч.
2. Порцыя, колькасць чаго‑н. [Ячны] ведае, калі будзе гатова першая ходка саману, і ён не спозніцца прыехаць паказаць нам кладку сцен. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цэ́нзар, ‑а, м.
1. У старажытным Рыме — службовая асоба, якая ведала цэнзам (у 1 знач.), сачыла за паступленнем падаткаў, ажыццяўляла нагляд за норавамі і пад.
2. Службовая асоба, якая ажыццяўляе цэнзуру (у 2 знач.). — Калі праз дзве гадзіны цэнзар не прыйдзе канфіскоўваць кнігу, значыць яе можна пускаць у людзі. С. Александровіч. Рэвалюцыйная дзейнасць Міцкевіча ў 1848–1849 гадах абвастрыла пільнасць царскіх цэнзараў. Лойка. // Уст. У бурсе — вучань, абавязаны сачыць за паводзінамі класа.
[Ад лац. censor.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чу́шка 1, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
Разм. Свіння. — На плоў толькі барашак падыходзіць, — тлумачыў, седзячы на акне, худы чарнявы палонны. — Свініна? Чушка? Не-э-эт! — закапыліў ён нос і махнуў рукою: — Не-эт! О, у нашым Андзіжане робяць плоў! С. Александровіч. Сыч задумаў нейкі свінарнік на тысячу галоў чушак з механізаванай кармакухняй. Паслядовіч.
чу́шка 2, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
Злітак металу ў форме бруска.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адкало́ць, ‑калю, ‑колеш, ‑коле; зак., каго-што.
1. Колючы, аддзяліць; адламаць, адшчапаць. Хвалі крыгу адкалолі, Вір пад крыгай забурліў. Лодку ўзяць Сымон не здолеў, Так на крызе і паплыў. А. Александровіч. [Максім] секануў другі раз на вяршок вышэй і адкалоў тоўстую трэску. Шамякін.
2. перан. Разлучыць з кім‑н., аддзяліць ад каго‑, чаго‑н.
3. Разм. Зрабіць, сказаць што‑н. нечаканае, недарэчнае. Адкалоць штуку. □ Пры сустрэчы з Шаманскім Якуб Малашчыцкі адкалоў той жа завучаны рэверанс са словамі: «Ваша чэсць». Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ве́зці, вязу, вязеш, вязе; вязём, везяце; пр. вёз, везла і вязла; заг. вязі; незак., каго-што.
1. Перамяшчаць каго‑, што‑н. пры дапамозе транспартных сродкаў. Вязуць бярвенні гонкія У вёску вазакі. Бядуля. // Перапраўляць каго‑н. куды‑н. сілай. Калі [Віцю] везлі.. з турмы ў Нямеччыну, хлопец прарэзаў сценку.. у вагоне і зноў вярнуўся ў атрад. Брыль.
2. безас.; перан. Тое, што і шанцаваць. Не вязе, падумаў я, І за што гарую? Доля горкая мая — Халастым памру я. А. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абра́з 1, ‑а, м.
Малюнак бога або святога ў выглядзе партрэта як прадмет рэлігійнага пакланення. Старая паляшучка, знахарка Мар’я, набожна перахрысцілася, падняўшы вочы на абраз. Колас. Дзеці баяліся бога, што сярдзіта пазіраў з абразоў на покуці. С. Александровіч.
абра́з 2, ‑а, м.
Тое, што і вобраз (у 1 знач.). Скарылася стыхія, Змяніла свой абраз. Колас. Лапці ды сярмягі — як абраз не боскі: Гэта нашы людзі, Людзі нашай вёскі. Купала. Абразы змагання за волю прыгнечаных праходзяць кінастужкай перад Міхалкам. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)