нуль, ‑я, м.
1. Лічбавы знак «О», які абазначае адсутнасць велічыні (дабаўлены справа ад лічбы ўдзесяцярае яе).
2. Умоўная велічыня, ад якой пачынаецца вылічэнне падобных ёй велічынь (тэмпературы, часу і пад.). Сярэдняя тэмпература года ніжэй нуля.
3. перан. Пра што‑н. вельмі малое, нікчэмнае. Коска для .. [Мікалая] нічога не значыла — нуль, не больш. Якімовіч.
4. перан. Разм. Пра чалавека, які не мае ніякага значэння.
•••
Абсалютны нуль — тэмпература −273,16°C, пры якой спыняецца хаатычны цеплавы рух малекул у целе; самая нізкая магчымая тэмпература.
Звесці да нуля гл. звесці.
Нуль увагі — ніякай увагі.
[Ад лац. nullus — ніякі.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нюх, ‑у, м.
1. Здольнасць да ўспрыняцця і адрознівання пахаў (адно з пяці знешніх пачуццяў). [Конь] хутка ўзяў нюхам дарогу і, весела пырхаючы, пайшоў роўна. Якімовіч. І верне пара аж у столь І смачным пахам нюх ласкоча. Крапіва.
2. перан. Чуццё, кемлівасць. Міхалка не адзін раз выбягаў на гэтую вуліцу і нюхам вясковага чалавека ўгадваў, што недалёка тут павінна быць поле. Колас. [Камбат:] — Старшына Шаплыкаў наогул мае схільнасць да розных пошукаў. У яго нюх — будзь здароў. Васілёнак.
•••
Ні за нюх (панюх) табакі — ні за што, дарэмна (загінуць, прапасці і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няўмо́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, якога нельга ўпрасіць; непахісны. Атрахім прабаваў спрачацца, угаворваць старых. Але яны былі няўмольнымі. Навуменка. Ліза была няўмольная, яна патрабавала неадкладна даць згоду на развод. Гурскі. // Які выяўляе, выказвае непахіснасць, цвёрдасць. — Кладзіся! — зноў пачуўся той жа ціхі, але няўмольны голас. Пальчэўскі.
2. перан. Такі, што нельга парушыць; бясспрэчны. Няўмольная логіка. □ [Андрэй:] — На тваё месца мы назначым сюды другога чалавека. Такое наша няўмольнае рашэнне. Пестрак. // Няўхільны, немінучы; бязлітасны. Няўмольны ход часу паклаў свой выразны адбітак на будынкі. С. Александровіч. Няўмольная хвароба настойліва гнала паэта [Багдановіча] з роднай зямлі, на поўдзень. Майхровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падмацава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак., каго-што.
1. Умацаваць для трываласці. [Люба Лук’янская] наняла чалавека, і ён падмацаваў столь, яна выбеліла сцены. Чорны.
2. Падтрымаць, узмацніць чым‑н. Падмацаваць гаспадарку тэхнікай. // Даць паесці, выпіць чаго‑н.; падкарміць. Падмацаваць сябе малаком. □ Двое калгаснікаў, пастаўленых даглядаць рагатую жывёлу, бралі са склепа буракі, каб падмацаваць дойных кароў. Колас.
3. перан. Павысіць значнасць чаго‑н. якімі‑н. доказамі; пацвердзіць. Падмацаваць думку фактамі. □ — Праўда, сынок, праўда — вось гэта рацыя! — махаючы галавою, падмацавала Петрусёвы словы Стэпа. Гартны. [Сакратар абкома] з асаблівым націскам вымавіў апошнюю фразу, падмацаваўшы яе рэзкім жэстам. Сіўцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пахаладзе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Стаць халодным, халаднейшым. Прыкметна пахаладзела паветра, Гарачун ахвотна падстаўляў твар пад яго струмені. Васілёнак.
2. перан. Анямець (ад жаху, страху і пад.). Васіль ад неспадзеўкі аж пахаладзеў: больш за ўсё не хацеў, баяўся сустрэцца з Грыбком, і на табе — твар у твар! Мележ. Аксінні Хвядосаўне стала страшна, яна ажно пахаладзела ўся: якога чалавека яна трымала побач з сваёй адзінай дачкой. Шамякін. / у безас. ужыв. Косця адчуў, як пахаладзела ў грудзях. Адамчык. У мяне аж пахаладзела ўсярэдзіне: няўжо дзядзька Пракоп дайшоў да такога? Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
плоць, ‑і, ж.
