ДЫСАЦЫЯ́ЦЫЯ (ад лац. dissociatio раз’яднанне, раздзяленне),
распад малекул і крышталёў на некалькі больш простых малекул, атамаў, радыкалаў ці іонаў. У залежнасці ад характару ўздзеяння, што выклікае Д., адрозніваюць электралітычную дысацыяцыю, тэрмічную і фотадысацыяцыю (Д. пад уздзеяннем іанізавальнага выпрамянення). Колькасная характарыстыка Д. — ступень дысацыяцыі, роўная адносінам колькасці малекул, што распаліся, да агульнай колькасці малекул у сістэме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЛЬНЫ МЕ́ТАД ВЫМЯРЭ́ННЯЎ,
метад вымярэнняў, пры якім вызначаюць рознасць паміж велічынёй, што вымяраецца, і вядомай фіз. велічынёй, якая ўзнаўляецца з дапамогай меры. Выкарыстоўваецца пры праверцы сродкаў вымярэнняў, выпрабаванні матэрыялаў і вырабаў (параўнанне іх з узорнымі). Д.м.в. ператвараецца ў нулявы метад вымярэнняў, калі рознасць паміж велічынёй, што вымяраецца, і вядомай даводзяць да нуля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЗАВУІ́РАВАННЕ (ад франц. désavouer адмаўляцца, выказваць неадабрэнне),
заява пра нязгоду з дзеяннямі сваёй даверанай асобы ці аб тым, што дадзеная асоба не ўпаўнаважана дзейнічаць ад імя заяўніка. У міжнар. праве — заява кіраўніка дзяржавы ці ўрада аб тым, штодыпламат. прадстаўнік або інш.афіц. асоба дзейнічала без адпаведнага даручэння ці з перавышэннем паўнамоцтваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМАЛАГІ́ЧНАЕ РАСШЫРЭ́ННЕСусвету,
нестацыянарнасць Сусвету, якая выяўляецца ў яго расшырэнні. Характарызуецца тым, што адлегласць паміж кожнымі двума яго пунктамі (скопішчамі Галактык) павялічваецца паводле пэўнага закону. Прыводзіць да эфекту «разбягання» галактык са скарасцямі, якія павялічваюцца з павелічэннем адлегласцей да галактык, што ўстаноўлена па наяўнасці чырвонага зрушэння ліній у іх спектрах (гл.Хабла пастаянная).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЙ,
у старажытнакітайскай міфалогіі пачвара ў выглядзе аднаногага бязрогага попельна-сіняга быка, які мог хадзіць па паверхні мора, выклікаць моцны вецер і лівень. У некаторых помніках К. — аднаногі дракон або дух дрэў і камянёў, што жыве ў гарах. Пазней вобраз пачвары К. злучаны з Куем, што загадваў музыкай пры міфічным правіцелі Шуні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЕКУЛЯ́РНАЯ О́ПТЫКА,
раздзел фіз. оптыкі, у якім аптычныя працэсы, што адбываюцца ў розных асяроддзях, вывучаюцца на аснове ўліку дыскрэтнай (атамнай і малекулярнай) будовы рэчыва. Устанаўлівае сувязь паміж характарам асобных актаў узаемадзеяння светлавой хвалі з часціцамі рэчыва і макраскапічнымі параметрамі (напр., паказчыкам пераламлення) асяроддзя, што дае магчымасць растлумачыць законы распаўсюджвання, пераламлення, адбіцця і рассеяння святла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОДРСК, Одръск,
горад, які ўпамінаецца ў «Павучанні» Уладзіміра Манамаха ў сувязі з яго паходам на Полацк у 1078. З.Я.Даленга-Хадакоўскі выказаў меркаванне, што О. знаходзіўся на р. Адроў (правы прыток р. Дняпро), на Аршаншчыне, але гэта не пацверджана раскопкамі. Рас. гісторык М.М.Карамзін лічыў, што ў крыніцы памылкова напісана Одръск замест Дръютеск (Друцк).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЭ́РЫІ (грэч. artēria),
крывяносныя сасуды, па якіх кроў рухаецца ад сэрца ва ўсе органы і часткі цела. Да артэрый належыць аорта і ўсе яе разгалінаванні, у т. л. самыя дробныя — артэрыёлы. Артэрыі нясуць кроў, багатую кіслародам (толькі лёгачныя накіроўваюць вянозную кроў ад сэрца ў лёгкія).
Сценкі артэрый маюць 3 абалонкі. Вонкавая злучальнатканкавая абалонка надае артэрыям трываласць і эластычнасць, што дае магчымасць ім вытрымліваць унутраны ціск, расшырацца і звужацца; багатая сасудамі і нервамі. Сярэдняя абалонка складаецца з эластычных валокнаў і гладкіх мышачных клетак, скарачэнне або расслабленне якіх рэгулюе дыяметр прасвету артэрый і, адпаведна, колькасць крыві, што падаецца да органа. Унутраная абалонка ўтворана эндатэліем і злучальнай тканкай, мае ўнутраную эластычную мембрану, што робіць сценкі больш трывалымі. Асобныя ствалы адной або некалькіх суседніх артэрый часта злучаюцца паміж сабой і ўтвараюць анастамозы (больш дробныя артэрыі). Артэрыі, што не маюць анастамозаў, наз. канцавымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯТА́ЛЬНЫ АПАРА́Т,
агульная назва машын, тэхнічных канструкцый, прылад для палёту ў атмасферы або ў касм. прасторы.
Адрозніваюць 2 асн. групы Л.а.: лягчэйшыя за паветра і цяжэйшыя за яго. Дзеянне Л.а. 1-й групы (аэрастаты) заснавана на выкарыстанні аэрастатычнай падымальнай сілы, што ствараецца ў выніку напаўнення спец. абалонкі газам, што лягчэйшы за паветра. Л.а. 2-й групы падзяляюцца на аэрадынамічныя (верталёты, вінтакрылы, дэльтапланы, планёры, самалёты, экранапланы), балістычныя (ракеты-носьбіты, касмічныя апараты). Аэрадынамічныя трымаюцца ў паветры ад дзеяння падымальнай аэрадынамічнай сілы, што ўзнікае на крылах або вінтах Л.а. Балістычныя Л.а. рухаюцца па балістычных траекторыях ад дзеяння рэакцыі масы газу, што выходзіць з сапла рэактыўнага рухавіка. Касм. апараты, прызначаныя для пасадкі на паверхню планеты, могуць рухацца ад дзеяння аэрадынамічнай сілы або рэактыўнага рухавіка. Л.а. 2-й групы шырока выкарыстоўваюцца ў многіх галінах нар. гаспадаркі, у навуцы, вайск. справе, спорце. Гл. таксама Авіяцыя, Касманаўтыка, Паветраплаванне.