1. Цела жывых істот, пераважна чалавека (як процілегласць псіхікі, духоўнага пачатку). — Пад гэтым імем жыве і нахабна дзейнічае звычайны чалавек са звычайнай плоццю і звычайнай чалавечай крывёй. Лынькоў. // Цела як крыніца адчування, пачуццёвасці.
2. перан. Кніжн. Матэрыяльнае ўвасабленне. Зусім заканамернай будзе размова аб пошуках новых рытмаў, інтанацый, рыфмаў, славесных форм, паколькі ўсё гэта, разам узятае, і складае плоць паэзіі, як «фактуру». Перкін.
•••
Плоць і кроў каго, чыя; плоць ад плоці (кроў ад крыві) чыёй — а) (уст. і кніжн.) роднае дзіця каго‑н.; б) (кніжн.) аб тым, што створана ўласнай працай і клопатамі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
праду́кт, ‑у, М ‑кце, м.
1. Тое, што атрымліваецца ў выніку працы чалавека. У гэтай будыніне хаваліся галоўныя калгасныя прадукты: зерне, бульба і гародніна. Колас. // Вынік якой‑н. дзейнасці, вынік чаго‑н. Матэрыялам літаратурнага вобраза з’яўляецца слова, г. зн. прадукт чалавечай гісторыі. У. Калеснік.
2. Рэч, атрыманая з чаго‑н. або патрэбная для атрымання чаго‑н. Прадукты хімічнай перапрацоўкі дрэва.
3. звычайна мн. (праду́кты, ‑аў). Харчовыя прыпасы. На партах у мяшках былі прадукты: мяса, кансервы, сухары. Шамякін.
•••
Сукупны грамадскі прадукт — усе матэрыяльныя даброты, створаныя грамадствам за пэўны перыяд (звычайна за год).
[Ад лац. productus.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыве́ціць, ‑вечу, ‑веціш, ‑веціць; зак., каго-што.
Уст. Разм. Прыязна, ласкава сустрэць каго‑н., аднесціся да каго‑н. Людзі тут сустрэнуць і прывецяць, Бо не горш, як іншыя, жывуць. Аўрамчык. Бабулька шчыра перажывае, што сама ў гасцях, што не можа прывеціць .. незнаёмага чалавека. Сіпакоў. Я кажу: «Ты даўно на прыкмеце, Мая хата багата і маці прывеціць». Панчанка. // Даць прытулак каму‑н. Не заходзячы ў хату, Ты ведаеш добра наперад, Як цябе тут прывецяць. Кляўко. Цётка Хіма, здаецца, не ведала, дзе пасадзіць Галю з Вадзімкам, што ім даць есці, чым іх прывеціць. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыда́так, ‑тка і ‑тку, м.
1. ‑тку. Тое, што з’яўляецца дадаткам да чаго‑н., што не мае самастойнага значэння. З адсталага аграрнага прыдатку імперыялістычных дзяржаў, з задворкаў Еўропы Латвія ператварылася ў высокаразвітую індустрыяльна-калгасную рэспубліку. «Звязда». // Тое, што дадаецца да чаго‑н., прыбаўляецца звыш чаго‑н. Бацькава тактыка была такая: выменьваць каня на горшага і атрымаць некалькі рублёў прыдатку. Бядуля.
2. ‑тка. Адростак, дадатковае ўтварэнне (у чалавека, жывёлы, раслін), якое страціла свае звычайныя функцыі. Мазгавы прыдатак. Рагавы прыдатак.
3. ‑тка. У сінтаксісе — азначэнне, выражанае назоўнікам, дапасаваным да азначаемага слова.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
псі́на, ‑ы, ж.
1. Пра сабаку, звычайна вялікага. Негрусь лічыў сваёй патрэбай заўсёды пабрахаць на .. [Лабановіча] і наогул быў смешнаю псінаю. Колас. // Пра пах сабакі, яго поўсці. Смярдзець псінай.
2. Груб. зневаж. Пра чалавека, які выклікае агіду, абурэнне. Мяне папярэдзілі ў Мінску, каб я асцерагалася і ненарокам каб не наступіла на лапу ці на хвост якой-небудзь псіне. Мядзёлка. Для прадажнай псіны кол з асіны. Прыказка. // звычайна з азначэннем. Разм. Ужываецца як лаянкавае слова. — А князеў хлеб дарэмна есці Не будзеш, псіна ты старая! — З апошніх слоў «Памдзея» лае. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)